Палессе маё Лунінецкае

Iван Панасюк, Ларыса Панасюк, Уладзімір Яраховіч

Светлай памяці нашай дарагой дачкі Марыны прысвячаем

«Палессе маё Лунінецкае» — даведнік, які дае шырокае ўяўленне аб флоры і фауне Лунінеччыны, рэдкіх жывёлах і раслінах, якія знаходзяцца пад пагрозай знішчэньня і занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.
Кніга разлічана на шырокае кола чытачоў. Яна можа быць выкарыстана настаўнікамі ў выхаваўчай і вучэбнай рабоце, школьнікамі розных узростаў і ўсімі, хто неабыякава ставіцца да прыроды сваёй Радзімы, нашага Лунінецкага Палесся.

Прырода і ахоўныя тэрыторыі Лунінецкага раёна

Аб аўтары

Панасюк Іван Аляксеевіч. Нарадзіўся ў вёсцы Астрамечава Брэсцкага раёна. У 1965 годзе закончыў 11 класаў сярэдняй школы. З 1965 па 1981 гады настаўнічаў у Вялуцкай СШ, з 1981 па 1991 — працаваў настаўнікам нямецкай мовы і выхавацелем у Лунінецкай школе-інтэрнаце. З 1992 года выкладае нямецкую мову ў СШ № 2 г. Лунінца.


I. Да чытача

Все мы дышим весёлой свободой,
Измеряя земные пути,
Благороднее дружбы с природой
Ничего на Земле не найти!
В.С. Рождественский

Паважаныя чытачы! Кароткі даведнік аб прыродзе нашага роднага краю дае вам магчымасць паказаць тое, што ўяўляе Лунінецкі раён у цяперашні час: якія рэчкі працякаюць па нашых родных мясцінах, якія азёры і вадасховішчы ёсць на нашай тэрыторыі, што ўяўляе сёння наша лясная гаспадарка, асушаныя землі, балоты, а самае галоўнае — гэта нашы прыродаахоўныя тэрыторыі — запаведнікі і заказнікі. Вы даведаецеся таксама, якія жывёлы і расліны знаходзяцца пад пагрозай знішчэння, так званыя жывёлы і расліны з “Чырвонай кнігі Беларусі”. Некаторым з вас будзе цікава ведаць тапанімію (назвы) рэчак, азёр.

У даведніку змешчаны гістарычныя звесткі аб пачатку меліярацыі Палесся канца XIX стагоддзя, а таксама аб працягу гэтых работ у 60—80 гады XX стагоддзя. Даведнік рэкамендаваны ў большай ступені вучням сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту, класным кіраўнікам для правядзення гутарак на тэму: “Мой родны край...”. Цікавым ён можа быць і проста аматарам прыроды роднага краю. Ён можа быць выкарыстаны юнымі краязнаўцамі, сапраўднымі сябрамі прыроды для пашырэння сваіх ведаў аб малой Радзіме — Лунінеччыне. Мы шмат чытаем кніг, вывучаем у школе геаграфію, батаніку, заалогію. Глядзім тэлеперадачы аб раслінным і жывёльным свеце далёкіх заморскіх краін і нават кантынентаў, але вельмі часта не заўважаем хараства і прыгажосці нашага роднага краю, не ўсведамляем, што расце побач з нашым домам, школай, якія расліны мы ведаем.

Першая спроба напісання такой брашуры мае на мэце распаўсюджанне інфармацыі аб прыродзе нашага краю. Берагчы нашу прыроду — гэта значыць ведаць аб ёй як мага больш, расказваць іншым.

Даведнік не прэтэндуе на навуковае абгрунтаванне, але будзе карысны для тых, хто шчыра любіць свой край, хто дапамагае зберагчы яго прыроду непаўторнай на доўгія гады, хто хоча пакінуць хараство тым, хто будзе жыць у 3-м тысячагоддзі. Дэвіз даведніка — прачытай, раскажы малодшым, перадай іншым.

Карыстаючыся дадзеным мне выпадкам, выказваю сваю шчырую ўдзячнасць усiм тым, хто разам са мною мае дачыненне да выхаду другога выдання нашай кнігі: Лунінецкаму раённаму Савету дэпутатаў, яго старшыні Богдану Яўгену Яўгенавічу, а таксама нашым добраахвотным памочнікам Аляксандру Іванавічу Коўка, Івану Альфрэдавічу і Ніне Барысаўне Трэгубавым, Аляксандру Паўлавічу Пракапчуку.

Іван Аляксеевіч Панасюк, настаўнік СШ № 2 г. Лунінца.


Лунінеччына

Ёсць мясцінка на нашай вялікай Зямлі,
Яна ў сэрцы маім запавечана:
Нарадзіўся я тут, гадаваўся я тут,
А завецца яна Лунінеччынай.

Тут паветра салодкае, нібы нектар,
І пад сонцам зямля пышна ўквечана.
Край грыбоў і чарніц, край салодкіх клубніц —
Дарагая мая Лунінеччына.

Цягнікоў і заводаў нясуцца гудкі,
Дзе ляжалі балоты спрадвечныя.
Як калісь чараты, каласуюць жыты
Дарагое мае Лунінеччыны.

Колькі ворагаў лезла на гэты прастор!
Хоць была зруйнавана, знявечана,
Не змірылася ты, не скарылася ты —
Партызанскай была, Лунінеччына.

На прасторах лясных, палявых, лугавых
Лёг Чарнобыль бядой незалечанай.
Знаю, горка табе і балюча табе,
Дарагая мая Лунінеччына.

Але, верыцца, зноўку настане той час —
Будзеш з доляй і шчасцем павенчана.
Дык жыві і красуй, засявай, каласуй,
Дарагая мая Лунінеччына!

Сцяпан Нефідовіч, настаўнік роднай мовы Любанскай СШ.

О, край родны, край прыгожы!
Мілы кут маіх дзядоў!
Што мілей ў свеце Божым
Гэтых светлых берагоў,
Дзе бруяцца срэбрам рэчкі,
Дзе бары-лясы гудуць,
Дзе мядамі пахнуць грэчкі,
Нівы гутаркі вядуць;
Гэтых гмахаў безгранічных
Балатоў тваіх, азёр,
Дзе пад гоман хваль крынічных
Думкі думае прастор;
Дзе ўвосень плачуць лозы,
Дзе вясной лугі цвітуць,
Дзе шляхом старым бярозы
Адзначаюць гожа пуць.

Я. Колас “Сымон-музыка”
(1911 год, г. Лунінец)