Адной з галоўных задач школы па мінімізацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы і ў сувязі з пагаршэннем глабальнай экалагічнай сітуацыі з’яўляецца выхаванне ў дзяцей любві да прыроды, зацікаўленасці ў яе захаванні і вывучэнне асноўных экалагічных законаў.
З першага года навучання школьнікаў знаёмяць з гісторыяй свайго краю, яго прыродай. Ёсць клас, дзе сабраны матэрыял па экалогіі. Дзеці пачатковых класаў удзельнічаюць у прыродаахоўных мерапрыемствах: падтрымліваюць чысціню ў скверах, на берагах вадаёмаў, зімой дапамагаюць птушкам, азеляняюць тэрыторыю вакол школы і ў мікрараёне, даглядаюць за дамашнімі жывёламі.
Дзеці пачатковых класаў здзяйсняюць паходы ў лес, да Случы, знаёмяцца з раслінным і жывёльным светам Мікашэвіч, прымаюць удзел у рабоце клуба “Чамучкі” пры дзіцячай бібліятэцы. Арганізоўваюцца конкурсы “Прырода ў вершах”, “Прырода ў загадках”. Цікава праводзіцца вусны часопіс “Па старонках Чырвонай кнігі РБ”. Кожны клас робіць экскурсію ў школьны музей прыроды, дзе ёсць каля 20 чучалаў жывёл і птушак, сярод якіх чучала зубра, лася, аленя, казулі, ваўка, глушца і іншыя. Дарэчы, музей такі адзіны ў нашым раёне.
Пры біялагічнай секцыі музея працуе экалагічны гурток. Гурткоўцы збіраюцца адзін раз на тыдзень “на прыродзе”, дзе і праводзяць свае заняткі. У гэтым навучальным годзе тэмамі іх даследавання былі: “Рэліктавыя жывёлы РБ”, “Жывыя помнікі прыроды”, “Птушкі нашага краю”, “Разнастайнасць жывёльнага і расліннага свету РБ” і іншыя. У музеі праводзяцца таксама і ўрокі. Тут часта сустракаюцца гурткоўцы. Лік наведвальнікаў музея з кожным годам узрастае. Сюды прыходзяць не толькі дзеці, але і дарослыя. Пабывалі ў музеі нават дэлегацыі з Італіі, Ірландыі. Музей школы № 1 г.п. Мікашэвічы адыгрывае вялікую ролю ў экалагічным выхаванні вучняў.
Вучэбная экалагічная сцяжынка — гэта адна з новых форм прыродаахоўнай арганізацыі рэкрэацыйных тэрыторый. Галоўнае прызначэнне сцяжынкі — выхаванне ў школьнікаў любві да акаляючай прыроды, зацікаўленасці ў яе захаванні, асабістай адказнасці кожнага за яе лёс.
І прыпынак — змешаны лес. Знаёмства з раслінамі і дрэвамі: сасной, бярозай, рабінай, верасамі, чарніцамі, прастрэлам і шматлікімі іншымі.
ІІ прыпынак — басейн. Тут растуць кубышкі, занесеныя ў Чырвоную кнігу РБ.
ІІІ прыпынак — “Рыжыя лясныя мурашкі”. Тут дзеці слухаюць цэлую гісторыю аб такіх знаёмых нам незнаёмцах. Гэтыя маленькія працаўнікі прыносяць вялікую карысць лесу. Удзельнічаючы ў шматлікіх узаемаадносінах паміж ляснымі жыхарамі, яны рэгулююць колькасць шкоднікаў лесу.
ІV прыпынак — “Лясная паляна”. Тут, на паляне, пасля экскурсіі падводзіцца вынік, праводзіцца віктарына, вучні чытаюць вершы, даецца заданне зрабіць вуснае апісанне акаляючай прыроды.
У старэйшых класах праводзіцца “Месячнік аховы акаляючага асяродзя”. Гэта таксама адна з форм экалагічнага выхавання вучняў, якая садзейнічае міжпрадметным сувязям і падводзіць вынік прыродаахоўнай работы за год. У плане месячніка:
- Тыдзень ведаў аб прыродзе.
- Тыдзень “Прырода і праца”.
- Тыдзень “Прырода, Радзіма і мы”.
- Свята вясны: “Добры дзень, вясна-прыгажуня!”
- Сустрэча за круглым сталом “Біясфера і чалавек”.
