Дадатак да альманаха “Лунінецкая муза”

Вера Зарэцкая

Зарунела літаратурная ніва...

«Літаратурныя старонкі» гісторыі Лунінеччыны

Вадзім Жылко (1967)

Пятро Васючэнка, пазнаёміўшыся з нашым земляком, яго дзейнасцю і творамі, адзначыў: “Вадзім Жылко з’яўляецца таленавітым арганізатарам літаратуры. У сябе на Лунінеччыне ён здзяйсніў сапраўдны выдавецкі выбух, падрыхтаваўшы серыю кніг мясцовых літаратараў. Дзякуючы яго намаганням, мясцовая незалежная газета дасягнула значнага накладу. У літаратурнай і журналісцкай творчасці В. Жылко прысутнічае трывалая грамадзянская пазіцыя”. Дадамо, што ён шчыры патрыёт свайго краю, добра яго ведае, прапагандуе набыткі і вельмі зацікаўлены, каб тыя, хто піша пра Лунінеччыну, не абышлі ўвагай творчых яго землякоў. Усё сваё жыццё Вадзім Жылко звязаў з родным краем. У аўтабіяграфіі чытаем: “Нарадзіўся 31 кастрычніка 1967 года ў горадзе Лунінец Брэсцкай вобласці, дзе жыву і дагэтуль. Продкі пераехалі сюды ў час Першай сусветнай вайны з Гарадзеншчыны, дзе прозвішча наша вымаўлялася з націскам на першым складзе. На Палессі, недалёка ад Украіны, яно паступова стала вымаўляцца ўжо з націскам на другім складзе.

У Лунінцы скончыў у 1984 годзе сярэднюю школу № 1 і ў тым жа годзе паступіў на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Вучыўся завочна, скончыў БДУ ў 1990 годзе, атрымаўшы спецыяльнасць “гісторык, выкладчык гісторыі і грамадазнаўства”. Адначасова працаваў тэхнікам ў аддзеле архітэктуры Лунінецкага райвыканкама (1984 – 1991), потым — кіраўніком гуртка ў Доме дзіцяча-юнацкай творчасці (1991 – 1993), навуковым супрацоўнікам Лунінецкага раённага краязнаўчага музея (1993 – 2006). Выступаў на рэспубліканскіх канферэнцыях па гісторыі, краязнаўству, друкаваўся ў зборніках па іх выніках. Паралельна працаваў у раённай газеце “Лунінецкія навіны” (1994 – 1999), а з 1999 года — пазаштатным аглядальнікам недзяржаўнага лунінецкага штотыднёвіка “Информ-прогулка”. З пачатку 2007 года працую ў штаце гэтай газеты”.

Вадзім Жылко пачаў друкавацца ў 1984 годзе. Свае матэрыялы змяшчаў у раённым, абласным, рэспубліканскім друку. У 1998 г. стаў сябрам Беларускай асацыяцыі журналістаў, а ў 2007 — Саюза беларускіх пісьменнікаў. Творца з Лунінца вызначаецца выключнай актыўнасцю і працавітасцю. Ён мае, па яго словах, каля 5000 публікацый. Вадзім Жылко — чалавек шырокіх творчых зацікаўленняў: паэт і празаік, гумарыст і сатырык, краязнаўца і гісторык, крытык і рэдактар. Да ўсяго гэтага ён яшчэ і шахматыст, аўтар шахматных кампазіцый, задач і эцюдаў, рэдактар адзінага ў Беларусі шахматнага бюлетэня “Альбіно” і дадатку да яго — “Альбіно-плюс”, у якім друкуюцца і матэрыялы пра шахматы як з’яву культуры, пра шахматы ў беларускай і сусветнай літаратуры.

Пісьменнік з Лунінца заклапочаны, каб моладзь яго краю не расла бязроднымі іванамі, а любіла сваю малую радзіму, ведала яе гісторыю, мову, прыроду, культуру і літаратуру, каб духоўныя сілы юнакоў і дзяўчат мелі стваральны пачатак. Разам з настаўніцай Нінай Трэгубавай распрацаваў школьны спецкурс “Лунінеччыназнаўства”. У розныя выданні, укладальнікам якіх з’яўляецца Вадзім Жылко, уключаюцца вершы вучняў са школ раёна, чым і заахвочваюцца да творчай працы. Пісьменнік падтрымлівае ініцыятыву адкрыцця школьных музеяў у раёне, у тым ліку і літаратурных. Вадзім Жылко не шкадуе свайго часу, каб падрыхтаваць працу свайго калегі ў друк, напісаць да яго кніжачкі прадмову, каб сказаць добрае слова ва ўступе да “Краязнаўчага сшытка”.

