Палессе маё Лунінецкае

VII. Балоты

Вокруг — болото без границы,
Пни, камни, кочек бугорки,
И между них седой пушицы
Торчат, качаясь, колоски.
Н.А. Холодковский

Палессе з даўніх часоў лічылася краем непраходных балот і лясоў. Большая частка сучаснай тэрыторыі раёна была занята балотамі. Мясцовыя жыхары спрадвеку змагаліся з дрыгвой, адваёўваючы невялікія кавалкі для хлебаробства. Самай вялікай марай палешукоў было асушэнне балот. Капалі канавы ўручную, але гэтыя спробы не заўсёды супрацьстаялі наступствам балот. І толькі ў сярэдзіне XIX стагоддзя на Палессі пачаліся значныя работы па асушэнню балот. Відавочна, гэта было звязана ў першую чаргу з пабудовай у 1884 годзе праз тэрыторыю Палесся чыгункі. Першыя спробы асушыць частку Палескіх балот былі зроблены экспедыцыяй геадэзіста генерал-лейтэнанта І.І. Жылінскага. У 1903 годзе ў часопісе “Ніва” было напісана, што “...сетка асушальных каналаў заняла 2,5 мільёна дзесяцін зямлі, 100 000 дзесяцін былі ператвораны ў ворыва”. У справаздачным “Нарысе работ Заходняй экспедыцыі па асушэнню балот” (1873—1888) узгадваюцца і нашы мясціны: Грычын, Прыпяць, Лунінец, Кажан-Гарадок, Лахва, Дзятлавічы. У гэтыя ж часы паглыбляўся Лунінецкі канал “...ад р. Прыпяць да в. Лунінец, працягам больш за 9 вёрст. Асушальныя работы праводзіліся ля Дзятлавіч, Бастыні, Велуты, Навасёлак, Чучавіч, у басейнах рэчак Смердзь і Цна; у маёнтку Бастынь было пракладзена 59 вёрст асушальных каналаў. Гэтыя работы садзейнічалі асушэнню ўсходняй часткі ўрочышча “Грычын”. Была поўнасцю асушана дарога з в. Велута ў в. Навасёлкі і Чучавічы. На працягу ўсіх год работы экспедыцыі штодзённа вялося назіранне за ўзроўнем вод у асушаемых раёнах. У 1898 годзе былі адкрыты 13 вадамерных пастоў: Дзятлавічы, Кажан-Гарадок, в. Цна, Лахва, Любачын, Гаўрыльчыцы. Да 1895 года асноўныя меліярацыйныя работы на Палессі былі закончаны. 3 гэтага часу і да 1911 года на асушаных сістэмах дзяржаўныя арганізацыі і сельскія абшчыны займаліся ў асноўным рамонтам гідратэхнічных збудаванняў, паглыбленнем, замерамі і назіраннямі на асушальных каналах.

Пачынаючы з 1912 года, на тэрыторыі нашага раёна была адкрыта першая ў Расіі балотная станцыя — так званая балотная гаспадарка, якая размясцілася ў цэнтры Палескай нізіны ў так званым балотным масіве “Кукуцёлка”, недалёка ад в. Лахва. Адным з першых арганізатараў гэтай першай доследнай балотнай базы на Палессі быў вучоны, аграном У.Р. Рэдзігер. Упершыню прыехаўшы сюды ў 1906 годзе, ён прапрацаваў у Лахве да 1915 года. Яго імя сёння ўвекавечана ў назве вёскі нашага раёна, як і імя яшчэ аднаго славутага батаніка-балотазнаўца А.Ф. Флярова. Далейшай меліярацыі на тэрыторыі нашага раёна перашкодзіла Першая сусветная вайна.

