фота
К. П. Арлоўскі — ляжыць, злева — Швайко І. С., справа — Корж В. З.

фота
К. П. Арлоўскі (справа) з баявымі таварышамі Зіновіем Абрамчуком і Іванам Раманчуком.

фота
І. А. Муха-Міхальскі.

Падзеі 1922-24 гадоў у наваколлях Навасёлак

Размаўляючы з жыхарамі сталага ўзросту, часта чуў розныя легенды аб партызанскім камандзіру ў 1920-24 гады на тэрыторыі прылягаючай да вёсак Навасёлкі і Велута. Усе яны ўспаміналі загадкавае імя-мянушку — “Муха-Міхальскі”. Выпадкова, у Лунінецкай бібліятэцы ўбачыў кнігу — ”Чалавек з легенды”, аўтар — Ілья Ражкоў — (Ілля Сямёнавіч Барысаў), Мінск “Мастацкая літаратура” 1976 год. А вяду я аб гэтым гаворку таму, што ў ёй ёсць некалькі старонак з гісторыі, паважаныя навасёлкаўцы, вашай невялічкай па насельніцтву і памерах, роднай вёсачкі.

12 кастрычніка 1920 года быў падпісаны дагавор аб перамір’і паміж Савецкай Расіяй і Польшчай. Якія падзеі адбываліся да гэтага, вы ведаеце з гісторыі СССР і гісторыі Беларусі, і, ня гледзячы на гэта, ваенныя дзеянні паміж імі былі не зусім спынены. Лунінеччына стала таксама арэнай партызанскай барацьбы. З-за дэмаркацыйнай лініі на савецкую тэрыторыю не раз перакідваліся белагвардзейскія банды, такія як Булак-Булаховіча, банда палітычнага авантурыста Барыса Савінкава і многія другія. Лунінеччына аказалася на цэлых 19 гадоў у складзе панскай Польшчы. Палякам жа прыходзілася змагацца як з белагвардзейцамі, так і з партызанамі, хаця яны падтрымлівалі ўсіх тых, хто быў супраць усталявання савецкай улады ў Заходняй Беларусі. Простым сялянам і рабочым у такой складанай сітуацыі было жыць няпроста. У гэты ж перыяд многія лунінчане прымалі ўдзел у грамадзянскай вайне на тэрыторыі Расіі, у пачатку 30-х гадоў ХХ стагоддзя ім прыйшлося вяртацца на радзіму, дзе ўжо ўладарыла панская Польшча.

У маленькай вёсачцы жыццё ішло сваёй хадою. З 1920 года па чэрвень 1922 колькасць партызан на Палессі павялічылася ў многія разы. Іх падтрымлівала мясцовае насельніцтва. Месцамі дзеянняў сталі Нясвіж, Ганцавічы, Целяханы, Люсіна, Чучавічы, Клецк, Струга бліз Століна, Хорастава, Дзяніскавічы, у тым ліку і невялічкая вёсачка Навасёлкі, а таксама многія іншыя малыя і вялікія населеныя пункты Палесся. Камандзірамі атрадаў былі знакамітыя і ўсім вядомыя, асабліва пасля Вялікай Айчыннай вайны 1941-45 гадоў асобы: Кірыл Пракопавіч Арлоўскі, Васілій Захаравіч Корж, Станіслаў Ваўпшасаў, Іозеф Шаблоўскі — (псеўданім Муха-Міхальскі), Аляксандр Рабцэвіч. Два першыя сталі ў гады Вялікай Айчыннай вайны 1941—1945 гадоў камандзірамі партызанскіх атрадаў, Корж В.З. — камандзірам партызанскай брыгады імя С.М. Кірава Пінскага партызанскага злучэння (з 1943 па 14.07.1944 года). Пасля вайны В.З. Корж і К.П. Арлоўскі працавалі старшынямі калгасаў у сваіх родных вёсках, былі героямі СССР, а К.П. Арлоўскі ў 1958 годзе стаў і Героем Сацыялістычнай працы. Але гэта было пазней, а мы вернемся ў жнівень-верасень 1922 года. Вось якія радкі ёсць у названай кнізе:

“...Партызаны пакінулі Целяханы. Неўзабаве Арлоўскі са сваімі байцамі зрабіў налёт на паліцэйскі ўчастак непадалёк ад Ганцавіч, у вёсцы Навасёлкі. Галоўная мэта аперацыі была не разгром пастарунка — пастарунак налічваў ўсяго 5 паліцэйскіх, — а захоп былога белагвардзейца, агента дэфензівы, які перапраўляў на савецкі бок дыверсантаў і шпіёнаў. Лавіць агента адправіліся Кірыла Арлоўскі, Іозеф Шаблоўскі і яшчэ некалькі партызан. Ігнат Швайко з групай байцоў браў пад кантроль вузкакалейку (Люшча — В.Чучавічы І.А.), па якой карнікі маглі падкінуць падмацаванні. Іван Раманчук, Канстанцін Клёнка, Мікіта Мялік і Мікалай Абрамчук, пераапранутыя ў паліцэйскую форму, павінны былі захапіць пастарунак недалёка ад маёнтка.

У вёску кожная група ўваходзіла самастойна. Непадалёк ад маёнтка група Раманчука заўважыла двух ваенных паліцэйскіх, яны ехалі ў бок Чучавічаў. Не жадаючы выдаць сябе, група прапусціла коннікаў. Астатніх паліцэйскіх абяззброілі ў пастарунку. Раманчук паслаў Мікіту Мяліка да Арлоўскага з паведамленнем, што пастарунак узяты. Абрамчук стаяў на варце, а Раманчук і Клёнка заняліся справамі ўнутры будынка: забралі дакументы, касу, паздымалі са сцяны “дыверсантаў”. На вялікае здзіўленне, сярод іх Раманчук убачыў сваё ўласнае фото. Астатнія фатаграфіі да байцоў атрада Арлоўскага ніякіх адносін не мелі.

Партызаны ўжо збіраліся пакінуць будынак пастарунка, як раптам на двары пачуўся стрэл, затым другі, трэці... Пачалася бязладная страляніна. Партызаны кінуліся да дзвярэй і ўбачылі на двары пастарунка вялікую групу паліцэйскіх. Яны кінуліся назад і праз акно выскачылі ў сад. Ці то паліцэйскія не заўважылі іх, ці то прынялі за сваіх (Раманчук і Клёнка былі ў паліцэйскай форме), але за імі ніхто не гнаўся. Адбегшы метраў сто, спыніліся: чакалі Абрамчука. Страшэнна марудна цягнуліся мінуты. Страляніна ля пастарунка сціхла, але Абрамчука не было.

— Трэба адыходзіць, пакуль паліцыя не спахапілася, — прыняў рашэнне Раманчук.

Па дарозе яны сустрэлі Мікіту Мяліка. Ён паведаміў, што групы Арлоўскага і Швайко выканалі задачы, і перадаў загад Арлоўскага адыходзіць на месца збору — на паўночную ўскраіну Навасёлак. Неўзабаве там сабраліся байцы груп Арлоўскага, Швайко і Раманчука. Не было толькі Абрамчука. І хоць партызаны захапілі агента дэфензівы, забралі касу і дакументы пастарунка, усе былі глыбока ўстрывожаны лёсам усеагульнага любімца Мікалая Абрамчука. Але і зрабіць нічога не маглі: кожны ведаў, як рызыкоўна і небяспечна ўвязацца ў бой з вялікім атрадам паліцыі. Ніхто не ведаў, наколькі вялікі гэты атрад, ды яшчэ ў любую мінуту на дапамогу яму маглі падаспець паліцэйскія з суседніх гарнізонаў.

Пазней стала вядома, што на партызан напаў конны атрад паліцэйскіх, які прыбыў з Лунінца і што ў час перастрэлкі быў цяжка паранены Абрамчук, трапіў у палон і быў закатаваны камендантам паліцыі”.

На пошукі партызан былі кінуты вялікія сілы паліцыі, жандармерыі, армейская разведка і агенты дэфензівы. (Гэта было не апошняе наведванне Навасёлак партызанамі восенню 1922 года...І.А.).

