Творчы клуб “Лунінецкая муза”

Зараджэнне балот

Наш край, як вядома, шмат тысяч гадоў назад пперажыў нашэсце ледавіка, які пасля сябе пакінуў шнуры невялікіх узгоркаў, узвышшаў — марэнаў, а паміж імі на большай частцы тэрыторыі — нізіны, скрозь залітыя вадой, якая бурна сцякала ў нізкадолы. На голую зямлю паступова высаджваўся раслінны дэсант — шматлікія і разнастайныя зачаткі, насенне, споры, пылок. Яны ўсімі сваімі сіламі чапляліся, замацоўваліся каранямі, прысоскамі да зямлі і ажыўлялі яе.

Паступова спадала вада. І паміж узвышшаў з’явілася мноства азёр і нізоўяў, адрэзаных ад воднай прасторы. Адразу ж і тут зараджалася жыццё — на іх дно ляглі першыя заснавальнікі балот: імхі і хвашчы, тонкія валокны раслінных тканак, бязважкія споры, першыя сціплыя пасляледніковыя кветкі, трапілі рэдкія залётныя насякомыя. З таго часу пачаўся доўгі, бясконцы шлях у тысячы і тысячы гадоў — шлях стварэння балотнага грунту.

Міналі стагоддзі. Прыпяць адпампавала свае воды ў Днепр, стала абмежаванай берагамі, і толькі ў час разводдзяў паказвае свой круты нораў. Абмялелі і яе шматлікія прытокі, вызвалілася ад лішняй вады прастора, і ў поймах тых рэчак і рачулак пачаўся працэс верхавога забалочвання.

Працэс забалочвання

Сухадолы паступова засяляліся травяністай ці лясной расліннасцю, а ў далінах, дзе назапашвалася вада, пачаўся працэс росту балот. На сухадоле штогод нарастаючая колькасць новага арганічнага рэчыва амаль цалкам за цёплы перыяд года разбураецца. На балоце ж на працягу соцень і тысяч гадоў ствараецца зусім новая глеба, якая рэзка адрозніваецца ад зыходнай пароды (пяску, гліны). У балотнай глебе назапашваецца высокая канцэнтрацыя арганічных рэчываў.

У нізінных балотах расліны, баючыся захлынуцца, упарта цягнуцца ўверх, накопліваючы, адкладваючы пад сабой свае ж адмершыя часткі — торф. Насельнікі балот уласнымі целамі спрадвек гацілі і гацяць цяпер пераўвільготненыя паніжэнні акаляючага асяроддзя.

Забалочванню падвергліся і шматлікія азёры, асабліва мелкія або ў якія ўпадалі рачулкі ці канавы, што неслі глей у вадаём. А ў больш значных азёр маюцца свае тэндэнцыі. Калі вада ўтрымлівае мала солей, інакш кажучы прэсная, то расліннасць тут развіваецца слаба. Такія першасныя азёры ў некалькі змененым стане існуюць і зараз. Азёры з прыкметным утрыманнем пажыўных для раслін рэчываў (калій, фосфар, кальцый, магній і інш.) энергічна абжываюцца водарасцямі і берагавой расліннасцю.

На месцы азёр могуць узнікаць багны. Як гэта адбываецца? Спачатку з наветранага боку з’яўляецца раска, што зялёным бісерам укрывае паверхню вады. На яе падае і прарастае насенне другіх здольных жыць на плыву раслін. Ствараецца лёгкае спляценне, якое штогод папаўняецца іншымі раслінамі; ствараецца плаў. Плаў таўсцее, расшырае межы і праз шмат гадоў хавае пад сабой усю водную гладзь. Плаў знізу гніе, адкладае гніль на дно — і праз сотні ці тысячы гадоў робіцца суцэльнай тарфяной масай. Возера становіцца балотам. Часта ў такіх плавах бываюць багны, зыбуны ці вокны, гібельныя для жывёлы ці чалавека, што патрапіць туды.

Тысячагоддзямі папаўняліся глеем і торфам і верхавыя балоты. У нізіны прасочваліся грунтовыя воды з вышэйшых суседніх мясцін. У перыяд інтэнсіўных ападкаў і веснавых паводак нізіны заліваліся вадой і забалочваліся.

Так паступова фарміраваліся балотныя абшары. Такія працэсы забалочвання земляў упаўне тычацца нашых мясцін, краю лясоў і балот — Лунінеччыны.

Людзі сярод балот

З пацяпленнем клімату нашы флора і фаўна папаўняліся новымі і новымі відамі расліннага і жывёльнага свету. Значна пазней па рэках з паўднёвых ці заходніх краёў прывандравалі людзі. Іх прывабіла зямля, багатая лясамі, у якіх вадзілася шмат звяроў і птушак, і рэкі з мноствам рыбы. Як даўно гэта было? Невядома. Але знойдзеныя на працягу апошніх гадоў каля Кажан-Гарадка, Лахвы і Лахаўкі каменныя рубілы, востраканечнікі, сякеры і іншыя прылады працы, а таксама курганы сведчаць аб пражыванні людзей у гэтых мясцінах у часы неаліту (V-III тысячагоддзі да нашай эры).

