• Біялагічны заказнік “Борскі”
  • Біялагічны заказнік “Лунінскі”
  • Заказнік “Сярэдняя Прыпяць”
  • Помнікі прыроды

  • Палессе маё Лунінецкае

    VIII. Прыродаахоўныя тэрыторыі

    Закончыць расказ аб нашай прыродзе мне хочацца апісаннем тых запаведных куточкаў, якія на працягу многіх гадоў з’яўляюцца заказнікамі. Іх у нас да 13 ліпеня 1999 года налічвалася 6, а на сённяшні дзень 3. Дарэчы, што ж такое заказнік?

    Заказнікі — гэта часткі прыродных ландшафтаў, вызначаныя для аховы і ўзнаўлення аднаго альбо некалькіх кампанентаў прыроднага комплексу ў спалучэнні з абмежаваным гаспадарча-рэкрэацыйным выкарыстаннем. Могуць абмяжоўвацца працягласцю да 10 год альбо бестэрмінова. Заказнікі бываюць рэспубліканскага і мясцовага прызначэння. У нашай рэспубліцы іх налічваецца больш за 60. Падраздзяляюцца заказнікі на азёрныя, батанічныя, гідралагічныя, ландшафтныя, фауністычныя, біялагічныя.

    Запаведныя тэрыторыі — гэта землі альбо водныя абшары, на тэрыторыі якіх ёсць комплексы навуковай ці культурнай вартасці. Землі запаведных тэрыторый зусім выключаюцца з гаспадарчай дзейнасці. Маюць вялікае значэнне для аховы і ўзнаўлення ландшафтаў, захавання генафонду жывёл і раслін.

    Біялагічны заказнік “Борскі”

    Пачнём нашу размову з біялагічнага (журавіннага) заказніка рэспубліканскага значэння “Борскі”. Ён быў утвораны ў 1979 годзе на тэрыторыі 2-х раёнаў Брэсцкай вобласці — Ганцавіцкага і Лунінецкага, агульная плошча якога 2 805 га, з якіх на наш раён прыпадае 1 244 га. Асноўная мэта стварэння — захаванне ў натуральным першапачатковым выглядзе месца, дзе растуць журавіны, захаванне балот верхавога і пераходнага тыпаў і рацыянальнае выкарыстанне ягаднікаў журавін. Тэрыторыя заказніка знаходзіцца на вышыні ў межах 145—150 метраў; ёсць пясчаныя золавыя ўзгоркі. Пераважаюць засфагненыя тарфяна-глеевыя і тарфяна-балотныя глебы. Ёсць невялікі працэнт дзярнова-слабападзолістых і дзярнова-глееватых глебаў. Шырока распаўсюджаны верхавыя балоты, на якіх расце ў асноўным сасняк.

    Стан папуляцыі журавін у заказніку здавальняючы. Кожны год вядзецца іх нарыхтоўка. Аб’ёмы нарыхтовак падлічыць складана. Гэта залежыць ад кліматычных умоў: моцныя раннія маразы ці маразы ў час цвіцення, або летнія засухі. У межах заказніка сустракаюцца і дубровы з чарнічнікам альбо арляком у ніжнім ярусе лесу.

    Журавіны — ягады вялікай каштоўнасці. Яны з’яўляюцца крыніцай вітамінаў, якая можа даваць чалавеку сілу ў любую пару года. Звычайная прастуда, захворванні страўніка і кішэчніка, малакроўе, цяжкі стан пасля аперацыі — ва ўсіх гэтых выпадках журавіны могуць стаць добрым дадаткам пры лячэнні хваробы. Аднак журавіны патрэбны не толькі чалавеку. Імі харчуюцца і жыхары лесу — птушкі: глушэц, цецярук, рабчык, а таксама звяры — мышы, куніцы, вавёркі. Для захавання і ўзнаўлення журавін патрэбна, каб 40—50 % ураджаю заставалася балоту, а таксама “братам нашым меншым”, жывёлам, такім жа дзецям прыроды, як і мы. Дакладна падлічана, што эканамічна больш выгадна вырошчваць на балотах вітамінную ягаду, чым асушваць балоты.

