Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Пачатак меліярацыі

Вытокі ў XVIII ст.

Палессе стагоддзямі лічылася краем дзікіх балот і лясоў. На сотні кіламетраў Палескай нізіны прасціраліся гнілыя непраходныя месцы. Галеча, голад і хваробы з'яўляліся пастаяннымі спадарожнікамі палешука — жыхара гэтай мясцовасці. Агароджаны ад знешняга свету рэкамі і дрыгвамі, ён вёў самабытнае жыццё. Вясной, калі Прыпяць пакідала свае берагі, наваколле залівалася вадой. Тады мясцовае насельніцтва пераходзіла на астраўны лад жыцця і ўсе зносіны адбываліся на лодках. На балоцістых землях сяляне атрымлівалі вельмі нізкія ўраджаі.

Цікавае апісанне Палесся пакінуў пісьменнік I.С. Тургенеў: "Відовішча велізарнага, увесь небасхіл абдымаючага бору... нагадвае відовішча мора. I ўражанні ім узбуджаюцца тыя ж, тая ж першабытная, некранутая сіла рассцілаецца шырока і дзяржаўна перад тварам гледача. З нетраў векавых лясоў, з бессмяротнага лона вод уздымаецца той жа голас. "Мне да цябе няма справы, — гаворыць прырода чалавеку, — я ўладару, і ты клапаціся аб тым, як бы не памерці". Едзеш, едзеш, не спыняецца гэты вечны лясны погалас і пачынае сэрца ныць патроху, і хочацца чалавеку выйсці на прастору хутчэй, на свет, хочацца яму ўздыхнуць поўнымі грудзьмі — давіць яго гэтая пахучая сырасць і гніль..." ("Паездка ў палессе"). (У арыгінале "Палессе" з малой літары. — Заўвага аўтара.)

Людзі стагоддзямі марылі асушыць вялізныя прасторы балот Палесся, ведалі, што тояць яны ў сабе вялікія багацці. Многія з іх браліся за непасільную працу. Капалі канавы асобныя жыхары, сялянскія абшчыны, але іх спробы не маглі супрацьстаяць наступленню балота.

Ёсць архіўныя звесткі, што ў другой палове XVIII ст. асушальныя работы былі праведзены ў палескіх паселішчах князёў Радзівілаў у Давід-Гарадку і Століне, а ў 40-ых гадах мінулага — на балотным масіве Грычын у маёнтку князя Вітгенштэйна і ў маёнтку Чучавічы. У 1810 г. калежскі саветнік Г. Энгельман склаў і выдаў кіраўніцтва па асушэнні балот. Ужо ў 1854 г. на тэрыторыі Беларусі пачаліся работы па асушэнні балот. А яшчэ амаль праз два дзесяцігоддзі, у красавіку 1873 г., былі створаны дзьве спецыяльныя экспедыцыі па асушэнні балот: Паўночная — для Наўгародскай, Пскоўскай, Санкт-Пецярбургскай губерняу і Прыбалтыкі, Заходняя — па асушэнні балот Палесся, тэрыторыі, уключаючай 6 паветаў Мінскай, 4 — Гродзенскай, 6 — Валынскай губерняў. Заходнюю экспедыцыю ўзначаліў геадэзіст генерал-лейтэнант I.I. Жылінскі (1834 – 1916), ураджэнец м. Трокі Віленскай губерні.

Экспедыцыя генерала Жылінскага

Гэтай экспедыцыяй былі выкананы найбольш значныя работы па асушэнні Палесся (4660 км каналаў). На падставе вышукванняў, праведзеных 1873 г., I.I. Жылінскім быў складзены генеральны план асушэння Палесся. Асноўнаю часткаю яго стала каналізацыя забалочаных прастораў. План задаваўся пытаннямі: ці магчыма асушэнне Палесся наогул па характару яго балот, ці паўплывае асушэнне адмоўна на кліматычныя ўмовы самога Палесся і суседніх раёнаў і інш. Тут жа аргументавалася карысць меліярцыі для паляпшэння жыцця палешукоў, для сельскай гаспадаркі, сплаву лесу і суднаходства па Прыпяці, будаўніцтва чыгункі.

У кнізе В.П. Сямёнава "Россия. Полное географическое описание" (СПб., 1905) гаворыцца: "Праект аб асушэнні балот быў складзены ў 1872 г. генералам І. Жылінскім і ім жа выкананы; спачатку асушэнне рабілася ў казённых дачах сістэматычна — ад нізоўя рэк, але потым яно вялося на тых казённых участках, дзе чакаліся значныя выгоды ператварэння балот у сенажаці, а вялікія каналы аблягчалі збыт казённага лесу..."