“...Неяк зімой 1923 года ў Дзяніскавічы на канспіратыўную кватэру, дзе ў той час быў Арлоўскі, прыехаў Ігнат Сямёнавіч Швайко. Ён далажыў: паліцэйскія ў маёнтку Навасёлкі, тыя, што па-зверску забілі параненага Мікалая Абрамчука і здзекваліся над яго трупам, зусім расперазаліся. Яны пахваляюцца тым, што расправяцца так з кожным партызанам, з “шайкі Мухі-Міхальскага”, а камендант крычыць, што дабярэцца да самога Мухі.

Абрамчука любілі ў атрадзе. “У ім таленавітасць спалучалася са сціпласцю, ён ведаў, што патрабаваць ад сябе і ад іншых, усе свае сілы аддаваў “чырвонапартызанскай барацьбе”, — гаварыў пра яго Арлоўскі. Пра расправу над Абрамчуком і пахвальбу каменданта навасёлкаўскай паліцыі паведамілі камандзірам усіх груп. І на сходзе Целяханскай групы, байцом якой быў Мікалай Абрамчук, вырашылі правучыць азвярэлых паліцэйскіх, адпомсціць за смерць баявога таварыша.

Маёнтак Навасёлкі ахоўвалі дваццаць паліцэйскіх. Без праверкі нікога туды не пускалі, асабліва ноччу. Усё гэта ўлічыў Арлоўскі і вырашыў наляцець на маёнтак удзень, і не пешшу, а конна: да Навасёлак трэба было праехаць некалькі дзясяткаў кіламетраў.

І вось па зімовай дарозе едзе сялянскі абоз з чатырох падвод. У кожных санях — па чатыры ездакі. Яны не заседжваюцца: мароз залазіць пад кажухі, мерзнуць ногі, і, каб сагрэцца, партызаны часта злазяць з саней і бягуць услед за імі.

Звычайны абоз. Ці мала іх у такі зімовы час адпраўляецца на лесанарыхтоўкі?

Праехаўшы палавіну дарогі, партызаны спыніліся ў густым яловым лесе, выпраглі коней, развялі вогнішча, перакусілі. Тут Арлоўскі аб’явіў канчатковы план нападу: да самага маёнтка зброю хаваць; як толькі ўедуць у маёнтак, трое байцоў павінны стаць на дарогах, што ідуць з маёнтка, і нікога не выпускаць; дзве падводы адначасова пад’язджаюць да паліцэйскай камендатуры, трэцяя — да дома памешчыка, чацвёртая займае кантору фірмы “Лес”.

— Гэтую аперацыю можна выйграць толькі сілай нашага агню, раптоўнасцю, а таму зброю трэба прымяняць адразу ж, каб не было і спробы супраціўлення, увесці паніку і разгубленасць, — гаварыў камандзір.

Не даязджаючы каля пяці кіламетраў да Навасёлак, у вёсцы Ліпск спыніліся ля калодзежа, напаілі коней.

Роўна а 16-й гадзіне дня байцы ўехалі ў маёнтак, а праз некалькі мінут застрачылі іх кулямёты, забухалі вінтоўкі.

Гром у гэтую зімовую пару менш бы напалохаў паліцэйскага каменданта: ён адразу здагадаўся, хто і чаго заявіўся ў Навасёлкі; паспрабаваў быў уцякаць, але Іван Раманчук затрымаў яго.

— Вось мы і прыехалі, панок, а вы драпаеце. Не рады сустрэчы з Мухам-Міхальскім? — спытаў яго Арлоўскі.

Калі паліцэйскія былі абяззброены, Арлоўскі ўзяў адзін трафейны карабін, дастаў затвор, пакруціў у руках, затым гаспадарлівым вокам агледзеў ручны кулямёт:

“Зброя новая, а даглядаеце яе дрэнна: затвор карабіна змазаны густа, на ствале кулямёта ржа,— паднёс зброю да носа каменданта і тут жа загадаў, — таварыш Зарэмба, распарадзіся дарагі, каб лайдакі-паліцэйскія пачысцілі сваю зброю.