Тысячагадовае змаганне з суровымі ўмовамі, натуральны лад жыцця загартоўвалі нашых продкаў, спрыялі таму, што яны навучыліся жыць у суладдзі з прыродай, разгадваць яе тайны, змагацца з яе наступствамі. Воднымі прасторамі наладжвалі гандлёвыя шляхі, прычым здзяйснялі і даволі дальнія плаванні, і гэта было магчыма, бо ў нашых мясцінах, на Прыпяці, меўся водны абсяг, як мора. Пра гэта ў сваёй кнізе “Мельпамена” 2,5 тысячы гадоў таму напісаў грэчаскі вучоны Герадот, які падарожнічаў у гэтых краях. Герадот сцвярджаў, што тут пражывае старажытнае племя будзінаў — першабытных насельнікаў поймы Прыпяці, плешчацца велізарнае мора, у якое ўпадаюць цяперашнія рэкі Гарынь і Случ. Напісаў і пра заліў, які знаходзіўся на поўначы гэтага мора (як мяркуецца — Грычын).

І калі рэкі спрадвек для палешукоў былі шляхамі зносінаў і гандлю, то балоты хоць і забяспечвалі сенам і кармілі ягадамі, але з’яўляліся значнай перашкодай на шляху транспартных сродкаў.

А вось якім убачыў наш край у 30-х гадах XIX стагоддзя польскі вучоны і падарожнік Юзаф Ігнацы Крашэўскі: “Край лясоў, пяскоў, балотаў, убогага люду. Масты дрыжачыя і разламаныя, грэблі з ямамі, брады нязмераныя...” Здавалася б, такое бездарожжа значна ізалюе зносіны між населенымі пунктамі, але людзі і сярод лясных ды балотных абшараў знаходзілі месцы для пражывання, карчавалі лес, апрацоўвалі зямельныя ўчасткі, будавалі жыллё. І з’яўляліся новыя пасяленні: Вулькі і Волі, Баравікі, Бараўцы ды Купаўцы, Дубаўка і Міжлессе, Запроссе і Града, Моршчынавічы і Мікашэвічы. З’яўленне большасці гэтых аддаленых вёсак прыпала на часы ўваходжання нашых зямель у склад Расійскай імперыі.

Вялікі прарыў у сферы зносін на Лунінеччыне адбыўся у сувязі з пракладкай чыгунак ў 1880-х гадах. У пачатку ХХ стагоддзя ў працэсе сталыпінскай сельскагаспадарчай рэформы і парцэляцыі зямель і лясоў на меліяраваных угоддзях былога маёнтка “Лахва” і Грычынскага балота з’явіліся хутары (пазней — вёскі): Обруб, Перунова, Барсукова, Жучкова, Чэрабасава, Манасеева, Рэдзігерава, Флярова і Намакрава.

* * *

Нягледзячы на тое, што нашы продкі былі абмежаваны балотамі, але іх светапазнанне не было абмежаваным. Як нідзе, цягам многіх стагоддзяў тут захоўваліся і з пакалення ў пакаленне перадаваліся шматлікія традыцыі, прымхі і забабоны, непаўторныя казкі, легенды і паданні і бязмерна багаты скарб паэтычна-песеннага фальклору.

У адной з народных песень маюцца такія словы:

Якая зямля тут —
Пясок ды балота,
Такая і доля —
Басота, галота.

Так, землі сапраўды бедныя, і не мелі сяляне ні скарбаў, ні багаццяў, але не былі і жабракамі. Гадавалі скаціну, лавілі рыбу, збіралі грыбы і ягады, палявалі, даставалі з борцяў мёд. Кожны мужчына плёў лапці, сеяў і малаціў хлеб, а жанчына прала, ткала, палола, жала і пякла хлеб. Ды акрамя гэтага, у кожным сяленні былі бондары і будаўнікі, майстры па пляценні і ткацтве, ганчары і лодачнікі.
І ўсё гэта перадавалася з пакалення ў пакаленне.

Імёны балот

Прайдзі, праедзь па Лунінеччыне — праз кожныя пару кіламетраў, а то і нераздзельным ланцугом сустрэнуцца балоты ці хоць невялікая забалочаная нізіна. І ў кожнага, нават нязначнага аб’екта маецца найменне. Бывае, назва простая, зразумелая, трапна пасуе да ландшафту дадзенай мясціны, а ёсць, што і блізка няма падабенства і зусім незразумелая.

