Лунінецкі раённы краязнаўчы музей

Лунінецкі сшытак № 7

З даследаванняў лунінецкіх краязнаўцаў

Дадатак

Тапаніміка ў народнай прозе Лунінеччыны

Даклад прагучаў на рэспубліканскай канферэнцыі «Краязнаўчая адукацыя і грамадзянскае выхаванне» ў БДПУ імя М. Танка 26 красавіка 2006 года і змешчаны ў зборніку гэтай канферэнцыі (Мінск, 2006).

С. Паўлянковіч, БДПУ

Сярод народнай прозы Лунінеччыны асобае месца займаюць паданні. Гэты жанр вуснай народнай творчасці шырока прадстаўлены на сённяшні дзень у запісах краязнаўцаў. Некаторыя паданні надрукаваны ў буйных выданнях: у томе БНТ «Легенды і паданні», у зборніку «Брэстчына» і іншых. Але матэрыял, пададзены ў гэтых выданнях, не можа адлюстраваць усёй паўнаты і багацця жанра, якім валодае лунінецкая зямля. Таму значнае месца ў даследаванні вуснай народнай творчасці займаюць выданні мясцовых даследчыкаў і аматараў фальклору В. Туміловіча, С. Нефідовіча і інш., запісы, зробленыя студэнтамі падчас фальклорных практык. Чаму ж паданні настолькі папулярныя, што дайшлі да нашых дзён? I не толькі дайшлі, але і развіваюцца.

Паданні павінны былі задаволіць дапытлівасць людзей, адказваючы на хвалюючыя іх пытанні — адкуль і як усё з’явілася на зямлі, у прыродзе і грамадстве, чаму іх вёска ці мястэчка называюцца так, а не інакш, чаму возера Белае, а бор Галы. Такія творы ў свой час перадаваліся і ўспрымаліся не як казкі, заснаваныя на выдумцы, а як апавяданні аб нібыта сапраўдных падзеях.

У народнай прозе Лунінеччыны вялікую групу складаюць тапанімічныя паданні, сярод якіх можна вылучыць наступныя групы:

1. Паданні аб паходжанні назваў ад імёнаў людзей, якія жылі ў дадзенай мясцовасці.
2. Паданні аб паходжанні назваў ад імёнаў ці асаблівасцей паноў.
3. Паданні пра назвы, якія пайшлі ад прыродных умоў і асаблівасцей.
4. Паданні аб паходжанні назваў геаграфічных аб’ектаў ад назваў жывёл.
5. Паданні аб паходжанні назваў геаграфічных аб’ектаў ад заняткаў людзей.

Але гэты падзел дастаткова ўмоўны, бо многія паданні можна аднесці да некалькіх груп адразу. А калі засяродзіць увагу на адным асобна узятым тапоніме, то можна заўважыць, што адзінага варыянта яго паходжання часта няма, і нават жыхары адной вёскі расказваюць абсалютна розныя гісторыі аб паходжанні назвы свайго населенага пункта.

Да паданняў першай групы мы адносім паданні аб паходжанні назваў ад імёнаў, прозвішчаў ці мянушак людзей: гэта мог быць заснавальнік паселішча, адзіны выжыўшы чалавек ці проста чалавек, які тут жыў. Так, напрыклад, паданне аб вёсцы Дзятлавічы распавядае аб тым, што вёску заснаваў чалавек па прозвішчы Дзятлаў, які прыплыў сюды па рэчцы Цна. А Кірылава гара мае такую назву таму, што “раней каля гэтай гары быў хутар, на якім жыў чалавек па імені Кірыл”.

У другой групе вобраз пана згадваецца з розных прычын, і менавіта з ім звязаны тапонім. Гэта можа быць імя, дзейнасць, яго фізічныя ўласцівасці, падзея, з ім звязаная. Безумоўна, некаторыя паданні можна аднесці да іншых груп, але прычынай назвы (часцей паселішчаў) становіцца менавіта пан. Вобраз пана не заўсёды персаніфікаваны, не заўсёды згадваецца яго імя.

Так, цікавым паданнем з’яўляецца адзін з варыянтаў паходжання назвы вёскі Цна. Згодна з расповядам, жыў там пан, якога звалі Навум Андрэевіч. «Заснаваў пан у гзтай мясціне цагельню і назваў трыма літарамі ЦНА — цэгла Навума Андрэевіча». Безумоўна, гэта немагчыма: веска стаіць каля рэчкі Цна, і назву ўзяла ад яе. Рэчкі атрымлівалі назву раней, чым вёскі, а ўжо назва ракі перакладаецца са старажытнаславянскай як цесная, вузкая.

Акрамя імя, імя па бацьку і прозвішча на назвы паселішчаў часта аказваюць уплыў і фізіялагічныя якасці іх гаспадароў. Так, жыхары вёскі Лобча кажуць, што іх вёска называецца так таму, што пан у іх быў лабаты, а ў Луніне — лупаты. Безумоўна, гэта ўспрымаецца як жарт, але і такія тапанімічныя паданні жарты таксама існуюць.