У гэты час у пастарунак зайшоў Мікіта Мялік і далажыў: Корж заняў кантору лесапільнай фірмы і просіць Муху-Міхальскага прыехаць да яго. Узяўшы з сабой Мяліка і Рамана Даліну, Арлоўскі ўскочыў у сані і памчаўся да канторы фірмы “Лес”, якая размяшчалася непадалёку ад маёнтка.

Фірма “Лес” (адна з некалькіх І.А.) жорстка эксплутавала рабочых: прымушала працаваць па 10-12 гадзін у суткі, плаціла мала, за нязначную правіннасць штрафавала, звальняла з работы. Бязлітасная драпежніцкая высечка лясоў прыносіла ёй вялікія барышы.

Пра варварскую эксплуатацыю польскай адміністрацыяй мясцовых багаццяў Заходняй Беларусі ў той час неаднаразова пісалі прагрэсіўныя польскія газеты, савецкі друк.

“Польскія паны і іх урад знайшлі вялікую крыніцу даходаў у прыродных багаццях гвалтам захопленай заходняй Беларусі... Яшчэ ў сярэдзіне лета 1922 года Польшча прадала англійскім лесапрамыслоўцам тэрмінам на 20 гадоў вядомую ва ўсім свеце Белавежскую пушчу. Адначасова Польшча перадала ім для эксплуатацыі 23 тартакі і 600 вёрст чыгункі-вузкакалейкі з усім абсталяваннем”,— пісала газета ”Савецкая Беларусь” у 1924 годзе. Натуральна, што народныя мсціўцы не маглі застацца абыякавымі да гэтага.

Калі пад’ехалі да канторы, Арлоўскі ўбачыў групу рабочых. Яны са здзіўленнем глядзелі на ўзброеных незнаёмцаў, якія малайцавата саскочылі з саней і накіраваліся ў кантору. “ Мусіць, гэта ён...” — пачуў Арлоўскі ціхі голас. ”Хто — ён?” — пытаўся другі голас. “Хто, хто... сам Муха-Міхальскі, напэўна, да нас прыехаў”.

— На вуліцы холадна. Чаго вы стаіце на марозе? Прашу ўвайсці ў кантору, — звярнуўся Арлоўскі да рабочых.

Падштурхоўваючы адзін аднаго, тыя нясмела зайшлі ў памяшканне. У канторы камандзіра сустрэў Васіль Корж і, як належыць ваенным, адрапартаваў:

— Таварыш Муха-Міхальскі! Усе тутэйшыя буржуі і буржуйчыкі па вашаму загаду сабраны. Яны вельмі хочуць паслухаць вас.

“Буржуяў і буржуйчыкаў”, служачых фірмы, было няшмат — чалавек дваццаць. Мяркуючы па ўсім, яны не мелі асаблівага жадання сустракацца з Мухам.

Арлоўскі бачыў, як пры ўпамінанні аднаго толькі імя Мухі пабялела пышная дама, як задрыжалі вусны ў яе мажнага, год каля пяцьдзесяці, мужчыны. “Відаць, упраўляючы” — падумаў Арлоўскі. І тут пачуў усхваляванае: “Сам Муха!” Гэта, відаць, сказала маленькая дзяўчынка, што сядзела ў самым кутку пакоя.

— Прамоў не будзе. Будзе партызанскі наказ. Але спачатку пазнаёмімся. Хто я — вы ўжо ведаеце. А хто ўпраўляючы?

— Я... — устаў вусаты мужчына.

— Пан упраўляючы, ад імя партызан перадаю наступныя патрабаванні, — цвёрда сказаў Арлоўскі. — У бліжэйшыя два дні вазьміце на работу тых, каго вы несправядліва звольнілі. (Арлоўскі дастаў запісную кніжку, зазірнуў у яе): рабочых — Мікалая Барташа, Ягора Каваленку і конюха Максіма Крыніцкага. Гэта раз. Па-другое, перастаньце абіраць рабочых, ліквідуйце штрафы. Па-трэцяе, сур’ёзна падумайце пра скарачэнне рабочага дня. Раз і назаўсёды кіньце здзеквацца з рабочых. І яшчэ. Мы патрабуем спыніць драпежніцкае вынішчэнне лясоў. Такія нашы патрабаванні, патрабаванні народа.