Маюцца назвы, што з’явіліся даўным-даўно і нясуць прыкметы таго часу, калі ўзніклі. Да прыкладу узяць балоты Залессе ці Татарка або Лёмно і Бэрлёнэ. Каля Залесся зараз лесу і блізка няма, а калісьці ж быў; татарскія набегі канулі ў Лету, а назва сведчыць аб даўняй падзеі. А што азначае Лёмно і Бэрлёнэ, і калі з’явіліся назвы — загадка.

На Лунінеччыне больш за 200 балот, ад вялікіх масіваў, такіх, як Грычын, Хваецкае, да малых, у некалькі гектараў, напрыклад: Лаза, Корчыкі.

Перш, чым сказаць, як даваліся балотам імёны, па якіх прыкметах іх “хрысцілі”, зазначым, што старажытныя людзі ўсё сваё жыццё праводзілі на прыродзе, у тым ліку каля балот, і заўважалі кожную дэталь адрознення аднаго аб’екта ад другога. Тое, што для сучаснага чалавека ўсяго толькі “балота”, для старажытнага рознілася: балонне, гала, грузіна, дрыгва, багна, твань, нетра, дыхля, струга, куп’е. Напрыклад: Пеўнева [Піўнёво] Балота, Плеса, Царовэ Куп’е, Раманюковы Вокны, Баранова Струга, Оболонне, Багно, Мшок.

Шмат якія балотныя аб’екты ў раёне маюць назву “мох”. Мох — старажытная агульнаславянская назва балота, і такое найменне мясціны сведчыць аб вельмі даўняй назве аб’екта: Наўдзіцкі Мох, Гневанскі Мох, Сухі Мох, Вялікі Мох, Дубін Мох і г.д.

Заўвагі:
1. Далей ў назвах балот будуць пераважаць канчаткі -э, -о — важныя элементы палескай гаворкі.
2. Назвы балот, у якіх пры мясцовадыялектным вымаўленні маецца значнае разыходжанне з напісаным ў нарматыўнай форме, далей будуць напісаны ў квадратных дужках — [...].

Да калектывізацыі ўся зямля належала ўласнікам. Вялікія балотныя абшары былі падзелены на людскія дзялкі ці надзелы, а малыя па плошчы балоты ў большасці сваёй належалі аднаму гаспадару. Таго гаспадара даўно ўжо няма ў жывых, а памяць у назве тапоніма захавалася па яго прозвішчу ці мянушцы: Нікайскае, Карпава, Полхава, [Булычовэ] Балота, Конюхаў Лес, Гарбаровэ і Захаровэ Куп’е, Раманюковы Вокны, Сцяблецкія, Курылаўшчына, Евіно, Бабінэ і Бабінэ Балота, Дундашчынэ.

Цікавыя назвы, у якіх адгукаецца гісторыя, нейкая падзея, месца, звязанае з заваёўнікамі ці чужымі насельнікамі: Шляхецкі Мох, Варшава (надзел Варшаўскага), Княжыставічы, Ябланёў Лясок (хутар Яблоньскага), Татарскія Брады, Татарка. Хаця назву Татарка маглі даць балоту па яго гібламу месцу, дзе гінулі людзі і жывёла.

Мінаў час, адбываліся падзеі, якія пакідалі след ў тапонімах, у тым ліку ў найменнях балот. Так у час Першай сусветнай вайны з ваеннай мэтай была пракладзена дарога з Лахвы ў Давыд-Гарадок — насыпана высокая дамба ўздоўж ракі Смердзь. Гэту дарогу і ўсё балота, што прылягае да насыпу, назвалі Вал.

У выніку зямельных рэформаў пры Польшчы з’явіліся назвы: Дварэцкае Балота і Цнянскае, Вічынскія Сенакосы, Аральшчыны Папова і Людская, Перадзел; у працэсе лесанарыхтовак і распрацовак участкаў узніклі Посеч, Обруб, Будчанка, Церабеж, [Росцерэб], Посеч, [Новаціны], Навіна; на меліяраваных землях у наш час з’явіліся Гектары, Сёмае Поле, Задамбай. Сімвалам назвы станавіліся і шляхі зносін: Масцечна, Пуцішча, Чаўнавішча, Зімнік.

Па найменні аб’екта можна даведацца аб знаходжанні карысных выкапняў на тутэйшых балотах: [Торфіско], Глінішчэ, [Балілішчэ] (залежы мелу). На тарфяных аб’ектах здараліся пажары, перад якімі тагачасныя людзі былі бездапаможнымі, і выгаралі ўчасткі, аставіўшы пасля сябе непрыемны след: Вогнішчэ, [Пожарэ].

