Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

У складзе Расійскай імперыі

Гаспадарчая дзейнасць

У XIX — пачатку XX ст. тэрыторыя сучаснага Лунінецкага раёна ўваходзіла ў склад Пінскага і часткова Мазырскага паветаў Мінскай губерні.

Насельніцтва да сярэдзіны стагоддзя павялічылася прыкладна да 24 — 26 тыс, а напярэдадні сусветнай вайны 1914 — 1918 гг. яно дасягнула З6 — 38 тыс. чалавек. Населеных пунктаў налічвалася каля 100, а двароў — каля 6 тыс. Сярод пасяленняў найбольш буйнымі былі мястэчкі Кажан-Гарадок і Лахва і сёлы Вялікія Чучавічы, Бродніца, Бастынь, Вічын, Дзятлавічы, Лунін, Лунінец, Мокрава, Острава, Язвінкі. У пачатку XX ст. з'яўляюцца выселкі і хутары.

Звесткі аб сацыяльнай структуры насельніцтва, яго падзеле па саслоўях, веравызнанні, роднай мове і г.д. захаваліся з другой паловы XIX ст. Асноўную масу складалі сяляне — больш за 2/3 ад агульнай колькасці жыхароў (1896 г.). На другім месцы ішлі мяшчане — прыкладна 29 %. Дваранства не перавышала 2 %. На долю духавенства прыпадала прыкладна 0,3, купецтва — 0,1, іншых — 0,9 %.

Сярод вернікаў большасць складалі праваслаўныя — у 50-ыя гады XX ст. 87,6 %, у канцы стагоддзя — 76,8 %. Колькасць іудзеяў узрасла за гэты час з 6,3 да 18,1%, а рыма-католікаў зменшылася з 6,3 да 4,7 %.

Перапіс насельніцтва Расійскай імперыі 1897 г. дазваляе вызначыць і нацыянальны склад насельніцтва цяперашняга Лунінецкага раёна. Большасць складалі беларусы. Прыкладна 76,6 % жыхароў назвалі ў час перапісу сваёй роднай мовай беларускую. Значную долю насельніцтва — да 18 % — складалі яўрэі. У шэрагу населеных пунктаў жылі палякі — 2,4 і рускія — 2,1 %. Мелася таксама невялікая колькасць украінцаў (0,4 %) і латышоў (0,4 %).

Сярод сялян асноўнай катэгорыяй да рэформы 1861 г. з'яўляліся памешчыцкія. I толькі Лунінец, Дзятлавічы і Мелясніца ў выніку секулярызацыі манастырскіх і царкоўных уладанняў заходніх губерняў у 1842 г. перададзены ў казну, а жыхары пераведзены ў катэгорыю дзяржаўных сялян. Апроч таго, невялікая колькасць двароў у вёсках Цна, Купаўцы, Вулька, Мелясніца і Ракітна належалі ваеннаму ведамству (усяго 304 душы).

У адрозненне ад памешчыцкіх сялян, якія з'яўляліся поўнай уласнасцю сваіх паноў, дзяржаўныя сяляне былі асабіста свабоднымі, але таксама падвяргаліся феадальнай эксплуатацыі з боку дзяржавы. Так, сяляне сёл Дзятлавічы і Лунінец адбывалі, паводле інвентара за 1845 г., наступныя павіннасці: "Пригонов в неделю с уволочных крестьян 2 дня мужских и 2 женских. Три четверти уволочных — 11/2 мужских и 1 1/2 женских. Полууволочных — по 1 мужскому и 1 женскому. Со всех вообще крестьян (у гэты час у Дзятлавічах налічвалася 76 цяглавых двароў, 4 агароднікі і 1 бабыль, у Лунінцы тяглавых 90 і 2 бабылі. Усяго "душ ревизских мужеска пола 665". — Аўт.) требовалось не менее 14144 дней в год тяглых и 8736 дней полутяглых. Сгонов в год со всех крестьян взыскивалось постоянно 2057 дней тяглых и 1630 полутяглых, в числе коих полагалась и сторожевая повинность дневная в фольварках.

Сверх сих повинностей для исправления строений фольварка и оброчных статей, а также на прочие подобного рода потребности крестьяне отбывали строительную повинность по мере надобностй.

...Затем с потребностью имения взыскивается с каждого двора не менш 6 дней в год". Дадамо, што даволі абцяжаранай была і царкоўная павіннасць.

Дзеля зручнасці спагнання гэтых павіннасцей практыкавалася кругавая парука, якая замацоўвалася на агульным сходзе. Вось тэкст такога грамадскага прыгавору ад 22 верасня 1852 г.: " Ручаемся друг за друга, что исчисленный казне доход будем вносить исправно и аккуратно".

З 1852 г. дзяржаўныя сяляне Лунінеччыны былі пераведзены з баршчыны на грашовую рэнту.

У прыгоннай вёсцы панавала адработачная рэнта (паншчына). Так, сяляне Вялюты (суч. Велуты) і Ліпска за надзел памерам 14 дзесяцін 1023 сажні, які атрымлівалі ад памешчыка Друцкага-Любецкага, павінны былі адпрацаваць 156 дзён "вупражных", 52 дні "пешых", 48 дзён "згону". Апроч гэтых галоўных павіннасцей сяляне выконвалі "шарваркі" (будаўнічыя работы), падводную і вартаўнічую павіннасці, мясам і інш. Такая плата намнога перавышала звычайную арэндную цану за падобны зямельны ўчастак. Трэба таксама мець на ўвазе, што памешчык, які меў поўную ўладу над сваім прыгонным, мог без перашкод адабраць у яго зямлю, маёмасць, абмяняць, прадаць, збіць або нават безпакарана забіць яго самога.

