Дадатак да альманаха “Лунінецкая муза”

Вера Зарэцкая

Зарунела літаратурная ніва...

«Літаратурныя старонкі» гісторыі Лунінеччыны

Ад выдаўца

Вера Якаўлеўна Зарэцкая (Ляшук) — прафесар Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта, знаны даследчык беларускай (і берасцейскай, у прыватнасці) літаратуры, аўтар шэрагу манаграфій і іншых выданняў. Тым болей прыемна для лунінецкіх літаратараў і ўсіх жыхароў Лунінеччыны, што ў сферы яе даследаванняў апынуліся старонкі «літаратурнай гісторыі» нашага краю, а частка мясцовых аўтараў нават дапамагала ў зборы матэрыялаў. Нарысы, што прапануем чытачу, рыхтаваліся для іншага выдання, але засведчым, што клубам «Лунінецкая муза» яны выдаюцца ў першапачатковым, найбольш поўным выглядзе, без «лакунаў» ды купюр... Што тычыцца выбару «герояў» ды ўнутранай структуры твору, то гэта было прэрагатывай шаноўнай аўтаркі.

Вадзім Жылко

Зарунела літаратурная ніва

Лунінеччына не вызначаецца шматлікасцю сваіх пісьменнікаў, хоць літаратурная яе ніва пачала засявацца ў глыбокай старажытнасці. Паводле легенды, лёс сюды закінуў рымскага паэта Публія Авідзія. Быццам бы на Палессі ён захварэў і памёр. Пахаваны ў Кажан-Гарадку на Відуш-гары. Легенда пра Авідзія і яго сувязь з Палессем яшчэ ў ХІХ ст. усхвалявала Уладзіслава Сыракомлю, і ён напісаў верш “Авідзій на Палессі”. Зазначым, што ў гэтым творы беларуска-польскі паэт месцам пахавання старажытнарымскага творцы называе Давыд-Гарадок на Століншчыне. Па мастацкай версіі Уладзіслава Сыракомлі, Авідзій быў высланы сюды ў якасці пакарання, бо “асмеліўся” пакахаць дачку ўладара. Легенда пра сувязь антычнага паэта з Палессем усхвалявала сучаснага пісьменніка Браніслава Спрынчана. У вершы “Легенда” месцам пахавання Авідзія значыцца Кажан-Гарадок на Лунінеччыне.

Рэальныя звесткі пра літаратурныя помнікі краю бяруць пачатак у ХVII – XVIII стст. з Дзяцелавіцкага манастыра, у якім была багатая бібліятэка духоўнай літаратуры. Асаблівую цікавасць мае тое, што ў Дзяцелавічах быў створаны мясцовы паменнік — помнік палескай рукапіснай кніжнай культуры.

XVIII ст. на Лунінеччыне адзначана наведваннем Лахвы Саламеяй Пільштыновай (Русецкай) (1718 — пасля 1760). Яна родам з Наваградчыны, ці то з берасцейскай, ці то з гарадзенскай яе часткі, аўтар рамана “Авантуры майго жыцця” (1760), напісанага па-польску і перакладзенага на беларускую мову Міколам Хаўстовічам. Саламея Пільштынова — вядомая ў XVIII ст. лекарка, паслугамі якой карысталіся нават венцаносцы. У Турцыі яна выкупіла аўстрыйскага афіцэра Юзафа Пільштына, які стаў яе другім мужам. Па вяртанні на радзіму пісьменніцы ён пачаў служыць у Міхала Радзівіла харунжым. Сям’я пасялілася ў Нясвіжы.

Саламея, аднак, не магла ўседзіць на адным месцы. Дабіўшыся ад магната права выехаць у Расію, лекарка там наблізілася да царыцы Ганны Іванаўны. У гэты час Юзафа Пільштына Радзвіл, якому належалі вялікія ўладанні на Лунінеччыне, накіраваў на службу ў Лахву. Сюды з Масковіі і вярнулася Саламея. У рамане “Авантуры майго жыцця” яна піша: “Тут, на Палессі, нідзе ні пацехі, ні забавы, ні заробкаў не маю”. Яе набыткі муж растраціў. Пісьменніца надоўга не затрымалася ў Лахве, пакінула Палессе, пусціўшыся ў новыя жыццёвыя авантуры.

