Палессе маё Лунінецкае

Расліны

Аўсяніца (мурожніца) высокая Овсяница высокая (Festuca Altissimma All)

Статус: IV катэгорыя (NT) мае невысокую ступень рызыкі знікнення, від церпіць ад неспрыяльных тэндэнцый на прылеглых тэрыторыях. У асобных месцах знаходжання колькасць скарачаецца, але пры правільна арганізаванай ахове здольна аднавіцца да ўзроўню, які не выклікае асцярогі.

Апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з кароткім карэнішчам, утварае шчыльны дзёрн. Сцёблы тоўстыя і прамастаячыя з добра выражанымі баразёнкамі вышынёй ад 50 да 120 см. Лісты плоскія шырынёй 5—15 мм з выступаючай сярэдняй жылкай. Похвы лістоў кароткія, шурпатыя. Язычок даўжынёй 2—3 мм усечаны з напраўленымі ўверх вушкападобнымі вырастамі, на вярхушцы махрысты. Суквецце мяцёлка, буйная, паніклая, з доўгімі тонкімі шурпатымі галінкамі. Каласкі складаюцца з 3—5 кветак. Ніжняя кветкавая лусачка даўжынёй 5—6 мм падоўжаная ланцэтная, з трыма жылкамі, бязостая, з тонкімі шыпікамі па ўсёй паверхні. Плод — прадаўгаватае бурае зярнятка. Расце ў шыракалістых і ялова-шыракалістых лясах кіслічнага і спыцявага тыпу з прымессю клёна, граба, ліпы, радзей ясеня і вяза. Цвіценне ў чэрвені — ліпені, пладанашэнне ў ліпені — жніўні. Апыленне і распаўсюджванне насення адбываецца з дапамогай ветру.

Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка лесу, гаспадарчая трансфармацыя зямель, выпас жывёл, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне).

Прынятыя меры аховы. Уключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі, 2-ое выданне (1993 г.). Расце ў нацыянальных парках “Белавежская пушча”, “Прыпяцкі”, Бярэзінскім біясферным запаведніку, заказніку “Ізін”, у басейне Прыпяці ў Лунінецкім р-не.

Неабходныя меры аховы. Перыядычны кантроль стану вядомых папуляцый. Пошук новых месцаў росту, памяншэнне антрагеннага ўздзеяння ў месцах знаходжання расліны (выбарачныя санітарныя высечкі лесу ў зімовы перыяд).


  

Венерын чаравічак Венерин башмачок (Cypripedium calceolus)

Статус: I катэгорыя. Рэдкi вiд, якi знаходзiцца пад пагрозай знiкнення.

Апiсанне раслiны. Раслiна належыць да сям’i архiдных. У лясах нашага раёна сустракаецца адзiны прадстаўнiк роду Венерын чаравiчак — Венерын чаравiчак сапраўдны. Шматгадовая раслiна з прамастаячым, вышынёй 25—50 сантыметраў, надземным сцяблом з двума або трыма элiптычнымi лiстамi. Дзве, радзей — тры буйныя кветкi развiваюцца на вяршынi сцябла. Яны вельмi прыгожыя, дыяметрам да 8 сантыметраў, маюць дзiвосную форму, якая ствараецца нiжнiм пялёсткам калякветнiкам. Ён мешкавата ўздуты, афарбаваны ў жоўты колер i ўтварае так званую губу, якая з’яўляецца лавушкай для насякомых-апыляльнiкаў. На губе знаходзяцца нектарнiкi, якiя выдзяляюць саладкаватую вадкасць.

Iншыя пялёсткi калякветнiка маюць чырванавата-буры колер. Толькi два бакавыя — роўныя памiж сабой, астатнiя маюць кожны асобную форму. Яшчэ ў бутонах губа вельмi нагадвае чаравiчак, адсюль i назва раслiны.

Першы раз зацвiтае Венерын чаравiчак толькi на 15—17 год жыцця. Размнажэнне адбываецца вегетатыўнымi бакавымi пупышкамi карэнiшча, з якiх i развiваюцца маладыя раслiны. Насенне дробнае i разносiцца ветрам на далёкiя адлегласцi, але ж для яго прарастання неабходна наяўнасць у глебе пэўных грыбоў — сiмбiёнтаў.

Расце Венерын чаравiчак у разрэджаных шыракалiставых, драбналiставых i змешаных лясах, на лясных палянах, ускрайках балот, аддаючы перавагу багатай карбанатамi глебе.

Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка лясоў, гiдрамелiярацыйныя работы i водапанiжэнне, выпасванне жывёлы ў лясах, збор квiтнеючых раслiн, выполванне карэнiшчаў.

Прынятыя меры аховы. Занесены ў спiс ахоўных раслiн Беларусi з 1964 года i Чырвоную Кiнiгу Беларусi — з 1981 года. На тэрыторыi Лунiнецкага раёна ахоўваецца ў Дзяржаўным бiялагiчным заказнiку рэспублiканскага значэння “Лунiнскi”.

Неабходныя меры аховы. Рэвiзiя вядомых месцаў росту раслiны, кантроль за станам папуляцыi.

