Выданне гімназіі р. п. Мікашэвічы. 2005 г.

Аляксандр Мацкевіч

Спатканне

Вершы

Аб аўтары

Аляксандр Мацкевіч — дзесяцікласнік Мікашэвіцкай гімназіі. Вершы пачаў складаць з пятага класа, вызначаючыся сваімі паэтычнымі экспромтамі. Прапануемы зборнік — першы ў маладога паэта, якому варта пажадаць далейшага творчага плёну.

Спатканне

Адносна нядаўна яна да мяне
У госці адна завітала.
Прысесці за стол запрасіў я яе,
Мне згодай яна адказала.
Вось села — уся ў белым і косы ў касе,
А твар — і вясёлы, і сумны.
І кожны такой пазайздросціць красе,
Калі гэты “кожны” разумны,
Калі гэты “кожны” не гоніць яе,
Калі яе сэнс разумее.
Сядзелі... Тут нешта яна падае,
А позірк так сэрца і грэе!
Далоні свае да яе працягнуў,
Да рук яе светлых і чыстых,
І ў дотыку тым цеплыню я адчуў,
І ў думках яскрава-празрыстых
Тады зразумеў, што жыццё без яе
Не будзе цікавіць ніколі!
Што сілы заўжды мне яна надае,
Каб жыць і ў шчасці, і ў долі.
А потым, калі развіталіся з ёй,
Сказаўшы па добраму слову,
То кнігу ўбачыў у руцэ я сваёй —
Вялікую “Родную мову”!
  2004 год

Шчасце і няшчасце

У кожнага свае няўдачы,
І шчасце ў кожнага сваё.
У некаторых сэрца плача,
Ці проста дрэннае жыццё...
Калі жывеш жа з кімсьці побач,
То шмат здараецца чаго.
Аб тым жыцці не скажаш сказам —
Шмат слоў патрэбна для яго!
Сям’я, што ў сэрцы шчасце мае,
Часцей не ведае пакут.
Заўжды тут сонейка бывае,
Заўжды цяпло і радасць тут.
У сям’і, дзе шчасця люд не бачыць,
Ніяк не хоча радасць жыць.
У ёй час ад часу людзі плачуць,
Не ведаючы, што рабіць.
Так, шчасце ўсіх людзей яднае,
І розніцы няма зусім,
Яго “вага” ў жыцці якая,
Абы было б жыць добра ўсім!
Наадварот няшчасце робіць,
У кожнага яно сваё.
На кожнага няшчасця хопіць.
(Няшчасце ў свеце не адно...)
Дабро нікому з нас не шкодзіць,
(Абы заўжды было б яно).
І хоць няшчасце ў свеце ходзіць,
Нам шчасце больш здалёк бачно!
  Зіма 2003 года

Ліст да сябра №1

Як прыгожа летам і зімой
На вялікай Брэстчыне маёй!
Колькі цудаў розных тут жыве!
Ці цікавяць усе яны цябе?
Прыязджай, пабачыш, што тут ёсць,
Ды глядзі, каб не ўзяла зайздросць!
Аба ўсім табе я раскажу,
Усе табе мясціны пакажу!
Паглядзі, які прыгожы лес:
Вось мядзведзь на елачку палез,
Вось прабегла рыжая ліса,
Паглядзі, якая тут краса!
Ёсць у нас і рэха ад вайны —
Стаіць крэпасць тут у цішыні.
Ля яе праходзіць шмат салдат,
Усё як трэба: форма, аўтамат...
Памяць сцерагуць гэтыя людзі,
Кожны з іх гатоў падставіць грудзі
За Айчыну родную сваю,
Вось жывём мы ў якім краю!
Прыязджай, паглядзіш, як і што,
Ды вазьмі з сабою паліто!
Не заўсёды цёпла ў нас бывае —
Холад часта ў госці залятае!
Раніцай такая прыгажосць!
Тут туман — асобы самы госць!
Усе лясы засцеле і палі,
Прыгажэй не знойдзеш ты зямлі!
Прыязджай, цябе буду чакаць,
Тут ты зможаш веды атрымаць
Аб старонцы гэтай, аб зямлі,
Што гады мінулыя няслі.
  Сакавік 2003 года

Родны горад

Родны горад ночкай сніцца,
Прыгажосць у вачах стаіць.
Ён струменьчыкам бруіцца,
Яркім полымем гарыць!
Гэты горад усюды родны,
Дзе б мне толькі і не быць!
Незалежны ён, свабодны,
У ім так добра людзям жыць!
Дрэваў шмат, будынкаў мора,
Добрых тут зашмат людзей.
Не баіцца горад гора,
Горад мой за ўсіх мацней!
Мой вялікі родны горад,
Вельмі стойкі — хоць куды!
Самы дужы ў свеце волат
Крочыць смела праз гады!
Тут народ адукаваны,
Працаваць за шчасце ўсім.
У вышыні працуюць краны,
Склаўшы рукі не сядзім!
Шчырай працаю народа
Горад ў новы час глядзіць.
У ім жыве надзея, згода,
І заўжды тут будуць жыць!
Родны горад ночкай сніцца,
Прыгажосць у вачах стаіць.
Ён струменьчыкам бруіцца,
Зоркай яснаю гарыць!
  Сакавік 2003 года

