Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Прыпяць

"Спакойна і павольна, як у зачараваным сне, утуліўшыся ў балоты, нясе Прыпяць сухадоламу Дняпру сваю багатую даніну" — так пісаў пра раку славуты беларускі пясняр Якуб Колас. I хаця яна працякае ў некалькіх кіламетрах ад горада, лунінчане прывыклі лічыць Прыпяць сваёй. У яе гонар названы вуліца і рэстаран. Зразумела, што любая звестка з гісторыі ці геаграфіі ракі-прыгажуні выклікае нашу цікавасць.

Ад Герадота да Меркатара. Кароткія радкі з геаграфічнага даведніка: Прыпяць — самы вялікі прыток Дняпра, яе даўжыня 761 кіламетр. Вытокі ракі знаходзяцца на паўночным захадзе Украіны, непадалёку ад Ковеля. Па тэрыторыі Беларусі Прыпяць нясе свае воды на працягу 500 кіламетраў, з іх больш за 100 — на поўдні Лунінецкага раёна.

У пісьмовых крыніцах да XIX ст. назва ракі гучыць Прыпець (цяпер — Прыпяць). Якія ж карані слова? Адны лічаць яго славянскім, тлумачаць як "пакатая, спадаючая". Другая думка — слова з усходняй балтыйскай мовы з сэнсам "прыпаўдзённая". Найбольш верагодным лічаць паходжанне назвы ад старажытнарускага і беларускага тэрміна — прыпеч. Гэтым словам названы і пясчаны бераг ракі без кустарнікаў (тое ж, што і пляж). Яшчэ ў перадваенныя гады на Палессі і ў Пскоўскай вобласці гэтае слова было распаўсюджана ("човен пакінулі на прыпечы — рассохся"). Ад гэтага слова — прыпеч, што значыць: пясчаны нанос ля берага ракі, — і пайшла назва ракі Прыпяць.

Аднак у мінулым стагоддзі аб паходжанні назвы ракі меркавалі некалькі інакш. У IX томе "Географического словаря королевства Польского и других славянских стран", выдадзеным у 1888 г. у Варшаве, ёсць такія даведкі аб паходжанні назвы ракі, аб тым, як гэта назва гучала ў розныя эпохі на розных мовах: "...по-белорусски Прыпаць (Ргурас). Белорусское слово "прыпадзь" означает топкое, багнистое, с провалами (трещинами), окнами, зыбкое место. По-русски — Припять (Ргуnіас), у летописцев и хронистов (Стрыйковский) — Перепечь (Регерасz) или Перепеца (Регеріеса), в латинских текстах — Регереtus, в разговорном языке плотогонов (існавала такая прафесія на Прыпяці ў мінулым стагоддзі) — Трипять (Тгуріас)".

Вядома, што стаянкі першабытных людзей выяўлены пераважна па берагах рэк. Найбольш старажытнае паселішча чалавека ў басейне Прыпяці адносіцца да эпохі позняга палеаліту, 9-га тысячагоддзя да нашай эры.

Дадзеныя аб Прыпяці збіраліся на працягу многіх стагоддзяў. У V ст. да н.э. грэчаскі гісторык Герадот, якога называюць "бацькам гісторыі", наведаў берагі Понта Еўксінскага — Гасціннага мора (так тады называлася Чорнае мора), супыняўся на беразе Дняпроўскага лімана ў грэчаскай калоніі Ольвія. Адтуль рабіў паездкі ўверх па Дняпры (Барысфену). Свае ўражанні і расказы відавочцаў аб землях ляжачых па прытоках Дняпра, выклаў у "Мельпамене". Так ён назваў 4-ую кнігу сваёй гісторыі, якую цяпер называем не толькі першай гісторыяй нашай краіны, але і першай геаграфіяй. Тут і змяшчаюцца першыя звесткі аб Дняпры і яго прытоках.

Рухаючыся на поўнач, Герадот сустрэў дюдзей, якіх называе будзіны: "Народ вялікі і шматлікі, увесь бялявы і ў вяснушках. У іх быў горад драўляны, а імя гораду Геланос. Зямля іх уся зарошчана лясамі. У самай галоўнай пушчы знаходзіцца вялікае і шматводнае возера, а вакол яго — сток вод, парослых трыснягом". Вялікія балоты ў раёне Пінск — Лунінец — Тураў, у той час яшчэ больш шматводныя, якраз і адпавядаюць возеру будзінаў.

У I ст. н.э. старажытны рымскі мысліцель Пліній у сваёй кнізе "Натуральная гісторыя" (Historial Naturalis) расказваў аб гандлёвым шляху з Дняпра ў Нёман да берагоў Балтыкі за бурштынам праз Прыпяць — Яцальду (Ясёлду) — Шчару.

