Нефідовіч

Альманах “Лунінецкая муза” № 12

Сцяпан Нефідовіч

Святло бяроз

Пейзажныя мініяцюры,замалёўкі, навелы

Аб аўтары

Сцяпан Паўлавіч Нефідовіч нарадзіўся 3 студзеня 1941 года ў вёсцы Лахаўка Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці.

Працаваў паляводам і рахункаводам у калгасе “Новае Палессе”, масавіком і бібліятэкарам у Любанскім сельскім клубе. Закончыў Пінскае педвучылішча (1965) і філфак БДУ (1982). 36 гадоў адпрацаваў у Любанскай СШ выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры.

Аўтар паэтычнага зборніка ”Дзень добры!” і сатырычнага “Парушынкі ў воку” (сумесна з В. Філатавым).

Сцяпан Нефідовіч усё жыццё захапляецца прыродай, і перад ім раскрываюцца яе тайны. З будзённага жыцця аўтар умее выбраць самае незвычайнае і цікавае. Паэтычнае апісанне роднага краю вымушае чытача задумацца, здзівіцца, пахарашэць душою.

Ажыўленне

Ужо некалькі дзён запар сакавіцкае сонца не магло выблытацца з густой пялёнкі хмар. Але яго цяпло і праз гэтую заслону даходзіла да зямлі. А калі ў адзін з такіх дзён пад паўдня на небе з’явілася просінь і лагодна прыгрэла сонца, лес ажыў. Пасвятлелі, засвяціліся ствалы бяроз. Зацвіў арэшнік: расцягнуліся, пажаўцелі яго завушніцы, з почак пырснулі маленькія яркачырвоныя праменьчыкі кветак. Прыкметна зазелянела асіна, абвешаўшы галіны буйнымі катахамі.

Яшчэ не ажывіўся лес птушыным спевам, відаць, не прыляцелі крылатыя гаспадары з далёкага выраю, і толькі вечнамітуслівыя сінічкі працвінькалі звонка, пявуча, ды лясны жаўрук дзесь у гушчары нясмела вывеў пару руладак.

Затое зноў ажыў мурашнік. Рыжыя мурашы, здавалася, абляпілі дом-бугор. Мітусіліся, снавалі. Адны штосьці цягнулі, неслі, другія кудысьці спяшаліся, лезлі адна на другую, трэція аглядалі ваколіцы. І дзіўна, што такія маленькія істоты сваім рухам утваралі такі шум, што ён быў чутны за метраў пяць ад іхняга жытла. Што гэта было: свята вясны ці сустрэчы з сонцам, санітарная ўборка ці мурашынае вяселле, я так і не зразумеў. Гэта вядома толькі ім, мурашкам.

“Лёгкі хлеб”

Калі ёсць вольная часіна, люблю прагуляцца вузкай лясной дарогай. Вось і зноў іду павольна, спакойна, пільна ўглядаючыся то ўгору, то ўбок. Такая хадзьба дае асалоду, лагодзіць, будзіць розныя думкі, жыццёвыя разважанні, стварае нейкі асаблівы настрой. Заўсёды бачыш якісьці новы малюнак, адкрываеш нешта новае, іншы раз неспадзяванае.

На гэты раз убачыў дзятла. Звычайнага, пярэстага. Некаторы час ён быў заняты сваёй пастаяннай справай: дзяўбаў сухое дрэва. Рупна, заўзята. Пераляцеў з адной сухастоіны на другую. Мо я і не звярнуў бы ўвагі, калі б ён не стаў неяк дзіўна апускацца задам уніз па ствалу хвоі, нешта збіраючы. І толькі калі ён апусціўся на зямлю, я заўважыў пад дрэвам мурашнік. Дзяцел усеўся на самай вярхушцы муру і цяпер ужо не кляваў, а збіраў: дзюбай вадзіў па паверхні муравейніка, потым падымаў галаву ўверх і глытаў, як гэта робяць птушкі, калі п’юць ваду. Час ад часу дзяцел падскокваў уверх, лопаў крыллямі (мо адбіваўся ад насядаўшых на яго мурашак?), зноў садзіўся і прымаўся за ежу. Так працягвалася некалькі хвілін. І толькі добра паласаваўшыся, узляцеў угару, усеўся на галіну, абабраўся і скрыўся ў лясным гушчары.

Бач ты, хітрэц, не захацеў па адным чарвячку з-пад кары даставаць, а знайшоў больш лёгкі спосаб дабычы ежы. Як кажуць, знайшоў “лёгкі хлеб”.

Вестуны вясны

Сёлетні красавік не балуе нас цёплым надвор’ем: то дзьмухне халодным ветрам, то прыцісне марозікам, але вясна бярэ свае пазіцыі: днём цяплее, а ў сонечныя дні — наогул лагодна. І кожную долечку цяпла выкарыстоўваюць дрэвы і травы. Расслабілі свае завушніцы арэшнікі ды вольхі (сезон іх цвіцення), агалілі каташкі вербы ды асіны. А травы і зёлкі таксама не ўтрымаліся, асабліва ў зацішках: высунулі з зямлі чубчыкі мятліца ды чарнагалоў, разлажыў лісцейка бусельнік, паказалі галоўкі грамічнік і браткі. А самы ранні першацвет — крупкі — парадаваў нават сваімі кветачкамі. Бы хто крупы насыпаў па ўзгорку. Таму ў народзе і празвалі іх крупкамі. Хай і зусім маленечкія ды дробненькія і някідкія, хай і без паху, але ўсё-такі кветачкі.

Удоўка

Мінулай зімой у нашым садзе пасялілася пара дзікіх галубоў. Днём яны кудысьці знікалі, а на ноч садзіліся на галіну яблыні-пепінкі, што высіцца ў самым цэнтры саду. Сад невялікі, і ў марозныя дні ён наскрозь прадзімаўся халоднымі вятрамі. І чым большы быў холад, тым больш шчыльна туліліся птушкі адна да адной. А ў адліжныя дні любаваліся-мілаваліся між сабой, прыемна вуркаталі, жылі ў спадзеве на тое, што дачакаюцца цёплай вясны.

Але аднойчы, недзе ў канцы лютага, прапаў галубок. Не ведаю. ці то каршун злавіў, ці ў іншую бяду трапіў, але галубок знік. Самотная ж галубка некапькі дзён не знаходзіла сабе месца: то кудысьці знікала на кароткі час, то прылятала і плакала, клікала. Раней, калі жылі ў пары, пастаянна чулася прыемнае вуркатанне. Цяпер жа часта было чутно трывожнае манатоннае “ху-ху-у! ху-ху-у!” І так цэлымі днямі. Змаўкала толькі ноччу, самотна тулячыся да яблыневай галіны.

Дзесьці праз месяц пачаў наведвацца нейкі “кавалер”. Спачатку з кароткімі візітамі, сціпла. Праз пару дзён пачалі садзіцца поруч, а яшчэ праз дзён колькі зблізіліся: туліліся адзін да аднаго, вуркаталі, лашчыліся.

Як толькі дрэвы пакрыліся густой лістотай, закаханая пара пачала будаваць гняздо на суседавай чаромсе: ён насіў будаўнічы матэрыял, яна укладвала галінкі ды саломінкі, ладна масціла іх.

Зараз гэтыя птушкі пазменна сядзяць на гняздзе, чакаюць патомства. Шчасця вам, галубкі!

Лотаць

Хоць ужо самы канец красавіка, але запозненая вясна яшчэ не апранула зямлю ў пышную зеляніну траў, не расквеціла лугі і пералескі і нават не аздобіла палі густым дываном азіміны. Ды і прахалода, што зусім не па сезону, нават пры сонцы, што блытаецца ў хмарнай смузе, псуе настрой. Хочацца нечага веснавога, а яго няма.

І раптам тое “нешта” з’яўляецца, калі выходжу да прасторнай лугавіны, яшчэ пакрытай талай вадой. Тут, на мелкаводдзі, — лотаць. Буйныя залацістыя галоўкі кветак на сінім фоне — бы кавалачкі сонца, рассыпаныя па вадзе. Іх жоўтае святло радуе вока, радуе душу. І робіцца крыху цяплей. Бо нават непрыемны прахалодны ветрык адступае адсюль прэч з гэтай квітнеючай лагчынкі.

Да сонца ў госцікі

Ранішняе сонца заблыталася недзе ля гарызонту ў густаватых кучках хмар ды туманнай смузе, што лёгкай дымкай павісла над наваколлем. У паветры адчуваецца ладны марозік. За ноч замерзлі лужыны і канавы, застыла зямля. Але птушкам гэта не перашкода. Вясковыя вуліцы поўняцца ціўканнем вераб’ёў і посвістам шпакоў, кустоўе ды купкі лесу — зяблікавымі трэлямі, а поле звініць жаўрукамі.

Вось пульнуў з-пад самых ног маленькі камячок, павіс у паветры і па нябачнай нітачцы пачаў узбірацца ўгору. Рывок — і жаўраначак узняўся на ступеньку вышэй, зноў рывок — і ўзяты новы бар’ерчык. Нібы хто торгае за тую нітачку.

І кожны рывочак суправаджаецца песняй; чым вышэй жавараначак, тым званчэйшая песня.

— Лячу да сонца ў госцікі, лячу да сонца ў госцікі, — здаецца, хваліцца птушачка. Але “ў сонца ў госціках” ужо шмат такіх, як яна. Маленькімі верталёцікамі яны вісяць у паветры і звіняць, звіняць.

А сонца і праўда выблыталася з хмарнай пялёнкі і быццам расплылося ва ўсмешцы, дорачы кожнаму “госціку” па жменьцы цёплых сонечных праменьчыкаў.

Зялёны шум

Я некалі чытаў “Зялёны шум” Георгія Скрабіцкага і не мог зразумець, як гэта шум можа мець колер. А нядаўна, у адзін з цёплых сонечных дзён, зайшоў у лес і стаў сведкай, як нараджаецца лістота, і як увачавідкі мяняецца воблік лесу. Літаральна за некалькі гадзін бярозавыя пупышкі разлезліся і з-пад рыжых лускавінак высунуліся маладзенькія, далікатныя зялёныя язычкі-лісточкі. Гай зазелянеў.

