Палессе маё Лунінецкае

“Чырвоны сшытак” Лунінецкага раёна

Аб аўтары

Панасюк Ларыса Канстанцінаўна. Нарадзілася ў вёсцы Быцень Івацэвіцкага раёна, дзе ў 1963 годзе скончыла сярэднюю школу. У 1970 годзе закончыла факультэт геаграфія-біялогія Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С. Пушкіна. З 1970 па 1980 гады працавала настаўніцай геаграфіі і біялогіі Вялуцкай СШ, з 1981 па 1990 — настаўніцай біялогіі і выхавальніцай у Лунінецкай школе-інтэрнаце. З 1991 года па сённяшні дзень працуе настаўніцай біялогіі СШ № 2 г. Лунінца.

Уступ

Мы часта захапляемся шэдэўрамі мастацтва, створанымі рукамі і розумам чалавека, аддаём належнае іх творцам. А нярэдка — выказваем шкадаванне, чаму многія з іх зніклі ці знікаюць. Дастаткова прыгадаць дзівосныя палацы Радзівілаў і Сапегаў, іх паркі і паркавыя скульптуры. Схамянуўшыся, чалавек пачынае шукаць старажытныя чарцяжы, малюнкі спрабуе аднавіць разбуранае. Іншы раз гэтыя спробы вянчаюцца поспехам, хаця, як вядома, будаваць заўсёды складаней, чым разбураць.

Але ж ці не робім мы яшчэ больш жорсткае разбурэнне ў адносінах да таго, што нас акружае, — да прыроды? На Зямлі жыве паўтара мільёна відаў жывёл, паўмільёна — відаў раслін. Кожны з іх — па-свойму дзівосны і ўнікальны, фантастычны па прыстасаванасці да ўмоў пражывання. І самае крыўднае, што зніклыя па тых ці іншых прычынах віды фауны і флоры нельга аднавіць ні па малюнках, ні па чарцяжах. Від знікае назаўсёды. Чалавек так ніколі i не даведаецца, што згублена разам з ім. Магчыма, гэта быў сродак ад цяжкай хваробы? А можа, зніклы від з’яўляўся пачаткам новай культуры, так і не асвоенай чалавекам, невядомай дагэтуль крыніцай натуральных прадуктаў ці сыравіны? А ці было б дрэнным, каб ён проста радаваў чалавека сваёй непаўторнай прыгажосцю і дасканаласцю?

На старонках перыядычных выданняў, кніг, з экранаў тэлевізараў і па радыё мы ўсё часцей чуем устрывожаныя галасы пра цяжкае становішча прыроды на беларускім Палессі, аб знікненні відаў жывёлін і раслін, якія яшчэ 20 гадоў таму былі звыклымі для гэтага рэгіёна. Прыклады? Калі ласка. Хто з нас не ведае гаючых якасцей барсучага тлушчу! Але ж ці часта сёння сустракаюцца норы гэтага бяскрыўднага звярка? Між тым, зусім нядаўна ён не лічыўся рэдкасцю на Палессі. А балотная чарапаха, зялёны дзяцел, рысь, вялікі бугай і многія іншыя жывёлы, птушкі і расліны? Недалёкі той час, калі яны застануцца толькі ў памяці старэйшага пакалення.

Нярэдка на Лунінецкім рынку можна сустрэць людзей, якія заўзята прадаюць грыб-вясёлку. Знаходзяцца і пакупнікі. Прычым, і першыя, і другія, не задумваюцца, што прыкладаюць руку да знішчэння грыба, занесенага ў “Чырвоную кнігу Беларусі”. (2-е выданне 1993 г.).