У 1816 г. у маёнтку Лахва нарадзіўся пісьменнік і даследчык Мар’ян Чапскі, аўтар твораў “Гісторыя каня”, “Даследавання пра пчалу”. У другой палове гэтага ж стагоддзя ў Луніне ў Барысаглебскай царкве працаваў святаром асветнік, патрыёт Беларусі Платон Максімавіч Ціхановіч (1838 – 1922). Ён прыехаў на Лунінеччыну адразу пасля заканчэння Мінскай духоўнай семінарыі ў 1861 годзе. Яму давялося працаваць святаром у цяжкі для беларускага народа час. Свецкія і царкоўныя ўлады пільна сачылі за ажыццяўленнем праграмы Мураўёва-вешальніка, які патапіў у крыві паўстанне 1863 – 1864 гг. пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, па русіфікацыі Беларусі. Царкве і школе ў рэалізацыі гэтай праграмы надавалася выключная роля. У гэты час святар-патрыёт у Луніне працуе над стварэннем “Беларускай граматыкі”, якую завяршыў у студзені 1875 г.

У ХХ ст. літаратурная ніва Лунінеччыны была больш урадлівай. Праўда, спачатку і ў гэтым стагоддзі яе засявалі ў сваёй большасці не гадаванцы краю, а тыя, хто так ці іначай сюды трапіў. У 1901 г. святаром у Лунінецкую царкву быў прызначаны а. Мікола (Мікалай Прорвіч). У 1920 – 30-х гг. яго жонка Соф’я (1860 — каля 1937) стала аўтаркай духоўных твораў, вершаў і прозы. Пісьменніца сістэматычна публікавалася на старонках часопіса “Воскресное чтение”, уваходзіла ў склад яго рэдкалегіі. С.Ф. Прорвіч належыла да праваслаўнай канфесіі, пісала па-руску. Аўтарская пазіцыя пісьменніцы спалучае агульначалавечыя духоўныя прыярытэты з глыбокай верай у неабвержаную і справядлівую волю Госпада Бога. Кожнай маці, якая згубіла сваё дзіця, зразумелы пачуцці лірычнай гераіні верша “Тоска матери”:

Где же ты, сын мой, и что с тобой сталось?
Как по тебе я душой исстрадалась!..
Боже! Прости мне, что сетую я…
Пусть будет воля Твоя.
Сын мой, мне страшно… одна я старушка,
Брошена властной судьбе, как игрушка,
Нет, не ропщу я, страданья тая…
Господи. Пусть будет воля Твоя.
Сын мой, приди ко мне хоть на минуточку,
И приласкай свою маму хоть чуточку!..
Нет, не грущу я, надежду тая…
Боже мой, пусть будет воля Твоя.
Грёзы и слёзы в тиши беспросветные, —
Всё о тебе, — мой любимый, заветные…
Помнишь, последняя фраза твоя:
Господи! Пусть будет воля Твоя!
У 1903 г. прафесар Варшаўскага універсітэта Я.Ф. Карскі (1861 – 1931) атрымаў грошы на правядзенне экспедыцыі па вывучэнні беларускай мовы. Маршрут ахопліваў у тым ліку і Лунінецкі раён — Лахву, Лунін, Лунінец, Дзятлавічы. У выніку сабранага матэрыялу вучоны прыйшоў да высновы, што тут функцыянуе беларуская мова. Украінізмам належыць сціплае месца. У той самы час мова жыхароў станцыі Лунінец вызначаецца пэўнай стракатасцю, што можна растлумачыць уплывам будаўнікоў чыгункі, якія з’ехаліся сюды з розных куткоў Расійскай імперыі.

Фальклорна-этнаграфічная дзейнасць А.К. Сержпутоўскага (1864 – 1940) таксама звязана з Лунінеччынай. Пасля заканчэння Пецярбургскага археалагічнага інстытута аўтар працы “Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў” уладкаваўся на працу ў паўночнай сталіцы Расійскай імперыі ў Рускім музеі як рэгістратар этнаграфічнага аддзелу. У 1910 г. А.К. Сержпутоўскі выязджае на Мазырскае Палессе і трапляе ў вёску Вялікія Чучавічы Лунінецкага раёна. Тут вучоны зрабіў некалькі здымкаў: Пакроўскай царквы, гаспадарчых вясковых забудоваў, групавых выяваў жанчын і дзяцей у святочнай і паўсядзённай вопратцы, драўлянага крыжа пасярод вёскі. Арыгіналы здымкаў А.К. Сержпутоўскага знаходзяцца ў Санкт-Пецярбургскім этнаграфічным музеі. На Лунінеччыне выдатны фалькларыст запісаў чатыры казкі.

Значнае месца ў літаратуры краю належыць Якубу Коласу. Ён жыў і працаваў некалькі месяцаў 1911 – 1912 гг. у Лунінцы. У 1947 г. зрабіў прадвыбарную паездку па Палессі як кандыдат у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР. Наведаў Мікашэвічы, Сінкевічы, дзе сустракаўся з выбаршчыкамі.