У 1903 г. з нагоды паўвекавога юбілею службовай дзейнасці генерала І.І. Жылінскага часопіс "Ніва" так ацаніў асушэнне балот: "...вынікі атрымаліся цудоўныя. Сетка асушальных каналаў заняла 2,5 мільёна дзесяцін зямлі..." 100 тысяч дзесяцін былі ператвораны ў ворыва, 310 тысяч дзесяцін — у сенажаці. Праект I.І. Жылінскага атрымаў і прызнанне сусветнай інжынернай грамадскасці — у 1878 г. на парыжскай выстаўцы ён атрымаў залаты медаль.

У час работы на Палессі з дапамогай славутых рускіх вучоных В.В. Дакучаева і А.І. Ваяйкова было праведзена дадаткова даследаванне клімату, глебы, рэк, воднай і балотнай расліннасці.

Кіравалі работамі экспедыцыі, якія вяліся на працягу 25 год, інжынеры шляхоў зносін I.К. Міліцар, І.К. Сікорскі, К.I. Малахоўскі, I.К. Радзікоўскі, Каладзінскі, інжынеры-тэхнолагі Е.В. Анокаў, П.С. Пятроўскі, ф.І. Іленда, М.О. Гефман, Р.П. Спаро, В.П. Лукашэвіч, Грыгор'еў, Гедэман, Кавецкі, горныя інжынеры А.М. Гатоўскі, Ф.Н. Шараеў, Міттэ, Брандт, тэхнікі Важэўскі і Сергіеўскі, падтэхнікі Скарына і Маеўскі.

У 1889 г. экспедыцыя апублікавала справаздачу "Нарыс работ Заходняй экспедыцыі па асушэнні балот (1873 – 1888 гг.)". Гэта больш чым 600 старонак друкаванага тэксту з малюнкамі, табліцамі, схемамі і картамі. Тут шмат сведчанняў пра Лунінеччыну.

Ва ўступнай частцы справаздачы адзначаецца, што работы экспедыцыі вяліся ў цяжкіх кліматычных і бытавых умовах: "Нельга не ўспомніць пра тыя вялікія выпрабаванні, якія даводзілася пераадольваць пры гэтым. Праводзячы часта тыдні па-за чалавечым жыллём, сярод шкодных балотных выпарэнняў, некаторыя інжынеры да таго сапсавалі сваё здароўе, што вымушаны былі пакінуць службу ў экспедыцыі, іншыя рызыкавалі нават жыццём і толькі шчаслівай выпадковасцю былі пазбаўлены ад небяспекі патануць у вадкім балоце".

Магчыма, упершыню менавіта ў "Нарысе..." дакладна і падрабязна апісана геаграфічнае месца размяшчэння нашага горада: "На паўднёвы захад ад балот Грычына, паралельна р. Прыпяць, цягнецца сухая, мала прыўзнятая грыўна, на якой размешчаны Лунінец, Кажан-Гарадок, Лахва. Глеба гэтай грыўны складаецца з пяску, ляжачага на гліне, якая нярэдка выходзіць з-пад яго на дзённую паверхню, на такіх месцах сярод перавалодваючых тут сасны, елкі можна сустрэць дубы і іншыя лісцёвыя пароды. Лясы тут сабраны вялікія на захадзе паміж Лунінцом і Дзятлавічамі".

Далей гаворыцца, што на ўсход мясцовасць больш адкрытая, на ўскрайках балот сустракаюцца "шэрыя глебы", зрытыя кратамі, валунныя палі, ператвораныя ў ворныя землі, тут у вялікай колькасці расце аір, асака, мхі, сярод якіх гняздзяцца жураўлі і іншая балотная птушка.

Апісваючы раку Цна, аўтары справаздачы ўказваюць, што гэта адна з самых забалочаных рэк Прыпяцкага Палесся, асабліва ў верхнім цячэнні па ёй рассцілаюцца вялізныя балоты, якія ад Кажан-Гарадка яшчэ больш павялічваюцца.

У 1877 г. праводзіліся работы "па паляпшэнні і паглыбленні старога Лунінецкага канала, пракладзенага ад Прыпяці да в. Лунінец на працягу 9 вёрст 225 сажняў". Гэты канал у 1879 — 1890 гг. быў аб'яднаны са старым расчышчаным каналам, пракладзеным па сялянскіх палях Дзятлавіцкай казённай дачы на працягу 15 вёрст. Лунінецкі канал павінен быў служыць галоўным водаадводам для балот Лунінецкай і Дзятлавіцкай казённых дач у р. Прыпяць. Пры высокіх узроўнях вада, наадварот, паступала з ракі ў канал, падтапліваючы палі і лясы ў Лунінецкай дачы, іншы раз вада заходзіла аж да Дзятлавіцкай.