Грэчаскі вучоны, географ, астраном і матэматык Клаўдзій Пталамей, жыўшы ў ІІ ст. н.э., у сваім сачыненні "Кіраўніцтва геаграфіяй" (датаванай 160 – 180 гг.) даў карту з градуснай сеткай, на якую размясціў Днепр з яго вытокамі, апісаў гэтыя рэкі і гарады па іх берагах і гандлёвы шлях ад Ольвіі праз Прыпяць да вярхоўяў Яцальды і вытокаў Немана.

З XII ст. разам са старажытна-рускімі летапісамі з'яўляюцца айчынныя звесткі аб Прыпяці. У Іпацьеўскім летапісе Прыпяць з прытокамі Стыр (ад 1149г.), Гарына(1150г.) і Ясална (1262 г.) упамінаецца як вялікая рака нароўні з Дзвіной, Волхавам і Волгаю. Па звестках летапісу, у VIII — IX стст. у басейне Дняпра пачалі сяліцца славяне, прыйшоўшыя з-за Дуная: "Словене пришедше седоша по Днепру и нарекошася Поляне... а друзии седоша межи Припятью и Двиною и нарекошася Дреговичи".

З падзей X — XII стст. вядома, што ў басейне Дняпроўскай сістэмы ажыўленыя зносіны здзяйсняліся па Прыпяці, таму што па гэтай рацэ ішоў шлях да Нёмана, Заходняга Буга, да Балтыкі. З X ст. амаль усе прыпяцкія землі былі аб'яднаны ў Тураўскае княства, з якога ў XII ст. вылучылася Пінскае княства. З XIV ст. басейн Прыпяці — у складзе Вялікага княства Літоўскага. На жаль, аб гэтым часе мала сведчанняў у летапісах. Больш познія стагоддзі багацейшыя на інфармацыю.

Барон Сігізмунд Герберштейн двойчы — у 1516 і 1526 гг. быў пасланы імператарам Максіміліянам у Польшчу і да вялікага князя Маскоўскага Васіля з палітычнымі даручэннямі. Пасля гэтых паездак барон апублікаваў славутыя "Запіскі аб Масковіі", у якіх апісвае Днепр і яго прытокі. Сярод іх і Прыпяць (Ргереtz).

Са старажытных часін адным з асноўных заняткаў насельніцтва Прыпяцкага Палесся была здабыча рыбы. У 1544 г. польскі камісар Міхалон Літван, які па даручэнні сейма апісваў замкі ў Літве і на Украіне, у сваім сачыненні "Аб норавах татараў, літоўцаў і маскавіцян" удакладняў: "У рэках тут мноства... вялікіх рыб. Па гэтай прычыне многія рэкі называюцца залатымі, асабліва Прыпяць, якая, калі ў пачатку сакавіка збіраецца з крыніц свежая вада, напаўняецца такой колькасцю рыбы, што кап'ё, кінутае ў сярэдзіну, спыняецца цвёрда, як у зямлю: так густа рыбы!"

На старажытных картах Прыпяць указвалася не вельмі дакладна. У 1540 г. С. Мюнстэрам была выдадзена карта Польшчы і суседніх тэрыторый, дзе паказана Прыпяць з яе не ўсімі, нават вялікімі, прытокамі. На карце 1595 г., складзенай Г. Меркатарам, Прыпяць з прытокамі прадстаўлена ўжо больш дакладна.

Да канца ХVІ ст. адносіцца славуты рускі геаграфічны помнік пад назвай "Кніга Вялікаму Чарцяжу, або старажытная карта Расійскай дзяржавы". Асаблівая ўвага ў гэтай "Кнізе" звернута на рэкі, дадзена падрабязнае ўказанне ўсіх рэк з прытокамі Дняпроўскага басейна. На карце 1645 г. ужо ў агульных рысах даецца вернае ўяўленне аб Прыпяці і яе прытоках.

Яшчэ 200 — 100 год назад выданне геаграфічнай карты лічылася вялікай падзеяй, таму ўсе карты таго часу маюць свае назвы. На картах 1702 і 1773 гг. Прыпяць і яе прытокі адлюстраваны няпоўна і недакладна, а вось на "Гідраграфічнай частцы Расійскай імперыі паміж водамі Белага, Балтыйскага, Чорнага і Каспійскага мораў", складзенай у 1801 г., і на "Гідраграфічнай карце Еўрапейскай Расіі" (1846 г.) рачная сетка Прыпяці і сама рака нанесены найбольш поўна і дакладна.

Водны рэжым Прыпяці пачаў вывучацца з 1838 г. Дэтальныя даследаванні Прыпяці і яе прытокаў былі здзейснены ў 1873 — 1898 гг. у перыяд работы Заходняй экспедыцыі па асушэнні балот Палесся і ў перыяд 1874 — 1900 гг. у сувязі з работамі Навігацыйна-апісной камісіі Міністэрства шляхоў зносін пры будаўніцтве чыгуначных дарог Брэст — Бранск і Вільна — Роўна з перасячэннем іх у Лунінцы.