Хоць Валянцін Таўлай, удзельнік і пясняр заходнебеларускіх барыкадаў, і нарадзіўся ў Баранавічах, але самыя раннія дзіцячыя гады паэта прайшлі ў Лунінцы. Сюды яго бацькоў-чыгуначнікаў перакінулі на працу, як толькі разгарэлася полымя Першай сусветнай вайны.

У 1915 – 20 гадах Лунінеччына была і прыфрантавой тэрыторыяй, і арэнай баёў, рэвалюцыйных выступленняў. У 1918 годзе край быў акупаваны немцамі. Бальшавікі распачалі змаганне за чыгунку, якая спалучала Палессе з рэвалюцыйнымі цэнтрамі Расіі. Перажыла Лунінеччына барацьбу Чырвонай Арміі з палякамі, з войскамі Пятлюры, Булак-Булаховіча і з атрадамі сялянскай партыі “Зялёны дуб”. З гэтымі падзеямі звязана сувязь некаторых пісьменнікаў з краем.

Падзеі Першай сусветнай вайны прывялі на Палессе А.А. Блока (1880 – 1921). Праз гэты край ехаў выдатны рускі паэт да месца службы, у адпачынак і зноў у дружыну. Праз Лунінеччыну таксама назаўсёды пакідаў Палессе. Паязды тады хадзілі да станцыі Лоўча. Адсюль ён дабіраўся ў вёску Камень (цяпер Пінскі раён), дзе было размешчана кіраўніцтва дружыны. Менавіта ў Лоўчы А.А. Блок адчуў, што ён апынуўся на прыфрантавой тэрыторыі: сюды даносіліся гукі кананады. Яны добра запомніліся паэту. Пра іх будзе згадваць не аднойчы, пакінуўшы Палессе і вярнуўшыся ў Пецярбург. Калі кіраўніцтва дружыны асталявалася ў Парахонску, аўтар “Незнаёмкі” выязджаў у Лунінец, каб адправіць лісты родным, блізкім, калегам па творчай працы. У лістах А.А. Блока з Палесся можна сустрэць згадкі, што сюды ён наведваўся некалькі разоў, каб купіць сёе-тое: кажух, туалетныя прыналежнасці і інш. Усе лісты, якія не перадаваліся з аказіямі, ішлі праз Лунінец. Паведамляючы свой адрас, паэт нязменна называў станцыю гэтага палескага гарадка.

Як бачым, сувязь Блока з Лунінеччынай эпізадычная. Тым не менш тут шырока і шматгранна ўшанавана і ўганароўваецца памяць пра выдатнага рускага паэта. Ёсць мемарыяльныя дошкі на станцыйным будынку ў Лоўчы і на будынку музея ў Лунінцы, традыцыйнымі сталі літаратурныя дні, прысвечаныя паэту. Лунінчане адгукаюцца на правядзенне блокаўскіх мерапрыемстваў на Палессі і ў Расіі.

У кастрычніку-лістападзе 1920 г. Лунінец быў адной з базаў “Народнай добраахвотнай арміі” С.Н. Булак-Балаховіча. Ядвігін Ш. (1869 – 1922) прыняў самы непасрэдны ўдзел у барацьбе за набыццё Беларуссю сапраўднага суверэнітэту. Хоць у пачатку 1920-х гг. быў ужо немалады і часта хварэў, тым не менш актыўна змагаўся супраць бальшавікоў і іх палітыкі ў адносінах да Беларусі ў складзе ўзброеных сіл “Зялёны дуб”. Гэта зблізіла пісьменніка з генералам С.Н. Булак-Булаховічам. Разам з яго штабам пісьменнік нейкі час знаходзіўся ў Лунінцы. Адсюль па вайсковых справах наведваў Пінск.

У 1920 г. у Мікашэвічах у вялікай габрэйскай сям’і нарадзіўся пісьменнік Шыман Гарадзецкі. Хлопчыку было ўсяго гадок, калі памёр бацька, таму нашаму земляку рана давялося зарабляць на хлеб. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны сям’і Гарадзецкіх удалося эвакуявацца ў глыбокі тыл. Там яны з братам запісаліся ў армію Андэрса. З 1942 г. жыве ў Хайфе. Шыман Гарадзецкі — аўтар шматлікіх вершаў, якія чакаюць публікацыі, аповесці “Эхіэль-герой” (1996), прысвечанай нашаму земляку з Пінска Ехіэлю Хагібору. У 1999 г. Шымон Гарадзецкі наведаў сваю радзіму, аддаў належнае памяці сваіх землякоў, якія загінулі ў гады Другой сусветнай вайны.