    Летам, асабліва гарачым, на тэрыторыі заказніка складваецца пажаранебяспечнае становішча, што часта прыводзіць да верхавых і нізавых пажараў. Таму не лішнім з’яўляецца палажэнне аб Борскім заказніку, дзе ёсць наступныя пункты забароны:

    1. Выпас жывёл, узворванне зямель, паляванне.
    2. Псаванне і знішчэнне ўказальнікаў і аб’яў.
    3. Усялякія высечкі лесу, акрамя санітарных.
    4. Правядзенне меліярацыйных работ, а таксама ... “Збор і нарыхтоўка ягад журавін усімі нарыхтоўшчыкамі, грамадзянамі, арганізацыямі можа праводзіцца не раней 20 верасня з дазволу Лунінецкага лясгаса”.

    Заказнік “Борскі” — адзін са старэйшых заказнікаў нашага раёна. Зберажом жа яго для тых, каму прыйдзецца жыць у XXI стагоддзі.



    Біялагічны заказнік “Лунінскі”

    Гэта таксама адзін са старэйшых заказнікаў нашага раёна. Быў утвораны ў адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў БССР у 1976 годзе. Насіў афіцыйную назву: “Дзяржаўны ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння возера “Белае”, меў тэрыторыю агульнай плошчай усяго 115 га, знаходзіўся на тэрыторыі Лунінецкага лясніцтва. Галоўнай мэтай яго ўтварэння было забеспячэнне аптымальных умоў для росту і захавання рэліктавай расліны Лабеліі Дортмана, якая знаходзілася пад пагрозай знікненя. Таму на тэрыторыі заказніка былі ўведзены забароны на збор гэтай расліны, выпас жывёл, выкарыстанне навясных лодачных матораў, забруджанне вод возера Белага. Аднак праверкі рэжыму ўтрымання заказніка паказалі, што тут дапускаліся шматлікія парушэнні. Акрамя таго, праводзіўся выпас жывёл, не былі вызначаны месцы адпачынку, дапускалася высечка лесу, рыбная лоўля, засмечванне берага возера. Таму ў 1994 годзе было вырашана пашырыць межы заказніка да 9 400 га. А з 1997 года заказнік набыў статус “Дзяржаўнага біялагічнага заказніка рэспубліканскага значэння” і атрымаў назву “Лунінскі”. Размяшчаецца ён на тэрыторыі Лунінецкага лясгаса (Бастынскае, Лабчанскае, Лунінскае і Лунінецкае лясніцтвы).

    Падставай для гэтага рашэння сталі вынікі навуковага даследавання прылягаючай да заказніка тэрыторыі спецыялістамі інстытута “Палессе — гідраводгас”. Вынікі паказалі, што тэрыторыя ўяўляе цікавасць, як эталонавая для палескага рэгіёну. Тут знаходзяцца найбольш тыповыя палескія біяцынозы з практычна непарушанай гідралогіяй, з захаваўшыміся дубова-грабавымі лясамі, рэдкімі і каштоўнымі відамі раслін і жывёл, занесеных у “Чырвоную кнігу Беларусі”. А самае галоўнае, што будзе захавана адна з “жамчужын” беларускага Палесся — возера Белае.

    У геабатанічных адносінах тэрыторыя аб’екта ўваходзіць у Пінска-Прыпяцкі раён падзоны шыракалісцехваёвых лясоў. Асаблівую каштоўнасць тут уяўляюць дубровы ва ўзросце 90—140 гадоў, якія з’яўляюцца рэшткамі некалі вялікіх шыракалісцевых лясоў Палесся і сёння маюць практычнае і навуковае значэнне ў маніторынгу прыроднага асяроддзя і захавання рэдкіх і знікаючых відаў флоры і фауны. Дубровы чыстыя і змешаныя з грабавымі лясамі займаюць тэрыторыю 286 га. Менавіта ў іх захаваўся найбольш рэдкі склад травяністых раслін.

    Стараўзроставыя дубровы знаходзяцца на багатых супясчаных глебах дзярновага тыпу з характэрным травяным покрывам з папараці арляку, купены лекавай, падалешніку еўрапейскага, сніткі лясной, ветраніцы дуброўнай, маініку двухлісцевага, маліны і шэрагу іншых раслін.

