Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Асвета

"... I народная школа можа шырока и бесперашкодна развівацца толькі тады, калі аб развіцці яе будзе клапаціцца той самы народ, якому яна патрэбна і чые дзеці ў ей вучацца". Гэтая думка выказана вядомым рускім педагогам К.Д. Ушынскім у сярэдзіне мінулага стагоддзя, у той час, калі ў Расіі ўзнялася хваля грамадска-настаўніцкага руху. На чале яе былі перадавыя педагогі, яго сучаснікі, якія выступалі з патрабаваннем рэформы ўсёй асветніцкай работы. У 1856 г. пры Міністэрстве асветы была ўтворана спецыяльная камісія па перапрацоўцы статута, новы праект якога быў прадстаўлены ў 1860 г. Яшчэ праз чатыры гады пачалося яго ажыццяўленне. Наогул на развіццё школьнай сістэмы дзяржава выдзяляла нязначныя сродкі, а магчымасці насельніцтва былі абмежаваны, таму колькасць пісьменных расла вельмі марудна. Паводле перапісу 1897 г., пісьменнасць у Мазырскім павеце складала 12,1 працэнта, у Пінску — 16,2, сярод жанчын — не больш чым 6 працэнтаў.

У XIX ст. сістэма школьнай адукацыі на тэрыторыі сучаснага Лунінецкага раёна складалася з народных вучылішчаў, царкоўнапрыходскіх школ і школ граматы. Сярэдніх навучальных устаноў не было.

Народныя вучылішчы пачалі стварацца ў 60-ыя гады пасля таго, як у 1862 г. выйшаў указ аб адкрыцці пачатковых народных вучылішчаў у заходніх губернях. У адпаведнасці з правіламі 18 мая 1864 г. пачатковыя школы ў Паўночна-Заходнім краі аддаваліся пад кантроль праваслаўнага духавенства. Прадметамі выкладання былі: навучанне дагматам праваслаўнай веры і царкоўным спевам, вывучэнне царкоўнаславянскай мовы, арыфметыкі і рускай граматы. Для школ краю Віленская вучэбная акруга выдавала падручнікі, у якіх гісторыя Беларусі асвятлялася з клерыкальна-вялікадзяржаўных пазіцый. Тут палітыка была зразумелай: народная адукацыя павінна развівацца як руская і праваслаўная. Меркавалася што народныя вучылішчы стануць больш высакаякаснай ступенню народнай асветы, больш будуць адпавядаць русіфікатарскай палітыцы, што праводзілася ў краі.

Вучэбны год у гэтых навучальных установах, згодна з інструкцыяй 1871 г., пачынаўся 1 верасня і завяршаўся 1 мая. На самой жа справе пачатак навучальнага года заўсёды адцягваўся і нават у кастрычніку яшчэ палова дзяцей не прыступала да вучобы, бо былі заняты з бацькамі ў гаспадарцы. Ды і на працягу ўсяго навучальнага года бацькі час ад часу адрывалі сваіх дзяцей ад вучобы, спасылаючыся на хатнія работы або адсутнасць цёплага адзення ці абутку. Тэрмін навучання складаў: у аднакласных вучылішчах 3 гады, двухкласных — 5 гадоў. Аналіз праграм для народных вучылішчаў, якія былі складзены толькі ў 1871 г. (да гэтага часу дзейнічалі часовыя правілы, зацверджаныя для народных школ у губернях Віленскай, Ковенскай, Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай), паказвае, што практычна ніякіх звестак аб гісторыі роднага краю, матчынай мове, аб беларусах яны не змяшчалі.

Дзеці павінны былі вывучаць закон Божы, царкоўнаславянскую мову, рускую мову, арыфметыку, чыстапісанне і спевы. Прадмет "руская мова" разумеўся ў шырокім сэнсе. Ён уключаў у сябе вывучэнне вершаў рускіх паэтаў, расказы і апавяданні рускіх пісьменнікаў, знаёміў з адметнымі гістарычнымі асобамі і падзеямі айчыннай (зразумела, рускай) гісторыі. У гэты раздзел уваходзілі артыкулы "О просветителях славян святых Кирилле и Мефодии", "О первых русских князьях Рюрике, Олеге, Ольге и Святославе", "О Владимире Мономахе", "Об Александре Невском", "О Данииле Галицком", "О Дмитрии Донском", "О покорении Казани и Сибири" і іншыя ў тым жа плане. Аб гісторыі беларускага народа, падзеях, што адбываліся на беларускай зямлі, ніякіх звестак, акрамя таго, што змяшчалася ў артыкулах "О Брестской церковной унии", "О воссоединении униатов при Николае ІІ", "О благодеяниях народу и государству Государя императора Александра ІІ", бадай што і не было.

