Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Традыцыйныя заняткі

Цікавасць да традыцыйных заняткаў носіць зараз хутчэй практычны, чым асветніцкі характар. I зразумела, што вяртанне да архаічных прыёмаў земляробства, жывёлагадоўлі, некаторых рамёстваў ужо немагчыма. Але ў некаторых занятках чалавек дасягнуў парога, за якім ляжаць тэхналогіі, смяротна небяспечныя для навакольнага асяроддзя.

Пачнём з земляробства. Апісанне земляробчых прылад ёсць у адпаведных этнаграфічных выданнях. Але тут бытаваў невядомы тып сахі з доўгім дышлем, у якую ўпрагалі пару валоў. Прычым дышаль чапляўся шарнірна для таго, каб зручней было заносіць цяжкую саху, у якую запрэжаны непаваротлівыя валы, у наступную баразну. Дакладную канструкцыю сахі высветліць пакуль не удалося. Вядома толькі, што такая саха бытавала ў Краснавольскім рэгіёне.

У земляробчых работах селянін кіраваўся велізарным наборам усялякіх прыкмет, з якіх складалася даволі стройная і лагічная сістэма ведаў пра навакольнае асяроддзе і звязанае з ім земляробства. Шмат якія з іх былі звязаны з абрадамі і ўспрымаліся як лагічныя дзеянні. Па даўжыні травінкі сена, выцягнутай з-пад абруса каляднага ці шчадрэчнага стала, меркавалі аб ураджаі льну, па гушчыні куцці — аб ураджаі збожжавых, па інеі на дрэвах — аб ураджаі каліны і ягад у лесе (садоў было мала і на садавіну гэтая прыкмета была перанесена пазней), па зорках — аб раенні пчол і г.д. Селяніну вельмі неабходна было ведаць "доўгатэрміновы прагноз надвор'я"— якое будзе лета і якая выдасца зіма. Цікавымі былі гаданні на выснове становішча некаторых органаў жывёл, якіх забівалі да свят. Кабан, забіты восенню, дазваляў меркаваць пра зіму. Пры разборцы вантробаў патрэбна было звярнуць увагу на стан касы (селязёнкі). Калі канец яе, які бліжэй да галавы, таўсцейшы, чым астатняя частка, то маразы трэба чакаць у пачатку зімы, калі наадварот — то ў канцы, а калі пачатак і канец касы тонкія, а тоўсты толькі невялікі кавалак сярэдзіны, то мароз прыйдзе позна і пратрымаецца нядоўга. Такое гаданне, як кажуць старыя, добра праўдзіць, але патрэбна, каб кабан быў з гэтай мясцовасці, а прагноз па касе свінні не мае ніякага кошту. Ёсць і іншыя метады прагнозаў: па становішчы тлушчу, пячонкі, нырак і г.д. Доўгатэрміновы прагноз атрымліваюць па надвор'і ў пэўныя дні (звычайна — святы), па прылёту і адлёту птушак у вырай, па паводзінах звяроў, насякомых, па тым, як жаўцее і ападае лісце з дрэў. Зыходзячы з такіх доўгачасовых прагнозаў, якія здзіўляюць сваёй дакладнасцю, селянін і планаваў свае работы, часам на ўвесь год. Напрыклад, год абяцаў быць неспрыяльным на проса, то трэба было сеяць больш ячменю і г.д. Пра бульбу не гадалі. Вядома, найбольшым знаўцам быў старэйшы мужчына ў хаце, таму ён і прымаў рашэнні, што сеяць і калі, калі выкідаць з хлявоў гной і вазіць на поле, калі пачынаць іншыя работы. У жаночых справах такую ўладу мела старэйшая жанчына. Яна ведала, калі можна пачынаць жаць жыта, у якія тэрміны патрэбна ўкласціся, калі пачынаць ірваць лён, яго калаціць (абмалочваць), слаць, мачыць і г.д. Хаця існавала даволі трывалая іерархія ў сям'і, радзе, вёсцы, тым не менш патрыярхальныя адносіны на Палессі, мабыць, ніколі не набывалі такіх форм, як у рускіх, украінцаў або жыхароў паўночнага ўсходу Беларусі. Не было тут і "шляхетнай" патрыярхальнасці палякаў, якая была ўспрынята паўночна-заходнімі беларусамі і часткова літоўцамі. Патрыярхальны лад тут ніколі не выходзіў за рамкі мэтазгоднасці. Хутчэй гэта было добраахвотнае падпарадкаванне аўтарытэту старэйшага мужчыны, чым прымус. Больш таго — фактычным кіраўніком у сям'і часта быў не старэйшы мужчына, а часам і жанчына, і гэта не ўспрымалася так трагічна, як у іншых славянскіх народаў.

Земляробства не магло абысціся без жывёлагадоўлі. Бо жывёла — гэта не толькі малако, мяса, скуры, а яшчэ і цяглавая сіла, і крыніца ўгнаення, і грошы на падатак, і каб прыдбаць сёе-тое для гаспадаркі. Нягледзячы на тое, што зямлі к канцу XIX — пачатку XX ст. у розных гаспадароў было па-рознаму (па апытаннях аўтара, ад 5 га — у гаспадара з в. Засценак — да 50 — у гаспадара з в. Жалозы), трымалі амаль усе па пары коней, пары валоў, ад 4 да 15, а часам і больш кароў. Акрамя таго, трымалі авечак і свіней, птушку. Для жывёлы патрабавалася шмат сена, саломы, адходаў ад перапрацоўкі зерня. Свіней ніколі не кармілі мукой, хлебам ці зернем. Летам яны пасвіліся, а зімой асноўным кормам былі жалуды, якія нарыхтоўвалі ў вялікай колькасці. Пазней на корм жывёле сталі даваць бульбу, буракі і г. д.