Гарлачык белы Кувшинка белая (Nymphata alba)

Статус: ІІІ катэгорыя (VU). Схільны да вымірання ў перспектыве, калі фактары, якія выклікалі скарачэнне іх колькасці, будуць дзейнічаць далей.

Апісанне. Сустракаецца ў азёрах або затоках рэк з павольным цячэннем, дзе ён расце на глыбокіх месцах. Лісце расліны з сэрцападобнай авальнай пласцінкай, якая плавае на паверхні вады. Карэнішчы ўтрымоўваюць многа крухмалу. Прыгожая кветка 6—11 см у дыяметры мае двайны калякветнік; чашачка складаецца з чатырох чашалісцікаў. Пялёсткі вяночка шматлікія белыя, размешчаныя па спіралі, паступова памяншаючыся да цэнтра кветкі. У адной кветцы можна назіраць цэлую гаму пераходаў ад тыповай тычынкі да пялёсткаў. Рыльца песціка мае прамяні, колькасць якіх адпавядае колькасці зросшыхся пладалісцікаў. Кветаножка не мае механічнай тканкі. У вадзе яна трымаецца вертыкальна, а ў паветраным асяроддзі не здольна заставацца ў вертыкальным становішчы. Кветка апыляецца насякомымі. На ноч кветкі закрываюцца і апускаюцца ў ваду. Пасля апылення кветкі ўжо не ўсплываюць на паверхню вады. Развіццё пладоў адбываецца ў вадзе. Насенне мае напоўненую паветрам мешкападобную камеру, дзякуючы якой плавае на паверхні вады і разносіцца цячэннем.

Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушэнне вадаёмаў і змяненне ўзроўню вады ў іх. Прамысловае і бытавое забруджванне вадаёмаў. Пашкоджанне раслін рыбалоўнымі снасцямі, воднаматорным транспартам, змяненне гідрахімічнага саставу вады, збору раслін у час цвіцення.

Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

Неабходныя меры аховы. Ахова віду ў межах заказнікаў, стварэнне мікразаказнікаў у межах арэала, кантроль за станам папуляцыі. Папулярызацыя аховы, штучнае культававанне ў вадаёмы са спрыяльнымі ўмовамі.

Званочак персікалісты Колокольчик персиколистный (Campanula persicifolia)

Статус: III катэгорыя. Рэдкi вiд, якi трапляецца ў невялiкай колькасцi на абмежаванай тэрыторыi.

Апiсанне раслiны. Належыць да сям’i званочкавых. Шматгадовая травянiстая раслiна з верацёнападобным касым карэнiшчам i прамастаячым злёгку рабрыстым сцяблом, вышыня якога 40—100 см. Лiсце размешчана чаргова. Прыкарнявое i нiжняе лiсце на сцябле ланцэтнае, звужанае ў аснове ў чарашок, па краях з дробнымi зубчыкамi. Астатнiя лiсты — падоўжаналанцэтныя, сядзячыя, самыя верхнiя з цэльным краем лiста. Лiсце з выяўленым бляскам.

Кветкi блакiтныя, буйныя, 3—5 см даўжынёй, сабраны па 2—7 у вярхушачную аднабокую гронку, сустракаюцца i адзiночныя. Вяночак калякветнiка званочкападобны на 1/4 надрэзаны на 5 шырокавугольных лопасцей, чашачка ў 2—2,5 раза карацейшая за вяночак, чашалiсцiкi раздзельныя, адагнутыя. Плод — каробачка. Квiценне ў чэрвенi-лiпенi. Расце ў сасновых i саснова-дубовых лясах, на высечках, па хмызняках. Сустракаецца асобнымi экзэмплярамi або невялiкiмi групамi.

Да вышэйсказанага патрэбна дадаць, што ў Лунiнецкiм раёне рэдка можна сустрэць яшчэ аднаго прадстаўнiка чырванакнiжнiкаў з сям’i званочкавых — гэта званочак шыракалiсты.

Раслiна мае таксама буйныя кветкi блакiтна-фiялетавага колеру, якiя размешчаны ў пазухах лiсця. Аднак, адзiнкавыя экзэмпляры, якiя знаходзяцца выпадкова, часта становяцца ахвярай уласнай прыгажосцi, хаця гэтая прыгожая раслiна зусiм не прыдатна для букета.

Тонкiя лiсты i кветкi сарваных раслiн адразу ж вянуць у вадзе.

Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя земляў, будаўнiцтва i земляныя работы, збор квiтнеючых раслiн.

Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў межах заказнiкаў Лунiнецкага раёна.

Неабходныя меры аховы. Ахова месцаў росту, кантроль за станам папуляцыi, прапаганда ашчадных адносiн да раслiны. Неабходна поўная забарона збору.

Зубніца клубняносная Зубянка клубненосная (Dentaria bulbifera)

Статус: III катэгорыя. Рэдкi вiд, якi трапляецца ў невялiкай колькасцi на абмежаваных тэрыторыях.