У 1934 г. у Мікашэвічах у сям’і бухгалтара і настаўніцы нарадзіўся польскі празаік Багдан Мадэй. Тут прайшлі першыя два гады жыцця пісьменніка. Затым сям’я Мадэяў пераехала ў Гародню, а з пачаткам Другой сусветнай вайны — у Польшчу. Пяру Багдана Мадэя належыць некалькі зборнікаў апавяданняў, аповесці: “Маладыя дарослыя людзі”, “Баль”, “Сузор’е” і інш. Выступае таксама як перакладчык з англійскай мовы.

З Лунінцам звязана жыццё польскай пісьменніцы Марыі-Аліны Тавянска-Міхальскай (1929), якая з сям’ёй пакінула Палессе ў 1945 г., але помніць той край, дзе прайшло дзяцінства, называе яго сваёй Атлантыдай. У 1995 г. Марыя-Аліна Тавянска-Міхальская прыязджала ў Лунінец, сустракалася з аматарамі літаратуры.

З 1945 па 1950 г. выхоўваўся ў Мікашэвіцкім дзіцячым доме і год працаваў піянерважатым, заканчваючы сярэднюю школу, Уладзіслаў Нядзведскі. На 1949 – 1958 гады прыпадае праца дырэктарам спачатку Сінкевіцкай, а затым Мікашэвіцкай сярэдніх школаў вядомага беларускага фалькларыста, даследчыка народнай сатыры, аднаго з аўтараў падручнікаў і навучальных дапаможнікаў па фальклоры для ВНУ рэспублікі А.С. Фядосіка (1926).

З 1940-х гг. літаратурная ніва краю пачала рунець сваімі пісьменнікамі, якія выяўлялі сябе ў розных відах творчай дзейнасці: празаік Іван Макаловіч (1940) з вёскі Дубаўка, фалькларыст, паэт, празаік Сцяпан Нефідовіч (1941) з вёскі Лахаўка. У 1946 г. у вёсцы Сасноўка нарадзіўся паэт Уладзімір Харкевіч. Пасля заканчэння Лунінецкай сярэдняй школы паступіў на геалагічны факультэт Львоўскага універсітэта. Першыя гады працы прайшлі на радзіме: наш зямляк даследаваў Жыткавіцка-Мікашэвіцкі рэгіён, а пасля пераехаў да жонкі ў Львоў, там стаў кандыдатам геалагічных навук. Паэзіяй захапляецца з дзяцінства, піша на беларускай, рускай, украінскай мовах. Уладзімір Харкевіч — аўтар зборнікаў вершаў “З радзімай у сэрцы” (Львоў, 1998), “Радзіме”, “Радзіма любая мая”. Для многіх яго вершаў характэрна настальгія па Сасноўцы, родным Палессі. Сувязі з Лунінеччынай не парывае. З Луніна празаік і краязнаўца Мікола Елянеўскі (1948). У вёсцы Цна нарадзіліся Іван Калянковіч (1947) і Мікола Калінковіч (1950). З Вічына празаік і гумарыст Максім Казун (1952), з Кажан-Гарадка паэт Васіль Гусціновіч, фалькларыст і краязнаўца Васіль Туміловіч (1953). Фактычна, усё жыццё прайшло ў Лунінцы паэта, гумарыста Віктара Філатава (Карповіча) (1954). Вёска Багданаўка пашле ў літаратурную творчасць Вольгу Грыдзюшка (1954) і праз дванаццаць гадоў яшчэ і Міколу Ільючыка (1966).

У 1956 г. на працу ў тагачасны Ленінскі раён быў накіраваны выпускнік Брэсцкага педінстытута Аляксей Гардзіцкі (1934 — 1999). Завуч Мікашэвіцкага дзіцячага дома, другі сакратар Ленінскага райкама камсамола, супрацоўнік раённай газеты — месцы працы крытыка на Лунінеччыне на працягу трох гадоў. Тым не менш у нейкай меры яны сталі вызначальнымі для Аляксея Гардзіцкага як пісьменніка. Пачынаючы з 1959 г. яго імя сістэматычна паяўляецца на старонках абласнога і рэспубліканскага друку. Паказальна, што спачатку ў цэнтры ўвагі Аляксея Гардзіцкага была Лунінеччына. Ён адгукнуўся ў “Маладосці” на выхад першай кнігі Уладзіслава Нядзведскага “Вясновыя барозны”, апублікаваў матэрыял пра ўзрыў фашысцкіх карнікаў мікашэвіцкім кінамеханікам І.Б. Канапацкім пасля знішчэння імі вёскі Сітніцкі Двор. Аляксей Гардзіцкі ўзнімаў у рэспубліканскім друку пытанне, каб надаць Сінкевіцкай школе імя Якуба Коласа.

