Творчы клуб “Лунінецкая муза”
Праект Вадзіма Жылко

Лунінецкі сшытак № 8

З даследаванняў лунінецкіх краязнаўцаў

Грамадска-палітычнае жыццё Кажан-Гарадка ў часы польскай улады

Васіль Туміловіч, гісторык, краязнаўца

Цікавую старонку гісторыі Кажан-Гарадка ўяўляюць грамадскія арганізацыі, што разгарнулі сваю дзейнасць у 1921 – 39 гадах. Некаторыя з іх стварала сама дзяржава, бо гэта адпавядала яе інтарэсам. Іншыя былі створаны самой грамадскасцю. Узнікалі апошнія на аснове супольных эканамічных інтарэсаў або ставілі перад сабою мэты асветніцтва, будоўлі, пашырэння прафесійных ведаў і г.д.

У 1933 годзе ў Кажан-Гарадку дзейнічаў Bank Ludowy Spoldzielczy (Банк народны кааператыўны). Існавала ў мястэчку і «Каса Стэфчыка», якая ў 1936 годзе мела 547 кліентаў. Што гэта за ўстанова і чыім імем названая?

Францішак Стэфчык (1861 – 1924) — польскі грамадскі дзеяч. Працаваў у школе земляробства пад Кракавам. З'яўляецца заснавальнікам ашчадных кас у Польшчы (па прыкладу нямецкіх кас Фрыдрыха Райфазэнда). Сваю дзейнасць накіроўваў на заахвочванне вяскоўцаў у справах вядзення сельскай гаспадаркі шляхам фінансавання праз ашчадныя касы. У 1920 – 24 гадах займаў шэраг высокіх пасад: генеральны дырэктар Цэнтральнай касы земляробчых суполак, генеральны дырэктар Дзяржаўнага банка земляробства, прэзідэнт Галоўнага зямельнага праўлення, прэзідэнт Назіральнай рады Дзяржаўнага банка земляробства і г.д. Адзначаны адной з вышэйшых узнагарод Польшчы — Камандорскім крыжам з надпісам «Polonia Restituta» (Адроджаная Польшча).

1924 год — час, калі на Лунінеччыне разгарнула сваю актыўнасць LOPP (Ліга оброны поветжа Паньства — Ліга супрацьпаветранай абароны краіны). Яна праводзіла выхаваўчую працу сярод моладзі, ладзіла акцыі па збору грошай на авіяцыю. Напрыклад, актывісты LOPP ў грамадскіх месцах прышпільвалі на грудзі прахожым значкі ў выглядзе самалётаў. Прахожы павінен быў плаціць 50 грошаў за вялікі значок альбо 20 — за малы. Кажан-Гарадоцкі аддзел налічваў 12 чалавек. Такі ўнёсак — вельмі слабы для развіцця авіяцыі, бо 20 грошаў — гэта роўна столькі, колькі каштавала …ваяводская газета, аб’ёмам у 2 друкаваныя аркушы. Так што зборы ад продажу нешматлікіх значкоў былі малымі. У касы LОРР паступалі грошы і за продаж марак з сімволікай гэтай арганізацыі (адна з такіх марак захавалася ў маім зборы — В.Т.). Дзейнасць LОРР у мястэчку зафіксавана ў 1935 годзе.

Быў у Кажан-Гарадку і польскі аналаг савецкага камсамола — так званыя «шчэльцы», або «гурток сельскай моладзі», заснаваны 1 ліпеня 1933 года. Гэтую прадзяржаўную арганізацыю ўзначальваў Павел Шымко. «Шчэльцы» арганізавана ўдзельнічалі ва ўсіх масавых мерапрыемствах у падтрымку ўлад, тлумачылі ўрадавую палітыку. Улады давяралі «шчэльцам», ім лягчэй было ўладкавацца на працу. Апошняя акалічнасць была рашаючай для маладога чалавека, каб параўнальна лёгка заняць прыстойнае месца ў грамадстве.

