Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

У старажытныя часы

Здавалася б, чым бліжэй да нашага часу адбыліся тыя або іншыя падзеі, тым болын павінна захавацца пра іх звестак. Але на самай справе сувязь не такая ўжо і непасрэдная. Археалогія, безумоўна, уносіць вялікі ўклад у аднаўленне мінуўшчыны, але яе дадзеныя павінны падмацоўвацца іншымі крыніцамі. Шмат аб чым могуць расказаць назвы вёсак, рэк і іншых прыродных аб'ектаў, якія вывучаюцца тапанімікай і гідранімікай: яны нярэдка дазваляюць вызначыць прыналежнасць у мінулым пэўнай тэрыторыі да таго ці іншага племені або народа. Этнічная гісторыя вывучаецца этнографамі праз народныя звычаі і традыцыі, праз фальклор. Бадай, галоўнымі з'яўляюцца пісьмовыя крыніцы, а ім не заўжды пашчасціла захавацца.

Адкрытасць тэрыторыі Беларусі і наяўнасць вялікіх рэк давалі магчымасць засяляць яе з розных напрамкаў. Асобныя групы прышэльцаў сяліліся на пэўных тэрыторыях і мелі свае этнічныя асаблівасці. Некаторыя даследчыкі (напрыклад, А. Шахматаў) лічылі, што ў басейне Прыпяці пасяліліся ўграфінскія плямёны, продкі сучасных заходніх фінаў. У канцы неаліту і пачатку бронзавага веку (III тыс. да н.э.) хваля індаеўрапейскіх плямёнаў з сярэдняга Прыдняпроўя засяліла тэрыторыю Беларусі. Гэта былі плямёны балтаў — продкаў сучасных літоўцаў і латышоў, якія пакінулі па ўсёй Беларусі свае назвы.

Пазней, на рубяжы VI — VII стст. н.э., пачаўся масавы прыход на Беларусь і ўкараненне тут славянскіх плямёнаў. Адначасова пачаўся працэс іх змяшання з балтамі. Доўгі час побач існавалі раёны з пераважнай колькасцю або славян, або балтаў. Нават значна пазней, як давёў гісторык М. Ермаловіч, летапісная Літва, якая дала назву Вялікаму княству Літоўскаму, знаходзілася пасярод славянскіх княстваў, а яе паўднёвая мяжа даходзіла да сучаснага Ляхавіцкага раёна.

З прышлых славянскіх плямёнаў у басейне Прыпяці, гэта значыць і на сучаснай Лунінеччыне, пасяліліся дрыгавічы. Назву іх летапісцы выводзілі ад слова "дрыгва". Сапраўды, Палессе — край балот. Але некаторыя часткі гэтага племені апынуліся на Балканах, дзе балот не было. I тым не менш захавалі тую ж назву. Хутчэй, слова "дрыгавічы" паходзіць ад славянскага імя Дрыгвіт, тым больш што ў некаторых крыніцах племя называецца "другувіты", "драгувіты" або "дрогувіты" (такім чынам, "дрыгва" тут ні пры чым).

Прыпяць стала галоўнай воднай артэрыяй у землях дрыгавічоў. Доўгі час гэта рака захоўвала сваё назначэнне і была вядома далёка за межамі Беларусі (падрабязней аб гэтым — у нарысе "Прыпяць"). Нездарма і развіццё дзяржаўнасці ў дрыгавічоў (выдзяленне князёў і г.д.) звязана з Прыпяццю, бо менавіта на ёй узніклі гарады Тураў (прыгадваецца ўпершыню ў 980 г. як горад паўміфічнага князя Тура) і Пінеск, або Пінск (вядомы з 1097 г.). Землі сучаснай Лунінеччыны ў X — XI стст. увайшлі ў склад Тураўскага княства, якое называюць яшчэ Турава-Пінскім.