Цікава праводзіцца “Свята кветак”. У гэты дзень школа, класы ўпрыгожваюцца хатнімі кветкамі. Школа кожны год прымае ўдзел у раённай выставе кветак.
Праводзіцца таксама выстаўка лекавых раслін, дзе вывешваюцца табліцы-календары іх збору, а таксама ўсё, што датычыць іх захавання і выкарыстання.
“Дзень прылёту птушак” стаў у школе традыцыйным. Праводзіцца ў другой палове сакавіка. Напярэдадні ля кабінета біялогіі вывешваюцца цікавыя звесткі аб птушках, аб іх значэнні, аб відах кармоў для зімовай падкормкі, віктарыны, красворды, лозунгі.
Вучні школы ўдзельнічалі ў абласных і рэспубліканскіх конкурсах, дзе былі ўзнагароджаны Дыпломам ІІІ ступені ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, а таксама Дыпломам І ступені рэспубліканскага экалагічнага цэнтра за ўдзел у выстаўцы “Юнацкаму руху рэспублікі — 80”.
Школьнікі пад кіраўніцтвам настаўніцы біялогіі Мартыненка Л.А. праводзяць доследы па заданню Акадэміі навук РБ. Тэмы: “Вывучэнне эколага-біялагічнага маніторынгу рэдкіх і знікаючых раслін”, “Феналагічнае назіранне за дэкаратыўнымі дрэвамі і кустарнікавымі пародамі”. У выніку вывучэння і назірання за рэдкімі і знікаючымі раслінамі на тэрыторыі Мікашэвіцкага пассавета гурткоўцы прыйшлі да наступных высноў. У часы навукова-тэхнічнага прагрэсу і ў выніку гаспадарчай дзейнасці чалавека вялікіх маштабаў дасягаюць ператварэнні прыродных ландшафтаў. Гэта аказвае вялікі ўплыў на раслінны і жывёльны свет р.п. Мікашэвічы і прылягаючых да яго тэрыторый. У сувязі са здабычай граніта моцна знізіўся ўзровень грунтовых вод у глебе, высахлі канавы, балоты. Колькасць раслін скарачаецца з-за гаспадарчай і рэкрэацыйнай дзейнасці. Знікаюць такія расліны, як купальніца еўрапейская, сальвінія, ветраніца, чына, кубышка малая, чарамша, любка двухлісная, ятрышнік і шмат іншых.
На выснове назіранняў некалькіх гадоў былі створаны табліцы тэрмінаў правядзення сельскагаспадарчых работ для мясцовасці Мікашэвіцкага пассавета, частка якога ўваходзіць у рэспубліканскі заказнік “Сярэдняя Прыпяць”. Напрыклад, пачатак цвіцення арэшніку — сігнал выстаўляць пчаліныя вуллі; пачатак цвіцення яблыні — з’яўленне лічынак тлі, барацьба з гэтым шкоднікам; прылёт зязюлі — пачатак севу цеплалюбівых культур. Уся работа па экалагічнаму выхаванню накіроўваецца дырэктарам школы Арашкевічам А.С. і настаўніцай біялогіі Мартыненка Л.А. Увесь педагагічны калектыў і вучні школы сур’ёзна адносяцца да гэтай важнай і патрэбнай усім нам справы.
Спіс мерапрыемстваў можна працягваць доўга. Работы ў гэтым напрамку настаўнікам ды і ўсяму грамадству хопіць яшчэ на многія гады. Хачу адзначыць толькі адно: абыякавых у гэтай высакароднай справе не бывае. Станоўчы вынік будзе толькі тады, калі кожны з нас зразумее, што жыццё на Зямлі можна зберагчы толькі сумеснымі намаганнямі, і, у першую чаргу, не знішчаючы акаляючы нас свет.
І. Экалагічнае выхаванне ў школе, 2006/2007 навучальны год
За мінулыя 5 гадоў школа паспяхова працавала над мэтай прыродаахоўнага выхавання. У гэтым вялікую ролю працягвае адыгрываць школьны музей прыроды. У iм адбылася невялікая рэканструкцыя. Сцены прадстаўляюць сабой мініяцюры беларускага пейзажу: дрэвы, хмызнякі, травы, рэкі, азёры ... Усё гэта мае прыгожы выгляд. Падлога насцелена мохам, лісцем, абапал стаяць прыгожыя кветкі. Пасярэдзіне залы стаіць магутны гаспадар беларускіх лясоў — зубр. Ёсць і другія прадстаўнікі жывёльнага свету — некалькі кампазіцый з чучал жывёл і птушак. Усё гэта раскрывае прыгажосць нашага беларускага лесу. Наведванне музея ў цэлым дае станоўчы эмацыянальны ўплыў як на дзяцей, так і на дарослых.