Апісанне. Зубнiца клубняносная расце ў ялова-грабавых дубровах, дубова-ясеневых i яловых лясах. Раслiна — эфемероiд — такую агульную назву маюць шматгадовыя травянiстыя раслiны з кароткiм тэрмiнам вегетацыi. Надземная частка раслiны развiваецца рана. Ужо ў красавiку iзумрудная зелянiна зубянкi выдзяляецца на фоне шэрай лясной падсцiлкi. Раслiна спяшаецца выкарыстаць вiльготны i светлы перыяд да з’яўлення лiсця на дрэвах. За кароткi тэрмiн развiваецца прамастаячае сцябло вышынёй да 50 см. На яго вяршынi развiваецца суквецце-гронка, якая складаецца з 6—12 даволi буйных (ад 12 да 18 мм) кветак. Колер кветак ад чыста белага, ружовага да фiялетавага, але найчасцей кветкi маюць светла-бэзавую афарбоўку. На месцы кветак развiваецца плод стручок. Надземная частка раслiны летам адмiрае, а ў глебе працягвае жыццё доўгае паўзучае карэнiшча з зубцападобнымi лускамi. Адсюль i назва роду «зубнiца». На iм i будуць развiвацца парасткi будучага года. Размнажаецца раслiна насеннем i вегетатыўна з дапамогай карэнiшчаў цi цыбулiнак-бульбiнак. У зубянкi ёсць цiкавая асаблiвасць: у пазухах лiсця i асновы кветаножак утвараюцца цыбулiнкi-бульбiнкi карычнева-фiялетавага цi амаль чорнага колеру. Ападаючы, даюць пачатак новым раслiнам. Такi спосаб размнажэння даволi рэдкая з’ява ў раслiнным свеце, асаблiва для раслiн Беларусi.

Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка лесу, змяненне рэжымаў асвятлення i ўвiльгатнення на месцах росту.

Прынятыя меры аховы. Занесены ў спiс ахоўных раслiн Беларусi з 1964 года i ў Чырвоную кнiгу Беларусi з 1981 года. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы, Бярэзiнскiм, Прыпяцкiм запаведнiках. У межах Лунiнецкага раёна адзiнкавыя экзэмпляры, а таксама групы зубнiцы клубняноснай сустракаюцца ў межах Дзяржаўнага бiялагiчнага заказнiка рэспублiканскага значэння «Лунiнскi», а таксама ў межах рэспублiканскага заказнiка «Сярэдняя Прыпяць».

Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам вядомых папуляцый. Пошук новых месцаў росту. Увядзенне ў культуру, па магчымасцi, на школьных кветнiках. Штучнае рассяленне ў прыродныя экатопы. Прапаганда аховы вiду.

Касач Сібірскі Касатик Сибирский (Jris Sibirica)

Статус: IV катэгорыя (NT) мае невысокую ступень рызыкі знікнення, церпіць ад неспрыяльных тэндэнцый на прылеглых тэрыторыях. У асобных месцах знаходжання іх колькасць скарачаецца, але пры правільна арганізаванай ахове яны здольныя аднавіцца да ўзроўню, які не выклікае асцярогі.

Апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з магутным паўзучым карэнішчам, ад якога адыходзяць надземныя полыя, у верхняй частцы галінастыя парасткі. Сцябло прамастаячяе са шматлікімі бурымі валокнамі — рэшткамі адмёрлых ліставых похваў. Ніжнія лісты доўгія, вузкалінейныя, карацейшыя за кветанос; лісты на сцябле у колькасці 2—3 невялікія. Гронкападобнае суквецце з 2—3 буйных кветак размешчана на вярхушцы сцябла. Кветкі буйныя з кароткай трубкай і шасцю прадаўгаватымі цёмна-сінімі долямі, размешчанымі ў двух кругах. Вонкавыя долі адагнутыя да нізу, у сярэдняй частцы бледна-сінія, з цёмнымі сіне-фіялетавымі жылкамі. Часткі (долі) унутранага круга аднакаляровыя, цёмна-сінія. Цвіценне наступае ў маі-чэрвені. Апыленне — насякомымі. Плод — каробачка падоўжаная, авальнай формы са шматлікім сплюшчаным насеннем. Выспявае ў ліпені-жніўні. Размнажаецца не толькі насеннем, але і вегетатыўна. Расце на сырых забалочаных паплавах, ускрайках балот, канавах, парослых хмызняком.

Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушальная меліярацыя, гаспадарчая трансфармацыя зямель, празмерны выпас жывёлы, збор раслін у час цвіцення. Знікненне папуляцыі можа адбывацца з-за натуральных прыродных змяненняў: высокая дзірваністасць глебы ў месцах росту, самкнутасць верхалін дрэва-хмызняковага ярусу.

Прынятыя меры аховы. Уключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі 1-га і 2-га выдання (1981, 1993). Захоўваецца на тэрыторыях нацыянальных паркаў, запаведнікаў і заказнікаў Беларусі.

Неабходныя меры аховы. Забарона або абмежаванне ў месцах росту антрапагеннага ўздзеяння. Магчыма вырошчванне расліны як дэкаратыўнай культуры.