Наўрад ці даведаемся аб канкрэтных праявах жыцця нашых землякоў у такія часы, бо звесткі пра іх калі і былі, то даўно згублены. Але агульныя працэсы, што адбываліся на гэтых землях, больш-менш вядомыя. М. Ермаловіч у кнізе "Старажытная Беларусь" зазначыў: " Менавіта заснаванне Турава і было выяўленнем пераўтварэння дрыгавіцкага княжання ў Тураўскае княства, якое ўжо з'яўлялася тэрытарыяльна-палітычнай адзінкай. Праўда, размешчанае ў непасрэднай блізкасці ад Кіева, яно доўгі час знаходзілася ў сферы яго палітычнага прыцягнення і таму не магло набыць той ролі, якую мела Полацкае княства. I ўсё ж, хоць тураўская гісторыя не была такой бліскучай, як полацкая, нельга прыменшваць яе значэнне. Губляючы свае землі на Дзвіне, па Бярэзіне і Друці (у выніку сутыкненняў з крывічамі і іншымі славянскімі плямёнамі), дрыгавічы пашыралі сваю тэрыторыю ў Пасожжы, Панямонні і Пабужжы, гэтым намнога павялічваючы абшар Беларусі. Менавіта дрыгавічы тварылі сваю гісторыю "без шуму і гвалту", і гэты іх почырк у пазнейшыя надзвычай цяжкія часы страты дзяржаўнасці быў засвоены ўсімі беларусамі. Калі ў Падзвінні склаўся як адзін з правобразаў беларуса — палачанін, то ў Папрыпяцці ў той жа якасці ўзрос паляшук, наш найболей чысты славянскі (г. зн. найболын свабодны ад балцкага ўплыву. — В.Ж.) тып".

Дрыгавічы ўвайшлі ў склад Кіеўскай Русі ў другой палове IX ст. (летапісы паведамляюць аб паходзе кіеўскіх князёў Аскольда і Дзіра на Полацк, а ваяваць палачан без папярэдняга далучэння дрыгавічоў Кіеў не мог). Тым не менш залежнасць ад Кіева яшчэ не была моцная і праяўлялася ў асноўным у выплаце дані. У ліку мясцовых князёў "Аповесць мінулых гадоў" пад 980 г. прыгадвае і Тура ў горадзе Тураве. Хутчэй за ўсё, прыкладна ў 991-992 гг. кіеўскі князь Уладзімір Чырвонае Сонейка накіраваў сюды малалетняга сына Святаполка і хрысціянскага епіскапа, якія зверглі Тура і пачалі хрышчэнне зямель Тураўскага княства. Такім чынам, хрышчэнне жыхароў сучаснай Лунінеччыны магло адбыцца недзе ў пачатку XI ст.

У артыкуле "Златавуст з Турава" Г. Марчук і М. Ткачоў зазначаюць: "Тураўскай епіскапіі статут нададзены быў князем Уладзімірам у 1005 г. "Третие богомолие епископию постави вь Туровь в лето 6513 и придать к ней городы погосты в послушание и священие благословение держати себе Туровской епархи: Пинск, Новгород, Городень, Берестье, Волковыск, Здитов, Дубровица, Высочко, Копысь, Ляхов (Лахву?!), Городок (Кожан?!) и поставити первого епископа Фому и придати села, винограды, земли бортные, волости со всеми придатками, Святому Спасу и Святой Богородице".

Пазней Святаполк, які ў час братазабойчых княжацкіх войн атрымаў мянушку "Акаянны", пры дапамозе цесця (польскага караля Баляслава) вёў барацьбу закіеўскі вялікакняжацкі "стол". Летапісы сведчаць, што ён збіраў пры гэтым ваяроў па ўсёй Тураўскай зямлі. Наўрад ці Лунінеччына, што практычна гранічыла з Тураўшчынай, пазбегла мабілізацыі. У тагачасных падзеях Тураў, які хоць і залежаў ад Кіева, але быў вельмі ізаляваны ад яго прыроднымі ўмовамі (балотамі), мог праводзіць больш-менш незалежную палітыку. Новы вялікі князь Яраслаў Мудры (1019 — 1054) перамог Святаполка і фактычна далучыў Тураўшчыну да Кіева, значна абмежаваўшы яе самастойнасць (замест князя тут стаў кіраваць намеснік). Праз Тураўшчыну ў сярэдзіне XI ст. Яраслаў зрабіў некалькі паходаў на яцвягаў, літоўцаў (нагадаем, што "Літва" жыла ў той час паміж Менскам і Навагарадком), на полькую Мазовію. Пры гэтым яго войскі не маглі абмінуць і нашы мясціны.