І яшчэ я адчуў, што шум бяроз зранку, калі галінкі былі з набухшымі почкамі, і галінкі ўдзень, калі з’явіліся лісцікі, зусім розніўся. Цяпер ён быў лёгкі, падобны на стрыманы шэпт. І гэта быў не проста шум галін, а маладой пяшчотнай лістоты. Своеасаблівы, той самы, што пісаў пісьменнік, зялёны шум.

І гіне краса

У параўнанні з небагатай расліннай флорай сасоннікаў, лясныя нізіны і балоціны, што зараслі вольхамі ды беразнякамі, запярэсцілі суцэльным дываном ветраніцы. На ярка-зялёным фоне іх кветкі — белыя-белыя. Прыгожа! А паху няма. І толькі як разатрэш у руках сцяблінку, адчуеш лёгкі пах жывіцы. Дзіўна: з сасной ветраніца не сябруе, а пахне смалой.

Захацелася гэтай красой падзяліцца яшчэ з кім-небудзь, і не ўтрымаўся, нарваў невялікі букецік. Але праз гадзіну, пакуль ішоў, кветкі значна прывялі. Стомленыя, панікшыя, яны глядзелі на мяне і нібы прасілі ратунку — вады, ці мо дакаралі: ну, што ты зрабіў, чалавеча, з намі?

І стала не па сабе: я то знішчыў усяго жменьку кветак, а некалькі разоў бачыў, як гараджане, асабліва ў выхадныя дні, ды і вучні ў час экскурсій нарываюць вялізныя букеты, а пасля, калі кветкі звянуць, выкідаюць іх. І гіне краса. Колькі псоты!

Сарочыны працэдуры

Іду лесам. Нада мной і побач па-веснавому звонка і наперабой вызвоньваюць сінічкі. Мне хочацца слухаць гэтыя трэлі, бо пасля доўгага зімовага зацішша іх песня — прыемны душэўны эліксір.

Але непадалёк у крушынніку стракоча сарока. Моцна, працяжна. Праз негустое спляценне галін дрэў я добра бачу яе. Яна сядзіць на галіне вольхі, падскокваючы на месцы. Раптам сціхае, некалькі разоў нахіляе галаву, пільна ўглядаючыся ўніз, і імгненна сігае на дол.

Што там можа быць? Ціха падкрадваюся. Пад дрэвам — вялікі мурашнік, а ў ім — сарока. Распрасцершы крылы, яна корпаецца ў мурашыным скапцу. Мурашкі абляпілі яе з усіх бакоў. Дзеянне доўжылася некалькі хвілін. Нарэшце сарока ўстрасае крыламі, абіраецца дзюбай і ўзлятае на галіну.

Я ведаю, недзе чытаў: гэта сарока праводзіла лячэбны сеанс — так птушкі праганяюць з пер’я насякомых-паразітаў.

Дзедсад

Ля самай дарогі — стары спарахнелы дубовы пень. 3 паўднёвага боку — дупло, да самай зямлі раздаўбанае дзятламі ці якімісь іншымі птушкамі. А ў ім з-пад парахна выбіліся тры маленькія дубочкі. Відаць, калісьці сойка прыхавала жалуды на зіму ды не знайшла. І яны прараслі.

На дварэ ранняя вясна. 3 боку нізіны вее холадам, А маленькім, зусім яшчэ кволенькім дубочкам добра тут, у дзеда-пня ў абдымках, зацішна, утульна.

Ну, чым не дзедсад?

Асілкі

Лес. Дзе гусцейшы, дзе радзейшы. На ўзгорках сцяной тоўпяцца сосны, у балоцінах уладараць вольхі, а на астатнім абша-ры — помесь. У дружбе, згодзе растуць сосны і бярозы, вольхі і асіны, грабы і крушыны. Іншы лад у дубровах: там уладараць дубы. Вольна, шырока раскінулі галіны, ганарліва ўзняўшы магутныя верхавіны, самалюбіва адцясніўшы з-пад сваіх шатроў суседзяў-насельнікаў. Асілкі? Нахабнікі? Як хочаш думай. У жыцці лесу моц і сіла — аснова выжывання. Дубам сіла ад прыроды дадзена. У лясным царстве яны — усё-такі асілкі.

Чорны сум

Іду па лузе. Жухлая жоўта-рыжая трава шамаціць пад на гамі. Я помню, як калісьці, у дзяцінстве, быў на гэтым балоце. То было дзікае балота, з лагчынамі, залітымі вадой, з куп’ем, з кустоўем. І нават у халодныя веснавыя дні насілася мноства птушак: кучкамі, чародамі. Аж глушылі крыкамі, гоманам, гамам.

Цяпер — ціша. Тут прайшла меліярацыя. Балота стала то полем, то лугам. Так званы “тэхнічны прагрэс” ды нечалавечыя адносіны людзей да прыроды, у тым ліку да жывёл ды птушак, давялі навакольнае асяроддзе да краху.

Месцамі ўзнімаецца кучачка кнігавак, зрэдку працілікае кулік. Іншы раз убачыш парачку качак. Нават каля Прыпяці, дзе пануе браканьерстеа, іх не шмат.

Затое гракі ды галкі сталі асноўнымі насельнікамі, самымі масавымі прадстаўнікамі птаства у нашых мясцінах. І на душы, як і ў прыродзе, — чорны, бы гракі, сум.

Луг пасівеў

Выдалася некалькі цёплых майскіх дзён, і ўсюды: у садах, ля платоў, на паплавах і на лузе за ваколіцай — цвілі адуванчыкі. Густа. Здавалася, ні іншай травы, ні іншых кветак няма. Залаціста-жоўты дыван. Ідучы па лузе, я ўспомніў Міхаіла Прышвіна: “Перед окном у нас был луг, весь золотой от множества цветущих одуванчиков. Это было очень красиво. Все говорили: “Очень красиво! Луг золотой...”

Праз пару дзён пахаладала, падзьмуў паўночны вецер. Днём церусіў халодны дождж, іншы раз з рэдкімі сняжынкамі. Ноччу студзіўся дол, трава пакрывалася інеем. Потым зноў пацяплела. Як і тыдзень назад, я ішоў па лузе. Было шмат сонца і святла. Але акінуў поглядам луг і здзівіўся: ён быў белы. Замест раней квітнеючых адуванчыкаў на выцягнутых ножках стаялі дзьмухаўцы. Тысячы сівых шарыкаў. Здавалася — луг пасівеў. І падумалася: “Бач, і адуванчыкі, перанёсшы пакуты, нягоды, сівеюць”.

Сімфонія майскага дня

Можа, няма больш прыемнага месяца, чым май. Самы светлы і празрысты, самы зялёны і спеўны, хоць светлымі ды зялёнымі з’яўляюцца і ўсе летнія месяцы, але спеўным ды звонкім — толькі май.

Дзе ні ідзі, дзе ні едзь, паўсюды: і ў вясковых садах, і ў навакольных гаях ды пералесках, і нават у палях ды лугах — птушыны шчэбет, спеў і свіст.

І не трэба далёка хадзіць, каб паслухаць музыку майскага дня, бо гучыць гэты спеўны канцэрт тут жа, побач. Наперабой у садзе свішчуць зяблікі, ціўкаюць вераб’і, цвінькаюць сініцы; па-за хлявамі па-над полем звіняць званкамі жаўрукі; у недалёкай балоціне дзярэ дзяркач і плача кулік; а ў бліжэйшых зарасніках па-свойму непаўторна цёхкаюць і цмокаюць, свішчуць і шчабечуць салаўі. На ўсе лады вядуцца спевы. А хто тут лепшы спявак — паспрабуй разбярыся. Можа, нават самае кампетэнтнае журы не змагло б выявіць пераможцу. Бо кожны спявак — майстар, і кожны з іх дапаўняе іншых. І чуецца вясёлая сімфонія — сімфонія вясны.

Жоўтае мроіва

3 самага ранку хораша свяціла сонца. На полі, ля сасновага лесу, кіпела работа: ішла пасадка бульбы. Было прыемна, бо паветра поўнілася пахам цёплай зямлі, маладой травы і сасновай смалы. Але бліжэй да паўдня пах сасны рэзка ўзмацніўся. I нельга было не звярнуць увагі, як спачатку ў зацішку, а ў хуткім часе і над сасоннікам уздымалася жоўтае мроіва. Падыйшоўшы да дрэў, можна было ўбачыць, як маленькія жоўтыя пупышкі сасновых кветак выпускалі тоненькія струменьчыкі пылку. І ён уздымаўся ўгору, зліваўся ў вялікае жоўтае воблака. Пад лёгкім подыхам ветру гэтая жоўтая мярэжа шырылася, расплывалася над полем, над балотам, плыла ў бок вёскі, паступова радзела і там, удалечыні, станавілася незаўважанай.

Пад вечар прайшоў дождж. Густы, спорны. Ва ўсіх выямках, у каляінах дарог стаялі лужы і лужынкі. І кожная з іх пакрыта жоўтай плёнкай. Па краях лужыны — гэткія ж жоўтыя каймы. Людзі здзіўляліся з такога цуда, шмат хто казаў, што гэта, мабыць, радыяцыя асела, але мала хто ведаў, што гэта — сасновы пылок.

Лёс

Сярод вялікага ляснога масіву на штучным гожым прагале стаяць карпусы аздараўленчага комплексу “Чабарок”. Тут гаспадараць людзі. Вакол жа — лес: сосны, бярозы, елкі. Найбольш сосны — прамыя, стромкія, высокія, як карабельныя мачты. Глянеш — здаецца, неба верхавінамі кратаюць. Паважна махаюць кучаравымі галовамі ў такт ветру, аб чымсьці таям-ніча шэпчуцца, шумяць, з вобпакамі гамоняць.

У лесе сваё жыццё: камусьці добра і раскошна, камусьці цесна і балюча. Кволае дрэва тут не выжывае. Калі ж налятаюць буры, слабейшых валяць, а тых, што няпэўна трымаюцца за зямлю, выварочваюць з карэннем.