Музей адначасова можа стаць і месцам правядзення ўрокаў па біялогіі, класных гадзін, прыродаахоўных мерапрыемстваў. Пры біялагічнай секцыі музея працуе гурток з экалагічным напрамкам. Адзін раз на тыдзень вучні праводзяць экскурсію. Экскурсантамі бываюць вучні школ горада Мікашэвічы і школ Лунінецкага раёна, дарослыя, замежныя госці. Экскурсаводы падрабязна расказваюць аб гісторыі Белавежскай пушчы, аб жывёльным і раслінным свеце вакол Мікашэвіч і навакольных вёсках. Экскурсанты даведаюцца ў нашым музеі аб тым, што сёння ў РБ налічваецца больш за 31 тысячу відаў жывёл. У фауне наземных пазваночных Беларусі — 434 віды. Найбольшай разнастайнасцю сярод наземных пазваночных адрозніваюцца птушкі, якія ўключаюць 284 віды, у тым ліку 222 гняздуючых, 27 пралётных, 31 залётных, 4 зімовых. За апошнія 30 гадоў у лясах пражывала 102 віды, 42 на полі, сухіх паплавах, астатнія — ў гарадах і сельскіх населеных пунктах.
Свет птушак Брэсцкай вобласці таксама шматлікі і разнастайны. Налічваецца 216 відаў. Яны засялілі разнастайныя лясныя, паплаўныя і балотныя біятопы. Аб усім гэтым і можна даведацца ў нашым школьным музеі.
Беражлівыя адносіны да роднай прыроды тым большыя, чым больш мы яе ведаем. І з гэтага пункту гледжання ролю музея прыроды цяжка пераацаніць.
ІІ. Цудоўны свет кветак.
Кветкі — вялікі дар прыроды. Якую вялікую асалоду і душэўную раўнавагу даюць кветкі! З якой радасцю чакаеш з’яўлення блізкага сябра, які табе ўсміхаецца тонкай і пяшчотнай сонечнай усмешкай яркіх фарбаў, і на душы становiцца цёпла і радасна. З берага возера добра відаць нашу школу. Вакол яе шмат кветак з ранняй вясны і да позняй восені. Тут растуць рамонкі, маргарыткі, гваздзікі, астры, сальвіі, цыніі, петуніі і шмат другіх.
У школе часта бываюць выставы:
- Кветкі ў маім жыцці.
- Кветкі — вялікі дар прыроды.
- Сябры.
- Будзьце шчодрымі і вялікадушнымі.
- Астаўляйце Зямлі яе кветкі!
- Яны будуць радаваць многіх людзей, якія прыходзяць сюды пасля вас.
Свята кветак развівае ў вучняў цікавасць да вырошчвання кветкава-дэкаратыўных раслін, школа штогод прымае ўдзел у раёнай выставе кветак, дзе амаль заўсёды займае прызавыя месцы. Кожны клас рыхтуе свае букеты са сваімі назвамі: “Няхай будзе мір на ўсёй планеце, няхай заўсёды смяюцца дзеці!”, вучні часта даюць трапныя назвы сваім кампазіцыям, транспаранты “Людзі, беражыце планету Зямля!”, “Няхай не паўторацца Хірасіма і Нагасакі”. Выстаўкі наведваюць не толькі дзеці і іх бацькі, але і многія жыхары г. Мікашэвічы, госці. Ад усіх іх можна чуць шчырыя словы ўдзячнасці.
ІІІ. Выстава лекавых раслін.
Штогод у лістападзе ў школе праводзіцца выстаўка лекавых раслін. Афармляецца некалькі стэндаў.
Стэнд “Лекавыя расліны” (гербарныя экземпляры, малюнкі, выстава лекаў, якія атрымліваюць з раслін, высушаных лекавых траў (настойка валяр’яны, ландыша, пустырніка, укропная вада)). Табліца-каляндар збору лекавых раслін з тлумачэннем, якія часта збіраюць і пры якіх захворваннях можна выкарыстоўваць.