Некалі ў Журовіцкай дзесяцігодцы на Рагачоўшчыне вучыліся два юнакі: Андрэй Макаёнак і Уладзімір Сцепчанка, сябравалі. Пазней іх дарогі разышліся, хоць сувязь не перарывалася. Іх многае яднала: аднагодкі, удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, слухачы ВПШ, камсамольскія і партыйныя работнікі. Калі з 1959 г. У.А. Сцепчанка ўзначаліў калгас “Новае Палессе”, цэнтрам якога з’яўляецца вёска Любань, на Лунінеччыну да сябра ўсе гэтыя гады прыязджаў Андрэй Макаёнак. Тут затрымліваўся надоўга, тут пісаў камедыю “Таблетку пад язык”, пра што сведчыць і мемарыяльная дошка на Любанскім СДК.

На 1960 – 70-я гг. прыпадае новы прыліў пісьменнікаў, якія нарадзіліся на Лунінеччыне: Лілія Віктарава (1962) з вёскі Перунова, Вадзім Жылко (1967) і Аксана Спрынчан (1973) з Лунінца, Таццяна Чумак 1979) з Бродніцы і інш. З Лунінца даследчык краязнаўства ў Заходняй Беларусі Ігар Цітовіч. З гэтым перыядам звязана праца фотакарэспандэнтам у раённай газеце Міколы Федзюковіча і настаўнікам у Бастыні Расціслава Бензерука.

У пасляваенны перыяд Віталь Вольскі (1901 – 1988) пачаў свае падарожжы па Беларусі, у выніку якіх ствараліся краязнаўчыя нарысы. У цэнтры ўвагі былі запаветныя мясціны краю: Белавежская і Налібоцкая пушчы, Браслаўскія азёры, возера-мора Нарач, Бярэзінскі запаведнік. У другой палове 1960-х гг. наступіла чарга для знаёмства з Палессем. Гэта і прывяло Віталя Вольскага на Лунінеччыну. Ён наведаў Лунінец, Лунін, Вульку, Лахву, Кажан-Гарадок. У краязнаўчай кнізе “Палессе” (Мн., 1971) Лунінеччыне прысвечаны другі раздзел “Па дарогах Палесся”. У сваіх нарысах Віталь Вольскі раскрывае гісторыю наведаных паселішчаў, расказвае пра свае сустрэчы з мясцовымі краязнаўцамі: гісторыкам Георгіем Аляксандравічам Вайндрахам і Паўлам Лукічом Вайцяхоўскім, знаёміць з іх поглядам на даўніну і на падзеі Другой сусветнай вайны ў краі, цікавіцца тапаніміяй.

Пасля заканчэння БДУ Сцяпан Лаўшук (1944), вядомы даследчык нацыянальнай драматургіі, на працягу некалькіх гадоў (1967 – 1970) працаваў у Дзятлавіцкай, Лахвенскай, Бродніцкай школах, загадваў аддзелам у Лунінецкім райкаме камсамола. Адсюль падаўся ў Мінск і паступіў у аспірантуру Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы.

Уладзімір Караткевіч (1930 – 1984) да апошніх дзён свайго жыцця наталяў прагу пазнання Беларусі. Няма такога ў яе куточка, дзе б ён не пабываў. Асабліва, аднак, любіў Палессе. Быў тут не аднойчы. І для апошняй сваёй вандроўкі ў каторы раз выбраў гэты край. На Лунінеччыне Уладзімір Караткевіч быў у 1969 г., калі здзяйсняў падарожжа па Прыпяці па заданні часопіса “Маладосць”. У гэты час пісьменнік працаваў над кнігай “Зямля пад белымі крыламі” для ўкраінскага чытача. У 1971 г. кніга была закончана. У ёй ёсць захапляльныя радкі, прысвечаныя вёсцы Лахва і рэчцы Смердзь: “Другі край рэспублікі. Паўдзённы. Лахва Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. Рака з непрыгожаю назваю Смердзь, аднак адна з найпрыгажэйшых рэчак, якія мне даводзілася бачыць у маім жыцці. Недзе кіламетраў за дзесяць да ўпадзення ў Прыпяць рака пачынае драбіцца на рукавы. Атрымоўваецца некалькі астравоў, злучаных драўлянымі мастамі. На гэтых астравах хаты, што патанаюць у садах. Вада рукавоў цёмна-зялёная, з сонечнымі плямамі, бо над імі вербы ўтвараюць суцэльныя тунелі. У гэтых тунелях, у імгле, цэлыя чароды чаўноў. Тут цудоўныя новыя пабудовы. У прыватнасці, школа. І нібы вакол мала вады, тут яшчэ і шмат сажалак, дзе разводзяць карпаў”.

