Палессе маё Лунінецкае

Інтрадуцэнты

Уладзімір Іванавіч Яраховіч — лунінчанін. У 2001 годзе закончыў СШ № 2, у 2006 годзе — факультэт біяэкалогіі Белдзяржуніверсітэта. З бляскам абараніў дыпломную работу па тэме “Дробныя млекакормячыя лясных біятопаў поўдня Рэспублікі Беларусь (Лунінецкі раён)”. Зараз працуе на РУВП “Палессеэлектрамаш”.

«Іншаземныя прышэльцы» — інтрадуцэнты. Так называюцца асобныя віды раслін і жывёл, пераселеныя ў мясціны, дзе раней не жылі. Варта сказаць, што пераважная большасць культурных і дэкаратыўных раслін прывезена да нас не толькі з іншых раёнаў, але нават і кантынентаў. Інтрадуцэнты славяцца як знешняй прыгажосцю, афарбоўкай крон, квеценню, так і біялагічнымі і гаспадарчымі ўласцівасцямі — хуткасцю росту, даўгавечнасцю, устойлівасцю да забруджанага асяроддзя. А многія з іх з’яўляюцца добрымі лекамі. У нашым раёне можна сустрэць не адзін дзесятак «іншаземцаў».

Грэцкі арэх

Найбольш распаўсюджаны — грэцкі арэх. Па рускай назве віду можна падумаць, што радзімай гэтай расліны з’яўляецца Грэцыя. І арэх сапраўды ў дзікім стане расце ў Грэцыі. Аднак у навукоўцаў ёсць сур’ёзныя падставы меркаваць, што грэцкі арэх толькі адзічаў тут шмат год таму. А мясцінамі яго распаўсюджвання трэба лічыць Паўднёвы Казахстан, Сярэднюю Азію, Іран, Афганістан, заходнюю частку Гімалаяў і Тыбета, паўднёвы ўсход Закаўказзя.

Плады арэха грэцкага здаўна цэняцца як каштоўны харчовы прадукт, таму ў старажытнасці рымляне называлі яго «царскім», «жалудом Юпіцера». Вельмі дарагой сыравінай з’яўляецца драўніна грэцкага арэха. Яна дагэтуль выкарыстоўваецца для вырабу дарагой мэблі, аздаблення зброі. Асобна варта сказаць пра кветкі арэха. У Сярэдняй Азіі лічаць, што ён увогуле не цвіце. «Памрэ той, хто ўбачыць кветкі арэха», — сцвярджае легенда. На самой справе кветкі грэцкага арэха ў кроне на вялікай вышыні мала прыкметныя. Ды і за кветкі іх прыняць складана. На вуліцах нашага горада часта можна сустрэць гэтую цудоўную дэкаратыўную расліну.

Абляпіха крушынавая

Абляпіха крушынавая сустракаецца на берагах азёр, у поймах рэк, на пясках і галечніках, у стэпавых раёнах Еўропы і паўднёвай часткі лясной зоны, а таксама ў Сібіры і перадгор’ях Сярэдняй Азіі. Ва ўмеранай зоне паўночнага паўшар’я цяжка знайсці якую-небудзь іншую расліну, якая мела б такое разнастайнае практычнае выкарыстанне. У гэтым сэнсе яе можна параўнаць хіба з грэцкім арэхам. Вядома, што старажытныя грэкі, скормліваючы лісты абляпіхі, лячылі сваіх коней. У выніку гэта жывёла набірала вагу, а скура яе станавілася гладкай і бліскучай, па прычыне чаго абляпіха атрымала сваю лацінскую назву Hippophae (ад лацінскага Hippos — конь, phao — свяціць).

Лісце, кара, насенне, плады абляпіхі здаўна выкарыстоўваюцца для лячэння многіх хвароб. З пладоў гатуюць шматлікія стравы і напіткі. Аднак асаблівае значэнне ў медыцыне мае абляпіхавае масла, якое дабываюць з насення. Абляпіха мае і дэкаратыўнае значэнне — серабрыстыя кусты з яркімі пладамі выглядаюць вельмі эфектна.

Айва японская

Айва японская расце ў Кітаі і Японіі. У Расіі культывіруецца як дэкаратыўная расліна з пачатку ХІХ стагоддзя. Дастаткова марозаўстойлівая. Кусты дасягаюць 3 метраў у вышыню, аздоблены дробнымі скурападобнымі лістамі. Кветкі яркія, аранжава-чырвоныя. Буйная квецень паяўляецца ў маі — пачатку чэрвеня і і радуе вока на працягу трох тыдняў. У верасні — кастрычніку выспяваюць шматлікія лімонна-жоўтыя круглыя плады, кіслыя на смак, але вельмі араматныя. У старажытнасці айва лічылася сімвалам кахання і ўрадлівасці і знаходзілася пад заступніцтвам Венеры. Ёсць меркаванні, што «яблык разладу», які Парыс уручыў найпрыгажэйшай з багінь, быў ні чым іншым, як пладом айвы.