— Пан Муха-Міхальскі, мы пастараемся зрабіць усё, каб выканаць вашы патрабаванні, — дрыжачым голасам абяцаў упраўляючы, — толькі, толькі.

— Перастаньце дрыжаць, мы вас не кранём, — супакоіў яго Арлоўскі. — Але патрабаванні нашы памятайце. Да сустрэчы, панове.

Калі камандзір у суправаджэнні сваіх байцоў выйшаў з канторы, на двары іх чакала вялікая група рабочых.

— Я Муха-Міхальскі. Прашу вас, дарагія таварышы, падысці да камендатуры! — крыкнуў ім Арлоўскі.

Праз некалькі мінут Арлоўскі разам з рабочымі прыбыў да паліцэйскага ўчастка. Партызаны ўжо абмянялі сваіх стомленых коней на новых, адкормленых у памешчыцкай канюшні. Два байцы пільнавалі палонных паліцэйскіх.

Кірыла Арлоўскі сказаў кароткую прамову. Ён гаварыў пра каланізатарскую палітыку польскага буржуазнага ўрада, пра мэты і задачы партызанскай барацьбы, заклікаў прысутных актыўна дапамагаць народным мсціўцам.

Ноччу ўзнялася мяцеліца. Дробны калючы снег хлістаў па тварах, сляпіў вочы, набіваўся ў вушы. Шумелі і хісталіся дрэвы, трывожна гудзеў лес. Але партызаны былі рады гэтай завірусе. Здавалася, сама прырода вырашыла схаваць іх ад паліцэйскіх, што кідаліся з аднаго боку ў другі і не ведалі, дзе і калі чакаць.

І ён не задоўжыўся зноў напамінаць аб сабе...” (ст.93—96) (Аб далейшай эпапеі легендарнага чалавека вы можаце прачытаць у вышэй названай кнізе, яна ёсць у бібліятэках, з серыі: “Слава твая Беларусь!” І.П.).

Выпала нагода трымаць у руках яшчэ адну кнігу з серыі “Памяць” Ганцавіцкі раён Брэсцкай вобласці, Мінск, СЭ 1989 год выдання (старонкі 168-165), расказ “Лясныя гвардзейцы” аўтар Ілья Барысаў. Прывяду толькі некалькі абзацаў.

“Слава пра дзёрзкія аперацыі Мухі-Міхальскага апярэджвала падзеі. Пра яго храбрасць і знаходлівасць з вуснаў у вусны перадаваліся легенды. Імя Мухі-Міхальскага не сыходзіла са старонак польскага друку. Варшаўская газета ”Момант” пісала, што “...Пра Муху-Міхальскага гавораць усе: і багаты памешчык, які баіцца яго візіта, і збяднелы беларускі селянін, які з натхненнем складае пра яго легенды”. Гэтая газета друкавала і легенды пра Муху-Міхальскага. Назвы дзвюх з іх: ”Муха — чалавек пунктуальны”, “Муха любіць праўду і справядлівасць”.

Аб такіх легендах пісала і газета “Праўда”. Вось адна з надрукаваных у ёй карэспандэнцый:

“Варшава 3 кастрычніка, відавочна 1923 года (РАСТА — Расійскае Тэлеграфнае Агенства). Дэпутат Польскага сейма, член нацыянальнага ўкраінскага клуба Павел Весянчук у гутарцы з карэспандэнтам РАСТА аб становішчы на ўсходніх ускраінах заявіў: “Я чуў ад сялян цэлыя легенды пра Муху-Міхальскага, якога яны лічаць нацыянальным героем...”

