Меліярацыя вакол НавасёлакПачатак меліярацыі (канец ХIХ ст.), перапынак і заканчэнне ў 60-80 гадах ХХ стагоддзя.Жылі буслы тут скопам — Балот гаспадары — Будзілі ранкі клёкатам, Віталі вечары...Сцяпан Нефідовіч. Любань Лунінецкі раён 1999 год. Палессе з даўніх часоў лічылася краем непраходных балот і лясоў. Большая частка сучаснай тэрыторыі раёна была занята балотамі. Мясцовыя жыхары спрадвеку змагаліся з дрыгвой, адваёўваючы невялікія кавалкі для земляробства. Самай вялікай справай палешукоў было асушэнне балот. Капалі канавы ўручную, але гэтыя спробы не заўсёды супрацьстаялі наступствам балот. І толькі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя на Палессі пачаліся значныя работы па асушэнню балот. Відавочна, гэта было звязана, галоўным чынам, з пабудовай у 1884 годзе праз тэрыторыю Палесся чыгункі.“Барацьба чалавека з прыродай пачалася на Палессі ў 1873 годзе. Гэтым барацьбітом з’явіўся вучоны геадэзіст, ураджэнец Віленскай губерніі генерал-маёр І.І. Жылінскі. Ініцыятыва належала яму. Ён першы склаў план асушэння Пінскіх (Палескіх) балот яшчэ ў 1874 годзе і доўжылася яно аж да 1903 года”. А.К. Кіркор. VII раздзел, ІІІ том выдання “Жывапісная Расія”. * * * У гэтыя часы на Лунінеччыне буйнымі землеўладальнікамі з’яўляліся князі Друцкія-Любецкія, К.Х. Шчытт. З 1894 па 1897 год у балотах вакол в. Велута (валоданні Шчытта) было пракладзена 100 вёрст каналаў. Да 1910 года было пракладзена яшчэ 60 вёрст. Самымі вялікімі землеўладальнікамі ў 1906—1907 гг. былі генерал А.П. Струкаў з 2200 дзесяцінамі, з якіх палова балоты і мокрыя лясы. Тут жа, у Велуце, знаходзіўся маёнтак генерала. Акрамя гэтага, ў в. Велута мелася ўладанне А.Л. Беранговіча — 18169 дзесяцін (з іх 14000 дзесяцін мокрых лясоў і балот). У 1911 годзе ў Мінску пад кіраўніцтвам губернатара Я.Е. Эрдзелі была праведзена нарада па пытанню ўзнаўлення меліярацыйных работ на Палессі і падтрымцы існуючых збудаванняў. Ад Пінскага павета прысутнічалі павятовы прадвадзіцель дваранства І.А. Папа-Афамасонула і лунінецкі памешчык К.Х. Шчытт, які яшчэ ў 1903 годзе з нагоды 50-годдзя службовай дзейнасці генерала-лейтэнанта І.І. Жылінскага пісаў аб неабходнасці папярэдняга рэгулявання рэк Палесся. Гідразбудаванні на рэках — вадзяныя млыны з запрудамі — падтапліваюць сотні дзесяцін суседніх балот і робяць немагчымым іх асушэнне. Таму неабходна пракладваць новыя асушальныя каналы і аднавіць комплексную меліярацыю. Нязручнасці з-за балот адчувалі і сяляне. Меліярацыйныя работы з пачатку ХХ стагоддзя да 1915 года праводзіліся пастаянна, але з-за малых аб’ёмаў не давалі значных вынікаў. Таму абодва землеўладальнікі былі гатовы ўкласці свае грошы ў меліярацыйныя работы, аднак лічылі, што ўрад павінен дапамагчы ў будаўніцтве каналаў і што балотныя рэкі Цна і Смердзь павінны быць урэгуляваны. Па землях Беранговіча ў Велуце было пракладзена 20 вёрст каналаў, злучыўшы іх з каналамі маёнтка Малькавічы графа Патоцкага, а яшчэ 