Айва вельмі прыгожая ў час цвіцення і пладанашэння. Часта выкарыстоўваецца для жывой загарадзі, а таксама для ўпрыгожання газонаў. Плады айвы выкарыстоўваюцца для прыгатавання кампотаў, варэння, мармеладу і г. д. Насенне прымяняецца ў медыцынскіх мэтах.

Блакітная елка

Як дэкаратыўная расліна асабліва шырокую вядомасць атрымала блакітная елка. Яны ўпрыгожваюць некаторыя вуліцы і галоўную плошчу нашага горада. Дрэва валодае газа- і дымаўстойлівасцю, што вельмі важна для вялікіх гарадоў. У натуральных умовах блакітная елка сустракаецца ў Канадзе (таму яе яшчэ называюць канадскай) і ў паўночных штатах ЗША.

Сцвярджаюць, што лацінская назва елкі (Рісеа) ідзе ад грэчаскага слова Pissa, што значыць «смала». Елка — стройнае дрэва, што асабліва кідаецца ў вочы, калі яна расце на адкрытай мясцовасці. Яе крона мае форму вузкага конуса і спускаецца амаль да зямлі. Ніжнія галінкі могуць укараняцца, што вельмі рэдка сустракаецца ў хваёвых. У яловым лесе змрочна і прахладна. Нездарма мясцовае насельніцтва называе яго «цёмналессем» або нават «чорналессем». Па народных павер’ях менавіта тут жывуць лешыя і іншая нячыстая сіла. Разам з тым, яловы лес не пазбаўлены асаблівага непаўторнага хараства.

У побыце елка нязменна асацыіруецца з Новым годам. Аднак ёсць яшчэ адна сфера, дзе гэтае дрэва іграе асаблівую ролю. Гэта — выраб музычных інструментаў (скрыпак, піяніна, альтоў, кантрабасаў...). Для гэтых мэт выбіраюць драўніну вельмі правільнага складу з гадавымі кольцамі аднолькавай шырыні. Такая елка назывецца рэзананснай. Яловую драўніну шырока выкарыстоўваюць і ў дрэваапрацоўчай прамысловасці, асабліва як сыравіну для цэлюлозна-папяровай вытворчасці.

Лістоўніца еўрапейская

Лістоўніца еўрапейская ў межах натуральнага арэала займае горныя мясціны ў Альпах і Карпатах. Дажывае да 500 і больш гадоў. Хвоя ў лістоўніцы мяккая, плоская, з белаватымі радамі вусцяў, якія асабліва бачны знізу. Шышкі дробныя, круглыя або цыліндрычныя, размешчаны на канцах пабегаў. Маладыя шышкі зялёныя ці чырванаватыя, спелыя карычневыя. Выспяваюць у той жа год восенню або ў пачатку наступнай вясны. Раскрываючыся і выкідваючы насенне, яны застаюцца на дрэве яшчэ некалькі год.

Драўніна лістоўніцы цяжкая, смалістая, крыху нагадвае дуб. Таму са старажытнасці яе выкарыстоўвалі ў будаўнічых мэтах. Менавіта з гэтага дрэва быў пабудаваны амфітэатр у Старажытным Рыме. Дамы на сваях з лістоўніцы будавалі ў Венецыі. Шырока выкарыстоўвалася гэтае дрэва пры ўзвядзенні жылля ў Польшчы, тут некаторыя дамы прастаялі па 400—500 год і захаваліся да нашых дзён. У Расіі лістоўніца ішла на будаўніцтва судоў, а зараснікі з яе называлі «карабельнымі гаямі».

Гэта дрэва мае адну выдатную якасць: скідваючы хвою, яно добра пераносіць атмасферу вялікага горада.

Туя заходняя

На вуліцах і садах Лунінца нярэдка можна сустрэць тую заходнюю — вечназялёную расліну сямейства кіпарысавых. Адна з вядомых назваў — “дрэва жыцця” (I’abre de vie). На радзіме ў Паўночнай Амерыцы туя вядома пад назвай “амерыканскае дрэва жыцця” і “паўночны белы кедр”.

У натуральных умовах туя заходняя сустракаецца па нізінных берагах рэк і каля балот. У вышыню дасягае 17 метраў, дыяметр ствала — 30—40 сантыметраў. У Беларусі ў садах і парках туя вырошчваецца з другой палавіны XIX стагоддзя. Гэта — адно з самых распаўсюджаных дрэў, непатрабавальнае да ўмоў росту, ценевынослівае, зіма- і газаўстойлівае. Жыве да 100 год, але расце марудна і мае схільнасць да кушчэння. Добра пераносіць абрэзку.