У першай палове XIX ст. гаспадарка і дзяржаўных, і памешчыцкіх сялян была вельмі прымітыўнай.

Плошча раёна была ў большасці пакрыта балотамі, лясамі, хмызняком. Глебы былі неўрадлівымі, пераважна гліністапясчанымі, вільготнымі, патрабавалі ўгнаення.

Захаваўся вельмі цікавы дакумент аб тым, як самі сяляне ацэньвалі якасць зямлі, якой валодалі. Гэта так званы акт апытання жыхароў Лунінца і Дзятлавіч на агульным сходзе 28 верасня 1847 г. Яны, "утвердясь на чести и совести", аднагалосна прызналі што "почва земли пахотной сего имения по ровным местам серо-песчаная с примесью незначительной части чернозема, а по возвышенным — желто-песчаная, легкая. Первой, полагать можно, находится две, а второй — одна часть земли. Сенокосы имеются в малой части луговые худые, болотных же посредственных и худых достаточное количество. Пастбища два сорта — луговые и болотные худые".

Сяляне гэтых сёл высявалі азімага жыта на 1 дзесяціну ў залежнасці ад якасці глебы 5-7 чацверыкоў, а збіралі — 6,5 — 8,5 чацверыкоў. Гэта значыць, што ўраджайнасць складала сам-1,5 — сам-2,5 чацверыка. А ў халоднае, дажджлівае надвор'е яны ледзь толькі папаўнялі насенны фонд.

Наконт іншых сельскагаспадарчых культур у крыніцы ўтрымліваюцца наступныя звесткі: "Яровые посевы — на лучше унавоженной земле посевается ячменя 7, овса 12 четвериков и получается в чистую пользу первого 2 1/2, а второго 3 зерна, на худой же посевается токмо овес (в) таком же количестве 12 четвериков на десятине и получается в чистую пользу 2 зерна. Пшеницы, гречихи, гороху, бобу, конопли и льна сеют весьма мало, лишь только как на собственные домашние надобности. Картофеля же разводят достаточно.

При среднем произрастании трав получается с десятины сенокосов луговых худых 40 пудов, болотных посредственных 60 и худых 30 пудов сена.

Тэхнічная ўзброенасць сельскай гаспадаркі адрознівалася крайняй руціннасцю і на працягу стагоддзяў заставалася нязменнай. Галоўнымі прыладамі працы ў першай палове XIX ст., як і раней, былі саха і драўляная барана, жалезныя серп і каса, драўляныя граблі. Сеялі ўручную, малацілі цэпам, веялі праз рэшата. Даволі пашыранымі былі і больш прымітыўныя сродкі апрацоўкі глебы — смык і барана-сукаватка. Аднак і такі ўбогі інвентар меўся ў пераважнай частцы гаспадарак у невялікай колькасці.

Вялікая роля ў сялянскіх гаспадарках заўсёды належала жывёлагадоўлі. Гэтая галіна забяспечвала арганічным угнаеннем, цяглом, харчаваннем, сыравінай для вырабу адзення і абутку. Але ў разглядаемы час колькасць жывёлы ўсіх відаў у разліку на двор была, безумоўна, недастатковай. Так, па даных афіцыйнай царскай статыстыкі за 1858 г., па Лунінецкаму рэгіёну "средним числом на полный участок, полагая 4 мелкого за одну голову крупного скота, причитается крупного скота голов 3 штуки". Менавіта таму "вообще земли весьма мало удобрены, крестьяне в состоянии унавоживать едва огороды, а из пашни около десятины под озимые посевы".

У выніку гэтых і іншых прычын валавыя зборы сельскагаспадарчых культур былі стабільна нізкімі і лунінецкая вёска не выходзіла з неўрадлівых і галодных гадоў.

Табл. 1 Ураджайнасць азімых культур у Лунінецкім рэгіёне ў 1846—1857 гадах ("самаў" з дзесяціны)
Гады"Самы"Гады"Самы"
18461 1/418522 1/4
18472 1/218533/4
18483,0185410 3/4
18492 1/218551,0
18502,018561 3/4
18511,018574,4
 У сярэднім за 10 гадоў 2,0

Як сведчаць матэрыялы табл. 1, ураджайнасць азімых у 40 — 50-ыя гады склала ў сярэднім "сам-2" (16—17 пудоў з дзесяціны). Толькі адзін год з дзесяці можна лічыць сапраўды баuатым на ўраджай — 1854-ы: "сам-10 1/4" (больш за 80 пудоў з дзесяціны). Гэта самы спрыяльны год за ўсю дарэвалюцыйную гісторыю раёна. Неблагім па тых часах быў і 1857 г. — "сам- 1/4". Астатнія 8 гадоў вымушалі на недаяданне ці голад.

У такіх умовах яўнага крызісу феадальна-прыгонніцкага ладу царызм мусіў пайсці на рэформы "зверху".

У Мінскай губерні, куды ўваходзіла і тагачасная Лунінеччына, адмена прыгонніцтва праводзілася на падставе "агульнага" і аднаго з "мясцовых" палажэнняў 19 лютага 1861 г. для Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай, Мінскай і часткі Віцебскай губерняў.