А нядаўна пракацілася навальніца. Першая, веснавая, з нясмелым громам. І толькі адзін удар маланкі яркім зігзагападобным вітком сігануў у бор, і грукнуў, апёк стройную, маладую сасну. Падсечанае дрэва з шумам і трэскам апусцілася на зямлю, пад ногі суседкам.

Дзіўна, маланка ўдарыла не ў самыя высокія дрэвы, што стаялі побач, і не ў дубы, што растуць тут, недалёка, а ў гэтае непрыкметнае дрэва.

І падумалася: лёс, ён бывае не толькі ў людзей, але і ў дрэў.

Салаўіны месяц май

У народзе кажуць: “Салаўіны месяц — май”. І праўда, як толькі ўсе дрэвы густа пакрыюцца лістотай, кожны лес, кожны гай і нават парк поўняцца салаўінымі спевамі.

У першыя дні па прылёту (а гэта бывае ў канцы красавіка) рэдка пачуеш спеў гэтай мала прыкметнай шэрай птушачкі. Відаць, занятасць будаўнічымі клопатамі не дае магчымасці мець вольны час. Затое, калі салоўка прымецца за наседжванне, нястомны птах пачне спяваць свае любоўныя “серенады”. Ёй, сваёй каханцы. Кожны дзень і кожную ноч напралёт.

У кожнага салаўя — свая зона. Чужак туды не заляціць.

І ці то на дварэ цяплынь, ці холад, ці нават дождж, а ён выводзіць свае рулады. Свішча і шчабеча, цёхкае і прыцмоквае, трашчыць і пішчыць. На ўсе лады.

У адной з народных песень спяваецца: “Ці ты еў, ці ты піў, салавейка?” І праўда, ці есць, ці п’е гэты птах усе тры тыдні, пакуль з’явяцца дзеткі? Бо тады ўжо, акунуўшыся ў сямейныя клопаты, не да песень будзе.

Рэкеціры

У апошнія майскія дні рыбгасныя сажалкі ажылі, напоўніліся шумам, гамам. Гэта ў чаек з’явіліся чаяняты. Малазаўважаныя раней птушкі цяпер сталі рухавымі: чубяць, скубуць адна адну, пішчаць, крэхчуць, свішчуць. Але самы важны клопат, якім прасякнуты чайкі, — харчаванне. Сябе пракарміць, можа, і не такая ўжо цяжкая справа, а вось патомства — ох, як нялёгка! Асабліва, калі дзеці ўжо падрастаюць і ўровень з дарослымі становяцца.

А таму ляцяць чайкі ў пошуках ежы, хто на поле, хто на луг, але найбольш — уздоўж канаў да прыпяцкіх завадзей, далін, азёр. Назад жа шыбуюць напрамкі. Па адной, парамі, а то і цэлымі чародамі. Шмат якія з іх, акрамя таго, што поўнае валлё наедку маюць, яшчэ і рыбінку ў дзюбе ў запас нясуць.

Але сярод гэтай вялікай колькасці чаек абавязкова маецца пара прыстасаванак-рэкеціраў. Штогод бачу гэту карціну: дзве крачкі кружаць ў паветры і чакаюць. Як толькі пралятае адна сама чайка з рыбкай у дзюбе, гэтыя двое яе атакуюць. Тая, бедалага, хоча ўцячы, кідаецца ўбок, у другі, зігзагам ляціць уніз ці ўзвінчваецца ўгору, але “піраты” не адстаюць. Праследуемая, заціснуўшы рыбку ў дзюбе, пішчыць, зноў спрабуе знайсці выйсце. Ды адной, нагружанай, стомленай, хіба лёгка ўцячы. І абавязкова або вырвуць рыбінку з рота, або вымушана выплюнуць. А тыя ўжо на ляту схопяць здабычу.

Аставіўшы гэтую чайку ў спакоі, сцерагуць другую, трэцюю і гэтак далей...

А вы думалі, што толькі ў нашым грамадстве ёсць піраты ды рэкеіцры? У птушыным царстве таксама ёсць.

Жаўруковы перазвон

Калі спытаць любога з нас, якіх птушак на Беларусі найбольш, то амаль кожны скажа — жаваранкаў. І праўда, яны паўсюды: ідзеш лугам, а над табой льецца звон гэтых мала прыкметных птушачак, ідзеш полем ці ўзгоркам — таксама.

Вясной, як толькі сыдзе снег, пачуеш першыя жаўруковы спевы. Спачатку кароткія, нясмелыя. 3 прыходам цяпла птушачкі вышэй узнімаюцца ўгору, шлях іх становіцца даўжэйшым, даўжэюць і песні.

Але апагеем жаўруковых спеваў з’яўляецца лета. Жаваранкі першымі вітаюць узыход сонца, яны будзяць дзень. Днём жа бясконца ўздымаюцца на нябачную для вока вышыню, свідруюць неба і звіняць. Звіняць бомамі, звіняць званочкамі. І ў перазвоне гэтых нястомных віртуозаў столькі замілаванасці, столькі красы, аздобленай пералівам розных таноў і адценняў!

І толькі недзе пад восень, калі прырода пойдзе на спад, калі трэба будзе задумацца аб выраі, жаўрукі змоўкнуць. Аж да наступнай вясны.

Вясёлкавы россып

Пасляабедкам, заняты працай на бульбяным полі, я і не заўважыў, што з боку Прыпяці выступіла хмара. Спачатку пра яе напомніў гром, што раптоўна праварчаў недзе зусім блізка, потым моцны вецер. Я, лёгенька апрануты, адчуў прахалоду, Трэба было ўцякаць, бо ні цяплейшай вопраткі, ні плашча не меў. А што, калі лівень? Хутчэй на веласіпед!

Першыя рэдкія, але даволі халодныя, кроплі дагналі мяне тут жа, недалёка. Трэба было шукаць укрыццё. І я яго знайшоў: па-над калектарам стаялі добра ўжо зляжалыя копкі сена. Падбіўшы край капы, я надзейна схаваўся ад дажджу.

А ён тут і не праліўся, сыпануў рэдкімі кроплямі, арасіў траву і заціх. Сапраўдны лівень прайшоў побач, літаральна за кіламетр. 3 шумам, нават з гулам.

Я вылез з-пад капы і здзівіўся — там была непаўторная прыгажосць: за спіной у мяне свяціла сонца, а спераду, на фоне цёмнай хмары і шэрай сцяны дажджу, свяцілася вясёлка. На паўнеба. I, здавалася, гэта не дождж, а яна шуміць-гудзе.

Паступова і хмара, і вясёлка, страчваючы колеры, адсунуліся за гарызонт. Следам за імі, выбраўшыся на дамбу, паехаў дамоў і я. Дарога, пакрытая лужамі і лужынкамі, была непрыемнай. Але затое луг, што пралёг ад дарогі і ўдалячынь, быў таксама непаўторна прыгожы. Адлівалі аксамітам на сонцы травы, а на іх фоне рознымі колерамі свяціліся кураслепы і смолкі, акопнік і рамонкі, шчаўе і мятліца.

Я не раз праязджаў тут, па гэтай дарозе, але такой прыгажосці чамусьці не заўважаў. Заўважыў зараз, што быццам бы гэты луг прыгажосцю фарбаў надзяліла вясёлка.

Абарона

Пасля абеду трава, прасохшая на спякоце, рэзалася з цяжкасцю, а таму прыходзілася рабіць частыя перадышкі. І, прытомленаму касьбою, — мне прыемна было прылегчы пад кустом у халадку, піць пах свежаскошанай травы, слухаць спеў птаства і бясконцы звон-гуд шматлікіх насекомых.

У адзін з такіх перакураў увагу прыцягнуў моцны строкат сарок. Гэты трывожны крык чуўся ўжо хвілін тры і паступова нарастаў. Я не вытрымаў, прыўзняўся і ўбачыў: метраў за трыста над самай зямлёй носяцца тры сарокі. Яны то падскокваюць, то ўзлятаюць, то зноў апускаюцца. І самае загадкавае, што відаць — у кожную з іх па чарзе ўдарае ці то камень, ці невялікі мяч. Ударыць — і адскочыць, ударыць — адскочыць... І так шмат разоў. Цікавасць разабрала мяне. Асцярожна крадучыся, набліжаюся туды. Ужо на больш блізкай адлегласці ўбачыў: гэта не камень, не мячык, а курапатка. Імкліва, стралой ударае ў кожную з сарок, каторая набліжаецца да яе. Тая не паспявае вывернуцца, і ўдар наносіцца трапна, дакладна.

Я ўстаю ва ўвесь рост і рашуча іду туды. Сарокі неахвотна разлятаюцца. На грудку ў нізенькай траве невялікая шэра-бурая купінка, а ля яе бегае курапатка. 3 маім набліжэннем курапатка звонка чокнула некалькі разоў і пабегла па грудку. “Купінка” ажывілася, таксама пабегла. А потым рассыпалася на маленькія камячкі.

Я захацеў паглядзець курапацянят зблізку, падбег крокаў колькі, апе птушаняты подбежкам памчаліся да больш высокай травы, шухнулі туды і зніклі з поля зроку. А курапатка, праляцеўшы дзесятак метраў, апусцілася ў траву і, адчуваючы выратаванне, зацёхкала. Радасна, звонка.

Прыцяжэнне

Ямка з-пад леташняй бульбы-насенкі размяшчаецца ля самай сцежкі, што вядзе да агарода. І ідучы да градак, іншы раз кінеш у яе погляд, а то і так пройдзеш, без усялякай увагі, заняты сваімі клопатамі і думкамі.

Але неяк нядаўна, праходзячы міма, глянуў туды і аж ахнуў: сценкі ямкі страшэнна зрыты, паўсюды норы, на якіх ярка выдзяляюцца сляды кіпцюроў, на дне — кучы пяску, а на самай сярэдзіне на невялікай кучцы саломы ляжыць вожык.

— Ах нягоднік! — пачаў я голасна лаяць звярка. — Што ж ты тут нарабіў? Я б яшчэ гэту ямку хоць на адну зіму выкарыстаў, а ты ўсю сапсаваў!