Туя заходняя мае больш як 120 садовых формаў, якія адрозніваюцца памерамі, характарам галінак і формай кроны, а таксама афарбоўкай лісця. Крона ў маладых дрэў звычайна вузкапірамідальная, пачынаецца ад зямлі, але пасля 30 год яна ў большасці выпадкаў становіцца яйкападобнай, прыўзнятай. Маладыя парасткі плоскія, зялёныя, на трэці год становяцца круглымі, чырвона-бурымі. Лісце падобнае на чашую (у маладых раслін іголкападобнае). Прадаўгавата-авальныя шышачкі размешчаны на канцах галінак. Выспяваюць у год цвіцення ў другой палове верасня.

Карнёвая сістэма паверхневая, распрасцёртая. Туя добра расце на пераўвільготненых глебах. Драўніна яе ўстойлівая супраць гніення, лёгка апрацоўваецца. Таму індзейцы здаўна ўжывалі яе для вырабу каноэ. З лісця туі атрымліваюць эфірнае масла, якое выкарыстоўваюць у парфюмерыі і медыцыне.

Клён ясенялісты, або амерыканскі

Усякі раз, калі прыходзіць восень, мы захапляемся прыгажосцю яе фарбаў. У гэты час многія дрэвы і хмызнякі змяняюць свой зялёны ўбор на чырвона-барвовы або залаціста-жоўты. Вялікую долю ў прыгажосць восені ўносяць і клёны, сярод якіх у горадзе ёсць два інтрадуцэнты: клён ясенялісты і клён татарскі.

Клён ясенялісты, або амерыканскі, відавочна, самае распаўсюджанае дрэва сярод інтрадуцыраваных відаў. Ён выцесніў з вуліц Еўропы шматлікія звычайныя для іх пароды дрэў, а на вуліцах пасёлкаў Казахстана яго можна сустрэць часцей, чым любое дрэва або хмызняк. Такі вялікі поспех прышэльцаў з Паўночнаамерыканскага кантынента (культывіруецца ў Еўропе з XVII стагоддзя) забяспечылі не толькі яго дэкаратыўныя якасці, але і непрыхатлівасць, хуткі рост і лёгкасць размнажэння. Аднак недаўгавечнасць (трухлее ўжо да 25—30 год), ломкасць яго галін, карнявыя парасткі, разбураючыя нават асфальт, вялікая колькасць пыльцы, вызываючай у людзей алергію, вымушаюць у апошні час адмовіцца ад выкарыстання клёна амерыканскага пры азеляненні гарадоў і пасёлкаў.

Клён татарскі, або чарнаклён

Клён татарскі, або чарнаклён, — невялікае дрэва або буйны хмызняк вышынёй 4—8 метраў. У прыродных умовах расце ў стэпавай зоне Заходняй Еўропы, Іране, на Поўначы Турцыі, на Каўказе. Кара гладкая, цёмна-шэрая, амаль чорная (адсюль і назва). Маладыя парасткі чырвона-бурыя, апушаныя. Цвіце ў канцы мая, пачатку чэрвеня, пасля з’яўлення лісткоў. Кветкі зеленавата-белыя, духмяныя. Добры меданос. Пладаносіць у верасні. Непатрабавальны да глеб, светлалюбівы, зіма- і марозаўстойлівы. Найбольш засухаўстойлівы сярод усіх клёнаў. Дэкаратыўны восенню сваім лісцем, але асабліва ў час цвіцення і паспявання пладоў (чырвонага колеру). Выкарыстоўваецца ў якасці жывой агароджы, добра пераносіць падстрыжку. Драўніна выкарыстоўваецца ў сталярнай і такарнай справе, з лісця атрымліваюць чорную фарбу, з кары — танін — дубільнае рэчыва. Расце на вуліцы Сялянская.