Балотам давалі назвы па месцы іх распалажэння: Зазер’е, Падбярэзнікі, [Пэсчаніца], Далёкая Струга, [Заліпэцок], Падрэчкаю, Калашырокае, Зазерскэ, Падлессе, [Загацкэ] за гаццю, Падмаліннік, Дальні Хобат і Бліжні, Заланьскэ, Заморочна, [Заровэц] за ровам, Замоствічы.

Тыя балоты, што размясціліся ў лясным тупіку, у вузкай, абмежаванай лесам ці ўзгоркамі прасторы, носяць назвы: Прыслон, Зады, [Совін Вугол], Шпілька, Цвікі Рог, Бліжні Хобат, Далёкая Струга. А ў назвах трох балотных масіваў прысутнічае іх памер: Шырокае, [Вэлікэ Болото], Доўгае.

Вядома, што балоты ўтвараюцца шляхам зарастання як водных аб’ектаў — азёр, старых рэчышчаў, рачных завадзяў, ручаёў, крыніц, так і сушы — лясоў, лугоў. Усё гэта адбілася і ў імёнах балот. Большасць з іх — аб’екты ляснога варыянту: Барок, Алёс, Асаўцы, Бярэзіна, Дуб, Вэрбіна, Хваецкае, Борскае, Ліпкі, Яловае, Дубін Мох, Рэдкія Ляскі, Калінавы Куст, Рабінка, [Чарэцянка], [Борэцкэ], Сасноў, Старадуб, Любажэрдзе, Ляскі, Корчыкі, [Котовы Олёс]. Назвы ад лугавых і балотных раслін: [Зелінскэ], Тросцянец, [Цваткі], Дрыстуха, Журавіннэ, Ракіцянскае.

Ёсць назвы, намінантамі якіх з’яўляюцца зніклыя рэчкі, таксама прыкметы іх даўняй прысутнасці і нават ўпадзіны: [Морочнэ], Рэвуха, [Пэчыцкэ], [Рэчнэ], [Брочэ], Бродкі, Бродва, [Ямнэ], Котлы, Халодная Струга, Карыцішча, Язвінка.

У назвах балот адбіліся і гіблыя месцы: Пагноі, Чаднэ, Ліхі Востраў, Жлобіно, Паганішча, Глушкаўка, Глушка, Глажово, Брынянец, Гнойніца; і месцы з ветлымі імёнамі: Любашча, Шчадрыкі, Сіняе Балота, Сваха, Качайка. Акрамя Свахі балотныя аб’екты маюць яшчэ некалькі “сваякоў”: Дзедак, Бабіна Балота, Бабка, Машка, Евінэ.

Спрадвечныя насельнікі балот — звяры і птушкі, таму і не дзіўна, што людзі далі назвы некаторым аб’ектам, відаць, з-за прысутнасці там у мінулыя часіны тых ці іншых відаў звяроў, птушак і рыб: Барсукі, Самініца, Лашуха, Звярынец, Чэрэпаха, Жураўлёва Балота, [Воўчэно], Рыбуня, П’явішнэ, Грыцукі, Собальска, Тхаравішча, Жабкі, Ваўкаўня, Валчанскае, Свініца, Чэрэпашкі, Чаплінэ Куп’е. Адзначаны і месцы, звязаныя з промысламі нашых продкаў: [Лоўкі], Лоўчэ, [Погоне], Чаўнавішча, Граблішчэ.

У нашым рэльефе рэдка дзе ўбачыш узгоркі сярод балотных абшараў, а калі такія і маюцца, то надаюць назву гэтаму месту. Напрыклад: Валкі, Горнава, Курган.

Учытваючыся ў найменні ўсіх вышэй названых балот, адчуваеш, што ў іх няма ніякіх загадак, усе зразумелыя. А гэта таму, што славянскія. Славяне жывуць тут шмат стагоддзяў і, вядома, яны ўнеслі асноўны ўклад у нашу тапаніміку. Хаця ёсць невялікая колькасць і такіх назваў, што па сэнсу зразумелыя, але матыў надання аб’екту таго наймення невядомы: Пары, [Оступэц], Громава, [Посхільскэ], Пэрсцы, Сачэвічынава, Юркавічы, Крукін, [Хоцятово], Саева, Купяцічы, Пляш’е, Чакоў, Храпін, Падкалоддзе.

Маюцца назвы, пакінутыя нам, трэба меркаваць, нейкімі плямёнамі, што жылі ў даславянскі перыяд, і іх мова адрознівалася ад нашай. Так, Баба, [Чачовэ — каля ўрочышча Чача], Бэрлёнэ, [Радэбно], Карасцін.

Людзі на балотах

Цяпер, жывучы ў цывілізаваным свеце, у час навуковага прагрэсу і сучаснага светапогляду, цяжка ўявіць, якія былі адносіны нашых далёкіх продкаў да аб’ектаў знешняга свету, у тым ліку і да балот. Можна толькі сцвярджаць, што балоты ў іх жыцці выконвалі дзве процілеглыя функцыі. Першая: балоты прыцягвалі людзей, бо там вяліся збор ягад, лоўля рыбы, а з развіццём жывёлагадоўлі — нарыхтоўка сена, а таксама збор лекавых траў і раслінных нарыхтовак для харчовых мэт. Другая — бездарожжа.