Але лай яго ці не, нічога гэтага ён не разумее, ды і справе гэта не паможа. Я асцярожна выняў вожыка з ямы, аднёс метраў на дзесятак і паклаў каля капы саломы. А ён, згорнуты клубочкам, паляжаў некалькі хвілін і, адчуўшы, што небяспека мінавала, разгарнуўся і падаўся ў траву.

На другі дзень, ідучы на агарод, я заглянуў у ямку і бачу: зямля яшчэ больш разрыта, а пасярэдзіне на саломе — зноў вожык.

— Аслеп ты ці што? — кажу. — Другі раз трапляеш у тую самую сітуацыю.

На гэты раз аднёс вожыка значна далей. На трэці ранак знарок пайшоў паглядзець, Зазірнуў у ямку — сядзіць мой вожык.

— Ты што, здурэў? — кажу і думаю: — тут нешта не тое. Гэта не выпадковасць. Быццам магнітам цягне звярка сюды.

Я ўлез у ямку, уважліва прыгледзеўся і ўбачыў у кучцы саломы чацвёра маленькіх важанятак. Чатыры пушыстыя камячкі. Попельна-белага колеру, на саломе яны амаль непрыкметныя.

Цяпер я здагадаўся: гэта самка. Відаць, захапіўшыся паляваннем, трапіла ў яму. Імкнулася вырвацца на волю, але дарма. Цяжарная, яна і нарадзіла тут дзіцянят. А тое, што і другі, І трэці раз падала ў яму — знарок. Мацярынскі абавязак — ратаваць дзяцей.

Спёка

Сухая вясна, сухое лета — як ніколі. Звычайна ў час касьбы ідуць дажджы, на Купала — таксама. Сёлета ж усё перайначылася, што ні дзень — адно і тое ж: спякота. Нібы хто напаліў вялізную печ і адсунуў засланку — дыхае млявай гарачынёй.

Кожны ранак, пачынаючы з усходу сонца, льецца нейкае, здаецца, ненатуральнае святло, Сонца ляніва ідзе на пад’ём — і гэта лянота перадаецца людзям. Яны робяцца нібы сонныя, і нават тых, каго падганяе работа, адольвае вяласць. Навокал пануе нейкая нязвыклая насцярожанасць: птушкі спяваюць неахвотна, хаваюцца ў засень дрэў ды кустоў; дрэмлюць жывёлы. Адны толькі авадні ды мухі ажылі і сталі больш назойлівымі.

А неба над зямлёю чыстае, на сіне-блакітным купале — ні хмурынкі. І калі нават з’явіцца якое воблачка, уміг растае, выпараецца. Нават ветрык, што іншы раз спрабуе асвяжыць паветра, ляніва супакойваецца. У паўдзённы час усё прагне дажджу. Трава на грудках парыжэла, а то і выгарала. На градкі глядзець непрыемна: апусцілі вушы буракі, панікла капуста, палёг ад стомы агурочнік, звялі бульба і гарбузы. У полі — тая ж бяда: аўсы ды ячмяні заўчасна пабялелі, а жыта, здаецца, пасівела, бы чалавек, перажыўшы вялікае гора. Нават дрэвы, асабліва на ўзгорках, звялі, ліст пакруціўся, нібы паблізу шугала вогнішча. Ляшчына зжухла, ліпы абмяклі. Заўсёды шапаткія асіны сціхлі. А бярозы ды вішні замігацелі першымі жоўтымі лістамі, падаючы знак бяды, якой можа дапамагчы толькі дождж,

Па росным лузе

Хоць ліпеньская раніца дыхала пахкім паветрам і свежасцю, але па роснай траве ісці было не вельмі прыемна, бо да цела ліплі мокрыя калошыны штаноў ды ў боты лезла вільгаць. А калі з-за хмары выглянула сонца, луг перамяніўся. Трава заблішчэла, заіскрылася. Я ўбачыў царства расы. Мокрыя травінкі, як маленькія аркі, сагнуліся пад цяжарам кропель, А яны, кроплі, буйныя, рознакаляровыя, брыльянтамі блішчаць, пераліваюцца. Куды ні глянеш — вочкі расы, здаецца, глядзяць на цябе, нават падсвечваюць табе, каб ты не азяб, забыўся пра непрыемнае адчуванне іх вільгаці.

І я адчуў, што іду не проста па роснай траве, а трапіў у росную казку, якая праз гадзіну-другую, калі паднімецца вышэй сонца, скончыцца. Беззваротна.

Прасвятленне

Звычайна такое пачуццё бывае ў сярэдзіне лета: вьйдзеш за вёску ў поле, глянеш, а яно быццам запнута нейкай заслонай, абцяжарана жытамі, ячмянямі, аўсамі, быццам нейкія штучныя сцены стаяць паміж табой і даляглядам.

Але калі пройдзе жніво, мы раптам заўважаем, што палі сталі прасторней, а далячыні — шырэй. Здаецца, быццам адхінута нейкая занавеска. Святлей, шырэй стала зямля.

Прасвятленне ў прыродзе, прасвятленне ў вачах. І прасвятленне ў душы, бо радуе, што хлеб, вырашчаны людзьмі, даведзены да ладу.

Туманная фантазія

Гарачы, бязветраны дзень канаў. І трава, як толькі раскалены дыск сонца закаціўся за гарызонт, ажыла, пасвяжэла і нават пакрылася дробненькімі кропелькамі расы. Над балотам і па-над прыпяцкімі лугамі навісала лёгкае мроіва туману.

За ноч туман згусціўся, а пад ранак павіс суцэльнай шэра-белай пялёнкай. 3 пагорка ўсё наваколле здавалася залітым беллю, бы малаком, і толькі месцамі над гэтай белізной, як сілуэты далёкіх гор, чарнелі верхавіны лазнякоў ды коп. Вербы, таксама разрэзаныя туманам напалам, здавалася, плавалі у шэра-белым моры і выглядалі фантастычна-вычварнымі сілуэтамі.

І прыгадалася дабрынінская песня: “Синий туман — похож на обман”.

Веянне нашага часу

Мінуў чэрвень. і патухла пярэстасць лугавога разнатраўя, паблеклі колеры надпрыпяцкіх лугоў.

Яшчэ гадоў дзесяць назад усю траву тутэйшых месцаў скошвалі мясцовыя жыхары, і ў паслятраецкі перыяд скрозь між лазнякоў ды між затокаў зелянела маладая атава, аж да Прыпяці.

Зараз састарыўся люд вясковы і няма каму касіць. Ідзеш ці едзеш і скрозь бачыш то бэзава-рыжы колер грудкавой мятліцы, то жоўта-рыжы — мёлы на падгрудках, то зялёна-рыжы — асакі ў нізоўях. Увесь прастор нагадвае выгляд выцвіўшай паношанай хусткі, што выкінула гаспадыня, як непатрэбную рэч.

Па-над сенажацямі пануюць журба і сум — веянне нашага часу.

Сонца ў вадзе

Я ішоў па беразе меліярацыйнага канала. Зверху, амаль у зеніце, паліла сонца, а ў вадзе, гэтакае ж яркае, але зусім не гарачае, было яшчэ адно сонца. Асляпляльна-белым шаром яно кацілася па канале. Я спыняўся — і яно спынялася, я рухаўся — і яно бегла па вадзе. Там, дзе павяваў ветрык і на вадзе гулялі хвалькі, другое сонца падскоквала, іншы раз рассыпалася на шматлікія кавалачкі, ператваралася ў блікі, пырскаючы вострымі праменьчыкамі.

Я спыніўся, прысеў, супакоілася і ніжняе сонца. І тады ўбачыў, што яно не проста адлюстраванне таго, сапраўднага, а яго памагатае: падсвечвае ваду, высвечвае кожны закавулачак дна, лашчыць водарасці, касары, шаўкаўніцу, песціць рыбак, жабак, жучкоў... А яшчэ заўважыў, што і трава ў вадзе і каля вады значна вышэйшая, чым тая, што на беразе. Адлюстроўваючыся, праменні сонца рассыпаюцца над вадой, надаюць больш святла і цяпла прыбярэжнай расліннасці, а таму яна і ростам вышэй, і больш сакавітая.

Лужыны

Канчаецца жнівень, і надвор’е — быццам падмянілі — паасянела; сонца грэе, але не спякотна, а калі на сонца і набяжыць хмарка — павее прахалодай. Ды і дажджы — не рэдкія госці. Няўтульна робіцца ў такую часіну. Затое, калі пасля дажджоў праясніцца неба, скрозь па лагчынах ды выямках — лужы. Вада ў іх чыстая, спакойная, і блішчыць, як люстра. Хочаш пераступіць каторую, глянеш уніз, а там — сіняя бездань, а ў ёй, недзе глыбока-глыбока, — белыя аблачынкі. Здаецца: не пераступіш лужыну, упадзеш у тую глыбіню. І крыху жудасна становіцца.

Туляга

Мо ні пра якую іншую птушку не складзена столькі песень, паданняў ды казак, як пра зязюлю (хіба толькі пра салаўя).

Мы чуем яе ў маі і чэрвені, а толькі настане ліпень, птушка замоўкне. Трапна прыкмеціў М.Някрасаў: “Кукуй, кукуй, кукушечка, подавишься ты колосом — не будешь куковать”. I праўда, паспеюць каласы жыта — зязюлі сціхаюць.

Але мала хто заўважыў, што вясной зязюля смелая, рашучая, а ў адносінах да малых пташак, якім можна падкінуць яйка ў гняздо, нават агрэсіўная. А ў канцы лета куды толькі дзяецца яе смеласць — яна становіцца тулягай. Ці то ў полі з’явіцца, ці то ў лузе, ці ў лесе — усюды за ёй з піскам нясуцца наўздагон дробныя птушкі. Пагражаюць ёй, нават б’юць. Мо, гэта расплата за тое, што ёй дзяцей гадавалі? Хаця, праўда, яна, адчуваючы віну за сваё няўдалае мацярынства ды за бяздомнае існаванне, сароміцца і сама туляецца ў засень дрэў ды кустоў. Туляга.

