• Азярніца
  • Багданаўка
  • Баравікі
  • Бараўцы
  • Барсукова
  • Бастынь
  • Бродніца
  • Велута
  • Вільча
  • Вічын
  • Вулька 1
  • Вулька 2
  • Вялікія Чучавічы
  • Дварэц
  • Дзятлавічы
  • Дрэбск
  • Дубаўка
  • Кажан-Гарадок
  • Кормуж
  • Красная Воля
  • Купаўцы
  • Лахаўка
  • Лахва
  • Лобча
  • Лугі
  • Лунін
  • Любажэрдзе
  • Любань
  • Любачын
  • Манасеева
  • Мелясніца
  • Мікашэвічы
  • Мокрава
  • Малыя Чучавічы
  • Моршчынавічы
  • Пас. Палескі
  • Обруб
  • Перунова
  • Ракітна
  • Рэдзігерава
  • Сінкевічы
  • Сітніца
  • Флярова
  • Цна
  • Чэрабасава
  • Яжаўкі
  • Язвінкі


  • Памяць
    Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

    Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

    З летапісу паселішчаў

    Азярніца

    У 1588 г. Азярніца — сяло маёнтка Лахва Наваградскага павета, уласнасць Мікалая Крыштофа Радзівіла, князя на Алыцы і Нясвіжы, і Яна Кішкі. У 1626 г. Езярніца — сяло маёнтка Лахва, 38 валок. У 1785 г. Езярніца — сяло маёнтка Лахва, 40 двароў.

    Багданаўка

    У 1800 г. фальварак і вёска, 51 двор сялянскі, 2 двары чыншавай шляхты, 160 мужчынскіх і 144 жаночыя душы сялян, 8 мужчынскіх і 3 жаночыя душы шляхты.

    Баравікі

    У 1785 г. Баравікі — сяло маёнтка Лахва, 8 двароў. У 1795 г. Баравікі — сяло маёнтка Лахва, уласнасць Радзівіла, якому належыць 7 двароў, і Шчыта, якому належыць 10 двароў.

    Бараўцы

    У 1800 г. Бараўня, веска маёнтка Кажан-Гарадок, 8 двароў сялянскіх, 23 мужчынскіх і 19 жаночых душ сялян.

    Барсукова

    У 1908 г. на асушаных землях маёнтка Лахва ўтворана вёска, якая, мяркуецца, названа імем землеўпарадкавальніка.

    Бастынь

    У 1458 г. Бастынь — сяло, дзяржаўная ўласнасць, пажалавана Радзівілу Осцікавічу. У 1520 г. — сяло, уласнасць Яна Мікалаевіча Радзівіла — земскага маршалка, дарагічынскага і слонімскага старасты, у 1539 г. — падчашага, жамойцкага старасты, васілішскага дзяржаўцы. У 1545 г. Бастынь — сяло маёнтка Ліпск. У 1550 г. — уласнасць Мікалая Юр'евіча Радзівіла, сяльцо і дварэц (маленькі двор). У 1567 г. — сяло, уласнасць Станіслававай Кішчынай — Ганны Радзівілаўны, сяляне-даннікі, з гэтага маёнтка ў войска ВКЛ выстаўлялі аднаго каня на два двары. У 1588 г. — сяло Наваградскага павета, уласнасць Яна Кішкі — віленскага кашталяна.

    У 1603 г . — сяло маёнтка Люсіна (Палескай воласці) Наваградскага павета, уласнасць Станіслава Станіслававіча Кішкі. У 1613 г. — сяло маёнтка Кажан-Гарадок Наваградскага павета, уласнасць Мікалая Станіслававіча Кішкі, маецца царква, зямлі 67 валок (прыкладна 130 двароў).

    У 1750 г. арандатар вёскі памешчык Шчыт пабудаваў царкву ў імя Святой Вялікапакутніцы Параскевы.

    Па апісанні 1864 г., царква адносіцца да 5-га класа, драўляная. Штатнага жалавання прычту 236 рублёў і, звыш таго, за памінанне сваякоў памешчыка кажан-гарадзецкага Іосіфа Шчыта 36 рублёў серабром штогод. Зямлі прысядзібнай, ворыўнай і сенажаці каля 30 дзесяцін. Прыхаджан мужчынскага полу 481 душа і жаночага — 515. У 1877 г. царква капітальна адрамантавана. Па апісанні 1879г., царва драўляная, у выглядзе працяглага крыжа з адным купалам, пафарбаваным у зялёны колер, з адным ярусам вокнаў і аднымі ўваходнымі дзвярыма, мела каля 20 кв. сажняў унутранай плошчы. Тут знаходзіўся двух'ярусны іканастас з пілястрамі, пазалотай, драўлянай разьбой і рамамі для 15 абразоў. Усе іконы намаляваны мясцовымі мастакамі, але гэта былі копіі з вядомых акадэмічных арыгіналаў. Прастол адзін у імя Святой Вялікапакутніцы Параскевы. Царкоўны посуд быў малакаштоўным: некалькі сярэбраных рэчаў — 2 паціры, 2 сподачкі лыжыца і 1 старажытная уніяцкая дарахавальніца ў выглядзе шара (сведчанне прыналежнасці на некаторы час праваслаўнай Бастынскай царквы да уніятаў). Адно Евангелле было ў вызалачаным вокладзе, другое — у аксамітавым пераплёце з сярэбранымі накладкамі. Пры храме мелася невялікая бібліятэка, архіў метрычных кніг з 1793 г. і спавядальныя спісы з 1842 г. Богаслужбовых кніжак было няшмат. У 1608 г. памешчык Шчыт выдаў дакумент, які там і захоўваўся, аб тым, што на карысць цэрквам і прычту штогод перадавалася па волі завяшчацеля 36 рублёў.

    У асобна размешчанай званіцы мелася 4 званы: адзін — 3 пуды, астатнія — па 2.

    З 1921-га да смерці ў 1956 г. свяшчэннікам царквы быў Віталь Васільевіч Вячорка, пахаваны на невялікім цвінтары Лунінецкай царквы.

    У 60-ыя гады царкву разбурылі. Нельга не адзначыць, што мясцовыя жыхары адмовіліся зрабіць гэта. Былі выкліканы салдаты з Лунінецкага гарнізона, якія ўзарвалі храм.

    Да царквы належалі Вялуцкая Святатроіцкая царква і могілкавая Бастынская Нікадзімаўская драўляная царква, пабудаваная ў 1805 г. памешчыкам Іосіфам Шчытом і прыхаджанамі.

    У 1795 г. сяло Бастыня ў складзе Кажан-Гарадоцкага маёнтка — 87 двароў, маецца уніяцкая царква.

    У 1870 г. — "село Бостына, помещичье владение, 95 дворов, 392 мужчины, 408 женщин, 1 церковь, 1 водяная мельница. В селенье нет хорошей воды". У 1873 г. вёска знаходзіцца ў Пінскім павеце Мінскай губерні, у 2-ой благачыннай акрузе, у лясіста-балоцістай, "скучной местности", "при глухой просёлочной дороге в трёх верстах от речки Цна", мае "84 дыма", гэта значыць хат. Ад Мінска ў 218, ад Пінска і паштовай станцыі — 80, да бліжэишай чыгуначнай станцыі Гарадзея — 195 вёрстаў. У 1886 г. у Бастыні, якая названа былым валоданнем, налічвалася 806 жыхароў пры 89 дварах.

    Пасля будаўніцтва чыгуначнай лініі Лунінец — Баранавічы ў 1884 г. праз некаторы час з'явіўся прыпынак, паўстанак, а потым і станцыя Бастынь.

    Бродніца

    У 1604 г. — сяло Наваградскага павета. У 1613 г. — сяло маёнтка Кажан-Гарадок Наваградскага павета, уласнасць Мікалая Станіслававіча Кішкі. Зямлі 30 валок (прыкладна 60 двароў). У 1795 г. у вёсны 4 карчмы.

    Велута

    У 1588 г. — сяло Наваградскага павета, уласнасць Яна Кішкі, у 1613 г. — сяло маёнтка Кажан-Гарадок Наваградскага павета, уласнасць Мікалая Станіслававіча Кішкі Зямлі 30 валок (прыкладна 60 двароў). У 1795 г. Велюта — сяло маёнтка Кажан-Гарадок, 68 двароў, маецца лесапільны завод.

    Святатроіцкая царква. Пабудавана ў 1803 г. прыхаджанамі, драўляная. Належала да Бастынскай царквы. Не захавалася.

    У 1886 г. "Велуто" — былое валоданне, пры рацэ Цна, двароў 46, жыхароў 102, праваслаўная Святатроіцкая царква, на могілках — капліца. У 1893 г. Велута — сяло, вялікае і даўняе валоданне князёў Друцкіх-Любецкіх, каля 406 валок зямлі, знаходзіцца ў Пінскім павеце, 1-ай паліцэйскай акрузе Лунінскай воласці, у 110 вярстах ад Пінска, 134 жыхары, 61 дом, 127 дзесяцін зямлі. Мясцовасць маланаселеная, глухая, наўкол пушчы. На ўсход ад Велуты — вялікія Грычынскія балоты, на заходнім ускрайку вёскі ў Цну ўпадае невялікая рэчка Штыр.

    Вільча

    У 1493 г. Вельча — сяло маёнтка Лахва, уласнасць Пятра Янавіча Мантыгірдавіча — троцкага ваяводы. У 1528 г. Вільча — уласнасць Ганны Кішчанкі, удавы Яна Мікалаевіча Радзівіла. У 1588 г. Вельча — уласнасць Мікалая Крыштафа Радзівіла, а ў 1589—1616 гг. — сяло з панскім дваром. У 1672 г. у Вельчы — 24 двары і 15,4 валокі. У 1785 г. у Вільчы — 19 двароў.

    Вічын

    У 1493 г. Вічын — сяло маёнтка Лахва, уласнасць Пятра Янавіча Мантыгірдавіча. У 1588 г. Вічын — сяло Наваградскага павета, уласнасць Яна Кішкі. У 1613 г. Вічын — сяло маёнтка Кажан-Гарадок Наваградскага павета, уласнасць Мікалая Станіслававіча Кішкі. Зямлі 30 валок. У 1756 г. у вёсцы на сродкі памешчыка Івана Шчыта пабудавана Святатроіцкая царква.

    Па апісанні 1894 г., адносіцца да 5-га класа, драўляная. Штатнага жалавання прычту 236 рублёў срэбрам у год. Зямлі сядзібнай, ворыўнай і сенажацяў — каля 50 дзесяцін. Прыхаджан мужчынскага полу 573 душы і жаночага — 590 душ.

    Па апісанні 1879 г., царква пафарбавана ў чырвоны колер, мела выгляд прадаўгаватага крыжа з трыма купаламі — адным вялікім і двума малымі. Дах царквы і два малыя купалы былі пакрыты гонтай, вялікі — "англійскай бляхай". Унутраная плошча складала 30 кв. сажняў. Мелася 3 дзверы, два ярусы вокнаў, столь і падлога драўляныя, сценкі пафарбаваныя, пячное ацяпленне адсутнічала. На 5-ярусным іканастасе з калонамі і пілястрамі з залачонымі рамкамі былі размешчаны 13 добра выкананых абразоў невядомага мастака. Прастол адзін у імя святой Жывапачатковай Троіцы. Царкоўны посуд не ўяўляў каштоўнасці, срэбра было нізкапробным, з 13 рыз дзве былі вельмі старымі. Мелася таксама 2 Евангеллі ў медных акладах. У царкоўным архіве захоўваліся метрычныя кнігі рэгістрацыі нараджэння і шлюбу — з 1755 г., памёршых — з 1722 г.

    Славутасцю царквы была ікона Божай Маці, якая вельмі шанавалася 1200 прыхаджанамі, у яе гонар рабіліся малебны і хрэсныя ходы. Ікона была напісана на дошцы "размерам 12 вяршкоў", мела некалькі невялікіх сярэбраных прывесак у выглядзе рук і двух сэрцаў, пласцінкі з імёнамі ахвяравацеляў.

    Гэта ікона была падорана ў канцы XVIII ст. свяціцелем Дзмітрыем мітрапалітам Растоўскім (1651 — 1709), які быў прылічаны рускай праваслаўнай царквой да ліку святых (1752 г.). У 70-ыя гады XVII ст. ён "по любви своей к церкви православной... поспешил на помощь бедствующей православной Литве, угнетаемой тогда иезуитами, и более года проповедовал в Слуцке и других окрестных городах и селениях Минской области". Тады ён наведаў Дзятлавіцкі манастыр і Вічынскую царкву, як адлюстравана ў царкоўных дакументах, "сие место освящено присутствием и молитвами Святителя Димитрия Ростовского... Святитель Христов Димитрий был и в сем храме и благославил прихожан его и заповедал им твердо держаться истины православия и, терпя преследования от римлян, не унывать, а всю надежду возлагать на Бога и искать заступничества Божьей Матери. Молитвы Святителя услышаны Богом, и на этом месте после временного господства унии опять воссиял свет веры православной". Мяркуючы па гэтым, царква ў Вічыне некаторы час належала уніятам і існавала яшчэ ў XII ст.

    Царква была агароджана тоўстымі бярвеннямі і знаходзілася на некаторай адлегласці ад вёскі. Званіца з 4 званамі вагой у 4, 2,5, 2 і 1 пуд, была пабудавана асобна.

    У прыходзе было 4 могілкі, адны з якіх — вельмі старыя. Ні на адных не мелася ні царквы, ні капліцы.

    Разбурана ў 60-ыя гады XX ст. Цяпер будуецца новая.

