Палессе маё Лунінецкае

3 любоўю да прыроды

Экалагічнае выхаванне ў школе і за яе межамі

«Народная асвета», 2.2005 I.А. Панасюк,
настаўнік нямецкай мовы першай катэгорыі СШ № 2 г. Лунінца.

Са сваёй 40-гадовай практыкі работы з дзецьмі розных узростаў я зрабіў вынік, што выхаванне любві да прыроды садзейнічае грамадзянскаму станаўленню падрастаючага пакалення, выхаванню патрыятызму.

Экалагічнае выхаванне на ўроках замежнай мовы

У школе няма прадмета, які б не дазваляў здзяйсняць экалагічнае выхаванне. Я буду весці размову аб уроках нямецкай мовы. На жаль, настаўнікі нямецкай мовы на сённяшні дзень яшчэ не маюць у 11 класе беларускага падручніка. Верым, што іх змест будзе арыентаваны на нашу краіну. У праграме ж для агульнаадукацыйнай школы ў кожным класе ёсць тэмы, калі настаўнік можа і павінен весці з вучнямі размову аб прыгажосці прыроды роднага краю.

* «Вольны час. Адпачынак летам і зімой. Горад (вёска), у якім мы жывём». Тэматыка для чытання: «Казкі, апавяданні аб прыродзе» (4—6 класы).

* «Экскурсія па гораду (вёсцы). Адносіны да свайго горада (вёскі). Прырода краю і ахова навакольнага асяроддзя». Тэматыка для чытання: “Апавяданні аб жывёлах, раслінах» (6—7 класы).

* «Прырода роднага краю і яе ахова”.”Летнія канікулы”, “Ахова наваколля” (8—9 класы).

* «Вольны час; турызм; выхадны дзень; праблемы аховы акаляючага асяроддзя» (10—11 клас).

У старэйшых класах пры выпадку можна прачытаць урывак «О, край родны, край прыгожы...» з паэмы Якуба Коласа «Сымон-музыка». Дарэчы, я не забываю сказаць, што твор гэты паэт пачаў пісаць у 1911 годзе, жывучы ў г. Лунінцы ў свайго сябра, і сёння на гэтым доме вісіць мемарыяльная дошка. Вывучаючы творчасць Г. Гейнэ, у прыватнасці, верш «Ларэлея» (другі слупок, дзе гаворка ідзе аб велічнасці ракі Рэйн), я прашу дзяцей успомніць словы Якуба Коласа аб нашай рацэ Прыпяць: «Спакойна і павольна, як у зачараваным сне, нясе Прыпяць сухадоламу Дняпру сваю багатую даніну...» Калі мы называем самыя буйныя рэкі Германіі — Рэйн, Одэр, Эльбу, Дунай, — нельга не назваць нашы беларускія рэчкі — Нёман, Заходнюю Дзвіну, Свіслач, Буг, Сож, Бярэзіну.

Гаворым пра Бодэнскае возера, хочацца адзначыць нашы азёры, напрыклад, Нарач, Свіцязь, падкрэсліць, што Рэспубліку Беларусь называюць сінявокай. Прыгажосць нашай прыроды не ўступае іншым краінам. Калі ёсць якасныя фотаздымкі роднага краю, слайды, відэафільмы, іх абавязкова трэба паказаць дзецям. Вучні могуць прынесці на ўрокі нямецкай мовы свае фотаздымкі і малюнкі, асабліва на мясцовую тэматыку. Аднак такія ўрокі трэба планаваць загадзя.

Добра, калі ў кабінеце замежнай мовы ёсць невялікі стэнд “Наша Радзіма — Беларусь”, “Наша вобласць”, «Наш раён і горад (сяло)». Абавязкова павінна быць кароткая інфармацыя на нямецкай мове па кожным раздзеле стэнда. У маім кабінеце, акрамя таго, ёсць дзве карты «Прыродаахоўныя тэрыторыі Лунінецкага раёна», на якіх абазначаны рэкі, азёры, лясы, асушаныя землі, балоты, раслінны і жывёльны свет...

Лічу, што ўжо ў малодшых класах патрэбна рыхтаваць вусныя тэмы, звязаныя з малой радзімай. Мне даводзілася ў свой час пабываць з нашымі дзецьмі на аздараўленні ў Германіі. I я назіраў, як нямецкія, аўстрыйскія дзеці размаўляюць з нашымі. Вялікага «бар’ера» пры гэтым не было. Мяне ўразіла іншае: нашы вучні вельмі мала ведаюць аб сваёй малой радзіме. Па прыездзе дамоў я заняўся краязнаўствам.

