Фрагмент самадзейнага спектакля лунінецкіх чыгуначнікаў. 1910 г.

Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Як адпачывалі

Жыхары станцыі пачатку XX ст. не толькі працавалі, вучыліся, страйкавалі (у 1905 г.), хадзілі ў царкву, але і адпачывалі. На жаль, аб гэтым баку іх жыцця вядома няшмат.

Адным з месцаў адпачынку для жыхароў мястэчка быў чыгуначны сад, што цягнуўся ўздоўж палатна чыгункі. Забалочаную тэрыторыю будучага сада давялося падсыпаць пяском, а потым шлакам з паравозных топак. Яшчэ ў дваццатыя гады ў правай частцы сада знаходзілася маленькае возера, на месцы якога потым быў пабудаваны фантан. Невялікае балота было ў тым месцы, дзе зараз знаходзіцца тэнісны корт. На тэрыторыі сада былі высаджаны таполі, пракладзены сцежкі, пастаўлены газавыя лямпы, пабудавана сцэна з так званай "ракавінай" для чыгуначнага духавога аркестра. Гэтым аркестрам, доўгі час адзіным у мястэчку, на працягу многіх гадоў кіраваў А. Мацеус, чэх па нацыянальнасці, інструментальшчык дэпо. Яго дом і сёння стаіць на адной з вуліц горада. Уваход у сад спачатку быў з боку пуцей, каля сучаснай лазні. У святочныя дні і па нядзелях у садзе адбываліся гулянні. Спявалі хары дэпо і вучняў школ, намаганнямі мясцовых удзельнікаў артыстычных гурткоў ставіліся п'есы, вадэвілі. Выступалі фокуснікі, куплетысты, гіравікі, асілкі-барацьбіты. Сярод апошніх вельмі папулярным быў Е. Кірыковіч. У Лунінцы доўга памяталі выпадак, калі ён перамог заезджага барацьбіта. Гастралёр выклікаў з публікі жадаючага пазмагацца з ім і быў пасаромлены мясцовым во латам. Кажуць, што пад рубрыкай "Сенсацыя з правінцыі" выпадак гэты быў апісаны ў губернскай газеце. Уваход у сад каштаваў грошай, але ў чыгуначнікаў меліся льготныя сямейныя білеты.

У час першай сусветнай у парку знаходзілася адна з палявых хлебапякарняў.

З культурных устаноў Лунінец да 1912 г. меў сцэну ў пажарным дэпо, дзе 2 – 3 разы на год выступалі прыезджыя артыстычныя трупы (з Роўна, Львова, Пецярбурга, Мінска). 12 лютага 1912 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё чыгуначнага клуба, у якім 27 сакавіка сіламі аматараў быў дадзены першы спектакль — "На парозе вялікіх падзей" I.Д. Паўлава... На сцэне чыгуначнага вучылішча ставіліся п'есы "Прапанова" (па Чэхаву), "Фама Гардзееў" (па М. Горкаму), "Мазепа" (па Пушкіну). Папулярнасцю сярод насельніцтва карысталіся і так званыя "Беларускія вячоркі" — своеасаблівая форма мастацкай самадзейнасці. У час іх артысты (у асноўным рабочыя дэпо) выкарыстоўвалі ў сваіх драматычных пастаноўках урыўкі з твораў А. Ажэшка, М. Крапіўніцкай, Гогаля, Коласа, Купалы, К. Каганца.

Сярод нашых чыгуначнікаў былі таленавітыя самадзейныя артысты. Напрыклад, кандуктар Г. Драніч, удзельнік хору і тэатральных гурткоў. Прывабліванне сцэны перамагло ўжо існуючую прафесію, прымусіла нават пакінуць родны дом — у чарговы прыезд у Лунінец трупы Загайдачнага (гэтая тэатральная трупа, у свой час вядомая, гастралявала ў гарадах Расіі, Беларусі, Украіны, давала канцэрты ў рабочых клубах) Г. Драніч перайшоў працаваць у тэатральны калектыў. Захаваўся фотаздымак нейкага спектакля, дзе адну з роляў выконвае наш зямляк.