Стэнд №1
Памятай! Лекавыя расліны можна выкарыстоўваць толькі па прызначэнню доктара.
“Увесь агромісты свет вакол мяне поўны невядомых таямніц. І я буду іх адкрывацьусё жыццё, таму што гэта самае цікавае, самае захапляльнае ў свеце”. В. Біянкі.
Стэнд №2. Правілы збору лекавых раслін:
- Збіраць расліны патрэбна толькі ў сухі сонечны дзень, пасля таго, як яны абсохнуць ад расы і дажджу.
- Карані патрэбна выкопваць у сырое надвор’е.
- Лісты збіраюць у перыяд бутанізацыі і квіцення.
- У тысячалісніка, душыцы, зверабою збіраюць сцябло з лісткамі і кветкамі, зрэзваючы іх нажом альбо сярпом.
- Ні ў якім разе нельга выдзіраць расліны: такім чынам можна скараціць колькасць раслін.
- Карані і клубні збіраюць восенню, пасля завядання надземных частак.
- Усё сабранае трэба правільна высушыць. Сушыць лепш у цені, у добра праветрываемым месцы. Сушка лічыцца закончанай, калі лісткі і кветкі лёгка расціраюцца пальцамі. Сцябло і карані ламаюцца, плады рассыпаюцца, не ўтвараючы вільготных камочкаў.
Стэнд № 3 Віктарына “Ці ведаеш ты гэтыя расліны?”
Памятка! Памятайце, школьнікі могуць дапамагчы РБ захаваць каштоўныя лекавыя і адначасова высокадэкаратыўныя расліны: ландышы, падснежнікі, каліну, абляпіху. Гэтыя расліны па-варварску знішчаюцца для продажу. Ваша галоўная справа — актыўна весці работу сярод насельніцтва, растлумачваючы, якую непапраўную шкоду можна нанесці прыродзе, няправільна выкарыстоўваючы яе багацце!
IV. Выстава “Прырода Радзімы і мы”.
Снежань. Перад самым Новым годам у школе праводзіцца выстава зімовых школьных букетаў. Для таго, каб у пакоі, у сваёй хаце зрабіць прыгажосць, не абавязкова губіць маладую елачку ці хвою, гнуць бярозу ці рабіну. Адна галінка ва ўмелым спалучэнні з 2—3 кветкамі ўтварае ў пакоі і ўтульнасць, і прыгажосць, і прыгожы інтэр’ер. Заўсёды памятайце: будучым пакаленням, як і нам, патрэбны будуць палі і лясы, вада, чыстае паветра і кветкі. Для складання зімовых букетаў рыхтуюцца школьнікі яшчэ летам і восенню. Школьнікі пад кіраўніцтвам настаўніцы Лідзіі Аляксандраўны Мартыненка нарыхтоўваюць летам плады спаржы, фізаліса і суквецці баршчавіка, маркоўніка, амаранта, алісума. Нарыхтоўваюцца галіначкі ягаднікаў: каліны, рабіны, шыпшыны, вераска і шмат другіх. Галінкі з чырвонымі ягадамі здымаем да марозаў. Дапаўненнем глядзяцца галінкі хвоі, елкі, ядлоўцу, туі. Гэтым праводзіцца вялікая работа па беражлівых адносінах да дрэў(хвоя, елка) напярэдаднi Новага года. Многія школьнікі рыхтуюць букеты толькі з хвоі або елкі. У кампазіцыях добра глядзяцца лугавыя расліны — цімафееўка, ежа зборная, мятлік, аўсяніца, трасунок. З балотных — чарот, асака, пушыца, рагоз, трыснёг.
У школе ва ўсе поры года школьнікі з класнымі кіраўнікамі, настаўнікамі-прадметнікамі праводзяць прагулкі і экскурсіі ў жывую прыроду з мэтай назірання за зменамi, якія адбываюцца ў розныя поры года; за жыццём раслін і жывёл. У заключэнне патрэбна сказаць, што педагагічны калектыў школы № 1 г. Мікашэвічы, якім ужо доўгія гады кіруе Анатолій Сільвестравіч Арашкевіч, праводзіць глыбока прадуманую прыродаахоўную і экалагічную работу з вучнямі ўсіх узростаў. Верыцца, што ўся работа, накіраваная ў гэтым напрамку, дае свой вынік. Будучыя пакаленні будуць берагчы ўсё дадзенае нам Прыродай.