Я. Ф. Карскі

Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Акадэмік Карскі

Яўхім Фёдаравіч Карскі (1861 – 1931) — ураджэнец Гродзеншчыны, заснавальнік беларускага мовазнаўства. Ім напісана звыш 700 работ па розных галінах навукі, з іх звыш 300 — прысвечана даследаванням славянскіх моў.

За высокі навуковы ўзровень работ па беларускай і рускай мовах, літаратуры, фалькларыстыцы, этнаграфіі Я.Ф. Карскі ў 1916 г. бьгў удастоены звання акадэміка Расійскай акадэміі навук у галіне рускай мовы і славеснасці, стаў першым і адзіным у дакастрычніцкі час акадэмікам-беларусам. На працягу двух дзесяцігоддзяў выходзіла яго трохтомная праца — манаграфія "Беларусы", якую лічаць галоўным вынікам дзейнасці Я.Ф. Карскага.

У якасці прафесара, выкладчыка Варшаўскага універсітэта Я.Ф. Карскі неаднаразова ўдзельнічаў у спецыяльных экспедыцыях на тэрыторыі Беларусію Іх мэтай было збіранне этнаграфічнага і фальклорнага матэрыялу, знаёмства з традыцыямі, абрадамі, песнямі, казкамі, але галоўнае — даследаванне і вывучэнне асаблівасцей дыялектаў беларускай мовы.

У 1903 г. з такой экспедыцыяй Я.Ф. Карскі прыехаў на Лунінеччыну.

У 1905 г. у Санкт-Пецярбургу выйшла невялікая кніжка пад назвай "Справаздачы аб паездцы ў Беларусь на працягу летніх месяцаў 1903 г. Я.Ф. Карскага, прафесара Імператарскага Варшаўскага універсітэта". У прадмове да працы аўтар піша:

"Па прапанове пана Старшыні ў аддзяленні Этнаграфічнага Імператарскага Рускага Геаграфічнага таварыства ў пачатку студзеня 1903 года мною зроблена паездка ў Паўночна-Заходні край на сродкі ў 500 рублёў, асігнаваныя на гэты праект былым у той час губернатарам Віленскім, Гродзенскім і Ковенскім генерал-губернатарам, генерал-лейтэнантам князем Святаполк-Мірскім". У час гэтай экспедыцыі Я.Ф. Карскі наведаў беларускія паселішчы на Браншчыне і Чарнігаўшчыне. Далей праз Дасір шлях яго прайшоў праз Брагін, Хойнікі, Мазыр, Петрыкаў і далей — на Лунінеччыну.

Вучоны выявіў, што ў Петрыкаве і Лахве (размешчаны даволі далёка адзін ад аднаго) ёсць агульнасць у мясцовых дыялектах: "У Петрыкаве на месцы старога "е" чуецца гук, набліжаны да "і", але ўсё ж не "і" — нае(і)ду сабе(і). Падобнае вымаўленне "е" даводзілася чуць і ў Лахве Мазырскага павета, або іншых, чыста беларускіх асаблівасцях — пае(і)хаў".

З Лахвы даследаванні працягнуліся ў Лунінцы і Луніне. Вучоны адзначыў, што ў гэтых мясцінах "мова наогул беларуская, аднак суседства маларосаў моцна прыкметна, больш маларасізмаў у мове мужчын, чым жанчын. Вось некалькі назіранняў з гэтай мясцовасці: захаці(е)ў, мі(е)сяц, баб за п'яць, скуль гэта вышло, так само, тамака, не разжыўся на грошы, ні(я)хай чорт заборэ... Прыкметна схільнасць да окання, вядома і цвёрдае "э" замест "е"... "і" замест "е", "ы" замест "о". Падобнае вымаўленне можна чуць толькі ад пабываўшых у маларосаў. У суседніх сёлах і вёсках вельмі шмат разнастайнасці ў мове. Вельмі змешаная мова пры станцыі Лунінец, часта нават не чутна дзекання..."

Разнастайнасць гаворак у Лунінцы і яго наваколлі ў той жа час можна легка растлумачыць, калі ўспомніць. што ў канцы XIX ст. у Лунінцы вялося вялікае чыгуначнае будаўніцтва, а яно суправаджалася вялікай колькасцю прыезджых, якія ўносілі гэтую разнастайнасць.

Цікавыя назіранні былі зроблены вучоным яшчэ ў адной вёсцы.

"В. Дзятлавічы Пінскага павета. Насельніцтва беларускае, хаця суседзі называюць дзятлаўцаў хахламі, ды і самі яны не лічаць сябе літвінамі, беларусаў іншых месцаў яны называюць "басякамі". У мове, як і ў жыхароў Лунінца, іншы раз сказваюцца малароскія асаблівасці. Між тым па-малароскі пачынаюць гаварыць бывалыя мужчыны, прычым часта абыякава дапускаюць асаблівасці той ці іншай мовы... Набліжаюць да малароскай разглядаемую гаворку і зрэдку сустракаемыя з'яўленні "ы" замест "о" — кынь, пыйдзе. Да малароскіх асаблівасцей належыць аднесці даволі рэдкае з'яўленне на месцы "е" — "і" — ідзі(е)д, хлі(е)ў, а ці я ві(е)даю. Ёсць рысы чыста беларускія — дзеканне і цэканне ў поўным ходзе..."

Я.Ф. Карскі прыводзіць даволі шмат характэрных для дзятлаўскай гаворкі слоў і выказаў — уосень, озьмі, малцы, зрожай, кудэю, тудэю, німа, увесь, хорошае лошадзе, цёнгла дошч ідэць, радзюшка, уй шчоб ёго, там на поле трохо выедом і г. д.

Яшчэ адна цікавая асаблівасць у Дзятлавічах, якую заўважыў вучоны: певень называецца — кабан, жывёла — тавар, гроб — дамавіна, ей-богу — босце".

Пасля наведвання Лунінеччыны Я.Ф. Карскі даследаваў далей Палессе. Па выніках экспедыцыі 1903 г., вучоны не толькі даў друкаваную справаздачу, але і склаў "Этнаграфічную карту беларускага племені", якая пазней увайшла ў першы том "Беларусаў".

Леў Коласаў