Настаў час весці актыўную барацьбу за выратаванне знікаючых відаў раслін і жывёл. У гэтых памкненнях павінны аб’яднацца як дзяржава, так і кожны яе грамадзянін — чалавек, якому неабыякавы гонар нацыі, лёс прыроды Палесся. Няварта прымаць гэта, як высокія словы. Сярод прычын знікнення шматлікіх відаў фауны і флоры браканьерства не самае галоўнае зло. Сёння жыццёвую прастору ў раслін і жывёлін адбіраюць высечкі лесу, асушэнне балот, бяздумнае гаспадаранне чалавека, ужыванне моцных хімікатаў, якімі апрацоўваюць палі… А што значыць так званы “фактар патрывожанасці”, які ў незлічонай колькасці змяншае папуляцыі дзікіх жывёл і раслін! Ці задумваюцца аб гэтым адпачываючыя і аматары ягадных і грыбных мясцін, якія на транспарце імкнуцца прабрацца ў самыя аддаленыя, некранутыя куткі лесу, вытоптваюць траву, ствараюць шум, які выганяе дробных звяркоў з норак і патаемных месцаў. Птушкі, якія будуюць свае гнёзды на зямлі, пакутуюць ад такіх ваяжоў больш за ўсіх. Сёння чалавецтва робіць спробу запаволіць працэсы, выкліканыя так званым антрапагенным уздзеяннем. “Чырвоная кніга” — адна з такіх спроб. Інвентарызацыя фауны і флоры дазволіла скласці навукова абгрунтаваны спіс жывёлін і раслін, якія патрабуюць неадкладнай абароны.

У нашым раёне налiчваецца 62 месцы росту рэдкiх раслiн i 22 месцы пражывання рэдкiх жывёл. У брашуры «Чырвоны сшытак Лунiнецкага раёна», выдадзенай у 2002 г., аўтар Л.К. Панасюк даецца апiсанне 15 прадстаўнiкоў жывёльнага свету i 14 прадстаўнiкоў раслiн. Акрамя гэтага, апiсаны 2 вiды «царства» грыбоў. Гэта віды афіцыйна зарэгістраваныя ў раённай інспекцыі па экалогіі і ахове прыродных рэсурсаў. Аднак уважлівае вывучэнне Чырвонай кнігі Беларусі, выдадзенай у 1993 годзе Акадэміяй навук Беларусі, дазволіла даведацца, што ўпамінанне Лунінецкага раёна сустракаецца, у сувязі з акрамя апісанымі відамі, яшчэ 24 разы. Гэта азначае, што да апісаных у публікацыі відаў можна дадаць яшчэ 24. Лічу мэтазгодным хаця б назваць іх.

У 1986 годзе, каля вёскі Дрэбск у гнездавы перыяд была заўважана залацістая шчурка, вельмі прыгожая ярка афарбаваная птушка. У пойме Прыпяці абазначана месцазнаходжанне качак: шылахвосткі і звычайнага гогаля. Малая чайка ў 1982 годзе назіралася таксама ў пойме Прыпяці ад яе вытокаў да вусця. Месцы пражывання яе ў Лунінецкім раёне — рыбгас Лахва, вусце ракі Цна. У 1976 годзе на старарэччах Прыпяці і рыбгасе Лахва назіраўся малы пагоніч, птушка атраду жураўлінападобных. Арэал распаўсюджання жураўля шэрага ахоплівае і Лунінецкі раён. Насякомыя — чырванакніжнікі таксама прадстаўлены ў нашым раёне, гэта: жужаль менетрые, жужаль фіялетавы, красацел бронзавы (малы), красацел даследчык, або красацел чорны, плывунец шырачэнны, лістаед аблямаваны (окаймлённый), мурашка-амазонка.

Да вышэй пералічаных жывёл дабавім прадстаўнікоў раслінага свету, месцы росту якіх абазначаны ў межах нашага раёна. Лікападыела заліваемая належыць да аддзелу дзеразовых раслін, лішайнік лабарыя легачная. Нізшыя расліны прадстаўлены водарасцю нітэла грацыёзная. Прадстаўнікі кветкавых, — гэта добра вядомы ўсім гарлачык белы з надзвычай прыгожымі снежна-белымі кветкамі, бядрынец вялікі, шпажнік чарапіцавы (гладыёлус), касач сібірскі, асака ценевая, аўсяніца высокая, фіялка багнавая. Нарэшце сярод царства грыбоў не было ў публікацыі звестак пра грыфалу парасонавую, або губу разгалінаваную, месцы росту яе абазначаны ў Лунінецкім раёне.

У канцы 2004 года ў Мінску ў выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” выйшаў першы том трэцяга выдання “Чырвонай Кнігі Беларусі. Жывёльны свет” Яе аб’ём 320 старонак, наклад — 10 000 экземпляраў.

