Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Філолаг Ціхановіч

"Першаадкрывальнікам "Беларускай граматыкі" святара Лунінскай Барысаглебскай царквы Платона Максімавіча Ціхановіча з'яўляецца Генадзь Аляксандравіч Каханоўскі. Звернемся да публікацыі гэтага даследчыка:

"Трымаю ў руках напісаную акуратным почыркам рукапісную працу, а больш дакладна — частку яе, пад назвай "Язык. Частка першая. Св. Платон Ціхановіч. М. Лунін. 31 студзеня 1875 года". Напісана работа на шаснаццаці старонках васьмі вялікафарматных аркушаў.

Аўтар добра ведаў свой час і ўлічваў хваравітую палітычную атмасферу ў Беларусі, калі нават мова народа была забаронена, таму ён пісаў "Беларускую граматыку" на дзвюх мовах: беларускай і рускай. Безумоўна, гэта частка з'яўляецца ўводзінамі да асноўнай часткі працы. Ужо ў самым пачатку яе Платон Ціхановіч (1838 — 1922 гг.) пераконвае чытача, што беларуская мова мае свае асаблівасці, яе не трэба блытаць з рускай..."

Далей Г.А. Каханоўскі паказвае асноўныя тэмы навуковага даследавання лунінскага святара-філолага і лінгвіста:

а) асаблівасці ў вымаўленні гукаў як зычных, так і галосных,
б) розныя параўнанні з рускай мовай,
в) адрозненні ў склонавых і дзеяслоўных формах,
г) асаблівасці ў родах назоўнікаў і асаблівасці ў сінтаксічным ладзе.

Платон Ціхановіч звяртаўся і да аналізу жывой гаворкі палешукоў, прыводзіў прыклады, даў іх у перакладзе на рускую мову. Чытаючы працы "ўсімі забытага філолага", яшчэ адзін раз пераконваешся, што мова народа бессмяротная. Фразеалагізмы, абароты гаворкі, якія прыкмеціў Ціхановіч і ўвёў у навуковае даследаванне, і сёння жывуць сярод лунінчан. Са стагоддзя ў стагоддзе, з пакалення ў пакаленне пераходзяць, напрыклад, фразеалагізмы, якія ўжываліся ў "Беларускай граматыцы": "От які камінок харошы... А колькі я табе вінават грошай?.. А гдзе наш кытко? Ондзе пыд лаўкаю сідзіць, а ты не бачыш... А куды гэтыя дровы нясеш? Ох, якое велькае барыло чалавек панёс..."

У кнізе "Адчыніся, таямніца часу" Г.А. Каханоўскі назваў і каваля з Луніна В.П. Карыца, мясцовага краязнаўца, які дапамог ва ўстанаўленні некаторых штрыхоў біяграфіі Ціхановіча. У канцы сваёй працы Каханоўскі напісаў: "Старажылы расказвалі, што Ціхановіч цікавіўся і беларускімі народнымі песнямі. Уважлівыя пошукі могуць прывесці да новых знаходак спадчыны Платона Ціхановіча..."

У 1985 г. лунінецкая раённая газета расказала аб пошуках Г.А. Каханоўскага. У пачатку ж наступнага прыйшоў ліст ад інваліда вайны Генадзя Аляксандравіча Пляшко: "У нас у Луніне ёсць сям'я, якая добра ведае Платона Максімавіча. У мяне па суседству жыве Сыціна Марыя Максімаўна, на другой вуліцы яшчэ жывая яе сястра Багданец Ганна Максімаўна, а таксама брат Аляксандр Максімавіч. Вось што яны мне паведамілі.