10 вёрст збіраліся пракласці па землях маёнтка Бастынь. Выкананне работ дазволіла б таксама асушыць землі сялян вёсак Велута, Ліпск, Езерніца, маёнтка Лахва Сялянскага банка і маёнтка Велута ўладальніка Давыдава, дзе ўжо раней было пракладзена каля 60 вёрст каналаў і асушаны 4000 дзесяцін з затратай на 12 тысяч рублёў. Для асушэння Грычынскага балота меркавалася ачысціць Грычынскі канал даўжынёю 15 вёрст, упусціць у р. Смердзь Баравікоўскі канал. У маёнтку Навасёлкі і Баравікі (уладальнік Беранговіч) і Вулька ІІ (уладальнік Давыдаў) пабудаваць 42 вярсты каналаў. Гэта былі грандыёзныя па тым часе планы. Некаторыя з іх пачалі выконвацца ў 1912—14 гг., але пачалася першая Сусветная вайна, былі разбураны нават многія, з раней існуючых гідратэхнічных збудаванняў. Планы глабальнага асушэння былі здзейснены амаль праз 50 год. (Аб гэтым перыядзе пазней І.А.). З 1915 па 1927 гады меліярацыйныя работы не праводзіліся. У гэты час толькі рамантаваліся існуючыя каналы. Але ў канцы 20-х гадоў на тэрыторыю раёна, на якой ужо ўладарыла Польшча, прыязджала спецыяльная камісія Лігі Нацый, якая хацела на месцы азнаёміцца з вядомым у Еўропе, Грычынскім балотам. Вялася гаворка аб асушэнні 15000 км2 балот. Аднак гаворка так і засталася гаворкай. Адзінае, што было зроблена за “польскім часам”, гэта завершана падрыхтоўка тапаграфічнай карты балот Палесся. З 1930 па 1939 гады ніякіх асушальных работ не праводзілася. Што яшчэ больш-менш значнага было зроблена пры Польшчы, дык гэта шырокая сістэма метэастанцый і гідралагічных пастоў, на тэрыторыі раёна іх было 20. У 1941 годзе пачалася Вялікая Айчынная вайна, якая зноў адкінула амаль на 25 год асушэнне балот Палесся. Толькі ў канцы 60-х гадоў на тэрыторыі раёна пачалася шырокамаштабная меліярацыя, якая працягвалася да канца 80-х. Больш чым за 20 год актыўнай меліярацыі на тэрыторыі нашага раёна было меліяравана 78200 тысяч гектараў балот; балот на сённяшні дзень у нас засталося 40000 гектараў. З пачатку 70-х і да сённяшняга часу ў раёне дзейнічае некалькі буйнейшых меліяраваных сістэм: “Валчанская”, “Ракітнянская”, “Хваецкае”, Чарабасава І, ІІ, ІІІ”, “Сваха”. Меліярацыя ў Велуце ўзнавілася ў 1963 годзе і працягвалася аж да 1977 года. з 1978 па 1982 гг. у Навасёлках было пабудавана вадасховішча “Велута”. Вось невялікі артыкул з энцыклапедыі. “Са школьнага падручніка вядома, што рэкі і азёры ў вельмі нязначнай ступені выкарыстоўваюцца чалавекам у яго гаспадарчай дзейнасці. А для рэгулявання ўвільгатнення палёў, захавання воднага балансу ствараюцца штучныя басейны вады — вадасховішчы. У нашым раёне яны ёсць таксама. Адно з самых буйных вадасховішчаў — “Велута”, плошча якога 760,2 га; максімальны аб’ём вады можа быць роўны 30,9 млн. м3. Максімальная шырыня — 3,3 км, глыбіня да 5 метраў. Плошча вадазбора 97 квадратных кіламетраў. Вадазбор раўнінны (плошча ворных зямель 10 %, пад лесам 66 %, за балочанасць складае 20 %). Сярэдні гадавы сток 19 мільёнаў