Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Атрыбуты ўлады

У 1861 – 1863 гг. Мінская губернская па сялянскіх справах канцылярыя праводзіла, гаворачы сучаснай мовай, кампанію па ўпарадкаванні ў павятовых праўленнях наяўнасці пячатак, штэмпеляў, медалёў для "чыноўнікаў", што працавалі ў іх.

Кожны кіраўнік мясцовага ўпраўлення меў асабістую пячатку, з 60-ых гадоў — адзінага ўзору. Пячатка валаснога старшыні — авальнай формы, вясковага старасты валаснога цэнтра — прамавугольнай, іншых стараст вёсак, што ўваходзілі ў воласць, — круглай. Надпісы на пячатках былі не выпуклыя, а паглыбленыя. Для іх адбіткаў прымянялася звычайнае чарніла ці... сажа. Так, пячатка капцілася на свечцы, і ставіўся адбітак чорнага колеру. Большасць старшынь і стараст былі непісменнымі, таму адбітак асабістай пячаткі замяніў на ўсіх дакументах асабісты подпіс (іншы раз ставіліся і тры крыжыкі). Пры выкананні службовых абавязкаў старасты, старшыні, вясковыя суддзі насілі спецыяльныя круглыя медалі на стужцы, што надзяваліся на шыю.

У рапарце "№ 227 декабря 17 дня 1863 г. село Лунин" валасны пісар Н. Каратвінаў паведамляў, што "Лунинское волосное управление все почтено честь имею в Минскую губернскую по крестьянским делам канцелярию подать ведомость, сколько этому управлению нужно печатей, штемпелей и медалей, и сколько на них внесено денег". I далей ідзе пералік колькі даслана і колькі яшчэ не. Да рапартаў прыкладзена ведамасць, што патрэбна 1 пячатка, 17 штэмпеляў, 13 медалёў. За гэтыя атрыбуты ўлады з грамадскай касы заплацілі 55 руб. 36 коп. — па тых часах вялікія грошы. Да абодвух дакументаў прыкладзена пячатка Лунінскага валаснога старшыні Вікенція Багданца.

У гэтай жа справе знаходзіліся аналагічныя дакументы, на якіх пастаўлена пячатка Кажан-Гарадоцкага валаснога старшыні Сідара Неўдаха. Лунінскае і Кажан-Гарадоцкае валасныя ўпраўленні адносіліся да 2-га Міравога участка Пінскага павета.

Леў Коласаў