    У 1870 г. Вічын — валоданне кажан-гарадоцкага памешчыка Шчыта 42 двары, 185 мужчын і 175 жанчын размешчана на рацэ Цна, у 2-ой благачыннай акрузе, да губернскага горада 248 вёрстаў, да павятовага — 89, бліжэйшая паштовая станцыя ў Пінску. Насельніцтва сялянскага саслоўя, займаецца земляробствам. Зямля ў Вічыне лічылася ўрадлівай, вакол была шмат добрых лугоў, а вось пітная вада была дрэннай. У 1886 г. Вічын — былое валоданне, 45 двароў, 380 жыхароў. У 1893 г. Вічын належыць да 1-ай Пагосціцкай паліцэйскай акругі Кажан-Гарадзецкай воласці, у 15 мілях ад Пінска, 42 дамы і 376 жыхароў. Мясцовасць адзначаецца як "уединенная, малонаселенная, скучная".

    Вулька 1

    Два новыя паселішчы: Волька, што існуе і цяпер, і Дняпрэц, які знаходзіўся недзе ў нізоўях р. Бобрык, узніклі на частцы маёнтка Малы Лулінец, які пасля спадчынных спрэчак дастаўся Ганне Харлінскай. У 1851 г. — двор маёнтка і сяло Наваградскага павета, уласнасць Мікалая Харлінскага і яго жонкі княгіні Ганны Багданаўны Любецкай. У час наезду з маёнтка Лунін двор быў спалены. У 1595 г. — Волька, Дняпрэц-сяло — маёнтак Наваградскага павета, уласнасць Харлінскай і яе сыноў. У 1600 г. адбылося размежаванне зямель паміж маёнткам Лунінец, які належаў Барбары Нарушэвіч, і Волькай, якая ў той час належала Сымону Мікалаевічу Харлінскаму , ротмістру. Сяло Дняпрэц належала яго братам. У 1795 г. у вёсцы існуе уніяцкая царква, якая была дагэтуль і пазней засталася праваслаўнай.

    Святатроіцкая царква –— належала Лунінскай Барысаглебскай царкве. Знаходзілася на адлегласці амаль 1 км ад вёскі, на поўдзень, за ўрочышчам Дварышча і Кудынёва, пабудавана была на невялікім узвышшы ў 136 м над узроўнем мора, ва ўрочышчы з характэрнай назвай Горка, паблізу ад дарогі, якая вяла да Прыпяці.

    Тут знаходзілася "местночтимая чудотворная икона Божьей Матери с Предвечным младенцем". Штогод 2 лютага адзначаўся дзень гэтай іконы, якая мела ў вышыню 11/4 аршына і ў шырыню 1 аршын: была напісана на залатым фоне на драўлянай дошцы. Старажытны славянскі надпіс сведчыў: " + сей образ нада все мужестве и вся воля и се село +".

    Штогод шырока адзначалася таксама прастольнае свята — Тройца. На другі дзень яе ў вёску сцякалася шмат людзей з наваколляў. На богаслужэнні прысутнічала шмат свяшчэннікаў, прадстаўнікоў вышэйшага духавенства, адбываўся хрэсны ход. Дарога ад вёскі да царквы ўпрыгожвалася зелянінай, пасыпалася аірам.

    Параскевінская царква. Па апісанні 1864 г., пабудавана на могілках вёскі ў 1760 г. прыхаджанамі. Належала Лунінскай Барысаглебскай царкве.

    З-за яе ў 1799 г. пачалося судовае разбірацельства паміж праваслаўнымі і уніяцкімі царкоўнымі ўладамі. Пасля далучэння да Расіі тагачасны благачынны Сушчынскі вырашыў закрыць уніяцкую капліцу, якую там размясцілі, што і было зроблена. Вулькаўскі жыхар Зялёнка, эканом маёнтка князя Любецкага, запрасіў да сябе навакольных ксяндзоў на чале з дэканам і разам з дваровымі людзьмі, узброенымі каламі і стрэльбамі, пайшлі да капліцы, сарвалі замкі і пячаткі "ксёндзы переосвятили каплицу и совершили в ней римское богослужение" и карысталіся капліцай некалькі разоў. Пра тэта тэрмінова паведамілі праваслаўнаму духоўнаму начальству ў Пінск, адкуль была накіравана пісьмовая скарга ў Пінскі ніжні земскі суд. Аднак справа зацягнулася. Вусныя напамінанні выніку не далі. Тады абодва бакі накіравалі скаргі ў кансісторыю канцылярыі мінскага губернатара і рымска-каталіцкага епіскапа. Толькі ў пачатку XIX ст. справа вырашылася на карысць уніятаў.

    Не захавалася .

    Вулька 2

    У 1613 г. — Воля, сяло маёнтка Кажан-Гарадок Наваградскага павета, уласнасць Мікалая Станіслававіча Кішкі. Зямлі 30 валок (прыкладна 60 двароў).

    Вялікія Чучавічы

    У 1577 г. — Чучавічы, сяло Наваградскага павета, уласнасць Мікалая Юр'евіча Радзівіла — віленскага ваяводы. У 1626 г. Чучавічы — сяло Лахвенскага маёнтка, зямлі 57 1/3 валокі (прыкладна 115 двароў). Некаторы час сяло прыпісана да Нясвіжскага маёнтка. У 1795 г. Вялікія Чучавічы — сяло зноў Лахвенскага маёнтка, 55 двароў. У 1795 г. — маецца уніяцкая царква. Пасля Радзівілаў вёска перайшла ў валоданне князя Пятра Вітгенштэйна. У 1851 г. на яго сродкі ўзведзена Пакроўская царква, папярэдняя згарэла. Па апісанні 1798 г., царква драўляная, пабудавана ў выглядзе прадаўгаватага крыжа з пяццю купаламі і званіцай з чатырма званамі — адпаведна ў 5,5 пуда; 2,5; 2 і паўпуда, з двума ярусамі вокнаў і трыма ўваходнымі дзвярамі. Дах царквы драўляны, пафарбаваны ў зялёны колер. Пячное ацяпленне не прадугледжвалася. Унутраная прастора мела каля 35 кв. сажняў, падлога драўляная. Дашчаты іканастас складаўся з 13 ікон, размешчаных у 2 ярусы і напісаных на палатне. Царква мела адзін прастол, была беднай посудам — некалькі пасярэбраных сасудаў, бляшанае панікадзіла, два крыжы: медны пасярэбраны і пазалочаны. Налічвалася 6 аблачэнняў для свяшчэнніка, але толькі 3 з іх можна было апранаць. Адзінае богаслужбовае Евангелле было ў металічным акладзе.

    Па апісанні 1990 г., пабудова трохзрубная, складаецца з прамавугольнага бабінца, квадратнага ў плане цэнтральнага і пяціграннага алтарнага зрубаў. Цэнтральны чацвярык у другім ярусе пераходзіць у васьмярык з дапамогай ветразяў, якія відаць знадворку. Васьмярык пакрыты пластычным чатырохсхільным дахам і завершаны дэкаратыўным пяцігалоўем. Дах пакрыты гонтай. Будынак гарызантальна ашаляваны. Сцены прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі. Уваходы акцэнтаваны крытымі слупавымі ганкамі. Званіца прыбудавана да бабінца, трох'ярусная, ніжнія ярусы — чацверыкі, верхні — васьмярык, завершана шатровым дахам. У інтэр'еры вылучаецца двухсветлавы завершаны купалам цэнтральны аб'ём, з якім злучаюцца больш нізкія бабінец і алтарнае памяшканне, агароджанае разным вызалачаным іканастасам (XIX ст.).

    Помнік архітэктуры, які характарызуе развіццё ў XIX ст. традыцыйных для Палесся ярусных кампазіцый. Дзеючая.

    У 1870 г. у вёсцы 45 двароў, 188 мужчын і 199 жанчын. У 1880 г. — "Чучавічы Вялікія і Малыя — сяло і фальварак у Мазырскім павеце. Адлегласць ад Мазыра 50 міль, ад Слуцка — 20, стан паліцыі за 15 міль Колькасць зямлі — 1176 дзесяцін, з іх ворыва — 92, лугоў — 104, балот непраходных — 7715, лясоў — 10 600, хмызняку — 2200, няўдобіц — 2000 дзесяцін. Народ спавядае праваслаўную веру. Замест дарог — пляцёнкі дрэў, укладзеныя ў балота. Жыхары займаюцца развядзеннем жывёлы і пчалярствам, хаця яно і дрэнна вядзецца, і прыносіць мала прыбытку таму што мёд скупляецца заезжымі яўрэямі-карчмарамі. Народ убогі і цёмны".

    У 1886 г. у вёсцы 58 двароў, 530 жыхароў, маецца валасное праўленне, старшынямі якога былі Павел Грыцкевіч (1911 і 1913 гг.), Трафім Ліхтар (1914), Фёдар Курак (1915), а пісарамі — Іван Цітоў, Юльян Скап'ян, Міхаіл Філітараў.

    У 1878 г. адзначаецца, што жыхары Чучавіч па-майстэрску ловяць уюноў, вырабляючы для гэтага спецыяльныя лавушкі з лазы. Смажаныя і сушаныя ўюны, якія пастаўлялі з Чучавіч, карысталіся попытам на кірмашах у Слуцку, Навагрудку, Мінску, Вільні. У 1905 г. паведамляецца, што "навакольныя жыхары ведаюць многа смешных апавяданняў пра чучавічцаў. Наогул гэта мясцовасць адметна па першабытнасці жыхароў і прыроды".

    Восенню 1905 г. было пачата будаўніцтва чучавіцкай веткі Палескіх чыгунак ад станцыі Люшча да прыпыначнага пункта Канал даўжынёю ў 27,8 вярсты, які праходзіў праз вёскі Навасёлкі і Вялікія Чучавічы. Пры гэтым улічваўся рэльеф мясцовасці і прыродныя ўмовы. 3-за моцнай забалочанасці чыгунка быццам бы вярталася ў напрамку да Лунінца, агібала сядзельскае балота, лясіста-нізінныя ўрочышчы Сядзельскі Бор і Мушыну Ніву і накіроўвалася прама на поўнач, перасякаючы раку Цна і яе балоцістую пойму ля ўрочышча Сокалаў Рог (праз яе быў пабудаваны невялікі драўляна-бетонны мост). Далей ветка перасякала невялікі прыток Цны — рэчку Штыр ля ўрочышча Шпакоўка, ішла ўздоўж канала, за Навасёлкамі ва ўрочышчы Зялёнае паварочвала на паўночны ўсход да Вялікіх Чучавіч. За вёскамі дарога праходзіла праз лясны масіў і ўрочышча Рачкі, перасякала канаву Заазёрскую і ля хутара Бор паварочвала на паўднёвы ўсход, да канаў Крынічнай і Плёса. Тут і знаходзілася канчатковая тупіковая станцыя чучавіцкай веткі — Канал.

    Чыгуначнікі станцыі Люшча і будаўнікі чучавіцкай веткі ў кастрычніку — снежні 1905 г. прынялі ўдзел у падзеях Усерасійскай стачкі.

    Пасля здачы ў эксплуатацию 25 сакавіка 1908 г. па чучавіцкай ветцы стала вывозіцца драўніна, неабходная дрэваапрацоўчым прадпрыемствам наваколля, у тым ліку — на Лунінецкі шпалапрапітачны завод для вырабу чыгуначных шпал, а таксама ў цэнтральныя раёны Расіі і на Украіну для выкарыстання пад крапёжны лес для шахтаў.

    Курсіраваў цягнік, які падвозіў на лесараспрацоўкі рабочых і служачых, дастаўляў на станцыю Люшча платформы з драўнінай. Потым хадзіў яшчэ адзін — цягнік № 23 — 24 з таварнымі платформамі і пасажырскімі вагонамі 2-га і 3-га класаў. Расклад руху цягнікоў, занатаваны ў "Памятной книжке Минской губернии за 1913 год", адпавядае і 1914 г., калі таварна-пасажырскі цягнік Люшча — Чучавічы — Канал меў нумар 33 — 34.

    У 1914 г. начальнікам станцыі Чучавічы быў адстаўны падпаручык Антон Адамавіч Лянчэўскі, станцыі Канал — Уладзімір Мікалаевіч Казун. Да пачатку 1917 г. на абедзьвух станцыях пасады начальніка былі вакантнымі.

    У жніўні 1913 г. у Чучавічах было адкрыта паштовае аддзяленне, хаця неафіцыйна пошта пачала функцыяніраваць тут яшчэ з сакавіка. Ажыўленую перапіску вялі валасное ўпраўленне, царква, настаўнікі. Дагэтуль карэспандэнцыя адпраўлялася і атрымоўвалася ямшчыкамі, аказіяй, земскай поштай або яе вазілі да бліжэйшай паштовай станцыі, што з уводам у дзеянне вузкакалейкі было даволі зручна.

    З паштовых дакументаў даведваемся прозвішчы некаторых тагачасных жыхароў Чучавіч: настаўніц Ганны Лужковай і Ганны Садоўнікавай, псаломшчыка Вяроўскага, удавы псаломшчыка Яўгеніі Васільеўны Радзівіловіч. Хочацца адзначыць перапіску гадоў першай сусветнай вайны з военачальнікамі паветаў, з камандзірам 389-ай пешай Мінскай дружыны — магчыма, там праходзілі службу апалчэнцы з Чучавіч.

    Начальнікам пошты ў 1915 г. быў В.Ф. Саноцкі, у 1916 — А.А. Бухцярэвіч.