Важная дэталь: гарадскія і сельскія гурткі былі незалежнымі адна ад другой структурамі і нават па-рознаму называліся. Гарадская моладзь лічыла сябе па праву “шчэльцамі”, а гурткі сельскай моладзі мелі афіцыйную назву (першапачаткова) “дружыны Барташа”. Хто ж гэты чалавек, на якога прызывалі моладзь раўняцца? Барташ Главацкі (сапраўднае імя Войцэх Барташ) — касінер Касцюшкі, з сялян в. Жэндовіцы Кракаўскага ваяводства. Вызначыўся ў Рацлавіцкай бітве, здабыўшы плацдарм. Загінуў пад Шчэкацінамі (1794). У адроджанай Польшчы яго імем названы гурткі сельскай моладзі — фактычна ваенізаваныя арганізацыі. Партрэт В. Главацкага можна бачыць на банкноце ў 5 польскіх марак эмісіі 17 мая 1919 года. Нягледзячы на тое, што “гарадская моладзь” і вясковыя “дружыны Барташа” яшчэ ў 1910 – 12 гадах зліліся ў “стралецкі саюз” (звёнзэк стрэлецкі), які стаў падмуркам будучага Войска Польскага, частка моладзі не пайшла на зліццё і захавала пярвічныя ячэйкі як гарадской, так і вясковай моладзі у якасці незалежных ад армейскіх структур.

Цікавая старонка вясковай гісторыі — дзейнасць Кажан-Гарадоцкага сельскагаспадарчага гуртка «Згода». Дзейнасць «Згоды» адзначана ў 1935 годзе. Старшынёю быў Пётр Яцына, 1895 г.н., сябар BBWR (што гэта такое, будзе патлумачана ніжэй) і кіраўнік паўшэхнай школы ў Кажан-Гарадку (пры Польшчы школу ўзначальваў не дырэктар, а «пан кіроўнік»). Віцэ-прэзідэнт «Згоды» — Уладзімір Генрыкавіч Бабінскі, 1906 г.н., арандатар маёнтка ў Кажан-Гарадку, сябра BBWR. У дакументах значыўся як сярэднезажытачны.

Меў гурток «Згода» свайго сакратара і казначэя — ім быў 38-гадовы Сямён Рыгоравіч Шкляр, селянін, жыў на хутары ля Кажан-Гарадка, сімпатык (прыхільнік) BBWR. Віцэ-старшынёю быў і Павел Іванавіч Каратыш, 30 гадоў, сярэднезажытачны селянін з Кажан-Гарадка, таксама сімпатык BBWR. На 1 ліпеня 1938 года гурток налічваў 26 сяброў.

Кажан-Гарадоцкая «Згода» пераймала і прапагандавала перадавы вопыт гаспадарання на зямлі, ладзіла выставы. Адзін з сяброў «Згоды» — Юліян Пашня — неаднаразова атрымліваў пісьмовыя запрашэнні «на поседзэне» ў Лунінец па абмену вопытам гаспадарання.

На тэрыторыі Кажан-Гарадоцкай гміны дзейнічала яшчэ адно сельгаставарыства — «Гурток земляробаў Любажэрдзі». Гурток меў круглую пячатку, сваю бібліятэку. «Любожэдске кулко рольнічэ» ахвотна абменьвалася са «Згодаю» літаратураю па апошніх дасягненнях сельскагаспадарчай навукі — прымяненню хімічных угнаенняў, выкарыстанню хімічных прэпаратаў для барацьбы са шкоднікамі раслін і г.д.

Да 1935 года сталі вядомыя ў Кажан-Гарадку новыя яўрэйскія арганізацыі — да чатырох існаваўшых раней («Тарбут», «Грамадства апекі над яўрэйскімі сем`ямі на Палессі», «Гемулус Хэсэд», «Саюз яўрэйскіх рамеснікаў») далучыліся яшчэ дзве: аддзел «Грамадства апекі над яўрэйскімі сіратамі» (32 сябры) і аддзел «Hechaluc Pioner» (20 сяброў).