Амаль у гэты ж час будавалася лінія чыгункі ад Лунінца да Роўна. Работа і стан Лунінецкага канала ў значнай ступені пагоршыліся з-за пабудовы насыпу чыгункі. У час падмыву веснавымі водамі чыгуначнага моста праз канал, ён быў засыпаны чыгуначнікамі ў 1886 г. З-за гэтых дзеянняў заходняя частка Лунінецкай дачы аказалася затопленай. Упраўленню Палескай чыгункі было прапанавана пабудаваць у гэтай балоцістай частцы некалькі мастоў у межах веснавога разліву. Але ўпраўленне гэты план не прыняло, спасылаючыся на дарагавізну будаўніцтва. У выніку мерапрыемствы па асушэнні Лунінецкай дачы не прывялі да вызначанай мэты, а наадварот — у самым Лунінцы, у раёне Залесся і Легава з'явілася вада.

Аналагічныя мерапрыемствы, праведзеныя ў Дзятлавіцкай дачы, прывялі да асушэння лясоў і сялянскіх угоддзяў, далі рост лясоў і паляпшэнне стану глеб на палях.

На абедзвюх дачах былі асушаны 10 235,25 дзесяціны зямлі, пракладзена больш як 28 вёрст каналаў.

У басейне рэк Смердзі і Цны ў маёнтку Бастынь з 1894 па 1897 г. было пракладзена 59 вёрст асушальных каналаў, прычым грашовыя ўзносы на работу экспедыцыі зрабілі ўладальнікі маёнтка. Гэтыя работы садзейнічалі асушэнню ўсходняй часткі балотнага ўрочышча Грычын, а таксама была поўнасцю асушана дарога з в. Велута ў в. Навасёлкі і Чучавічы, праезд па якой стаў магчымым у любы час года.

У басейнах рэчак Лань, Копанка, Журавінная на вялізных балотах маёнтка Лахва з 1892 па 1896 г. былі пракладзены тры магістральныя каналы ад урочышч Майдан і Ліпаў Востраў на Лані агульнай працягласцю ў 45 вёрст. Яны паклалі пачатак асушэнню аднаго з самых вялікіх балот Палесся, вядомага пад назвай "Грычын". Планавалася пракласці па яму два каналы ад р. Копанка — Чэрабасаўскі канал да р. Журавінная ў даліне р. Лютая (дзе меркавалася спраміць забалочанае русла), аднак гэтыя работы не правялі. Экспедыцыя вырашыла, што больш мэтазгодным працягнуць на поўнач Чэрабасаўскі канал.

У басейне Прыпяці ў маёнтку Кажан-Гарадок у 1897 г. былі пракладзены два каналы ад возера Озьбіна па ўрочышчу Оступы даўжынёю ў 6 вёрст.

На працягу ўсіх год работы экспедыцыі штодзённа вялося назіранне за ўзроўнем вод у асушаемых раёнах. Да 1898 г. экспедыцыя ўстанавіла 13 водамерных пастоў на пратоках Прыпяці і асушальных каналах. У наваколлі Лунінца пасты вымярэння былі адкрыты і размяшчаліся: у жніўні 1879 г. на р. Цна — у вёсках Малькавічы, Дзятлавічы, Кажан-Гарадок, Цна; у кастрычніку 1896 г. — на р. Смердзь; у кастрычніку 1878 г. — у в. Лахва; у кастрычніку 1896 г. — у в. Любачын на р. Лань; у верасні 1878 г. — у в. Гаўрыльчыцы.

Да канца XIX ст. меліярацыйныя работы на Палессі былі закончаны. З 1895 па 1910 гг. дзяржаўныя арганізацыі і сельскія абшчыны ў асноўным займаліся рамонтам і паглыбленнем участкаў каналаў, якія абваліліся ці засмеціліся. Аб гэтым сведчыць шэраг дакументаў Мінскага ўпраўлення земляробства і дзяржаўных маёмасцей. У справаздачах спецыялістаў, камандзіраваных у месцы былых балот, упамінаюцца рамонтныя і гідратэхнічныя работы, замеры і назіранні на асушальных каналах Лунінецкай і Дзятлавіцкай дач, у наваколлі Кажан-Гарадка, Лахвы, Чучавіч, а таксама радок, што "месцам пастою выбраны Лунінец як чыгуначны пункт".