Палессе маё Лунінецкае

ІІ. Прадмова

Паважаны чытач, не спяшайся абыякава адкласці маленькую брашуру, якую ўзяў у рукі, уважліва прачытай яе. Аўтары яе кіраваліся высакароднай мэтай — звярнуць увагу нашых землякоў да таго, што знаходзіцца зусім блізка, не ў далёкіх экзатычных краінах. У кніжцы апісаны мясціны блізкія і знаёмыя. Блізкія не толькі па адлегласці, а блізкія сэрцам нашым. Тут жылі нашы продкі. Не разбэшчаныя сучаснымі навукамі, яны, аднак, ведалі, што на зямлі, якую яны апрацоўваюць, будуць жыць іх дзеці, унукі і праўнукі, і працавалі на ёй, зыходзячы з гэтай простай мудрасці. Яны пакінулі нам чыстую ваду, глебу, паветра і лес. А якімі ім быць у будучым, залежыць сёння ад нас. Хачу нагадаць, што ў нашым раёне захаваліся краявіды далёкай мінуўшчыны. Яшчэ ў канцы XIX стагоддзя Палессе адзначалася, як унікальны куток прыроды. Хто з нас не адчуваў пад нагамі ў лесе мяккую імшаную посцілку, не схіляўся над кусцікам з чорнымі ягадамі буякоў, не ўдыхаў такі знаёмы з дзяцінства водар багульніка?.. А наш позірк, кінуты ўдалячынь, лавіў знаёмыя сілуэты вольхі, бярозы, хвоі. Калі пералічваць расліны, якія сустракаюцца ў нас у сваім прыродным, а не паркавым выглядзе, чаму ж не згадаць каліну звычайную, парэчку чорную, крушыну ломкую, разнастайныя асокі, шабельнік, маннік, капытнік. Наогул, наш Палескі разназёл надзвычай багаты.

Можа, давайце перастанем захапляцца тым, што мы бачым там, на Захадзе, а навучымся ганарыцца сваім, што яшчэ не паспелі разбурыць, асушыць, высечы і атруціць? Паспрабуем зберагчы гэта для нашчадкаў. Адчуем сябе гаспадарамі, возьмем на сябе вялікую адказнасць зберагчы тое, што можа з’яўляцца прадметам гонару нацыі — наша роднае Палессе, якое знаходзіцца ў геаграфічным цэнтры Еўропы. У прыродзе ўсё вельмі разумна павязана: нельга захаваць журавіны, калі знікнуць расліны, акаляючыя іх, так званыя хваёва-кусцікавыя і сфагнава-кусцікавыя супольнасці. Адвечныя спадарожнікі і клапатлівыя вартаўнікі журавін — багуновыя балоты, бярэзнікі ды саснякі-чарнічнікі.

Паважаныя чытачы. Ад нас з вамі патрэбна толькі адно: не шкодзіць, ахоўваць прыродныя кладоўкі ад саміх сябе, гаспадарыць разумна. I тады лес, балота, поле будуць частаваць нас смачнай, духмянай, дыетычнай ягадай. Шаноўныя дарослыя. Тое, якім паветрам мы дыхаем, якую ваду п’ём, якія рэчывы глытаем разам з вітамінамі капусты, морквы, бульбы і іншай гародніны, залежыць ад вас. Са школьнай праграмы мы засвоілі, што экалогія — гэта навука аб узаемных адносінах чалавека і прыроды. Зыходзячы з гэтых адносін, навакольнае асяроддзе можа спрыяць нашаму здароўю або шкодзіць яму. Навакольнае асяроддзе ўключае ў сябе і тое, чым мы дыхаем, і тое, што мы п’ём, і тое, што скарыстоўваем у ежу. За апошнія 8 год рэзка знізілася выкарыстанне мінеральных угнаенняў, павялічылася прымяненне арганічных. Праводзіцца кантроль за выхлапнымі газамі аўтамабіляў. Наладжаны кантроль за ўтрыманнем нітратаў у кармавых раслінах. Больш жорсткімі становіцца кантроль над прадуктамі харчавання — гэта людзей толькі радуе, хаця і праблем яшчэ ў гэтым накірунку шмат.

Дапамажыце прыродзе залячыць раны, нанесеныя бязглуздасцю! Невычэрпнага багацця наша родная прырода не мае!

Ларыса Канстанцінаўна Панасюк, настаўніца біялогіі СШ № 2 г. Лунінца.