Творчы клуб “Лунінецкая муза”
Праект Вадзіма Жылко

Лунінецкі сшытак № 8

З даследаванняў лунінецкіх краязнаўцаў

Святочна-веснавая традыцыя Лунінеччыны
(на аснове фальклорна-этнаграфічных экспедыцый студэнтаў БДПУ у Лунінецкі раён)

Ірына Сафроненка, студэнтка факультэта народнай культуры БДПУ імя М. Танка

Выдатнай крыніцай даследавання каляндарна-абрадавай паэзіі з’яўляецца Лунінеччына. Менавіта там у чысцейшым выглядзе працягвае сваё жыццё багацейшы абрадамі і паэзіяй фальклор.

Мэтай нашай працы было вызначыць веснавую каляндарна-абрадавую традыцыю Лунінецкага краю на аснове матэрыялаў, сабраных студэнтамі педагагічнага універсітэта ў апошнія гады.

Працоўны год у старажытных славян вызначаўся тымі натуральнымі падзеямі, што даюцца самой прыродай. Ён падзяляўся на дзве паловы: летнюю і зімовую. Дзякуючы такім уяўленням, на працягу многіх вякоў і складаўся адзіны каляндарна-земляробчы працоўны цыкл абрадаў і песняў. Сярод іх адным з самых цікавых і, напэўна, найважнейшым быў цыкл веснавых святаў. З вясны пачыналіся новыя клопаты аб будучым ураджаі, вясной абуджалася прырода, і ад таго, наколькі цёплай і ўдалай будзе вясна, колькі дабра яна прынясе з сабою, залежалі дабрабыт і лад жыцця чалавека.

Першы абрад, які адкрываў веснавы цыкл, быў абрад гукання вясны. На Лунінеччыне гэта адбывалася наступным чынам (па запісах студэнтаў у 2005 г. у в. Вулька 1). Дзеці і дарослыя ідуць на пляцоўку. Адзін з дарослых нясе саламянае пудзіла зімы. Малыя трымаюць у руках вярбовыя дубчыкі, упрыгожаныя каляровымі стужкамі, кветкамі і “праганяюць” зіму. Народ звяртаўся ў сваіх спевах да зімы, як да жывой істоты. Больш таго, спяваючы, людзі верылі ў тое, што зіма іх чуе і ў хуткім часе саступіць “уладу” вясне. На пляцоўцы раскладвалася вогнішча, якое сімвалізавала канец зімы і ачышчэнне зямлі. Малыя кідалі ў вогнішча пудзіла зімы, а пакуль яно гарэла, яшчэ раз у карагодзе праганялі зіму.

Ідзі, зіма, до Бучыла,
Бо ты нам надокучыла!
Ідзі, зіма, до Кропава —
Зноў будзеш одна пава!
Ідзі, зіма, до Кіева —
Ты нам лето покінула!
Ідзі, зіма, до крыніцы,
Ды забірай рукавіцы!
Прагнаўшы зіму, заклікалі вясну.
Благаславі, маці, вясну гукаці,
Прыйдзі, прыйдзі, вясна!
Прыйдзі, прыйдзі, красна!
Ой, дзід лада!
Дзеці кладуць кветкі на зямлю. На чырвоны пагорак становяцца дзяўчаты, а на блакітны — хлопчыкі, выконваюць песню-карагод «Вясна-красна».
Прыйдзі, прыйдзі, вясна!
Прынясі нам цёплыя дзянёчкі!
Чыстыя дожджочкі!
Добрага ўраджаю!
Сярод натоўпу з’яўляецца прыгожая, маладая дзяўчына-Вяснянка. Усе б’юць адзін аднаго галінкамі. Дома злёгку б’юць галінкамі і карову, каб малака давала, свецяць вярбу.

У шэрагу вяснянак прысутнічае тэма кахання. I гэта не выпадкова, таму што вясна — пара кахання. Адсюль у вяснянках многа рамантычнай мройнасці, лірычных пачуццяў, а таксама надзей на сустрэчу і ўзаемнае каханне з маладым прыгожым хлопцам.