Ёсць паданні пра паходжанне назваў вёсак, якія хутчэй ускосна звязаны з панам. Але паколькі менавіта дзякуючы яму і ўзнікла дадзенае паселішча, мы адносім паданне да гэтай групы. Напрыклад, вёска Купаўцы мае такі назоў, таму што «недзе ў XVII стагоддзі адзін памешчык купіў у другога каля сотні сялян. Пасяліў іх за некалькі кіламетраў ад свайго маёнтка...». Адсюль і пайшла назва, якая замацавалася — «купленыя», пазней Купауцы.

Вельмі шырока ў вуснай народнай прозе Лунінеччыны представлены тапонімы, якія паходзяць ад прыродных асаблівасцей і ўмоў. Сама прырода падказвала людзям, як назваць тую ці іншую вёсачку, мястэчка, возера, урочышча. Прыродныя асаблівасці палескага краю адлюстроўваліся ў такіх назвах, як Падлясочча, Мачульня, Пажарны мох, Мокрава і шматлікія іншыя. У сваю чаргу, дадзеную групу можна падзяліць на падгрупы.

Палескія балоты і рэкі наклалі самы моцны адбітак на назвы геаграфічных аб’ектаў. Гэтая падгрупа самая шматлікая сярод тапонімаў, звязаных з прыроднымі асаблівасцямі і ўмовамі. Балоты займалі вялізныя тэрыторыі, і таму сухое месца знайсці было цяжка. Гэта добра паказвае адзін з варыянтаў паходжання назвы вёскі Бастынь. “Было некалі на вадзе месца такое, што босай нагой можна толькі стаць, так мала сухога пасярэдзіне. То і назвалі яго Бостань — босы стань”. Рака — «мясцовасць, якая знаходзілася ўздоўж ракі, рака знікла, а назва засталася». Вёска Мокрава — «гэтае месца было заўсёды мокрым».

Другая вялікая падгрупа звязана з лясамі, нават сам рэгіён называецца Палессе. Па памерах гэта падгрупа крыху саступае першай, але таксама вельмі значная: Падлясочча — месца каля лесу, Кругавік (Кругавічча) — веска, якую пакругу абступалі лясы, Грабнік — ад назвы дрэва граб.

Прыведзеныя падгрупы самыя вялікія і вылучаюцца намі асобна. Усе астатнія тапонімы, звязаныя з прыроднымі ўмовамі і асаблівасцямі, можна змясціць у адзіную падгрупу. Тут можна ўзгадаць варыянт паходжання назвы Белае возера. «Белае возера называецца так таму, што яно чыстае»; назва ракі Смердзь — «летам у рэчцы застойвалася вада і таму яна смярдзела» і іншыя.

Яшчэ адной групай паданняў з’яуляюцца творы, звязаныя з братамі нашымі меншымі. Дастаткова містычна пачынаецца гісторыя пра возера Самок: «...старыя людзі расказваюць, што у гэтому озерцэ поселілоса невядомэ страшыдло: у озеры ужэ і гусі прападалі, а купацца ніхто і не адважваўса...» Але ўжо ў наступных сказах гэтага апавядання выкрываецца гэта «страшыдло»: «От рыбакі закінулі ценето і выловілі тэе страшыдло — нагэлного сома... Озеро тогды ж самком і назвалі».

У асобную групу вылучаюцца паданні пра паходжанне назваў геаграфічных аб’ектаў, што паходзяць ад заняткаў людзей: урочышча Смалянка, таму што раней там здабывалі смалу. Лічыцца, што і назва Кажан-Гарадок пайшла ад таго, што ў гэтым мястэчку выраблялі скуры.

Такім чынам, паданні адлюстроўваюць светаўспрыманне і светаадчуванне народа. Паказваюць асаблівасці навакольнага асяроддзя, флоры і фауны, заняткі і ўзаемаадносіны людзей паміж сабой. У паданні верылі, як у сапраўдныя гісторыі, а значыць асацыіравалі сябе з імі.

Літаратура

1. ФА ФНК — Фальклорны архіў факультэта народнай культуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.
2. БНТ. Легенды і паданні. Мн., 1983
3. Ліс А. Пявуння з Сінкевіч // Лунінецкія навіны, 1.02.1994.
4. Ненадавец А. Брэстчына. Мн., 1995.
5. Туміловіч В. З фальклорных крыніц Кажан-Гарадка. Брэст - Лунінец, 2003.

На верх старонкі


Царква ў Луніне
Свята-Барысаглебская царква ў Луніне

Царква ў Кажан-Гарадку
Свята-Мікалаеўская царква ў Кажан-Гарадку

Белае возера
Белае возера з лабеліяй Дортмана