Дрэнная праходнасць па балотах, выпадкі гібелі людзей і жывёл у багне, дзіўныя з’явы, якія людзі заўважалі ў дрыгвяністых месцах і не маглі растлумачыць — усё гэта адпужвала, станавілася загадкай і служыла пажыўным асяродкам для з’яўлення вераванняў у звышнатуральныя сілы. На гэтай аснове нараджаліся міфы і казкі, высноўваліся паданні. У народзе засноўваліся абрады і звычаі. Чалавек перад балотамі быў бяссільны. Яны адбіваліся ў яго жыцці хваробамі — малярыяй, каўтуном, каростай і іншымі. А таму ў абаронных мэтах прыдумваліся шэпты і замовы. У некаторых замовах «болі, гарачку, ліхаманку» шаптуны адпраўлялі «ў цёмныя лясы, на сухія верасы, у шумныя чароты, у топкія балоты».

За шматвяковую гісторыю ў народзе накапілася багата казак і паданняў, і ў значнай частцы іх фігуруе балота. Балота выступае як змрочная, цёмная сіла, ад якой можна чакаць бяды. А дзе балота, там і чэрці або нячыстая сіла, зрэдку — русалкі. Ды і сюжэты твораў фальклору сведчаць: хтосьці збіўся з дарогі, заблудзіўся, загруз у балоце, завяла ў балота нейкая патаемная сіла — балоты для людзей былі загадкай. Адносіны нашых продкаў да балот і нячыстай сілы адлюстраваныя ў прыказках, прымаўках і ўстойлівых словазлучэннях: «ідзі ты ў балота!», «загруз, як чорт у балоце», «Бога любі і чорта не гняві» і інш., а вось у народных песнях пра балоты амаль не ўспамінаецца.

Міналі дні, гады, стагддзі...

Шмат стагоддзяў кантакты нашых продкаў-палешукоў са знешнім светам былі абмежаваны балотамі. Знешняя ізаляванасць павялічвала характэрную для сялянскага грамадства ўнутраную замкнёнасць у межах месца пасялення. Цывілізацыя, што існавала на Захадзе, даходзіла да гарадоў, але не дасягала вёсак, і да пачатку ХХ стагоддзя тут захоўваліся структура вясковага грамадства, своеасаблівыя метады гаспадарання, але з багатымі традыцыямі і прыгожымі абрадамі.

Стагоддзямі наш край быў пад уладай Радзівілаў, Шчытоў, Кішкаў, Давойнаў, Друцкіх, якіх вабіла багацце: збожжа, мёд, рыба і мяса дзікіх звяроў і пушніна. Таму дарогі былі пракладзены і падтрымліваліся ў належным стане толькі па цэнтру Лунінеччыны да маёнткаў паноў, магнатаў, аддаленыя ж паселішчы мясціліся ў глушы лясоў і балот.

У ХIХ стагоддзі нашы мясціны прыцягнулі пільную ўвагу рускіх і польскіх этнографаў, фалькларыстаў, падарожнікаў. З’явілася шмат друкаваных звестак у кнігах Казіміра Контрыма, Напалеона Орды, Яўхіма Карскага. Даследаваліся і балоты. Так польскі фалькларыст і этнограф Рамуальд Зянькевіч, які падарожнічаў па Пінскім Палессі, у кнізе “Аб урочышчах і звычаях пінскага люду…” (1852 г.) па дарозе з Пінска ў Кажан-Гарадок наведаў і балотныя аб’екты. У кнізе апісаны стан тагачасных вёсак і іх жыхароў, запісана некалькі лягенд і паданняў. Напрыклад, пра балота Сваха — дзве. Адна з іх — калі ў даўнія часы тамтэйшыя жыхары хаваліся ў гэтых лясах ад нападкаў варожых, то на тым балоце адбылося вяселле з абрадамі сватання, і ад гэтага само ўрочышча атрымала назву Сваха. (Зараз масіў Сваха знаходзіцца на мяжы Багданаўскага і Бастынскага сельсаветаў. — С.Н.).

У сувязі з пракладкай чыгунак у 1880-х гадах у нашых мясцінах значна змяніліся шляхі зносін “са светам” ды і само жыццё. Ажыўленне адбылося ў сельскай гаспадарцы, развіваліся промыслы, арганізоўваліся мясцовыя майстэрні.

У канцы ХIХ стагоддзя распачала працу па меліярацыі палеская экспедыцыя, узначаленая генералам Жылінскім, потым работы вяліся іншымі кампаніямі да пачатку Першай сусветнай вайны.