Крапіва кіеўская Крапива киевская (Urtica kiouiensis rogow)

Статус: ІІ катэгорыя (EN). Від мае малую колькасць, тэндэнцыю да няўхільнага скарачэння колькасці арэала, і ў бліжэйшай будучыні прагназуецца пагаршэнне статуса гэтага віду, аднак пры правільна арганізаванай ахове яшчэ могуць быць захаваны папуляцыі віду ў натуральных месцах пражывання.

Апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з палягаючым і ўкараняючымся сцяблом. У дарослым стане тыповае карэнішча практычна адсутнічае. Зімуюць укаранёныя часткі сцябла. Жыгучыя валаскі, якiя густа пакрываюць усю расліну, размешчаны на лісцi. Форма ліставой пласцінкі прадаўгавата-ланцэтная з буйна-пільчатымі краямі. Афарбоўка ліста цёмна-зялёная з верхняга боку.

Вялікія прыліснікі ў ніжніх пар лістоў раздзельныя, у верхніх часта суцэльныя. Ніжняя частка суквецця ўтворана толькі тычыначнымі кветкамі, верхняя — толькі песцічнымі. Плод — падоўжаны яйцападобны арэшак даўжынёй 1,5 мм. Месцы росту — сырыя, забалочаныя чарнавольхавыя, ясеневыя лясы, дубровы пойменнага затаплення, прыбярэжная зона лясных азёр. Размнажаецца насеннем і вегетатыўна (пераважна).

Асноўныя абмежавальныя фактары. Гідралесамеліяратыўныя работы, высечкі лесу, гаспадарчая трансфармацыя зямель.

Прынятыя меры аховы. Уключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь (2005 г. выдання). Ахоўваецца на тэрыторыі нацыянальнага парка “Прыпяцкі”, заказніка “Сярэдняя Прыпяць”.

Неабходныя меры аховы. Здзяйсненне перыядычнага кантролю за станам вядомых папуляцый. Пошук новых месцаў росту і забарона антрапагеннага ўздзеяння ў іх. Магчымы толькі выбарачныя высечкі лесу, праведзеныя ў зімовы час. Мэтазгодна захоўванне генафонду ва ўмовах культуры.

Лілея кучаравая (царскiя кучары) Лилия кудреватая (царские кудри) (Lilium martagon)

Статус: ІV катэгорыя. Рэдкi, недастаткова вывучаны вiд, колькасць i стан якога выклiкаюць трывогу.

Апiсанне раслiны. Лiлея кучаравая мае яшчэ адну назву, пад якой яна больш вядома на тэрыторыi Расii — саранка. Раслiна належыць да сям’i лiлейных. Сцябло высокае, да 60—90 см, на вяршынi яго развiваецца суквецце з 6—10 кветак, аднак бываюць i адзiночныя кветкi. Калякветнiк не мае чашалiсцiкаў. Пялёсткi вяночка светла-чырвоныя, з цёмнымi круглымi плямамi, раздзельныя, з закручанымi да кветаножкi вяршынямi, ляжаць у двух кругах. На верхняй паверхнi пялёсткаў калякветнiка знаходзiцца па аднаму шчылiнападобнаму нектарнiку, акружанаму валаскамi. Тычынкi пурпурныя, доўгiя, на iх вяршынi вагаюцца пыльнiкi, прымацаваныя да тычыначнай нiцi спiнкай. Буйны песцiк складаецца з выцягнутай завязi, доўгага слупка i галоўчатага рыльца. На сярэдзiне кветканоснага сцябла знаходзiцца кальчак з 5—6 элiптычна-ланцэтных лiсцяў, вышэй больш дробнае лiсце размешчана чаргова. Плод — шасцiгранная каробачка з вялiкай колькасцю насення. Лiлея кучаравая размнажаецца i вегетатыўна. У глебе развiваецца залацiста-жоўтая цыбулiна, якая дасягае 5 см у даўжыню. Лускi цыбулiны тоўстыя, у iх пазухах фармiруюцца цыбулiнкi-дзеткi, з якiх развiваюцца маладыя раслiны.

Лiлею кучаравую можна сустрэць на лясных дзялянках, разрэджаных хвойных i мяшаных лясах, у бярэзнiках.

Асноўныя абмежавальныя фактары. Зрыванне раслiн. Вытоптванне жывёламi, антрапагенная трансфармацыя тэрыторый.

Прынятыя меры аховы. Занесена ў спiс ахоўных раслiн Беларусi з 1964 г. У Чырвоную кнiгу Беларусi з 1981 г. У Лунiнецкiм раёне ахоўваецца ў Дзяржаўным бiялагiчным заказнiку «Лунiнскi» i ў ландшафтным заказнiку рэспублiканскага значэння «Сярэдняя Прыпяць».

Неабходныя меры аховы. Рэвiзiя вядомых месцазнаходжанняў i кантроль за станам папуляцый, больш шырокае ўвядзенне ў культуру; iнфармацыйна-асветнiцкая работа сярод школьнiкаў.

Лабелія Дортмана Лобелия Дортмана (Lobelia dortmana)

Статус: І катэгорыя. Вельмi рэдкi рэлiктавы вiд, якi знаходзiцца пад пагрозай знiкнення.