    Акрамя дуброў, растуць тут чыстыя саснякі, падчас з прымессю бярозы, елкі, алешыны чорнай. Яны з’яўляюцца абавязковай умовай далейшага захавання цецеруковых такавішчаў, балот-журавіннікаў, месцаў, дзе расце купальнік горны, занесены ў “Чырвоную кнігу Беларусі” і распаўсюджаны менавіта ў гэтай частцы заказніка, а таксама садзейнічаюць стабілізацыі натуральнага прыроднага стану возера Белае. Праз заказнік праходзіць паўднёвая мяжа распаўсюджвання елкі звычайнай. Ельнікі займаюць астраўное становішча на тэрыторыі 42-х га. Тут яны змяняюцца шыракалісце-чорна-алешнікава-яловымі фармацыямі, захаванне якіх у гэтым рэгіёне мае вялікае навуковае значэнне. Чыстых балот у заказніку ўсяго 106 га.

    Фауна заказніка мае вялікую відавую разнастайнасць. На тэрыторыі выяўлена 7 відаў земнаводных, 5 відаў паўзуноў (з 7, якія ёсць у РБ), 140 відаў птушак (74 з якіх занесены ў спіс, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення ў Еўропе), 13 відаў млекакормячых, 40 відаў флоры і фауны, занесеных у “Чырвоную кнігу РБ”. 3 раслін гэта купальнік горны, лабелія Дортмана, палушнік азёрны. (Глядзі дадатак). Акрамя гэтага, на тэрыторыі заказніка расце каля 200 відаў лекавых зёлак. Сярод птушак найбольшую цікавасць уяўляюць: скапа, змеяед, філін, барадатая неясыць; прадстаўнік млекакормячых — арэшнікавая соня; знойдзены закінутыя норы барсукоў.

    Дзяржаўны біялагічны заказнік рэспубліканскага значэння “Лунінскі” знаходзіца ў распараджэнні Лунінецкага райвыканкама, які сумесна з прыродаахоўнымі органамі забяспечвае яго ахову. Лічу, што кожны з нас павінен берагчы ўсё, што знаходзіцца на тэрыторыі заказніка, не парушаць раўнавагу ў гэтым куточку першароднай прыроды, які яшчэ застаўся для нас і нашых дзяцей. Зберажом жа яго і нашчадкам нашым!


    Заказнік “Сярэдняя Прыпяць”

    Для большасці нашых чытачоў назва гэтага заказніка яшчэ мала вядомая. Ён размясціўся на тэрыторыі трох раёнаў Брэстчыны: Пінскага, Лунінецкага, Столінскага і Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці.

    На тэрыторыі нашага раёна ён размясціўся на месцы трох былых заказнікаў — “Нізоўе Случы”,“Вусце Лані” і заказніка “Ястрабель”. Сумарная плошча іх складала 6177 га. Сёння заказнік размяшчаецца на тэрыторыі нашага раёна, плошчаю роўнаю 25108 га, гэта амаль у тры разы больш, чым да 13 ліпеня 1999 года. Заказнік распаўсюджваецца не толькі на самую раку, але ахоплівае і прылягаючыя да поймы ракі Прыпяць тэрыторыі. Утвораны ён з мэтай захавання ўнікальнай пойменнай экасістэмы ракі Прыпяць з комплексамі рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл, занесеных у “Чырвоную кнігу РБ”. Сёння яго поўная назва — Рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Сярэдняя Прыпяць”. Плошча тэрыторыі ўсяго заказніка займае 90447 га., 68 % плошчы пакрыты расліннасцю. Прычым гэта самыя распаўсюджаныя дрэвы і кустарнікі, такія як чорнаальшаннік, аднак 29 % плошчы занята дубровамі, 12 % — беразняком. Пясчаныя грывы пакрыты сасняком, і, як супрацьлегласць, 8 % — балоты. А ўсё разам — гэта адзіны жывы арганізм, які забяспечвае пэўны гідралагічны і кліматычны баланс.