    Дварэц

    У 1588 г. — сяло Наваградскага павета, уласнасць Яна Кішкі. У 1613 г. — сяло маёнтка Кажан-Гарадок Наваградскага павета, уласнасць Мікалая Станіслававіча Кішкі, зямлі 40 валок (прыкладна 80 двароў).

    Дзятлавічы

    У 1566 г. Станіслаў Андрэевіч Давойна — стрыечны брат полацкага ваяводы Станіслава Давойны, які трапіў у маскоўскі палон, — ад імя свайго родзіча прадаў шляхціцу Паўлу Падарэўскаму сяло Дзяцелавічы. У 1567 г. гэты ўласнік маёнтка павінен быў ставіць у войска ВКЛ конных воінаў, гэта азначае, што Дзяцелавічы налічвалі каля 40 сялянскіх двароў. Гэта быў першы шляхецкі маёнтак на Лунінеччыне, які ўжо не быў задаткам да вялізных магнацкіх вотчын. У 1578, 1580, 1581 гг. Дзяцелавічы — двор-цэнтр маёнтка Наваградскага павета, уласнасць Мікалая Паўлавіча Падарэўскага, мае 60 служб сялян-даннікаў. У 1588 г. Дзяцелавічы — сяло Наваградскага павета, уласнасць Мікалая Падарэўскага. У 1599 г. — мястэчка Наваградскага павета. У 1604 г. — маёнтак Наваградскага павета, уласнасць Ганны Мікалаеўны Падарэўскай і яе мужа Крыштофа Коса, а таксама Адама Падарэўскага, яе дзядзькі, раздзел, абмежаванне.

    Хутка Падарэўскія прадалі Дзяцелавічы Якубу Кунцэвічу. Апошні прыходзіўся родзічам Барбары Нарушэвіч, ад якой набыў належачы ёй маёнтак Лунінец. У 1618 г. Якуб Кунцэвіч разам з сынам Мікалаем прадалі Лунінец і Дзяцелавічы Канстанціну Багданавічу Долмату. У 1620 г. — 68 валок зямлі.

    Асаблівасцю маёнтка былі вялікія сялянскія надзелы — тыповым быў надзел не ў паўвалокі, а ў цэлую валоку. Тут 6,5 валокі часова пуставалі, а астатнія 61,5 — належалі 5 баярскім і 58 сялянскім дварам. У Дзяцелавічах з 1 валокі належала плаціць чынш у памеры 1 капы (60 грошаў). Але тут з'явілася так званая "пашня дворская" — панская ворыўная зямля, якую сяляне павінны былі апрацоўваць узамен іншых павіннасцей. 3 кожнай валокі трэба было адпрацаваць на ёй 2 дні ў тыдзень. Апрача чыншу і прыгону, захоўвалася і натуральная даніна (дзякло) у памеры 1 медніцы мёду ёмкасцю ў 28 кварт (крыху менш 20 літраў), па дзежцы жыта і аўса, 3 курыцы і 10 яек у год.

    Міхась Спірыдонаў


    Прэабражэнская царква. Знаходзіцца на паўночны ўсход ад вёскі, недалёка ад ракі Цна. Пабудавана ў 1823 г. на сродкі Дзяцелавіцкага манастыра. У 1855 г. манастырская царква стала прыходскай, прыбытак 75 рублёў у год, 37 дзесяцін царкоўнай зямлі — ворыва і сенажацяў. У 1859 г. пасаду свяшчэнніка займаў студэнт семінарыі Дзіанісій Навіцкі, а псаломшчыка — Лявонцій Вячорка. У іх карыстанні знаходзіліся 2 жылыя будынкі, 2 амбары, варыўня, 2 гумны і 4 хлявы. У 1871 г. царква была нязначна перароблена. У красавіку 1873 г. пры царкве створана прыходскае папячыцельства, членамі якога былі выбраны сяляне Мірон Канапацкі, Аляксей Жук, Якім Канапацкі, Апанас Насковіч, Стэфан Кацуба, Лонгін Навіцкі, Лука Леўшыц. Прыхаджан 500 душ мужчынскага і 587 — жаночага полу, "рэчамі царква дастатковая". У 1876 г. для настаяцеля царквы быў перароблены дом з амбара на сродкі прыхаджан, пакрыты чаротам, "халодны і не змястоўны". У 1879 г. у прыходзе 2 могілак. Адны — царкоўныя — абнесены драўлянай агароджай, якую зрабілі прыхаджане. Аб старых — манастырскіх — адзначана: "Паблізу сяла ёсць гара, на якой шмат адкрываецца чалавечых касцей, а у самым паселішчы ёсць месца крыху ўзвышанае, на якім пад навесам стаіць ікона, а побач з ёю — тры крыжы. На абодва гэтыя месцы старажылы ўказваюць як на былыя могілкі". У склад прыходу, акрамя Дзятлавіч, уваходзяць вёскі Бараўцы і Купаўцы, прыхаджан 580 мужчын і 520 жанчын, усе сяляне і земляробы, рэлігійнасць іх "у задавальняючым стане". Сярод прыхаджан распаўсюджаны розныя забабоны, напрыклад звычай разводзіць вечарам агонь у варотах дома, дзе хто-небудзь памёр, каб "нябожчык пагрэў ногі". Багадзельні і школы не было, "ад чаго працэнт пісьменнасці ледзь заўважаны". У 1879 г. мела выгляд даўгаватага крыжа з пяццю купаламі, накрытымі белай бляхай і гонтавым дахам. Рамантавалася ў 1870—1871 гг. Адзначалася, што "в стенах и крыше здание церкви не совсем прочное", хаця і быў зроблены рамонт. Звонку царКва не "была пафарбавана, як і сцены ўнутры, дах жа быў чырвонага колеру, столь падшыта дошкамі, падлога драўляная. Ацяплення не было. Унутраная паверхня складала 30 кв.сажняў.

    Царква мела два прастолы: галоўны — у імя Прэабражэння Гасподня і прыдзельны — у імя Свяціцеля Мікалая. Шасціярусны іканастас складаўся з 50 "ікон старога пісьма", частка рам якіх была пакрыта пазалотай. Відавочна, іканастас Дзяцелавіцкай царквы ўяўляў мастацкую каштоўнасць, ствараўся ж на працягу амаль двух стагоддзяў. Аб старых манастырскіх часінах нагадвалі і своеасаблівыя пячоры — "под всею церковью были устроены погреба, в которых имеется много гробов, но, кому они принадлежат, неизвестно".

    У 80-ых гадах XIX ст. у Дзяцелавіцкай царкве меўся яшчэ посуд, які раней належаў манастыру. На дне аднаго з сярэбраных сасудаў чыталася: "Сию чашу... в Киево-Печорскую лавру церковь соборную дал тоя ж лаври иеромонах Иезекииль Богодуховский. 1763 года месяца марта 18 числа". Самым значным па старажытнасці і каштоўнасці лічыўся запрастольны крыж. З надпісу на ім вынікала, што крыж пастаўлены "при державе пресветлого короля нашего Станислава... Благочестивейшей... императрице Екатерине Алексеевне... и наследнике ея... Великом князе Павле Петровиче " з благаславення Свяцейшага Сінода і архімандрыта Кіева-Пячорскай лаўры Власевіча. Надпіс нагадваў, штў манастыр стварыўся тщанием прежде бывших игуменов" манахамі. Апошні радок - аб тым, што крыж зроблены "при игумене обители сия Всечестном иеромонахе Руфе Дунаевском. 1766 г. июля 13."

    З манастырскіх рэліквій у царкве засталося "одно рукописное Евангелие в бархатном переплете без означения когда и кем оно писано". Другое Евангелле — богаслужбовае у металічным з фініфцю акладзе. І ўсё ж Прэабражэнская царква ў Дзяцелавічах лічылася беднай. Увесь царкоўны посуд быў з нізкапробнага срэбра, малакаштоўны, "ризница может быть определена не очень достаточною, из 14 риз только 3 годных к употреблению". Не ўпамінаецца аб манастырскай бібліятэцы. "В церковном архиве метрические книги имеются с 1812 г., а церковные реестры — с 1863, т.е. со времени открытия прихода". З вышэйсказанага зразумела, што ад манастырскай маёмасці амаль нічога не засталося.

    Асобна ад царквы была пабудавана званіца. Пяць званоў мелі адпаведна вагу 25 пудоў 28 фунтаў; 18, 15, 10 і 1 пуд. Трэці звон быў з імянным над пісам: "Слил Андрей Волондовски из Рожаней. Буди меня Господне благословенно от ныне и во веках".

    Па апісанню 1990 г., кампазіцыя будынка развіта па падоўжанай восі да галоўнага квадратнага ў плане аб'ёму далучаны з усходу група алтарных памяшканняў (апсіда і 2 рызніцы), з захаду — бабінец з 2 бакоўкамі. Асноўны зруб завершаны купалам з васьмерыковым светлавым барабанам, накрытым шатровым дахам. Чатыры чацверыковыя вежы са складанымі барачнымі купалкамі размешчаны на вуглах пабудовы і разам з цэнтральным купалам утвараюць завершаную цэнтрычную кампазіцыю. Сцены вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі. Прамавугольныя аконныя праёмы аздоблены ліштвамі. Трохсветлавы асноўны аб'ём злучаецца праёмамі з бабінцам і гранёным алтарным зрубам. На паўднёвым баку царквы размешчаны двух'ярусная званіца зрубна-каркаснай канструкцыі (васьмярык на чацверыку), увянчаная шатровым дахам.

    Царква — прыклад драўляных культурных пабудоў з рысамі архітэктуры барока і класіцызму.

    У 60-ыя гады ўнутранае ўбранне дарквы было разбурана.

    У 1848 г. Дзятлавічы — сяло дзяржаўнае (казённае). У 1879 г. у вёсцы адкрыты вадамерны пост. У 1884 г. Дзятлавічы — вёска ва ўсходняй частцы Пінскага павета Лунінскай воласці, над ракой Цна з правага боку ў 1-ай Лагішынскай паліцэйскай акрузе, у 1-ай Пагосцкай судовай і ваеннай акрузе. Пасля адкрыцця ўчастка Баранавічы — Лунінец Палескай чыгункі ў снежні 1884 г. у 2 км ад вёскі створана станцыя Дзятлавічы. Тут спыняўся на 2 хвіліны паштовы поезд № 3 і таварна-пасажырскі — № 7. Начальнікам станцыі Дзятлавічы ў пачатку XX ст. быў П.Д. Чудзіновіч.
    Леў Коласаў

    Дрэбск.

    У 1613 г. — Дрэпская Даліна, сяло маёнтка Кажан-Гарадок Наваградскага павета, уласнасць Мікалая Станіслававіча Кішкі. Зямлі 35 валок (прыкладна 70 двароў).

    У 1795 г. — Дрэбск, сяло Кажан-Гарадзецкага маёнтка, уласнасць Шчыта, 94 двары.

    У 1881 г. — вёска ў Кажан-Гарадзецкай воласці, 1-ай Лагішынскай паліцэйскай акрузе, уласнасць Шчытоў, 225 жыхароў. У 1886 г. пракладзена чыгунка Лунінец — Гомель, якая дзеліць вёску на 2 амаль роўныя часткі.

    Дубаўка.

    У 1800 г. веска маёнтка Лунін, 7 двароў сялянскіх, 29 мужчынскіх і 39 жаночых душ сялян.

    Кажан-Гарадок.

    У 1493 г. Гарадзец — сяло маёнтка Лахва, уласнасць Пятра Янавіча Мантыгірдавіча.

    Гісторыкі XIX ст. выказвалі думкі што гэта вельмі старажытнае мястэчка, хаця ніякіх звестак аб ім не захавалася. Паблізу мястэчка знаходзяцца дагістарычныя валы. З раду могілкавых курганоў выдзяляецца адзін, які знаходзіцца на плыні ракі, пры вусці Цны ў Прыпяць — Відзіуш-Гара, якую ўжо сотні гадоў прымаюць за магілу рымскага паэта Авідзія. Некаторыя аўтары мяркуюць таксама, што па самому размяшчэнню і па адносінах да Давід-Гарадка і іншых мястэчак сяло ўваходзіла ў састаў нейкай старажытнай умацаванай лініі, магчыма, нават далучалася да "Гарынскіх гарадоў", хаця і ляжала ўжо за Прыпяццю.

    У 1588 г. Гарадзец — сяло, маёнтак Наваградскага павета, уласнасць Яна Кішкі, віленскага кашталяна, жамойцкага і берасцейскага старасты. У 1594 г. Гарадзец ("имение Лаховское"), двор, цэнтр маёнтка Наваградскага павета, уласнасць Станіслава Станіслававіча Кішкі — віцебскага ваяводзіча. У 1599 г. Кажан-Гарадок — мястэчка Наваградскага павета.

    У 1603 – 1605 гг. Кажан-Гарадок маёнтак Наваградскага павета, уласнасць Станіслава Станіслававіча Кішкі, віцебскага ваяводзіча, які за 11 тысяч коп грошаў заклаў яго Юрыю Самсону Падбярэзскаму — брацлаўскаму маршалку. У 1613 г. Кажан-Гарадок — двор, цэнтр маёнтка-воласці (мястэчкі і сёлы: Бастынь, Бродніца, Велута, Вічын, Дварэц Дрэпская Даліна, Кормыж, Ракітна, Цна, Язвінкі і інш.) Наваградскага павета, уласнасць Мікалая Станіслававіча Кішкі — каралеўскага двараніна, які за 30 тысяч коп грошаў прадаў гэты маёнтак Юрыю Самсону Падбярэзскаму — брацлаўскаму маршалку, у мястэчку царква "русская", 116 дамоў, 33 валокі зямлі. У 1613 г. Кажан-Гарадоцкі маёнтак налічваў зямлі 368 сялянскіх валок (больш 700 двароў), не лічачы мяшчанскіх пляцаў у самім Кажан-Гарадку. У 1635 г. пабудаваны кальвінісцкі храм Даратэяй Падбярэзскай (з дому Завіша). Пазней маёнтак перайшоў да польскіх магнатаў Тарнаўскіх. 21 красавіка 1646 г. Марк Давыдавіч, арандатар "города названого Кожангородецкого в воеводстве Новогородоцким будучего", пісаў скаргу ў Пінскі гарадскі суд. У 1655 г., у час вайны Расіі і Украіны з Рэччу Паспалітай, рускія войскі пайшлі "раздобывать литовские города", Кажан-Гарадок быў захоплены і спалены.