Сапраўды, побач з экалагічнай заўсёды стаіць краязнаўчая работа. У 1998—1999 гг. я сабраў матэрыялы аб мясцовых рэчках, балотах, азёрах, лясах і г. д. Падзяліўся імі з чытачамі на старонках раённай газеты. Праз год надрукаваў брашуру «Прырода і ахоўваемыя тэрыторыі Лунінецкага раёна». У 2002 годзе Л.К. Панасюк, мая жонка, выдала ў свет сваю брашуру «Чырвоны сшытак» Лунінецкага раёна”, а хутка была надрукавана наша сумесная кніжка «Лунінецкі раён: «Чырвоны сшытак». Прырода і ахоўныя тэрыторыі». Так, ва ўсіх школах і дзіцячых садах горада і раёна з’явіліся вельмі патрэбныя матэрыялы аб нашым Лунінецкім краі, якія дапамагаюць вучням зразумець, з чаго пачынаецца Радзіма. Вялікая Радзіма — Рэспубліка Беларусь — пачынаецца для нас з Малой Радзімы — Лунінеччыны. Недалёка той дзень, калі кожны горад, кожная вёсачка будзе мець свой музей, напіша сваю гісторыю. Шкада толькі, што на такую літаратуру не прадугледжаны бюджэтныя сродкі. Гэта ж таксама падручнік, адзін з самых патрэбных школьнікам.

Любое выхаванне «каштуе» дорага, а прыродалюбчае (экалагічнае) удвайне. Калі мы з вамі не выхаваем экалагічна адукаванае пакаленне, то чалавецтва хутка апынецца на краі бездані, якая нас і паглыне. Не шкадуйце часу тлумачыць дзецям галоўную задачу жыцця чалавека на Зямлі — не нашкодзь!

Пазакласнае і пазашкольнае экалагічнае выхаванне.
Гуртковая дзейнасць

Выхоўваць любоў да прыроды патрэбна з маленства, калі дзіцяці 2—З гады. Гэтаму садзейнічае любаванне кветкамі, травой, назіранні за птушкамі, за маленькімі істотамі — мураўямі, жучкамі, павукамі, знаёмства з хатнімі жывёламі і птушкамі. Выхаванне павагі і любові да прыроды будзе працягнута ў дзіцячых садках, малодшых і старэйшых класах школы. Такая праца павінна насіць практычны характар. Менш гаварыць — больш паказваць, прычым як прыгажосць навакольнага асяроддзя, так і адмоўны бок уплыву чалавека на прыроду. 3 першых дзён знаходжання дзіцяці ў школе трэба знаёміць яго з акаляючай расліннасцю ля самой школы, з дрэвамі, кветкамі, навучаць дзіця карыстацца даведнікамі жывёльнага і расліннага свету. Добра, калі з сабою будзе фотаапарат, яшчэ лепш — відэакамера. Пасля кожнага выхаду на прыроду неабходна абагульняючая размова, магчыма, нейкае творчае заданне, напрыклад, невялікі водгук аб убачаным. Мае дзеці з цікавасцю пісалі артыкулы ў раённыя газеты, стваралі рукапісныя часопісы.

3 вучнямі 5—8 класаў мэтазгодна арганізаваць гурток «Юныя сябры прыроды», стварыць свой герб, выбраць дэвіз. План работы трэба выпрацаваць разам з дзецьмі, даць ім заданне на 2—3 дні напісаць свае пажаданні, затым абмеркаваць іх на агульным сходзе.

Вучні сярэдніх класаў ужо шмат ведаюць аб жывёльным і раслінным свеце. Трэба падкрэсліваць важнасць ахоўнай дзейнасці ў абароне прыроды. 3 вучнямі можна здзяйсняць паходы ў лес не толькі каб паназіраць за прыродай, але і ачысціць пэўны ўчастак лесу ад забруджвання. Думаецца, што эфектыўнай будзе і размова аб правілах паводзін у лесе ў розныя поры года. Не ўсе ведаюць, напрыклад, што ў перыяд з красавіка па ліпень нельга прыязджаць у лес на машынах, матацыклах па той прычыне, што ў лесе ў гэты перыяд птушкі будуюць гнёзды і выводзяць птушанят. Нельга ўключаць у лесе магнітафоны і радыёпрыёмнікі. Дарэчы, у кабінеце біялогіі, геаграфіі ці, напрыклад, у кутках прыроды можна аформіць стэнд «Правілы лясной этыкі».