Прадвыбарныя паездкі кандыдата ў дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР па Мікашэвіцкай выбарчай акрузе Максіма Лужаніна і кандыдата ў дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР па Пінскай выбарчай акрузе Максіма Танка прывялі іх адпаведна ў Мікашэвічы і Лунінец, дзе яны сустракаліся са сваімі выбаршчыкамі.

З Лунінеччынай звязана пісьменніцкая сям’я Спрынчанаў — Браніслава, Вадзіма і Аксаны. У студэнцкія гады Вадзім Спрынчан закахаўся ў Насцю Паўлюкавец. Дзяўчына з Лунінца адказала ўзаемнасцю. У 1973 г. у Лунінцы ў іх нарадзілася дачка, якую назвалі Аксанай. З тых ужо далёкіх сямідзесятых гадоў мінулага стагоддзя Спрынчаны наведваюцца на Лунінеччыну. Паэт і перакладчык Браніслаў Спрынчан (1928) родам з Украіны. З пачатку 1950-х гг. жыве ў Беларусі. Піша па-руску, перастварае вершы беларускіх пісьменнікаў на мову Л.М. Талстога. Палескія ўражанні Браніслава Спрынчана раскрыты ў вершах “Блок на Полесье”, “Легенда”, “Припять” і інш. Як прыгадвае ўнучка паэта Аксана, наведваючы Лунінец, дзед выступаў з чытаннем сваіх вершаў у школах, на прадпрыемствах горада.

Вадзім Спрынчан (1950) пайшоў следам за бацькам, з’яўляецца таксама рускамоўным паэтам. Асабліва плённа працуе як перакладчык беларускіх твораў на рускую мову. Сярэдні з паэтычнай сям’і Спрынчанаў Вадзім асабліва часта наведваўся ў Лунінец. Тут у жончыных бацькоў часта гасціла дачушка Аксана. Ён уключаўся ў розныя віды сялянскай працы, дапамагаючы сваякам: касіў на Прыпяці сена, зграбаў, упарадкоўваў на зіму, восенню зрубваў капусту, перавозіў бульбу. Лунінецкі вопыт непасрэдна і апасродкавана выявіўся ў многіх яго творах. Зусім зразумела, што лунінецкія ўражанні знайшлі сваё выяўленне ў вершах “По тёплой пашне босиком…”, “Иду на поле… Весело рублю…”, “Звёзды умирают…”, “Божественен яблоневый сад…”, “Весна” і інш.

У маі 2004 г. літаратурная сям’я Спрынчанаў прыехала ў Лунінец. Адбылася іх сустрэча з аматарамі паэзіі. Чыталі свае вершы Браніслаў Спрынчан, яго сын Вадзім і ўнучка Аксана. Лунінчане ўсіх сустракалі прыветна, але ў цэнтры была іх зямлячка — Аксана Спрынчан. Ды і нагода ў яе была цудоўная: паэтка прэзентавала сваю першую кніжку — “Вершы ад А.”. Усе трое не абмежаваліся толькі наведваннем Лунінца, завіталі таксама ў Кажан-Гарадок, памаліліся ў мясцовым храме, а адтуль падаліся ў Мелясніцу: пакланіцца магіле стрыечнай бабулі па маці, якая загінула ў трагічным 1943 г. ад карнікаў. У Мелясніцы, аказалася, жывуць іншыя сваякі Спрычанаў. Знаёмства было цёплым, сардэчным і радасна-шчаслівым.

Пачынаючы з 1980-х гг., Яраслаў Пархута (1934 – 1996) пачаў працу над краязнаўчымі нарысамі пра знакамітыя мясціны Беларусі. Вынікам стала кніга “Жаваранак над полем” (Мн., 1985). Яна выклікала шырокую зацікаўленасць чытачоў. У друку з’явілася некалькі рэцэнзій. На адрас аўтара ішлі лісты ад тых, хто з ёю пазнаёміўся. Водгукі былі рознымі, але сведчылі, што кніга не пакінула чытачоў абыякавымі, выклікала патрэбу адгукнуцца. Гэта было стымулам прадоўжыць працу.