Апошняя арганізацыя — «Гэхалуц Піонэр» — сіянісцкая, што нямала турбавала паліцэйскія ўлады. Кажан-Гарадок, такім чынам, меў 6 яўрэйскіх грамадскіх арганізацый!

Яшчэ адна мясцовая суполка — «Грамадства падтрымкі будаўніцтва грамадою паўшэхнай школы» — налічвала 10 сябраў (1935 год). Згодна з дакументамі, дзейнічала з 1921 года. Карысталася бібліятэкаю (школьнаю?), якая налічвала на 17 лістапада 1933 года 101 том на польскай мове.

Кажан-гарадоцкія настаўнікі ўваходзілі ў грамадскую арганізацыю “Звёнзэк научыцельства польскего” (Саюз польскіх настаўнікаў). У паліцэйскіх дакументах захавалася справа аб дзейнасці гэтай арганізацыі на працягу 9 гадоў (1926 – 35).

Імя і прозвішча кіраўніка школы згадана вышэй. А настаўнікам у 1933 годзе быў Уладзіслаў Мікусінскі.

Яўрэі мелі свае, асобныя школы. Мясцовыя старажылы кажуць, што іх было тры, прылічваючы да школ, відаць, і сінагогу.

З палітычных рухаў і партый найбольшую папулярнасць мела ў Кажан-Гарадку КПЗБ (Камуністычная партыя Заходняй Беларусі). Неверагодна, але факт: самую шматлюдную грамадскую арганізацыю вёскі — «Саюз яўрэйскіх рамеснікаў», што налічваў аж 400 чалавек, — паліцэйскія ўлады бачылі як саюз, «авалоданы камуністамі на 100%».

Згодна з дадзенымі архіву польскай паліцыі, у Кажан-Гарадку ў другой палове 1932 года ліквідавана камуністычная ячэйка. Арыштавана 7 чалавек (5 адпраўлены ў турму, 2 пакінуты пад наглядам паліцыі).

Польская сакрэтная служба ўстанавіла, што ў Лунінцы, Кажан-Гарадку, Лахве, Мікашэвічах і Леніне «з 1934 года існуюць ячэйкі КПЗБ». Выходзіць, што праз два гады пасля ліквідацыі суполка ў Кажан-Гарадку была ўжо адноўлена!

Паліцыі стала вядома прозвішча аднаго з актывістаў камуністычнага руху на Лунінеччыне: гэта Янкель Марголін, сын Мордуха, нар. 20.09.1907 г. у в.Ленін, жыў у Кажан-Гарадку. Быў інструктарам ячэйкі КПЗБ. Вядомы як член райкама КПЗБ у Лахве ў 1936 годзе. А перад гэтым — член райкама КПЗБ у Лунінцы, выконваў функцыі інспектара ячэйкі ў Кажан-Гарадку. У 1932 годзе быў арыштаваны.

Наяўнасць камуністычных настрояў бачылі паліцэйскія ўлады і ў сіянісцкім руху. Як сведчыць архіў, «у Кажан-Гарадку ... Шомэр Гацаір увёў у «Гэхалуц Піонэр» членаў Кампартыі і такім чынам авалодаў «Гэхалуц».

31 кастрычніка 1923 года ў паліцыю паступіў данос, што «намеснік войта ў Кажан-Гарадку Вайцяхоўскі і намеснік сакратара Шкляр і яўрэй Менахем Дрэбскі падазраюцца ў беларускай дзейнасці».