Раннія паэтычныя творы Вадзіма Жылко сабраны ў зборнічку “Ассорти” (Лунінец, 1995), якая выйшла як для пачаткоўца вялікім накладам — 2000 асобнікаў. Зборнік складаецца з дзвюх частак. У першую ўвайшлі лірычныя вершы, другую склалі пародыі. Для іх аўтар узяў парадаксальныя радкі з твораў вядомых рускіх пісьменнікаў: Р. Казаковай, Л. Васільевай, Г. Сямёнава і інш. У вершах малады творца ўзнімае традыцыйныя для юнацтва праблемы кахання, знаходзіць свае фарбы для раскрыцця ўзаемаадносінаў Яе і Яго:

Мне взгляд свой — любви и согласия —
С улыбкой немного застенчивой,
Дарила любимая женщина —
И я задыхался от счастья,
От радостной, сладостной муки,
Ещё не испитой до донышка…
За день до последней разлуки.
У першым зборніку пісьменніка няма фактычна вершаў грамадзянскай тэматыкі, хоць подых бурлівага часу пачатку 1990-х гг. выявіўся ў паэтычных радках “Всё в тисках одичавшего сумерка…», «Баллада о сапёрной лопатке» і іншых.

У 2006 г. выйшаў другі зборнік Вадзіма Жылко “Оборванная нить”, які засведчыў творчы рост аўтара, што заўважыла Ніна Мацяш. У зборнік увайшлі вершы і проза пісьменніка з Лунінца. Знаная паэтка адзначае: “Вонкавы спакой аповяду пра драматычныя, а нават і трагічныя калізіі сучаснага жыцця пры дакладным псіхалагізме паводзінаў дзейных асобаў у добра арганізаваным сюжэце ствараюць прыемнае ўражанне аўтарскай удачы ў прозе. Гэтаксама тэхнічна дакладныя, моўна ахайныя, духу, жывой душы поўныя і вершы В. Жылко. Ненаяўнасць багатай вобразнасці кампенсуецца несумненнай шчырасцю натуральнай аўтарскай інтанацыі ў выяўленні думак і пачуццяў, суадпаведнасцю адчуванага і прамаўлянага, ашчаднасцю ў словах і пазарадковай напругай”. Свае высновы паэтка з Белаазёрска ілюструе вершам “На победу — слетятся стаями”, у якім асабліва выразна выявілася гуманістычная пазіцыя аўтара зборніка “Оборванная нить”.

У сваіх публіцыстычных творах, якія змяшчаюцца ў перыядычным друку, пісьменнік уздымае надзённыя праблемы, раскрывае іх аргументавана і эмацыйна-экспрэсійна, чым і прываблівае чытача. Поле зацікаўленняў Вадзіма Жылко як краязнаўцы шырокае. Мы спынімся толькі на яго дзейнасці па вывучэнні літаратуры раёна. У дадатку да брашуры “Памятники земли Лунинецкой” (Лунінец, 2001) “Литературная история краю” яе аўтар надзвычай скурпулёзна назваў імёны сваіх землякоў, хто заявіў пра сябе ў друку паэзіяй ці прозай, парупіўся пра тых, хто пакінуў радзіму і жыве ў блізкім ці далёкім замежжы. Вадзім Жылко не абышоў сваёй увагай тых пісьменнікаў, каго лёс так ці іначай звязаў з Лунінецкім раёнам, згадаў творы розных жанраў, у якіх адлюстраваны прырода, гісторыя, фальклор, дойлідства краю.

Пяру гэтага пісьменніка з Лунінца належыць таксама нарыс “Размова з прысутнымі. Уладзіслаў Нядзведскі: старонкі жыцця і творчасці” (Лунінец, 2001), у якой чытач знойдзе новыя звесткі пра жыццё аўтара аповесці “Хлопцы з другога корпуса”, пра тое акружэнне, якое спрыяла развіццю літаратурных здольнасцей падлетка, калі ён быў выхаванцам Мікашэвіцкага дзіцячага дома. Аўтар працы шырока цытуе дзённік Уладзіслава Нядзведскага, які не знаходзіўся да гэтага ў навуковым ужытку. Вадзім Жылко — адзін з сааўтараў кніг “Памяць. Лунінецкі раён” (Мн., 1995), “Лунинетчина — край мой родной” (Мн, 2004), “Родная мая Лунінеччына” (Мн., 2005).

Разам з калегамі-аднадумцамі па творчым клубе “Муза” ў 1996 – 1999 гадах выдаў 9 альманахаў з творамі лунінецкіх аўтараў у серыі “Галасы Лунінеччыны”, з 2000 года — 28 альманахаў ў серыі “Лунінецкая муза” і значную колькасць дадаткаў да іх, у 2001 – 2008 гадах — 8 нумароў краязнаўчага альманаха “Лунінецкі сшытак” і 2 спецвыпускі яго. У 1998 годзе быў укладальнікам анталогіі вершаў лунінецкіх паэтаў “Азбука поэзии”.

На верх старонкі