Апiсанне раслiны. Шматгадовая водная травянiстая раслiна. Каранямi лабелiя прымацавана да падводнага грунту. Лiсце тоўстае, суцэльнае лiнейнае, суцэльнакрайняе, адагнутае ўнiз, утварае прыкаранёвую разетку i цалкам паглыблена ў ваду. Кветаносы лабелii высокiя, да 40—80 см, узвышаюцца над паверхняй вады. Цвiценне лабелii назiраецца ў чэрвенi – лiпенi. Кветкi дзвюхполыя, накшталт званочкаў, зiгаморфныя (маюць адну плоскасць сiметрыi), дзвюхгубыя з тоўстай трубкай i пяццю зрослымi тычынкамi, на панiклых кветаножках з блакiтна-белым вяночкам, сабраны ў рыхлую аднабокую гронку. Чашачка глыбокапяцiраздзельная, зялёная. Плод — сухая прадаўгаватая каробачка з дзвюма створкамi. Насенне дробнае, падоўжана-бугрыстае.

У глыбокiх месцах, дзе кветканос не можа выйсцi над паверхняй вады, пад вадой утвараюцца кветкi, што не раскрываюцца, у якiх адбываецца самаапыленне. Размнажаецца лабелiя насеннем.

Арэал распаўсюджвання лабелii на Беларусi абазначаны толькi ў двух азёрах: возера Свiцязь Навагрудскага раёна i возера Белае Лунiнецкага раёна. Расце ў чыстых празрыстых азёрах на пясчаным дне на глыбiнi да 1 м, заўжды разам з палушнiкам азёрным. Утварае зараснiкi ў прыбярэжнай частцы возера.

Асноўныя абмежавальныя фактары. Забруджванне вадаёма, абмяленне ў вынiку гiдрамелiярацыйных работ i водазабору, пашкоджванне раслiн сеткамi пры лоўлi рыбы, празмерныя рэкрыацыйныя i гаспадарча-эксплуатацыйныя нагрузкi.

Прынятыя меры аховы. Занесана ў спiс ахоўных раслiн Беларусi з 1964 г. Уключана ў Чырвоную кнiгу Беларусi з 1981 г. Збор i продаж лабелii рэгламентаваны Канвенцыяй аб мiжнародным гандлi вiдамi дзiкай фауны i флоры, якiя знаходзяцца пад пагрозай знiкнення.

Неабходныя меры аховы. Рэвiзiя вядомых месцаў росту. Кантроль за станам папуляцыi.

Лепіста брудная Леписта грязная (Lepista Sordida)

Статус: ІІІ катэгорыя (VU). Уключае таксоны, якія не знаходзяцца пад прамой пагрозай знікнення, але схільныя да вымірання ў перспектыве, калі фактары, якія выклікалі іх скарачэнне, будуць дзейнічаць і далей.

Апісанне. Належыць да «царства» грыбоў. Шляпка дыяметрам 3—6 см, спачатку круглая, затым плоска-распрасцёртая, званочкападобная, з проста апушчаным краем. Колер шляпкі шэра-ружова-фіялетавы, пры падсыханні белы, з шэра-карычневым адценнем, па краях фіялетавы.

Мякаць грыба мяккая, шэра-ліловая, з мяккім смакам, амаль без паху. Пласцінкі прырослыя, частыя, вузкія, тонкія, брудна- або карычнева-ліловыя, з часам становяцца святлейшымі. Пянёк 3—6х0,4—0,5 см, цыліндрычны, цалкам брудна-карычнева-фіялетавага колеру. Пладовыя целы развіваюцца ў жніўні—верасні.

Гумусны сапратроф. Ядомы грыб. Расце ў садах, на раллі, ускрайках лісцевых лясоў. У межах Лунінецкага раёна афіцыяльна зафіксаваны ў наваколлі вёскі Крэстынова ў 1970 г. Сустракаецца ў адзінкавых экзэмплярах.

Абмежавальныя фактары. Вызначальным з’яўляецца антрапагенны: празмерныя рэкрыяцыйныя нагрузкі (ушчыльненне і забруджванне глебы, збор пладовых цел, высечка лесу (усе віды высечак), гаспадарчая трансфармацыя зямель.

Прынятыя меры аховы. Уразлівы від. Уключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі. Уключаны ў першы раз. Расце на тэрыторыі нацыянальнага парка “Нарачанскі”.

Неабходныя меры аховы. Стварэнне ў месцах росту віду спецыялізаваных мікралагічных заказнікаў з забаронай антрапагеннага ўздзеяння і збору пладовых цел. Кантроль за вядомымі папуляцыямі і пошук новых месцаў росту.

Лікападыела (дзярэзачка) заліўная Ликоподиелла заливаемая (плауночек) (Lycopodiella Jnyndata)

Статус: IV катэгорыя (NT). Мае невысокую ступень рызыкі знікнення, аднак церпіць ад неспрыяльных тэндэнцый на прылеглых тэрыторыях, у асобных месцазнаходжаннях іх колькасць скарачаецца, але пры правільна арганізаванай ахове яны здольныя аднавіцца да ўзроўню, які не выклікае засцярогі.

Апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з паўзучым галінастым вегетатыўным сцяблом даўжынёй 75—100 см, якое шчыльна прылягае да субстрата і ўтварае прыдатковыя карані. Спораноснае сцябло не галінiцца, прамастаячае, вышынёй 10—15 см. Лісты — фінолды (утвораны вырастам покрыўных тканях) лінейна-шылападобныя, надзвычай дробныя. Канцы зялёных лістоў саламяна-жоўтыя. Страбілы (відазмешчаныя пакарочаныя парасткі, на якіх развіваюцца спораўтвараючыя органы спарангіі) цыліндрычнай формы, бакавых галінак не ўтвараюць, яны шырэйшыя за звычайныя парасткі, на якіх развіваюцца, аднак рэзкага адмежавання ад іх не маюць. Шматлікія споры светла-жоўтага колеру ўтвараюцца ў аснове лістоў спорафілаў. Споранашэнне з ліпеня па верасень. Споры разносяцца ветрам. Належыць да ліку вузкапластычных відаў, прыстасаваны да бедных пажыўнымі рэчамі, разрэджаных фітацэпозаў. Расце ў сыраватых месцах, паблізу ад сцяжынак, дарог, уздоўж ЛЭП, па берагах канаў, азёр, часта ў сукупнасці з відамі роду зязюлін лён, рэдкім хмызняком, самасевам сасны і бярозы, пераважна на кіслых глебах з пастаянным рэжымам увільгатнення.

Асноўныя абмежавальныя фактары. Гідрамеліяратыўныя работы, якія прыводзяць да паніжэння ўзроўню грунтовых вод, торфараспрацоўкі, дарожнае будаўніцтва, выпас жывёлы. Выцісканне больш канкурэнтаздольнымі відамі.

Прынятыя меры аховы. Уключаны ў другое выданне Чырвонай кнігі Беларусі. Ахоўваецца ў межах запаведнікаў, заказнікаў і нацыянальных паркаў Беларусі.

Неабходныя меры аховы. Забарона ўсіх відаў гідрамеліярацыйных работ у месцах росту, абмежаванне дрэнажна-рамонтных работ, забарона на выпас жывёлы, падтрымка існуючага экалагічнага рэжыму, найперш рэжыму ўвільгатнення. Пошук новых месцаў росту.

Нітэла грацыёзная Нителла грациозная (Nitella Gracilis)

Статус: ІІІ катэгорыя (VU). Уключае таксоны, якія не знаходзяцца пад прамой пагрозай знікнення, але схільны да вымірання ў перспектыве, калі фактары, якія выклікалі скарачэнне іх колькасці, будуць дзейнічаць і далей.

Апісанне. Нітэла грацыёзная належыць да аддзелу Харавыя водарасці. Зялёная, жаўтаватая да карычневых адценняў расліна з вышынёй талома 5—20 см. Мае вялікае знешняе падабенства з высшымі раслінамі. Добра выражаная восевая частка таксама членіста-кальчакавая, падзелена на вузлы і міжвузеллі, пры дапамозе рызодаў утрымліваецца ў грунце вадаёма. У вузлах ад галоўнай восі адгаліноўваюцца бакавыя восі, на іх развіваюцца выцягнутыя клеткі “лісце” і органы палавога размнажэння (оогоніі і антэрыдыі). У пазухах лісця развіваюцца яйцападобныя оогоніі, сценка якіх створана закручанымі клеткамі. Буйная яйцаклетка з запасам пажыўных рэчываў знаходзіцца ўнутры. Ніжэй размешчаны антэрыдыі значна меншых памераў і шарападобнай формы — месца ўтварэння сперматазоідаў. Пасля апладнення ўтвараецца зігота, перазімаваўшы пад шчыльнай абалонкай, вясной яна развіваецца ў праростак. Расце нітэла ў прэснай, слабашчолачнай вадзе з гліністым грунтам, пераважна ў чыстай вадзе.

Асноўныя абмежавальныя фактары. Забруджванне вадаёмаў, прамысловае рыбалоўства.

Прынятыя меры аховы. У Беларусі ахоўваецца па рэжыму аховы вадаёмаў у межах заказнікаў, у тым ліку на тэрыторыі біялагічнага заказніка рэспубліканскага значэння “Лунінскі” Белае возера. Унесена ў Чырвоную кнігу Беларусі 2-ое выданне (1993г.)

Неабходныя меры аховы. Папярэджванне забруджвання вадаёмаў, змяненне гідралагічнага і гідрахімічнага рэжымаў вадаёмаў. Забарона лоўлі рыбы сеткамі, невадамі.

Палушнік азёрны (Шыльнiк азёрны) Полушник озерный (Isoёtes lacustris)

Статус: ІІІ катэгорыя. Рэдкi вiд, якi трапляецца ў невялiкай колькасцi на абмежаваных плошчах.

