Крыжаўзвіжанская праваслаўная царква


Лунінец у пачатку ХХ ст (мапа мястэчка)


Дакумент 1896 г.


Служачыя ваеннай пякарні

Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Лунінец

У 1449 г. Малы Лулін, шляхецкая ўласнасць. У 1471 г. Лулінец — сяло маёнтка Ішкальдзь, уласнасць Мікалая Янавіча Неміровіча і яго жонкі Альжбеты. У 1552 г. Лулінец — маёнтак, які разам з іншымі Ян Пятровіч Неміровіч — чаркаскі і канеўскі стараста — некалі запісаў (падараваў) у 1500 копах грошаў сваёй жонцы Ганне Сапежанцы. Апошняя, не маючы дзяцей, узяла "вместо сына родимого" пана Станіслава Станіслававіча Давойну — Полацкага ваяводу — і падаравала гэту суму яму і яго жонцы. У 1561 г. Луненец, Лунінец — маёнтак, уласнасць Станіслава Станіслававіча Давойны — полацкага ваяводы і дрыскага дзяржаўцы, які быў узяты ў маскоўскі палон у 1563 г. Таму Жыгімонт Аўгуст прызначыў апекуном усіх яго маёнткаў Станіслава Андрэевіча Давойну — пінскага і кобрынскага старасту. Каля 1571 г. Лунінец Малы — сяло Палескай воласці маёнтка Ішкальдзь Наваградскага павета, уласнасць Станіслава Станіслававіча Давойны — полацкага ваяводы, 53 дымы. У 1580 г. Лунінец Малы — двор, цэнтр маёнтка Наваградскага павета, уласнасць князя Паўла Янушавіча Друцкага-Любецкага, які разам з іншымі маёнткамі прадаў яго Мальхеру Сноўскаму Граўжышскаму — віцебскаму кашталяну і яго жонцы Барбары Янаўне Клачкоўне. У 1581 г. Лунінец Малы — двор, цэнтр маёнтка Наваградскага павета, уласнасць Станіслававай Давойнавай — княгіні Барбары Саламярэцкай. У 1586 г. Малы Лунінец — маёнтак Наваградскага павета, сумесная ўласнасць княгіні Барбары Іванаўны Саламярэцкай і князя Паўла Янушавіча Друцкага-Любецкага — двараніна караля. У выніку раздзелу перайшоў да князя. У 1588 г. Лунінец, Лулінец — сяло Наваградскага павета, уласнасць Мальхеравай Сноўскай, Граўжавай — Барбары Янаўны Клачкоўны — віцебскай кашталянавай, якая дорыць яго Мікалаевай Нарутовічавай — Барбары Купцаўне — земскай падскарбінай і пісаравай ВКЛ; у сяле панскі палац, праваслаўная царква, стадола, 75 дымоў сялян-даннікаў на чале са старцам і сем сялян-агароднікаў. У 1595 г. Малы Лунінец — сяло, маёнтак Наваградскага павета, уласнасць Мікалаевай Нарушовічавай — Барбары Якубаўны Кунцавічоўны, межавы канфлікт з Сімонам Мікалаевічам Харлінскім, абмежаванне. Да 1600 г. Малы Лулінец, Лулінец — сяло, маёнтак Наваградскага павета, уласнасць Мікалаевай Нарушовічавай — Барбары Якубаўны Кунцавічоўны, якая перадала яго Якубу Кужцавічу — гародзенскаму харужаму і яго жонцы Багдане Фурсаўне, абмежаванне.

У 1617 г. Якуб Кунцэвіч разам з сынам Мікалаем прадалі Лунінец і Дзяцелавічы Канстанціну Багданавічу Долмату. У 1620 г. у Лунінцы зямлі 122 валокі. Аднак асаблівасцю гэтага маёнтка былі вялікія сялянскія надзелы — тыповым быў надзел не ў паўвалокі, а ў цэлую валоку. Паселішча ў Лунінцы складалася з трох частак, якія мелі асобныя назвы: Любазедзя, З'елы і Ясенаўка. Першая з іх мела 62 валокі і 44 агароды (пляцы), другая — 14 валок ітрэцяя — 2 валокі і 9 агародаў. 5,5 валокі былі пустымі, 2 — належалі да царквы. Усяго ў Лунінцы было 127 двароў. З 1 валокі належала плаціць чынш у памеры 160 грошаў. Захоўвалася і натуральная даніна (дзякло) у памеры 1 медніцы мёду ёмкасцю ў 28 кварт (крыху менш за 20 літраў), па дзежцы жыта і аўса, 3 курыцы і 10 яек у год.