Вельмі цікавай падаецца прадмова да кнігі, асабліва раздзел “Структура Чырвонай кнігі і паняцці, якія ў ёй выкарыстоўваюцца”. Тут дадзены 4 катэгорыі нацыянальнай прыродаахоўнай значнасці, якія цяпер адпавядаюць агульнапрынятым міжнародным катэгорыям:

CR — знаходзяцца пад глабальнай пагрозай знікнення. Першая катэгорыя ўключае таксоны, якія маюць вельмі малую колькасць або колькасць іх хутка памяншаецца і выратаванне немагчыма без комплексу спецыяльных мер; а таксама таксоны, нацыянальная папуляцыя якіх мае міжнародную значнасць.

EN — знаходзяцца пад крытычнай пагрозай знікнення. Другая катэгорыя ўключае таксоны, якія ў сучасны момант знаходзяцца пад пагрозай знікнення на тэрыторыі краіны, але маюць неспрыяльны міжнародны або еўрапейскі прыродаахоўны статус.

VU — уразлівыя. Трэцяя катэгорыя ўключае таксоны, якія не знаходзяцца пад прамой пагрозай знікнення, але падлягаюць рызыцы вымірання ў перспектыве.

NT — блізкія да першых трох катэгорый. Чацвёртая катэгорыя аб’ядноўвае таксоны, што не належаць да трох папярэдніх, але блізкія да іх з прычыны таго, што маюць неспрыяльныя тэндэнцыі на тэрыторыях, якія знаходзяцца побач з месцамi iх пражывання. Iх становішча залежыць ад пэўных мер аховы, што ажыццяўляюцца ў іх абарону.

Тры гады таму ўбачыла свет брашура “Чырвоны сшытак Лунінецкага раёна”, аўтар — настаўніца біялогіі СШ № 2 г. Лунінца Ларыса Панасюк. У выданні апісаны 15 прадстаўнікоў жывёльнага свету нашага раёна, занесеных у “Чырвоную кнігу”. У новым выданні спіс зменшыўся на тры найменні. Гэта барсук, варакушка і лебедзь-шыпун. Затое з’явіліся новыя. Такiм чынам, поўны спiс ахоўных у Лунiнецкiм раёне вiдаў мае наступны выгляд: арлан-белахвост, блакітніца чарнаватая, бугай, бусел чорны, блакітніца белая, жаўтушка тарфяннікавая, жаўрук-смяцюк, журавель шэры, змеяед (арол-вужаед), зімародак звычайны, зялёны дзяцел, кулік-сарока, кваква, мурашка-амазонка, пугач (філін), соня арэшнікавая, соня палчок, чапля белая, чарапаха балотная, шашачніца. Маецца яшчэ з добры дзесятак прадстаўнікоў “Чырвонай кнігі” у нашым раёне, але яны бываюць тут перыядычна, часова.

Кожны з вас, дарагія чытачы, мае шанец сфатаграфаваць невядомы вам від жывёльнага ці расліннага свету і даслаць фотаздымкі ў НДІ пры Нацыянальнай акадэміі навук.

У 2005 годзе ў “Беларускай энцыклапедыі” ў Мінску выйшаў другі том (“Расліны”) “Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь”. Выданне падрыхтавана вядучымі вучонымі Нацыянальнай акадэміі навук пры ўдзеле спецыялістаў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Магчымасць пазнаёміцца з выданнем дала раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, за што шчыра ўдзячны начальніку Анатолю Барысавічу Кляцко і бухгалтару Тамары Аляксандраўне Ігнатчык.

У бліжэйшы час каштоўную кнігу атрымаюць школьныя бібліятэкі, таму што прыродаахоўныя расліны неабходна ведаць, як кажуць, “ у твар” не толькі спецыялістам, але ўсім аматарам флоры — каб ганарыцца “чырванакніжнікамі”, шанаваць іх, аберагаць “зялёных сяброў” ад нядобрасумленных людзей.

За 12 год, якія прайшлі з другога да трэцяга выдання, батанікамі і заолагамі краіны праведзены шматлікія інвентарызацыйна-даследчыя работы. З папярэдняга пераліку выключаны 31 від, але адначасова дададзена 60 новых відаў. У нацыянальным выданні выкарыстаны ўдасканаленыя універсальныя міжнародныя падыходы.