Апiсанне раслiны. Палушнiк азёрны належыць да аддзелу дзеразападобныя, клас палушнiкавыя цi шыльнiкавыя, род палушнiк, або шыльнiк. Раслiны гэтага аддзелу належаць да лiку найбольш старажытных. У сучаснай флоры прадстаўлены невялiкай колькасцю вiдаў. Лацiнская назва рода isoёtes ўяўляе сабой народнагрэчаскую назву, якая складаецца з прыметнiка «isos» — роўны i назоўнiка «etos» — год. Выкарыстаўшы гэтую назву, К. Лiннэй падкрэслiў вечназялёнасць прадстаўнiка толькi аднаго аднесенага iм да гэтага роду — вiда палушнiка азёрнага.

У той жа час, беларуская назва раслiны «шылiца» падкрэслiвае шылападобную форму лiсця. Палушнiк азёрны цi «шылiца» не мае нi кветак, нi пладоў, а складаецца з пучка вузкiх жалобчатых лiстоў (фiлоiдаў). Жорсткае цёмна-зялёнае лiсце мае буйныя мiжклетнiкi, запоўненыя паветрам. У сваёй аснове лiсты пашыраныя i ўздутыя. Тут знаходзяцца органы размнажэння палушнiка — спарангii. На вонкавых лiстах развiваюцца макраспарангii з буйнымi спорамi. На ўнутраных — мiкраспарангii з дробнымi спорамi. Ад цэнтра пакарочанага клубнепадобнага сцябла, замацаванага ў грунце пучком тонкiх каранёў, адыходзяць вегетатыўныя (бясплодныя) лiсты, на вялiкiх глыбiнях дасягаючыя даўжынi 30 см. Восенню лiсты з паспеўшымi спарангiямi адпадаюць i застаюцца толькi вегетатыўныя. На наступны год на вонкавых вегетатыўных лiстах зноў утвараюцца макраспарангii, а ў цэнтры сцябла зноў адрастаюць вегетатыўныя лiсты. I так з году ў год.

Шырока распаўсюджаныя ў старажытных леднiковых азёрах, у сучаснай флоры захавалiся ў нешматлiкiх азёрах Беларусi з чыстай, абедненай арганiкай, мiнеральнай вадой. Палушнiк сустракаецца надзвычай рэдка, разам з ахоўваемым вiдам водных раслiн — лабелiяй Дортмана.

Асноўныя абмежавальныя фактары. Забруджванне i абмяленне вадаёмаў, празмерная рэкрэацыя i гаспадарчая дзейнасць, выцясненне палушнiка больш канкурэнтназдольнымi вiдамi.

Прынятыя меры аховы. Занесены ў спiс ахоўных раслiн Беларусi з 1964 г. i Чырвоную кнiгу Беларусi з 1981 г. У нашым раёне ахоўваецца ў Дзяржаўным бiялагiчным заказнiку «Лунiнскi» на Белым возеры.

Неабходныя меры аховы. Рэвiзiя вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцыi.

Сальвінія плывучая Сальвиния плавающая (Salvinia natans)

Статус: ІІІ катэгорыя. Рэдкi вiд, якi трапляецца ў невялiкай колькасцi на абмежаваных тэрыторыях.

Апiсанне раслiны. Рэлiктавая раслiна, прадстаўнiк вадзяных папаратнiкаў. Сальвiнiя — аднагадовая раслiна, расце ў цiхiх водах заток i старыц Прыпяцi. Ад гарызантальнага сцябла сальвiнii адыходзяць парамi яйцападобныя лiсты на кароткiх чарашках. Лiсце ляжыць на паверхнi вады. Сцябло i нiжнi бок лiсця пакрыты бурымi валаскамi. На верхнiм баку лiсця маюцца шматлiкiя камеры для ўтрымання паветра. Дзякуючы паветру, якое запаўняе паветраныя камеры, сальвiнiя, апушчаная ў ваду, адразу ж усплывае як паплавок i прымае на паверхнi вады сваё натуральнае становiшча. Сальвiнiя мае каранепадобныя ўтварэннi, звiсаючыя ад сцябла ўнiз. Яны адыходзяць пучкамi ад тых жа вузлоў, да якiх прымацаваны чарашкi плаваючага лiсця. Вывучэнне гэтых каранепадобных утварэняў дае падставу сцвярджаць, што гэта не пучок каранёў, а адзiн моцна вiдазменены лiст, раздзелены на вузкiя нiцепадобныя долi. Такiм чынам, у кожным вузле сцябла бяруць пачатак не два, а тры лiсты: два аднолькавыя зялёныя, плаваючыя, i адзiн пагружаны ў ваду, раздзелены на долi, аналагiчныя караням. Сапраўдных каранёў сальвiнiя не мае. Размнажаецца спорамi, якiя ўтвараюцца ў аснове падводнага лiсця у жнiўнi, вераснi. Спелыя споры перазiмоўваюць. Сальвiнiя размнажаецца i вегетатыўна.

Асноўныя абмежавальныя фактары. Забруджванне вадаёмаў, змяненне iх гiдрахiмiчных умоў, абмяленне ў вынiку гiдрамелiярацыйных работ, выкарыстанне водна-маторнага транспарту. Празмерныя рэкрэацыйныя i гаспадарча-эксплуатацыйныя (здабыча сапрапелю, лоўля рыбы сеткамi) нагрузкi.

