А. К. Сержпутоўскі

Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Фалькларыст Сержпутоўскі

Беларускі этнограф і фалькларыст Аляксандр Казіміравіч Сержпутоўскі (1864 — 1940) нарадзіўся ў вёсцы Бялевічы Слуцкага раёна. Настаўнічаў на Мазыршчыне і Случчыне, працаваў на паштамце ў Пецярбургу. Пасля заканчэння ў 1904 г. Пецярбургскага археалагічнага інстытута — супрацоўнік этнаграфічнага аддзела Рускага музея. Аўтар прац "Очерки Белоруссии" (1907—1909), "Земледельческие орудия Белорусского Полесья" (1910), "Бортничество в Белоруссии" (1914). Выдаў зборнікі "Сказки и рассказы белорусов-полешуков" (1911), "Сказки и рассказы белорусов из Слуцкого уезда" (1926), "Суеверия и предрассудки белорусов-полешуков" (1930). Яшчэ шэраг рукапісаў не захаваўся.

У Санкт-Пецярбургскім этнаграфічным музеі знаходзяцца старажытныя фотаздымкі з вёскі Вялікія Чучавічы (копіі іх атрыманы і Лунінецкім раённым краязнаўчым музеем), якія былі зроблены А.К. Сержпутоўскім у 1910 г. Там жа даследчык запісаў ад мясцовага жыхара 4 казкі, адна з якіх друкуецца ніжэй.

Ганья

Бачыце, цепер у нас такая павадэнца, што, пакуль цягнетца веселье, малады й маладая трэйко кланяютца кожнаму, каго сустрэнуць. Маладые паклонятца, а стрэчны паблагаславиць их щасцем да доляю, трэйко пацалуетца з ими да тагды тольки йдзе далей. Дак от слухайце, раскажу вам, аткуль пашла тая павадэнца.

Колись от тут недалечко жыў адзин вельми багаты чалавек. Быў ён таки багаты, што й не знаў, колько ў его дабра. Але-ж праўду кажуць, што нема такого чалавека, каб ён спрэс быў щасливы. Бо кали батат, та хворы сам або жонка; а як багат и здароў, та дзецей нема, або е, да неудалыяе ци тихие. От гэ усе людзи маюць якое кольвек нещасце. На том и свет стаиць, бо чаго-ж бы й жыць, кали-б не было чаго хацець? Але Бог так даў, што чалавек заўжды мае нещасце й хочэ, каб яго не было. От затым и жыве ў бедзе да ўсе чакае лепшае жыдки. Гэ й той багаты чалавек много маў уселякаго дабра, але ў яго штось дзеци не гадавалиса. Нарэшце асталася адным-адна дачка, да и тая якаясь неўдалая. Ена ўжэ была ў лецях, а замуж нихто не берэ, бо бацько ўсе выбираў сабе багатаго да ўдалаго зяця. Але гдзе знайци такого малайца, каб ёй быў и багаты, й гожы. Як багаты, та рылаты, а як удалы да гожы на вид, та гол, як бич.

Паспела дзеўка, бы порхаўка, от, здаетца, чапни, дак и разсыплетца. Ведамо, пры багацю да ў раскошы дзеўка аж пукаетца — хочэ замуж, а малайца нема. Бо не очы-ж драць, кали не хочуць браць. Моо й затым абегаюць ее, што ена адна ў бацька. Бо людзи кажуць, што едыначка, та курва ци лайдачка. Дзеля таго дзела моо хто й пасватаваў-бы, але кожын думае, што багач зрэкузуе й не отдась дачки за беднаго. От гэ й аставалася дзеўка без спосабу. Моо-б ена гэ ў дзеўках асталаса й на ўсе жыце, але ось там недалечко жыў мельник. Не то, што-б вельми, але ат сабе трохи быў багат ён. Ведамо, мельник: ён заўжды не бедны, бо не мае лихою году: ци зраджай, ци не зраджай, а мельнику будзе. От у таго мельника быу дзецюк. Ужэ-б даўно яму пара было жанитца, але ён быу якісь неўдалы й доуга лічыўса усе ещэ падшпаркам. Але ось нарэшце ўздумаў мельник жаниць и сваго сына. Заслаў ён сватоў к дзеўцы таго багача нибыто знарок, аднож той згадзиўса атдаць сваю дачку за мельникаваго сына.

От давай мельник ладзиць веселье давай збираць дружыну да жаниць свайго дзецюка. Назбираласо на тое веселье людзей моо з паўсвету; бо кажуць жэ — гдзе чуюць, там и начуюць; гдзе е пачостка, там пеўне, ат гасцей нема атбою. Але не спадабаласо ни багачу, ни мельнику, што ў их так багацько гасцей, што вельми много йдзе ўселякае пачостки, й пачали уны гардзиць добрыми людзьми. От у багача да ў мельника та нема мёду саладзенькаго, та нема пива хмельненькаго, та нема туку, нема сала, та гарелки не стало. И начали госци гаманиць да скупых багатыроў гудзиць. Пачули тое багачы да й начали гасцей зневажаць да з гасподы выганяць. А тут на весельи быў якись падарожны. Нихто не ведаў, аткуль ён и яки ён чалавек. Тым часам то быў велики ведзьмар. Заеўса ён на багачоў да й абернуў усе веселье ў ваўкалакоў. От и стала с тае дружыны воўчая ганья; паперласа ена з вески перш на аселицу, а потым у хмызник да ў лес. С тае пары аж да тых час бегае ганья ваўкалакоў — гэто тое веселье. Убачылі тое людзи да й начали з таго часу ўсих шанаваць на весельи да частаваць та мёдам саладзеньким, та пивам хмельненьким. Пачали з тае пары маладые усим кланятца трэйко да земли, каб тые паблагаславили щасцем да долею да векам доугим.

Дак от аткуль у нас пашла гэстая павадэнца.

Пераказаў П. Грыцкевіч, в. Чучавічы
(Захоўваецца арфаграфія выдання, толькі "ъ" заменена на "е".)