Бяроза чорная, або даўрская

Бяроза чорная, або даўрская. Дрэва вышынёю 18—20 м., з цыліндрычнай кронай. Ствол бліжэй да зямлі часта выгнуты. У маладых дрэў кара ружовая або карычнева-бурая, часта шчалушыцца і вісіць лахмоццем. У старых дрэў — (калі-нікалі з фіялетавым адценнем), бурая шэрая, у верхняй частцы кроны светлая. У дзікім стане шырока распаўсюджана ва Усходняй Сібіры і на Далёкім Усходзе, расце таксама ў Манголіі і Кітаі. Часцей — разам з другімі пародамі, падчас — адзінымі дрэвамі на адкрытых горных схілах. Святлолюбівая, даволі патрабавальная да ўрадлівых глебаў. Не пераносіць забалочаных глебаў. Марозаўстойлівая. Бяроза чорная выкарыстоўваецца як дэкаратыўная расліна, дзякуючы сваёй арыгінальнай кары, маючай розныя адценні. Асабліва эфектна ў спалучэнні з хвойнымі пародамі. Драўніна бярозы чорнай моцная і цвёрдая, жаўтаватая або буравата-чырвоная. З яе вырабляюць фанеру, паркет, такарныя вырабы, прадметы хатняга прызначэння, а таксама атрымліваюць метылавы спірт, ацэтон, воцатную кіслату, актывіраваны вугаль. Бяроза дае каштоўнае паліва, а сажа выкарыстоўваецца для прыгатавання чарніла і фарбаў. З кары атрымоўваюць дзёгаць, плятуць кашолкі, з галін — банныя венікі. З лістоў атрымліваюць фарбу для поўсці, а пупышкі і сярожкі ідуць на корм птушак. У тры апошнія дзесяцігоддзі на тэрыторыі Лунінецкага лясгаса не адзначана. Аднак ёсць у нас дзве другія бярозы — карэльская і пурпурная.

Войлачная вішня

У прыродных умовах расце ў Паўночна-Заходнім Кітаі, у Гімалаях, Японіі. Дзякуючы сваёй марозаўстойлівасці, атрымала шырокае распаўсюджанне як культурная расліна.

Хмызняк з шырокай яйкападобнай кронай, шэра-бурай адслойваючай карой і войлачна-апушчанымі пупышкамі. Лісты зверху шаравата-зялёныя, па краях зубчатыя. Восенню чырвоныя або светла-жоўтыя, вельмі дэкаратыўныя. У маі з’яўляюцца шматлікія ярка-чырвоныя кветкі 1,5—2 см у дыяметры. Кветкі размяшчаюцца па 1—2 і даволі хутка ападаюць. У ліпені з’яўляюцца шарападобныя чырвоныя апушаныя плады з прыемным кісла-салодкім смакам. Плады плотна сядзяць на сцябле. У іх няма даўгіх “хвосцікаў” — пладаножак, якімі вядомы другія вішні. Войлачная вішня дае шмат пладоў, па некалькі кілаграмаў з аднаго куста. У горадзе і раёне назіраецца часта.

Бэз звычайны

Куст або дрэва да 4 метраў вышынёй. У прыродзе бэз звычайны расце ў горных мясцінах Паўднёва-Усходняй Еўропы ў падлесках ці горных мясцінах. У Заходнюю Еўропу быў завезены толькі ў XVI стагоддзі і працяглы час заставаўся там раслінай арыстакратычных садоў і паркаў. У наш час гэты непатрабавальны кустарнік сустракаецца як культура паўсюдна. А ў закрытых грунтах можа цвісці нават і зімой.

Чырвоны бэз звычайны мае густую, распушаную, авальную форму. Лісце глянцавае. Кара шэрая, гладкая, у старых ствалах патрэсканая. Жыццё ў бэза доўжыцца 100 і больш гадоў. Лепш расце і цвіце на добра асветленай мясцовасці, але можа расці і ў зацені. Кветкі душыстыя, мнагалікія, у мяцёлках. У маі — пачатку чэрвеня, калі пачынае цвісці бэз, без якога немагчыма сабе ўявіць нашы сады, яго кусты напаўняюць наш горад пахам і непаўторнай прыгажосцю. Цвіценне бэза доўжыцца 2—3 тыдні. Бэз шырока выкарыстоўваецца ў ландшафтных парках, для ўпрыгожвання алей, жывых агароджаў. Акрамя таго, густая крона добра ачышчае паветра ад пылу. Бэз лёгка разрастаецца з парасткаў, утвараючы густыя зараслі, таму часта выкарыстоўваецца для барацьбы з выветрываннем верхняга слою глебы.

У выніку селекцыі атрымана больш за 300 гатункаў з кветкамі ад снежна-белага акрасу да пурпурнага і цёмна-фіялетавага, ружовага, лілова-сіняга і амаль сіняга з рознай ступенню махравітасці. Эфірнае масла кветак бэзу ўводзяць у склад лепшых адэкалонаў і касметычных сродкаў. Цвёрдая, шчыльная драўніна з прыгожым малюнкам (тэкстурай) выкарыстоўваецца на вырабы, алоўкі. У раёне і горадзе расце паўсюдна.