Пракладка грунтовых дарог у пачатку ХХ стагоддзя царскімі ўладамі, пасля ў 20-30-х гадах польскімі згладзіла існаваўшае вякамі бездарожжа.

У час Вялікай Айчыннай вайны лясы і балоты Лунінеччыны адыгралі вялікую ролю ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі: былі месцамі дыслакацыі або ў ходзе рэйдаў часовымі прыстанішчамі для партызанаў. Тут месціліся брыгады імя Кірава, імя Леніна, атрады імя Сталіна і Чуклая. Ратуючыся ад фашыстаў, у балотна-лясных масівах знаходзілі сховішча і прытулак і мірныя жыхары з навакольных вёсак. Балоты выратоўвалі народных мсціўцаў у часы нямецкіх карных аперацый. Важнейшым месцам дыслакацыі партызанаў з’яўляўся масіў Грычынскага балота, які літаральна праз дзясятак гадоў стаў вялікай арэнай меліярацыйных работ. Тут узніклі Валчанская і Чэрабасаўская асушальныя сістэмы. Гэтаксама на месцы іншых балотных абшараў у другой палове мінулага стагоддзя былі створаны асушальныя аб’екты і польдэры: Сваха, Ракітнянскі, Хваецкае, Лахаўка.

Зрух

Людзі вякамі марылі асушыць балоты. Мятліцу ды жорсткую асаку касілі мужыкі, стоячы ў вадзе ці ў куп’і, пакутуючы ад камароў і слепняў, а вывозілі толькі па “зімніку” — дарозе, што ўсталёўвалася моцнымі маразамі. Ды і сена было грубае, няякаснае. Таму арганізоўваліся сяляне, каб пракапаць канавы і спусціць ваду ў рэчку ці возера, вядома, не для акультурвання расліннасці, а для лепшых умоў сенакосу.

Архіўныя звесткі сведчаць, што першыя асушальныя работы былі праведзены ў 40-х гадах ХIХ стагоддзя на балотным массіве Грычын у маёнтку князя Вітгенштэйна бліз Чучавіч і ў маёнтку “Лахва”. У 1860-70-х гадах пад кіраўніцтвам упраўляючага маёнтка “Лахва” жыхары блізляжачых вёсак падкапалі і спрамілі старажытную рэчку Чадка з Грычына да возера Лахаўскае (каля Намакрава). Рэчка займела назву Копанка.

У другой палове ХIХ стагоддзя ў Расіі было праведзена шэраг важных зямельных рэформаў, у выніку якіх сельская гаспадарка набыла належны стан. Пры рэарганізацыі гэтай галіны ў 1873 годзе былі створаны дзве спецыяльныя экспедыцыі па асушэнні балот: Паўночная і Заходняя. Другая — па асушэнні балот Палесся, якую ўзначаліў геадэзіст генерал-лейтэнант І.І. Жылінскі. План прадугледжваў пракопку каналаў і з мэтай паляпшэння стану забалочаных зямель, і сплаву казённага лесу, і будаўніцтва чыгункі. Асушэнне вялося на тых казённых участках, дзе чакаліся значныя выгоды ператварэння балот у сенажаці. За перыяд 1874-96 гадоў у межах сучаснага Лунінецкага раёна былі пракапаны каналы і канавы ў распалажэнні Дзятлавіч — Лунінца, Бастыні, Велуты — Чучавіч, у басейне рэчак Лань, Копанка, Журавінная, Люта.

Сяляне бліжэйшых да Грычына вёсак атрымалі надзелы сенакосаў і ворыўнай зямлі. У 1907-14 гадах на асушаных землях з’явіліся хутары Барсукова, Флярова, Манасеева, Рэдзігерава, Перунова і Чэрабасава, якія пазней набылі статус вёсак.

Ваенныя і палітычныя падзеі 1914-45 гадоў прыпынілі ўсякія меліярацыйныя работы, што спрыяла маруднаму запусценню сельгасугоддзяў на балотных абшарах.

Неруш

Людзі старэйшага пакалення помняць пейзаж балотных абсягаў Грычына і каля Прыпяці, што існавалі ў 40-50-х гадах мінулага стагоддзя, а дакладней, у дамеліярацыйны перыяд, калі ўсе гэтыя прасторы былі натуральнымі, некранутымі тэхнікай.