У кнізе "Старажытная Беларусь" М. Ермаловіч слушна заўважае: Нельга ў залежнасці ад таго, хто правіў Туравам — сам вялікі князь з Кіева ці яго які-небудзь нашчадак у Тураве, — лічыць гэта княства несамастойнай ці самастойнай палітычнай адзінкай. Незалежным палітычна яно не было як у першым, так і ў другім выпадках. Кіеў моцна трымаў тураўскую зямлю і як тэрыторыю, па якой ішла важная прыпяцкая водная магістраль, што звязвала Кіеў з Захадам, і як плацдарм барацьбы з Польшчай, Яцвяззю, Літвой і Полацкам... Аднак сказанае яшчэ не азначае, што Тураўшчына побач са сваёй палітычнай самастойнасцю траціла і сваю адасобленасць і самабытнасць. Ніколькі. Не гаворачы ўжо аб яе тэрытарыяльнай адметнасці як краю балот і лясоў, тураўшчына ўсё болей набывала і свой этнаграфічны твар, што было звязана з заканчэннем. працэсу зрашчэння славянскага і балцкага насельніцтва. Як пакажуць пазнейшьш падзеі ў Тураўшчыне, яна ніколькі не мірылася са сваім паднявольным становішчам і адчувала ўвесь цяжар кіеўскага ўлтадання".

Пасля смерці Яраслава Мудрага ў Тураўскім княстве княжыў яго сын Ізяслаў, а потым сын апошняга — Яраполк. Але ў гэты час тураўская зямля, у тым ліку і Лунінеччына, неаднойчы пераходзіла з рук у рукі, бо гэта быў час княжацкіх усобіц. Яраполка змяніў яго брат Святаполк, які быў і вялікім князем кіеўскім, але наведваў і гэтае сваё ўладанне. У пачатку ў першай палове XII ст. сучасная Лунінеччына апынулася якраз паміж двума цэнтрамі Палесся — Туравам і Пінскам. З поўначы захопніцкія намеры супраць надпрыпяцкіх земляў мела Менскае княства, але Кіеў здолеў абараніць свае ўладанні. Паралельна з удзелам тураўскай зямлі ва ўсобіцах у XII ст. сацыяльна-эканамічнае развіццё прывяло да паступовага драблення княства на асобныя ўдзелы. На самім жа Тураўскім пасадзе адбываецца сапраўдная княжацкая чахарда, асобныя часткі княства неаднойчы мяняюць гаспадароў. Усё гэта адмоўна адбівалася на становішчы насельніцтва, якое неаднойчы цярпела ад паходаў варожых дружын. У 1158 г. кіяўляне не здолелі зноў захапіць і скарыць княства — і праз 4 гады яно стала незалежным юрыдычна.

У новай ролі Тураўшчына не перастала ўдзельнічаць ва ўсобіцах. Летапісы неаднойчы паведамляюць пра паходы тураўскіх і пінскіх князёў. Паколькі да іх прыцягваліся досыць буйныя сілы, вельмі верагодны ўдзел у іх нашых землякоў.

Пінск, што абасобіўся ў 2-ой палове XII ст., паступова ўзвысіўся над марнеючым Туравам. Праўда, тураўскія ўдзелы мірна суіснавалі і пазбегнулі вялікай крыві, выступалі сумесна супраць знешніх ворагаў. Тую ж карціну назіраем і ў 1-ай палове XII ст., калі Пінскае княства было занята барацьбой супраць галіцкавалынскіх князёў. Пры гэтым яно актыўна выкарыстоўвала паўночнага суседа — Літву (праз тэрыторыю княства літоўцы ажыццяўлялі набегі на Валынь). У 1240-ыя гады на поўдзень ад Палесся прайшлі мангола-татары, але звестак пра іх знаходжанне на тэрыторыі Беларусі, з якімі былі бы згодныя ўсе гісторыкі, няма. Татары пачалі свае набегі сюды пазней, прычым нярэдка ў саюзе з галіцка-валынскімі князямі. Пінскія князі былі вымушаны ў залежнасці ад абставін падтрымліваць то галічан, то паўночных суседзяў — Новагародскае княства і Літву (апошнія сталі ядром новай дзяржавы — Вялікага княства Літоўскага).

Няма дакладных звестак, у склад якога менавіта княства ўваходзіла Лунінеччына напярэдадні ВКЛ — Пінскага, Гарадоцкага (Давыд-Гарадоцкага) ці Клецкага, асноўны абшар якога быў на поўнач ад яе.

Вадзім Жылко