Чарнаплодная рабіна, або аронія чарнаплодная

У прыродзе расце ва ўмераным поясе Паўночнай Амерыкі. У Беларусі інтрудуцыравана ў 1937 годзе. Куст вышынёй да 2 метраў. Лісты зверху цёмна-зялёныя, глянцавыя, знізу белаватыя. Кветкі белыя, не вельмі духмяныя, ярка аранжава-чырвоныя. Распускаюцца ў маі – чэрвені. Аронія — добры меданос. Плады чорныя, бліскучыя, паспяваюць у канцы жніўня, пачатку верасня і захоўваюцца да самай зімы. Плады маюць кісла-салодкі церпкі смак, багаты вітамінамі “Р” і “С”, карацінам, ёдам. Спажываць можна ў сырым выглядзе, а таксама перапрацоўваць. Вельмі любяць іх птушкі. Чарнаплодная рабіна — вільгацелюбівая, зімаўстолівая культура. Любіць лёгкую глебу. Дае плады ўжо на трэці год жыцця. Аронія дастаткова дэкаратыўная, выкарыстоўваецца пры групавой пасадцы, на ўзвышшах, як жывая агароджа. Сустракаецца паўсюдна, часта.

Тамарыск, або грэбеньшчык галінасты

Пашыраны ў прыродзе ў пустынях, паўпустынях і стэпах Еўразіі і Паўночнай Амерыкі. У г. Лунінцы з’явіўся ў 90-х гадах ХХ стагоддзя. Парасткі доўгія, з вельмі дробнымі, чашуепадобнымі лісткамі, выдатна аздабляюць сабой газоны галоўнай плошчы г. Лунінца. Кара старых парасткаў цёмна-шэрая, маладых — зялёная, злучаная мяцёлкай.

Грэбеньшчык — вельмі светлалюбівы і адначасова марозаўстойлівы, дрэнна пераносіць высокі працэнт вільготнасці ў паветры. Дае шматлікую порасль, хуткі рост. Шчыльная, з прыгожым малюнкам драўніна прыгодная для розных дэкаратыўных вырабаў. Кара ўтрымлівае дубільныя рэчы. Маладымі пабегамі могуць ласавацца і каты.

Белая акацыя, або лжэакацыя

Дрэва вышынёю 15—25 метраў. Радзіма — Апалачскія горы ў Паўночнай Амерыцы. У Расію завезена ў 1820 годзе праз г. Адэсу, адкуль хутка распаўсюдзілася ў стэпавай зоне. У наш час белая акацыя пранікла далёка на Поўнач. Расце ў нас амаль па ўсёй тэрыторыі нашай Рэспублікі Беларусь. У г. Лунінцы белая акацыя расце ў раёне завода”Палессеэлектрамаш”, таксама па вуліцы Чапаева ля ліцэя, каледжа і ў другіх мясцінах.

Дрэва з ажурнай раскідзістай кронай, шэра-карычневай карой, з глыбокімі трэшчынамі. Маладыя парасткі адразу зеленавата-шэрыя, пазней — бліскуча-чырвона-бураватыя. Цвіце белая акацыя ў другой палове мая – пачатку чэрвеня. Кветкі сабраны ў паніклую гронку і маюць моцны прыемны пах. Белая акацыя — добры меданос. Плады паспяваюць у кастрычніку і могуць вісець усю зіму аж да новага цвіцення. Цёмна-зялёная афарбоўка лісця застаецца да лістапада. Існуе шмат дэкаратыўных форм з рознай кронай, будовай і афарбоўкай лісця і кветак. Расце белая акацыя хутка, светлалюбівая, засухаўстойлівая. Даволі цеплалюбівая, таму ў адзіночных пасадках менш зімаўстойлівая. Дрэнна пераносіць цвёрдыя глебы.

Драўніна з прыгожай дэкаратыўнай тэкстурай і высокімі механічнымі здольнасцямі, выкарыстоўваецца на паркет (мацнейшая за дуб). З кветак атрымлiваюць эфiрнае масла, якое выкарыстоўваюць у парфюмернай прамысловасці.

Жоўтая акацыя, або карагана

Дрэвападобны кустарнік, які часам можа расці дрэвам вышынёй да 3—6 метраў. У прыродных умовах расце ў Заходняй Сібіры, на Алтаі, у Саянах, Казахстане і Манголіі, у падлесках, на палянах, камяністых склонах, па берагах рэк на пясках. Зеленавата-шэрая бліскучая кара пакрыта калючкамі. У маі распускаюцца сабраныя ў пучкі жоўтыя кветкі. Карагана вельмі дэкаратыўная, непрыхатлівая да глебавых умоў і добра вытрымлівае засуху і маразы. Культывіруецца ў садах і парках па аднаму кусту ці групай. З яе ствараюць жывую агароджу, засаджваюць лесапалосамі. Існуе шмат дэкаратыўных форм: адны сцелюцца па паверхні глебы, другія — у выглядзе “плакучых” з тонкімі паніклымі галінкамі і вузкімі лінейнымі лісткамі, са светла-зялёнай ліствой, больш дробнымі кветкамі, і другія формы. Жоўтая акацыя эфектыўная сярод камянёў і “альпійскіх горак”.