    Яўрэі з'явіліся ў Кажан-Гарадку ў ХVІ ст., што пацвярджалі старыя помнікі, могілкі, будынак халоднай сінагогі. У 1679 г. пінскія жыхары пазычалі Лагішынскаму езуіцкаму манастыру 1500 злотых, а сярод яўрэйскіх абшчын, якія пералічвалі грошы, упамінаецца і Кажан-Гарадок.

    У 1702 г. мястэчка захапілі атрады шведскага караля Карла XII, але неўзабаве сяляне прагналі прышэльцаў. Тры курганы на ўскрайку Кажан-Гарадка — магілы шведскіх салдат. У 1744 г. памешчык Шчыт перадаў праваслаўную царкву уніятам. У 1766 г. яўрэйская абшчына ў Кажан-Гарадку стала самастойнай. У 1795 г. у мястэчку 129 хрысціянскіх і 21 яўрэйскі двор.

    У 1818 г. памешчык Шчыт пабудаваў у мястэчку праваслаўную Мікалаеўскую царкву.

    Пабудавана ў 1818 г. з дрэва, перабудавана ў 1876 г., у канцы XIX ст. з заходняга боку прыбудавана трох'ярусная званіца. Будынак крыжападобны у плане. Да цэнтральнага васьміграннага аб'ёму з 4 бакоў прымыкаюць прамавугольныя ў плане зрубы алтара, бабінца і бакавых прыбудоў.

    Цэнтральны зруб мае двух'яруснае завяршэнне (васьмярык на чацверыку) з гранёнай галоўкай на барабане. Астатнія зрубы завершаны аднаяруснымі чацверыковымі вярхамі. Сцены гарызантальна ашаляваны, умацаваны лапаткамі і прарэзаны прамавугольнымі і лучковымі аконнымі праёмамі. У інтэр'еры дамінуе трохсветлавое цэнтральнае памяшканне, з якім непасрэдна злучаюцца астатнія. Цэнтральны чацвярык падтрымліваецца 4 слупамі. Пераходы паміж ярусамі зрубаў зроблены пры дапамозе ветразяў. Значнае месца ў інтэр'еры займае розны арнаментальны скульптурны дэкор, выкананы народным майстрам разьбяром I. Астапчыкам. Мастацкую каштоўнасць мае двухярусны пазалочаны іканастас, выкананы ў тэхніцы накладной разьбы. Цэнтральны алтар зроблены ў выглядзе двух'яруснага порціка.

    Помнік архітэктуры з рысамі мясцовай школы дойлідства, якая складалася пад уплывам стылю барока.

    Дзеючая. Статыстычныя зборнікі XIX ст. указваюць, што Кажан-Гардок — старажытнае і вялікае валоданне, размешчанае над ракой Цна за 3 км ад упадзення яе ў Прыпяць. Мястэчка знаходзіцца ў Пінскім павеце, на ваенна-камунікацыйнай дарозе з Мазыра ў Пінск, у 225 км ад губернскага Мінска, да бліжэйшай паштовай станцыі і да павятовага цэнтра 94 вярсты, да чыгункі — 126, пасля ўвядзення ў дзеянне Палескіх чыгунак — 9 вёрстаў да станцыі Лунінец. У 1861 г. у Кажан-Гарадку 1239 жыхароў, у 1870 г.— 1764 (846 мужчын і 918 жанчын), 245 дамоў, царква, яўрэйскі малітоўны дом, 2 млыны — вадзяны і паветраны; у 1886 г. — 1075 жыхароў, 165 дамоў, царква, каталіцкая капліца, сінагога, 2 яўрэйскія малітоўныя дамы (або 2 бажніцы). Розніца ў колькасці жыхароў і дамоў адбылася, відавочна, з-за прыпіскі да мястэчка навакольных хутароў... У 1863 г. тут была адкрыта двухкласная царкоўная школа, дзе ў 1886 г. займаліся 36 хлапчукоў з Кажан-Гарадка, Дрэбска і яшчэ некалькіх вёсак. Дзяўчынкі ў школу не прымаліся.

    Да канца XIX ст. у Кажан-Гарадку меліся 10 лавак і пастаялы двор, якія належалі ў асноўным яўрэям, 3 млыны, 181 дом, 1215 жыхароў, мястэчка вызначаецца як былое валоданне, а славіцца — кірмашамі.

    Штогод у Кажан-Гарадку праводзілася некалькі кірмашоў: калядны — 6 студзеня, майскі, чэрвеньскі і снежаньскі, у гонар святога Мікалая. Гэта былі невялікія па колькасці прадстаўленага тавару, гандлёвых здзелак і наяўнасці прадаўцоў і пакупнікоў кірмашы. Самы ж вялікі кірмаш, вядомы далёка за межамі не толькі воласці, але і павета, на які з'язджаліся гандляры і пакупнікі здалёк, быў Сямёнаўскі. Ён штогод праводзіўся 1 верасня. Тут можна было набыць смажаную рыбу і сельгаспрадукты, мёд і воск, лён і пяньку, лес і мясцовыя ганчарныя вырабы, сані і вазы, жывёлу і зерне, даматканае палатно і сукно, скуру і скураны абутак. У 1873 г. на Сямёнаўскім кірмашы было прадстаўлена тавараў на 25 тысяч рублёў і на 19 тысяч — прададзена. Адбываліся таксама штотыднёвыя таргі па нядзелях.

    У 1863 г. у склад Кажан-Гарадоцкай воласці ўваходзілі 12 вёсак, у 1886 г. — 10 вёсак, 10 абшчын, 10 сельскіх таварыстваў, 676 двароў, па сямейных спісах — 2491 мужчына, па рэестру — 2226 мужчын, 2503 жанчыны. Агульная плошча зямлі — 9501 дзесяціна, ворыўнай — 4835, у прыватным валоданні — 22 494 дзесяціны. У 1876 г. памешчык Х.В. Шчыт валодаў у Кажан-Гарадку 11 732 дзесяцінамі зямлі (не ўлічваючы валоданняў у іншых вёсках), 2 вадзянымі млынамі і карчмой, якія прыносілі штогадовы прыбытак адпаведна ў 650 і 280 рублёў. У 1897 г. у мястэчку 1597 яўрэяў. Яны жылі ў асобным квартале: ад моста, на працягу ўсёй вуліцы да участка Пяскі. Іх дамы з саламянымі дахамі часта знішчаліся пажарамі, але хутка адбудоўваліся. Калі б не канкурэнцыя Лунінца, куды з пачаткам будаўніцтва чыгункі сталі перасяляцца яўрэі з Кажан-Гарадка, і эміграцыя ў Амерыку канца XIX — пачатку XX ст., мястэчка не згубіла б сваё значэнне маленькага гарадка.

    Па даных 1909 г., у Кажан-Гарадоцкай воласці было 14 623 дзесяціны сялянскай зямлі, 13 паселішчаў, 784 двары, 8654 жыхары (4306 мужчын і 4348 жанчын). У 261 двары пражывалі яўрэйскія рамеснікі, лавачнікі і гандляры.

    Кормуж.

    У 1493 г. Кормуж — урочышча маёнтка Лахва, уласнасць Пятра Янавіча Мантыгірдавіча — троцкага ваяводы.

    У 1582 г. Кормыж — сяло маёнтка Лахва Пятра Станіслававіча Кішкі. У гэты час сяляне-даннікі уносілі даніну Лоскаму касцёлу. У 1588 г. Кормыж — уласнасць Мікалая Крыштафа Радзівіла.

    У 1613 г. Кормыж — сяло маёнтка Кажан-Гарадок Наваградскага павета, уласнасць Мікалая Станіслававіча Кішкі.

    Красная Воля.

    У 1672 г. Красная Воля — сяло маёнтка Лахва, 48 двароў і 32 валокі зямлі, у 1785 г. — 36 двароў. У гэты час каля вёскі быў заснаваны фальварак — гаспадарчы двор з панскімі ворыўнымі землямі, якія апрацоўваліся прыгоннымі сялянамі.

    Траецкая царква. Пабудавана ў 1764 г. прыхаджанамі. Належала да Лахвенскай царквы.

    Не захавалася.

    Купаўцы.

    У 1800 г. Купавіск, вёска маёнтка Кажан-Гарадок, 6 двароў сялянскіх, 15 мужчынскіх і 12 жаночых душ сялян.

    Лахаўка.

    У 1493 г. Малая Лахаўка — сяло маёнтка Лахва, уласнасць Пятра Янавіча Мантыгірдавіча — троцкага ваяводы. У 1588 г. Малая Лахаўка — уласнасць Мікалая Крыштафа Радзівіла, князя на Алыцы і Нясвіжы. У 1672 г. у Малой Ляхаўцы — 30 двароў і 18,5 валокі (6 пустых), у 1795 г. — у Ляхаўцы 45 двароў.

    Лахва.

    У 1493 г. Лахва — маёнтак, уласнасць Пятра Янавіча Мантыгірдавіча — троцкага ваяводы, пацверджана вялікім князем літоўскім Аляксандрам. Археалагічныя даследаванні, праведзеныя ў наваколлі, датуюць тут наяўнасць жыцця яшчэ ў раннім жалезным веку — 2,5 – 1,5 тысячы гадоў назад (гл. артыкул "З сівой даўніны").

    У 1518 г. Лахва (воласць Лахаўская, Ляхаўская) — маёнтак, уласнасць Станіслававай Пятровічавай Кішчынай — Зафіі Пятроўны Мантыгірдаўны — гародзенскай старасцінай, земскай маршалкавай і троцкай ваяводзянкі, якая завяшчала яго ў складзе трэцяй часткі ўсіх сваіх маёнткаў свайму сыну Пятру Станіслававічу Кішку (пасля сваёй смерці), пацверджанне гэтага акта каралём польскім і вялікім князем літоўскім Жыгімонтам. У 1521 г. Лахва — маёнтак, уласнасць Пятра Станіслававіча Кішкі — полацкага ваяводы. У 1522 — 1524 гг. Лахва — двор, цэнтр маёнтка і сяло, уласнасць Пятра Станіслававіча Кішкі, полацкага ваяводы і дарагічынскага старасты. Ян Мікалаевіч Радзівіл — троцкі кашталян і слонімскі дзяржаўца — ад імя сваёй жонкі Ганны Станіславаўны Кішчанкі патрабаваў ад швагера выдзелу яго сястры адпаведнай часткі атчызных, мацярызных, купленых і выслужаных маёнткаў яе бацькоў. У 1523 г. у выніку пагаджэння і раздзелу ўдаве Радзівілавай Кішчанцы была перададзена, у прыватнасці, палавіна гэтага маёнтка, двор і сяло Лахва, сёлы Вельча, Заслучча, Малая Ляхаўка, Сінкевічы і 8 служб у Сітніцы, усяго 152 "дыма". Доля Пятра Кішкі (не лічачы Кормужа) склала 140 "дымоў". Агульная колькасць сялянскіх двароў па ўсёй воласці складала звыш 300 двароў. Гэты раздзел быў пацверджаны каралём польскім і князем літоўскім Жыгімонтам. У 1565 г. Лафа — маёнтак. Верагодна, у 1567 г. Ляховічы — маёнтак, уласнасць Станіслававай Пятровічавай Кішчынай — Ганны Янаўны Радзівілаўны — віцебскай ваяводзінай, сяляне-даннікі, выстаўляла ў войска ВКЛ з гэтага маёнтка 10,5 каня. У 1567 г. Лафа — маёнтак, уласнасць Мікалая Крыштофа Радзівіла, князя на Алыцы і Нясвіжы, графа на Шыдлаўцу, віленскага ваяводзіча, выстаўляў у войска ВКЛ з гэтага маёнтка прыблізна 15 коней. У 1577 г. Лахва — маёнтак, уласнасць Мікалая Мікалаевіча Радзівіла, раздзел. У 1580 г. Лахаўскае — сяло Наваградскага павета, уласнасць Яна Кішкі — жамойцкага старасты. У 1581 г. Лахва — маёнтак-воласць Наваградскага павета, уласнасць М.К. Радзівіла, рэестр валочнай памеры. У 1584 г. Лахва ("Лахвенское имение") — маёнтак Наваградскага павета, уласнасць Мікалая Крыштофа Мікалаевіча Радзівіла, князя на Алыцы і Нясвіжы — земскага маршалка ВКЛ. Ён, распачаўшы ў Нясвіжы будаўніцтва езуіцкай калегіі і касцёла, на выпадак сваёй смерці да яго заканчэння, забяспечыў апошняе вялікай сумай грошай з даходаў маёнтка Лахва — 8 тысяч коп грошаў на будаўніцтва калегіі і 4 тысячы коп грошаў на будаўніцтва касцёла. У 1586 г. Лахва — маёнтак Наваградскага павета, уласнасць М.К. Радзівла, абмежаванне. У 1588 г. Лахва, Лафа — маёнтак-воласць Наваградскага павета, уласнасць Мікалая Крыштофа Радзівіла, князя на Алыцы і Нясвіжы — троцкага кашталяна і Яна Станіслававіча Кішкі — віленскага кашталяна, жамойцкага і берасцейскага старасты, раздзел. У 1589 г. Лахва — мястэчка, абмежаванне. У 1590 г. Лахва — маёнтак, уласнасць М.К. Радзівіла. У 1594 г. у Лахве дзейнічае царква. У 1598 г. Лахва — маёнтак Наваградскага павета, уласнасць М.К. Радзівіла, князя на Алыцы і Нясвіжы, троцкага ваяводы. У 1599 г. Лахва, Ляхава — мястэчка ("място") маёнтка (воласці) "Лахвенскаго", або "Ляховского", Наваградскага павета, уласнасць М.К. Радзівіла князя на Алыцы і Нясвіжы, троцкага ваяводы, разгранічэнне Наваградскага і Пінскага паветаў.