"Агульнае палажэнне аб сялянах, якія выйшлі з прыгонніцкай залежнасці", утрымлівала галоўныя ўмовы: прыгон на памешчыцкіх сялян і дваровых людзей адмяняецца назаўсёды. Сяляне атрымлівалі асабістую свабоду і права свабодна распараджацца сваёй уласнасцю, заключаць здзелкі, займацца гандлем і промысламі, валодаць рухомай і нерухомай маёмасцю, несці асабістую адказнасць перад судом і інш.

У той жа час памешчыкі захоўвалі ўласнасць на ўсе землі, што ім належалі, аднак былі абавязаны аддаць у карыстанне сялянам "усадебную оседлость" і палявы надзел "для обеспечения их быта и для выполнения их обязанностей перед правительством и помещиком".

Сяляне атрымлівалі надзел не ва ўласнасць, а ў пастаяннае карыстанне. На працягу дзевяці гадоў яны мусілі трымаць адведзены ім надзел і выконваць за яго пэўныя павіннасці. На гэты час яны лічыліся часоваабавязанымі і пакінуць месца жыхарства маглі толькі з дазволу памешчыка. Размеры палявога надзелу і павіннасцей фіксаваліся ва ўстаўных граматах, якія складаліся памешчыкамі і правяраліся міравымі пасрэднікамі.

"Агульнае палажэнне" вызначала таксама структуру, правы і абавязкі органаў сялянскага грамадскага кіравання (сельскага і валаснога) і валаснога суда.

У Мінскай губерні паводле "Мясцовага палажэння" не было вызначаных норм надзелаў. За сялянамі замацоўваліся дарэформенныя надзелы ў падворным карыстанні. Адрэзкі маглі мецца толькі ў выпадках, калі надзел быў большы за інвентарны ці калі ў памешчыка ў выніку рэформы заста валася меней 1/3 зямель, што нале жалі яму. Пры гэтым памешчык 6ыў абавязаны кампенсаваць сялянам кошт пабудоў на адрэзанай зямлі і выдаць грашовыя сродкі, роўныя двухгадоваму аброку з іх. Сялянскі надзел нельга было паменшыць больш чым на 1/6 дарэформеннага надзелу.

Выкупная сума вызначалася шляхам капіталізацыі аброку з дзесяціны зямлі ў разліку 6 % гадавых, але фактычна была роўнай кошту зямлі і тых павіннасцей, якіх памешчык быў пазбаўлены. Першапачаткова сяляне плацілі 20 % гэтай сумы, а 80 % памешчык атрымліваў ад дзяржавы ў выглядзе каштоўных папер. Такім чынам, сяляне заставаліся даўжнікамі дзяржавы і павінны былі на працягу 49 гадоў плаціць за надзел выкупныя плацяжы, у склад якіх уваходзілі працэнты на карысць дзяржавы за дадзеную пазыку.

У выніку сяляне Мінскай губерніі мусілі плаціць за адну дзесяціну па выкупу 79 руб. 20 кап. замест 18 руб. па рыначных цэнах.

Пад уплывам паўстання 1863 — 1864 гг. сяляне Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны атрымалі пэўныя ўступкі і паляпшэнні ўмоў рэформы. У Мінскай губерні з 1 мая 1863 г. спыняліся ўсе абавязковыя адносіны паміж памешчыкамі і часоваабавязанымі сялянамі. Яны пераходзілі ў разрад сялян-уласнікаў і ўносілі выкупныя плацяжы ў павятовае казначэйства. Пры гэтым выкупныя плацяжы былі зменшаны на 20% супраць памеру, вызначанага "Палажэннямі" ад 19 лютага 1861 г.

Сялянам вярталася ўся зямля, якая знаходзілася ў іх сапраўдным карыстанні. Спецыяльныя праверачныя камісіі павінны былі ануляваць усе ўстаўныя граматы, у якіх памеры сялянскіх надзелаў былі заніжаны, а павіннасці завышаны.

Законам 24 лістапада 1866 г. пачалася рэформа дзяржаўных сялян. За імі захоўваліся ўсе землі, якія знаходзіліся ў іх карыстанні. Паводле закона ад 12 чэрвеня 1886 г., дзяржаўныя сяляне пераводзіліся на выкуп.

У іх памеры сярэдніх надзелаў аказаліся ў выніку значна большымі, чым у памешчыцкіх сялян (гл. табл. 2).

Табл. 2 Сярэднія надзелы дзяржаўных і памешчыцкіх сялян Мінскай губерні ў 70-ыя гады (у дзесяцінах)
Былых памешчыцкіхБылых дзяржаўных
На рэвізскую душуНа дворНа рэвізскую душуНа двор
5.116,76,619,5

Сялянская рэформа 1861 г. пры ўсёй сваёй палавінчатасці, захаванні шэрага прыгонніцкіх перажыткаў несла значныя змены ў жыцці насельніцтва, і перш за ўсё сялянства.

Пасля адмены прыгону паскоранымі тэмпамі пайшло развіццё капіталізму. Асабліва важную ролю ў сацыяльна-эканамічных пераўтварэннях у рэгіёне адыграла чыгуначнае будаўніцтва.

Улады, кіруючыся стратэгічнымі і эканамічнымі меркаваннямі, разгарнулі з 60-ых гадоў шырокае будаўніцтва ў заходнім напрамку. Праз тэрыторыю Беларусі былі праведзены найважнейшыя магістралі, якія звязвалі цэнтральныя прамысловыя і чарназёмныя губерні з партамі Балтыйскага мора і Польшчай.

