А ў нас так гаварылі

Навасёлкі — вёска невялікая, на 2013 год у ёй налічваецца каля 35 жылых дамоў. Магчыма і гісторыя яе невялікая, ды пра яе не вельмі лёгка і даведацца таму, што найбольш старэйшых жыхароў у вёсцы засталося ўсяго пяць чалавек. Час ідзе, людзі старэюць, многае забываецца, а на многае проста не звяртаем увагі.

Памятаю, яшчэ ў дзяцінстве з вёскі выехалі дзве маладыя сям’і — Арэхва і Фурсевіч. Некаторы час у іх доме жыла сям’я Арэхва Аляксея і Святланы., перасяліўшыся сюды з вёскі Велута, а цяпер хата пустуе. У хаце Фурсевічаў жыве сям’я Ліхтар з вёскі Дзятлавічы. Зусім нядаўна выехалі дзве сям’і старажылаў вёскі: Кавальчук Фёдар Іванавіч, 1929 года нараджэння, і яго жонка Вікторыя Уладзіславаўна (з Арлінскіх) да сям’і дачкі Дзіны ў горад Ганцавічы, Бацюк Аляксандр Зіноўевіч у сям’ю дачкі, якая пражывае ў Гомельскай вобласці. (У пачатку верасня яго не стала). Адны выязджаюць, другія прыязджаюць. Нават наша сям’я, Цюшкевічы, таксама прыезжая. Дзядуля са сваімі бацькамі пераехаў сюды ў шасцігадовым узросце з хутара Чэрабасава. І хто ведае, можа мае прабацькі былі аднымі з першых пасяленцаў вёскі?.. (Аб гэтым ёсць успамін Генадзя Яўгенавіча І.А.)

Здавалася б, нічога, што смя’я перасялілася сюды. Але гэты факт вельмі паўплываў на асаблівасць мовы жыхароў вёскі — спецыфіку мясцовай размовы.

Практычна кожная вёска мае свой мясцовы дыялект, а асаблівасці вымаўлення можна вызначыць, называючы назву вёскі на беларускай мове. Як прыклад, можна назваць суседнюю вёску Чучавічы, у назве якой пераважаюць цвёрдыя шыпячыя гукі, як і ў мясцовым вымаўленні. Нават калі жыхары Чучавіч размаўляюць на рускай мове, цвёрдыя шыпячыя застаюцца [щасце]. У асноўным, мова мае асаблівасці беларускай мовы. Таксама і ў Велуце. У вялуцкай говорцы галосныя вымаўляюцца выразна і акругла, падкрэсліваючы мяккасць або цвёрдасць склада [ляжыць].

У Навасёлках жа размова не мае такіх яркіх асаблівасцей вымаўлення. Мова жыхароў вёскі вельмі акуратная, практычна чыстая, дыялектных слоў амаль ніхто не выкарыстоўвае. На мае пытанні аб мясцовай говорцы (маўленні) жыхары задумліва адказвалі: “Не, німа у нас такога, аткуда. Тут хто ні е, так пачці все прыезжые, все гавораць па-рускаму”. Але гэта не зусім руская мова, так як у вымаўленнях рускія словы спалучаюцца з рускімі, але якія вымаўляюцца па-беларуску. [Цэркаў], [радзіо], [дрова], [палаценцэ], [пакрывало], [сідло], [цілівізар], [вісна], [калісо], [тарэлка], [табурэтка], [погрэб] — усе гэтыя словы рускамоўныя, але вымаўляюцца на беларускі манер (лад), так бы мовіць, (“па-вяскоўскі”) — “па-дзеравенскі”. Ад жыхароў ужо амаль не пачуеш беларускія: ручнік, талерка, радзюжка і лава.

Многае з жыцця вяскоўцаў адыходзіць у мінулае разам з пакаленнямі яго носьбітаў. Традыцыi, звычаяў, сямейных каштоўнасцей маладыя людзі не прытрымліваюцца і паступова яны забываюцца.

