Палессе маё Лунінецкае

VI. Лясы нашага раёна

Старыя хвоі і яліны,
Далёка кінуўшы галіны,
Глядзелі хораша, любоўна,
Як іх патомкі, згодна, роўна
Стаялі гожай чарадою,
Схіліўшысь к сонцу галавою.

Якуб Колас «Новая зямля»

Тэрыторыя нашага раёна, як і ўсёй Беларусі, пакрыта лясамі. Плошча — 271 800 га. Плошча лясоў Лунінецкага лясгаса складае 144 810 га, акрамя гэтага, з канца 1999 года перайшлі ў падпарадкаванне і калгасныя лясы каля 23000 га, што складае разам каля 40% ад плошчы тэрыторыі раёна. Лясгас на сённяшні дзень мае ў сваім складзе 16 лясніцтваў і 9 лесагадавальнікаў плошчай 26 га. (Глядзі дадатак).

Прыродная расліннасць раёна належыць да Бугска-Палескай геабатанічнай акругі. Нашы лясы адносяцца да падзоны шырокалісцёва-хваёвых. Сасновыя лясы займаюць 37 917 га, што складае 40,5 % ад плошчы ўсіх лясоў лясгаса; чорна-вольхавыя — 18 977 га, альбо 20,2 %; бярозавыя — 26 236 га, альбо 28 %; дубровы — 7 871 га, альбо 8,4 %; яловыя — 1 905 га, альбо 2 %; асінавыя — 412 га, альбо 0,44 %; грабавыя — 145 га, альбо 0,15 %; ясеневыя — 106 га, альбо 0,11 %; ліпавыя — 3 га, альбо 0,003 %. Асноўнымі дрэвамі з’яўляюцца: сасна, елка, вольха, бяроза, асіна. Ёсць таксама нешматлікія дубровы, гэта ў асноўным Мікашэвіцкае лясніцтва, на тэрыторыі былога ўжо заказніка “Нізоўе Случы”, які сёння разам з заказнікамі “Вусце Лані” і “Ястрабель” увайшоў у склад новага заказніка рэспубліканскага значэння “Сярэдняя Прыпяць”, плошча якога 25108 га.

Лес быў і застаецца нашым самым вялікім багаццем, таму яго вынішчэнне выклікае змяненне клімату, воднага рэжыму, мяняецца склад глебы. Любое неабдуманае ўздзеянне на прыроду выклікае ланцуг разнастайных і часта непрадказальных наступстваў: зніжэнне грунтовых вод, абмяленне рэчак, засухі, высыханне глебы, ветравыя эрозіі. Воды ападкаў, талыя воды ўсмоктваюцца ў лесе подсцілкай — мохам, старым апалым лісцем, перагноем. Такім чынам, глеба лесу паступова насычаецца вадой. Пасля вада паступова сцякае па ваданосных пластах глебы пад ухілы, у азёры, балоты, рэкі. Лес падтрымлівае пэўны узровень грунтовых вод, таму засуха для раслін, поля не такая страшная, нават пры адсутнасці дажджоў. Калі ж вада не затрымліваецца подсцілкай, каранямі, то, струменьчыкамі сцякаючы па схіле, змывае верхні пласт глебы. Маленькія струменьчыкі зліваюцца ў большыя і ўсё мацней разбураюць глебу. На ёй з’яўляюцца барозны, вымоіны, а знесены верхні слой разам з вадой трапляе ў рэкі. У вусцях рэк, дзе цячэнне запавольваецца, часцінкі глебы асядаюць на дно, вусце мялее, пашыраецца, што прыводзіць да забалочвання. Больш жорсткімі становяцца засухі, зніжаецца ўраджайнасць.

На тэрыторыі лясгаса размяшчаюцца яшчэ два заказнікі: “Борскі” — журавінны і “Лунінскі” ў наваколлі возера Белага.

Лес пастаўляе чалавеку драўніну для гаспадарчага выкарыстання і ацяплення. Драўніна выкарыстоўваецца не толькі нашым дрэваапрацоўчым камбінатам, але часткова ідзе на экспарт у такія краіны, як Малдавія, Украіна, Польшча, Аўстрыя, Галандыя і Германія.