Прынятыя меры аховы. Занесена ў спiс ахоўных раслiн Лунiнецкага раёна з 1973 года. Ахоўваецца ў рэспублiканскiм ландшафтным заказнiку «Сярэдняя Прыпяць». Вядзецца кантроль за станам папуляцыi.

Неабходныя меры аховы. Рэвiзiя вядомых месцаў росту, кантроль за станам папуляцый у вядомых месцах росту, абмежаванне антрапагенных уздзеянняў.

Фіялка багнавая Фиалка топяная (Viola Uliginosa)

Статус: IV катэгорыя (NT). Мае невысокую ступень рызыкі знікнення. Церпіць ад неспрыяльных тэндэнцый на прылеглых тэрыторыях, у асобных раёнах іх колькасць скарачаецца, але пры правільна арганізаванай ахове від здольны аднавіцца да ўзроўню, які не выклікае засцярогі.

Апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з доўгім тонкім паўзучым карэнішчам і прамастаячым кветаносам вышынёй 10—20 см. Лісце з крылатым чарашком, па даўжыне амаль роўным ліставой пласцінцы, сабраны ў прыкарнявую разетку. Ліставыя пласцінкі яйкападобныя трохкутныя; паступова завужаны да вярхушкі; з усечана-акруглай выемчатай асновай; па краі злёгку гародчаныя; цёмна-зялёныя. Кветканосы доўгія, з двума прыкветнікамі, якія рана адпадаюць. Кветкі звычайна па 2 на расліне, буйныя, да 3 см, цёмна-ліловыя, без паху. Плод — тупая трохгранная каробачка, прадаўгаватая, яйкападобнай формы. Цвіценне ў красавіку — чэрвені. Насенне выспявае ў канцы мая — чэрвеня. Расце на ўзлесках, лясных палянах, у сырых, забалочаных ялова-чорна-вольхавых, бярозавых і дубовых лясах, ускрайках нізінных балот. Від расце пераважна ў буйных лясных масівах, у нас часцей расце фіялка балотная.

Асноўныя абмежавальныя фактары. Вызначаючы — антрапагнны: асушальна-меліяратыўныя работы, якія прыводзяць да паніжэння ўзроўню грунтовых вод, дарожна-рамонтныя работы, высечка лесу, выпас жывёл, прымяненне на акаляючай тэрыторыі ядахімікатаў, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне, збор цвітучых раслін).

Прынятыя меры аховы. Расце ў межах нацыянальных паркаў і заказнікаў, у тым ліку “Сярэдняя Прыпяць”, “Лунінскі”, уключаны ў 2-е выданне Чырвонай кнігі Беларусі (1993 г.) і 3-е выданне (2005 г.).

Неабходныя меры аховы. Перыядычная рэвізія і эколага-біялагічны кантроль стану вядомых папуляцый, пошук новых месцаў росту. Забарона або абмежаванне антрапагеннага ўздзеяння (дазволены выбарачныя санітарныя высечкі і высечкі лесу, праведзеныя ў зімовы час) у месцах росту фіялкі багнавай. Шырокае культываванне як першацвецця, устойлівага на зацемненых урадлівых глебах.

Цыбуля мядзведжая (Чарамша) Лук медвежий или черемша (Allium ursinum)

Статус: II катэгорыя. Рэдкi вiд, колькасць якога хутка скарачаецца.

Апiсанне раслiны. Чарамша — ралiна, якая належыць да сям’i цыбулевых. Шматгадовая травянiстая раслiна з простастаячым трохгранным сцяблом i з двума шырокiмi, як у ландыша, лiстамi. Прадаўгаватая пласцiнка лiста шырынёй 3—5 см паступова звужаецца ў чарашок. Кветкi белыя накшталт зорачак, з 6 завостранымi пялёсткамi, сабраны ў паўшарападобны густы парасонiк. Цыбуля мядзведжая цiкава размнажаецца. Перад выспяваннем насення сцябло вырастае ў даўжыню, затым падае на зямлю. Выпаўшае з шарападобных каробачак-пладоў насенне расцягваецца мурашамi. У глебе знаходзiцца адзiнкавая вузкая белая цыбулiна. Такiм чынам, акрамя насеннага, iснуе яшчэ вегетатыўнае размнажэнне. Цвiценне раслiн назiраецца ў маi-чэрвенi. Паспяванне пладоў у пачатку лiпеня. У канцы лiпеня раслiна заканчвае вегетацыю. Кароткi вегетацыйны перыяд — адзнака эфемеройдаў, да якiх належыць цыбуля мядзведжая.

Раслiна расце ў шыракалiсце-хваёвых лясах, на берагах азёр, поймавых дубровах, чорнаамшанiках, забалочаных беразняках.

Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка лесу, лесамiлiярацыя, вытоптванне i масавы збор чарамшы як харчовай раслiны.

Прынятыя меры аховы. Занесена ў спiс ахоўных раслiн Беларусi з 1964 года i ў Чырвоную кнiгу Беларусi з 1981 года.

Неабходныя меры аховы. Рэвiзiя вядомых месцаў росту, кантроль за станам папуляцый, пошук новых месцаў росту, забарона пазначаных вышэй антрапагенных уздзеянняў.

На верх старонкі