Навучэнцы рускага рэальнага вучылішча, Лунінец. Пачатак ХХ ст.


Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Сацыяльныя клопаты

На станцыі Лунінец меўся філіял пазыковай ашчаднай касы, што была створана на Палескай чыгунцы ў сакавіку 1888 г. Мэты касы, згодна з яе статутам, — "танны крэдыт". Касай часта карысталіся лунінецкія чыгуначнікі, якія жадалі пабудаваць свае дамы і завесці гаспадарку.

Працавала на станцыі бібліятэка (дарэчы, пры Кіраўніцтве чьгункі бібліятэка існавала з 1891 г., тут было 8637 кніг, 39 перыядычных выданняў, тэхнічны аддзел меў 1100 кніг, 15 спецыяльных выданняў). У фондах Лунінецкай бібліятэкі было звыш 1500 кніг, меліся тэхнічны аддзел спецыяльнай літаратуры, чытальная зала з часопісамі і газетамі.

З 1894 г. на станцыі працавала пенсійная каса, капітал якой складаўся з адлічэнняў з заробкаў рабочых і служачых. З верасня 1899 г. яны мелі магчымасць страхаваць свае жыцці. Клапацілася дарога і пра дзяцей сваіх працаўнікоў. На сёмым годзе існавання Упраўленне чыгункі пачало ствараць школы для дзяцей чыгуначнікаў. У юбілейнай справаздачы гаворыцца, што "...у 1890 г. быў пакладзены пачатак школьным установам адкрыццём пачатковага народнага вучылішча ў Баранавічах і аднакласнай царкоўнапрыходскай школы на станцыі Лунінец". У 1909 г. у Лунінецкай двухкласнай школе было 12 настаўнікаў, 500 вучняў (з іх 56 дзяўчынак), а ў аднакласным жаночым вучылішчы — 4 выкладчыкі і 200 вучаніц. Два выкладчыкі працавалі ў вучнёўскім інтэрнаце на 40 чалавек, дзе жылі дзеці з далёкіх раз'ездаў. Гэтыя факты ўзяты са справаздачы да 25-годдзя чыгункі (1909 г.). А вось у "Зборы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць" (1990 г.) на старонцы 266 ёсць некалькі іншыя звесткі: "...у 1890 г. на чыгуначнай станцыі адкрыта двухкласная царкоўнапрыходская школа з жаночым аддзяленнем і двума дадатковымі класамі для падрыхтоўкі хлопчыкаў да паступлення ў чыгуначныя вучылішчы". I, нарэшце, перада мною дакумент за 1919 г. з дзвюма пячаткамі. Адна з іх, штамп у куце, сведчыць, што ўстанова носіць назву "Лунінецкае чыгуначнае вучылішча", другая, круглая — што вучылішча называецца "Лунінецкае вышэйшае пачатковае вучылішча Палескіх чыгунак". Тэкст такі: "Удостоверение. Дано сие бывшей воспитаннице Лунинецкого Высшего-Начального училища Рыбчинской А. А. в том, что она действительно окончила курс трёх классов означенного училища. Инспектор (подпіс неразборлівы)". Напэўна, у розныя гады назва лунінецкіх школ і колькасць класаў былі рознымі.

Адукацыя ў той час была платная. Але за сваіх дзяцей плацілі не ўсе бацькі, бо з 1898 г. на чыгунцы існавала папячыцельства тых, хто займаўся ў школах і вучылішчах. Яго фонд складаўся з членскіх узносаў, адлічэнняў ад заробку служачых, збораў ад вучнёўскіх канцэртаў, скарбонкавых збораў, платы за ўтрыманне вучняў у інтэрнатах, ахвяраванняў. Асобныя капіталы былі сабраны або ахвяраваны на стварэнне дзіцячых бібліятэк, правядзенне святаў, навагоднія падарункі і г. д. Былы начальнік дэпо ст. Лунінец Н. Я. Залівацкі ў 1903 г. ахвяраваў для дзяцей лунінецкіх чыгуначнікаў імянны капітал у 279 рублёў.