Драўніна можа быць выкарыстана ў такарнай справе, а таксама для вырабу абручоў. З тонкіх галінак выплятаюць кашы. З кары — грубае валакно і фарбу. Жоўтая акацыя таксама выдатны меданос. У г. Лунінцы дастаткова рэдкая расліна, можна ўбачыць непадалёк ад СШ № 2.

Ірга каласістая

Ірга каласістая паходзіць з Паўночнай Амерыкі. Прыгожы халадастойкі кустарнік або невысокае 5—6 метраў дрэўца, якое выкарыстоўваюць для азелянення гарадоў, пасёлкаў, нярэдка становіцца дзікім. Сустракаецца сярод рэдкалесся, на палянах. Ірга непатрабавальна да глебавых умоў.

У маі з’яўляюцца бледна-ружовыя або ярка-ружовыя кветкі, якія ў спалучэнні з зялёнай ліствой надаюць непаўторную прыгажосць.

Чырвоныя або сінявата-чорныя, з сізаватым налётам, сочныя і салодкія плады выспяваюць у сярэдзіне ліпеня. Яны ўтрымліваюць шмат вітаміну “С” і караціну. Плады ўжываюцца ў сырым выглядзе (каштоўны сасударасшыральны сродак), у сушаных шмат караціну. Можна нарыхтоўваць джэмы, павідла, пасцілы.

Пры дэкаратыўным развядзенні гэты стройны кустарнік з авальнай кронай рэкамендаваны для групавых пасадак, “жывых” агароджаў, полеахоўных палос. Восенню элегантная зялёная ліства набывае чырвона-жоўтае адценне. Шчодра цвіце і пладаносіць на сонечным месцазнаходжанні.

Драўніна іргі буравата-чырвоная, вельмі цвёрдая, ужываецца на дробныя вырабы. Расце ў горадзе Лунінцы.

Самшыт вечназялёны

Дрэва або куст вышынёю 2—2,5 метра. Распаўсюджаны ў Малой Азіі, Паўднёвай Еўропе, Алжыры. Расце вельмі марудна, дасягае найбольшай вышыні да 400—500 год. Маладое сцябло чатырохграннае, зялёнае, пазней серабрыста-жоўтае. Лісце малое, кожыстае, з цёмна-зялёнай верхняй стараной і больш светлай, матавай ніжняй стараной, вельмі густа сядзiць на галінках. Крона шчыльная і цяністая. Цвіце самшыт ранняй вясной. Кветкі маленькія, жоўта-зеленаватыя, несамавітыя, сабраныя ў суквецці. Ва ўмовах Беларусі цвіце і пладаносіць ён рэдка.

На радзіме самшыт вечназялёны, звычайна насяляе вільготныя цясніны або падлескі грабавых і букавых лясоў. Там змрочна, ціха і вільготна; ствалы і сукі самшыта густа пакрыты імхом. Расце ён таксама на галечных, пясчаных наносах і на скалах, але толькі там, дзе субстат утрымлiвае вільгаць.

Самшыт вечназялёны з’яўляецца выдатным матэрыялам для садовай архітэктуры: вельмі лёгка пераносіць абрэзку, а з-за маруднага росту нададзеная яму форма доўга захоўваецца. Вельмі цвёрдая і цяжкая драўніна самшыта (так званае “пальмавае дрэва”) з даўніх часоў выкарыстоўваецца ў вырабах, якія павінны мець вялікую трываласць, а адпаліраваная, яна адрозніваецца разнастайнасцю адцення — ад колеру слановай касці да колеру таплёнага малака і мае высокую каштоўнасць як мастацкі матэрыял.

Сасна Веймутава

Распаўсюджана ў Паўночнай Амерыцы, дзе з’яўляецца адным з важнейшых лесаўтваральнікаў у раёнах з вільготным кліматам. У Беларусі яна вядома з ХІХ стагоддзя. Адзінкавыя дрэвы ва ўзросце 160—170 гадоў захоўваліся ў 2-х парках у Пінскім і Пружанскім раёнах. У нашым горадзе расце некалькі маладых сосен Веймутава. Гэта дрэва з шырокапірамідальнай кронай і зеленавата-шэрай карой і тонкай, мяккай, блакітна-зялёнай хвояй (8—10 см), сабранай у пучок па 5 штук. Шышкі вузкацыліндрычныя, злёгку звілістыя, павіслыя. Пасадкі сасны маюць высокія санітарна-гігіенічныя ўласцівасці дзякуючы антысептычнаму дзеянню смаляных лятучых рэчываў. Гэта ў спалучэнні з высокадэкаратыўнымі якасцямі дрэва садзейнічае выкарыстанню яго для азелянення. Аднак нізкая ўстойлівасць сасны да газавага забруджвання абмяжоўвае яе распаўсюджванне ў вялікіх гарадах. Сасна Веймутава ўводзілася ў лясныя культуры, аднак шырокага распаўсюджвання не атрымала. У Паўночнай Амерыцы яе драўніну нарыхтоўваюць як сыравіну для вырабу паперы.