Усё гэта — красамоўнае сведчанне велізарнай папулярнасці Мухі-Міхальскага, глыбокай народнай любові да храбрага і мужнага, справядлівага і добрага партызанскага важака. Урад буржуазнай Польшчы вясной 1924 года ўстанавіў вялікую ўзнагароду за галаву Мухі-Міхальскага. Пра гэта ва ўсе месцы, дзе дзейнічалі партызаны яго атрада, быў разасланы цыркуляр. Вось тэкст гэтага дакумента, накіраванага палескім ваяводам Даўнаровічам старасту ў Столін:

“Вельмі тэрмінова, зусім сакрэтна.
Прэзідыум Палескага ваяводства № 1131.
Брэст над Бугам. 9 мая 1924 года.
Змест: аб назначэнні ўзнагароды таму, хто зловіць Муху-Міхальскага.
Пану старасту ў Століне (асабіста).

Па прапанове міністра ўнутраных спраў пан старшыня савета міністраў назначыў узнагароду ў памеры 10 мільярдаў марак таму, хто зловіць... Муху-Міхальскага. Апрача таго, назначыў узнагароду да 5 мільярдаў марак таму, хто праўдзівай інфармацыяй органам паліцыі будзе садзейнічаць пры затрыманні ўпамянёнага партызанскага атамана...”

Дакумент друкуецца поўнасцю, яго можна прачытаць ва ўказанай вышэй кнізе “Памяць”, Ганцавіцкі раён (І.А.) Трэба сказаць, што здраднікаў так і не знайшлося. Шматлікай агентуры паліцыі і дэфензівы так і не ўдалося пранікнуць у атрад Мухі-Міхальскага. У шэрагу вёсак былі свае надзейныя і правераныя людзі. У некаторых вёсках яны былі нават у ліку солтысаў — сельскіх старастаў”.

Пройдуць гады і ў пачатку 1942 года К.П. Арлоўскі пад псеўданімам “Раман” з’явіцца ў лесе пад Ляхавічамі стане камандзірам аднаго з атрадаў асобага прызначэння “Сокалы” і будзе змагацца ўжо з фашысцкімі акупантамі, каб вызваліць родную Беларусь ад карычневай чумы. Яму будзе прысвоена званне Героя СССР (1943 г.), а ў мірныя гады Героя Сацыялістычнай працы (1958 г.). Ён будзе кіраваць адным з перадавых калгасаў у БССР “Рассвет”, у роднай вёсцы Мышкавічы на Магілёўшчыне, але гэта будзе потым...(І.А.)

Хачу яшчэ дабавіць, каму ўсё ж такі належала прозвішча-мянушка “Муха-Міхальскі”, якую ў пачатку 30-х гадоў ХХ стагоддзя, будучы камандзірам партызанскага атрада, насіў Кірыла Пракопавіч Арлоўскі.

Адкрываем старонку 60. Хто ж ён такі, Муха-Міхальскі? І чаму такую вялікую ўвагу надавалі яму польскія чыноўнікі, друк? Упершыню пра Муху-Міхальскага Кірыла Арлоўскі пачуў ад Адама Бацечкі. Неяк, яшчэ ў першыя дні знаёмства, той расказаў камандзіру, што ў яго роднай вёсцы Пашкаўцы хаваецца былы камандзір кавалерыйскага ўзвода польскай арміі Іозеф Муха-Міхальскі. Муха не ладзіў са сваім начальствам, адкрыта лаяў Юзефа Пільсудскага. За гэта яго арыштавалі, але, калі везлі ў Баранавіцкую турму, яму ўдалося ўцячы. Уцякач знайшоў прытулак у Пашкаўцах, дзе раней стаяў яго ўзвод і дзе ён ведаў многіх хлопцаў. Адам Бацечка, яго браты Канстанцін і Пётр, браты Васіль, Канстанцін і Вікенцій Кляпко дапамагалі Іозефу хавацца ад паліцыі.

Пачуўшы такі расповед, Кірыла Арлоўскі захацеў сустрэцца з гэтым чалавекам. І такая сустрэча адбылася праз некалькі дзён. У лесе, каля Дзяніскавіч Аршынаў (Арлоўскі) сустракаў Муху-Міхальскага.