Паходы ў лес заўсёды цікавыя. Асабліва ўспамінаюцца зімовыя лыжныя паходы, яшчэ і з абедамі ля кастра! А ці слухаў хто-небудзь марозным ранкам у дуброве цішыню, так-так, цішыню... Паветра чыстае, устае чырвонае сонца, мы рухаемся на лыжах, дзе-нідзе трэсне галінка, і раптам — стойце: паслухаем цішыню. I ўсе на хвіліну затойваюць дыханне. Гадзіна, другая вандроўкі па такім лесе — і мы на ўскрайку, адкуль віднеецца шырачэзны абсяг поля. «Паднялі» зайца, узляцела варона, сігануў дзяцел — вось яна, прыгажосць! У такія моманты я нічога дзецям не гавару. Гаворка будзе вечарам у класе. Дзіцячая памяць вельмі ўспрымальная да такіх паходаў.

Формаў і метадаў экалагічнай работы з вучнямі вельмі шмат.

  • Паходы ў лес, на рэчку, на возера.
  • Падрыхтоўка фотавыставы «Мой родны кут — мая Лунінеччына».
  • Падрыхтоўка відэафільма «Роля прыроды ў маім жыцці».
  • Пасадка дрэў, абгароджванне мурашнікаў...
  • Сустрэчы з прадстаўнікамі экалагічнай інспекцыі горада, раёна, вобласці.
  • Правядзенне дыспутаў, літаратурных вечароў на экалагічную тэматыку.
  • Правядзенне ў школе «Тыдня экалогіі», фотаконкурса і конкурса малюнкаў.
  • Правядзенне тлумачальнай работы з малодшымі школьнікамі.
  • Прагляд і аналіз кіна- і відэафільмаў «Прырода Беларусі», слайдаў «Прыгажосць вакол нас», «Жыццё чалавека — імгненне, прырода — вечнасць», «Імгненні, імгненні, імгненні...»
Добры вынік у прыродалюбчым выхаванні дае ўдзел у гуртках кветкаводаў, садаводаў, агароднікаў. Дзеці вучацца вырошчваць хатнія кветкі, дэкаратыўныя расліны. Ад пасеву і да цвіцення можна назіраць за іх ростам, вывучаць агратэхніку вырошчвання. Тады дзеці ніколі не нашкодзяць прыродзе і сваім дзецям у будучым перададуць любоў да ўсяго жывога.

Галоўнае, каб усе мерапрыемствы па экалагічнаму, а значыць, і патрыятычнаму выхаванню праводзіліся не дзеля саміх мерапрыемстваў (дзеля запісу ў класных журналах і іншых дакументах), а дзеля прывіцця шчырай любві да роднай прыроды. Нельга патрабаваць у гэтай рабоце лічбаў, для яе вымярэння яшчэ няма адзінак. Лічу, што там, дзе патрабуюцца «журнальныя» запісы, там заканчваецца шчырая работа з дзецьмі, за выключэннем афіцыйных гурткоў экалагічнага напрамку.

У сваёй педагагічнай дзейнасці я 30 гадоў кіраваў фотагуртком. Успамінаю гэтыя гады як самыя лепшыя ў сэнсе ўзаемаадносін з дзецьмі ў пазаўрочны час. Раней я працаваў у лунінецкай школе-інтэрнаце (цяпер у гэтым будынку ліцэй). Вакол — лес. Колькі ранкаў, вечароў, вёсен і зім было там зафатаграфавана! Кожны выбіраў на прыродзе свой лепшы «кадр», імгненне, фатаграфаваў тое, што яму падабалася. А вечарам у спецыяльным пакоі ішла апрацоўка фотаплёнак. На другі дзень праглядвалася ўсё адзнятае праз праектар, разбіраліся памылкі. Але самае цікавае было тады, калі мы садзіліся вырабляць фотаздымкі. На наступны дзень арганізоўвалася імправiзаваная выстава. Галоўнае, не проста навучыцца фатаграфаваць, але і бачыць чалавека, яго ўнутраны свет, акаляючую яго прыроду праз фотааб’ектыў, заўважаць прыгожае і ўмець «выхапіць» яго ў кадр.