З 1867 па 1904 г. даўжыня чыгунак на Беларусі ў яе сучасных граніцах вырасла з 227 да 2837 вёрст, ці ў 12,4 раза. На пракладцы чыгуначных ліній, на земляных работах было занята да 800 тыс. сялян, галоўным чынам з заходніх губерняў. У другой палове XIX — пачатку XX ст. колькасць чыгуначнікаў, якія абслугоўвалі магістралі, узрасла з 10 да 40 тыс., з якіх каля 30 тыс. лічыліся пастаяннымі рабочымі і служачымі.

Чыгуначнае будаўніцтва садзейнічала развіццю ўсерасійскага і мясцовых рынкаў, паглыбленню спецыялізацыі эканомікі асобных рэгіёнаў, пашырэнню попыту на рабочую сілу, міграцыі насельніцтва, спрыяла тэхнічнаму прагрэсу, выціскала дакапіталістычныя формы вытворчасці і г.д. Па сучаснай тэрыторыі Лунінецкага раёна былі пракладзены Палескія чыгункі (Вільня — Ліда — Баранавічы — Лунінец; Жабінка — Пінск — Лунінец — Гомель; Баранавічы — Слонім — Ваўкавыск — Беласток). Звесткі аб часе адкрыцця руху і працягласці асобных чыгуначных участкаў прадстаўлены ў табл. 3.

Табл. 3 Статыстычныя даныя аб часе адкрыцця руху працягласці асобных ліній Палескіх чыгунак
Назва ўчасткаўЧас адкрыцця рухуБудаўнічая даўжыня


верстсажняў
Вільня — Лунінецснежань 1884296120
Пінск — Лунінецснежань 188454363
Лунінец — Гомельлюты 188628235

Табл. 4 Статыстычныя звесткі аб адпраўленых грузах з чыгуначных станцый у межах Мінскай губ. у 1895 і 1908 гадах, (у пудах)
№ п/п Назва станцыйХлебныяЛесаматэрыялы Іншыя грузы

189519081895190818951908
1. Дзятлавічы121814977270361465-31710
2. Лунінец16316  35507  3202211652-428427
3. Люшча---12574-1240
4. Лахва113561952769483215134- 61931
5. Мікашэвічы-2772137801040350- 53151
6. Чучавічы-441-156704-4360
7. Канал-30-145635-13306

Будаўніцтва Палескіх чыгунак стала асновай для хуткага росту шэрага населеных пунктаў, такіх, як Лунінец, Мікашэвічы, Лахва, Дзятлавічы і інш. Некаторыя з іх становяцца прамысловымі цэнтрамі рэгіянальнага значэння і месцам сканцэнтравання рабочага класа. Значны атрад чыгуначнага пралетарыяту вырас на вузлавой станцыі Лунінец. Майстэрні па рамонту рухомага саставу і дэпо сталі буйным капіталістычным прадпрыемствам, аснашчаным перадавой для таго часу тэхнікай.

Чыгуначны грузаабарот павялічваўся надзвычай хуткімі тэмпамі. Як сведчаць матэрыялы табліцы 4, за перыяд з 1895 па 1908 г. колькасць адпраўленых грузаў вырасла па Мікашэвічах у 79,5, Дзятлавічах — у 46, Лунінцу — 34,6 раза і г.д.

Вядучае месца ў структуры адпраўляемых грузаў займалі лесаматэрыялы: "дерево всякое", шпалы, клёпка, дровы. Што ж тычыцца адпраўляемых хлебных грузаў, то на першым месцы ішла мука аржаная (59,7 %), потым — вотруб'е (18,7 %), семя канаплянае, ільняное, сланечніку (11,9 %), мука пшанічная (4 %), грэчка (3,7 %), (Статыстычныя даныя па станцыі Лунінец за 1895 год. — НАРБ. Ф. 2 Воп. 1. С 75. Лл. 574-575).

Сацыяльна-эканамічныя падзеі другой палавіны XIX ст. спрыялі пэўніым зрухам у развіцці эканомікі і ў сельскай мясцовасці.

Каб прыстасавацца да капіталістычных змен, памешчыкі распачалі будаваць у сваіх маёнтках невялічкія прадпрыемствы па пераапрацоўцы драўніны (галоўнага багацця краю) сельскагаспадарчай сыравіны.

Найбольш буйным быў фанерна-лесапільны завод на станцыі Мікашэвічы Палескіх чыгунак у Мазырскім павеце Мінскай губерні. Заснаваў яго адзін з буйнейшых землеўладальнікаў на Міншчыне Фёдар Сцяпанавіч Агаркаў, якому належала 135 768 дзесяцін зямлі (1914 г.). У 1910 г. тут налічваўся 231 рабочы. Фанеры, дошак і гонту выраблена на 240 975 руб. Завод меў рухавік магутнасцю ў 200 конскіх сіл. Умовы працы былі вельмі цяжкімі, рабочы дзень працягваўся 10,5 гадзіны, асноўныя аперацыі выконваліся ўручную. Аб цяжкіх санітарна-гігіенічных умовах, адсутнасці тэхнікі бяспекі, фактычна поўнай залежнасці рабочых ад свавольства Агаркава і адміністрацыі сведчыць скарга качагара Івана Оліева. 8 гадоў гнуў ён спіну на прадпрымальніка за мізэрную заработную плату. У 1905 г. атрымаў цяжкую траўму, страціў працаздольнасць і быў, па яго словах, "бязлітасна звольнены без усякага ўзнагароджання за калецтва, і сям'я мая з трох душ пазбавілася кавалка хлеба, і мне цяпер застаецца на старасці прасіць міласціну ў добрых людзей. Таму прашу, каб за калецтва вока і страту працаздольнасці было выдана мне ад завода Агаркава належнае ўзнагароджанне". Больш чым праз год блуканняў па высокіх інстанцыях рабочы-інвалід атрымаў ад старшага фабрычнага інспектара Мінскай губерні канчатковы адказ у сваёй слушнай нават па тагачасных законах просьбе.