Паміж 1622 і 1625 гг. быў узведзены Дзяцелавіцкі Прэабражэнскі мужчынскі манастыр, уласнасцю якога стала, разам з сёламі Дзяцелавічы і Мелясніца, і сяло Лунінец са сваімі жыхарамі.

У 1762 г. удава Юзэфа Багданавіча Друцкага-Любецкага, стольніка Аршанскага павета, Вікторыя Скірмуны і сын Францішак судзіліся з Дзяцелавіцкім манастыром. Падданыя князёў з вёсак Лунін і Волька Харлінская цярпелі крыўды ад манастырскіх падданых з Малага Лунінца.

У 1793 г. Лунінец па-ранейшаму заставаўся ва ўласнасці Дзяцелавіцкага манастыра, увайшоў у склад Пінскага павета Мінскай губерні. У 1795 г. тут было 75 двароў і 624 жыхары (па іншых даных — 73 двары і 312 "рэвізскіх душ", г.зн. мужчын). Паступова колькасць насельніцтва ўзрастала. У сярэдзіне XIX ст. жыхароў было 714, налічвалася 90 цяглавых і 2 бабыльскія двары. Зямлі ў іх было: сядзібнай — 81 дзесяціна, ворыўнай — 948, сенажацяў — 632, пастбішчаў — 118,5, а ўсяго — 1779,5 дзесяціны.

Крыжаўзвіжанская царква. Знаходзіцца ў цэнтры старой часткі горада. Пабудавана на месцы старой царквы, пра якую вядома наступнае:

Пабудавана ў 1811 г. на сродкі прыхаджан, на самым высокім месцы ў цэнтры паселішча — на жоўта-белым пясчаным узвышшы грудка. У чэрвені 1873 г. прыходы Мінскай епархіі з інспекцыйнымі мэтамі наведаў епіскап Мінскі і Бабруйскі Аляксандр. Адслужыўшы малебен, пасля агляду царквы, пагоста і пабудоў, епіскап зрабіў нешта накшталт экзамена па веданні закона Божага для вучняў народнага вучылішча, і за добрыя адказы ўзнагароджваў дзяцей крыжыкамі. З апісання царквы: "Царква Лунінецкая ў імя Узвіжання Чэснага Крыжа, драўляная, трывала абноўленая, іканастас не стары, з абразамі старога жывапісу, але прыстойны, посуд харошы, бібліятэка значная, архіў знойдзены ў парадку. Прыхаджан 480 душ мужчынскага і 490 жаночага полу. Мясцовасць у Лунінцы вясёлая..."

Па апісанні 1879 г., драўляная царква мела выгляд працяглага крыжа з трыма купаламі, "покрытых английской жестью", дах царквы быў гонтавы, не вельмі трывалы, чырвонага колеру. Двое ўваходных дзвярэй, тры рады вокнаў, вонкавыя і унутраныя сцены без афарбоўкі, яшчэ моцныя, столь — зводчатая, дашчатая, унутраная плошча памяшкання — 35 кв. сажняў. Царква мела трох'ярусны дашчаты іканастас, пафарбаваны ў белы колер з 24 іконамі "не вельмі харошага жывапісу" ў пафарбаваных рамах. Асобнага памяшкання для рызніцы не было. Усё адзенне свяшчэнніка для службы размяшчалася ў шафе. У наяўнасці было 13 не вельмі добрых і дарагіх рыз, з іх толькі 4 новых. Ацяпленне адсутнічала. Прастол адзін у імя Узвіжання Чэснага Крыжа. Царкоўнага посуду дастаткова, хаця ён не ўяўляў каштоўнасці. Мела два Евангеллі, але не было "псалтыри общей и месячных миней". Усе царкоўныя кнігі былі старажытнага друку і вельмі старыя.

На асобна пабудаванай званіцы мелася чатыры званы. Прыход царквы — вёскі Лулінец і Мелясніца, былыя валоданні Дзяцелавіцкага манастыра. Прыхаджан на той час — "мужчынскага полу 523 і жаночага — 496 душ. Усе сялянскага саслоўя. Займаюцца земляробствам, пчалярствам, сплавам плытоў, а ў рэлігійных адносінах заслугоўваюць пахвалы". Прычт тады складаўся з настаяцеля царквы — свяшчэнніка Андрэя Бярнадскага, які закончыў Мінскую духоўную семінарыю і служыў у Лулінцы з 1868 г. У вышэйшых духоўных колах ён карыстаўся аўтарытэтам і ў 1875 г. быў выбраны членам Благачыннага савета 2-ой акругі Пінскага павета. З 1861 г. на пасадзе псаломшчыка знаходзіўся Мікалай Былінскі.