    У 1612 г. Лахва — маёнтак, уласнасць Альбрэхта Уладзіслава Мікалаевіча Радзівіла, раздзел. У 1613 г. Лахва — мястэчка. У 1626 г. Лахва - маёнтак, уласнасць Зыгмунда Караля Радзівіла, рыцара Мальтыйскага ордэна. Лахва налічвае 169 двароў, а ўвесь Лахвенскі маёнтак — сёлы Чучавічы, Красная Воля, Баравікі, Гоцкая Лука (суч. Салігорскі раён), Вельча, Езярніца, Любачын, Любань, Малая Ляхаўка, Сінкевічы, Сітніца, Селішча і Мілавіцы (пазней зніклі), Заслучча (суч. Жыткавіцкі раён) — 800 двароў. У ходзе валочнай памеры ў маёнтку было намерана звыш 350 сялянскіх валок. Лахвенскія мяшчане карысталіся не ворыўнымі валокамі, а павялічанымі агародамі (так званымі пляцамі). Частка з іх дадаткова трымала і валокі. У 1642 г. Лахва — маёнтак, уласнасць Аляксандра Людвіга Радзівіла, а затым нашчадкаў апошняга.

    Цяжка ўстанавіць, калі ў Лахве з'явіліся яўрэі. У спісах акруг Валыні і Пінска за 1623 г. сярод яўрэйскіх абшчын Лахва не ўпамінаецца, але, відавочна, яўрэі ўжо пасяліліся тут, займаліся садаводствам, гандлем рыбай і сельскагаспадарчымі прадуктамі з навакольных сёл.

    У 1655 г. у час вайны цара Аляксея з Янам-Казімірам царскі ваявода князь Валконскі ператварыў Лахву ў попел.

    У 1659 г. у Лахве знаходзіўся архімандрыт Слуцкі і ігумен Дзяцелавіцкага манастыра Феадосій Васілевіч. У адным з лістоў на імя ўпраўляючага маёмасцю Пятра Дамішэўскага даюцца ўказанні аб нарыхтоўцы прадуктаў на Жыдскім возеры (суч. Чырвонае возера ў Жыткавіцкім раёне) рыбакам вёскі Пухавічы, якім належыць з вясны рознай снасцю лавіць на карысць манастыра шчупакоў з ночы, пасля плотак, кожную ноч трэба дзяліць (улоў) папалам, каб не нанесці шкоды манастыру, большую рыбу вэндзіць... салёную рыбу пасылаць у Лахву...". У гэты ж час пры сведках генерал паказвае Феадосію Васілевічу паперу, у якой князь Міхаіл Казімір Радзівіл, кашталян Віленскі, паведамляе, што за 10 000 злотых ён купіў маёнтак Лахва і патрабуе, каб "архімандрыт азначаны маёнтак уступіў", гэта значыць пакінуў. Відавочна, "маёнтак Лахва" — гэта не самое мястэчка, а нейкая яго частка, якой дагэтуль валодаў Феадосій Васілевіч.

    Архімандрыт Слуцкі не пакінуў Лахву, мяркуючы па яго скарзе ад 10 кастрычніка 1662 г. Сутнасць яе наступная: у 1659 г. Радзівіл заняў у Васілевіча 20 000 злотых і даў яму ў "заставу" на 2 гады маёнтак Лахву з умовай: калі ў 1661 г. ён не верне пазыку, то маёнтак застанецца яшчэ на 2 гады ў валоданні архімандрыта, аб чым маюцца законныя дакументы. Нягледзячы на запазычанасць і дамоўленасць, князь Міхаіл Казімір Радзівіл у 1662 г. паслаў на Лахву сваіх служачых з "баярамі, зямянамі і драгунамі з граматамі, і яны сілай прымусілі Васілевіча пайсці з Лахвы, пры гэтым пагражаючы яго забіць, і затрымалі ў Лахве ўсю яго маёмасць — золата, серабро, волава (маецца на ўвазе алавяны посуд), царкоўны посуд, жывёлу, збожжа, якое было звезена з розных маёнткаў з мэтай байдаркамі перавезці ў Слуцк". Слугі князя захапілі гатовыя да адпраўкі ў манастыр лодкі з мёдам, салёнай рыбай, сушанымі грыбамі і іншымі прыпасамі, нанёсшы ўрон амаль на 15 000 злотых.

    У 1672 г. Лахва налічвала 166 двароў, якія мясціліся на рынкавай плошчы (19 двароў) і ўздоўж 5 вуліц: Кажан-Гарадзецкай, Любачынскай, Рыбуньскай, Булатаўскай і Цехлінскай. Мяшчанам належала 87 валок ворыўнай зямлі. Да маёнтка належалі сёлы Любачын, Красная Воля, Любань, Малая Ляхаўка, Сінкевічы, Сітніца, Вельча, а таксама Заслучча, Малешава і Сімагошча (якія цяпер знаходзяцца за межамі сучаснай Лунінеччыны). Паншчыны ў маёнтку не было. З кожнай мяшчанскай валокі належала плаціць чынш у памеры 6 злотых і 1,8 гроша, з сялянскай — 10 злотых 8 грошаў. Дзякло вымяралася адным карцом (дзежкай прыкладна ў 120 літраў) аўса, адным возам сена, адной курыцай і 10 яйкамі. Мядовая даніна з валокі дасягала 9 бязменаў (каля 27 кг).

    У першай палове XVIII ст. у якасці пасагу княжны Стэфаніі, дачкі Дамініка Радзівіла, апошняга арандатара Нясвіжскага па прамой лініі, уся Лахва перайшла да сямейства Вітгенштэйнаў. У гэты час сярод яўрэяў пачаўся рэлігійны рух хасідізм, які цяжка пракладваў шлях у барацьбе з прыхільнікамі традыцыйнага іудаізму, у якой удзельнічалі і яўрэі Лахвы.

    Больш чым праз стагоддзе маёнтак застаецца амаль у тым жа самым стане. У 1765 г. у Лахве 157 яўрэяў, якія плацяць падушную подаць. У 1785 г. у Лахве 187 двароў. Да маёнтка належаць Любачын, Езерніца, Красная Воля, Любань, Ляхаўка, Сінкевічы, Сітніца, Вільча. Зноў з'яўляюцца Мокрава і прыпісаная да Нясвіжскага маёнтка Чучавіцкая воласць — Вялікія Чучавічы, Малыя Чучавічы, Баравікі.

    У 1784 г. у Лахве 39 яўрэяў, сярод іх ніводнага купца. У 1788 — 1792 гг. у Лахве і навакольных сёлах жылі 6787 жыхароў, з іх 445 — яўрэі. Пасля далучэння да Расіі іх становішча пагоршылася. Былі адменены некаторыя правы на жыхарства, дадзеныя Польшчай у 1772 г., пачалося выдаленне яўрэяў з гандлю. У раёнах Пінска і Лахвы яўрэям забаранілі гандляваць гарэлкай і віном. Яўрэі займаліся пераважна пасрэдніцтвам, былі рамізнікамі, пекарамі, мяснікамі. У 1795 г. у Лахве 192 двары мяшчан — хрысціян, 17 яўрэйскіх і 20 двароў чыншавай шляхты.

    У 1811 г. у Лахве 73 яўрэі, у 1816 – 1819 гг. — 161, з іх 75 мужчын, 86 жанчын. Ім належаць 150 дамоў. Яўрэі займаюцца гандлем лесам і рыбай, якія адпраўлялі ў Мінск, пабудавалі фабрыку плеценай мэблі.

    У 1816 г. у Лахве нарадзіўся ад бацькі Станіслава, палкоўніка войскаў польскіх, і маці Сафіі з дома Абуховічаў Марыян Чапскі, аўтар вядомай "Гісторыі каня" і "Манаграфіі аб пчале".

    У 1824 г. пабудавана царква ў імя Ражства Багародзіцы на месцы былога манастыра XVII ст. княгіняй Стэфаніяй Радзівіл.

    Па апісанні 1864 г., штатнага жалавання прычту 324 рублі, зямлі прысядзібнай 1 дзесяціна, ворыўнай і сенажацяў — 2 валокі. Прыхаджан мужчынскага полу 1030 душ і жаночага — 1251 душа. Да прыходу належыць Траецкая драўляная царкваў в. Красная Воля.

    Летам 1873 г. царкоўныя прыходы Лунінеччыны інспектаваў епіскап Мінскі і Бабруйскі Аляксандр. У Лахве яго сустрэў хлебам-соллю тысячны натоўп веруючых з харугвамі і запаленымі свечкамі, тут жа былі 8 свяшчэннікаў у святочным убранні з навакольных вёсак. Адслужылі малебен. "Служэнне было ўрачыстае, царква ярка асветлена, пелі вельмі добра". Царква ў Лахве драўляная, старая ў імя Ражства Багародзіцы, але вельмі ўмяшчальная і ўнутры прыгожая і рэчамі дастатковая, бібліятэка маецца, і нават значная, архіў знойдзены ў парадку. Прыхаджан пры царкве 1300 душ мужчынскага і 1300 — жаночага полу. Яго Прэасвяшчэнства агледзеў каменную царкву, перабудоўваемую на сродкі казны з былога касцёла. Работы выконваюцца чыста, з добрага матэрыялу.

    Прачысценская царква. Пабудаванаў 1870-ыя гг. на месцы вышэйназванай.

    Па апісанні 1879 г., у лахвенскіх царквах было 7 званоў — адзін вагою 20 пудоў, другі — 7, астатнія пяць — яшчэ менш. Метрычныя кніжкі вяліся з 1800 г., выспавядальныя ведамасці — з 1840-га.

    У царкве захоўваліся тры дакументы, выдадзеныя Радзівіламі, — права на зямлю, права на памол, права на пяць медніц мёду. Чацвёрты дакумент — на дзве хаты з зямлёй — захоўваўся ў казённай палаце.

    Царква валодала каля 100 дзесяцінамі зямлі (у 11 месцах), 3 дамамі, 2 гумнамі, 3 жывёлагадоўчымі хлявамі, адной канюшняй і лядоўняй — усё ў занядбаным стане. Даход царквы ў той час — 150 рублёў у год. Па штату выконвалі абавязкі адзін настаяцель — свяшчэннік Мікалай Прэабражэнскі, выпускнік Яраслаўскай духоўнай семінарыі, і два псаломшчыкі. У Лахвенскім прыходзе працавала тады адна народная школа і царкоўнапрыходскае папячыцельства.

    У 1878 г. на пасаду старасты Лахвенскай царквы быў зацверджаны селянін Фёдар Дземідовіч, а ў 1886 г. членамі папячыцельскага савета былі выбраны Іван Рудзько, Ігнат Харужэвіч, Піліп Яраховіч, Павел Грышкевіч, Сільвестр Трухановіч і Васіль Грудзько, старшынёю — свяшчэннік Стэфан Комар. Ён жа быў выбраны ў 1890 г. старшынёй акруговага вучылішчнага з'езда духавенства Пінскай вучылішчнай акругі.

    У 1895 г. у папячыцельскі савет былі выбраны сяляне Антон Шылькевіч, Емяльян Самусевіч, Міхаіл Антановіч, Рыгор Яраховіч, Павел Грышкевіч, Яфім Бярозка, Касьма Грудзько. З першага складу застаўся Павел Грышкевіч. Старшынстваваў свяшчэннік Фама Туміловіч.

    Жыхары Лахвы і навакольных вёсак клапаціліся аб сваёй прыходскай царкве: рабілі дробны рамонт добраўпарадкавалі тэрыторыю, ахвяравалі грошы на ўбранне храма. У 1886 г. была выказана ўдзячнасць "сялянцы м. Лахва Улляне Пятровай Шулякевіч за ахвяраванне на карысць царквы 50 рублёў", а годам пазней — усім прыхаджанам Лахвенскай царквы, якія сабралі 260 рублёў на пабудову драўлянай агароджы вакол яе. Свяшчэннік Стэфан Комар падарыў лампаду накладнога срэбра да іконы Божай Маці. Граф Н.П. Ігнацьеў ахвяраваў Лахвенскай царкве розных рэчаў на 120 рублёў, а дваранка Вольга Яскевіч — на 50 рублёў.

    У Лахвенскі прыход, акрамя мястэчка, уваходзілі вёскі Лахаўка, Азярніца, Любань, Любачын, Красная Воля. Прыхаджан было 1497 душ мужчынскага полу і 1674 — жаночага, "усе яны сяляне, дастаткова набожныя, між імі вельмі мала пісьменных, займаюцца земляробствам і рыбнай лоўляй".