Другім па велічыні быў завод па прапітцы шпал і брусоў на станцыі Лунінец, які належаў міністэрству шляхоў зносін. У 1910 г. мелася 135 рабочых, паравы рухавік на 45 конскіх сіл. Гадавая вытворчасць склала 115 000 руб.

Апроч таго, невялікае дрэваапрацоўчае прадпрыемства — лесапільна-бачарны завод — існавала ў маёнтку Бастынь.

Распаўсюджанай галіной прамысловасці было вінакурства. Галоўнай сыравінай для вытворчасці спірту была у асноўным бульба, менш выкарыстоўваліся жыта і ячмень. Уладальнікамі такіх вінакурняў былі памешчыкі. Часам яны здавалі сваё прадпрыемства ў арэнду. Адным з першых вінакурных заводаў на тэрыторыі раёна быў, відаць, завод у маёнтку князя Друцкага-Любецкага (сяло Лунін), які першую сваю прадукцыю выдаў у 1818 г. У 1887 г. тэхнічнае абсталяванне прадпрыемства складалася з паравой машыны на 2 конскія сілы, паравога катла, аднаго вадзянога і аднаго конскага рухавіка, 2 бражных кубоў і 9 чанаў. Перароблена 25 680 пудоў бульбы, 1440 пудоў зялёнага і 600 пудоў сухога соладу, выраблена 97 300 вёдзер спірту на 34 668 руб., які цалкам быў збыты на месцы. Работа штогод працягвалася са студзеня па красавік. Усіх рабочых налічвалася 10 чалавек, яны працавалі па 14 гадзін у суткі, атрымлівалі заработную плату па 10 руб. у месяц. Гэта былі сяляне з навакольных вёсак, жылі яны пры заводзе, спалі па чарзе на паравым катле без сенніка, у кажухах і паддзёўках.

Такія ж прадпрыемствы, толькі значна меншыя па сваёй вытворчай магутнасці, існавалі ў маёнтках Бастынь, Новы Двор, Дварэц, Навасёлкі і піваварны завод у мястэчку Кажан-Гарадок.

Трэба заўважыць, што некаторыя дробныя прадпрыемствы нярэдка дзейнічалі кароткі час, адны закрываліся, другія — адчыняліся, іх колькасць амаль штогод мянялася. Асабліва гэта тычыцца цагельных заводаў.

Найбольш буйны з іх пабудаваны ў вёсцы Мялесніца ў 1894 г. селянінам Іванам Ерамеевічам Філіпавым з вёскі Вулька. Вырабляў 25 тыс. штук чырвонай цэглы на 250 руб. Працаваў з 15 мая па 15 жніўня. 1 печ і 1 станок абслугоўвалі 3 рабочых, якія пры 8-гадзінным рабочым дні зараблялі па 30 кап. Найбольш жа стары цагельны завод, заснаваны яшчэ ў 1787 г., працаваў у вёсцы Дрэбок і належкў памешчыку Х.О. Шчыту. За сезон, з 15 жніўня па 15 кастрычніка, на ім выраблялася 10 тыс. штук цэглы на 80 руб.

Апроч таго, у шэрагу маёнткаў будаваліся млыны, крупарушкі і маслабойкі з 1—3 рабочымі. Такіх прадпрыемстваў налічвалася напрыканцы 90-ых гадоў 11.

Насельніцтва мястэчак, галоўным чынам яўрэі, займалася рамяством і дробным пасрэдніцтвам. Але з боку жабрацкай беларускай вёскі попыт быў толькі на самыя простыя танныя вырабы. Таму рамеснік-яўрэй, які абслугоўваў бедняка-беларуса, не заўсёды зводзіў канцы з канцамі. Так, у мястэчку Кажан-Гарадок 2 чалавекі апрацоўвалі і выраблялі скуры на 30 руб. у год (1889 г.), 4 — тапары, падковы, нажы на 120 руб. у год. Мяшчане Лахвы зймаліся вырабам абутку, адзення, драўлянага і глінянага посуду, акоўкай колаў і інш.

Сялянскія саматужныя промыслы на Лунінеччыне ў адрозненне ад іншых рэгіёнаў Беларусі пашырэння не атрымалі. Сяляне ў вольны ад сельскагаспадарчых работ час падраблялі на высечцы, вывазе і сплаве лесу па рэках. Неабходныя гаспадарчыя прылады і бытавыя рэчы набывалі на кірмашах ці ў вандруючых рамеснікаў. Але самае неабходнае для ўласных патрэб выраблялася непасрэдна ў гаспадарках. Сяляне выраблялі грубашэрснае сукно з авечай воўны на шэрыя світкі, са льну — кудзелю на бялізну і галаўныя ўборы, лапці з лыка, каробкі з бярозавай кары, летнія саламяныя капелюшы, карзіны з лазы і інш.

У той жа час у шэрагу вёсак меліся ад 1 да 3 сялян-саматужнікаў, якія працавалі на рынак. Так, у сяле Вічын 3 чалавекі выраблялі на заказ драўляныя вёдры і цэбры (у 1889 г. на 35 руб.), у Дрэбску і Бродніцы па 1 чалавеку — дробныя хатнія рэчы, у Дзятлавічах — царкоўныя рэчы (абразы, рамкі, 1 чалавек у 1889 г. на 30 руб.), у Язвінцы — 1 чалавек малаткі, клешчы на 35 руб.

