"Бервы" — масткі ў адно бервяно праз балота.
З фота А. К. Сержпутоўскага


Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Грычын

Тапанімічны слоўнік тлумачыць назву Грычын утварэннем ад асновы грыч — сабака (на рускай мове — пёс. — Л. К.). Гэта слова шырока ўжываецца ў старажытных пісьмовых крыніцах. Магчыма, нашы далёкія продкі, якія жылі ў раёне Грычына, называлі гэта гіблае і багністае месца "сабачым балотам".

Грычынскія балоты ўпершыню ўпамінаюцца ў гістарычных дакументах XVI ст. Часопіс "Минская старина" за 1913 г. паведамляе пра дакумент з Трайчанскага архіва (архіў Слуцкага Святатроіцкага манастыра. — Л. К.), у якім гаворыцца, што, "калі татары пад Слуцкі замак у 1503 г. прыйшлі, адступалі татары за раку Прыпяць праз Грычынскія балоты, там жа за ракою князь Сямён з другімі панамі іх нагалоў паразілі" (у гэтым перакладзе з польскай мовы ідзе размова пра вядомага слуцкага Сямёна Міхайлавіча Алелькавіча, які на чале войска Вялікага Княства Літоўскага сумеснаса Станіславам Кішкам, Юрыем Неміровічам і Альбрэхтам Гоштальдам разграміў татараў у раёне Давыд-Гарадка. — Л. К.).

У шэрагу гісторыка-геаграфічных выданняў мінулага і пачатку гэтага стагоддзя ўпамінаецца пра гэта ўнікальнае балота. "Живописная Россия" адзначае, што "тысячагоддзі аддзяляюць нас ад той эпохі, калі ўся даліна Прыпяці, ці так званае Пінскае Палессе, была заліта вадою — морам Герадота, краінаю вады і туманаў, як яе называе Дарый Гістасп у сваім паходзе на скіфаў. Існуе да гэтай пары непраходнае балота Грычын, што, паводле народнага падання, быццам бы і цяпер мае падземнае злучэнне з Чорным морам". Там жа ўказваецца, што ў паўночнай частцы Мазырскага павета каля мяжы са Слуцкім, часткова і ў Пінскім, знаходзіцца "вядомае балота Грычын, якое называюць залівам былога мора... больш адметнае ад іншых тым, што яно бесперапыннае, адкрытае і непраходнае. Паверхня яго займае не менш чым 500 верст. Калі-нікалі толькі ў вельмі гарачае лета яно даступна для зносін, але і толькі для вопытных старажылаў і не іначай як па вадзе".

Апісваючы ўнікальнае балота, аўтар артыкула "Природа Белоруссии" А.К. Кіркор адзначае, што ў знойнае лета балота, вясной яшчэ поўнасцю залітае вадой, ахутваецца празрыстай дымкай туману, які губляецца ў далёкай сіняве. "Месцамі відны высокія пагоркі, як быццам выспы. Іх прыкрывае значная расліннасць, ды і ўсё балота мае выгляд, як быццам пакрыта расліннасцю. Гэтыя пагоркі для нявопытнага, незнаёмага з мясцовасцю вёльмі небяспечныя. Часам у гарачую пару, хоць і з вялікімі цяжкасцямі, неяк можна дабрацца да іх, можна ўзлезці на самы пагорак і пратрымацца на ім некалькі хвілін, але тонкае спляценне каранёў, якое ўтварае пагорак, не вытрымлівае цяжару, яно прарвецца, і тады раскрыецца пякельная дрыгва, шго гатова праглынуць нявопытнага". Асабліва ўражліва апісаны пажары на Грычынскіх балотах: "...страшэнная карціна, калі ў гарачае лета загарыцца балотны торф. Ноччу ўсё неба палае велічнымі слупамі зарава. Звяры, апанаваныя жахам, бягуць, шукаюць выратавання ў вадзе, другія забягаюць у вёскі. Ніхто не тушыць гэтыя пажары, ды і няма ніякай магчымасці іх тушыць, калі праліўны і доўгі дождж не паспее на дапамогу".

У славутай кнізе "Россия. Полное географическое описание нашего отечества..." В.П. Сямёнаў таксама паведамляе, што паўночна-ўсходні ўскраек Пінскага павета заняты вядомым балотам Грычын. А наступныя звесткі ўзяты з "Путеводителя по Полесью" М. Марчака, які выдадзены ў 1935 г. Тут адзначаецца, што вялізны масіў, які займае больш за 4500 квадратных кіламетраў балот, называецца Хатыніцка-Чучавіцкімі Лугамі. Нам вядома вёска нашага раёна. На даваенных картах на поўнач, паўночны ўсход і ўсход ад Чучавіч побач з масівам Грычын адзначана балота Ясень, размешчанае паміж рэкамі Лань і Цна (і чыгуначнай лініяй Баранавічы — Лунінец), а далей за Ганцавічамі яно пераходзіць у Качай-балота (ці Качайку), у цэнтры якога знаходзіцца вёска Хатынічы. Гэтыя два паселішчы і далі назву вялікаму балоцістаму раёну, хаця цяпер ужываецца іншая тэрытарыяльная тапанімізацыя балот, назвы Хатыніцка-Чучавіцкія Лугі і Ясень не захаваліся на картах і ў энцыклапедычных даведніках. Да Качайскіх балот яшчэ не дайшла меліярацыя і асушэнне, ды і Грычынскія застаюцца своеасаблівай славутасцю Лунінеччыны.

Частку гэтага вялікага балотнага краю спрабавалі асушыць яшчэ ў першай палове XIX ст. Буйныя па тых часінах асушальныя работы вяліся на Грычынскіх балотах у Чучавічах — маёнтку князя Вітгінштэйна. Вялікія работы былі праведзены і Заходняй экспедыцыяй пад кіраўніцтвам генерала І.І. Жылінскага. У маёнтку Бастынь праклалі 50 вёрст каналаў, што садзейнічала асушэнню ўсходняй часткі балотнага ўрочышча Грычын, а таксама поўнасцю асушылі дарогу з Велуты ў вёскі Навасёлкі і Чучавічы. Праезд па ёй стаў магчымы ў любую пару года, а раней жыхары маглі наведваць адзін аднаго толькі ў суровыя зімы.

У 1892 — 1896 гг. у басейнах рэк Лань, Копанка, Лютая і Журавінная былі пракладзены тры магістральныя каналы працягласцю ў 45 вёрст, што азнаменавала пачатак асушэння аднаго з самых вялікіх балот Палесся.

Сёння пра Грычынскае балота, раскінутае на поўдзень, усход і паўночны ўсход ад Чучавіч, ведаюць няшмат. Толькі некалькі радкоў прысвечана былому ўнікальнаму месцу ў сучаснай "Популярной энциклопедии природы Белоруссии": "Грычын — нізіннае балота ў Лунінецкім, часткова ў Салігорскім раёнах у водазаборах рэк Лань і Цна. Плошча 32,2 тыс. га, прамысловае радовішча торфу на 18,8 тыс. га, сярэдняя глыбіня 1 метр. Часткова асушаецца, выкарыстоўваецца пад ворыва і сенажаць. На неасвоеных участках пераважаюць асака і чорнаальшанікі".

Страчана былая слава рэдкага помніка прыроды...

Леў Коласаў