    Па апісанні 1990 г., квадратны ў плане асноўны аб'ём з паўцыркульнай апсідай і 2 бакоўкамі злучаны з масіўнай шатровай званіцай. У багатай апрацоўцы фасадаў выкарыстаны карнізы, падвоеныя паяскі, какошнікі, перспектыўныя парталы і іншыя элементы аздобы. Асноўны аб'ём завяршаецца вальмавым дахам з традыцыйным пяцігалоўем.

    Царква — помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю.

    Царква Аляксандра Неўскага. Пабудавана ў 1863 г. з могілкавай капліцы на сродкі прыхаджан. Не захавалася.

    Да 1854 г. у Лахве быў касцёл парафіяльны, 5-гаразраду, відавочна, пабудаваны Радзівілам, цяпер гэта царква, 308 католікаў, ёсць невялікая каталіцкая капліца Давыд-Гарадоцкай парафіі, яўрэйская школа, больш 150 дамоў, упраўленне Лахвенскай воласці, у якую ўваходзіць 5 сельскіх старастаў, 10 вёсак і больш 1400 сялян мужчынскага полу. Колькасць насельніцтва мястэчка каля 800 душ, большасць яўрэяў, занятых дробным гандлем, скупкай і продажам лясных тавараў і рыбы. Мясцовыя сяляне вядомы як майстры пляцення карзін. Лахвенскія валоданні разам з фальваркамі Любачын і Воля маюць каля 1000 улук (старая польская мера плошчы = 16,8 га), пераважна ў лясах і лугах. Зямля тут лёгкая, пясчаная, млыны, вінны водкуп і рыбалоўства даюць больш 7000 рублёў серабром.

    У 1870 г. Лахва знаходзіцца на 9-ым месцы сярод мястэчкаў Мазырскага павета, жыхароў 600 мужчын, 700 — жанчын, 230 двароў. Мястэчка належыць сялянам, размешчана пры 5-ай ваенна-камунікацыйнай дарозе з Мазыра ў Пінск. У 1879 г. у Лахве 3 яўрэйскія малітоўныя дамы. Адзначаецца, што "сказанняў асабістых пра Лахвенскую мясцовасць няма, толькі ў паўднёва-заходнім баку мястэчка ўзвышаюцца тры вялікія курганы, па паданню... гэта не што іншае, як магілы ад вайны рускіх са шведамі...".

    У 1884 г. занатавана: "Лахва — старажытнае мястэчка і вялікія валоданні палескія, калісьці ў ваяводстве Брэст-Літоўскім, у Пінскім павеце, цяпер — у Мазырскім... над ракою Смердзь, у русінаў - Смерт, раней Лахвай званай, у 4-ай паліцэйскай Ленінскай акрузе. Год заснавання гэтага паселішча невядомы. Мястэчка Лахва вялікае і размешчана ў прыгожай мясцовасці непадалёку ад Прыпяці, сярод вялікай пушчы, маючы на поўнач непраходныя Грычынскія балоты. Гэтая мясцовасць багатая казачнай колькасцю звяроў і рыбы. Таму Радзівілы арганізоўвалі тут з каралеўскай раскошай паляванні, апісанні якіх ва ўспамінах удзельнікаў уражваюць чытачоў".

    У лютым 1886 г. уступіла ў строй чыгуначная дарога Лунінец — Гомель. Ветка дарогі пралягала непадалёку ад мястэчка. Быў узведзены драўляны адміністрацыйны будынак і ва ўсе чыгуначныя даведнікі імперыі ўнесена новае найменне — станцыя Лахва.

    Чыгунка ўнесла значныя змяненні ў жыццё мястэчка. У ім з'явіліся новыя людзі — чыгуначнікі, была разбіта пляцоўка для пагрузачных работ і ўтвораны новыя рабочыя месцы.

    У кастрычніку 1887 г. у паштовых даведніках Расіі паведамлялася, што адкрыта новае паштовае аддзяленне ў Лахве, якое ў жніўні 1910 г. было ператворана ў паштова-тэлеграфнае.

    З 70-ых гадоў штогод 23 красавіка ў Лахве праводзіўся Георгіеўскі кірмаш, на якім можна было купіць жывёлу, коней, ільняныя і пяньковыя тканіны мясцовай вытворчасці, вяроўкі, збрую, свечкі, мыла, ганчарныя вырабы, вырабы з дрэва — цэбры, бочкі, ночвы, пляцёнкі з бяросты і лазы, зерне, рыбу, ліпавыя лапці і скураны абутак ручной работы, іншыя тавары сялянскага гандлю. Тавараабарот Лахвенскага кірмашу складаў 700 — 1000 рублёў.

    У 1897 г. у Лахве 2426 жыхароў, з іх 1057 яўрэяў.

    Да 1905 г. "...у 19 вёрстах за Лунінцом знаходзіцца на Брэсцка-Бранскай чыгунцы станцыя Лахва, якая грузіць да 15 тысяч пудоў хлебных і лясных грузаў. Яна ляжыць на мяжы Пінскага і Мазырскага паветаў пры старажытным мястэчку той жа назвы, раскінутым вярстах у 8 ад р. Прыпяці, ля яе левага прытоку р. Смердзі, сярод вялізнай пушчы. У Лахве дзве праваслаўныя царквы, адна з якіх Прачысценская, у 70-ыя гады пабудавана на месцы старой царквы Ражства Багародзіцы, а другая — перабудавана з былога касцёла, яўрэйскі малітоўны дом..."

    Мяшчанскую ўправу ўзначальвае стараста-старшыня. Гэту пасаду амаль заўсёды займалі яўрэі, таму што дзяржауная палітыка прадугледжвала прадстаўніцтва ў органах самакіравання асоб розных нацыяналь насцей, якія абаранялі б інтарэсы розных слаёў насельніцтва, а ў Лахве ўсе гандлёвыя людзі былі яўрэямі. У 1910 г. старшынёй мяшчанскай управы быў Моўша Кандратавіч, у 1912 г. — Лейзер Нейман. У гэты ж час валасным упраўленнем кіравалі адпаведна старшыні Н. Шулякевіч і Н. Ляніўка.

    На балотным масіве Кукуцёлка ў Лахве размяшчаўся філіял Мінскай балотнай станцыі, створанай у 1911 г. Кукуцёлку наведвалі, тут працавалі многія, потым вядомыя вучоныя і меліяратары: Е.В. Апокаў (1869 — 1938), удзельнік экспедыцыі І.І. Жылінскага, адзін з аўтараў справаздачы аб ёй, інжынер-гідратэхнік Мінскай губерні, а з 1914 г. — начальнік Палескай вышукальнай партыі, стаўшы потым акадэмікам АН УССР А.Д. Дубах (1883 — 1942), начальнік гідра-тэхнічнай часці Мінскага ўпраўлення земляробства і дзяржаўных маёмасцей, потым — акадэмік АН Беларусі.

    Лобча.

    У 1492 — 1495 гг. Лобча (Лоўча) — сяло Бобрыцкай воласці, атрыманае Мікалаем Радзівілам ад вялікага князя Аляксандра.

    У 1539 г. Лобча — сяло маёнтка Бобрык, уласнасць Юрыя Мікалаевіча Радзівіла. У 1599 г. Лоўча — сяло маёнтка Пагост, уласнасць Юрыя Радзівіла.

    У 1613 г. Лоўча — сяло маёнтка Пагост, перайшло ў спадчыну Янушу і Крыштофу Радзівілам.

    Варварьшская царква. Пабудавана на могілках вёскі ў 1764 г. князем Ф. Друцкім-Любецкім.

    Па апісанні 1864 г., драўляная. Належыць да Парахонскай Ражства-Багародзічнай царквы.

    Не захавалася.

    У 1886 г. у Лобчы 33 двары, 285 жыхароў, праваслаўная царква.

    Лугі.

    У 1832 г. Лугі — вёска фальварка Гаўрыльчыцы Слуцкага павета Мінскай губерні, уласнасць памешчыка Івана Лычкоўскага, 18 двароў, 73 мужчыны і 72 жанчыны. Сяляне неслі баршчынную, старажавую і падворную павіннасці, абавязаны былі прымаць удзел у будаўніцтве і рамонце мастоў, плацін, памешчыцкіх пабудоў. Яны мелі надзелы ворыўнай зямлі і сенажацяў па 20 моргаў на кожны цяглы двор, плацілі ўласніку па 60 капеек пазямельнага аброку ў год з двара, да таго ж кожны цяглы двор штогод быў абавязаны даваць "ржи осьмину, овса столько же, одну курицу, 20 яиц, одну копу грибов". У адным з сялянскіх дамоў размяшчалася карчма. У 1853 г. князь П. Вітгенштэйн завяшчаў вёску Лугі, якую атрымаў ад першай жонкі, уроджанай князёўны Стэфаніі Радзівіл, свайму сыну Пятру. У 1884 г. свяшчэннік Чучавіцкай царквы Фадзей Шановіч звярнуўся са скаргай у Вызненскае валасное праўленне Слуцкага павета, дзе просіць "пераканаць сельскага старасту вёскі Лугі, каб мясцовыя сяляне, мае прыхаджане, вывезлі мне... дровы за мінулы 1883 і цяперашні год, таму што лугскі сельскі стараста няўважлівы да маіх просьбаў па гэтай справе". У адказе валасны старшыня паведамляе, што "гэтыя распараджэнні не залежаць ад праўлення, а могуць толькі самі сяляне задаволіць вашу просьбу... і на будучае будзьце ласкавы звяртацца адразу да сялян аб вывазцы дроў, а не ў валасное праўленне".

    Лунін.

    У 1432 і 1440 гг. Лулін Вялікі, сяло Бобрыцкай воласці, дзяржаўная ўласнасць, якая пажалавана Янавай Неміравай і яе сыну Мікалаю Янавічу Неміровічу. Пражывала 12 сялян-даннікаў, меліся ловы. У 1471 г. Лулін — сяло маёнтка Ішкалдзь, уласнасць Мікалая Янавіча Неміровіча. Да 1501 г. Лулін Вялікі, сяло Бобрыцкай воласці, уласнасць Мікалая Неміровіча, перайшло ў спадчыну яго брату Пятру Неміровічу. У 1501 г. Лулін — сяло, уласнасць Пятровай Федзькавіча Неміровіча і яе сына Яна Пятровіча. Маюцца ловы. У 1501 г. Лулін — маёнтак, шляхецкая ўласнасць. У 1526 – 1528 гг. Лулін — сяло, уласнасць Яна Пятровіча Пенкі. Каля 1527 г. Лунін — маёнтак, уласнасць Яна Пятровіча Пенкі, які прад'явіў судовы іск аб незаконным карыстанні ловамі ўласніку суседняга маёнтка Малькавічы пану Юрыю Іванавічу Ілінічу — дворнаму маршалку, берасцейскаму і лідскаму старасце. У 1529 г. Лулін — маёнтак, уласнасць Яна Пятровіча Неміровіча — гаспадарскага двараніна які прад'явіў той жа іск сынам Ю.І. Ілініча Яну, Станіславу і Шчаснаму. У 1552 г. Лулін, Луліна — маёнтак, які разам з іншымі Ян Пятровіч Неміровіч, чаркаскі і канеўскі стараста, некалі запісаў (падараваў) у паўтары тысячы коп грошаў сваёй жонцы Ганне Сапежанцы. Апошняя, не маючы дзяцей, узяла "вместо сына родимого" пана Станіслава Давойну, полацкага ваяводу, і падаравала гэту суму яму і яго жонцы. У 1559 г. Лунінскае — сяло, уласнасць Пенкавай. У 1561 г. Лулін — маёнтак, уласнасць Станіслава Станіслававіча Давойны, полацкага ваяводы, свіслацкага і дрыскага дзяржаўцы. У 1563 г. Лунін — маёнтак, уласнасць Станіслава Станіслававіча Давойны, полацкага ваяводы, які быў узяты ў маскоўскі палон. Таму Жыгімонт Аўгуст прызначыў апекуном усіх яго маёнткаў пана Станіслава Андрэевіча Давойну — Пінскага і Кобрынскага старасту. Каля 1571 г. Лунін Вялікі — двор, цэнтр Палескай воласці маёнтка Ішкалдзь, уласнасць Станіслава Станіслававіча Давойны, полацкага ваяводы, які падарыў яго сваёй жонцы княгіні Барбары Іванаўне Саламярэцкай, 61 дым (г. зн. двароў). У 1578 г. Лунін Вялікі — маёнтак Наваградскага павета, уласнасць Станіслававай Давойнавай — княгіні Барбары Саламярэцкай і князя Паўла Янушавіча Друцкага-Любецкага. у 1579 г. Лунін — маёнтак, уласнасць княгіні Барбары Іванаўны Саламярэцкай, якая заклала яго княгіні Юр'евай Алелькавіча Слуцкай — Кацярыне з Ценчына. У 1580 г. Лунін Вялікі — двор, цэнтр маёнтка Наваградскага павета, уласнасць князя Паўла Янушавіча Друцкага-Любецкага, які за 2 тысячы коп грошаў прадаў яго разам з іншымі маёнткамі Мальхеру Сноускаму Граўжышскаму — віцебскаму кашталяну. У 1581 г. Лунін Вялікі — двор, цэнтр маёнтка Наваградскага павета, уласнасць Станіслававай Давойнавай — княгіні Барбары Саламярэцкай, канфлікт з уласнікамі суседняга маёнтка Мікалаем Харлінскім і яго жонкай княгіняй Ганнай Багданаўнай Любецкай. У 1582 г. Вялікі Лунін — маёнтак Наваградскага павета, уласнасць князя Паўла Янушавіча Друцкага-Любецкага і Станіслававай Давойнавай — княгіні Барбары Саламярэцкай, канфлікт паміж імі. У 1586 г. Вялікі Лунін — сяло Наваградскага павета, уласнасць княгіні Барбары Іванаўны Саламярэцкай — Станіслававай Давойнавай. У 1596 – 1599 гг. Вялікі Лунін — маёнтак Наваградскага павета, уласнасць князя Юрыя Радзівіла ("дедич"), які за 1666 коп грошаў заклаў яго Піліпу Ліманту і яго жонцы княгіні Барбары Саламярэцкай, а яны, у сваю чаргу, пану Івану Мялешку, мазырскаму падкаморыю. У 1599 г. Лунін Вялікі — маёнтак, уласнасць Піліпа Ліманта, які прадаў яго Радзівілу. У 1613 г. Луніа — сяло з панскім дваром. У 1661 г. Вялікі Лунін — уласнасць памешчыка Падзярэўскага. Пазней Лунін перайшоў ва ўласнасць князя Мікалая Друцкага-Любецкага і яго жонкі Крысціны Сцяцкевіч, якія здалі сяло ў заклад за 50 тысяч злотых праваслаўнаму святару Тэадору Васілевічу, які быў архімандрытам Слуцкага манастыра і адначасова — ігуменам Дзяцелавіцкага манастыра. У 1687 г. Лунін — маёнтак, уласнасць Сымона Друцкага-Любецкага, потым яго пляменніка — Юзэфа Багданавіча, стольніка Аршанскага павета. Перад 1762 г. Лунін — маёнтак Шнскага павета. Уласнасць удавы апошняга Вікторыі Скірмуны і сына Францішка, які потым быў земскім суддзёй, харунжым і павятовым маршалкам. У 1778 г. у Луніне нарадзіўся Ксаверый Друцкі-Любецкі, які стаў вядомым грамадска-палітычным дзеячам Каралеўства Польскага, міністрам фінансаў у 1821 – 1830 гг. У 1793 г. Лунін – уласнасць Францішка Друцкага-Любецкага. У 1794 г. князем была пабудавана праваслаўная царква, дзе захоўваўся архіў метрычных кніг з 1760 г. (г.зн., што царква існавала ўжо тады), і каталіцкі касцёл — філіял Гарадзішчанскай бенедзікцінскай парафіі, а пасля яе ліквідацыі ў 1866 г. — Пінскай парафіі. У Луніне доўга жыў і быў капеланам "ученый и добродетель, бывший картезианец из Берёзы-Картузской Павел Геншуш, историк костела, натуралист, друг ботаника Вольфганга и помочник в его работах". У 1795 г. Лунін — сяло, частка (разам з мястэчкам Пагост) маёнтка Друцкага-Любецкага, 109 двароў.