Пуховая рукавічка

Вечарэла, і ў бок вёскі ішлі і ехалі людзі: хто з поля, хто з сенакосу, а хто з рыбалкі. А дзед Валодзя на веласіпедзе вёз адну-адзіную шэранькую рукавічку. Убачыўшы на маім твары здзіўленне, спыніўся.

— Ва ўнукі горла захварэла. Адны кажуць — зоб, другія — шчытападобка, дык я рэмезава гняздо дастаў. Некалі людзі і зоб, і свінку такім гняздом лячылі, прычым, толькі “свежым”. Вось аблазіў каля Ажынскага возера лазнякі і знайшоў. Над самай вадой вісела.

Ды я і сам успомніў: калі ў дзяцінстве хварэў на свінку — гняздо рэмеза ратавала. Прыкладзеш яго да горла, абвяжаш шалікам — бы сем баб адшэпча.

Невялікая птушачка рэмез-сініца робіць гняздо выключна з вярбовага пуху. Умела ўвівае яго на вісячай вярбовай ці лазовай галінцы. Цёплае, пульхнае, з лятком (іншы раз з двума) у баку, нават ў дождж не прамакае.

А лекавую сілу, відаць, мае вярбовы пух.

Жнівеньскае павуцінне

Над лугам усталяваўся ціхі жнівеньскі ранак. Ружова-жоўты дыск сонца, што павіс над гарызонтам, высвечвае на траве кожны брыльянцік расы і кожную павуціну. А яны, павуціны, калі глядзець у бок сонца — сапраўднае тварэнне архітэктараў-павучкоў. Адны падобныя да мудрагелістых сетак, іншыя — як клеткі з тоненькага дроціку, трэція — штосьці накшталт кроснаў. Скрозь, між сцябламі высокай травы ці проста на траве, расстаўлены павуціныя шатры ды нацягнуты гамакі.

Кожная павуцінка — дасканалае архітактурнае збудаванне з дакладнымі геаметрычнымі разлікамі, з вытрыманай сіметрыяй, дзе нават пацеркі-расінкі павіслі, бы па разліку.

Настане дзень, і вецер парушыць, а то і зусім парве гэтыя сеткі, а за ноч павучкі зноў створаць свой архітэктурны цуд.

Дурнічкі

У птушыным асяроддзі панавалі мір і спакой: вераб’і скакалі па аўсянішчы, перабіраючы апалае пры ўборцы шалупінне, наперабой вялі ажыўленую размову; шпакі акупіравалі бліжэйшы грудок, бегалі, падскоквалі, падляталі, часта валтузі-ліся між сабою з-за нейкага там коніка ці жучка; а ластаўкі, запаланіўшы паветра, то ўзвінчваліся ўверх, то стрымгалоў праносіліся над зямлёй, нібы снавалі нябачную воку сетку. Здавалася, нішто не прадказвала бяды. І кожная з птушак была б задаволена сённяшнім днём, калі б не каршучок.

Ён вырваўся недзе з-за хат, стралой уляцеў сюды, на загуменне, урэзаўся ў самую птушыную гушчу.

Вераб’і трывожна ціўкнулі і ў адно імгненне шаснулі ў кучу ламачча, што ляжыць тут жа побач, на ўзмежку поля. Заціхлі, быццам іх тут і не было. Шпакоў, нібы ветрам здула. Збіўшыся ў рухавы клубок, падаліся недзе ўдалячынь. Адны ластаўкі не ўцяклі. Наадварот, убачыўшы драпежніка, дружна сыпанулі яму насустрач. 3 пранізлівым “цві-цві-цві” чарадой пайшлі ў атаку. А ён, зрабіўшы выгляд, што хоча ўцячы, вінтануў пару зігзагаў, замёр у паветры і спрытна схапіў адну з ластавак у кіпцюры, набраў ход і памчаўся ў недалёкі гаёк. Ластаўкі ж з галосным піскам яшчэ некалькі метраў ляцелі наўздагон, імкнучыся адабраць сяброўку, ды дзе там — хуткасць не тая.

;І гэта не першы раз бачу: дурнічкі, самахоць у кіпцюры лезуць.

Бусліны вырай

Хоць быў першы дзень верасня, але ў прыродзе нічога не напамінала аб восені; гэтак жа, як і шмат ранейшых летніх дзён, зранку смаліла сонца, сушыла зямлю; у паветры панавала бязветранасць і чулася гарката дыму, які слаўся па ўсім наваколлі недзе з далёкіх ці блізкіх балот і лясоў.

Над акаляючымі лугамі стаяла ціша. І нават над палямі, дзе скрозь капашыліся людзі, капаючы бульбу, галасы гучалі нягромка, прыглушана. І ніхто не звяртаў увагі на акружаючае асяроддзе, на засмужаную даль і на чырвонае ў дыме сонца.

Але калі ўверсе пачуліся сумныя галасы, падобныя на пералівістае сіпенне ці больш на плач кулікоў, многія ўзнімалі галовы.

А там, невысока, веславаў бусліны вырай. Шмат, мо больш за сотню птахаў нетаропка кружыліся і гэтак жа спакваля плылі на поўдзень.

За сваё жыццё я безліч разоў бачыў і чуў, як радасна і звонка клякочуць буслы пры сустрэчах, дзесяткі разоў бачыў сумныя і ціхія бусліныя адлёты, але ні разу не чуў, наб некаторыя з буслоў папісквалі гэтак, напамінаючы жалобны плач.

Можа, гэта плач развітання? Але больш верагодна, што гэтак птахі склікалі сяброў у далёкі шлях з задымленых прастораў роднага краю.

Чорная бяроза

Я не ў першы раз іду па гэтым сасновым бары; найбольш бываю восенню, у грыбную пару. І кожны раз натыкаюся на адну-адзіную чорную бярозу. Чарнастволая, яна зусім непрыкметная сярод бруднага сасонніку.

Літаральна за сотню метраў — лагчына, заросшая бярэзні-кам. Там светла і ўтульна. Кожная бяроза і нават бярэзінка адсвечвае белізной. Нават у пахмурны дзень там светла і лагодна.

А гэтая адзіная сярод сосен, брудна-белая, больш шэрая, з зялёным адценнем. Чаму? Хоць і вырвалася кронай па-над суседкамі-соснамі ўверх і шуміць на ветры сваёй зялёнай лістотай, а восенню лісце залаціцца, як і ў іншых бяроз, але, відаць, адзінота адолела ўсю бярозавуіо душу. Таму, можа, і ні святоцкасці, ні параднасці ў гэтага маладога, поўнага сіл дрэва няма.

Вераснёўскія клопаты

Верасень — самы клапатлівы месяц восені. Усе кудысьці спяшаюцца, чымсьці занепакоены. Працоўны люд шчыруе на палях, у агародах ды на сенажацях. Шмат якія звяры і звяркі рыхтуюць свае “кватэры” да зімы. Пералётныя птушкі, адны неўпрыкметку, другія дэманстратыўна, гурт за гуртом адлятаюць у далёкі вырай. Нават зімуючыя птушкі і то сталі больш занепакоеныя, узбуджаныя. Асабліва сойкі. Можа, не менш клопатаў маюць, чым людзі: ладзяць запасы на зіму. Крычаць, мітусяцца. Дзе які жолуд, дзе які арэх, нясуць у дзюбах, хаваюць, куды можна: у шчыліны і дуплы дрэў, пад пні і карэнні. Калі б падлічыў іх прыпасы — кожная цэлую торбу прыхавае.

А колькі схаванага да вясны не знойдуць! І калі не з’ядзяць мышы — прарастуць, дрэўцамі стануць. Гляньце на лясны падлесак, колькі маладзенькіх дубкоў, арэшнікаў з’явілася — гэта сойчыны саджанцы, вынік асенніх турбот і клопатаў.

Суладдзе душы і прыроды

Збор грыбоў — гэта патрэба. Спрадвечнае імкненне набыць грыбоў — гэтага смачнага ласунку. Але збіраць грыбы — гэта і асалода. Асалода ад музыкі лесу: твае вушы чуюць пошум ветру, шапаценне лісцяў, посвіст ці пераклік птушак; твае вочы чытаюць колер і фарбы апаўшай лістоты, іржавай ігліцы, парыжэлай травы, зяленіва імхоў, пярэстасць шматлікай колькасці грыбоў і квецень верасоў.

Усё гэта ператвараецца ў своеасаблівую чытку партытуры лясной сімфоніі, дзе ёсць высокія ноткі ўзрушэння і радасці з кожнай знаходкай грыба і нізкія ноты расчаравання пры няўдачах, дзе ты пераходзіш ад мінора да мажора ці наадварот.

Збор грыбоў — гэта суладдзе душы і прыроды, прыроды і душы.

Шпачыная рапсодыя

Зранку сонца блыталася ў смузе туману ды ў пялёнках хмар. Але бліжэй к полудню неба праяснілася, і сонечнае святло заліло наваколле, Адкрылася далячынь. Ва ўсёй сваёй красе прадсталі дрэвы і кусты, адсвечваючы золатам ды барвай.

На лузе і на бліжэйшых таполях ладзілі свой гармідар гракі. А над полем, дзе да суседняй вёскі цягнецца лінія электраперадач, усеўся вялізны гурт шпакоў.

Пяць правадоў — як нотныя лінейкі, ды і шпакі, што расселіся на правадах, так напаміналі ноты. І гэта былі не проста ноты, а жывыя. Яны варушыліся, некаторыя іншы раз перасядалі з месца на месца. І з гэтага вялізнага шпачынага гурту неслася песня.

І хоць птушкі спявалі не ва унісон, хоць у іхняй песні не было таго вясёлага задору, які чуецца вясной, і не было шматлікай варыянтнасці трэляў, але гэта была асенняя рапсодыя, сумная, можа, нават развітальная, але ўсё-такі прывабная і прыемная для чалавечага слыху.

Святло бяроз

Ужо некалькі дзён запар у паветры адчувалася вільгаць, часта накрапваў дождж, а таму на дварэ панавала шэрасць і панурасць. Чорна-шэрыя малюнкі наваколля ўсялялі ў душу будзённасць і апатыю.