Нашы лясы з’яўляюцца месцам назапашвання грыбоў і ягад, што тут растуць. Гэта чарніцы, журавіны, маліны, ажыны, брусніцы і іншыя. Шкада толькі, што пасля Чарнобыльскай трагедыі збіраць дары прыроды можна не на ўсёй тэрыторыі лесу. Кожнае лета жыхароў раёна інфарміруюць аб месцах, прыгодных для гэтай мэты.

Лес — гэта дом, у якім жывуць розныя птушкі і жывёлы, без якіх ён быў бы мёртвым. Больш чым 40 прадстаўнікоў расліннага і жывёльнага свету, якія занесены ў “Чырвоную кнігу Беларусі”, знаходзяцца на тэрыторыі нашага раёна. (Глядзі дадатак).

Некалькі слоў для дапытлівых з жыцця самай працавітай істоты ў лесе — мураша, форміка руфа, альбо чырвона-буры лясны мураш. Аб карысці мурашоў лясных напісаны сотні кніг у свеце. Адзін прыклад з кнігі “Мурашкі” І. Халіфмана, раздзел “Лясныя былі”: “...серыю назіранняў давялося правесці з улікам гэтых заўваг. У многіх тысяч фуражыраў, якія спяшаліся са здабычай у мурашнік, усю здабычу метадычна адбіралі і перадавалі спецыялістам па сістэматыцы, якія вызначалі від, да якога адносіцца адабранае ў мураў’ёў насякомае. Вось вынік аднаго з пратаколаў: 4500 ілжэвусеніц сасновага пільшчыка, 3500 вусеніц сасновай соўкі, 500 кукалак і 7200 вусеніц дубовай ліставерткі. І гэта ўлоў толькі за 1 дзень! А напад арды з 500—600 шкоднікаў не для кожнага дрэва можа прайсці безвынікова.

Цяпер прымем да ўвагі, што насельнікі адного мурашніка займаюцца паляваннем на плошчы прыкладна ад 0,2 да 0,5 га. Колькі будзе выратавана дрэў, падлічыць няцяжка. Такая здольнасць мурашоў бясконца каштоўная. І таму разбурыць мурашнік — усё роўна што пакінуць у лесе міну замаруджанага дзеяння! Рана ці позна яна спрацуе і астанкі памершага мурашніку будуць акружаны раздзетымі цёмнымі шкілетамі гібнучых дрэваў... І наадварот, кварталы лесу, дзе дастаткова поўных сіл мурашнікаў, непрыступны для насякомых-шкоднікаў.”

Нашы лясы выкарыстоўваюцца КУП «Паляўніча-рыбалоўная гаспадарка» «Лунінец», якая мае плошчу 182,9 тысячы га. Напрыканцы 2006 года ў раёне было 930 паляўнічых, дзейнасць якіх строга кантралюецца адпаведнымі службамі. КУП «Паляўніча-рыбалоўная гаспадарка «Лунінец» налічвае 12 егераў, якія не толькі змагаюцца з браканьерамі, але і вядуць улік жывёльнага свету. Вось некалькі прыкладаў за 2006 год. У нашых лясах было 45 ласёў, 460 дзікоў, 454 казулі, 3359 зайцоў, 359 баброў, 132 глушцы, 1033 цецерукі і 27 ваўкоў.

3 1999 года на тэрыторыі раёна ёсць таксама лесапаляўнічая гаспадарка з плошчай 32,4 тысячы гектараў. Яна размяшчаецца на тэрыторыі Лунінецкага, Лунінскага, Дварэцкага і Лабчанскага лясніцтваў. Тут працуюць 4 штатныя егеры.У 2006 годзе было адстраляна 4 ваўкоў (1 — КУП «Паляўніча-рыбалоўнай гаспадарка» «Лунінец» і 3 — паляўнічымі лесапаляўнічай гаспадаркі).

Адзначым, што высечка лесу строга рэгулюецца і кантралюецца. Напрыклад, у 2006 годзе было пасаджана 309 га розных саджанцаў, за пяць месяцаў 2007-га — 377 (у агульным — 686 га). У нашых лясах растуць у абмежаванай колькасці дрэвы — інтрадуцэнты (глядзі раздзел «Інтрадуцэнты»), такія, як дуб чырвоны — Мікашэвічы, сасна Веймутава — Навасёлкаўскае лясніцтва.

Лес — гэта асноўная часцінка прыроды, без якой чалавек жыць не змог бы, як без паветра, вады і сонца. Наша галоўная задача — гэта ахова “зялёнай фабрыкі кіслароду”.