Сям'я іх жыла на Белым возеры, у тым ліку іх маці Ірына, набожная жанчына. Ім давялося пераехаць у Лунін і пасяліцца па суседству з Платонам Максімавічам. Жылі бедна. Хата Платона стаяла на рагу цяперашніх Савецкай і Сялянскай вуліц, супраць сённяшняга клуба, на царкоўнай зямлі. Атрымалася так, што цяпер на гэтай сядзібе жыве мая дачка. Платон Максімавіч жыў з жонкай. Дачка яго была замужам у Пагосце-Загарадскім за нейкім Сухадольскім, фельчарам ці ўрачом. Жонку Платона Максімавіча спасцігла няшчасце: звалілася з печы, доўгі час хварэла і памерла. Платон Максімавіч пасяліў да сябе ўнучку з сям'ёй. Жылі некаторы час разам, дзялілі шчасце і гора. Час быў паслярэвалюцыйны. Знаходзіліся людзі недарэчныя і часта крыўдзілі Платона Максімавіча. Таму ён вырашыў перайсці ў дом унучкі Марыі, які яна пабудавала ў канцы вёскі... Калі памёр Платон Максімавіч, унучка Марыя пешшу хадзіла ў Пагост паведаміць маці. Прыбыла дачка, і цела яго павезлі ў Пагост. Такім чынам, магілу трэба шукаць недзе ў Пагосце. Калі б яго пахавалі ў Луніне, дык і магіла была б ля царквы. Бацька мой працаваў пры Лунінскай царкве ў 1919 годзе, і Платона Максімавіча ў жывых не было. Яго месца заняў нейкі Ражановіч".

(Па кнізе М. Калінковіча "Лунінец".)

Апошнім часам выяўлены новыя архіўныя дакументы, у якіх упамінаецца імя Платона Ціхановіча.

Свяшчэннікам Лунінскай царквы ён стаў у 1861 г. пасля заканчэння поўнага курса Мінскай духоўнай семінарыі. Запісам, датаваным 1873 г., адзначана, што "священник вдов, не имеет детей, дом старый, усадьба удобная". Магчыма, маецца на ўвазе, што дачка Ціхановіча не пражывае разам з бацькам? Сустракаюцца яшчэ некалькі супярэчлівых дакументаў, якія няшмат тлумачаць пра лунінскі перыяд жыцця свяшчэнніка. Усё ж прывядзём іх.

У 1870 г. Платон Ціхановіч падае асабістую заяву з просьбай пакінуць службу ў Луніне. З чэрвеня ён "перемещен в Пинский Фёдоровский собор". Аб прычыне пераводу не паведамляецца, таксама як і аб прычыне і даце вяртання. Але ўжо ў 1873 г. у спісах членаў губернскага статыстычнага камітэта указаны і "священник Лунинской церкви Платон Циханович".

У студзені 1875 г. (а гэта час выхаду ў свет першай часткі яго вядомай "Граматыкі") Платон Ціхановіч "назначается законоучителем в местное народное училище с 13 января согласно ходатайству дирекции народных Училищ".

У снежні 1885 г. пры непасрэдным удзеле і настойлівасці лунінскага свяшчэнніка ў вёсцы Вулька 1, якая ўваходзіла ў Лунінскі прыход, зноў адкрываецца школа пісьменнасці, якая была па невядомых прычынах зачынена. Усе вучэбныя дапаможнікі для гэтай школы падрыхтаваў Ціхановіч. Відавочна, што ён актыўна садзейнічаў развіццю народнай асветы. Тым больш незразумела распараджэнне епархіяльнага начальства, датаванае 1887 г., дзе сярод іншых Платон Ціхановіч прылічваецца да "не позаботившихся об открытии в своих приходах вопреки распоряжению высшего начальства и воле монарха" царкоўнапрыходскіх школ, "поставляется на вид такое небрежное их отношение к своим обязанностям и вменяется им в непременную обязанность позаботиться об открытии в своих приходах церковноприходских школ".

У той жа час епіскап Мінскі і Бабруйскі Сімяон у 1890 г. узнагародзіў Платона Ціхановіча "за полезную и усердную службу" аксамітавай фіялетавай скуф'ёю.

Актыўна ўдзельнічаў лунінскі свяшчэннік і ў грамадскім жыцці. У 1882 г. пры яго падтрымцы насельніцтва прыхода арганізавала збор грашовых сродкаў на дапамогу пацярпеўшым ад неўраджаю 1891 г. у Расіі.

Леў Коласаў