Палессе маё Лунінецкае

Пасляслоўе

Прачытана апошняя старонка з нататкаў падарожжа ў раслiнны i жывёльны свет нашага раёна. Гэты аповед расказвае аб той частцы нашай прыроды, якую мы яшчэ можам i павiнны зберагчы. Вiдавочна, што фауна i флора нашага раёна больш разнастайныя, чым яны прадстаўлены ў брашуры. Аўтар выбрала з “Чырвонай кнiгi Рэспублiкi Беларусь” тыя раслiны i жывёлы, якiя часцей знаходзяцца цi часова з’яўляюцца альбо знiкаюць на тэрыторыi нашага раёна. Гэта “чырванакнiжнiкi”, якiя знаходзяцца пад дзяржаўнай аховай.

Брашура разлiчана на шырокае кола чытачоў. У свой час аўтар закончыла Брэсцкi педагагiчны iнстытут, факультэт геаграфii i бiялогii. У часы летняй практыкi неаднаразова мела справу з флорай i фаунай Брэстчыны. У 1970—80 гады працавала настаўнiцай Вялуцкай СШ, тады гэта быў яшчэ мала крануты цывiлiзацыяй куточак прыроды. Канешне, за 30 гадоў многiх прадстаўнiкоў фауны i флоры не стала — прычыны ўсiм нам вядомыя. Аднак мы яшчэ можам зберагчы тое, што засталося. За апошнiя 20 гадоў надаецца шмат увагi стану экалогii, акружаючаму асяроддзю, тлумачальнай рабоце сярод дзяцей дашкольнага i школьнага ўзросту.

Чалавек i наваколле — гэта адзiны ланцужок на нашай планеце Зямля. Калi з прыроды выпадае хаця б адно звяно — чалавек становiцца на мяжы выжывання, што сёння i адбываецца. У гэтую брашуру не ўвайшлi многiя рэдкiя прадстаўнiкi жывёльнага i раслiннага свету нашага раёна: цецярук, рабчык, глушэц, курапатка, арол-сапсан i многiя прадстаўнiкi раслiн, яны ў нас яшчэ сустракаюцца, хаця ў невялiкай колькасцi.

Аўтар брашуры звяртаецца да вас, паважаныя чытачы: калi вы яшчэ знаходзiцеся пад уплывам прачытанага — падзялiцеся сваiмi думкамi з роднымi, блiзкiмi, сябрамi, раскажыце iм аб прачытаным. Сваiмi дзеяннямi вы пашырыце кола сяброў нашай прыроды. I, канешне ж, самi, будучы ў час адпачынку на ўлоннi прыроды, памятайце галоўны запавет — не нашкодзь! У часы, калi птушкi будуюць свае гнёзды, выседжваюць птушанят, нельга з’яўляцца ў лес на транспартных сродках, уключаць радыё, магнiтафон. У далёкiя часы ў Беларусi iснавала забарона ў такi час нават бiць у царкоўныя званы. I на сённяшнi дзень iснуе “сезон цiшынi” — з 1 мая па 1 лiпеня, але аб гэтым, на жаль, не ўсе ведаюць. У гэты час забараняецца нават блiзка падыходзiць да птушыных гнёздаў.

Аўтар брашуры заклiкае чытачоў да сумеснай працы ў справе абароны i захавання ўсяго, што нас акружае. Кожны можа падзялiцца сваiмi назiраннямi за станам нашай прыроды, выказаць свае меркаваннi, прапановы ў гэтай высакароднай справе. Старонкi раённай газеты заўсёды рады такiм матэрыялам.

Чалавек у сваiм жыццi мае тры месцы, дзе ён можа адчуць сябе маленькай пясчынкай, аднак часткай вялiкага сусвету. Гэтыя месцы — Храм Боскi, могiлкi i наша прырода. Тут мы можам задумацца над iснасцю свайго жыцця. Гэта амаль што адзiнае, на што можна арыентавацца чалавеку перад будучым, перад вечнасцю. I нiколi яшчэ прырода не даравала чалавеку ў яго неразумных дзеяннях, кожны з нас гэта добра ведае. Але гэта ўжо тэма iншай размовы.

Жывiце заўсёды ў згодзе з прыродай, i жыццё ваша стане шчаслiвым!

Iван Аляксеевіч Панасюк, настаўнiк нямецкай мовы СШ № 2 г. Лунiнца.