Грычынскія абшары вясной былі мокрымі, заросшымі балотнай і воднай расліннасцю: асакой, лотаццю, майнай ды чаротам. Даўнія, яшчэ “жылінскія”, канавы адпампоўвалі ваду, і ўлетку вялікія прагалы між выспаў з ляснымі купамі вольхаў, бяроз і асінніку перетвараліся ў лугі з балотным разнатраўем: асакой, мёлай, павітухай, аерам, мятліцай. І з усіх блізляжачых вёсак выходзілі сотні калгасных спачатку касцоў, а ў хуткім часе грабельнікаў сена. Прасторы пярэсцілі светлай вопраткай і белымі хусцінамі, поўніліся гоманам, а то і смехам, спевамі. І на ўсім прасторы з’яўляліся сотні калгасных стагоў. Нізіны ўсё лета былі заліты вадой, у якой раслі аер, трысцё, чароты. Там вадзілася мноства птушак, а ў канавах — рыбы, асабліва ўюноў.

І скрозь па тых нізінах і канавах былі пакладзены кладкі і масткі, па якіх калгаснікі дабіраліся да месцаў сенанарыхтовак. Але нідзе ўжо не было, як у даўнія часы, ні багнаў з вокнамі, ні глыбокай грузіны.

Лугі-сенажаці бліз Прыпяці мелі іншыя краявіды. Штовесну ўвесь прастор поўніўся разлівам ракі. Калі б з вады не віднеліся купы лазнякоў і вербаў, то ўвесь абшар здаваўся б морам, накшталт Герадотава. Але к лету вада сыходзіла, і спачатку на грудках, а пазней і ў нізкадолах вырасталі травы са значна большай колькасцю прадстаўнікоў расліннага свету, чым у Грычыне. І гэтак жа сама з усіх блізляжачых вёсак на сенакос і ўборку выходзілі тысячы людзей і з чэрвеня да верасня на надпрыпяцкіх прасторах ставалі тысячы і тысячы стагоў.

Травы былі дзікія і малапрадуктыўныя для корму жывёлы. Калгасы буйнелі, павялічвалася пагалоўе жывёлы, але прыродныя сенажаці і паша не папаўнялі кармавую базу жывёлагадоўлі. Патрабаваўся вялікі пералом у галіне сельскай гаспадаркі на дзяржаўным узроўні.

Наступ на балоты

Асушэнне балот на Лунінеччыне фактычна пачалося са стварэння ў ліпені 1955 года Лунінецкай машынна-меліярацыйнай станцыі — ММС. Восенню таго ж года распачалося асушэнне балот для Палесскай доследнай меліярацыйнай станцыі з папярэднім рэгуляваннем ракі Бобрык для скідвання вод у Прыпяць. У выніку было асушана 800 гектараў першай чаргі. Пачалося стварэнне базы для вучоных Палесскай станцыі і яе навукова-вытворчых работ.

У 1957 годзе рашэннем Брэсцкага аблвыканкама ў сярэдняй частцы Лунінецкага балотнага масіву, а дакладней, у балотах Хольчэ і Беразіна, быў адведзены ўчастак для Палескай вопытнай балотнай станцыі (так яна тады называлася) і для калгаса “Авангард” агульнай плошчай 6.750 га. Гэта быў сапраўдны штурм, не такі, як у часы І. Жылінскага, лапатамі, а тэхнічны, дзе пад напорам бульдозераў і экскаватараў скараліся і магутныя дрэвы, і хілыя лозы, і дрыгва, і тарфянікі, што іншы раз мелі пласт да 1,5 метра.

Адначасова пачаўся наступ на Грычынскае балота з боку вёскі Гоцк (тады Ленінскага раёна), які ўзначаліў тагачасны старшыня калгаса “Партызанскі край” В.З. Корж. А ў пачатку 1958 года меліяратары распачалі асушэнне Чэрабасаўскай сістэмы (17,4 тысячы гектараў) для калгасаў “Новае Палессе” і “Запаветы Ільіча”.

Паўсюдна на перааранай цаліне сеялі жыта, кукурузу і бульбу, стваралі культурныя сенажаці і пашу, дзякуючы чаму забяспечвалася трывалая кармавая база для жывёлагадоўлі. Пашырыліся культурнатэхнічныя работы ў асобных гаспадарках.

Дзякуючы меліярацыі, калгасы за лічаныя гады дасягнулі небывалага росквіту. Напрыклад, у 1967 годзе у калгасе “Новае Палессе” на плошчы, перавышаючай 1.500 гектараў, атрымалі па 24,6 ц збожжа (у 1960 — 8,3 ц), па 221 ц бульбы і 219 ц цукровых буракоў. Гаспадарка давяла пагалоўе буйной рагатай жывёлы да 2.500 галоў, з іх дойных — 1.085 кароў. Фермы сталі рэнтабельнымі і высокатаварнымі.

Змяніўся воблік вёсак і быт вяскоўцаў.

Пасля ў працэсе меліярацыйных работ з’явіліся аб’ект «Сваха», сістэма «Валчанская», а пазней, у 1970-80-х гадах — польдэрныя сістэмы «Хваецкае», «Ракітна», «Лахаўка».

