Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Іх імёны звязаны з нашым краем

Гісторык Тацішчаў

Васіль Мікітавіч Тацішчаў (1686 — 1750) — аўтар пяцітомнай "Истории Российской", першага рускага энцыклапедычнага слоўніка "Лексикон", вучоны, дыпламат, асветнік, падарожнік, дзяржаўны дзеяч XVIII ст. Юнацтва яго супала з часам пятроўскіх рэформ — разам з братам Іванам Васіль быў залічаны радавым у Прэабражэнскі драгунскі полк. Удзельнічаў у шматлікіх бітвах Паўночнай вайны, адначасова займаўся вывучэннем тагачасных навук, спрабаваў пісаць сам. У 1705 г. ваенныя дарогі прывялі паручніка Тацішчава ў Полацк. У славутай бітве над Палтавай ён быў паранены. "У 1710 г. ізноў пралегла дарога Тацішчава ў Беларусь. З роднага сяльца Барэдкі, што на Пскоўшчыне, дзе ён папраўляў здароўе пасля ранення ў бітве над Палтавай, належала яму ехаць у Пінск за навабранцамі, як было аб гэтым дамоўлена паміж Пятром I і яго саюзнікам, польскім каралём Аўгустам ІІ. У няблізкі шлях Тацішчаў выбраўся са сваім адданым сябрам прыгонным Аляксандрам Васільевым.

У Лунінцы царскага пасланца сустрэлі слугі князя Друцкага-Любецкага і суправаджалі ў яго маёнтак Парахонск. Тацішчаў уручыў князю царскую грамату на бяспошлінны гандаль — узнагароду за ўдзел у бітве са шведамі на рацэ Лясной, і, адпачыўшы, узяўся паручнік за справу.

Застукалі сякеры на берагах рэчкі Бобрык — палескія майстры, сагнаныя з усёй акругі, будавалі судны для дастаўкі каманды навабранцаў водным шляхам у Кіеў. Распараджаўся работамі, іншы раз, скінуўшы мундзір і закасаўшы рукавы кашулі, браўся з веданнем справы за цяслярскія прылады сам Васіль Нікіціч. Колькі разоў адлучаўся ў Пінск — ездзіў верхам на нязменным Кубіку за трыццаць вёрст у старажытны палескі горад, дзе па яго распараджэнні адлівалі гарматы. Тут жа даводзілася яму і вучыць навабранцаў пешаму і коннаму строю, карыстацца зброяй.

Знаёмячыся з Палессем, наведаў паручнік блізкія вёскі Плешчыцы, Марозавічы, Лапаціна, Колбы. Асабліва зацікавілі госця Колбы, у жыхароў якіх было адно прозвішча — Колб. Яны вызначаліся скуластымі, не еўрапейскага тыпу, тварамі. Неяк у бібліятэцы князя, чытаючы гісторыю Турава-Пінскага княства, знайшоў Васіль Нікіціч летапіснае паданне аб тым, што падчас аднаго з набегаў прабраўся сюды, на Палессе, атрад мангола-татар ды так, не знайшоўшы шляху назад, і застаўся ў гэтым краі непраходных балот і дрымучых лясоў. Перайшоўшы на аселы стан, прышэльцы заняліся земляробствам і ў хуткім часе здабылі павагу ў мясцовых жыхароў, таму што адзначаліся вялікай любоўю да працы. Гэта ўбачыў Тацішчаў на свае вочы: уся вёска Колбы старанна дапамагала свайму сяльчаніну Восіпу Колбу, ліцейнаму майстру, вырабляць гарматы.

Гармат жа неабходна было адліць не дваццаць, як было загадана раней, а ўсе трыццаць. Такое распараджэнне перадаў паручніку царскі пасланнік Капітан Іван Блюмэн, які прыбыў у Пінск. Тацішчаў паспяшаўся з выкананнем загаду. Спяшаўся, судны ж былі ўжо гатовыя і спушчаныя на ваду, на іх мачтах развяваліся сцягі рускага рачнога флоту. Адпусціўшы навабранцаў на час па дамах, падаўся шукаць медзь. Ён аб'ездзіў усе маёнткі, загадаў зняць два званы з касцёла, спаслаўшыся пры гэтым на ўказанне літоўскага канцлера.

У працы і клопатах непрыметна прайшло лета. Напрыканцы жніўня належная колькасць гармат была адліта. Увесь гэты незвычайны груз даставілі да прыстані, пагрузілі на галеры і стругі. Сем суднаў прынялі таксама 300 палешукоў-навабранцаў, і рачная флатылія рушыла па Бобрыку ў Прыпяць, а там — вольны паўнаводны Дняпро...

Прыбыўшы ў Кіеў, Тацішчаў атрымаў загад: са сваёй камандай новікаў ісці на горад Карасцень, дзе прадоўжыць іх навучанне. Ізноў была прывычная работа, у свабодны ж час знаёмства з летапісным горадам драўлян.

20 верасня 1709 г. драгунскі полк у поўным складзе выступіў з Кіева на Азоў "для укрепления оного", як было сказана ў гасударавым загадзе...

(З артыкула А. Цвыда. — "Заря". 1986.)