Але і пасля рэформы 1861 г., як і ў першай палове XIX ст., галоўным заняткам асноўнай часткі насельніцтва Лунінецкага раёна было земляробства. Яно мела пераважна збожжавы характар.

Развіццё гэтай галіны народнай гаспадаркі стрымлівалася рэшткамі прыгонніцтва, найцяжэйшым з якіх было буйное памешчыцкае землеўладанне. Найбольш пашыраным яно было ў Мінскай губерні. Тут у 1917 г., паводле даных Усерасійскага сельскагаспадарчага і пазямельнага перапісу 1917 г., 688 зямельных магнатаў валодалі 2154,4 тыс. дзес., ці 76,3 % усёй асабістай зямельнай уласнасці. На адно такое ўладанне прыпадала больш за З тыс. дзесяцін. У Лунінецкім рэгіёне найбуйнейшымі ўласнікамі з'яўляліся Агаркаў, Друцкія-Любецкія, Шчыты, Струкаў.

Канцэнтрацыя зямель на адным полюсе абарочвалася малазямеллем на другім. Тым жа перапісам у Мінскай губерні было зарэгістравана напярэдадні 1917 г. 32 456 беззямельных сялянскіх двароў, або 11,9 % ад іх агульнай колькасці. Што тычыцца асабістай зямельнай уласнасці, то ў гэты час 15 062 сялянскія гаспадаркі (64,2 % агульнай колькасці) валодалі ўчасткамі да 20 дзес. Прычым двары з надзелам да 10 дзес. складалі 42,8 % а зямлі ў іх было толькі 1,6 %.

Сярод іншых фактараў, якія адмоўна паўплывалі на стан дарэвалюцыйнай сельскагаспадарчай вытворчасці, трэба назваць наяўнасць сервітутных уладанняў (угоддзяў, якія на пэўных умовах даваліся памешчыкамі ў карыстанне сялянам, як: паша, выганы, сенажаці, бортні, рыбная лоўля), цераспалосіца, прымітыўнасць агратэхнікі і культуры земляробства і інш.

Даныя Мінскага губернскага статыстычнага камітэта сведчаць аб вядучай ролі збожжавай гаспадаркі і на Лунінеччыне. У канцы XIX — пачатку XX ст. у Пінскім і Мазырскім паветах больш за 60 % пасяўных плошчаў прыпадала на збожжа і каля 40 % — на тэхнічныя культуры, галоўным чынам на бульбу. Пры гэтым таннай бульбе ў сялянскай гаспадарцы надавалася большая роля, а ў структуры памешчыцкіх пасеваў яна займала ў розныя перыяды ад 20 да 30 %.

Гаспадыняй сялянскіх палеткаў, як і даўней, было азімае жыта, на якое прападала 33 — 40 % агульных пасяўных плошчаў.

Аржаны хлеб быў асноўным прадуктам харчавання беларускага селяніна. Жыта — адзін з найбольш непатрабавальных злакаў, расце на малаўрадлівых глебах, добра прыстасуецца да лішку ці недахопу вільгаці, холаду і спякоты, не патрабуе вялікіх працоўных затрат.

Табл. 5. Ураджайнасць хлябоў і бульбы ў Пінскім павеце ў 1895 г. ("у самах")
Від
землеўладання 
Сельскагаспадарчыя культуры
азімыяяравыябульба
Уладальніцкія349
Сялянскія349
Інш. саслоўі349
Па павету349

У табл. 5. прадстаўлена ўраджайнасць зернявых і бульбы. За прыклад намі ўзяты 1895 г., адносна ўрадлівы, сярэдні па паказчыках за разглядаемы час. Звяртае на сябе ўвагу такая акалічнасць: за паўстагоддзя, нягледзячы на пэўны рост, яна заставалася вельмі нізкай — 24-25 пудоў з дзесяціны азімых і 35-36 пудоў — яравых. Гэта быў адзін з самых малых паказчыкаў у Еўрапейскай Расіі. Трэба заўважыць, што гады з мізэрнымі валавымі зборамі чаргаваліся з няўродамі. Яны страшэннай бядою навісалі над лунінецкай вёскай у пачатку XX ст., фактычна праз год. Асабліва цяжкімі былі 1905 — 1907 гг., калі ў Пінскім павеце ва ўмовах халоднага дажджлівага надвор'я жыта ледзь давала сам-2, а яравыя не папаўнялі і насення. Менавіта таму свайго хлеба большасці вёсак хапала толькі да Каляд.

Сярод сістэм земляробства "по Минскому уезду преобладает как у помещиков, так и у крестьян трехполье, а у некоторых крестьян, вследствие незначительных наделов, практикуется двухполье. Улучшенные способы обработки земли замечаются лишь у некоторых из крупных частных землевладельцев, которые для обработки земли применяют земледельческие орудия новейших конструкций".

У пачатку XX ст. галоўнай прыладай для апрацоўкі зямлі ў сялян заставалася ўсё тая ж спрадвечная саха. Вось як Мазырская павятовая земская ўправа характарызавала ў 1911 г. стан сельскагаспадарчай тэхнікі ў сялянскіх гаспадарках: "Пашут крестьяне обычно негодным сельскохозяйственным орудием — сохой, хотя в последнее время кое-где уже появляется плуг. Механическая обработка почвы при этом нередко недостаточно глубокая и небрежная. Бороны — деревянные, железных почти нет. Окучивание картофеля производится обычно ручным способом при помощи так называемых "капаниц", редко можно встретить обработку картофеля особым плугом-окучником".