Невядома, ці была ў гэтых людзей якая сувязь з сакратарыятам Беларускага дэпутацкага клуба, які адкрыўся ў 1923 годзе ў Лунінцы па вуліцы Банкавай, 3 (узначальваў сакратарыят Сяргей Кананчук, «варожы да Польшчы»). Толькі наўрад ці «падазраваныя ў беларускай дзейнасці» жыхары Кажан-Гарадка ўяўлялі небяспеку для польскай дзяржавы; куды больш небяспечным было наступнае здарэнне:

«3 верасня 1923 года быў зроблены выстрал у салдата, які стаяў у каравуле на р. Цна. Пасля стральбы страляўшы ўцёк, згубіўшы шапку. Высветлілася, што гэта былі Апанас Лазаравіч Грыневіч, жыхар в. Дрэбск гміны Кажан-Гарадок, і яго брат Анатоль, якія хаваюцца. Высветлілася, што ў гэтай вёсцы бальшавіцкую агітацыю вядуць Баброўнік Герасім Васільевіч і Арашкевіч Фёдар Астапавіч. Абое маюць зброю і амуніцыю і стварылі атрад узброеных людзей у Дрэбску ў колькасці 15 чалавек».

Акрамя КПЗБ, значны уплыў на мясцовае насельніцтва меў Камуністычны саюз моладзі, фактычна моладзевая арганізацыя гэтай жа партыі. Адным з актывістаў камсамола быў Рыгор Шуляк, сын мясцовага хутараніна (чый хутар месціўся на Загробічаве). Рыгор загітаваў двух падлеткаў пайсці ў СССР па лепшае жыццё, што тыя і зрабілі. Бацька аднаго з хлапчукоў працаваў паштальёнам і добра ведаў адрас, на які трэба звярнуцца, каб вярнуць уцёкшага сына. Па дыпламатычных каналах аператыўна звярнуліся да ўрада СССР, і «дзіця, якое ўцякло, бо дурное», савецкі бок вярнуў бацькам. Лёс другога ўцекача застаўся невядомым.

Звернем увагу на абрэвіятуру BBWR. Гэта «Блёк бэзпартыйны вспулпрацы з Жондэм» (беспартыйны блок супрацоўніцтва з урадам). Арганізацыя вельмі масавая, у шэрагах якой быў і кажан-гарадоцкі памешчык, і яго ўпраўляючы, і нямала мясцовай інтэлігенцыі. Блок падтрымлівалі і сяляне.

З палітычных лідэраў найбольшай вядомасцю карыстаўся ў вёсцы, канешне ж, заснавальнік адроджанай Польшчы Юзаф Пілсудскі. Сяляне верылі, што палітычныя вярхі Польшчы не дазволілі Пілсудскаму даць палешукам тыя правы і свабоды, якія ён абяцаў. Калі ж 12 мая 1935 года Пілсудскі памёр, то ў памяць аб ім хлопчыкам, што нараджаліся, вяскоўцы давалі імя Юзік. Вось чаму сярод ураджэнцаў Кажан-Гарадка 1935 – 36 гадоў шмат Іосіфаў. Пазней — ні ў польскія часы, ні ў савецкія — сваім дзецям імёны памёршых кіраўнікоў дзяржавы ніхто ў Кажан-Гарадку не даваў.

Сярод партый і рухаў, якім не ўдалося разгарнуць дзейнасць на Лунінеччыне, значыцца палітычны блок БКРКД. У 1930 годзе Аляксандр Каратыш, селянін з Кажан-Гарадка, атрымаў па пошце пасылку з агітацыйнаю літаратураю БКРКД. Спалохаўшыся небяспечнага падарунка, адрасат здаў атрыманае ў паліцыю.

Грамадска-палітычнае жыццё Кажан-Гарадка нельга ўявіць без тых настрояў сялян, што тычацца іх стаўлення да школьнай навукі. На вялікі жаль, набыла масавасць практыка, калі бацькі забаранялі дзецям вучыцца ў школе, «бо школа польская». «Не хачу, каб маё дзіця напіталася польскім ядам», — такія словы можна было пачуць з вуснаў мужыкоў, якія лічылі сябе асабліва блізкімі да праваслаўя. Вынік — у сем`ях раслі невукі.

Апошні факт яскрава паказвае, да якіх фатальных наступстваў можа прывесці адсутнасць арыентацыі на перспектыву ў грамадска-палітычным жыцці.

На верх старонкі