    Балоты захаваліся на тэрыторыі большай, чым тэрыторыя 2-x Ліхтэнштэйнаў. Балоты тут існавалі тысячагоддзямі і, верагодна, добра, што мы не паспелі іх цалкам асушыць. Катастрофа была б немінучай. Аднак 20 % вадазбору рэк ужо асушана. На долю верхавых балот адносіцца толькі 2 % тэрыторыі; 20 % забалочанай тэрыторыі парасло кустоўем, у асноўным вярбой.

    Галоўнай ландшафтна-фларыстычнай славутасцю заказніка з’яўляюцца пойменныя дубровы, што прымыкаюць да Случы і Прыпяці. Гэтыя віды дуброў у наш час захаваліся ў вельмі рэдкіх месцах. Лічыцца, што лепшыя пойменныя дубровы Еўропы якраз і захаваліся ў пойме ракі Прыпяць і ў рэчышчавых зонах яе прытокаў. Тут знаходзіцца 80 % усіх пойменных дуброў Беларусі.

    Сярод раслін спецыялісты зарэгістравалі 1112 відаў так званых сасудзістых раслін, 57 з якіх занесены ў “Чырвоную кнігу РБ” (трэць ад усёй колькасці захоўваемых дзяржавай раслін). Сярод іх тут растуць гарлачык белы, расянка, сальвінія плаваючая. Адзначана больш чым 250 відаў птушак, якія гняздзяцца тут, 10 відаў кулікаў; абарыгенная папуляцыя бабра і лася; высокая колькасць норкі, выдры, андатры. Спецыялісты лічаць, што вясной праз сярэдняе цячэнне перамяшчаецца не менш як 50 тысяч гусей, 30 тысяч свіягаў. Тут водзіцца вяртлявая камышоўка, якая ў Еўропе ўжо знікла наогул, а пойма Прыпяці — адзінае месца яе існавання. У 1996 годзе тут быў выяўлены янот-паласкун, а ў 1997 — гняздо арлана-белахвоста. Водзіцца вялікая колькаць беласпінных і сярэдніх стракатых, сівых дзятлаў. Гнездзяцца чорныя буслы, кулік-сарока, белая лазараўка, беркут, белая чапля, змеяед, падорлік, вялікі і малы бугай, скапа, філін і шмат іншых птушак.

    Характэрнай рыбай у гэтым рэгіёне з’яўляецца чахонь, сом, сцерлядзь, шчупак і шмат іншай.

    Стварэнне заказніка “Сярэдняя Прыпяць” дазваляе сёння захаваць генафонд расліннага і жывёльнага свету Прыпяцкага Палесся, натуральны гідралагічны рэжым вярхоўя Прыпяці. Заказнік «Сярэдняя Прыпяць», як і заказнікі “Званец”, “Альманскія балоты”, “Спораўскі”, “Коска”, “Котра”, “Ельня” і “Асвейскі”, мае статус водна-балотных угоддзяў міжнароднага значэння (Рамсарскія водна-балотныя ўгоддзі). У Беларусі захаваліся ўнікальныя, эталонныя для Еўропы прыродныя экасістэмы. Ёсць яшчэ шмат дзікіх жывел, раслін, грыбоў, лекавых раслін і рыб.

    З мэтай захавання ўсяго гэтага прыроднага багацця ў студзені 2003 года была створана Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Яна ўпаўнаважана ажыццяўляць кантроль за рацыянальным выкарыстаннем жывёльнага і расліннага свету нашай рэспублікі, прызвана паставіць дзейны заслон у галіне прыродакарыстання, карыстання і аховы паверхнасных вод, расліннага і жывёльнага свету, а так сама парушэння норм экалагічнай бяспекі. Інспекцыя назірае за парадкам у паляўнічых і рыбалоўных угоддзяў — на рэках, азёрах, у лясах; спрыяе захаванню бiялагічнай разнастайнасці рэсурсаў жывёльнага і расліннага свету Рэспублікі Беларусь. Яна надзелена вялікімі паўнамоцтвамі; цесна супрацоўнічае з грамадскімі прыродаахоўнымі арганізацыямі, а таксама з мясцовым насельніцтвам.