Працэс заснавання народных вучылішчаў ішоў марудна, да канца стагоддзя іх было адчынена толькі 6. Сказвалася беднасць мясцовых жыхароў, няхватка настаўніцкіх кадраў. I ўсё ж сярод выкладчыкаў пераважалі асобы з сярэдняй і нават вышэйшай адукацыяй, людзі, якія скончылі курс ці былі выпускнікамі пераважна Нясвіжскай настаўніцкай і Мінскай Духоўнай семінарый.

Лунінецкае народнае аднакласнае вучылішча было заснавана ў сярэдзіне 60-ых гадоў. У 1891 г. тут вучыліся 38 хлопчыкаў і 7 дзяўчынак, настаўнікам працаваў Ф.В. Шыш. Закон божы выкладаў свяшчэннік А. Бярнадскі. у 1905-1906 гг. налічвалася 80 хлопчыкаў і 30 дзяўчынак. Закон Божы вёў свяшчэннік М.П. Прорвіч (з 1900 г.), памочнікам настаўніка была яго жонка В.Н. Прорвіч, якая скончыла курс Парычскага чыгуначнага вучылішча, а настаўнікам працаваў Т.І. Карыцька, які атрымліваў 300 рублёў. У 1913 г. тут настаўнічалі муж і жонка Яўген і Еўдакія Шахоцькі.

У Лунінскім пачатковым народным вучылішчы ў 1891 г. займаліся 69 хлопчыкаў і 21 дзяўчынка, якім выкладалі настаўнік Т.Р. Карыцька і свяшчэннік П. Ціхановіч, ён працаваў і ў 1905 г., калі колькасць вучняў склала адпаведна 85 і 21, настаўнічалі тады У.А. Філіповіч і В.А. Філіповіч з акладам 250 рублёў, у 1913 г. — І. Небжарт і А. Новік.

У 1891 г. у Лахвенскім пачатковым народным вучылішчы налічвалася 59 хлопчыкаў і 1 дзяўчынка, у 1905 — 1906 гг. — адпаведна 109 і 13. Настаўнікамі працавалі Г.М. Захарэвіч, з 1904 г. — выхаванка Мінскага жаночага духоўнага вучылішча О. Савіч, якая атрымлівала 300 рублёў. 3 1885 г. у Лахве працаваў і выкладаў закон Божы свяшчэннік С. Комар, потым Ф. Туміловіч, якому плацілі 25 рублёў. У 1913 г. тут працавала настаўніца Ксенія Ліцкая.

У тыя ж перыяды Кажан-Гарадоцкае пачатковае народнае вучылішча налічвала 57 хлопчыкаў, а потым — 86 хлопчыкаў і 10 дзяўчынак. Настаўнічаў тут В.О. Пазняк, яго памочнікам з 1904 г. быў Л.О. Менч, які скончыў курс Бельскай настаўніцкай семінарыі, закон Божы выкладаў свяшчэннік Н.Ф. Навіцкі. У 1913 г. тут настаўнічалі В. Пазняк, М. Бабінец, Л. Буры.

У 1905 г. у Баравікоўскім вучылішчы працаваў Ф.Г. Кушалевіч, які меў званне народнага настаўніка.

У 1913 г. двухкласным Мікашэвіцкім народным вучылішчам кіраваў Е.О. Сакалоўскі, настаўнікам працаваў Л.С. Прохараў, закон Божы выкладаў свяшчэннік І.І. Папека.

У Бродніцкім вучылішчы ў гэты час настаўнічаў П.Н. Хандзееў, у Вялуцкім — працягвалі працаваць Ф. Скок і П. Загрэвін.

У пачатку XX ст. пачаўся прыём навучэнцаў у вышэйшае пачатковае вучылішча Палескіх чыгунак. Адукацыя была платная, але не для ўсіх бацькоў — некаторых вучняў фінансавала папячыцельства. Яго фонд складаўся з членскіх узносаў, якія адлічваліся ад зарплаты служачых, збораў ад вучнёўскіх канцэртаў, платы за ўтрыманне вучняў у інтэрнатах, асабістых ахвяраванняў. Асобныя сродкі збіраліся на арганізацыю дзіцячых бібліятэк, правядзенне свят, навагоднія падарункі і т.д.