Але ў адзін з такіх дзён надвячоркам вецер раздзьмуў пялёнку смугі, разареваў хмары і пагнаў іх на ўсход. На заходняй чыстай палове неба — хоць не гарачае, але яркае сонца, а на ўсходзе — паступова адплываючая тая шэрая маса, што днямі вісела нізка над зямлёй.

Ды не гэта кінулася ў вочы. А старыя галінастыя бярозы, што стаяць тут жа, непадалёк эа сажалкай. На фоне іх неба здавалася чорным, як сажа, а на фоне той чарнаты бярозы — белыя-белыя, асляпляльна белыя. I здавалася, гэта ўжо не сонца, а яны, бярозы, асвяцілі блізкія кусты і дрэвы, што яшчэ пярэсцяць асеннім уборам, азелянілі траву, кінулі святла на сажалкавую гладзь і, самае важнае, улілі жвавасці і надалі настрою прахожым, што любаваліся той прыгажосцю.

Лістапад

Яшчэ нядаўна дрэвы жылі будзённым жыццём: радаваліся сонцу і цяплу, поўнілі наваколле прыемным пошумам. Але з кожным начным пахаладаннем сталі мяняцца ўвачавідкі. Першымі адрэагавалі на замаразкі вішні і чаромхі: лісце пажоўкла, пакрасавалася дзень-два і дружна жухнула на зямлю.

Клёны і бярозы таксама раптоўна пажаўцелі, вязы (а з імі і некаторыя клёны) афарабаваліся барвай. Але неахвотна скідалі сваю лістоту.

І толькі, калі аднойчы ноччу стукнуў мароз, і белы іней перабраў кожную галінку, дрэвы не ўтрымаліся — заплакалі лісцем. Яшчэ і іней не ўвесь сышоў, зацопалі, зашамацелі залатыя ды чырвоныя злітачкі. Адзін, другі, трэці, чацвёрты... А дзьмухнуў вецер — безліч лісткоў, нават тых дрэў і кустоў, што засталіся зялёнымі, закружыліся ў паветры, шуганулі ўніз, з шумам апускаючыся на дол, сцелючы пярэсты дыван.

Арэхавыя завушніцы

Сосны, сосны... На пясчаных выспах, у замшэлых упадзінах — яны скрозь пасталі радамі, што цягнуцца недзе ўглыб, зліваючыся ў суцэльную гушчу. Сасоннік не малады, але і нецікавы, змрочны, нават нудны.

І раптам сцежка крута збягае ўніз. Тут, у яры, — арэшнік. Тут, хоць і месціцца густое кустоўе, — светла. Арэшнік паспяшаўся скінуць з сябе ўсю лістоту і стаіць галюткі. Яго някідкія жаўтаватыя лісты пульхнай коўдрай ляглі на дол. Затое на сваіх галінах арэшыны паспелі навешаць завушніц. Невялічкіх, светлазялёных. Не для фарсу ж, вядома. А каб першакрасавіцкімі днямі, калі бярозы і клёны толькі прачынаюцца, а ўсе астатнія дрэвы спяць, разам з вербамі і вольхамі першымі сустрэць вясну, зацвісці, запыліць, запахнуць, каб усе, хто будзе побач, заўважылі іх.

Песня журбы

Быў дзень бабінага лета. Сонца шчодра, амаль палетняму, ліло цяпло на зямлю. Над полем плылі павуцінкі, часта чапляліся на сухім зеллі, надаючы клопатаў падарожнікам-павучкам, няўдачнікам; а ў полі шчыравалі людзі: хто дакопваў бульбу, а хто ўбіраў буракі. Над прасторам панавала цішыня. І раптам некалькі разоў высвіснула флейтачка. Я прыгледзеўся — жаваранак. Спачатку нясмела, ляніва высвіснуў пару песенных тактаў, а потым затрапятаў крыльцамі, пачаў набіраць вышыню. Свістаў, ціўкаў, цокаў, сіпеў... Як ні імкнуўся наладзіць сваю песню, не ладзілася. І як ні імкнуўся ўзняцца высока ўгору, а вышыня не скарылася. Цікава, чаму?

Кажуць, што з адыходам бабінага лета жаваранкі адлятаюць у вырай. То, можа, гэта была развітальная песня? А хіба ж можа ладзіцца песня, калі на душы, як у нас, у людзей, кажуць, “чамаданны настрой”?

У асеннім лесе

Ідзеш лесам у час лістападу і адчуваеш, як мімаволі ў сэрца закрадваецца нейкі раздумлівы сум, асабліва ў пахмурнае надвор’е, калі нават днём трымаецца прыцемак.

Ісці сасняком, ці то маладым, ці то больш старым, усё адно — нудота. Яшчэ больш маркотна ў альховым лесе; чорна-зялёньі або рыжы ліст здаецца кучай іржавых бляшак. Шкрабаюць “бляшанкі” пад нагамі — непрыемна на душы.

Пасля першага замаразку дружна скінулі лістоту асіны. Ляжыць яна, лістота, шэра-свінцовай кучай, як непатрэбны хлам. Стаяць голыя ствалы, адліваюць халоднай зеленню. Нават, здаецца, павяваюць халадком.

Куды прыемней патрапіць да клёнаў ці ў бярозавы лес. Вабна, непадобна-прыгожа ўспыхнулі клёны ды бярозы. Ярка-залацістая ці аранжава-жоўтая афарбоўка адсвечвае святлом. А тая лістота, што паспела ўпасці (і далоністая кляновая, і бярозавыя медзякі), ляжыць пад нагамі мяккім дываном, надаючы змрочнаму лесу святла і святоцкасці, а душы — узрушанасці і настрою. Так і хочацца легчы на гэту пасцель, адпачыць і паслухаць, як кожны ліст, што падае на дол, шчоўкае, бы гадзіннік, які адлічвае час канца лістападу і прылічвае час набліжэння халадоў.

Развітанне

Рыбгасныя сажалкі размешчаны недалёка ад нашых задворкаў, а за задворкамі — агароды, каля самага рыбгаса. І жыццё птушак, што водзяцца на сажалках, у кожнага, хто імі цікавіцца, навідавоку. Тут, пачынаючы з першых красавіцкіх дзён і да асенніх халадоў, жыццё, як кажуць, б’е крыніцай. Вясной і на пачатку лета асабліва прыкметны чайкі.

Я прывык глядзець на іх, мітуслівых, працавітых, прывык чуць іх крыкі і нават адрозніваць крык трывогі, крык жалю або радасці,

Недзе з сярэдзіны лета чайкі знікаюць: перабіраюцца на надпрыпяцкія завадзі, затокі, азёры. Там яны, зусім малапрыкметныя, з ранку да вечара жыруюць, загадзя рыхтуюцца да адлёту ў свой вырай. І толькі аднойчы, у кастрычніку, з’явяцца, каб развітацца са сваёй маленькай радзімай.

Я чакаў гзтага “аднойчы”, бо яго можна ўбачыць вельмі рэдка. І дачакаўся.

На сажалках дзён дзесяць назад рыбгаснікі спусцілі ваду, вылавілі карпаў, і на чорнай гразкай плошчы з дробнымі лужынамі ўжо некалькі дзён гаспадарылі чаплі, кулікі, кнігаўкі. А дзён пару назад з’явіліся чайкі. Соцень можа дзве. З’явіліся перад самым захадам сонца. Апусціліся ненадоўга. Потым, усчаўшы моцны бязладны крык, пачалі ўзнімацца, ладзіць круг, накшталт карагоду. Паступова круг рос, шырыўся. Ён ператвараўся то ў вялізны клубок, то ў серабрыстую вазу. Птушкі кружылі, віліся, аж пакуль не сцямнела.

— Што гэта з імі? — думаў я.

І толькі на другі дзень, калі убачыў, што чаек ужо няма, здагадаўся, што гэта быў іх апошні танец — танец развітання.

Зазімак

З вечара нічога не прадвяшчала зіму: у паветры ўсталявалася ціша, лёгкі замаразак зацягнуў тонкім лядком шматлікія лужыны, ды чорнае неба высыпала мноства зорачак на сваё шырокае ўлонне.

Але апоўначы ўсчаўся вецер, завалок хмарамі неба і сыпануў снегам. Спачатку рэдзенька, потым гусцей і гусцей, а праз некалькі хвілін замалоў вялізнымі нябачнымі жорнамі — і за-кружыліся ў паветры мільёны лёгкіх пушыстых сняжынак. І нават, калі сцішыўся вецер, яшчэ доўга падалі пушынкі, клаліся белай коўдрай на наваколле, вешаліся кудзеляй на сосны і кусты. Цемень змянілася лёгкім прасвятленнем.

А ранкам прачыналіся людзі і радаваліся абнаўленню зямлі, беламу хараству і чыстаму паветру. Некаторыя нават шкадавалі, што не ўбачылі нараджэння зімы.

На пачатку зімы

Пачатак зімы заўсёды бедны на фарбы. Выпаў снег, і тая асенняя шматколернасць, што існавала ў апошнія дні восені, знікла. Ад снежнай белізны пасвятлела, і ў гэтым святле ярка вырысаваліся тры колеры.

Зверху — асмужанае неба, ад гарызонта да гарызонта навіс шэра-матавы купал. А на зямлі — чорна і бела. Сцены і франтоны будынкаў ды частаколы быццам вычарчаны тушшу. Ствалы і галінкі бліжэйшых дрэў таксама да тонкасці вымаляваны чорнай фарбай. Сасновы лес, што зубчатай сцяной стаіць непадалёк, за полем, і заўсёды вабіў сваёй зеленню, набыў цёмна-шэрае адценне. Нават слупы ды калы, апрануўшы каўпачкі, набылі новыя абрысы. А стагі ў бухматых шапках ўпадабалі выгляд шлеманосцаў.

Увесь астатні свет — у снезе. Навокал белым-бела, аж вачам балюча.