Згодна з новай сістэмай катэгорый Чырвонага спісу Міжнароднага саюза аховы прыродных рэсурсаў, кожны від-кандыдат быў ацэнены па новых катэгорыях адбору з вызначэннем ступені рызыкі яго знікнення. Яна адлюстравана спецыяльным значком: знікшыя ў рэгіёне (RE), тыя, што знаходзяцца на мяжы знікнення, крытычна пагражальныя (CR), знікаючыя, ці пагражальныя (EN), уразлівыя (VU), патэнцыяльна ўразлівыя, блізкія да пагражальных (NT). Патрабуюць увагі (LC), ступень пагрозы цяжка ўстанавіць з-за адсутнасці дастатковай інфармацыі, гэта значыць недастаткова вывучаныя (DD).

Расліны прадстаўлены па схеме: статус, сціплае апісанне, пашырэнне, месцазнаходжанне, біялогія, колькасць і патэнцыі яе змянення, асноўныя фактары пагрозы, меры аховы, крыніцы інфармацыі. Акрамя таго, у раздзеле “Дадатак” ёсць спіс раслін і грыбоў, якія патрабуюць прафілактычнай аховы. У ім 193 найменні, якія адносяцца пераважна да катэрыгорый (LC) i (DD).

У другім выданні Чырвонай кнігі Беларусі на тэрыторыі нашага раёна налічвалася 17 раслін, якія падлягалі ахове: венерын чаравічак, грыб-вясёлка, грыфала кучаравая, званочак персікалісты, зубніца клубняносная, купальнік чорны, лілея кучаравая, лабелія Дортмана, напёрстаўка буйнакветная, пылнагалоўнік чырвоны, палушнік азёрны, сальвінія плывучая, сон шыракалісты, тайнік сэрцападобны, чарамша, чароўнік зялёнакветкавы, гарлачык белы.

У трэцім выданні выдзеленыя расліны, вынесеныя ў спіс тых, якія падлягаюць прафілактычнай ахове. У нашым раёне дадаліся яшчэ 9 “чырванакніжнікаў”: аўсяніца (мурожніца) высокая (NT), касач сібірскі (NT), крапіва кіеўская (EN), лабарыя лёгачная (VU), лекападыёла заліўная (NT), лепіста брудная (VU), нітэла грацыёзная (VU), фіялка багнавая (NT), шпажнік чарапіцавы (NT).

У пераліку раслін знайшла і такія, якія энцыклапедыяй не аднесены да нашага раёна, але яны перыядычна сустракаюцца, хаця і вельмі рэдка.

Застаецца падзякаваць стваральнікам новага выдання “Чырвонай кнігі Беларусі” за вялікую і карысную работу, якая вельмі спатрэбіцца пакаленню XXI стагоддзя. Хочацца спадзявацца, што прымаемыя цяпер меры па захаванню каштоўнасцей флоры і фауны прынясуць добры плён прыродзе нашай краіны.

Было б добра, каб публiкацыя аб рэдкiх i знiкаючых раслiнах i жывёлах нашага раёна разглядалася як запрашэнне для далейшай работы. Вучнi школ, настаўнiкi бiялогii, прадстаўнiкi грамадскiх маладзёжных арганiзацый, давайце разам будзем вывучаць i зберагаць тое, што мы павiнны аставiць нашчадкам!

З удзячнасцю, Ларыса Канстанцінаўна Панасюк, настаўнiца біялогіі СШ № 2 г. Лунiнца

На верх старонкі


Люблю цябе, мой край Палескі,
Я сэрцам да цябе прырос…
Найпрыгажэйшыя пралескі
І насмачнейшы сок бяроз.
Тут наймілешыя світанкі
Ля любай Прыпяці-ракі,
Калі ў хмарах з пазаранку
Ляцяць у вырай жаўрукі…
Люблю цябе мой край палескі,
Бацькоўскай хаты цеплыня…
Садзіцца сонца на ўзлеску,
Маўклівы вечар, цішыня…
Я закаханы ў шчодрасць нівы
І ў асаковыя лугі.
Тваімі песнямі шчаслівы,
Айчына, край мой дарагі!..

А.П. Хаўдзееў г. Лунінец настаўнік геаграфіі