Гадавы даход царквы складаў 70 рублёў. Храм меў сваюз ямлю: 3,5 дзесяціны прысядзібнай, ворыўнай і сенажаці (у 6 участках, адзін з якіх знаходзіўся ў раёне цяперапшяга аэрадрома, а другі — на месцы завода"Палессеэлектрамаш") — 71 дзесяціну, няўдобіц — 5,5.

Свяшчэннік жыў у хаце, якая была пабудавана ў 1871 г., меўся таксама свіран, тры хлявы для жывёлы, гумно і хлеў для экіпажаў. Псаломшчыку былі выдзелены хата і два хлявы. Аднак пабудовы гэтыя былі вельмі старыя, і камісія епархіі вырашыла забяспечыць прытч новымі будынкамі.

У прыходзе мелася штатнае народнае вучылішча. Сярод насельніцтва Лулінца толькі 5 працэнтаў жыхароў былі пісьменнымі. Багадзельня адсутнічала. Царкоўнапрыходскае папячыцельства было створана ў 1877 г. і выбіралася на трохгадовы тэрмін. Яго старшынёй стаў свяшчэннік А. Бярнадскі (які выконваў гэтыя абавязкі да 1900 г.), а членамі — настаўнік народнага вучылішча Іван Палхоўскі, сяляне Іван Санюковіч, Сцяпан Харытановіч, Парфен Чарнавокі і Міхаіл Неўдах. Царкоўным старастам быў выбраны Карнілій Аляшкевіч. У 1887 і 1893 гг. на пасаду царкоўнага старасты выбіраўся лунінецкі селянін Фёдар Кацуба, а членамі прыходскага папячыцельства ў 1894 г. былі сяляне Даніла Чарнавокі, Павел Жук, Васіль Галоўніч, Сцяпан Аляшкевіч. Вядома яшчэ аб тым, што прыхаджане рабілі неаднаразовыя ахвяраванні на карысць храма грашамі ці рэчамі, што сведчыць аб высокай духоўнасці нашых землякоў. У 1887 г. падрадчык Віленска-Ровенскай чыгункі Барыс Арлоў ахвяраваў "в Лулилецкую церковь гробницу к плащанице и икону св. Николая на сумму 150 рублей". На наступны год, ужо стаўшы падрадчыкам Палескіх чыгунак, ён ахвяраваў у нашу царкву ківот (разную раму) коштам 50 рублёў да сваей жа іконы. Ветэрынарны ўрач Палескіх чыгунак Міхаіл Мігай падарыў храму трохсвечнік і лампаду на суму 50 рублёў. Ім абодвум была аб'яўлена ўдзячнасць Мінскай епархіі. У канцы 90-ых удзячнасць за ахвяраванні атрымалі царкоўны стараста Ф. Кацуба і члены папячыцельства за падарунак царкве адзення для свяшчэнніка і для прастола на суму 74 рублі і камендант станцыі Лулінец капітан Аляксей Аляксандравіч Шрэцерза за царкоўны посуд — "серебропозолоченную утварь 82-й пробы", а таксама некалькі метраў рознага атласу на суму ў некалькі сотняў рублёў.

У пачатку XX ст. насельніцтва Лунінца, які стаў буйной чыгуначнай станцыяй, значна ўзрасло. Адпаведна стала і больш прыхаджан. Старая драўляная царква, якая да таго ж патрабавала пастаяннага рамонту, ужо не адпавядала часу, таму паўстала пытанне аб будаўніцтве новага цаглянага храма на тым жа месцы, дзе стаяў стары. Вясною 1912 г. быў закладзены фундамент Лунінецкай Крыжаўзвіжанскай царквы, аб чым сведчыць медная шыльдачка, умураваная ў сцяну справа ад уваходных дзвярэй з наступным тэкстам: "...основана сия церковь в честь Воздвижения Честного и Животворящего Креста Господня при державе Богочестивейшего само державнейшего Государя нашего императора Николая II Александровича при Святительстве Высокопреосвященного Михаила Архиепископа Минского и Туровского Настоятельстве же священноиерея Николая. В лето от сотворения мира 7420 от Рождества же во плоти Бога Слова 1912 месяца Апреля в 17 день".

Яшчэ да закладкі першага царкоўнага каменя ў Лунінецкім прыходзе быў аб'яўлены збор ахвяраванняў на будаўніцтва новай царквы. I прыхаджане адгукнуліся на гэты заклік. Грошы паступалі ад тады яшчэ не шматлікіх служачых станцыі, настаўнікаў і вучняў вучылішчаў, ваенных прыватных асоб, уладальнікаў прадпрыемстваў, вясковых абшчын, паліцыі, прычым не толькі з Лунінецкага прыходу. Вялікія сродкі ахвяравалі Упраўленне Палескіх чыгунак, чыгуначнікі Лунінца, кіраўніцтва дэпо, станцыі (на той час у Лунінцы мелася чыгуначная царква — па лініі курсіраваў вагон-царква для задавальнення духоўных патрабаванняў веруючых). Так што царква сапраўды будавалася ўсенародна.