У выніку ўсіх абставін, разгледжаных вышэй, лунінецкая вёска ў дарэвалюцыйны час ледзь трымалася, далёка не заўсёды задавальняючы свае патрэбы ў самым неабходным.

Жыццё і побыт сялянства Беларускага Палесся былі настолькі жудаснымі, жабрацкімі, што нават падцэнзурны друк не мог гэтага замоўчваць. Працытуем некалькі вытрымак са звычайных матэрыялаў, якія штодзённа друкаваліся ў тагачасных газетах і ніякай асаблівай рэакцыі, здзіўлення ці абурэння не выклікалі.

"Минское эхо" (9 жніўня 1908 г.):
"Эканамічны стан сялян плачэўны. Зайдзіце ў любую вёску, і вы будзеце ўражаны бедным яе выглядам. Хацінкі маленькія, цьмяныя, дымныя. Падлогі — голая зямля і гразь. Па гэтай гразі мірна разгульваюць куры, свінні, цяляты разам з сялянскімі дзецьмі. Пасцелі адсутнічаюць. Існуюць нары, на якіх уся сям'я і "спачывае"... Чэрствы і чорны, як зямля, хлеб ляжыць на стале, наспех збітым з дошак. Прусакі і іншыя насякомыя поўзаюць па сценах і лавах, заглядваюць у гаршкі, талеркі міскі... Вось які выгляд вёсак, гэта красамоўна гаворыць аб вялікай нястачы, якая прыгнятае мужыка".

"Полесье" (7 жніўня 1911 г.): "Выгляд беларускай вёскі"
"Толькі на 2 — 3 дахах тырчаць коміны — з дошак ці сплеценыя з галля. Астатнія ж халупы захавалі яшчэ той выгляд, які мелі, мабыць, з часоў Тахтамыша. Закураныя, гразныя хаткі... 3 вуліцы ўваход у вялікія сенцы, дзе стаіць скаціна. У хату ідзеш па гною, на сценах сажа".

"Северо-западный голос" (15 снежня 1907 г.). "Што ядуць сяляне?":
"У хлебе знаходзіцца значны працэнт замешку мякіны, вотруб'я і іншых неспажыўных рэчываў... Хлеб чорны, як зямля, і аддае тухлым пахам".

"Окраина" (7 кастрычніка 1907 г.):
"А зазірніце ў любую вёску нашай воласці. Гразь пакалена... Хаткі маленькія, цесныя, дымныя... Падлога — голая зямля, а пагразі гэтай разгульвае мелкая свойская скаціна... Нядзіўна пасля гэтага, што розныя эпідэміі, як тыф, дызентэрыя і д.п., так часта лютуюць у нашай воласці і ўносяць у магілу сотні жыццяў... На 18 тысяч насельніцтва ёсць толькі 1 урач і некалькі фельчарскіх пунктаў. Апошнія, за рэдкім выключэннем, маюць настолькі мізэрныя медыцынскія пазнанні, што лічыць іх здольнымі змагацца з эпідэміяй абсалютна немагчыма".

"Окраина" (11 кастрычніка 1907 г.):
"У многіх хлеб скончыўся задоўга да Ражства. Ва ўраджайныя гады многія прыкупляюць, а ў такім годзе (1907 г.) і пагатоў цэны на хлеб дайшлі да неверагоднай у нас вышыні. Мясцовасць у нас глухая, заробкі мізэрныя, а есці трэба. I многія галадуюць самым сапраўдным чынам. Былі сем'і, што тыднем не бачылі хлеба на сваім стале. Дзеці хадзілі ў "куски", а бацькі саромеліся гэтага і сядзелі галодныя дома... "Квасоўка" (падагрэты квас з крупамі) без хлеба была для многіх раскошаю".

"Западный Буг" (5 красавіка 1909 г.). "Становішча сельскагаспадарчых рабочых у літоўска-беларускіх губернях":
"...Беспрасветнасць, забітасць, такая ступень эксплуатацыі, якой ва ўнутранай Расіі не ведаюць. Рабочы дзень узімку 12 — 13 гадзін, летам і ў гарачую пару — да 17 —18 гадзін... харчаванне галоднае. Жыллё парабкаў і чаляднікаў уражвае сваім убогім і антысанітарным станам. Рабочыя размяшчаюцца па 12 — 15 чалавек у старой напаўразбуранай "пякарні" ці "на чворанах" — спецыяльная хата для парабкаў. Падлога земляная, мокрая, гразная. Зімою замярзае вада. Асвятленне сваё. Для спання нары без сеннікоў і падушак, на сваім кажуху. Тут жа і сямейныя, і дзяўчаты".

Цяжкія жыццёвыя ўмовы вымушалі сялян час ад часу ўступаць у барацьбу за лепшы лёс. Выступленні гэтыя ў другой палове XIX ст. не вызначаліся масавасцю, згуртаванасцю, упартасцю і наступальнасцю. Яны больш паходзілі на ўсплескі адчаю, якія хутка заціхалі, і зноў усё ішло як і раней.

Толькі ў пачатку XX ст. гэты рух стаў больш арганізаваным і масавым. Асабліва бурны характар прынялі народныя хваляванні падчас расійскай рэвалюцыі 1905 — 1907 гг. Асабліва актыўны ўдзел у гэтай рэвалюцыі прынялі чыгуначнікі Лунінца, якія ў кастрычніку і снежні 1905 г. кантралявалі становішча на станцыі (гл. нарыс "Год тысяча дзевяцьсот пяты" і дакументы).