Яраслаў Пархута пачаў збіраць матэрыял для другой кнігі. Тады грымела слава пра Мікашэвіцкае вытворчае аб’яднанне “Граніт”, і пісьменнік падаўся на Лунінеччыну. У кнізе “Зямля бацькоў нашых” (Мн., 1988) ёсць нарыс “Граніт Палесся”. А крыху пазней грамадскасць краіны ўскалыхнула новая вестка, звязаная з краем. З лесу выйшаў селянін з вёскі Бастынь Іван Васільевіч Бушыла, які 42 гады хаваўся ад уладаў. Падзея ўсхвалявала Яраслава Пархуту. Узнікла жаданне сустрэцца з гэтым чалавекам. Ён зноў накіраваўся на Лунінеччыну. Пачалася праца над аповесцю “Адзінец (Аповесць пра палескага рабінзона)”.

На працягу 1983 г. у Мікашэвічах працаваў муляром Андрэй Федарэнка (1964).

На Лунінеччыне з незвычайнай увагай і любоўю ставяцца да духоўных набыткаў краю, спрыяюць развіццю літаратурных талентаў, ушаноўваюць, уганароўваюць, прапагандуюць творчасць сваіх землякоў, а таксама і тых, хто так ці іначай ўвайшоў у жыццё іх раёна. Трэба адзначыць, што Лунінеччыне шанцуе на руплівых краязнаўцаў. У свой час тут шчыраваў настаўнік гісторыі з раённага цэнтра, а пазней выкладчык Брэсцкага педінстытута Г.А. Вайндрах, цудоўным знаўцам краю з’яўляўся П.Л. Вайцяхоўскі. Апантаным краязнаўцам быў М. Калінковіч. Менавіта ён перадаваў эстафету любві да роднага краю, неабходнасці яго вывучэння і прапаганды набыткаў сваім наступнікам. Яны спраўдзілі давер і надзею М.М. Калінковіча. У раёне працуе цэлая група энтузіястаў, якія любяць свой край, не шкадуюць сіл і часу для яго вывучэння: Вадзім Жылко, Васіль Туміловіч, Сцяпан Нефідовіч і інш.

З усёй упэўненасцю можна сказаць, што цяпер на Лунінеччыне створана культурнае асяроддзе. Яно ахоплівае вялікае кола людзей. Дзейсны ўдзел у ім прымаюць прадстаўнікі дзяржаўных устаноў, творчыя суполкі, прэса. Праца вядзецца па розных накірунках: літаратурная творчасць, вывучэнне прыроды, гісторыі, культуры, мастацкага слова краю, прапаганда яго духоўных здабыткаў, ушанаванне памяці выдатных людзей раёна.

З 1956 года пры газеце «Лунінецкія навіны» (ранейшая назва — «Ленінскі шлях») існуе літаратурнае аб’яднанне “Палессе”. На працягу многіх гадоў яно гуртавала і падтрымлівала тых, хто імкнуўся і імкнецца выявіць сябе ў мастацкім слове. У 1995 годзе пры Лунінецкім гарадскім доме культуры распачаў сваю дзейнасць творчы клуб “Муза”, якім кіруе Віктар Філатаў (В.П. Карповіч). Клуб заснаваў серыю выданняў “Лунінецкая муза”, невялікіх па аб’ёме брашурак. На іх старонках пачалі публікавацца мясцовыя творцы: В. Жылко, В. Філатаў, В. Туміловіч, М. Ільючык, С. Нефідовіч, В. Грыдзюшка, Р. Жук і інш. У 2007 годзе адно з выданняў “Музы” “Исток” аб’ядналася з Брэсцкай абласной філіяй ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, атрымала новую назву “Выток”. Намаганні літаратурнага аб’яднання “Палессе”, творчага клуба “Муза” па збіранню і папулярызацыі тых, хто браўся за пяро, не былі марнымі. З’явіліся асобныя выданні як у раённым, так і ў рэспубліканскім друку, зборнікі вершаў, апавяданняў, нарысаў, эсэ, літаратурна-краязнаўчых даследванняў: В. Туміловіч “Возрождение забытого имени: Жизнь и деятельность Софьи Прорвич (1860 — ок. 1937), В. Жылко “Оборванная нить”, С. Нефідовіч “Спеў берасцянкі”, М. Ільючык “Шматкроп’е кропель”, В. Філатаў “Тревога и надежда”, В. Грыдзюшка “Время цветов” і інш. У 2004 г. літаратурная сябрына Лунінеччыны папоўнілася яшчэ адным пісьменнікам — Андрэем Мазько, які тут пачаў працаваць намеснікам старшыні райвыканкама. Паэтычныя спробы лунінчан сабраны ў зборніках “Азбука паэзіі”, “Прамень надзеі”, “З двух берагоў” і інш. Увага і падтрымка тых, хто спрабуе сябе ў літаратурнай творчасці, выявілася і ў тым, што ў зборніку “Лунінецкая памяць” змешчана падборка вершаў Вольгі Аляшкевіч (1977 – 2005). Паэтычныя спробы лунінчан, змешчаныя ў апошніх выданнях, — таксама штрышок у гісторыі літаратуры краю.