Але будаўніцтва працягвалася амаль 10 гадоў. Тлумачыцца гэта проста: першая сусветная вайна, германская і белапольская акупацыі, грамадзянская вайна, пастаянныя змены ўлады не садзейнічалі ўзвядзенню культавага храма. Шмат дыпламатычнага ўмення давялося выкарыстаць лунінецкаму свяшчэнніку Цімафею Дзюкаву, каб захаваць будаўнічы матэрыял і паціху працягваць узвядзенне храма ў полымі "сусветнага пажару".

Ў рэвалюцыйныя гады на плошчы ля царквы часта адбываліся мітынгі. Існуе некалькі тагачасных фотаздымкаў, якія адлюстравалі гэтыя падзеі, яны апублікаваны ў шэрагу выданняў. На заднім плане аднаго з іх праглядваецца драўляная царква. У пачатку 20-ых гадоў яе разабралі і прадалі ў нейкую вёску.

Вакол старой царквы былі размешчаны могілкі (цвінтар). Пры будаўніцтве новай царквы могілкі былі ліквідаваны, астанкі беражліва выкапаны і перазахаваны ў адной магіле пад алтаром новай царквы, толькі ў левым кутку царкоўнага двара пакінуты некалькі магіл свяшчэннікаў і ганаровых грамадзян Лунінца. Потым тут жа хавалі свяшчэннікаў з вёсак раёна. А на месцы алтара старой драўлянай царквы цяпер стаіць металічны крыж, абнесены драўлянай агароджай. Са старой царквы ў новую былі перанесены многія іконы, харугвы, посуд, якія захоўваюцца дагэтуль.

У 1905 г. царкве падарыла ікону Свята-Мікалаеўскае брацтва, якое дзейнічала пры храме з пачатку стагоддзя і набывала ва ўласнасць на ахвяраванні сваіх членаў шмат прадметаў культавага прызначэння. Ікона дагэтуль захоўвае надпіс пра гэта.

Яшчэ больш цікавая гісторыя іконы Святога Міколы-Цудатворца ў ківоце цёмнага дрэва, якая з'яўляецца уласнасцю Лунінецкага паравознага Дэпо. Набытая на грошы, сабраныя чыгуначнікамі, яна была ўстаноўлена пасля асвячэння прадпрыемства ў невялікім пакоі ля галоўнага ўваходу ў дэпо. Кожны дзень рабочыя і служачыя праходзілі на свае рабочыя месцы, верылі ў дапамогу і заступніцтва святога. Але пасля ўваходжання Лунінца ў склад Польшчы ў 20-ыя гады мясцовыя ўлады загадалі перадаць ікону ў царкву. Нягледзячы на тое што большасць працаўнікоў дэпо былі праваслаўнымі, над уваходам прымацавалі каталіцкі крыж.

Новая царква мела патрэбу не толькі ў культавых прадметах (іконах, харугвах, рызах, посудзе), але і ва ўнутраным упрыгожванні. Ва ўмовах пануючага рэжыму апалячання і акаталічвання насельніцтва праваслаўным прыхаджанам многае было не па сілах, але яны пераадольвалі цяжкасці па меры магчымасці ва ўладкаванні свайго храма.

Шырока вядомы нават за межамі Лунінца быў мебельшчык Сцяпан Ішчанка. Ён выдатна рабіў разьбу па дрэве і выканаў для новай царквы шмат рам і ківотаў для ікон, якія дагэтуль упрыгожваюць і алтар царквы. Яго сыны Міхаіл і Георгій распісалі столь над алтаром і намалявалі некалькі ікон. Таленавіты мастак Міхаіл скончыў прэстыжнае Віленскае вучылішча выяўленчага мастацтва, але незадоўга да ўз'яднання Заходняй Беларусі ў склад БССР перайшоў разам з братам "зялёную мяжу" па волі бацькі. Бацька не мірыўся з польскай уладай і жадаў сваім дзецям лепшай долі ў Савецкім Саюзе. На жаль, Міхаіл перад вайной быў рэпрэсіраваны і загінуў, а Георгію пашчасціла вярнуцца на радзіму і яшчэ доўгі час выкладаць маляванне і чарчэнне ў СШ № 1 і № 2 г.Лунінца. Можна толькі выказаць шкадаванне, што царкоўныя работы братоў Ішчанкаў пры чарговым рамонце былі знішчаны.

