Дадатак да альманаха “Лунінецкая муза”

Вера Зарэцкая

Зарунела літаратурная ніва...

«Літаратурныя старонкі» гісторыі Лунінеччыны

Аксана Спрынчан (1973)

Аксана Спрынчан прадоўжыла сямейную паэтычную традыцыю і ў той самы час парушыла яе. Бацька і дзед паэткі належаць да рускамоўнай плыні ў беларускай літаратуры. Праўда, і беларуская мова ім не чужая: дзякуючы Браніславу і Вадзіму Спрынчанам і наша мастацкае слова гучыць на іншых мовах свету. Аксана Спрынчан нарадзілася ў Лунінцы, заканчвала сярэднюю школу ў Мінску ў час новага вітка беларускага адраджэння і ўздыму нацыянальнай самасвядомасці. Таму зусім не дзіўна, што яна паступіла на аддзяленне беларускай філалогіі БДУ.

Разам з тым у гэтым выбары нашай зямлячкі, трэба думаць, не апошнюю ролю адыгралі яе палескія карані. Усе канікулы, па прызнанні Аксаны Спрынчан, яна праводзіла ў Лунінцы ў дзеда з бабай. Немалаважна і тое, што іх хата знаходзілася на яго ўскраіне, на вуліцы, дзе жыццё яе насельнікаў нічым не адрознівалася ад вясковага з традыцыйнымі сялянскімі клопатамі, заняткамі, з традыцыйнай адкрытасцю, дзе кожны пра ўсіх усё ведае, як усе і пра яго, дзе яшчэ моцна трымаліся спрадвечнай народнай маралі. “Я заўсёды ў Лунінец з Мінска, — гаварыла з сваім інтэрв’ю Аксана Спрынчан, — прыязджала з адчуваннем наведвання вёскі: свае хаты, свае двары, свае калодзежы… Вакол былі вельмі цікавыя людзі: мудрыя, але вясёлыя, з гумарам”. Падлеткам паэтка была ўключана ў заняткі, якія былі клопатам яе сваякоў: палола грады, капала бульбу, пасвіла кароў.

Студэнцкія гады Аксаны Спрынчан (1990 – 1995) прыпалі на выключны перыяд у гісторыі Беларусі — вяртанне дзяржаўнага сувернітэту. Праўда, на гэты час яе сувязь з Лунінцом слабее. Час маладосці, юнацкія захапленні пераарыентавалі яе прыярытэты. Было тут, аднак, і тое, што стала і застаецца найвялікшай народнай бядой — Чарнобыль. Яго попел пакрыў мясціны Аксаны Спрынчан.

Пасля заканчэння універсітэта і аспірантуры Аксана Спрынчан працавала ў выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. Часта бывае на лецішчы на Лысай Гары, якая стала вядомай, дзякуючы Нілу Гілевічу і яго сатырычнай паэме. Тут паэтка знайшла штосьці блізкае да таго, што ўвайшло ў яе жыццё ў Лунінцы. На пытанне карэспандэнта пра ролю спорта ў яе жыцці адказала: “Пераканана, што збіранне грыбоў, капанне бульбы, праполка градаў больш карысныя за спорт і для цела, і для душы”.

Аксана Спрынчан у 2000 г. заявіла пра сябе як паэтка. Вершы яе друкаваліся ў розных выданнях. Наша зямлячка становіцца сябрам суполкі маладых пісьменнікаў “Літаратурнае прадмесце”. У 2004 г. выйшаў яе першы зборнік “Вершы ад А.”, які быў прыхільна сустрэты чытачамі. У друку з’явілася некалькі на яго рэцэнзій. Праз год Аксана Спрынчан уступае ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. Сімптаматычна, што білет ёй уручаў паэт і бард намеснік старшыні аб’яднання Эдуард Акулін у Лунінцы. Цяпер паэтка рыхтуе да выдання другі свой зборнік. Хочацца верыць, што ён парадуе новымі цудоўнымі вершамі і засведчыць: у асобе Аксаны Спрынчан паэт адбыўся. Бясспрэчным з’яўляецца тое, што ў ім значнае месца будзе займаць лунінецкая тэматыка і праблематыка, бо ў зборніку “Лунінецкая памяць” (Мн., 2006) змешчана цэлая нізка вершаў “Як лёгка мне над Лунінцам лятаць…”.

Аксана Спрынчан увайшла ў беларускую літаратуру з выразным індывідуальна-аўтарскім не толькі светаадчуваннем, але і яго мастацкім увасабленнем. Кола праблем, якія хвалююць не толькі традыцыйнае, але нават традыцыяналісцкае: каханне, творчасць, родны кут. І зусім цяпер у беларускай паэзіі не рэдкасць хоку, танку, верлібр. Нельга сказаць, што ў яе вершах не праглядваюцца ўплывы і наследаванні. Яны ёсць, і іх паэтка з Лунінца не хавае, часам ствараецца ўражанне, што яна іх знарок падкрэслівае — Л. Дранько-Майсюк, У. Караткевіч, М. Шагал. І справа зусім не ў тым, як адзначаюць некаторыя рэцэнзенты, што праз каханне самарэалізуецца асоба лірычнай гераіні, і не ў тым, што гэтае яе пачуццё пазбаўлена эгаізму, рэўнасці, мітусні, а найперш у выяўленні жаночага “я” лірычнага суб’екта, яе гендэрнасці, нават не жанчыны ўвогуле, а менавіта яе як індывідуальнасці.