3 пачатку 80-ых гадоў пачынаюць адраджацца царкоўныя школы. Штуршком для гэтага паслужылі новыя правілы для царкоўнапрыходскіх школ, якія былі зацверджаны ў 1894 г. Працэс стварэння царкоўных школ у беларускіх губернях ішоў больш інтэнсіўна, чым ва ўсіх другіх губернях Расіі. Усе епархіі, у склад якіх уваходзілі беларускія губерні (Магілёўская, Літоўская, Полацкая, Мінская), знаходзіліся ў ліку пяці першых па колькасці школ у разліку на 100 цэркваў. На тэрыторыі Лунінецкага раёна было 7 царкоўнапрыходскіх школ і 9 школ граматы. Тэта не так ужо і шмат, каб народная асвета развівалася на належным узроўні. Тым больш, што трэба ўлічваць і такі факт: амаль усе царкоўныя школы былі малалюдныя, вучэбны працэс у іх вёўся на нізкім узроўні. Беднасцю сялян тлумачылася тое, што некаторыя школы, утвораныя як царкоўнапрыходскія, з цягам часу пераходзілі ў разрад нізкі — у школы граматы. Гэтыя школы былі рухомыя, перахо дзілі з вёскі ў вёску і не патрабавалі ад сялян значных грашовых і іншых матэрыяльных затрат. Праўда, і веды яны давалі адпаведныя: нізкія.

У с. Дзятлавічы ў 1884 г. адкрыласяся царкоўнапрыходская школа. У 1891 г. у ёй займаліся 23 хлопчыкі, выкладаў свяшчэннік Л. Навіцкі пры дапамозе вольнанаёмнага настаўніка які скончыў курс 2-гадовага вучылішча , селяніна С.В. Шыша, які атрымліваў плату ў год 40 рублёў.

1 лістапада 1885 г. у в. Азярніца Лахвенскага прыхода была адкрыта царкоўнапрыходская школа, дзе настаўнікам быў сын мясцовага псаломшчыка К. Радакоўскі. Ён атрымліваў 30 рублёў ад сялян і 10 — ад царкоўнапрыходскага папячыцельства. Вучняў тут было ўсяго 7—10. У лістападзе 1887 г. новым настаўнікам быў зацверджаны М.В. Грудніцкі перад тым звольнены з другога курса Пінскага духоўнага вучылішча.

У тым жа прыходзе ў вёсцы Любачын 19 лістапада 1885 г. была адкрыта яшчэ адна ЦПШ, куды настаўнікам быў прызначаны былы палкавы пісар Я. Рашэцкі, які атрымліваў 30 рублёў ад сялян і яшчэ па 2 гарнцы жыта ад кожнай хаты.

У 1886 г. адкрыліся школы ў дзвюх вёсках Бастынскага прыхода. Па даных 1891 г., у Бастынскай аднакласнай ЦПШ навучаліся 32 хлопчыкі, выкладалі свяшчэннік Ал. Тарановіч і вольнанаёмны настаўнік селянін Мікалай Зіміч, які закончыў курс народнага вучылішча; у Вялуцкай школе граматы займаліся 11 хлопчыкаў, настаўнікам тут быў Міхаіл Вячорка з трэцяга класа Пінскага духоўнага вучылішча.

У 1888 г. у Кажан-Гарадоцкім прыходзе была адкрыта Дрэбская школа граматы. Усе школы размяшчаліся тады ў наёмных памяшканнях, але толькі для гэтага яно было зручным. 25 хлопчыкаў вучыў тут унтэрафіцэр Андрэй Альцывановіч, які закончыў курс народнага вучылішча, з аплатай 30 рублёў у зіму.

Чучавіцкая царкоўнапрыходская школа некаторы час размяшчалася "пры царкоўным доме", потым — у адным з пакояў валаснога праўлення. Выкладалі тут свяшчэннік Уладзімір Пушкін і яго жонка Вольга. ЦПШ атрымлівалі датацыі ад царквы (прыхода), губернскага земскага збору, Мінскага епархіяльнага вучылішчнага савета, а таксама ад ахвяравацеляў. У 1888 г. Мазырскае казначэйства выдзеліла 25 рублёў дапамогі школе ў адных Чучавічах.

У 1913 г. Мінскі Епархіяльны вучылішчны савет парэкамендаваў загадчыку Чучавіцкай ЦПШ, "прызнаючы за часопісам "Русский паломник" лёгкае, агульнадаступнае, навучальнае чытанне, якое ўзвышае, развівае свядомасць маральнага абавязку, душы дзяцей і дарослых... выпісаць яго на мясцовыя сродкі для школьнікаў Чучавіч".

"Русский паломник" быў выпісаны на 1914 г. за рахунак земскага дапаможніка. Тады ж школьнікам вёскі вядомым дарыцелем была зроблена падпіска на часопіс "Родник" — штомесячнае выданне для сям'і і школы.