Развіццё капіталізму ва ўсіх галінах эканомікі патрабавала пашырэння пісьменнасці і асветы. Царскія ўлады мусілі прымаць пэўныя захады ў гэтым напрамку, правесці рэформу школы, каб прыстасаваць яе да патрэб эканамічнага развіцця краіны (гл. на рыс "Асвета").

Яшчэ горш, чым з асветай, былі справы з медыцынскім абслугоўваннем насельніцтва. У Мінскай, ды і ў іншых губернях Беларусі лютавалі брушны і сыпны тыф, воспа, халера, малярыя, шкарлатына, сухоты і іншыя хваробы. Бывалі выпадкі, калі эпідэміі ахоплівалі да 30 % населеных пунктаў, як, напрыклад, брушны тыф у 1905 г. Прычынай такога становішча быў нізкі ўзровень медыцынскага абслугоўвання і бытавыя ўмовы, у якіх жылі сяляне.

Сельская медыцына ўзнікла толькі ў канцы 60-ых гадоў на аснове "Палажэння аб наладжванні сельскай урачэбнай медыцыны ў губернях, дзе не ўведзена ў дзеянне Палажэнне аб земскіх установах" (ад 24 снежня 1868 г.). На павет прыходзілася ўсяго па 1 урачу, не хапала лячэбніц, медыцынскага персаналу, аптэк. Так, у канцы XIX — пач. XX ст. на тэрыторыі раёна існавала толькі 2 сельскія прыёмныя пакоі і 5 сельскіх аптэк.

У выніку такога становішча працягласць жыцця была зусім невысокай. Калі мы зноў звернемся да перапісу 1897 г., то ўбачым, што насельніцтва, узрост якога перавышаў 60 гадоў, складала ў Пінскім павеце толькі крыху больш 7 %. Асноўная сярод іх маса (80,5 %) — гэта людзі ва ўзросце да 40 гадоў. Тыя, хто дасягнуў 40-49 гадоў, складалі 8,7; 50-59 гадоў - 5,6 %.

Небывалыя нягоды і нястачы, голад і разарэнне прынесла працоўным першая сусветная вайна 1914-1918 гг. (гл. нарыс "Першая сусветная").

Натуральным вынікам усяго сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця Расіі ў першыя два дзесяцігоддзі XX ст., нарастаючага па ўсёй імперыі рэвалюцыйнага руху з'явілася падзенне у лютаўскія дні 1917 г. самадзяржаўя. Улада перайшла да Часовага ўрада.

У Мазырскім і Пінскім паветах былі створаны павятовыя выканаўчыя камітэты. На чале новых органаў улады станавіліся ў асноўным памешчыкі. Бальшавіцкія аратары, выступаючы на сялянскіх сходах, прызывалі не падпарадкоўвацца ім, заклікалі да падзелу памешчыцкай зямлі, стварэння новых органаў улады. Пачалі стварацца валасныя і сялянскія камітэты, якія дзялілі памешчыцкую зямлю і маёмасць, праводзілі арышты, вобыскі, змяшчалі з пасад. Падзеі працягвалі развівацца далей, бо Часовы ўрад не вырашыў вузлавыя праблемы: не ліквідаваў памешчыцкае землеўладанне, не скончыў вайну. Голад і разруха ўсё глыбей ахоплівалі краіну (гл. нарыс "Падрыхтоўка да Кастрычніка").

Эдуард Савіцкі
Літаратура:
  • Алфавитный список населения Минской губернии. Сост. В.С. Ярмолович. Мн., 1909.
  • Белоруссия в эпоху капитализма. Развитие капитализма в промышленности. Положение промышленных рабочих и рабочее движение в Белоруссии. 1861 — 1900. Сборник документов и материалов. Т. И. Мн., 1990.
  • Вестник Полесских железных дорог. 1912. № 8, 10, 15, 22; 1915. № 7, 13.
  • Документы и материалы по истории Белоруссии. 1900 - 1917. Т. III. Мн., 1953.
  • Земские избирательные списки. — Минские губернские ведомости. 1914.
  • Населенные места Российской империи в 500 и более жителей с указанием всего наличного в них населения и количества жителей преобладающих вероисповеданий по данным первой всеобщей переписи населения. 1897 г. СПб., 1905.
  • Нацыянальны архіў РБ. Фонды 21, 27, 47.
  • Памятные книжки и обзоры Минской губернии за 1850—1916 гг.
  • Первая всеобщая перепись населения Российской империи 1897 г. Т. 22. СПб., 1904.
  • Поуездные итоги Всероссийской сельскохозяйственной и поземельной переписи 1917 г. по 57 губерниям и областям. Труды ЦСУ. Т.5. Вып. 2. М., 1923.
  • Программы для школьных училищ Виленского округа. Вильно., 1871.
  • Российский государственный исторический архив. Фонды 395, 1283, 1287, 1290.
  • Списки землевладельцев Минской губернии за 1876 год. Мн., 1877.
  • Списки землевладельцев Минской губернии за 1888 год. Мн., 1889.
  • Статистика поземельной собственности и населенных мест в Европейской России. Вып.5. СПб., 1882.
  • Статистический сборник Министерства путей сообщения. Вып. 102. СПб., 1910.

На верх старонкі





Карта Лунінеччыны
з расійскімі назвамі