У канцы мінулага — пачатку гэтага стагоддзя па Прыпяці сплаўляліся буйныя партыі каштоўнейшых парод драўніны, прызначаных для замежных фірм. Лес з дапамогаю асобных накладак, цапоў і іншых снасцяў замацоўваўся ў так званыя пасы, маючыя выгляд вузкіх доўгіх плытоў, якія буксіравалі параходы. Затым лес праз Ясельду, Агінскі канал, Шчару, Нёман і Юрбургскую таможню дастаўляўся ў Мемель (Клайпеду) або праз Дняпроўска-Бугскі канал, Мухавец, Заходні Буг, Віслу і Немаўскую таможню — у Данцыг (Гданьск).

З 1850 г. паміж Краменчугом і Пінскам рабіў рэйсы параход "Вісла", які належаў памешчыку Пуслоўскаму. У 1858 г. узнікла "Таварыства параходства на Дняпры і яго пры токах". У 1892 г. было створана другое такое параходства. Параходы гэтых таварыстваў плавалі па Прыпяці, Піне, Ясельдзе, да Дняпроўска-Бугскага канала. Ёсць звесткі, што пасля заканчэння ўзвядзення чыгуначнага моста праз Прыпяць на лініі Лунінец — Роўна, непадалёку ад яго, быў пабудаваны невялікі прычал, да якога прычальвалі параходы і якім карысталіся жыхары блізкіх і нават далёкіх вёсак. Яны везлі свае тавары на кірмашы або пакупкі з кірмашу. Але праіснаваў прычал ля Лунінецкага моста нядоўга.

На гасцінцы (што значыць дарозе Давыд-Гарадок — Лахва, які пераскаў Прыпяць, у другой палове XІХ ст. быў задзейнічаны паром.

Пастаянныя назіранні за Прыпяццю даюць цікавыя звесткі. За апошнія дваццаць стагоддзяў клімат басейна Прыпяці змяніўся. У VIII – XIII стст. ён быў больш цёплым. Потым пачалося пахаладанне, якое працягвалася да сярэдзіны XIV ст. У другой палове яго пачалося пацяпленне, дасягнуўшае максімуму ў 30 – 40-ыя гады нашага стагоддзя, затым — зноў пахаладанне, якое назіраецца і цяпер.

На тэрыторыі Прыпяцкага басейна адбываюцца землятрусы. Больш за ўсё было іх у XII ст., а апошняе — у 1986 г. Летапісныя крыніцы сведчаць і аб засухах на Прыпяці ў 994, 1008, 1092, 1095, 1224, 1332, 1473, 1585 гг., дажджлівыя леты зафіксаваны ў 1002, 1108, 1270, 1436, 1608, 1669, 1674 гг.

Аб водным рэжыме Прыпяці паведамляецца ў летапісах так: 1198 г.— "в се же лето вода бысть велика в Припяти", 1255 г. — на Прыпяці вельмі сухое лета і небывалае навадненне восенню, 1604 г.— улетку "также за великими дождями около великих рек трав ни трохи на сена не косили". Частыя на Прыпяці паводкі, катастрафічнае за апошнюю сотню гадоў назіралася ў 1845 г. Адзначаліся таксама паводкі 1886 г. (размыта чыгуначнае палатно на лініі Лунінец — Роўна, пашкоджаны мост), 1888, 1895, 1932, 1940, 1942 (на гэты раз Прыпяць дасягнула прыгарада Лунінца — вада заліла агароды і вуліцы Легава і Залесся), 1958, 1977 і 1979 гг. За апошняе стагоддзе самае вялікае восеньскае навадненне адбылося ў 1974 г., калі былі заліты вялікія прасторы.

Рачная сетка Прыпяці складаецца з 10,5 тысячы рэк і ручаёў. Буйныя прытокі прыпяці ў межах Лунінецкага раена.: Лань — 147 кіламетраў, Цна — 126. У міжрэччы гэтых рэк знаходзіцца вялікі балотны масіў Грычын, вядомы далёка за межамі рэспублікі. Агінскі канал, даўжынёю 54 кіламетры, пабудаваны ў 1776 — 1783 гг. злучае Прыпяць з Нёманам праз Ясельду і Шчару.

Прыпяцкі басейн багаты карысны мівыкапнямі — нафта, калійная і сталовая соль, газ, бурыя вуглі, сланцы, будаўнічы і абліцовачны камень (граніт і лабрадарыт). Мікашэвіцкае месцанараджэнне пастаўляе камень па многіх адрасах краіны. Мікашэвіцкі порт — адзіны ў раёне, злучаны каналам з Прыпяццю.

На верх старонкі