Ой, не росьці, кропэ,
да по мойму да огороду,
Бо я ж буду да цебэ рваці,
за плот да выкідаці,
Не ходзі ж, стары,
да по мойму да подвор’ейку,
Да походзі ж, молоды,
да по мойму да подвор’ейку.
Я ж старого зроду,
з веку не ўзлюбіла,
Я б да яго сьледкі
камэнем да заложыла.
Да походзі ж, молоды,
да по мойму да подвор’ейку,
Я ж молодого зроду,
з веку ізлюбіла.
Я б да его сьледкі пэрсьнямі
да заложыла.
Не росьці ж, кропэ,
да по мойму да огороду.

(Запісана ў 2003г. у в. Язвінкі).

Нярэдка ў вяснянках выкарыстоўваецца своеасаблівы дыялог Вясны і людзей, якія звяртаюцца да яе з пытаннем: “Вісна-красна, вісна-красна, што ты нам прынесла?” Далей адказвае Вясна:
Я прынесла, я прынесла
Мэдочку, мэдочку;
Старым бабам, старым бабам —
По грудочку;
Старым дэдкам, старым дэдкам —
По кіёчку;
А молодычкам, а молодычкам —
По бірдэчку;
А дэвочкам, а дэвочкам
По вэночку.
Сімволіка кветак, вянка займае асаблівае месца ў большасці вяснянак, кветкі і вянок — сімвал дзявоцтва, чысціні.

Неабходна адзначыць, што ў большасці песень тэма працы займае вядучае месца. Таму ў вяснянках побач з сімволікай земляробчай працы вылучаюцца элементы ткацтва, прадзення, не толькі як сімвалы працы, але і як ідэя жаночага ўтварэння свету.

Нашого робэйка —
Жонка маленька.
Седзіць на колочку —
Прадзе на сорочку.
Шчо выведзе нітку —
Гороб’ю на світку.
Остануцца тры концэ —
Горобэйку на штанцэ.

(Запісана ў 2006 г. у в. Лахаўка)

Сустракаецца нямала вядомых сюжэтаў, што бытуюць у Беларусі: “Зіма з летам страчаецца, // Брат з сястрою прашчаецца...”; “Болботуха-вэснаслуха. Ворон крачэ, сыра хочэ...”; “Весна-красна. Людскіе жонкі ткуць красна...”; “Весна-красна, шчо прынясла...”; “Дай, Божэ, цеплэ лето, // Да зародзі, Божэ, жыто...”; “А мы просо сеялі, сеялі...” (карагод) і інш. Нямала і адметных песень, якіх цяжка сустрэць у іншых рэгіёнах.

Вылучаецца баладнымі матывамі “карчомная” песня “Запелі, задымелі, Ой у Кіеве дымно...” пра смерць міфічнага Марозічка (запісана ў в. Баравікі). Падкупляе гумарам песня, запісаная ў Дзятлавічах: “Ой, на дубе, на вершэчку // Да й посееў казак грэчку...” У в. Лобча зафіксаваны цікавы сюжэт, у якім праяўляецца сінтэз язычніцтва і хрысціянства (“Ой под мостом рыба з хвостом. // Там дзіўка траву жала...”).

Цікавыя, але менш багатыя на паэзію традьщыі Благавешчання, Юр’я, Вербнага тыдня і Вялікадня. Асаблівай увагі патрабуюць непаўторныя траецкія традьщыі, што завяршаюць вясну.

За чатыры гады практыкі ў Лунінецкім раёне студэнты сабралі добрую калекцыю куставых песень, якія найбольш бытуюць у заходніх вёсках.

Цяпер на кафедры этналогіі і фалькларыстыкі рыхтуецца зборнік “Фальклор Лунінеччыны”, дзякуючы якому можна будзе грунтоўна пазнаёміцца з багатай спадчынай палескай зямлі.

На верх старонкі