Разам з тым нельга сказаць, што гераіню Аксаны Спрынчан не хвалююць грамадскія праблемы. Сваю грамадзянскую пазіцыю да лёсу Радзімы, мовы свайго народа яна раскрывае ў вершах “Я чытаю камяні…”, “Вялікае княства любові”. У вершах Аксаны Спрынчан неразрыўна паяднана і інтымна-асабістае, і грамадска-асабістае. Гэтым, напэўна, тлумачыцца тое, што ў паэткі з Лунінца пачынае займаць усё большае месца вобраз роднага кута, тое асяроддзе, якое фармавала яе як асобу. “Тое, што закладзена ў маленстве, — адзначала Аксана Спрынчан у адным з інтэрв’ю, — наўрад ці можна трансфармаваць у значна іншае, хіба што ўдасканальваць. Вельмі важнай здаецца мясціна, дзе ты нарадзіўся. Там існуе такая моцная энергетыка, якая быццам дае табе сілы, калі трапляеш ў нейкія складаныя жыццёвыя сітуацыі”. Напэўна, не дзеля прыгожага слова наша зямлячка адзначыла: “У многіх маіх вершах прама ці апасродкавана прысутнічае Лунінец — ціхі горад майго дзяцінства”.

Спынімся на вершах Аксаны Спрынчан, дзе горад яе нараджэння прысутнічае прама. Ён не проста ўзводзіцца на паэтычны п’едэстал. А выступае ўвасабленнем гармоніі, натуральнасці, загадкавасці, цудоўнай таямнічасці. Вобраз роднага краю ўваходзіць у паэзію Аксаны Спрынчан не толькі праз геаграфічныя назовы — Лунінец, Прыпяць, Белае і Чорнае азёры, але праз падрабязнасці побыту, праз спецыфічныя фарбы. Яе вершы лунінецкай праблематыкі населены звычайнымі, не новымі вобразамі: абрыкосы, грушы, вішні, вяргіні, скваркі, дранікі… Але ў паэтычным кантэксце яны надаюць арыгінальнасць і свежасць:

Я нарадзілася
ў маленькім паўднёвым горадзе,
дзе растуць бурштынавыя абрыкосы,
і вінаград колеру закаханых вачэй,
дзе чырвоныя купалы вяргіняў
упрыгожваюць чырвоную царкву,
дзе грушы падаюць у жніўні, як знічкі.
Прадметам мастацкага ўвасаблення нашай зямлячкі можа быць карова, па мянушцы Роза, якую яна некалі пасвіла. Для лірычнай гераіні той даўні свет, калі яна жыла ў дзеда з бабай, — “лунінецкі вырай”, якому яна дае слова вернасці, слова сяброўства і блізкасці, з якім яна заўсёды на “ты”.

На жаль, той яе лунінецкі вырай знікае: няма ў жывых дзядулі Мікалая і бабулі Надзі, зруйнаваны калодзеж, дзе была такая смачная вада, высечаны вязы, хай і з добрымі намерамі: упарадкаваць вуліцу, гінуць грушы, якія дзед у свой час песціў, дажывае фактычна свой век хата, дзе нарадзілася, куды заўсёды радасна вярталася. Хоць паэтка разумее: усё, што мае пачатак, мае і канец, але гэта нялёгкія для яе страты.

У нізцы “Хоку на Царкоўнай вуліцы” (ранейшая назва цяперашняй вуліцы Гагарына, якая вяла некалі Аксану з чыгуначнага вакзала да роднай хаты) паўстае той колішні свет лірычнага суб’екта Аксаны Спрынчан з выразнай праекцыяй на сучаснасць. З аднаго боку, царква, дзедавы грушы, вышыванкі крыжыкам, кроп у агародзе, букет васількоў, лупленне старой бульбы, а з другога — зоркі, знічка, надзея, жыццё, памяць, смерць, слёзы. Праз гэтыя вобразы раскрываецца лірычны суб’ект, усведамленне ім бегу часу, адчуванне страты, нечага вельмі важнага і дарагога ў жыцці:

З далоні ў далонь
перасыпаю пясок.
Цяплей і меней.
Гэтым настроем пранізаны вершы “Сведкі”, “Мама просіць…”

У творы “А Віцебск зараз…” Аксана Спрынчан праводзіць прамую паралель паміж роляй Віцебска ў жыцці і творчасці Марка Шагала і Лунінцам у сваім. Яе жыццёвае крэда сфармулявана ў гэтым вершы так:

… гучаць,
як Прыпяць,
у палескім слове.
У гэтым слове
вымавіць цябе,
у гэты слове
вымаліць цябе,
у гэтым слове
вымаўчаць цябе
і лёсна,
і балесна, і нябёсна.
Таму зусім невыпадкова ў багацейшай бібліятэцы Спрынчанаў знайшлося месца сціплай брашурцы “Лунінец”. Нагадвае яна не проста паэтцы пра яе вытокі, а вяртае ў краіну яе дзяцінства і ранняга юнацтва, нагадвае пра абавязкі перад гэтым месцам на планеце.
На верх старонкі