Так і ў нашай сям’і ёсць “сямейны дзядулін рэцэпт”, які ўжо забыты маімі бацькамі — “Каплун”. Рэцэпт мне расказаў мой дзядзя Гена, зберагальнік сямейных каштоўнасцей нашага роду, які жыве ў горадзе Лунінцы. Гэтае блюда ён рыхтуе і цяпер: кавалкі наламанага чорнага хлеба абжарвае з часнаком, дабаўляючы дробна нарэзанае сала і цыбулю, даводзіць усё гэта да залацістага колеру і залівае гарачай вадой. Галоўнае правіла смаку гэтага блюда — з’есці яго, каб яно не паспела астыць.

Мудрасць пакаленняў таксама застаецца з адыходзячым часам. Маладыя людзі не ведаюць ні прыкмет, ні пагаворак і прымавак, рэдка ад іх пачуеш жарт ці прыказку, нават са свайго дзяцінства. Ад сваёй бабулі я памятаю вось такую прыкмету: калі статак кароў абыйсці тры разы з дубцом, яны будуць добра пасвіцца і не будуць асабліва разбрыдацца. Адно не памятаю, ці патрэбна пры гэтым прыгаворваць нейкую замову або чытаць малітву “Отча Наш”?..

Бабуля Вольга, Матка — (так яе называлі ўсе ў вёсцы), была шаптухай. Яна замаўляла людзям нядужасць, хваробы, перапуды, выпальвала “рожу” (хвароба), вымятала хваробы венікам з высушаных траў або пучком ільняной пражы.

Шмат хто да яе звяртаўся, прыходзіў да яе хаты, а да многіх яна хадзіла сама, нас з сабой, унукаў, брала. Памятаю, бабуля ішла да Марыі Антонаўны Тарасеня боль з пляча здымаць, і я пайшла з ёю. Матка трэ плячо Марыі, ходзіць вакол яе, галаву, плечы абмятае чэсаным ільном, нешта шэпча сабе ціхенька. Астановіцца за яе спіной, пакусае хворае плячо і пытае ў Марыі:

“Чому ты не пытаеш, шо я раблю?” Марыя яе і пытае: “А шо ж гэто ты робіш, Матка?” “Балячку выбіраю, шоб была ты жывенька-здаровенька”, — не перастаючы пакусваць, адказвае бабуля. А я сяджу на табурэтцы за сталом, ногі пад сябе падабраўшы і не рухаюся, страшна.

Бабуля яшчэ два разы з Марыі Антонаўны льном змяце, тройчы прачытае малітву, перахрысціць яе. Пасля гэтага на хворым месцы спаліць маленькі пучок таго ільна, і калі ён, згараючы, высока паднімаецца, значыць хвароба хутка павінна прайсці. Вось прыкладна так выглядалі яе шаптанні. Шмат каго яна лячыла, яе шэпты ўсім дапамагалі.

Але былі і такія , хто яе не любіў, называў вядзьмаркай, калі што дрэннае ў каго здаралася, думаў, што гэта яна нагаварыла. (А можа яе проста баяўся?) А калі яшчэ Матка скажа, што некі выпадак не прывядзе да дабра, то доўга не заходзіў да яе ў госці, раптам яшчэ нечага нагаворыць?.. Шмат яна ведала прыкмет, і заўсёды яны былі праўдзівымі. Па клёну на Троіцу вызначала, якім будзе лета: калі лісце хутка высыхае і скручваецца — значыць і лета будзе сухое, а калі доўга заставалася свежым — быць лету даждлівым. Раніцой іней і туман — дзень сонечны будзе. Сонца сядае ў воблакі — заўтра чакай дажджу.

Так ад яе праз бацьку я даведалася аб другой прыкмеце: калі пад вокнамі бацькоўскага дома закрычыць сава дзіцячым плачам, хутка адна з дачок будзе насіць дзіцяня. Шмат разоў чула перашэптванні бацькоў, што можа хто з старэйшых маіх сясцёр хутка замуж выйдзе.

З дзяцінства мы карыстаемся замовамі бабулі Вольгі, які аберагае ад нападу гаўкаючых сабак: “Ішоў Хрыстос праз авёс, але не ўкусіў яго пёс, не ўкусі ты і мяне”. Гэта патрэбна прагаварыць тройчы, але колькі разоў не праходзіла ля іх, паўтарала, пакуль сабакі не змаўкалі, так спакойней было. Шкада, што не вельмі многае памятаю ад бабулінай мудрасці, добра, што нешта яшчэ даведваюся калі-нікалі ад сваіх бацькоў. Не толькі яна адна ведала народныя прыкметы. Жыў у вёсцы адзін дзед, не памятаю, як яго звалі, маленькая зусім была, зараз у яго хаце жыве Валянцін Радзюк. Дык вось ён плавіў пчаліны воск, шаптаў людзей ад спуду.

