Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Мастак Кулеша

"У 1824 г. лёс прывёў на Лунінеччыну мастака Міхала Кулешу. Чаму ён, вучань такіх папулярных у той час майстраў жывапісу, як Ян Рустам і Ян Дамель, прыехаў сюды? Вярнуўся на бацькаўшчыну (месца яго нараджэння не ўстаноўлена, а прозвішча яго і зараз сустракаецца ў гэтых краях)? Прыняў запрашэнне памешчыка Іераніма Друцкага-Любецкага? Нехта падказаў схавацца ў глыбінцы? I да гэтай пары застаецца загадкай.

Вядома, што М. Кулеша з адзнакай скончыў Віленскі універсітэт, атрымаўшы, акрамя таго, дыплом мастака. У Вільні ён далучыўся да прагрэсіўнай арганізацыі філаматаў і філарэтаў, якую ўзначальвалі Адам Міцкевіч, Ян Чачот і Тамаш Зан. Пасля яе разгрому М. Кулеша бадзяўся ў розных месцах і потым ужо апынуўся ў Луніне, працаваў настаўнікам графікі пры доме Друцкага-Любецкага.

Апальнаму мастаку падабаўся палескі краявід. Але асабліва — мясцовыя помнікі даўніны. Ён зрабіў замалёўкі Луніна і яго наваколля, а таксама Пінска, Дубоя, магчыма, і Лунінца. Ён шмат падарожнічаў па краі, цікавіўся мясцовымі легендамі, песнямі... Праз некалькі гадоў Кулеша развітаўся з Лунінам і выехаў у Літву, потым у Гродна і, нарэшце, у Беласток, дзе ў 1863 г. ва ўзросце 63 год памёр.

Вынікам працы мастака стаў так званы літаграфічны "Партфель Міхала Кулешы", дзе знаходзяцца цудоўныя малюнкі Царскага Сяла, Пецяргофа, Крыма, Гродна, Навагрудка, Пінска, Луніна, Міра, Супрасла, Беластока, Крэва, Валыні і многіх іншых месц. У 1852 г. "Партфель" быў у Парыжы. Аднак арыгіналаў работ захавалася мала. У Віленскім мастацкім музеі знаходзяцца 5 карцін: "Атаман", " Салдаты адпачываюць", "Гусар атакуе", "Двор памесця", "Авечка пасецца на гары".

(Па кнізе М. Калінковіча "Лунінец".)

Франц Савіч

Лунінеччыну неаднаразова наведваў беларускі рэвалюцыянер-дэмакрат, паэт і публіцыст Франц Андрэевіч Савіч (1815—1845).

Ён нарадзіўся ў в. Вяліцічы Пінскага павета Мінскай губерні ў сям'і уніяцкага свяшчэнніка. Пасля заканчэння Пінскага павятовага вучылішча вучыўся ў Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі, дзе арганізаваў нелегальнае рэвалюцыйнае "Дэмакратычнае таварыства". У 1837 г. наладзіў сувязь з Пінскай і Слуцкай ячэйкамі тайнага таварыства "Садружнасць польскага народа", якім кіраваў польскі рэвалюцыянер Ш. Канарскі. У 1838 г. арыштаваны ў Вільні, у наступным годзе высланы на Каўказ у салдаты. У 1842 г. уцёк з Кізляра, быў злоўлены, 2 гады прасядзеў у Ціраспальскай турме. Аддадзены паўторна на вайсковую службу ў Чарнігаў, зноў уцёк. Жыў пад імем доктара Гельгега ў мястэчку Янішпаль Жытомірскага павета на Украіне. Памёр у час эпідэміі халеры. Вядомы яго працы: "Прынцыпы дэмакратызму" (статут "Дэмакратычнага таварыства"), палітычны памфлет "Заўвагі пра маральную вайну народа з дэспатызмам", у Віленскай турме напісаў "Споведзь грэшніка, што каецца", вершы на беларускай мове, у тым ліку "Там, блізка Пінска". У 1876 г. апублікаваны яго мемуары.