кубаметраў. Напаўняецца вадой са Стрыжэўскага канала і рэчкі Цна пры дапамозе насоснай станцыі. Склад збудавання гідравузла: засцерагальная дамба, (даўжыня — 10350 метраў, максімальная вышыня — 4,7 метра), шлюз-рэгулятар, падводзячыя каналы, вадавыпуск, лоўчыя каналы. Абслугоўваецца УП “Лунінецкае ПМК”. Тып вадасховішча — наліўны. Ёсць помпавая станцыя. Вадасховішча выкарыстоўваецца ў сельскагаспадарчых мэтах, для ўвільгатнення 20,5 тысячы гектараў зямель Валчанскай сістэмы, а таксама для накаплення паводкавай вады ракі Цна, для папярэджвання затаплення сельскагаспадарчых угоддзяў. Вось ужо на працягу 35 год вадасховішча “Велута” добрасумленна выконвае сваю пачэсную місію. Акрамя таго, яно з’яўляецца як бы адным з “філіялаў” рыбгаса “Лахва”. Размешчана вадасховішча ў вельмі прыгожым месцы непадалёку ад в. Навасёлкі. Амаль на працягу ўсяго года сюды прыязджаюць аматары-рыбаловы і не толькі з Лунінеччыны, а нават з Пінскага, Салігорскага, Ганцавіцкага і іншых раёнаў, а таксама і з Мінска. Летам вадасховішча “Велута” — месца прыемнага адпачынку, купання, плавання. Вакол гэтага штучнага возера растуць разнастайныя ягады і грыбы. На вадзе плаваюць сотні дзікіх качак. Часта можна тут убачыць белых лебядзей і белых чапель. У прылягаючых лясах жывуць дзікі, лісіцы, зайцы, касулі, куніцы, ёсць гнездаванні рэдкіх птушак: чорнага бусла, арла-змееяда і арлана-белахвоста. Ранняй вясной чуваць такаванне цецерукоў, зрэдку можна ўбачыць глушца, часамі вадасховішча наведваюць лебедзі, пералётныя гусі і жураўлі. Цікава тут пабываць з фотаапаратам, заўсёды можна знайсці непаўторны кадр. У супрацоўнікаў экалагічнай інспекцыі, а таксама таварыства “Ахова прыроды” ёсць планы на недалёкае будучае — стварыць вакол вадасховішча заказнік па ахове нізінных балот, якія не паспелі асушыць у час “шырокамаштабнага” асушэння ў 60-80 гады мінулага стагоддзя, расліннага і жывёльнага свету. Гэты малакрануты куточак прыроды нашага раёна павінен астацца ў спадчыну нашчадкам. Змяніўся час, дзяржава, няма больш калгаса “Зара”, ёсць СВК “Велута”. Сёння існуюць праблемы з вадасховішчам, але, я мяркую, што яны вырашальныя. Вялуцкім участкам Валчанскай сістэмы доўгія гады кіраваў Павел Фёдаравіч Максімчык, нажаль, цяпер ужо нябожчык. Гэта быў граматны спецыяліст. Даглядаліся ўсе гідратэхнічныя збудаванні, абкапваліся канавы, рамантаваліся масты і шлюзы. У нашы дні ёсць праблемы з утрыманнем усёй гаспадаркі асушальнай сістэмы, у тым ліку, і на асушаных землях СВК “Велута”. Мінула амаль 30 гадоў з заканчэння апошніх меліярацыйных работ. Ураджайнасць пачала падаць. З’яўляюцца пылавыя буры, пераносіцца і выветрываецца ўрадлівая глеба. Пачаліся частыя засухі, і не толькі ў Беларусі. Глеба лішылася вялікай колькасці вады. На балотах пачалі ўзнікаць часта пажары. Не ў лепшы бок пачынае змяняцца клімат: у снежні могуць пайсці дажджы, ужо некалькі гадоў запар, у маі і чэрвені бываюць замаразкі. Паменшылася колькасць