Лунінецкая царква славілася сваім хорам. Многія прыхаджане спявалі ў хоры на працягу дзесяцігоддзяў, мелі цудоўныя галасы. У горадзе ўсе ведалі Серафіму Бесан, якая не толькі спявала ў царкве ў даваенныя і пасляваенныя гады, але і стварыла ў 1939 г. самадзейны хор, які ўдзельнічаў ва ўсіх мерапрыемствах Савецкай улады. Асабліва памятаюць жыхары выступленні ў час першых выбараў.

У 1944 г. благачынны Лунінецкай акругі протаіерэй Кіпрыян Дылеўскі, з 1950 — Мікалай Яноўскі.

Па апісанні 1990 г., асноўны кубічны аб'ём, да якога з усходу далучаецца алтарная група памяшканняў з паўкруглай апсідай, з захаду — шатровая званіца, увянчаны чатырохсхільным шатром з 5 галоўкамі. Неатынкаваныя фасады ўпрыгожаны багатым дэкорам (аркатурны фрыз, плоскія фігурныя і конхавыя нішы, трохвугольныя франтоны).

Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю.

За зямлю лунінчане, якія ў 1842 г. былі пераведзены ў разрад сялян (г.зн. іх уласнікам замест манастыра стала "казна", дзяржава), выконвалі пэўныя павіннасці. У 1845 г. колькасць насельніцтва абодвух полаў дасягнула 714 чалавек, усе беларусы. Двароў было цяглых 90 і бабыльскіх 2. Яны мелі зямлі ў дзесяцінах: сядзібнай — 81, ворнай — 948, сенажацяў — 632, пашы — 118,5, усяго — 1779,50 дзесяціны.

Памочнік казённага люстратара Якавіцкі пакінуў (1858 г.) апісанне якасці і ўрадлівасці гэтых зямель:

"В почвах при деревне Лунинец от 70 до 80 % песку мелкого с незначительною частию перегноя. Местоположение ровное и незащищенное от северных ветров, по большей части мокрое. Окрестные места лесные и болотистые. Покосы по большей части лежащие среди кустарников болотные, по берегам же рек подвергаются наводнениям...

Из естественных свойств сельских произведений преимущественно родится рожь и гречиха, овса и ячменя сеют весьма в малом количестве... Посевается на десятине пашни посредственного разряда 7, а худшего разряда 5 четвериков. Урожая собирается на посредственной земле 2 1/2, а на худой — 1 1/2 зерна.

...Вообще земли весьма мало удобрены, крестьяне в состоянии унавоживать едва огороды, а из пашни — около десятины под озимые посевы.

...Крестьяне кроме хлебопашества занимаются наймом на сплаве по рекам и каналам. Состояние их посредственное".

За надзелы сяляне адбывалі (інвентары Лунінца за 1843 і 1845 гг.) наступныя павіннасці: "Пригонов в неделю с уволочных крестьян 2 дня мужских и 2 дня женских. Со всех же вообще крестьян требовалось не менее 14 144 дней в год тяглых и 8736 дней полутяглых. Сгонов в год со всех крестьян взыскивалось постоянно 2057 дней тяглых и 1630 полутяглых, в числе коих полагалась и сторожевая повинность дневная в фольварках. Сверх сих повинностей крестьяне отбывают строительную повинность по мере надобности... Затем с потребностью имения взыскивается с каждого двора не менее 6 дней в год." Дадамо, што даволі цяжкай для сялян была і царкоўная павіннасць. Каб лягчэй было збіраць падаткі і павіннасці, адміністрацыя маёнтка практыкавала кругавую паруку, якая афармлялася на агульным сходзе. Напрыклад, тэкст такога грамадскага прысуду ад 22 верасня 1852 г. сведчыў: "Ручаемся: друг за друга, что исчисленный казне доход будем вносить исправно и аккуратно". Павіннасці існавалі да 60-ых гадоу XIX ст., калі пасля сялянскай рэформы 1861 г. яны паступова былі адменены.

У пачатку 80-ых гадоў XIX ст. у вёсцы налічвалася ўсяго каля 60 жылых хат. У 1884  г. "Лунінец — вялікая вёска ў Пінскім павеце, у першай паліцэйскай акрузе, у Лунінскай воласці пры дарозе, што вядзе з Луніна ў Кажан-Гарадок. Па старадаўняму падзелу мае 91 хату, царкву, 355 жыхароў, мясцовасць вельмі глухая, бязлюдная, палеская. Грунты (зямля) пясчаныя, багатыя лугі. Зараз дзяржаўная маёмасць, раней веска належала праваслаўнаму манастыру ў Дзятлавічах. Па новаму праекту тут павінна быць станцыя чыгункі, якая з'яднае Лунінец з Мазыром, Рэчыцай і Гомелем" — так напісана пра наш горад у 1884 г. Пабудова Палескіх чыгунак дала штуршок да пераўтварэння сяла ў мястэчка, а потым — і ў горад, буйную чыгуначную станцыю.