    У нашым раёне таксама ёсць такая інспекцыя. Яе поўная назва гучыць наступным чынам: ”Мікашэвіцкая міжраённая інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету”. Сённяшнім яе начальнікам з’яўляецца Анатоль Дзмітрыевіч Маркевіч. Чытаючы раённы друк, размаўляючы з Анатолем Дзмітрыевічам, прыйшоў да высновы, што за нават такі кароткі тэрмін інспекцыя вельмі эфектыўна папрацавала. Яна трымае чацвёртае месца па выніках работы ў рэспубліцы.

    Улічваючы міжнародны статус заказніка “Сярэдняя Прыпяць”, у 2005 годзе пры Лунінецкім райвыканкаме была створана “Дзяржаўнае прыродаахоўнае ведамства “Заказнікі рэспубліканскага значэння “Сярэдняя Прыпяць” і “Лунінскі”. Галоўнае назначэнне ведамства — правядзенне тлумачальнай работы з вучнямі школ гарадоў Лунінца і Мікашэвічы, а таксама ўсіх школ раёна, з навучэнцамі каледжа і ліцэяў. Работа з насельніцтвам аб ролі і значэнні прыродаахоўных тэрыторый, а так сама аб ролі ўсяго расліннага і жывёльнага свету ў жыцці чалавека. Гэта нарысы і артыкулы ў мясцовым друку, выступленні па раённым радыё, выданне кніг і брашур аб прыродзе Лунінеччыны, падрабязны збор матэрыялаў і апісанне фауны і флоры заказнікаў, выяўленне “чырванакніжнікаў” на тэрыторыях заказнікаў і, канешне, кантроль за выкананнем “Правілаў паводзін у заказніках “Сярэдняя Прыпяць” і “Лунінскі”. У 2006 годзе была надрукавана невялікім накладам карысная брашура, а ў 2007 годзе былі змешчаны ў друку артыкулы, якія датычацца возера Белага, жамчужыны нашага края, і ролі лесу. Аўтарам з’яўляецца Марына Чарнавокая, спецыяліст 1 катэгорыі ДПУ «Заказнікі рэспубліканскага значэння «Сярэдняя Прыпяць» і «Лунінскі». Вельмі хацелася б, каб аматары нашай роднай лунінецкай прыроды мелі відэафільмы аб нашых заказніках, рэках, азёрах, лясах і наогул аб усёй прыродзе Лунінеччыны. Неабходнасць паспела.

    Пастановай Савета Міністраў на тэрыторыі рэспубліканскага заказніка “Сярэдняя Прыпяць” забараняецца:

    — правядзенне работ, звязаных са змяненнем натуральнага ландшафту і існуючага гідралагічнага рэжыму, акрамя работ, звязаных з рэканструкцыяй і выкарыстаннем дзеючых меліярацыйных сістэм і аб’ектаў супрацьпавадкавай аховы;
    — парушэнне глебавага покрыва; выпальванне сухой расліннасці; вогненная ачыстка лесасек;
    — скід неачышчаных альбо недастаткова ачышчаных сцёкавых вод, прамысловых адыходаў;
    — расчыстка воднай і прыбярэжнай расліннасці;
    — разбіўка турыстычных лагераў; развядзенне вогнішчаў, стаянкі і мыццё аўтамабіляў у месцах, не вызначаных для гэтых мэт; рух механізаванага транспарту па-за дарогамі, акрамя машын, выконваючых сельскагаспадарчыя і лесагаспадарчыя работы;
    — суцэльныя і паступовыя высечкі галоўнага карыстання ў сасняках, дубровах, ельніках і грабніках, выпас дамашніх жывёл у месцах, не выдзеленых для гэтай мэты.

    Аднак запланавана выдзяленне месцаў пад сенажаці, пашы для жывёл, месцы рыбалоўства і палявання, але пры гэтым забаронены ўсялякія новыя меліярацыйныя работы і ворыва.

    Якім быць новаму заказніку ў будучым, залежыць ад кожнага з нас. Спадзяюся, што сёння ўсе ўсвядомілі, што без прыроды, без чыстага паветра, без чыстай вады чалавеку не выжыць.

    На тэрыторыі Лунінецкага і Ганцавіцкага раёнаў на лесапакрытых землях праектуецца гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння “Велута” з прыкладнай плошчаю 10140 га на тэрыторыі нашага раёна.