птушак, жывёл, загінулі многія віды раслін, найбольш адчувальных да пагаршэння навакольнага асяроддзя. І ўжо сёння Экалагічны фонд ААН намераны перавесці ў Беларусь мільёны долараў, мэтай прызначэння якіх будуць частковае забалочванне раней асушаных балот Палесся, у тым ліку нашага Лунінецкага раёна. Па колькасці асушаных балот мы займаем адно з першых месц у Беларусі. Не патрэбна было асушаць такую плошчу балот (78200 га ў цэлым па раёне), гэта амаль 76 % плошчаў зямель агракомплексу раёна. Сапраўды, чалавек вучыцца на памылках. Але ўсяго добрага таксама патрэбна ў меру. Асушэнне балот Палесся паўплывала на ўтварэнне дажджавых воблакаў, паменшыла колькасць ападкаў нават у суседняй Украіне. Ёсць і яшчэ адзін аргумент на карысць “амністыі” балотам — “Балотныя расліны актыўна выдзяляюць кісларод, паглынаюць вуглякіслы газ, пераўтвараючы яго ў торф. Як лічыць акадэмік Н. Бамбалаў, балотны гектар амаль у 10 разоў больш інтэнсіўна ачышчае паветра, чым 1 га лесу. Не выпадкова спецыялісты назвалі Палессе “лёгкімі” Еўропы”. Як было напісана ў “Народнай газеце” ад 7 снежня 2002 года, у Беларусі плануецца вярнуць “балотам” 11000 гектараў асушаных раней зямель. Значыць, і нам, і Еўропе стане жыць і дыхаць лягчэй? Вось як бывае ў жыцці. У кароткім нарысе мы з вамі даведаліся, як пачыналася меліярацыя ў канцы XIX стагоддзя, як закончылася ў канцы XX стагоддзя і што ў пачатку XXI стагоддзя мы будзем сведкамі адваротнага працэсу — забалочвання, хаця ўжо з трыбун некаторых выступоўцаў чуецца зноў кліч да новай асушкі тых ужо няшматлікіх балотаў... Няўжо пылавыя тарфяныя буры над асушанымі балотамі Палесся Чалавека так нічому і не навучылі?.. Прырода сябе умее абараніць, толькі яна дае яшчэ адзін, магчыма апошні, шанец Чалавеку адумацца... Хочацца верыць, што чалавек усё такі яшчэ homo sapiens! Як тут не прыпомніць словы: Ты — Чалавек, ты цар прыроды, так! Усё жывое пад тваёй уладай, З прыродаю ідзі заўсёды ў крок, Адносся да яе ты са спагадай. Царом быць перастань, душою расцвіці, І не жадай сабе свабоды. Валодаеш ты наваколлем, так! Але ці зможаш стаць вянцом прыроды?..(Пераклад з расейскай мовы Чумак Таццяны, 1999 год. Лунінец) Асушэнне балот вакол Велуты, Навасёлак, канечне ж, дало свой плён. Адзінае, што кожны з нас павінен ведаць: усё, што даравала нам прырода: паветра, ваду, глебу, лес, балота, расліны і жывёлы, — мы павінны зберагчы для будучых пакаленняў. Гэта павінна быць запаветам кожнаму з нас. Будзе існаваць прырода — будзе жыць чалавек. А іншага чалавецтву не дадзена! Беражыце і абараняйце Прыроду. Чалавек на зямлі — імгненне, а Прырода — вечна!Народны паэт Беларусі Якуб Колас, які жыў і працаваў кароткі час у Лунінцы (з лістапада 1911 па красавік 1912 года), напісаў аднойчы: Жыві ж, мой край! Няхай надзея Гарыць у сэрцы і мацнее, Што хоць не мы, дык нашы дзеці Убачаць цэльным цябе ў свеце! Хочацца верыць, што так яно і будзе з нашай непаўторнай роднаю прыродай!.. |