Цікавасць да літаратуры ў жыхароў Лунінеччыны спрыяе таму, што сюды ахвотна наведваюцца пісьменнікі з розных куткоў краіны, бо іх тут сустракаюць прыветна і рады нагодзе паслухаць мастацкія творы ў аўтарскім выкананні, сфатаграфавацца на ўспамін. У розны час край наведвалі Ніл Гілевіч, Ніна Мацяш, Генадзь Бураўкін, Васіль Зуёнак, Іван Шамякін, Пімен Панчанка, Янка Брыль, Пятро Прыходзька, Віктар Шымук, Мікола Купрэеў, Уладзімір Скарынкін, Уладзімір Правасуд, Уладзімір Клімовіч, Уладзімір Глушакоў, Міхась Башлакоў, Вольга Іпатава, Уладзімір Арлоў, Барыс Пятровіч, Віктар Карамазаў, Алесь Пашкевіч, Зіновій Прыгодзіч, Міхась Скобла, Эдуард Акулін, Васіль Жуковіч, Пятро Васючэнка, Анатоль Зэкаў, Алесь Каско, Мікола Пракаповіч, Алена Ігнацюк, Леанід Дранько-Майсюк, Сяргей Законнікаў, Анатоль Вярцінскі, Андрэй Хадановіч, Валерый Грышкавец, Анатоль Крэйдзіч, Міхаіл Герчык, Алег Мінкін, Алесь Карлюкевіч, Уладзімір Мароз, Авяр'ян Дзеружынскі, Хведар Чэрня, Сцяпан Кухараў, Васіль Струмень, Навум Гальпяровіч і іншыя.

На Лунінеччыне заклапочаны, каб жыхары краю ганарыліся яго набыткамі, імкнуліся іх узбагаціць. Тут надаецца вялікая ўвага ўшанаванню памяці пісьменнікаў: узвядзенню помнікаў, адкрыццю мемарыяльных дошак, наданню імёнаў вуліцам, навучальным установам (Якуба Коласа, Аляксандра Блока, Уладзіслава Нядзведскага, Міколы Калінковіча, Андрэя Макаёнка). У гэтым плане кіраўніцтва раёна магло бы быць прыкладам для іншых.

Адным з цэнтраў дзейнасці па вывучэнні прыроды, гісторыі, мовы, культуры, літаратуры раёна з’яўляецца Лунінецкі краязнаўчы музей, асабліва ў часы, калі ім кіравалі Наталля Казанкова і Святлана Гарда. У 2001 – 2006 гадах у музеі ладзіліся Лунінецкія краязнаўчыя чытанні. У іх арганізацыі прымаў непасрэдны ўдзел і клуб “Муза”. Для таго, каб распачаць іх і зрабіць штогадовымі, тут былі важкія падставы: да гэтага часу вылучыліся энтузіясты-краязнаўцы, якія мелі публікацыі не толькі ў раённым, але і рэспубліканскім друку, удзельнічалі ў навуковых канферэнцыях розных рангаў, у тым ліку і міжнародных. Матэрыялы краязнаўчых чытанняў і канферэнцый публікуюцца ў невялічкіх зборнічках “Лунінецкі сшытак”. На сёння іх выйшла сем (адзін здвоены). На старонках “Лунінецкіх сшыткаў” змяшчаюцца працы як аўтараў, што заявілі пра сябе раней, так і новых: В. Жылко, С. Нефідовіча, В. Туміловіча, Я. Хвастова, І. Цітовіча і інш. Паказальна, што ў пачатку кожнага сшытка падводзяцца вынікі зробленага па вывучэнні краю за ранейшы год. Гэтыя артыкулы належаць Вадзіму Жылко і зроблены яны прафесійна. З ліку краязнаўцаў Лунінеччыны літаратурнымі праблемамі, фальклорам краю цікавяцца В. Жылко, В. Туміловіч, С. Нефідовіч. Свае краязнаўчыя набыткі мае і журналіст Т. Канапацкая.

Лунінеччына ў той ці іншай меры знайшла сваё адлюстраванне ў мемуарнай і дакументальнай літаратуры, прысвечанай К. Арлоўскаму, В. Каржу, партызанскай барацьбе ў краі, яго вызваленню ад нямецкай акупацыі ў 1944 годзе, грамадзянскай вайне, трагедыі яўрэяў. Дакументальная і мемуарная літаратура ў тым ліку выдаецца ў Расіі, Ізраілі.

На верх старонкі