Нярэдка мы выходзілі на прыроду з невялікімі зборнікамі вершаў А. Фета, С. Ясеніна, Я. Коласа, мясцовых паэтаў, садзіліся на паляне, на беразе ракі і чыталі ўслых — гэта былі непаўторныя імгненні.

У канцы навучальнага года праводзіліся выніковыя фотавыставы пад рознымі назвамі, але яны абавязкова былі звязаны з прыродай.

У гуртках могуць быць розныя дзеці ў сэнсе вучобы і паводзін, але іх аб’ядноўвае агульнае захапленне, агульныя мэты. Усе разам пад кіраўніцтвам педагога яны вырашаюць праблемы, фармулююць задачы сваёй дзейнасці, знаходзяць шляхі дасягнення пастаўленых мэт. У іх няма часу і жадання здзяйсняць правапарушэнні. Яны — калектыў.

Школьныя лясніцтвы. Вытворчыя брыгады.

Удзел у школьных лясніцтвах — гэтая форма выхавання, пры якой спалучаюцца адпачынак на прыродзе, фарміраванне любві да яе і прывіццё навыкаў да фізічнай працы, — я ўпэўнены, з цягам часу вернецца ў школы.

У 70—80-я гг. была ў школах, асабліва сельскіх, яшчэ адна форма выхавання — вытворчыя брыгады ў час летніх канікул. Брыгадзе выдзяляліся значныя сельскагаспадарчыя плошчы, якія трэба было некалькі разоў прапалоць, восенню здаць ураджай. Дзеці атрымлівалі за сваю працу каштоўныя падарункі і заработную плату, хоць невялікую, але сваю. Праца ў полі — гэта праца на прыродзе, тут выхаванне ідзе без слоў. Прыемна, што пачынаюць адраджацца школьныя лясніцтвы ў раёне.

«Пасіўныя» формы выхавання

У канцы хацелася б засяродзіць увагу на «пасіўных», як я лічу, формах экалагічнага выхавання. Гэта кіна-, відэафільмы, камп’ютэрныя праграмы, аўдыякасеты з запісамі гукаў прыроды. Яны могуць выкарыстоўвацца на класных гадзінах, пры правядзенні экалагічных тыдняў, у вольны час, тым больш, калі на вуліцы стаіць дажджлівае надвор’е. Магнітафонныя запісы галасоў птушак можна слухаць у час уборкі класа ці тэрыторыі і асабліва восенню, калі лес становіцца больш маўклівым. Дзеці пачынаюць задаваць пытанні (што гэта за птушка спявае?), ствараецца станоўчы эмацыянальны фон.

Сёння ў Рэспубліцы Беларусь існуе грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, якая праводзіць сур’ёзную работу па ахове птушынага царства і выхаванню любві да прыроды. Прадстаўнікамі арганізацыі было зроблена і выпушчана ў пракат 10 відэафільмаў аб прыродзе нашай краіны:

  • «У царстве бакланаў і чапель»;
  • «Апошнія арлы»;
  • «Лясныя хованкі»;
  • «Жывая вада»;
  • «Чаму ў бабра абдзёрты нос»;
  • «Жабы на дарогах»;
  • «Жывіце ў гармоніі»;
  • «Жывыя сведкі леднікоў»;
  • «Мір вяртлявай чаратоўкі»;
  • «Чарнобыльскія джунглі. 20 год без чалавека».
Фільмы прыгожыя, каляровыя, іх з цікавасцю паглядзяць і дзеці, і дарослыя.

Трэба сказаць, што ў наш хуткацечны час пазакласнае і пазашкольнае выхаванне праводзіць стала няпроста, хаця інфармацыі і тэхнічных магчымасцей цяпер многа. Не маю намеру прыменшыць значэнне сучасных тэхналогій у выхаванні, аднак лічу, што дзяцей патрэбна час ад часу «адрываць» ад камп’ютэра, тэлевізара і весці ў жывую Прыроду, дзе набываюцца веды, фарміруецца станоўчы эмацыянальны настрой, які не можа стварыць нават самы сучасны сайт!

На верх старонкі