3 1915 па 1927 гады меліярацыйныя работы не праводзіліся. У гэты час толькі рамантаваліся існуючыя каналы. Але ў канцы 20-х гадоў на тэрыторыю нашага раёна, на якой ужо ўладарыла Польшча, прыязджала спецыяльная камісія Лігі Нацый, якая хацела на месцы азнаёміцца з вядомымі ў Еўропе Грычынскімі балотамі. Вялася гаворка аб асушэнні 15 000 км2 балот. Аднак гаворка так і засталася гаворкай. Адзінае, што было зроблена за “польскім часам”, дык гэта тое, што была завершана падрыхтоўка тапаграфічнай карты балот Палесся. 3 1930 па 1939 гады ніякіх асушальных работ не праводзілася. Што яшчэ больш-менш значнага было зроблена пры Польшы, дык гэта шырокая сістэма метэастанцый і гідралагічных пастоў; на тэрыторыі нашага раёна іх было 20.

У 1941 годзе пачалася Вялікая Айчынная вайна, якая зноў адкінула амаль на 25 год асушэнне балот Палесся. Толькі ў канцы 60-х гадоў на тэрыторыі нашага раёна пачалася шырокамаштабная меліярацыя, якая працягвалася да канца 80-х. Амаль больш чым за 20 год актыўнай меліярацыі на тэрыторыі нашага раёна было меліяравана 78200 гектараў балот; балот на сённяшні дзень у нас засталося 40000 гектараў. 3 пачатку 70-х і да сённяшняга часу ў раёне дзейнічае некалькі буйнейшых меліяраваных сістэм: “Валчанская’’, “Ракітнянская”, “Хваецкае”, “Чэрабасава I, II, ІІІ”, “Сваха”.

Увесь аграпрамысловы комплекс раёна карыстаецца вынікамі “вялікай меліярацыі” другой палавіны XX стагоддзя. Ён налічвае сёння больш чым 90 000 гектараў зямлі, з якіх 78200 га — меліяраваныя, гэта амаль 71 % усіх зямель.

На сёння засталіся найбольш значныя балотныя масівы: “Грычын”, “Кіявец”, “Зялёнае”, “Ліпскае”, “Хольча”.

У інжынерны комплекс меліяраваных сістэм уваходзяць 3,5 тысячы км адкрытай і 6,8 тысячы км закрытай асушальнай сістэмы; 850 — воданапорных і 740 пераязных гідратэхнічных збудаванняў; 290 ахоўных дамб і 930 км эксплуатацыйных дарог, пабудаваных на 78,2 тысячы гектарах асушальных тарфянікаў.

Ужо мінула амаль 40 гадоў з заканчэння апошніх меліярацыйных работ. Ураджайнасць пачала падаць. З’яўляюцца пылавыя буры, пераносіцца і выветрываецца ўрадлівая глеба. Пачаліся частыя засухі, і не толькі ў Беларусі. Глеба лішылася вялікай колькасці вады. На балотах пачалі ўзнікаць часта пажары. Не ў лепшы бок пачынае змяняцца клімат: у снежні могуць пайсці дажджы, ужо некалькі гадоў запар у маі і чэрвені бываюць замаразкі. Паменшылася колькасць птушак, жывёл, загінулі многія віды раслін, найбольш адчувальных да пагаршэння навакольнага асяроддзя. І ўжо сёння Экалагічны фонд ААН намераны перавесці ў Беларусь мільёны долараў, мэтай прызначэння якіх будуць частковае забалочванне раней асушаных балот Палесся, у тым ліку нашага Лунінецкага раёна. Па колькасці асушаных балот мы займаем адно з першых месц у Беларусі. Не патрэбна было асушаць такую плошчу балот (78200 га у цэлым па раёну), гэта амаль 76 % плошчаў зямель агракомплексу раёна. Сапраўды, чалавек вучыцца на памылках. Але ўсяго добрага таксама патрэбна ў меру. Асушэнне балот Палесся паўплывала на ўтварэнне дажджавых воблакаў, паменшыла колькасць ападкаў нават у суседняй Украіне. Ёсць і яшчэ адзін аргумент на карысць “амністыі” балотам...