Настальгія па балотах

Нам, людзям, уласціва ў жыцці дваякасць: марыць, думаць пра будучыню, планаваць — быць аптымістамі; і аглядацца назад, ацэньваць мінулае, падсумоўваць — і настальгічна сумаваць.

Гэтаксама ацэньваем і вынікі меліярацыі: чаго больш прынесла яна — дабра ці шкоды?

Ідучы па высокаму насыпу дамбы аднаго з аб’ектаў меліярацыйнай сістэмы, бачыў, як на некалькіх клетках польдэра каласіцца жыта, авёс, на іншых — скрозь, як кінуць вокам — травы, травы… І трэба было б радавацца будучаму хлебу, сену, але памяць перанесла ў дзяцінства (тут я гадаваўся, рос), і ўспомнілася неасушанае балота з мноствам птушак, такаваннем цецерукоў і грыцукоў, і жураўліная музыка на ім, і ціхія віркі ды нізінныя стругі са шчупакамі, карасямі, з белымі лілеямі і жоўтымі гарлачыкамі, і калінавыя кусты і квасліны ў лозах, пахнучыя дзікія травы з жывакостам ды мятай, і шум асін, дубоў ды вербалозаў. Ішоў, услухоўваўся — а навокал цішыня, бы ўсё вымерла. І ўспомніліся словы амерыканскага эколага О. Леапольда: “У адзін цудоўны дзень апошні журавель пратрубіць развітальны кліч і па спіралі паднімецца з вялікага балота ў неба, а потым усталюецца цішыня, і яна не будзе парушана вавекі”.

Страчанае адклікаецца ў душы болем. Глыбокая раз’яднанасць людзей грамадства, заснаванага на пагоні за прыбыткам, прыводзіць да страты адчування цэльнасці чалавека і прыроды, да згубы іх узаемасувязі.

Вядома, спажыванне прыроды — натуральнае і неабходнае становішча жыцця чалавека. Але ўжо ж надта шмат гэтыя “чалавекі” зрабілі лішняга вынішчэння.

Як бы ні сцвярджалі прыхільнікі меліярацыі, што асушанае балота, ператворанае ў сельскагаспадарчае ўгоддзе — цэх вытворчасці прадуктаў харчавання для людзей і яно корміць нас; і што асушанае балота даступнае для праезду транспарту і дало магчымасць пракласці дарогі ў любую мясціну; і што без балот паветра здаравей і зніклі “балотныя” хваробы, зменшылася колькасць мошак і камароў, бо паветра стала сушэй, але асушэнне дало і значныя адмоўныя змены.

Усе балотныя абшары, прарэзаныя каналамі і канавамі, аголеныя, без дрэў і кустоў, згубілі свой воблік. Парушыўся спрадвечны гідралагічны рэжым вадазбораў малых рэк; ды і самі рачулкі, што былі напоўнены рознымі відамі расліннага і жывёльнага свету, зніклі ці ператвораны ў мёртвыя канавы.

Значна панізіўся ўзровень вады, і на вышэйшай мясцовасці ўтвараюцца засушлівыя ўчасткі, што дзейнічае на ўраджайнасць пасеваў, а таксама знікаюць шмат якія рэгіянальныя расліны; у вясковых калодзежах прапала вада.

Пры знікненні балотных і рачных насякомых, жукоў, чарвякоў, малюскаў і т.п. гінуць ад бяскорміцы балотныя птушкі і дробныя жывёлы — толькі ва ўзаемадзеянні з асяроддзем від эвалюцыяніруе, квітнее.

Асушэнне балот паўздзейнічала і на энергетыку біясферы, а суадносна і на клімат гэтых мясцін. Ды і ў працэсе эрозіі ў часы пыльных бур замест былых тарфянікаў утвараюцца пясчаныя ўчасткі.

За апошняе шасцідзесяцігоддзе на Лунінеччыне зніклі не толькі першасныя краявіды, але і ўнікальныя здабыткі традыцыйнай культуры. Жыхары нашага краю, уключаныя ў працэс цывілізацыйных пераменаў у рэгіёне і ў свеце, адышлі ад традыцыйных спосабаў жыцця і працы. Гінуць старыя абрады, звычаі, а новых, на жаль, не з’явілася. Народныя песні толькі зрэдку гучаць у музычных калектывах. На мяжы знікнення некаторыя вёскі. У асяродку сучаснага грамадства пануе бездухоўнасць.

Літаратура:
1. Лунинецкому предприятию мелиоративных систем 40 лет. Лунинец, “Спектр”, 1999.
2. Рушчык Г., Энгелькiнг Г. Палессе. Варшава, 1999.
3. Трибис В.П. Слово о болотах. Минск, «Ураджай», 1989.

Сцяпан Нефідовіч
Балоты Лунінеччыны: ад народзінаў да скону
(«Лунінецкі сшытак. Спецвыпуск №5”, г. Лунінец, 2012)