У 1886 г. Центральны статыстычны камітэт Міністэрства ўнутраных спраў сабраў звесткі пра Лунінец у спецыяльным апытальным лістку для негарадскіх паселішчаў (апытанне праводзілася напярэдадні перапісу насельніцтва 1897 г.). Згодна з ім сяло Лунінец знаходзілася на землях Лунінецкай сялянскай абшчыны Лунінскай воласці першага стана Пінскага павета Мінскай губерні, пры аднайменнай станцыі Палескай чыгункі.

У гэты час у Лунінцы з'яўляюцца яўрэі. З пачаткам будаўніцтва чыгункі Гомель — Брэст з'явілася многа чыгуначных рабочых. Раней лунінецкія сяляне ездзілі ў бліжэйшы Кажан-Гарадок прадаваць сельгаспрадукты і купляць сельгасінвентар. А цяпер абслугоўваць вялікую колькасць будаўнікоў чыгункі рознымі таварамі прыязджалі яўрэі з Кажан-Гарадка — рамеснікі і гандляры. Але яны не мелі права нават пераначаваць тут, не гаворачы ўжо аб праве на жыхарства, таму па вечарах вярталіся ў сваё мястэчка. Зразумела, што гэта было нялёгка, але чаго ж не зробіць яўрэй дзеля даходу?

Большасць яўрэяў з'явілася тут пасля будаўніцтва чыгуначнай веткі Баранавічы — Сарны. У 10 км ад Лунінца ўзводзіўся чыгуначны мост. З-за балотных умоў будаўнічая работа цягнулася гадамі, а выконвалі яе тысячы рабочых з глыбіні Расіі. Яны давалі добра зарабіць. Таму туды сталі прыязджаць яўрэі не толькі з Кажан-Гарадка, але і з Лахвы, Давыд-Гарадка, Пінска, жыць жа ў Лунінцы яны паранейшаму не мелі права.

Як расказвалі старажылы Пінска, інжынеры, якія будавалі другую лінію Баранавічы — Сарны, прапанавалі пінскім яўрэям здзелку: за вялікую суму грошай яны гатовы былі правесці чыгунку праз Пінск, каб маёнтак Пінск, а не Лунінец стаў вузлавой станцыяй. Але пінскія яўрэі вырашылі, што калі ёсць план будаўніцтва чыгункі праз Пінск, то яна і без хабару будзе пракладзена. Ім не верылася, што глухая вёска Лунінец ператворыцца ў вузлавую станцыю. Як высветлілася далей, інжынеры не падманулі.

З таго часу ў Лунінцы сталі асядаць яўрэі, нягледзячы на патэнцыяльныя непрыемнасці з боку царскіх улад, хаця апошнія на многае глядзелі скрозь пальцы. Але ў Лунінцы яшчэ не было бальніцы і малітоўнага дома, могілак, таму частка жыццядзейнасці яўрэяў даводзілася на Кажан-Гарадок.

У 1882 г. яўрэям было дадзена права жыць у 109 вёсках Расіі, у тым ліку і ў Лунінцы. Ім адводзілася плошча на жыхарства, якая абмяжоўвалася зямлёй праваслаўнай царквы.

Яўрэйскае таварыства пачынае разрастацца. Яўрэі пачынаюць будаваць дамы, сінагогі, лазню, могілкі. Усё гэта — за сродкі яўрэйскага таварыства Кажан-Гарадка, якое з кожным годам памяншаецца. Рабочыя, гандляры перабіраюцца ў Лунінец. Мястэчка пусцее, у ім застаюцца пераважна сяляне. Але і Лунінец належыць сялянам. Яўрэі будуюць свае дамы на арандаванай зямлі на тэрмін да 12 гадоў, а пасля заканчэння яго яны павінны аднавіць дагавор. Гэта вельмі дорага, асабліва калі размова ідзе аб грамадскіх землях. Патрэбна было даць кожнаму селяніну гарэлку, каб ён згадзіўся прадоўжыць кантракт. Але гэта не палохала яўрэяў. Іх колькасць у Лунінцы працягвала павялічвацца.

У 1897 г. у Лунінцы 586 дамоў, з іх 4 каменныя, жыхароў 3185 (па другіх даных, было 3167 жыхароў, 855 двароў), "лічачы тысячу з лішкам рабочых у чыгуначных майстэрнях", праваслаўных 2512, іудзеяў 293, мужчын 1674, жанчын 1493. Існавалі царква, яўрэйскі малітоўны дом, народнае і чыгуначнае вучылішча, чыгуначны ўрачэбны прыёмны пакой, хлебазапасны магазін, 19 гандлёвых лавак, пастаялы двор, тры харчэўні, чатыры піцейныя ўстановы. У чыгуначных майстэрнях у 1900 г. працавалі 239 рабочых.