Рачная жаба

Першы снег, белы, чысты і лёгкі, заслаў наваколле. І пасвятлела ў лесе, у полі, у лузе, весялей глянулі на свет хаты, што пасталі на ўзгорку, звонкім смехам напоўніліся дзіцячыя галасы. Лагодней і лягчэй стала на душы і ў нас. І толькі рэчка чорнаю стужкаю прарэзала белы прастор, замаркоцілася, налілася шэрай тугой. Каб можна, спытаў бы, па чым туга яе такая: па спякотнаму лету з птушыным шчэбетам у прыбярэжных лазняках, па асенняй барве і золату з шумным лістападам ці па падвышанаму веснавому небу і гулліваму разводдзю? А можа, страх апанаваў яе перад суроваю зімою, як адзінокага чалавека перад бездапаможнай старасцю?

Тут у людскіх душах не разбярэшся, а паспрабуй зразумей журбу рачную. Першы снег, белы, чысты і лёгкі, заслаў наваколле. І пасвятлела ў лесе, у полі, у лузе, весялей глянулі на свет хаты, што пасталі на ўзгорку, звонкім смехам напоўніліся дзіцячыя галасы. Лагодней і лягчэй стала на душы і ў нас. І толькі рэчка чорнаю стужкаю прарэзала белы прастор, замаркоцілася, налілася шэрай тугой. Каб можна, спытаў бы, па чым туга яе такая: па спякотнаму лету з птушыным шчэбетам у прыбярэжных лазняках, па асенняй барве і золату з шумным лістападам ці па падвышанаму веснавому небу і гулліваму разводдзю? А можа, страх апанаваў яе перад суроваю зімою, як адзінокага чалавека перад бездапаможнай старасцю?

Тут у людскіх душах не разбярэшся, а паспрабуй зразумей журбу рачную.

Горкі лёс

3 бойкай шырокай шашы юркнула ў лес малапрыкметная цёмна-шэрая стужка асфальту, што вядзе да летнікаў і дзіцячага аздараўленчага комплексу. Паабапал яе — лясны масіў, найбольш сосны, бярозы ды елкі. Яны быццам расступіліся, даўшы дарогу людзям і машынам. І толькі на самым крутым павароце маладая яліна-прыгажуня (відаць, з-за красы яе дарожныя будаўнікі і пашкадавалі, не ссеклі) стала ўпрытык з асфальтам.

Бедная, колькі яна ўжо зазнала! І падламаны ніжнія галіны, і па ствалу не раз прайшліся барты грузавых машын, пакідаю чы дзе меншую, а дзе большую адмеціну, дзе здзершы толькі кару, а дзе і добра грызануўшы драўніну. І кожны шрам яліна гоіць, зацягвае густой смалой, што сцякае белымі ды янтарнымі пацеркамі. Глядзім і думаем: ці не слёзы гэта? Ці не аплаквае яна свой горкі лёс, сваё непапраўнае гора?

У белым палоне

Паступова рассеялася ранішняя смуга, расступілася заслона лёгкага туману, і перад вачамі адкрыўся казачны белы свет.

Учора яшчэ пярэсцілі вольхі тысячамі чорных рысак-плямак, што выглядалі з-пад снежных пухавак, шарэлі на фоне чыстага снегу брудныя ствалы бяроз ды выглядалі цёмнымі лапікамі з-пад снежных башлыкоў яловыя галіны. А сёння ўсё аб’іневела, усё ў белым палоне: і зямля, і дрэвы, і кусты. I не ведаеш, з чым параўнаць малюнак гэтага зімовага ранку: з белай зданню, з дзіўнай марай ці са светлым летуценнем. Але адчуваеш, што і ты, як і ўсё наваколле, у белым палоне.

У сховах зімовага вечара

Зноў той жа лес, зноў той жа іней і тая ж белая зямля. Але цяпер яны зліліся з колерам змроку, страцілі сваю іскрыстасць, згубілі яркасць белі. Цяпер пануе зімовы вечар, уладарыць мароз.

Над зямлёю — купал неба, высокі, чорны. І тысячы зорак, блізкіх і далёкіх, ярка-залацістых і пералівістых.

Іду, і пад нагамі звонка рыпіць снег. І рып гэты гучны, меладычны, у некалькі званочкаў, свісточкаў, смычкоў. I, здаецца, пырскаюць гукі з-пад ног, рассыпаюцца нябачнымі іскаркамі.

Стаю я, стаіць ноч нада мной, ды стаіць глухая цішыня. І толькі зрэдку гулка, раскаціста трэсне дрэва ў лесе, рэхам аддаючыся ў сонньім наваколлі. Гэта ўладарыць мароз.

Вестуны

У марозныя дні яны, чырванагрудыя, успушаныя, круглыя, як шарыкі, здаецца, зусім вяла ці няўклюдна пераскокваюць з галінкі на галінку. А то і зусім нерухома цэлымі гадзінамі, нягучна насвістваючы, праседжваюць у зацішнай гушчы парка, абрываюць крылаткі ясеняў і клёнаў і, прыціскаючы іх лапкамі да галінак, гэтак жа ляніва выклёўваюць зяленіва прамёрзла га насення.

Але перад адлігай яны ажываюць. Адкуль толькі бярэцца тая рухомасць! Пералятаюць уздоўж вуліцы ад садка да садка, аглядаюць дрэвы, вылушчваюць штосьці з-пад кары. Свішчуць. Звонка, раскаціста. Прыгожыя флейтавыя галасы поўняць наваколле.

Кажуць, гэтыя птушкі асабліва ажыўлена паводзяць сябе перад снегам. Яны — вестуны снежных ападкаў, таму і празвалі Іх людзі снегірамі, Вось і ўчора пасля абеду чародка ажыўлена, з гучным посвістам праімчалася ля нашай хаты. А сёння, і праўда, выпаў снег...

Цяпло рабінавых ліхтарыкаў

На фоне непрыгожых вясковых малюнкаў маласнежнай зімы дзве рабіны, абвешаныя гронкамі, свяціліся яркай чырванню. 3 прыходам вялікіх маразоў ягады яшчэ больш успыхнулі, за-ірдзелі вугольчыкамі.

Спакойныя амялушкі, прыціснутыя марозам, ажывіліся, паімчаліся ў пошуках ежы.

Вялікая чарада гайданулася стракатым воблакам у паветры і шухнула на рабіны. Абляпілі птушкі дрэвы і пачалі церабіць гронкі.

Прагаладаўшыся, відаць (бо голад не цётка, а злейшы за лютую мачаху), прагна, не проста клявалі ці елі, а здавалася, пілі.

Кожная амялушка сарве ягадку, задзярэ галоўку і каўтане. Зноў сарве, задзярэ галоўку і глытне. І калі па дарозе хто ішоў ці ехаў, птушкі зрываліся на хвіліну з рабін, садзіліся непадалёк на клёны — і зноў на дрэвы.

І так было доўга. Але без адзінага голасу, без адзінага піску.

Паляцелі птушкі. Патухлі ліхтарыкі, а з імі тая рабінавая краса, што была да прылёту амялушак. Але радавала, што тыя яркія вугольчыкі, якія панеслі з сабой птушкі, будуць грэць іх, хай і не надоўга, але надзейна.

Зімовы дуб

Дубы. На першы погляд яны знешне падобныя між сабой: маладыя — стройныя, з гладкай карою, старыя ж — магутныя, каржакаватыя ды шурпатыя.

Але мала хто ведае, што сярод дубоў сустракаюцца звычайныя і зімовыя. Апошніх мала. Вось і тут, на ўскрайку лесу, заўважаю адзін такі. Зіма. А ён стаіць у лістоце.

Чаму ж не скінуў дуб свой летні ўбор? А ён, відаць, паклапаціўся аб сваім блізкім будучым часе. Зімой рыжыя, пругкія ад марозу, лісты-далонькі добра засланяюць пупышкі ад злосных вятроў і пякучых маразоў, вясной лісты-ветразікі будуць лавіць сонечнае цяпло і аддаваць яго сваім будучым пераемнікам, а калі пачнуць развівацца новыя лісточкі, то старыя, адслужыўшы службу і перадаўшы эстафету сваім маладзенькім прадаўжальнікам, падуць долу.

Лесвіцы да сонца

Прытаміўшыся за некалькі гадзін працы ў сасновым лесе, прысеў. Прыгледзеўся — і першае, што кінулася ў вочы ў гэтай немаладой ужо пасадцы,што ў сосен, якія стаяць роўнымі радамі, сёння, пасля ціхага снегападу, ярка выдзеліліся аблямаваныя снегам сукі і галіны. Яны — як ступені, Кожнае дрэва — гэта лесвіца. І здаецца, што кожная сасновая вершаліна ўзбіралася па гэтай лесвіцы, абганяючы адна адну, уверх, на прастор, да неба — да жыцця. Бо выжываюць тыя, што вырваліся да сонца.

Завіруха

Зранку ў прыродзе было ціха, спакойна. І хоць у лесе многа снегу і па ім цяжкавата хадзіць, але было прыемна.

А пасля абеду неба пацямнела. Спачатку пайшоў снег, рэдкі, камкаваты, потым узмацніўся. Узмацніўся і вецер. Зашасталі вершаліны дрэў, заскрыпелі галіны. Яшчэ праз нейкія паўгадзіны тое ранейшае прыемнае адчуванне прапала і запанавала трывога, бо лес ужо быў ва ўладзе ветру: бярозы размахвалі галінамі-плёткамі, хвасталі адна адну, быццам уступілі ў злосную бойку; сосны гнуліся, навальваліся кронай на крону, незадаволена крахталі ці нават стагналі.

Трэба вяртацца дадому. Але што ж там, па-за лесам, у адкрытым месцы? А там, у полі, гуляла мяцеліца. Свістала, гула, сеяла, веяла. У снежнай віхуры зніклі-патанулі хаты, хоць да вёскі рукой падаць. Куды ні глянь — усюды бела. Вецер то збаўляў свой напор, то, сабраўшы ўсю моц сваю, шугаў, падхопліваў мільярды сняжынак, круціў іх над зямлёю, збіраў у белыя шлейфы і або складваў у зацішныя месцы ў гурбы, або нёс недзе ўдаль, у замроеную снегам бездань.