    Барысаглебская царква. Знаходзіцца ў паўночнай частцы вёскі. Пабудавана ў 1824 г. на сродкі памешчыка князя Іераніма Друцкага-Любецкага.

    Па апісанні 1864 г., штатнага жалавання прычту 236 рублёў срэбрам. Зямлі сядзібнай, ворыўнай і сенажацяў каля 50 дзесяцін. Прыхаджан мужчынскага полу 397 душ, жаночага — 449 душ.

    Па апісанні 1879 г., царква драўляная, амаль круглая, з адным купалам, пафарбаваным у чырвоны колер, аднымі ўваходнымі дзвярамі, адным радам вокнаў без жалезных кратаў, мела плошчу 30 кв.сажняў. Столь драўляная, падлога — драўляна-цагляная, унутраныя сценкі пабелены, часткова — пафарбаваны маслянай фарбай, без пячнога ацяплення. На іканастасе ў 3 ярусы з пілястрамі і калонамі, залачонымі карнізамі з драўлянай разьбой размешчаны 16 ікон навейшага пісьма і 2 старажытныя абразы. У маёмасці значыліся сярэбраны літургійны посуд, 6 старых рыз, поўны набор богаслужбовых кніжак і адно Евангелле ў металічна-пасярэбраным акладзе.

    Прастол у імя святых вялікапакутнікаў Барыса і Глеба.

    Да царквы ў 1864 г. належалі Лунінская могілкавая Мікалаеўская Драўляная царква, пабудаваная ў 1825 г. князем Любецкім, і могілкавая Вулькаўская Параскевінская царква.

    Званіца была пабудавана каля 1873 г., асобна ад царквы, мела 5 званоў 6,5; 4 пуды і 2 — па 30 фунтаў. Царкоўны двор абнесены драўлянай агароджай у стаўбы, вырабленай на сродкі прыхаджан.

    Па апісанні 1990 г., вылучаецца арыгінальным кампазіцыйным вырашэннем — спалучэннем прамавугольнага зруба званіцы з васьмігранным зрубам храма.

    Помнік архітэктуры з рысамі класіцызму. Была паўразбурана. Аднаўляецца.

    Любецкім пабудавана новая праваслаўная царква. У канцы XIX ст. Лунін — сяло Брэст-Літоўскага ваяводства Пінскага павета, 1-ай паліцэйскай Лагішынскай акругі, з праўленнем воласці, у 2-ой благачыннай акрузе. Размешчана пры прасёлачнай дарозе, 245 вёрстаў ад Мінска, 70 — ад Пінска, 27 — ад паштовай станцыі пры глухім гасцінцы з мястэчка Пагосту Кажан-Гарадок, у самай лясной мясцовасці Пінскага Палесся. Характарыстыкі самыя розныя: ад "ніякіх паданняў аб гэтай мясцовасці не захавалася, а сама яна лясная і даволі сумная" да "сяло Лунін размешчана ў найлепшай мясцовасці Пінскага Палесся, якое яшчэ нядаўна з поўначы і поўдня мела непраходныя балоты, утвараемыя рэкамі Бобрык і Цна, апошнім часам гэтыя балоты былі асушаны генералам Жылінскім праз правядзенне Лунінскага канала". Больш чым 25-кіламетровы Лунінскі канал, ці Лунінскі Роў (так называлася ўрочышча, праз якое ён быў пракладзены ), неаднаразова паглыбляўся, ачышчаўся, рэстаўрыраваўся рознымі экспедыцыямі. Па самай узвышанай частцы гэтай забалочанай тэрыторыі ў канцы XIX ст. была пракладзена чыгунка. Станцыя Лоўча знаходзіцца ў 700 метрах ад Луніна.

    Любажэрдзе.

    У 1620 г. Любазедзе — частка паселішча Лунінец, 64 валокі і 44 агароды (пляцы).

    Любань.

    У 1588 г. Любань — сяло маёнтка Лахва, зямлі 29 валок. У 1626 г. Любань — сяло маёнтка Лахва. У 1672 г. Любань — сяло маёнтка Лахва, 22 двары і 28,5 валокі (з іх 13 пустых). У 1785 г. Любань — сяло маёнтка Лахва, 46 двароў.

    Любачын.

    У 1589 г. Любачын — сяло маёнтка Лахва, шляхецкая ўласнасць. У 1626 г. Любачын — сяло маёнтка Лахва, 41 валока зямлі і 78 двароў. У 1672 г. Любачын — сяло маёнтка Лахва, 41 валока (з іх 8,5 пустыя) і 56 двароў. У 1785 г. Любачын — сяло маёнтка Лахва, 45 двароў. Тут быў заснаваны фальварак — гаспадарчы двор з панскімі ворыўнымі землямі, якія апрацоўваліся прыгоннымі сялянамі.

    Манасеева.

    У 1908 г. на асушаных землях маёнтка Лахва ўтворана вёска, якая, мяркуецца, названа імем землеўпарадкавальніка.

    Мелясніца.

    Паміж 1622 і 1625 г. уласнасць Дзяцелавіцкага манастыра, у 1800 г. вёска маёнтка Лунін, 8 двароў, 24 мужчынскіх і 16 жаночых душ сялян.

    Мікашэвічы.

    У 1785 г. Мікашэвічы — сяло маёнтка Ленін Слуцкага княства, уласнасць князя Радзівіла, 3 двары. У 80-ыя гады XIX ст. пачалося будаўніцтва чыгункі Пінск — Жыткавічы. У пачатку XX ст. памешчык Агаркаў пабудаваў у Мікашэвічах фанерны завод для перапрацоўкі драўніны, які здаў у арэнду Чуднеру. Апошні стаў узводзіць будынкі з чырвонай цэглы (цяперашнія дзіцячы сад, школьныя майстэрні).

    Мокрава.

    У 1493 г. Мокраць — сяло маёнтка Лахва, уласнасць Пятра Янавіча Мантыгірдавіча — троцкага ваяводы. У 1589 г. Мокрава — сяло маёнтка Лахва, уласнасць каталіцкай царквы. У 1785 г. Мокрава — сяло маёнтка Лахва, 64 двары. У 1795 г. — 70 двароў.

    Георгіеўская царква. Пабудавана ў 1782 г.

    Па апісанні 1864 г., адносіцца да 7-га класа, драўляная. Штатнага жалавання прычту 140 рублёў срэбрам, зямлі пры царкве 1,5 валокі, сенажацяў — на 80 вазоў. Прыхаджан мужчынскага полу 236 і жаночага 266 душ, прастол у імя святога вялікапакутніка Георгія, пабудавана прыхаджанамі.

    Па апісанні 1879 г., мае выгляд роўнабаковага крыжа, з адным адкрытым купалам, вокны ў адзін рад, уваходныя дзверы адны, дах гонтавы, не пафарбаваны. Будынак яшчэ даволі трывалы. Унутраная плошча — каля 20 кв. сажняў. Падлога драўляная, столь устроена званападобна да адкрытага купала. Да ацяплення цар-ва не прыстасавана. Алтар і салея без узвышша. Дашчаты, старога ўстройства іканастас пафарбаваны ў чырвоны колер, з пафарбаванымі карнізамі і рамамі, складаецца з 13 нізкай вартасці пісьма ікон, размешчаных у тры рады. Царкоўны посуд маецца ў дастатковай колькасці: з іх 2 прыборы літургійных сасудаў з срэбра, астатнія — з апліке маскоўскай работы. Аблачэнняў маецца 6 прыбораў, вырабленых з мішурнай парчы. Евангелле адно, у 1/8 долю аркуша, у суцэльным металічным вокладзе. Метрычныя кнігі, прыходскія спісы і іншыя царкоўныя дакументы захоўваюцца з 1819 г. Захоўваецца таксама копія з завяшчаннем 1759 г. на царкоўны фундуш, які пакінуў князь Міхаіл Радзівіл. У званіцы, пабудаванай асобна, маецца 4 званы: у 5,3; 0,5; 2 і 1,5 пуда. Царкоўны пагост абнесены простаю агароджай. Могілак у прыходзе тры і дзве могілкавыя царквы: у вёсках Сінкевічы і Сітніца — абедзве драўляныя, маюць званы і некаторы царкоўны посуд.

    У склад прыхода, акрамя Мокрава, уваходзяць Сінкевічы, Сітніца, Рудня і Земліца, апошняе паселішча знаходзіцца ў 10 вёрстах ад царквы. Прыхаджан абодвух полаў 1118 душ, усе яны сялянскага саслоўя, акрамя земляробства, займаюцца пчалярствам і рыбалоўствам. З асаблівых малітвасловаў адбываюцца хрэсныя ходы па вёсках.

    Прычт складаецца з настаяцеля — з 1867 г. тут быў Васіль Чыстоўскі — і псаломшчыка.

    Даход царквы да 60 рублёў у год. Акрамя штатнага жалавання, прычт карыстаецца царкоўнай зямлёй і памяшканнем. Земляў 4 дзесяціны прысядзібнай (яна размешчана пры прыпісной Сінкевіцкай царкве, у 1-ай вярсце ад самастойнай), 50 — ворыўнай, 30 — сенажаці, 1 — лес, уся яна раскіданаў 30 асобных участках. Плана і межавай кнігі няма, але валодае гэтай зямлёй прычт без перашкод. Хата свяшчэнніка старая, на сродкі прыхаджан будуецца новая.

    Пры царкве існуе царкоўнапрыходскае папячыцельства і такая ж школа, якая, дарэчы, адчыняецца толькі зімой, пераважна ў чатырадзесятніцу, а таму яе поспехі невялікія і пісьменнасць у прыходзе амаль непрыкметна. Багадзельні няма.

    Царква згарэла ў 80-ыя гады XX ст.

    Малыя Чучавічы.

    У 1785 г. Малыя Чучавічы — сяло маёнтка Лахва, 33 двары.

    Моршчынавічы.

    У 1785 г. Моршчынавічы — сяло маёнтка Ленін Слуцкага княства, уласнасць Радзівіла, 11 двароў, праваслаўная царква.

    Пас. Палескі.

    Да 1969 г. — маёнтак Крэстунова.

    Лазня — размешчана на тэрыторыі былога маёнтка. Пабудавана ў 1905 г., з чырвонай неабліцованай цэглы. Т-падобны ў плане аднапавярховы будынак асіметрычнай аб'ёмна прасторавай кампазіцыі. Накрыты духскатавым чарапічным (часткова гонтавым) дахам. Плоскасці тарцовых фасадаў завершаны ступенчатымі атынкавымі сценкамі, падзелены плоскімі лапаткамі, прарэзаны круглымі слухавымі аконнымі праёмамі. Дзвярныя праёмы — шырокія, лучковага абрысу Адзіным упрыгожаннем фасадаў з'яўляюцца аркатурныя паясы.

    Помнік "цэглавай архітэктуры" пачатку XX ст. з матывамі неаготыкі.

    Обруб.

    У 1908 г. асушаны маёнтак Лахва разбіты на хутары і адрубы што засталося у назве вёскі.