    Лістаючы падшыўкі старых газет, натрапіў на артыкул ад 5 чэрвеня 1972 года, менавіта з гэтых часоў больш чым 100 краін свету адзначаюць Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя. На сённяшні дзень у Рэспубліцы Беларусь надаецца асаблівая ўвага флоры і фауны нашай краіны. У раёне існуе тры дяржаўныя ведамствы. Але бадай што адна з іх мае сваю 25-гадовую гісторыю (2008 год). Гэта “Раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя”.

    1983 год. У горад Лунінец прыязджае малады выпускнік Беларускага тэхналагічнага інстытута імя С.М. Кірава факультэта лясной гаспадаркі, спецыяльнасці інжынера лясной гаспадаркі Алег Аляксеевіч Шэляпнёў. Лунінецкі выканкам адкрывае новую пасаду — інспектара па ахове прыроды. Працаваць прыходзілася шмат, таму што справа была новая, невядомая. У 1986 годзе “Ахова прыроды” рэарганізуецца ў Лунінецкую раённую інспекцыю па экалогіі. Начальнікам назначаюць Міхалевіча Адама Фёдаравіча. Павялічваецца штат супрацоўнікаў. Алег Аляксеевіч выконвае абавязкі вядучага спецыяліста па ахове прыроды, інспектарам па экалогіі назначаюць Івана Дзмітрыевіча Піліпцэвіча. У 1999 годзе начальнікам раённай інспекцыі аховы навакольнага асяроддзя назначаны Анатоль Барысавіч Кляцко, які працуе і па сённяшні дзень на гэтай нялёгкай пасадзе. У штаце да лютага 2007 года была яшчэ і бухгалтар Тамара Аляксандраўна Ігнатчык.

    Трэба сказаць, што гэта добра зладжаны маленькі калектыў, які праводзіць вельмі складаную работу па ахове нашай роднай прыроды. На сённяшні дзень арганізацыя налічвае разам з начальнікам чатыры чалавекі. Задачы ў іх няпростыя: кантроль за выкананнем усіх норм паветранага, воднага басейнаў, аховай недраў; за правільным землекарыстаннем у горадзе Лунінцы і раёне. Правядзенне вялікай тлумачальнай работы з прадстаўнікамі арганізацый, ведамстваў, прадпрыемстваў, а таксама з насельніцтвам. Усе супрацоўнікі аказвалі і аказваюць дзейсную матэрыяльную дапамогу школам, ліцэям, гімназіі і садкам у набыцці літаратуры, плакатаў, альбомаў. Анатоль Барысавіч асабіста прымае ўдзел у правядзенні экалагічных дэкад, тыдняў і святаў у школах, а таксама ў раённых экалагічных мерапрыемствах. За апошнія 15 год школы атрымалі шмат карысных кніг, у тым ліку “Чырвоных кніг Рэспублікі Беларусь”. Вучні школ горада і раёна прымаюць самы актыўны ўдзел у рэспубліканскіх акцыях, конкурсах і віктарынах.

    Наша раённая экалагічная інспекцыя мае шырокія паўнамоцтвы. І гэта на сабе адчуваюць тыя, хто забывае, што “Прырода, навакольнае асяроддзе — гэта наш агульны дом”, без якога мы — ніхто. Хочацца ад чыстага сэрца пажадаць усім супрацоўнікам трох прыродаахоўных ведамстваў мірнага, чыстага, яснага навакольнага асяроддзя.

    Помнікі прыроды

    У нашым раёне ёсць шмат такіх куточкаў, дрэў, раслін, якія мы таксама павінны ахоўваць. Сёння на тэрыторыі в. Кажан-Гарадок у былой панскай сядзібе растуць два векавыя дубы, узрост якіх каля 300 год. Першы з іх мае вышыню 45 метраў, у дыяметры ствала ад 1,30 да 1,40 метра, дыяметр кроны з поўначы на поўдзень 21 метр, з захаду на ўсход 18 метраў.

    Другі — вышыня 40 метраў, дыяметр ствала 1,30—1,24 метра, дыяметр кроны з поўначы на поўдзень 15 метраў, з захаду на ўсход — 18 метраў.

    На верх старонкі