Дуб паўночны, або чырвоны

Так яго часта называюць на радзіме ў Паўночнай Амерыцы, расце ў зоне хвойна-шыракалісцевых і шыракалісцевых. У Беларусь завезены ў канцы ХІХ стагоддзя. Яго можна сустрэць на вуліцах нашага горада. Дуб паўночны — дрэва вышынёю да 20 метраў, з акруглай кронай і магутнымі галінамі. Кара яго гладкая, шэрая. Маладыя сцяблiны маюць рыжаваты войлачны налёт; з цягам часу становяцца гладкімі, чырвона-карычневымі. Лісце зверху бліскучае, знізу з тонкім рыжаватым адценнем, летам — цёмна-зялёнае, а восенню афарбоўваецца ў ярка-чырвоны і пурпурны колер. Жалуды невялікія, шарападобныя. Дуб паўночны хутка расце нават на параўнальна бедных глебах, а таксама ўстойлівы да хвароб і шкоднікаў, таму часта выкарыстоўваецца ў лясных насаджэннях.

Вінаград дзявочы, пяцілісточкавы

Дзеравяністая ліяна, якая пляцецца пры дапамозе вусікаў з прысоскамі. Радзіма яго — Паўночная Амерыка. У Беларусі, як адзічалы, расце па берагавых схілах у вербалозных зарасніках рэк Прыпяці, Сожа і Заходняга Буга. Сустракаецца ён і на некалькіх сядзібах у нашым горадзе. Маладыя парасткі чырванаватыя. Лісце зверху цёмна-зялёнае, знізу сівое. Асабліва прыгожае лісце восенню, калі афарбоўваецца ва ўсе адценні чырвонага і фіялетавага колеру. Дробныя несамавітыя зялёныя кветкі, сабраныя ў суквецці, з’яўляюцца ў ліпені-жніўні. Ягады шарападобныя, сінявата-чорныя, з белаватым налётам, каля 5 мм у дыяметры, неядомыя.

Дзявочы вінаград пяцілісточкавы непрыхатлівы, расце аднолькава як на асвечаным, так і на ценявым баку, зімаўстойлівы. Шырока выкарыстоўваецца для вертыкальнага азелянення і дэкарыравання сцен, агароджаў і альтанак.

Гартэнзія

Гартэнзія — галіністы куст або дрэўца з чырвона-бурымі голымі або злёгку валасістымі парасткамі. Лісты шчыльныя, зверху цёмна-зялёныя, амаль голыя, знізу светлыя, з густымі валаскамі. У дзікім стане гартэнзія распаўсюджана на Далёкім Усходзе, у Кітаі, Японіі, дзе расце ў прыбярэжных лясах. У Беларусі інтрадуцыравана ў пачатку ХХ стагоддзя.

Вельмі дэкаратыўна суквецце гартэнзіі. Гэта буйная мяцёлка, складзеная з буйных белых стэрыльных кветак і дробных двупольных.

Бясполыя кветкі захоўваюцца на расліне вельмі доўга, з часам ніжні бок іх ружавее. У такім стане суквецце застаецца да канца кастрычніка, а пачынаецца цвіценне з ліпеня. Гартэнзія аддае перавагу добра асветленым сонцам месцам, дзе цвіце найбольш шчодра.

У Японіі з кары гартэнзіі вырабляюць паперу, а белая і вельмі цвёрдая драўніна выкарыстоўваецца на розныя вырабы, раней з яе драўніны выраблялі цвікі.

Сумах

Лістападнае дрэва вышынёй да 8 метраў, але часта расце кустом. У натуральных умовах сустракаецца ў Крыме, на Каўказе, Паміры, на сухіх камяністых схілах, у гушчарах хмызнякоў або лясоў.

У нашым горадзе сумах расце ля Лунінецкага райвыканкама, магазіна “Верас” і ля завода “Палессеэлектрамаш” і яшчэ ў некалькіх мясцінах. Высаджваецца як дэкаратыўная расліна, дзякуючы сваім буйным стракатым лістам, ярка афарбаваным восенню. Кветкі дробныя, шматлікія, сабраны ў суквецці. Маладыя парасткі жаўтавата- або шэра-карычневыя, пакрытыя густым, шаршавым апушэннем.