Перад Арлоўскім стаяў малады, франтаваты, сярэдняга росту, стройны, з крываватымі “кавалерыйскімі“ нагамі, харунжы. Інтэлігентны твар, з разумнымі, удумлівымі і нейкімі сумнымі вачыма. Яго можна было прыняць за настаўніка, урача, бухгалтара, журналіста, калі б не армейская форма: пілотка, фрэнч і галіфэ зеленаватага колеру, высокія, начышчаныя да бляску хромавыя боты. Узброены ён быў добра: карабін, два наганы, шабля, некалькі гранат. На прапанову пазнаёміцца бліжэй, адказаў:

—Я канчаткова парваў з польскай арміяй і спадзяюся, што вы не лічыце мяне палонным і не збіраецеся ўчыніць мне допыт.

— Я ваш паплечнік па барацьбе, — заявіў Муха-Міхальскі. Паступова ён разгаварыўся.

Іозеф (Юзаф) Антонавіч Муха-Міхальскі, ураджэнец Петрыкаўскага павета, у чыне харунжага служыў камандзірам узвода ва ўланскім кавалерыйскім палку, які размяшчаўся ў мястэчку Ляхавічы і навакольных вёсак. Па характары бунтар і вальналюбец, ён не раз у коле сяброў крытыкаваў урад Польшчы за рэакцыйную палітыку. Фанабэрыстае афіцэрства глядзела на яго, выхадца з беднай сям’і, з пагардаю. Прыдзірлівыя начальнікі даволі часта саджалі на гаўптвахту ўпартага харунжага. Азлоблены Муха-Міхальскі, вярнуўшыся з чарговай гаўптвахты, яшчэ болей лаяў улады і афіцэрства. Нарэшце Муху арыштавалі, яму пагражаў ваенны трыбунал, але ён уцёк з-пад варты. На пытанне: “Чым займацца вырашылі?” — Адказаў: “Буду помсціць уладам, афіцэрам, грабіць багацеяў, памешчыкаў і купцоў”...

Гутарка была доўгая і шчырая і дала свае вынікі. З цягам часу мяцежны польскі афіцэр стаў выдатным дысцыплінаваным партызанам. Імя Мухі-Міхальскага з гэтага часу пачалі ўспамінаць ледзь не ў кожнай справаздачы розных паліцэйскіх начальнікаў і старастаў, яно замільгала на старонках польскага друку.

“З таго часу, нягледзячы на тое, што прозвішча Муха-Міхальскі насіў другі чалавек, яно асацыіравалася з асобай Арлоўскага. Ды і сам Арлоўскі быў не супраць гэтага — баявы азарт, з якім Юзаф граміў палякаў, дужа імпанаваў Кірылу Пракопавічу. Так і застаўся Арлоўскі ў памяці людской Мухам-Міхальскім. Пад гэтым прозвішчам яго і памяталі многія жыхары Ганцаўшчыны і суседніх з ёй раёнаў: Лунінеччыны, Ляхаўшчыны, Піншчыны, Століншчыны, Івацэвіччыны, Целяханшчыны і Лагішаншчыны яшчэ амаль да 90-х гадоў ХХ стагоддзя.

Пазней (сам) Муха-Міхальскі стаў не толькі адважным, смелым байцом атрада К.П. Арлоўскага, але адным з камандзіраў баявых груп, і дзейнічаў пад псеўданімам Ю.А. Шаблоўскі”. (Кніга “Памяць”, Ганцавіцкі раён, Мінск, БЕЛТА, 1999, старонка 112).

І сталася так, што Іозефа Муху-Міхальскага, які ўваходзіў у атрад Аршынава і “працаваў” пад яго кіраўніцтвам, агентура і паліцэйскае начальства, ваяводы і генералы, асаднікі і журналісты лічылі самым галоўным партызанскім атаманам, ставілі яго вышэй за Аршынава-Арлоўскага, Ваўпшасава-Смольскага, Макарэвіча і іншых партызанскіх важакоў. І ”вінаваты” ў гэтым быў сам Арлоўскі, яго палітычная прадбачлівасць. Польскія буржуазныя ўлады, друк паслядоўна і настойліва сцвярджалі, што ў лясах дзейнічаюць рускія і беларускія “бандыты”, і не шкадавалі намаганняў, каб падбіць супраць іх польскае насельніцтва, а Кірыла Арлоўскі, — успамінае яго блізкі сябар і паплечнік Станіслаў Ваўпшасаў, — пачаў распаўсюджваць чуткі пра тое, што ўсе налёты, разгромы паліцэйскіх пастарункаў і іншыя аперацыі, якія праводзіліся Арлоўскім, яго падначаленымі А.М. Рабцэвічам, В.З. Каржом і іншымі, ажыццяўляе са сваім атрадам няўлоўны і смелы былы польскі харунжы ” Муха-Міхальскі.”