У студзені 1890 г. Упраўленне Палескіх чыгунак, клапоцячыся аб адукацыі сваіх служачых, звярнулася ў Свята-Мікалаеўскае брацтва пры лунінецкай Крыжаўзвіжанскай царкве з прапановай адкрыць у Лунінцы царкоўнапрыходскую школу. Ужо праз месяц Упраўленне чыгунак паведаміла у савет Мінскага Епархіяльнага Свята-Мікалаеўскага брацтва, шго яно выдзеліла ў Лунінцы памяшканне для вучылішча і кватэру для настаўніка, абавязуецца плаціць настаўніку 240 рублёў у месяц, а выкладчыку закона Божага — 60, аплачваць ацяпленне і асвятленне школы. У лютым 1890 г. у "Мінскіх епархіяльных ведамасцях" была змешчана аб'ява "Аб вакансіі пасады настаўніка пры лунінецкай царкоўнапрыходскай школе". А пакуль у сакавіку таго ж года Савет брацтва даручыў свяшчэнніку лунінецкай царквы Андрэю Бярнадскаму адкрыць заняткі ў школе, часова падабраўшы сабе ў памочнікі каго-небудзь з адукаваных і "вядомых і цалкам дабранадзейных асоб".

Урачыстае адкрыццё школы адбылося 17 красавіка 1890 г. і было апісана ў "Мінскіх епархіяльных ведамасцях". Акрамя жыхароў Лунінца, на цырымонію прыехалі госці з Упраўлення Палескіх чыгунак, кіраўніцтва станцыі і дэпо, духавенства з Мінска. Роўна ў 10 гадзін раніцы ўдары звана сабралі шмат людзей на плошчы перад царквой, адкуль да школьнага будынка адбыўся хросны ход. Ля школы асвяцілі ікону Свяціцеля Мікалая, якую падарыў школе начальнік дэпо Залівацкі. Свяшчэннік сказаў прамову, потым адбыўся малебен, пасля якога прагучалі здравіцы ў гонар імператара і яго сям'і, Свяшчэннага Сінода, кіраўніцтва чыгункі. Потым хрэсны ход вярнуўся ў царкву.

Школа была аднакласнай, для дзяцей служачых станцыі і буйных раз'ездаў. Пры адкрыцці школы ў ёй налічвалася 20 дзяўчынак і 30 хлопчыкаў. Савет Епархіяльнага брацтва і епіскап Мінскі Сімеон зацвердзілі настаўнікам Льва Радзялоўскага, які ў 1889 г. скончыў курс Мінскай духоўнай семінарыі. У карэспандэнцыі выказвалася ўдзячнасць арганізатарам "з нагоды адкрыцця школы, і прычым у м. Лунінец, дзе з-за значнага ў апошнія гады прыросту народанасельніцтва ўжо даўно адчувалася ў гэтым вялікая патрэба. Цяпер застаецца толькі пажадаць, каб настаўнікі і вучні ў школе — першыя — сваёй працай, а апошнія — выдатнымі поспехамі і паводзінамі поўнасцю апраўдалі клопаты аб іх з боку Упраўлення Палескіх чыгунак, і гэтыя надзеі нашы справядліва ўскладаюць на школу бацькі вучняў і мясцовае грамадства".

Лунінецкая 2-класная царкоўнапрыходская школа 1 студзеня 1906 г. была пераўтворана ў 2-класнае сельскае вучылішча Міністэрства народнай асветы. З 1 верасня 1909 г. з яго былі выдзелены спачатку адна-, а потым 2-класнае жаночае вучылішча, якое ў 1915 г. мела 2 будынкі: плошчай 86,42 (каменны) і 53,48 кв. сажня.

У 1913—1914 гг. Мінскі Епархіяльны вучылішчны савет за добрыя адносіны да сваіх абавязкаў аб'яўляў падзяку загадчыкам царкоўных школ: Бастынскай — І. Радзяновічу, Вічынскай — Н. Сцяпанаву, Дрэбскай і Цнянскай — В. Кобе, Дзятлаўскай — І. Гаховічу.

У студзені 1915 г. (ішла сусветная вайна) царкоўна-прыходскім школам было загадана "прыняць на асобае становішча дзяцей асоб, прызваных на ваенную службу, і аб раздачы такім дзецям, якія маюць патрэбу, адзення і абутку, вучнёўскіх прылад, а таксама падрыхтаваць для іх бясплатныя снеданні і начлежныя прытулкі". Валасныя аддзяленні прасілі выдзеліць пры дапамозе царкоўнапрыходскага папячыцельства колькасць дзяцей, якія маюць патрэбу, і вышукаць спосабы іх задавальнення, прыцягнуць да матэрыяльнай дапамогі "добраахвотаў" з мясцовых прыхаджан. У Чучавічах быў нават арганізаваны прытулак-яслі для маленькіх сірот. Было загадана таксама ўсім ЦПШ, "каб вучні, у выніку звароту да іх з боку ўлад па стварэнні ўмоў быту, бежанцаў, прымалі дзейсны ўдзел і аказвалі поўнае ўсебаковае садзейнічанне ў аказанні дапамогі бежанцам, іх перапісу і г.д.".

Леў Коласаў, Іван Панасюк, Эдуард Савіцкі

На верх старонкі