З пладоў, маючых востра-кіслы смак, рыхтуюць прыправу да мясных і рыбных страў. Таніды, атрыманыя з лісця і маладога сцябла, выкарыстоўваюцца пры дубленні скур, для атрымання светлага саф’яну, а таксама пры прыгатаванні він. З розных частак расліны атрымліваюць жоўтую, карычневую, чорную і чырвоную фарбы для шоўку і поўсці. У Еўропе сумах выкарыстоўваюць як каштоўнае дубільнае рэчыва.

Катальпа-цудоўная (прыгожая)

У прыродных умовах расце ў Паўночнай Амерыцы па берагах рэк і вадаёмаў, на багатых глебах. У Беларусь завезена ў 1935 годзе. У г. Лунінцы расце ля школы № 4. Дрэва вышынёй да 30 метраў з прамым ствалом пірамідальнай густой кронай. Ствол пакрыты чырвона-карычневай карой, падзеленай на тоўстыя лускі. Лісты буйныя, бліскучыя, зялёныя, знізу апушаныя.

Катальпа вельмі прыгожая ў час цвіцення ў чэрвені – ліпені, калі дрэва пакрываецца мяцёлкамі з буйных крэмава-белых кветак з прыемным пахам. У другой палове лета дрэва ўпрыгожана пладамі — павіслымі стручкападобнымі каробачкамі, якія застаюцца на галінах усю зіму.

Катальпа вельмі светлалюбівая і засухаўстойлівая расліна. Добра пераносіць умовы горада. Шырока выкарыстоўваецца для адзіночных і групавых пасадак у парках і садах, а таксама ў лясных пасадках у лесастэпавай зоне.

Драўніна мяккая, але трывалая і ўстойлівая супраць гнілі. Раней выкарыстоўвалася на тэлеграфныя слупы і шпалы.

Снежнаягаднік

Куст вышынёю да 1,5—2 м., з Паўночнай Амерыкі. Паспяхова выкарыстоўваецца ў многіх гарадах Беларусі.

Яго снежна-белыя (адсюль і назва) шарападобныя плады амаль цалкам пакрываюць расліну ў канцы жніўня і не ападаюць амаль усю зіму. Таму ён і цэніцца як восеньскі і зімовы хмызняк. Кветкі дробныя, несамавітыя, белыя або ружаватыя, у кісцепадобных суквеццях. Добры меданос. Галінкі тонкія з дробнымі, светла-зялёнымі, з шэрым налётам, лістамі.

Снежнаягаднік можа расці на неўрадлівых едкіх камяністых, нават вапнавых глебах, ценевынослівы. Для ўтварэння больш кампактных кустоў яго можна “стрыгчы”.

Форзіцыя

Куст вышынёю 2—3 метры, у дзікім стане расце ў Карэі, Кітаі. У Беларусі інтрадуцыравана як дэкаратыўная расліна. У Лунінцы з’явілася ў сярэдзіне 90-х гадоў ХХ стагоддзя. За 10—15 год яна распаўсюдзілася амаль па ўсім горадзе. Ранняй вясной бязлістны куст форзіцыі пакрываецца шматлікімі залаціста-жоўтымі буйнымі кветкамі, ажыўляючы яркімі сонечнымі плямамі прыроду, якая абуджаецца. Крона форзіцыі развесістая, злёгку чатырохгранная. Расліна дастаткова патрабавальная да глеб, светлалюбівая, засухаўстойлівая, добра пераносіць умовы горада, зімаўстойлівая.

Да чытача

Уладзімір Іванавіч Яраховіч пазнаёміў вас з некалькімі інтрадуцэнтамі нашага горада і раёна. Калі пацікавіўся ў лясгасе ў спецыяліста высокай кваліфікацыі Стэльмах Таццяны Васільеўны і ў майстра па добраўпарадкаванню Грамаковай Таццяны Аляксандраўны, то высветліў яшчэ наступныя інтрудыцэнты, якіх не так і многа, але яны сустракаюцца на Лунінеччыне.

1. Абрикос. 2. Азалия. 3. Аморфа. 4. Барбарис обыкновенный. 5. Бузина черная (красная). 6. Вейгела. 7. Дерен черноплодный. 8. Жасмин. 9. Ива плакучая (шаровидная). 10. Клещевина. 11. Клен сахаристый. 12. Кизильник блестящий. 13. Лимонник китайский. 14. Лиана кавказская. 15. Липа веерная. 16. Люгуструм. 17. Можжевельник обычный. 18. Метасеквойя. 19. Орех маньчжурский. 20. Пузыреплодник. 21. Рябина греческая (бархатная). 22. Рододендрон. 23. Спирея японская (Таволга). 24. Сосна кедровая. 25. Туя восточная (карликовая). 26. Шелковица.

Калі вас зацікавілі гэтыя «іншаземныя прышэльцы», падрабязную інфармацыю пра іх можна знайсці ў энцыклапедыях, спецыялізаваных даведніках і выданнях, у Інтэрнеце.

На верх старонкі