Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Археалагічныя помнікі, якія сёння захаваліся на тэрыторыі раёна

Гарадзішча-1 знаходзіцца на ўсходнім ускрайку в. Кажан-Гарадок, з правага боку дарогі на в. Лахва, у лесе. Пляцоўка авальнай формы памерам 75 х 65 м на невялікім узвышшы, па краях акружана валам вышынёй каля 3,5 м, з усходу на захад паніжаецца да 2 м. Культурны слой у шурфах дасягае 0,3 м. Выявіў і абследаваў у 1980 г. М. Ф. Гурын. Раскопкі не праводзіліся.

Гарадзішча-2 знаходзіццаў 0,8 км ад в. Кажан-Гарадок, з правага боку Дарогі на в. Лахва, у лесе. Пляцоўка памерам 75х55 м, па краях акружана з усіх бакоў валам вышынёю каля 3 м. Культурны слой у шурфах дасягае 0,4 м. Выявіў і абследаваў у 1980 г. М.Ф. Гурын. Раскопкі не праводзіліся.

Гарадзішча-3 знаходзіццаў 2 км на поўдзень ад в. Кажан-Гарадок ва ўрочышчы Гарбарава Гара. Плошчу паселішча цяжка вызначыць, таму што паўразбураны вал уцалеў толькі з паўночна-ўсходняга боку. Выявіў і абследаваў у 1964 г. Г .В. Штыхаў, абследавалі ў 1980 г. — Т. І. Скрынчанка, у 1981 г. — М. Ф. Гурын. Датуецца VІ—VII стст. і адносіцца да пражскай культуры.

Селішча знаходзіцца ў 2 км на поўдзень ад вёскі Лахва, за балотамі ў лесе, ва ўрочышчы Рыбуня, на левым беразе ракі Прыпяць. Плошча каля 2 гектараў. Выявіў і абследаваў у 1980 г. М. Ф. Гурын. На незандзіраваных участках знойдзены фрагменты ляпнога посуду са значным дабаўленнем жарствы ў гліне. Сустракаюцца кавалкі шлаку — адыходы старажытнай металургіі. Месцамі культурны слой дасягае 0,2 м. Адносіцца да ранняга жалезнага веку.

Курган знаходзіцца ў 0,3 км на паўночны захад ад будынка Лахвенскага сельсавета, на сядзібе калгасніцы В. Дукарэц (раней тут быў курганны магільнік), насып дыяметрам каля 8 м, вышынёй каля 2 м, злёгку аплыўшы, у цэнтры крыху пашкоджаны ямкай шукальнікамі скарбаў. Абследаваў у 1980 г. М.Ф. Гурын. Раскопкі не праводзіліся.

Курган знаходзіццаў 2 км на ўсход ад в. Сінкевічы, ва ўрочышчы Патоўсты Востраў. Мясцовая назва — Татарская Магіла. Дыяметр — 15 м, вышыня — 0,8 м. Выявіў і абследаваў у 1980 г. М. Ф. Гурын. Раскопкі не праводзіліся.

Міхаіл Гурын, Пётр Калінкоўскі