Рост насельніцтва, колькасці пабудоў і прадпрыемстваў паставіў на парадак дня пытанне аб наданні Лунінцу статуса горада.

Невыпадкова таму ўжо ў 1898 г. мінскім губернатарам (прадстаўленне ў Міністэрства ўнутраных спраў Расіі № 1145 ад 15 чэрвеня) было ўзбуджана хадайніцтва "О необходимости и возможности введения городского устройства по правилам городового положения 1892 г. в неимеющем никакого устройства и управления поселке Лунинце".

У губернскім Мінску і сталіцы імперыі Санкт-Пецярбургу паставіліся вельмі прыхільна да пераўтварэння Лунінца ў горад. Але нечакана рашэнне гэтага пытання застопарылася, расцягнулася на гады і так і не прыйшло да паспяховага завяршэння.

Высветлілася, што, паколькі Лунінец размяшчаўся на землях былых дзяржаўных сялян, патрабавалася згода ўсёй сельскай абшчыны. Такая згода была атрымана толькі ў студзені 1901 г. Прыгавор абвяшчае:

"...из числа 75 домохозяев, бывших сего 16 января на сходе в Лунинском волостном правлении 52 человека... мы единногласно постановили: изьявить желание на устройство в Лунинце городского управления". Аднак 12 жніўня гэтага ж года адбыўся новы сход: "Собравшись на сельский сход из числа 75 домохозяев полноучастников в числе 67 человек, приговорили 66 человек против одного, изъявившего согласие, отказаться от переименования села Лунинца в город".
Пры высвятленні абставін правядзення першага сходу аказалася, "что как до, так и после означенного приговора прибывшие в село проживающие в поселке Лунинце евреи угощали каждого из членов схода водкою и награждали деньгами в размере от 50 копеек и более. Причем денежное вознаграждение члены схода получили до составления приговора, а попойка была устроена как до, так и после его составления. До составления приговора было выпито 1/4, а после составления — ведро водки". У выніку валаснога старшыню аштрафавалі на 5 руб. (пры гадавой плаце 60 руб.), а пераўтварэнне Лунінца ў горад так і не адбылося.

Захавалася таксама шэраг дакладных гістарычных крыніц, якія сведчаць пра жыллёвыя ўмовы, побыт, заработную плату, вольныя часіны лунінецкіх чыгуначнікаў. Прывядзём цалкам адзін з такіх дакументаў на пачатак XX ст.:

"При станции только железнодорожный поселок. Местность болотистая. Жилые дома построены из плохого леса, расположены на непролазных улицах без тротуаров и освещения, часто на расстоянии 2-х верст от станции. Около 400 служащих (из 1 тыс. — Э.С.) живут на частных квартирах. Квартплата в месяц от 3 рублей 80 копеек до 10 рублей".
Заўважым, што асноўная маса чыгуначнікаў і рабочых майстэрань атрымлівала па 15 - 18 рублёў у месяц. На такія грошы "при теперешней дороговизне еле живешь от получки до получки".

А вось дакументальныя сведчанні Ддзейнасці Лунінецкага лясніцтва.

Пры здачы ў арэнду на некалькі год любога аб'екта — сенажаці, млына, участка ракі ці зямлі — аб'яўляліся спецыяльныя таргі. Той з арандатараў, хто даваў арэндную цану, выгадную казне, атрымліваў у часовае карыстанне артыкул. Аб таргах ва ўсе валасныя праўленні рассылаліся спецыяльныя аб'явы, якія вывешвалі "на бачным для публікі месцы". Лунінецкаму лясніцтву прапаноўвалася "апублікаваць гэту аб'яву праз лясную варту і бліжэйшых прыходскіх свяшчэннікаў", а таксама "прад'явіць гандлёвзыя кандыцыі жадаючым для разгляду". Тут указвалася месца таргоў, умовы, кошт артыкула, тэрмін арэнды.

22 верасня 1911 г. у Лунінецкім валасным праўленні намячаліся таргі па артыкулу "рыбная лоўля на р. Прыпяць" плошчай 52,15 дзесяціны за суму 206 рублёў тэрмінам на 6 год з і студзеня 1912 г., але не адбыліся з-за вялікага размеру сумы. У акце, складзеным у прысутнасці лунінецкага ляснічага Л. Бабыніна, памочніка ляснічага, ляснога пракурора А. Броўкіна і сельскага старасты в. Лунін Т. Краўчука, указвалася, што "...асоб, жадаючых гандляваць, не было".

