Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Прыгарады

Да пачатку першай сусветнай вайны Лунінец так і не стаў горадам, хоць і ўзрасла колькасць насельніцтва, павялічылася колькасць дамоў, з'явіліся новыя паселішчы. Адным з новых раёнаў стала Залессе. Гэтая частка горада параўнаўча маладая. У канцы XIX ст. тут яшчэ былі сялянскія надзелы і забалочаныя зараснікі чорнай альхі, а на сухіх месцах — сасновага лесу, што таксама належаў сялянскай абшчыне Лунінца.

Будаўніцтва станцыі, пашырэнне службаў прывяло да павелічэння насельніцтва за кошт прыезджых спецыялістаў і рабочых. Калі ў пачатку 80-ых гадоў на вёсцы было крыху больш за 300 жыхароў, то, па перапісу 1897 г., насельніцтва ўзрасло да 3167 чалавек (885 двароў у 1908 г.). Раён будучага Залесся якраз і быў абраны многімі новымі жыхарамі для будаўніцтва ўласных дамоў. Мясцовыя сяляне называлі прыезджых "басякамі" (у сэнсе — бяздомныя, беззямельныя, легка мяняючыя месца жыхарства) і пасля некаторых перагавораў прадалі ім зямлю, дзе і ўзнікла Залессе. Сама назва тлумачыць яго як паселішча за лесам. Вось якім быў гэты раён у 1910 г., згодна са здымкамі невядомага фатографа.

Праз Залессе было пракапана некалькі канаў — уздоўж вуліц і вакол раёна. Вада па іх сцякала ў канал Жылінскага і ў Прыпяць. Але вуліцы Залесся, асабліва ў яго цэнтральнай і паўднёвай частках, вясной і пасля моцных дажджоў былі непраходныя. Яшчэ і ў пасляваенныя гады іх падсыпалі шлакам. Да хутка вырасшага Залеcся, дзе жылі пераважна чыгуначнікі, быў праз пуці пабудаваны пераходны чыгуначны мост. Ён быў у два разы даўжэй за сучасны, меў службовы спуск да дэло і да некалькіх чыгуначных дамоў, што стаялі прыкладна ў месцы сучаснага магазіна. У дамах тых жылі начальнік дэпо Дамброўскі, яго намеснік Савінскі і іншыя служачыя станцыі.

У ліпені 1944 г. апоры моста былі падарваны, але да канца года мост часткова аднавілі. Другая яго частка, ад службовай лесвіцы, была разабрана і потым пастаўлена у Баранавічах.

Яшчз адзін раён у Лунінцы быў населены чыгуначнікамі — гэта вуліца Баханова. Узнік гэты раён у пачатку стагоддзя на некаторай адлегласці ад горада на невялікім пясчаным узвышшы, ад Залесся ён быў адгароджаны невялікім балотам і шарагам дзюнападобных пясчаных узгоркаў, якія знаходзіліся вакол усяго Баханова. Адкуль такая назва ў гэтага раёна, мне высветліць не пашчасціла. Магчыма,аб гэтым ведае хтосьці з жыхароў?

Сяло павялічвалася, але горадам не рабілася. На вуглавых штампах розных афіцыйных дакументаў, як я бачыў у архівах, Лунінец носіць розныя назвы. На паперах мінскага губернатара — сяло, на адным з дакументаў за 1913 г. на вуглавым штампе Лунінецкай паштовай канторы Лунінец названы мястэчкам, а на дакументах Мінскай паштовай акругі за 1910 — 1916 гг. чытаю: "пас. Лунінец". Але часцей за ўсё, аж да 1921 г., сустракаецца назва "ст. Лунінец Палескай чыгункі".

Леў Коласаў
Фота з асабістага архіва аўтара