Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Бобрык

Рака Бобрык з'яўляецца натуральнай мяжой паміж Лунінецкім, Столінскім і Пінскім раёнамі. Яна ўказваецца на многіх старых картах як левы прыток Прыпяці. У навуковай літаратуры яе называюць Бобрык-1 у адрозненне ад Бобрыка (Бобрыча) 2-га, левага прытока Прыпяці ў Жыткавіцкім раёне. Даўжыня ракі вагаецца, па розных даных, ад 109 да 112 км. Акрамя трох названых, працякае яшчэ па Ганцавіцкаму раёну.

Бобрык выцякае з балота-адгалінення ад канавы Свяціцкай — у 2,5 км ад в. Сукач. У Бобрыка некалькі прытокаў — Вісліца, Плотніца, астатнія больш дробныя. Пойма ракі забалочана. У 0,5 — 3 км ад старога пракладзена новае русла шырынёй ад 3 да 40 метраў. У 1976 г. на Бобрыку створана вадасховішча "Пагост".

Цна

Левы прыток Прыпяці — рака Цна — адна з самых забалочаных на Палессі. Берагі ракі і сёння забалочаны, пакрыты хмызняком, толькі ў ніжнім цячэнні — пясчаныя. Рэчышча каналізавана, у раку ўпадае Карыцінскі канал. Даўжыня ракі 126 км.

У Беларусі ёсць чатыры ракі з аднолькавай назвай — Цна, гэта прытокі Прыпяці, Свіслачы, Гайны і Ушы. За межамі рэспублікі таксама сустракаецца гэта назва. Лічаць, што яна трансфармавалася ад славянскага слова "Дзесная" (правая) у "дзена" — "цна". Гэта не зусім пераканаўча, таму што ўсе рэкі з назвай Цна — левыя прытокі. Аднак сучасныя паняцці і катэгорыі гідранімікі не могуць механічна пераносіцца на мінулае. Разам з развіццём геаграфічнай навукі вызначаюцца і словы. Правы і левы прытокі — паняцці болын позняга паходжання. Правілы вызначэння правых і левых прытокаў, якімі карыстаемся сёння, устаноўлены нядаўна. Яны не маглі быць адзінымі ў розных народаў. Нярэдка ў мінулым асноўным напрамкам ці арыенцірам лічыўся ўсход, дадатковымі — правы бок (поўдзень) і левы (поўнач).

Таксама тлумачацца і назвы рэк Дзісна, Дзясна.

Іншыя варыянты: Цна, Тспа — ад славянскага "тъсънъ" (вузкая), ад балтыйскага "tusnan" (ціхая), хаця рэкі адрозніваюцца цячэннем.

У "Географическом словаре..." гаворыцца, што Цна цячэ "ў самых глухіх мясцовасцях Пінскага павета... прымае прытокі Выдрынку і Люсцу".

Леў Коласаў