“Балотныя расліны актыўна выдзяляюць кісларод, паглынаюць вуглякіслы газ і пераўтвараюцца ў торф. Як лічыць акадэмік Н. Бамбалаў, балотны гектар амаль у 10 разоў больш інтэнсіўна ачышчае паветра, чым 1 га лесу. Не выпадкова спецыялісты назвалі Палессе “лёгкімі” Еўропы”.

Як было напісана ў “Народнай газеце” ад 7 снежня 2002 года, у Беларусі плануецца вярнуць “балотам” 11000 гектараў асушаных раней зямель. Значыць, і нам, і Еўропе стане жыць і дыхаць лягчэй.

Галоўным прадпрыемствам па падтрыманню ўсіх меліяраваных зямель, збудаванняў, помпавых станцый, мастоў, дамб, каналаў, дарог з’яўляецца Лунінецкае прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Гэта вялікая гаспадарка, якая складаецца з 4-х эксплуатацыйных участкаў і вялікага машынна-трактарнага парку. Галоўнай задачай дзяржаўнага прадпрыемства меліяраваных сістэм з’яўляецца ўкараненне навейшых распрацовак па ачыстцы каналаў, павышэнне прафесіянальнага майстэрства працаўнікоў, камп’ютэрызацыя кіраўніцкай працы і ўсяго водагаспадарчага комплексу. Дбайныя адносіны да зямлі, вады, балот сёння — гэта чыстае харчаванне, здароўе наша і нашых дзяцей заўтра. Прырода не можа сама жыць без дапамогі чалавека, як і чалавек не можа жыць без прыроды. Гэта адзіны ланцужок у коле жыцця!

Уяўленне аб меліярацыі нашага Лунінецкага раёна будзе няпоўным, калі не ўзгадаць яшчэ адно прадпрыемства “РУП ПДСМЗ і Л” — Палеская доследная станцыя меліярацыі і лугаводства. Тэрыторыя па плошчы роўная 4700 га. Галоўнай задачай станцыі з’яўляецца вытворчасць элітнага насення траў і бульбы. Акрамя таго, станцыя займаецца вытворчасцю малака і мяса. Яна ўтворана ў кастрычніку 1945 года. Сёння супрацоўнікі РУП ПДСМЗ і Л даюць практычныя парады гаспадаркам раёна па тэхналогіі нарыхтовак і зберажэння кармоў, парады па севазваротах. Палеская станцыя з’яўляецца добрым памочнікам і дарадчыкам сельскім гаспадаркам раёна. Яшчэ адно малое прадпрыемства ёсць на тэрыторыі РУП ПДСМЗ і Л — гэта Палеская метэаралагічная станцыя, якая была адкрыта 1 жніўня 1947 года з мэтай вывучэння гідраметэаралагічнага рэжыму і воднага балансу часткі пінскіх балот, адведзеных для Палескай доследнай станцыі меліярацыі і лугаводства пад асушэнне і сельскагаспадарчае асваенне. За больш чым 60 год існавання Палеская метэастанцыя кругласутачна праводзіць па поўнай праграме рознага роду назіранні, перадае кіраўніцтву і адпаведным службам раёна прагнозы надвор’я і папярэджанні аб штармавых з’явах. Станцыя мае дастаткова сучасныя прыборы і абсталяванне. Працуюць тут высокакваліфікаваныя людзі, улюбёныя ў сваю справу.

Адзінае, што кожны з нас павінен ведаць: усё, што даравала нам прырода: паветра, ваду, глебу, лес, балота, расліны і жывёлы, — мы павінны зберагчы для будучых пакаленняў. Гэта павінна быць запаветам кожнаму з нас. Будзе існаваць прырода — будзе жыць чалавек. А іншага чалавецтву не дадзена! Беражыце і абараняйце Прыроду. Чалавек на зямлі — імгненне, а Прырода — вечна!