    Перунова.

    У 1908 г. на асушаных землях маёнтка Лахва ўтворана вёска, якая, мяркуецца, названа імем землеўпарадкавальніка.

    Ракітна.

    У 1613 г. Ракітна — сяло маёнтка Кажан-Гарадок Наваградскага павета, уласнасць Мікалая Станіслававіча Кішкі, зямлі 32 валокі.

    Рэдзігерава.

    У 1908 г. на асушаных землях урочышча Раі маёнтка Лахва ўтворана вёска, якая названа імем начальніка доследнай балотнай станцыі У.Р. Рыдзігера.

    Сінкевічы.

    У 1493 г. Сінкевічы — сяло маёнтка Лахва, уласнасць Пятра Янавіча Мантыгірдавіча — троцкага ваяводы. У 1588 г. Сынкавічы — сяло маёнтка Лахва, уласнасць Мікалая Крыштофа Радзівіла, князя на Алыцы і Нясвіжы. У 1672 г. Сінкевічы — сяло маёнтка Лахва, 22 двары і 28 валок (з іх звыш 18 пустых). У 1785 г. Сінкевічы — сяло маёнтка Лахва, 34 двары.

    Георгіеўская царква. Размешчана на усход ад вёскі, на могілках. Пабудавана у 1830 г. з дрэва. Трохзрубны ў плане аб'ём з прамавугольнай апсідай і выцягнутымутым бабінцам. Цэнтральны квадратны зруб завершаны 8-гранным шатром на барабане з макаўкай на 8-граннай шыйцы. Апсіда і бабінец накрыты трохсхільнымі шатровымі дахамі з макаўкамі на высокіх вузкіх васьмігранных шыйках. Архітэктурную кампазіцыю царквы вызначае рытм уступаў і ўзвышшаў аб'ёмаў, плоскія вертыкальна абшытыя дошкамі сцены і высокія гонтавыя шатры. Дэкорам служыць вузкі аркатурны фрыз і зубчатка на карнізе. Вокны прамавугольныя з простымі налічнікамі. Над бабінцам усталяваны хоры, якія адступаюць ад сцяны асноўнага аб'ёма і пакладзены на шырокія бэлькі. Бэлькі праходзяць прадоўжна і заканчваюцца фігурным профілем, які імітуе кранштэйны. З захаду, на адлегласці 10 метраў ад царквы, размешчана двух ярусная драўляная званіца. Ніжні ярус зрубнай канструкцыі, верхні — каркасны, пакрыты высокім чатырохвугольным у плане шатром з галоўкай на высокай шыйцы.

    Помнік народанага драўлянага культавага дойлідства палескай школы. У 80-ыя гады XIX ст. пачалося будаўніцтва чыгункі. Адзін з яго ўдзельнікаў Мікіта Майсеевіч Катовіч (1861 — 1964) расказваў, што жыхары навакольных вёсак вазілі пясок на насып тачкамі на валах. У 1887 г. на рацэ Лань пабудаваны вадзяны млын, уладальнік Ананіч, потым яго сын. У 1903 г. пабудаваны паравы млын, уладальнік Аўраам Слуцкі. У XX ст. у вёсцы пражывала многа яўрэяў. Тут працавала сплаўбрыгада, якая сплаўляла лес па рацэ. Лес распілоўвалі на дошкі і па чыгунцы адпраўлялі за мяжу. Слуцкі трымаў і пілараму, мукамольню, маслабойку, воўначасалку, першую механічную малацілку, якую прыводзілі ў дзеянне адна-дзве пары коней. Гаспадар плаціў добра, умеў ладзіць з рабочымі, на вяселлі, хрэсьбіны, святы заўсёды выдзяляў невялікія падарункі. У перыяд рэвалюцыі 1905 — 1907 гг. правёў сход рабочых, вызначыў запытанні працаўнікоў, пазнаёміў з палітычнымі падзеямі, многасямейным тут жа аказаў матэрыяльную дапамогу: абуткам, тканінай, мукой. У вёсцы працаваў магазін-лаўка прамысловых тавараў, але пакупнікоў было мала, у асноўным рабочыя млына.

    Сітніца.

    У 1493 г. Сітніца — сяло маёнтка Лахва, уласнасць Пятра Янавіча Мантыгірдавіча — троцкага ваяводы. У 1522 г. Сітніца — сяло маёнтка Лахва, 8 службаў належыць Ганне, жонцы Яна Мікалаевіча Радзівіла, астатнія — уласнасць Пятра Станіслававіча Кішкі. У 1588 г. Сітніца — сяло маёнтка Лахва, уласнасць Мікалая Крыштофа Радзівіла, князя на Алыцы і Нясвіжы. У 1626 г. Сітніца — сяло маёнтка Лахва, 37 валок і 71 двор. У 1672 г. Сітніца — сяло маёнтка Лахва, 44 валокі (з іх 21 з чвэрцюпустыя) і 41 двор. У 1785 г. Сітніца — сяло маёнтка Лахва, 26 двароў. У 1862 г. у вёсцы пабудавана вялікае насеннясховішча, якім карысталіся і жыхары навакольных паселішчаў на выпадак навадненняў і пажараў. У 1884 г. пабудавана чыгуначная станцыя Сітніца на лініі Лунінец — Гомель.

    Флярова.

    У 1908 г. на асушаных землях маёнтка Лахва ўтворана вёска, якая названа імем работніка доследнай балотнай станцыі А.Ф. Флярова.

    Цна.

    У 1613 г. Цна — сяло маёнтка Кажан-Гарадок Наваградскага павета, уласнасць Мікалая Станіслававіча Кішкі, зямлі 30 валок. У 1795 г. Цна — вёска маёнтка Кажан-Гарадок, 73 двары. У 1882 г. Цна — вёска ў Пінскім павеце Кажан-Гарадзецкай воласці, у 1-ай паліцэйскай Лагішынскай акрузе, уладанне Шчытоў.

    Чэрабасава.

    Вёска з 1908 г. на асушаных землях маёнтка Лахва. У назве ўвекавечана імя інжынера-меліяратара, які працаваў на асушэнні мясцовых балотаў. Але вёскай яна стала толькі пасля вайны. У пачатку стагоддзя гэта былі асобныя Чэрабасаўскія хутары. Старажылы расказваюць, што раней гэта было валоданне памешчыка з вялікім драўляным палацам. Але гаспадар прайграўся ў карты. Маёнтак заклалі ў банк, пабудовы прадавалі. Прыязджалі людзі з Украіны (прозвішчы першых пасяленцаў цяпер тыповыя для вёскі — Дунец, Крашчук), з іншых рэгіёнаў Беларусі, асабліва многа з Гродзенскай губерні. Людзі разбіралі на бярвенні памешчыцкія пабудовы і будавалі сабе дамы. За зямлю плацілі ў банк, але не аслабаняліся і ад усіх падаткаў, што было вельмі цяжка: наўкола лес быў такі, што не прайсці. Але тутэйшы народ лічыўся культурным, усе старыя былі пісьменнымі, а гаворка пераважала гродзенская.

    Яжаўкі.

    У 1800 г. Язаўка, вёска маёнтка Кажан-Гарадок, 24 двары сялянскіх, 97 мужчынскіх і 52 жаночыя душ сялян.

    Язвінкі.

    У 1613 г. Язвінкі — сяло маёнтка Кажан-Гарадок Наваградскага павета, уласнасць Мікалая Станіслававіча Кішкі, зямлі 23 валокі, баяры. У 1759 г. пабудавана праваслаўная Прэабражэнская царква на сродкі памешчыка Шчыта. У 1870 г. Язвінкі — вёска, валоданне Шчыта, 51 двор, 393 жыхары — 191 мужчына і 202 жанчыны. У 1879 г. Язвінкі — вёска ў Мінскай губерні, Пінскім павеце, 2-ой благачыннай акрузе, на ваенна-камунікацыйнай дарозе, ад губернскага горада 250 вёрстаў, павятовага - 90, паштовай дарогі — 55, ад чыгункі — 125 вёрстаў (чыгунка Вільна — Роўна пабудавана у 1888 г.). У 1882 г. Язвінка, Язвінкі — "значная вёска ва ўсходняй частцы Пінскага павета, у Кажан-Гарадзецкай воласці, пры дарозе, якая вядзе з Дзятлавічаў у Кажан-Гарадок. Налічвае 468 жыхароў, мае каля 50 будынкаў, парафіяльную царкву. На Палессі шмат месцаў, якія носяць падобныя назвы — Язвіны, Язвінкі і г. д. Няўжо гэтыя назвы маюць нейкае дачыненне да яцвягаў, Яцвязі? Магчыма, паходзяць ад русінскага слова "язвить" — атруціць ядам. Відавочна, што часцей за ўсё мясцовасці, якія размешчаны ў нізінах, дзе водзіцца шмат змей, атрымліваюць такія назвы. Далей на поўнач і на ўсход такіх назваў не сустракаем, нават у нізінах". У 1886 г. Язвінкі — вёска пры рацэ Цна, 51 двор, 448 жыхароў. У 1893 г. адзначана: "Мясцовасць тут прыгожая і вясёлая". У 1910 г. на народныя ахвяраванні, асабістыя ўклады памешчыка, чыноўнікаў, ваенных і іншых добразычліўцаў пабудавана новая Прэабражэнская царква.

    Прэабражэнская царква. Размешчана ў цэнтры вёскі на месцы старой царквы, аб якой вядома наступнае.

    Па апісанні 1864 г., адносіцца да 5-га класа, драўляная. Штатнага жалавання прычту 236 рублёў. Зямлі сядзібнай, ворыўнай, сенажацяў — каля 60 дзесяцін. Прыхаджан мужчынскага полу — 356 душ, жаночага — 398.

    Пабудавана ў 1759 г. на сродкі памешчыка Івана Шчыта. Мае выгляд крыжа з двума купаламі, аднымі ўваходнымі дзвярамі і адным радам вокнаў, на якіх не мелася жалезных кратаў. Дах царквы пакрыты гонтай, звонку не пафарбавана. У 1870 г. царква капітальна адрамантавана.. Унутраная плошча яе 40 кв. сажняў. Столь і падлога драўляныя. Пячное ацяпленне адсутнічала. У царкве меўся ўвесь богаслужбовы посуд, хаця і недарагі, 14 рыз, з якіх 4 новыя. Мелася 3 Евангеллі, адно з іх — у аксамітавым пераплёце з сярэбраным адлюстраваннем Уваскрэсення і евангелістаў. Званіца царквы была пабудавана асобна. Асаблівых званоў тут не мелася. Царкоўны пагост быў абнесены агароджай, якая, як і драўляная царкоўная, была пабудавана на ахвяраванні прыхаджан.

    Новая царква пабудавана ў 1910 г. з дрэва. Трохзрубны храм з двух'яруснай званіцай над прытворам. Чатырохсценная апсіда мае невялікую шатровую прыбудову. Цэнтральны зруб і апсіда пакрыты паўвальмавымі дахамі, званіца — высокім шатром. На даху цэнтральнага зруба — невялікая галоўка. Сцены будынка вертыкальна і гарызантальна ашаляваны. Дэкор помніка ўключае разны аркатурны фрыз, паяскі карнізаў, накладныя разныя дэталі.

    Помнік народнага дойлідства з элементамі стылю мадэрн.

    Міхась Спірыдонаў

    На верх старонкі




    Сялянкі ў традыцыйных касцюмах з наміткай, в. Азярніца


    Жаночая безрукаўка-шнуроўка, в. Азярніца


    Параскевінская царква, в. Бастынь


    Сям'я свяшчэнніка В. В. Вячоркі, в. Бастынь


    Уладальніца маёнтка Бастынь В. Струкава ў сялянскім касцюме. 1915


    Жонка ўраўляючага маёнткам Бастынь Л. Ігнацьева ў гарадскім убранні. 1915


    Жаночае адзенне-кофтачка, в. Бродніца


    Жаночая безрукаўка-гарсэт — выгляд спераду і ззаду, в. Вічын


    Пакроўская царква. 1910 г.
    З фота А. К. Сержпутоўскага, в. В. Чучавічы


    Група маладых жанчын і дзяцей. 1910.
    З фота А. К. Сержпутоўскага,
    в. В. Чучавічы


    Тры замужнія жанчыны ў святочным адзенні. 1910, в. В. Чучавічы


    Драўляны крыж сярод вуліцы, в. В. Чучавічы.
    З фота А. К. Сержпутоўскага


    Валасны старшыня, пісар і суддзі, в. В. Чучавічы.
    З фота А. К. Сержпутоўскага


    Хлебны запасны магазін, в. В. Чучавічы.
    З фота А. К. Сержпутоўскага


    Свіранак — амбар на чатырох слупах, в. В. Чучавічы.
    З фота А. К. Сержпутоўскага


    Жанчына ў святочным адзенні, в. Дзятлавічы


    Жанчына ў намітцы-серпанцы. Пачатак ХХ ст. (від спераду і ззаду),
    в. Кажан-Гарадок


    Традыцыйны галаўны ўбор-пушанка, жаночая хустка з "пушанкай", в. Кажан-Гарадок


    Працысценская царква, в. Лахва


    Жанчына ў традыцыйнай кашулі,
    40-ыя гады ХХ ст. в. Лугі


    Апошняе асвячэнне "пасхі" на Вялікдзень перад закрыццём Лунінескай царквы робіць свяшчэннік А. І. Плешка. 60-ыя гады, в. Лунін


    Георгіеўская царква, в. Сінкевічы


    Жанчына ў намітцы. Пачатак ХХ ст., в. Цна