Вось так прозвішча былога падафіцэра польскай арміі стала сімвалам барацьбы за справядлівасць у 20-30 гады на тэрыторыях, прылягаючых да тэрыторыі былога Лунінецкага павета і на самой тэрыторыі. Вось чаму ў 60-80 гады яшчэ ўспаміналі жыхары вёсак Ліпск, Малькавічы, Навасёлкі, Велута, Бастынь, Вялікія Чучавічы, Хорастава і другіх вёсак гэтае прозвішча-сімвал “Муха-Міхальскі”.

Гэта ўсяго два маленькія эпізоды з кнігі, прысвечанай барацьбе партызан 20-х гадоў ХХ стагоддзя супраць несправядлівасці сваіх прыгнятальнікаў.

Праз дваццаць год жыхароў вёскі чакала яшчэ большая навала і спусташэнне — Вялікая Айчынная вайна 1941-45 гадоў. А пакуль насельніцтва жыло ў складзе панскай Польшчы.

15 студзеня 2013 года наведаў Бастынскі сельвыканкам, дзе меў магчымасць азнаёміцца з прозвішчамі пагаспадарчых кніг в. Навасёлкі ў 1940; 1946-1948 гадах. Адразу хачу адзначыць, што ў жніўні—верасні 1945 года, пасля падпісання ўрадавага дакумента паміж ПНР і СССР, большая частка этнічных палякаў выехала на сваю гістарычную радзіму — у Польшчу. З в. Навасёлкі, па маіх падліках, такіх было 42 мужчыны і 27 жанчын. Відавочна, гэты лік можа быць большым па той прычыне, што мне невядома, колькі мужчын-палякаў прызыўнога ўзросту былі ў 1944 годзе мабілізаваны на фронт, маю надзею, што ў хуткім часе буду ведаць. У размове з адным ураджэнцам в. Навасёлкі даведаўся, што ўсе выехаўшыя жыхары польскай нацыянальнасці былі паселены ў адной мясцовасці, недалёка ад сусветна вядомага польскага горада Зялёна Гура. І вёсачка нават называецца Нова-Сюль. Вельмі хачу аб ей даведацца, відавочна, яшчэ ёсць жывыя ўраджэнцы Навасёлак нашых, Лунінецкіх. Магчыма, можна было б папрасіць іх напісаць невялікі ўспамін аб жыцці да 1945 года ў Навасёлках. Калі такая магчымасць будзе, матэрыялы будуць таксама размешчаны ў зборніку. З гісторыі ніякіх падзей выкрэсліваць не патрэбна, іх проста трэба ведаць нам і нашым нашчадкам. Як вядома ад людзей і з кнігі “Памяць” Лунінецкага раёна, сярод 17 расстраляных у 1942-43 гадах немцамі жыхароў Навасёлак, было 10 палякаў па нацыянальнасці. Спіс прозвішчаў будзе змешчаны ў зборніку ніжэй. Адзін паляк загінуў на фронце — Вечар-Шчарбовіч Павел Антонавіч, 21.12.1944 года. Яшчэ адзін франтавік не вярнуўся пасля перамогі дамоў, ён застаўся на сваёй гістарычнай радзіме, у Польшчы, гэта Лявер Аляксандр. У яго засталася на Лунінеччыне сям’я: жонка — Лявер (Калодачкіна) Лідзія Рыгораўна і два сыны: Яўген Аляксандравіч і Іван Аляксандравіч. Сям’я Яўгена Аляксандравіча жыве сёння ў Лунінцы, аб гэтым прачытаеце пазней. Іван загінуў у час тэрміновай ваеннай службы ў часцях берагавой артылерыі Балтыйскага флота.