У. Р. Рыдзігер


А. Ф. Фляроў


Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Балотная гаспадарка Рыдзігера

У 1911 г. у Мінску была адкрыта першая ў Расіі балотная станцыя. Яе філіял — так званая балотная гаспадарка — у 1912 г. раэмясціўся ў цэнтры Палескай нізіны на балотным масіве Кукуцёлка каля Лахвы. Адным з арганізатараў гэтай першай доследнай балотнай базы на Палессі быў вучоны-аграном 1-га разраду Ул. Р. Рыдзігер (1878 – 1971), стаўшы вядомым вучоным-меліяратарам. Ён нарадзіўся ў горадзе Руза Маскоўскай вобласці. Скончыў Варшаўскі універсітэт, а праз некалькі гадоў — Пятроўскую сельскагаспадарчую акадэмію. Рыдзігер у 60-ыя гады вёў актыўную перапіску з вучнямі Рэдзігераўскай сярэдняй школы і ў адным з лістоў пісаў "Да 1907 г. землі, на якіх размешчаны цяпер ваш родны калгас, уваходзілі ў склад памесця Лахва. Яны займалі 25 тыс. гектараў і на лежалі памешчыку фон Дэрвізу. Пасля сталыпінскай рэформы гэтыя землі былі куплены Мінскім сялянскім банкам". Менавіта гэты банк накіраваў Рыдзігера ў 1906 г. на пасаду зямельнага ліквідатара ў Лахву.

Густыя сасновыя лясы на пясчаных глебах ды бясконцыя балоты ўбачыў малады меліяратар на Палессі. "Я асушыў землі памесця Лахва і разбіў іх на ўчасткі, — прыгадваў пазней вучоны. — Для паляпшэння беднай пясчанай глебы арганізаваў ва ўрочышчы Раі вопытны ўчастак для культуры лубіну. Пабудаваў сядзібу — спецыяльную хатку на пляцоўцы, свабоднай ад лесу".

Мясцовы старажыл Аляксей Дзмітрыевіч Капліч непасрэдна працаваў пад кіраўніцтвам Рыдзігера. Ён расказваў, што ўсе работы праводзіліся ўручную, таму асушылі адносна невялікі кавалак зямлі.

У Лахве Рыдзігер прапрацаваў да 1915 г. Тады ж у Мінску была выдадзена яго праца "Асушка прысядзібнага ўчастка балотнай станцыі ў Лахве". Пасля некалькіх год работы на Кукуцёлцы высветлілася, што рэгуліроўка воднага рэжыму гэтага ўчастка звязана з вялікімі і непераадольнымі ў той час цяжкасцямі — і тэхнічнымі, і фінансавымі. Доследную станцыю ў Лахве давялося закрыць, пакінуўшы толькі невялікі назіральны апорны пункт. Але імя вядомага меліяратара ўвекавечана ў назве вёскі Рэдзігерава, а яго памочнікаў — у назвах Флярова (у 1910 г. доследную балотную станцыю ўзначаліў Аляксандр Фёдаравіч Фляроў (12.V1.1872 – 13.Х.1960), які потым дасягнуў вядомасці як славуты батанік, балотазнаўца), Чэрабасава, Манасеева. Далейшай меліярацыі Палесся перашкодзілі першая сусветная і грамадзянская войны, германская і белапольская акупацыі.

У час першай сусветнай Рыдзігер быў эвакуіраваны на работу ў Паволжа. Пазней працаваў на Яхрамскай балотнай станцыі пад Масквой. Стаў доктарам сельскагаспадарчых навук і акадэмікам.

У сваёй перапісцы з рэдзігераўскімі школьнікамі Уладзімір Раманавіч кіраваў завочна іх доследамі, якія дзеці разам з настаўніцай біялогіі Галінай Васільеўнай Турчыновіч праводзілі на прышкольным участку. У школе была створана вучнёўская сельскагаспадарчая брыгада. Але не толькі аб навуковых справах ішла гаворка ў пісьмах. Рыдзігер пісаў: "Вы ведаеце гісторыю свайго сяла, як узнікла яно на пустым месцы, на балоце. З тых дзён прайшлі дзесяцідгоддзі, і вёска ваша вырасла і ператварылася ў такую, аб якой я, калі прыехаў у ваш край, не мог і марыць пры самым смелым уяўленні. Расла яна і прыгажэла дзякуючы стараннай, самаадданай працы сваіх жыхароў, дзякуючы іх вялікай любові да Радзімы".

"Уладзімір Раманавіч — незвычайны чалавек, — успамінала настаўніца Любоў Данілаўна Верабей. Незвычайны не толькі таму, што стаў выдатным вучоным, а яшчэ і таму, што пры ўсёй занятасці заўсёды знаходзіў час не затрымлівацца з адказам на лісты дзяцей, шчыра цікавіўся іх справамі, радаваўся разам з імі поспехам... У 1971 г. Уладзімір Раманавіч запрасіў нас да сябе ў Маскву ў госці. Тады мы яшчэ не ведалі, што сустрэча будзе апошняй. У той час вучоны быў цяжка хворы. I ў кабінет да яго змаглі трапіць не ўсе. Аднак тыя, хто прыйшоў на сустрэчу з Уладзімірам Раманавічам, былі глыбока крануты яго хваляваннем, шчырым і непадкупным, калі ён убачыў нясмелых вясковых хлопчыкаў і дзяўчынак з далёкай, але такой роднай і блізкай яму вёскі Рэдзігерава".

Леў Коласаў