Сарочыя пасядзелкі

Вечарэла. Я быў заняты сваімі звычайнымі гаспадарчымі справамі. Чараду клопатаў і думак, што пастаянна снуюць у галаве, перарваў сарочы строкат, які даносіўся недзе з-за хлява. Здалося, строкат трывожны, а таму мяне зацікавіла, што там дзеецца. Асцярожна, каб не спужаць птушак, выглянуў. На суседавых бярозах сядзела сем сарок. Убачыўшы мяне, замоўклі. І цікава тое, што больш яны не вымавілі ні гуку. Праходзілі хвіліны, паўгадзіны, гадзіна і больш, я ўжо закончыў сваю работу, хадзіў у хату і выходзіў на двор, а яны ўсё сядзелі: нерухома, з выцягнутымі галовамі, павернутымі дзюбамі да заходзячага сонца, з апушчанымі хвастамі. І здаваліся перавернутым шклом керасінавых лямпаў — спадарожнікаў майго дзяцінства, Нават успомніліся доўгія зімовыя вечары пры тых самых лямпах-керасінках.

А калі сонца закацілася за гарызонт, сарокі перакінуліся некалькімі нягучнымі воклічамі і ціха разляцеліся хто куды. Я так і не зразумеў, для чаго яны збіраліся ў гурт: ці то засумавалі адна па адной, ці то пагрэцца ў промнях неласкавага зімовага сонца, ці то на нейкую параду. Так і засталіся іх доўгія пасядзёнкі пакуль што неразгаданай загадкай.

Снег-выратавальнік

3 восені іх было шмат, гэтых рухавых, імклівых курапатак. А цяпер маленькая, каля дзесятка штук, купка. У чым прычына? Холад і голад? Паляўнічыя? Цікавасць разабрала мяне — захацелася паназіраць,

У больш цёплыя дні яны забягалі ў кусты алешніку, у ветраныя — хаваліся ў завішэўшай траве бліжэйшай балоціны, тулячыся між купін, у марозныя — асмельваліся падбегчы да самых нашых двароў, але найчасцей іх можна было бачыць сярод поля. Там, дзе з-пад снегу віднеліся зялёныя пучкі азіміны.

На гэты раз яны прабеглі ўздоўж лыжні, дзе хлапчукі часта прасыпалі ім зярняты, узбеглі на жытнёвае поле, разгрэблі снег і, сабраўшыся ў кучку, замерлі. Ці то грэліся, прытуліўшыся адна да другой, ці то жывіліся азімінай. Здавалася, у гэтай дружнай сямейцы пануюць лад, цеплыня і шчасце, але раптам з-за алешніку імкліва, як страла, з’явіўся коршун. Трывожнае “чэк! чэк!” прарэзала цішыню. У адно імгненне курапаткі, звонка лопаючы крыламі, узняліся ў паветра. Спачатку хто куды, і нават коршун, відаць, разгубіўшыся, быццам бы спатыкнуўся, на хвіліну завіс у паветры. Потым прыкмеціў, што курапаткі зляцеліся зноў у кучку, імкліва накіраваўся да птушак. Курапаткі то зляталіся ў клубочак, то зноў трывожна рассыпаліся. Не адставаў і коршун, Здавалася, што ён вось-вось дасягне сваёй мэты. І раптам звонкая каманда “чы-кір!” — і адна з птушак каменем урэзалася ў намечаную на краю поля гурбу снегу. “Чы-кір, чы-кір”, — пранеслася ў адказ, і спужаныя курапаткі таксама бухнуліся ў снег,

Разгарачаны пагоняю драпежнік зноў спатыкнуўся ў паветры і ці то ад нечаканасці, ці то ад злосці голасна прасіпеў і, можа, нават не зразумеўшы, што тут здарылася, праляцеў яшчэ крыху і ўсеўся на слуп электралініі. Колькі хвілін ён сядзеў нерухома, потым пачаў неспакойна паварочвацца і, відаць, незадаволены, вяла падаўся назад за алешнік.

Некаторы час над полем панавапа цішыня. Потым з гурбы снегу паказалася галоўка першай курапаткі. Разоў некалькі пакруцілася вакол, і вось ужо звонкае “цю-фік” абудзіла цішыню, маўляў, небяспека мінула. 3-пад снегу паказалася адна, другая, трэцяя, а за імі астатнія галоўкі. Паказаліся пушыстыя камячкі, збегліся. Яны то нахіляліся да снегу, то зноў туліліся да яго. І здавалася, што птушкі цалуюць снег, дзякуюць свайму выратавальніку.

Сонечным днём

Стукнуў мароз, і ўсталявалася пагода. Заззяла сонца, і ўсё навокал набыло новыя колеры, адценні. Неба налілося лазур’ю. І снег у цяністых мясцінах адлівае сінявой. Затое з сонечнага боку ён праменіцца пазалотай. І мала таго, іскрыцца мільярдамі іскрынак, брыльянцікаў, дыяментаў і надае снежнаму дывану незвычайны выгляд.

Ажыў і лес: алешнік набыў цёмна-фіялетавы колер, бярозавыя кроны — светла-карычневы, а той жа за полем сасоннік — зялёны да чарнаты.

А ўся далячынь, што ў пахмурныя дні вісела шэрай заслонай, стала светлай, чыстай, празрыстай.

Верабейкі

Кожны ранак, толькі-толькі разднее, яшчэ і куры сядзяць на седале ў куратніку, а яны, вераб’і, тут як тут. 3-пад стрэх нашага хлява ды суседавай хаты, дзе яны начуюць кожную ноч, імкліва нясуцца сюды. Зярняты, што не сабралі ўчора куры, — іхнія. А выпусціш курэй на кармленне, сыпанеш ім зярнят — зноў верабейкі тут. І я іх не праганяю, бо заслужылі любоў ды пашану.

А справа вось у чым: вясной, са з’яўленнем квецені ў садзе, з’яўляюцца і першыя вусені; а з часу, калі на дрэвах зазелянее лістота і да восені, якіх толькі шкоднікаў няма! Вось тут то і праяўляюць сябе вераб’і, спачатку — дарослыя, а потым — і вывадкі. Штодзень напаўняюць сад звонкім ціўканнем, снуюць у кронах дрэў, мітусяцца, перабіраюць кожную галінку. А таму і зелянее штолета мой сад, ды, калі ўраджайны год, родзіць, што галіны абламваюцца пад цяжарам пладоў.

Кажуць, самыя працаздольныя сінічкі. Мо і так. Але сінічкі — вандроўныя санітары, вераб’і ж — пастаянныя. Яны нашы пастаяльцы. То як жа не пакарміць іх? Шчэ і дзякуй трэба сказаць.

Ручай

Напрыканцы студзеня мароз, што мацаваўся ўсе зімовыя дні, лопнуў. 3 захаду павеяла цеплынёй, і снег, які тоўстым пластам укрываў зямлю, імгненна пачаў раставаць, ператвараючыся ў незлічоную колькасць азёрцаў, лужын, ручаёў.

Адзін з іх, змяісты, вірлівы, імкліва бег з узгорка, кідаўся па лагчынках, па ялінках, між купінак, на паваротах завірваў, быццам спяшаўся ў балоціну, дзе ўжо сабралася цэлае азерца вады.

Я глянуў на свае забруджаныя боты і вырашыў памыць. Ступіў на дно ручая. Ногі як бы перагарадзілі плынь, і ручаёвая вада пачала паднімацца, бурліць ля ног.

Ці то ручай злаваў, што я перагарадзіў яго, перашкаджаю вольнаму бегу, ці то цалаваў мае боты, просячы, каб я сышоў з дарогі.

І я выйшаў. Глянуў на боты: яны люстрана-чыста блішчалі на сонцы. А ручай зноў свабодна каціўся, бег, несучы ў балотца ваду, поячы адтаўшую зямлю жыватворнай вільгаццю.

Сярэбраны звон

Ноччу працерушыў імжысты дожджык, асадзіў набраклы вільгаццю снег, дабавіў вады ў лужынах, а перад ранкам прыціснуў мароз, зашкліў лужыны, спрасаваў у цвёрдую скарыначку адкрышталізаваны снег, пасерабрыў лапіны-праталіны, дарогі, дрэвы, правады, прыкрыў іх лёгкім пушком інею.

Раніцой прыемна было выйсці на двор, паглядзець на гэтую зімовую навісь, прайсціся па лужынах і паслухаць, як звініць пад нагамі ледзяное шкельца і як рыпіць спрасаваны марозам снег, падыхаць чыстым, свежым паветрам.

Дзьмуў з усходу вецер, і пры кожным яго парыве было чуваць, як скрыпяць абледзянелыя галінкі. Яны то ціха шапталіся, то патрэсквалі, то шамацелі, і толькі вішні больш прыемна адзвоньвалі. І дзіву можна было дацца, калі пастаіш пад бярозай: тонкія яе галінкі яшчэ ніжэй нахіліліся. Абледзянелыя, яны адлівалі серабром і пры кожным подыху ветру ўдараліся адна аб адну і ледзь чутна звінелі. Я стаяў, а гукі ўсё ліліся і ліліся. І невыказна прыемна было слухаць гэтую незвычайную сімфонію ветру.

Жывіце з прыродай у ладзе і згодзе!

Кузьма Чорны казаў: “Чалавек — гэта цэлы свет”, але і кожныя звер і птушка, рыбка і жучок, кожныя дрэва і кветка — таксама своеасаблівы свет. Паглядзіце навокал, паглядзіце пад ногі — усюды жыццё, часам таямнічае і дзіўнае.

А як жывуць рэчка ці возера, поле ці луг? Прыгледзьцеся, нават у звычайным можна ўбачыць незвычайнае. І ўбачанае то здзіўляе нас, то радуе, то вучыць.

Свет прыроды — прыгожы і чароўны. Але прыгожым і чароўным ён можа быць толькі там, дзе чалавек жыве з прыродай у ладзе ды згодзе.

Дык любіце прыроду, і сваю любоў перадайце дзецям сваім, хай зберагуць гэту красу для патомкаў.


На верх старонкі