Былі прызначаны новыя таргі ў канцылярыі прыстава і стана Пінскага павета ў Лунінцы 14 снежня 1911 г., а кошт арэнды паніжаны да 100 рублёў. Пры заключэнні гандлёвага пагаднення складзены цікавы вопіс. У ім указаны назвы многіх месцаў вакол Лунінца, якія цяпер забыты.

У склад арандуемай тэрыторыі ўваходзілі ўрочышча Стаўрова на беразе затокі пры надзелах сялян в. Дзятлавічы, урочышчы Сіньцы, Заплечча і Паддушша на левым беразе Прыпяці паміж надзеламі сялян вёсак Лунінец і Дзятлавічы, урочышчы Кола і Месяц, акрамя возера Кола, якое належала сялянам Лунінца, урочышча Манавісца, Валодзяцін і Чорны Вір на левым беразе Прыпяці. На жаль, сёння, відаць, ужо немагчыма ўстанавіць, дзе знаходзіліся гэтыя мясціны з такімі прыгожымі назвамі.

Апошнія радкі гэтага дакумента: "Па гэтаму вопісу здаў рыбную лоўлю ляснічы Лунінецкага лясніцтва А. Бабынін, па гэтаму вопісу аброчны артыкул "рыбная лоўля на Прыпяці" прыняў стахаўскі мешчанін Лявонцій Сцяпанаў Вярэніч. Прысутнічалі пры перадачы: селянін в. Лунінец Канстанцін Мацвееў Жук (непісьменны) і за яго распісаўся і за сябе Радзівон Канапацкі".

Маюцца шматлікія талоны квітанцый аб уплаце ў Пінскае аддзяленне дзяржаўнага казначэйства Л.С. Вярэнічам рознічных арэндных сум і нядоімак да кастрычніка 1917 г. Далейшы лёс гэтай арэнды ў дакументах не асветлены.

23 чэрвеня 1916 г. ляснічы А. Бабынін накіраваў у Мінскае ўпраўленне земляробства і дзяржаўных маёмасцей наступнае запытанне: "Маю гонар данесці, што для Лунінецкага лясніцтва на 1917 г. патрабуюцца: 1) дзве прыходна-расходныя кнігі для ляснічых у 200 лістоў і для ляснога інструктара — у 100 лістоў; 2) два рэестры бланкаў білетаў і загадаў для ляснічага ў 100 лістоў і для ляснога інструктара — у 50 лістоў; 3) адзін сшытак аб расходзе лесу; 4) бланкаў білетаў на нарыхтоўку лесу — 500 штук, на пасьбу жывёлы — 50 штук, на збор грыбоў і ягад — 4000 штук і пабочнага карыстання — 50 штук..."

Відавочна, лясны інструктар — гэта намеснік ляснічага, маючы такія ж правы, як і ён. Цікава, што свабодна пасвіць жывёлу, збіраць дары лясоў не дазвалялася. Лес з'яўляўся дзяржаўнай уласнасцю.

Нават у гады першай сусветнай вайны лясніцтва патрабавала строгага захоўвання законаў аб лесе не толькі ад цывільных грамадзян, але і ад ваенных. Як вядома, на тэрыторыі воласці размяшчаліся многія вайсковыя часці, службы тылу і т.д., якія мелі патрэбу ў лесе, у дровах. Ваенныя ўмовы не ўплывалі на правілы нарыхтоўкі лесу. Таму камандзір 411-ай пешай Кіеўскай дружыны і кашавар воінскай хлебапякарні № 73 звярнуліся з просьбай у лясніцтва аб водпуску дроў, аб чым ляснічы паведаміў (у верасні – кастрьгчніку 1917 г.) мінскаму начальству, падкрэсліўшы: "У Лунінецкай дачы лесасек з драўляным лесам цяпер няма, а таму для нарыхтоўкі дроў вышэйуказаннаму камандзіру прашу дазволіць выбарачную высечку бярозы і асіны". Упраўленне адказала: "Вам даручаецца адпусціць... да 50 куб. сажняў дроў... кіруючыся пры гэтым цыркулярам ляснога дэпартамента ад 10.09. г.г. за № 5920..." I далей гаварылася: калі дровы будуць адпушчаны звыш просьбы, на гэта патрэбна згода мясцовага Занальнага камітэта. У пачатку стагоддзя строга захоўваліся законы абароны лесу.

Адна з вайсковых часцей пасля нарыхтоўкі дроў не вывезла сучча, пакінула ў лесе скрыні, маткі калючага дроту і іншыя дапаможныя прылады. Лунінецкі ляснічы адразу ж паведаміў пра гэта камандзіру часці, у гаспадарчы аддзел штаба Заходняга фронту, ва ўпраўленне, дзе прапанаваў убраць пакінуты хлам, што і было зроблена.


Міхась Спірыдонаў, Эдуард Савіцкі, Леў Коласаў

На верх старонкі