Марыя Тарасеня таксама “шаптала”, часценька папраўляла здароўе бабулі Вольгі, пасля смерці Маткі яна адна толькі і была “шаптуха” на ўсю нашу невялікую вёсачку. Цяпер і яна ўжо не займаецца шэптамі, проста перасталі людзі прыходзіць і звяртацца да яе паслуг, так усё і забылася, нават і прыналежнасці згубіліся.

Прыкмет, прымавак яна таксама ўжо амаль не памятае, так як даўно не жыла ў вёсцы. Як яна сама гаворыць: “Вырасла то я тут, але ж з сям’ёю ўжэ тут не жыла, да ў Міжлессі, у Рэдзігіраве. А ужэ патом сюды назад прыехалі”. Каго толькі я не пытала, ніхто не прыпомніў нічога з народнай мудрасці. Толькі Павел Аляксандравіч Курыловіч, самы старэйшы жыхар Навасёлак на сённяшні дзень, успомніў прымаўкі, якія мы, дзеці, некалі чулі яшчэ ад сваіх бацькоў: “Не кайся рана ўстаўшы і рана ажаніўшыся”. — Позна ажаніўшыся не кайся, калі рана ўстаў. Рана, значыць за дзень шмат чаго зробіш! Маладым жэнішся, рана дзяцей выгадуеш, памочнікаў у гаспадарцы!

— Дзеці, не разлівайце малако.
— А дзе ж яно?
— Бацько корову купіць!

Гэтая прымаўка настаўляе, каб дзеці беражліва абыходзіліся з ядой, бо ў тыя часы малако было галоўным харчам, з якога можна было прыгатаваць шмат чаго.

— Ціт, ідзі малаціць!
— Мне жывот баліць!
— Ціт, бяры яйцо!
— А яно аблупленае?

Гэтая прыказка пра “гультая”. Памятаю, дзядзя Гена казаў яе нам, сваім пляменнікам, калі мы не хоцелі дапамагаць па гаспадарцы.

— “На Пятра баба хлеба прапякла, а на Іллю — поўную печ налью”.
— “Прошло Петро — упаў лісток”,
— “Прышло Ілля — упало два”,
— “Прошло Ілля — восень сказала: “Тут і я”.

Загадвалі ў нас яшчэ і галаваломкі:

“Сын у сына жыў і бацько ў сына жыў. Ці можэ маці ў сына жыць?”
В дзірэўні воўкі цэркаў з’елі.

У першай патрэбна знайсці выраз “(в)усы нажыць», у другой — “цэрква з елі”.

Вось так у нас раней гаварылі. Шкада, што ўсё гэта застаецца ў мінулым, губляючыся з цягам часу за непатрэбнасцю. Здаецца, як гэта народная мудрасць можа стаць не патрэбнай, ды яшчэ і ў вёсцы?.. Яшчэ дзесяць гадоў таму, скажы каму небудзь такое — ніхто не паверыў бы. Аднак, сёння час другі, на двары ХХI стагоддзе. У вёсцы не трымаюць ужо кароў: іх або здаюць або прадаюць. А як інакш? Пасвіска няма: адно пайшло пад пасадку (леса), другое скарачалася калгасам, сёння СВК, ды і сенакосаў не набярэшся, а ў магазіне цана на малако невысокая. Людзі паступова пазбаўляюцца ад гэтых клопатаў, а ў астатніх проста няма выбара. Вось так вёскі адыходзяць крок за крокам ад векавога ўкладу вясковага жыцця, усім сельскім жыхарам хочацца жыць так, як ў горадзе.

Тэкст Ірыны Вітальеўны (Цюшкевіч) Каховіч, ураджэнкі вёскі Навасёлкі, студэнткі факультэта журналістыкі БДПУ імя А.С.Пушкіна. 30 верасня 2013 года.