Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Месцы запаведныя

Экалогія

З 14 заказнікаў рэспубліканскага значэння, якія ёсць у вобласці, чатыры — у Лунінецкім раёне.

Дзяржаўны ландшафтны заказнік "Белае" плошчай 442 гектары быў створаны ў 1976 г. для захавання рэліктавай расліны лабелія Дортмана, што знаходзіцца пад пагрозай знішчэння. Гэтая расліна больш нідзе на тэрыторыі Беларусі не сустракаецца і занесена ў Чырвоную кнігу СССР. Расце тут і палушнік азёрны, занесены ў Чырвоную кнігу Беларусь Акрамя таго, Белае возера ўнікальнае па прыгажосці і якасці вады. Ахова яго ўскладзена на Лунінскае лясніцтва Лунінецкага лясгаса. Тут забаронены высечкі лесу (акрамя санітарных), выпас жывёлы, расчыстка водных і прыбярэжных раслін, распальванне вогнішчаў (акрамя спецыяльна вызначаных месцаў), засмечванне тэрыторыі. Між тым экалагічная абстаноўка застаецца складанай з-за масавага наведвання возера жыхарамі ў летні перыяд: ёсць факты самавольных высечак, распальвання вогнішчаў, засмечвання , мыцця аўтамашын і язды на іх у прыбярэжнай зоне.

Заказнік-журавіннік "Борскі" створаны ў 1979 г. для захавання прыродных месцаў росту журавін. Яго плошча на тэрыторыі раёна 1244 гектары, размешчаны ён у кварталах 1 — 12 Борскага лясніцтва, якое і ажыццяўляе тут ахову. У заказніку забаронены гідрамеліярацыйныя работы, распрацоўка тарфяных залежаў, скідванне сцёкавых вод і бытавых адходаў. Праводзяцца толькі санітарныя высечкі і расчысткі. Збор і нарыхтоўка журавін дазволены не раней чым 10 верасня, але гэты тэрмін не вытрымліваецца, а лясная ахова не жадае займацца сваімі абавязкамі.

У 1985 г. у раёне быў створаны першы ў Беларусі біялагічны заказнік "Вусце Лані". Яго плошча — 288 гектараў, з якіх 165 — на землях калгаса "40 год Кастрычніка" і 123 — у квартале № 50 Сінкевіцкага лясніцтва (дзяржлесфонд першай групы). Плошча параўнаўча невялікая, але жывёльны свет тут надзвычай багаты і разнастайны, нават можна лічыць яго эталонам для фауны Палесся. Няшмат на Беларусі такіх унікальных прыродных комплексаў. У птушыным царстве — каля 60 відаў, якія робяць тут гнёзды. Уражвае буйнейшая ў сярэдняй паласе Еўропы калонія чапляў. Цікава, што побач з чаплямі жывуць і пары белых буслоў, дзякуючы чаму навукоўцы могуць вывучаць узаемаадносіны гэтых двух відаў птушак. Тут жа — пакуль адзінае на Беларусі месца гнездавання белай чаплі. Апрача яе жывуць тут занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі сокал-сапсан, чорны бусел, кулік-сарока, зімародак, белая лазараўка, балотная чарапаха. Багаты і раслінны свет — растуць тут чарэмчаты дуб, чорная альха, асіна, чорная таполя, тры віды вязаў, вярба, каліна, чорная і чырвоная парэчкі, еўрапейская брызгліна, дзесяткі відаў лугавых траў і водных раслін. "Вусце Лані" — не толькі месца для захавання каштоўных відаў флоры і фауны, але і база для навуковых доследаў. Парушэнняў рэжыму не выяўлена.

У 1990 г. быў створаны другі біялагічны заказнік "Нізоўе Случы" агульнай плошчай 3313 гектараў (2910 гектараў дзяржлесфонду ў Мікашэвіцкім лясніцтве, 403 — землі калгаса "Дружба"). З гэтай плошчы выдзелена катэгорыя асабліва ахоўваемых участкаў лесу з абмежаваным лесакарыстаннем (1491 гектар). Заказнік быў створаны для захавання рознаўзроставых дубраў, элітных участкаў асіны зялёнакорай, а таксама папуляцый гаспадарча карысных сасудзістых раслін і каштоўных відаў жывёл у ніжняй частцы поймы Случы. Тут забаронены работы, якія могуць выклікаць змены ў існуючым гідралагічным рэжыме, расчыстка прыбярэжнай і вадзяной расліннасці, скідванне сцёкавых вод і бытавых адходаў, выкарыстанне ядахімікатаў, а на асабліва ахоўваемых лясных участках — высечкі лесу (акрамя санітарных), выпас жывёлы, паляванне. Устаноўлены рэжым выконваецца.

Апрача таго, на тэрыторыі ПОМС у 1978 г. створаны гідралагічны запаведнік рэспубліканскага значэння агульнай плошчай 1743 гектары. Ён знаходзіцца ў распараджэнні БелНДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі і створаны з мэтай вывучэння ўплыву меліярацыі на прылягаючую тэрыторыю. Тут нельга высякаць лес і хмызняк, забаронены выпас жывёлы, узворванне зямель, нарыхтоўка сена. У апошнія гады навукова-доследныя работы тут не праводзяцца. Калі ПОМС не ў стане забяспечыць парадак, то было б мэтазгодна перадаць запаведнік у дзяржлесфонд, тым больш што тут нярэдкія пажары. Запаведнік гэты — адзіная буферная зона паміж Пінскім і Лунінецкім раёнамі, у той час як на асушаных тэрыторыях нярэдкія пясчаныя буры. Прырода папярэджвае тых, хто адказвае за яе захаванне.

У межах Лунінеччыны знаходзіцца частка Ленінскага паляўнічага заказніка рэспубліканскага значэння, заснаванага ў 1960 г. у міжрэччы Лані і Случы. Шмат відаў жывёл, што тут жывуць, занесены ў Чырвоную кнігу БССР — чорны бусел, чарапаха балотная, бугай вялікі.

Алег Шэляпнёў