Прыгожая зямля

Вёска родная мая —
У радочак хаты.
Тут прыгожая зямля,
Вечна край багаты!
Выйдзеш у поле — прыгажосць!
Зелянеюць нівы.
Возьме кожнага зайздросць
На такое дзіва!
Кожны гук зямлі маёй
У вёсцы роднай чую!
Я з прыгожаю зямлёй
Колькі год сябрую!
Калі сэрцу не знайсці
Ў свеце ўсім спакою,
Трэба ў вёску мне прыйсці
І махнуць рукою:
“Сэрца! Што ты?! Адлягай!
Хопіць ужо злавацца!”
Выйсці ў чысты, светлы гай,
З небам абдымацца.
І прыгожую зямлю
Захаваць далёка,
Дзесьці ў душу сваю
Назаўжды глыбока!
  2003 год

Восень

Ужо Восень прыляцела да нас у госці,
І справы пачала свае рабіць:
Пазалаціла яна ў лесе штосьці,
Каб прыгажэй жывёлам было жыць.
Яна дажджы з сабою запрасіла,
Якія ажно ўхнулі ў адказ.
Усё жыта яна перамалаціла —
Ёй ”дзякуй” кажуць людзі і калгас.
Яна сказала ветру: ”Нешта слаба!”
І вецер ужо хутчэе дзьмуць пачаў.
Грыбы ў лесе — Восені то справа!
Іх чалавек усіх хутка пазбіраў.
Нам Восень шмат прыемнага падорыць,
Калі яе мы зможам палюбіць.
І хай ніхто ў свеце не гаворыць,
Што ўвосень дрэнна людзям жыць.
  2003 год

Хутка лета

Цяплом доўгачаканым
Вітае нас вясна,
Усё ветрыкам духмяным
Адорвае яна.
Няўжо вясна настала?!
Ах, як жа добра жыць!
Увесь час цяплом вітала б,
Ды лету ж хутка быць!
  2003 год

Сям’я

Сям’я — вялікае багацце
Для ўсяго свету, для людзей,
Калі ўся сям’я ў хаце,
То, безумоўна, весялей.
Калі ўся ў складзе,
То сэрца маці не баліць.
Усе разам — гэта значыць у ладзе,
Тады ўсім цудоўна жыць!
Але бывае і такое,
Што спрэчка з’явіцца ў сям’і.
Паміж сабой не размаўляюць,
Насупяцца, як вераб’і.
І нават позірку не кінуць —
Вось што з-за спрэчкі можа быць!
Але ўсе крыўды з часам згінуць,
І зноў усім добра будзе жыць!
Дык хай не будзе спрэчак у хаце,
Няхай не будзе дрэнных слоў.
Заўсёды дзеці хай шануюць
Адзіных, дарагіх бацькоў!
  Зіма 2003 года

Вясёлая зіма

Вецер дзьме ў адчыненыя дзверы,
Снег ідзе, трашчыць мароз.
Ад такой прыроднае “калеры”
Ужо адмерзлі вушы... ды і нос!
Добра ўсім зіма ўжо вядома.
Бо не першы раз у нас у гасцях.
Лепш сядзець зімой у хаце дома,
Каб не ведаць трэску ў касцях.
Увогуле прыемнейшая з’ява:
“Срэбра” ўсюды і снегавікі.
Лёд з’явіўся — то зімы ўжо справа!
Дзеці ўсе прыбеглі да ракі...
Як прыемна выйсці ўзімку з хаты!
Выйдзеш — і ўвесь твар пачырванеў!
Толькі калі вас, хлопцы і дзяўчаты,
Ад таго не возьме злосць і гнеў!
У лес я вам хадзіць не раю —
Снегу — па калена, не прайсці!
Часам тым, хто ў снег такі трапляе,
Вельмі цяжка з лесу ход знайсці!
Ну а хто марозу не баіцца,
Усе выходзьце з хат на двор хутчэй!
Будзем гаманіць ды весяліцца,
Будзем жыць зімою весялей!
  2004 год

Час вясны

Час вясны — прыгожы час,
Час, калі ўсё цвіце.
І вясна — яна для нас!
Так! Для нас! Для ўсіх людзей!
Што заўжды паўсюль чуваць?
Хто б, скажыце, не хацеў
Сонца ў сэрцы сустракаць?
Хто ж не любіць птушак спеў,
І няма такіх людзей,
Хто не чуе кветак пах,
Бо вясна ўсяго мілей,
Бо яна, як светлы птах!
І калі яна цяпер
Грэе сонейкам усіх нас,
Дружа мой, ты мне павер, —
Гэта самы лепшы час!
  2004 год

Што сказала родная мова

Жывеш ты з кожным і з усімі,
Жывеш у сэрцы і душы.
Ты грэеш словамі сваімі,
Што звонка льюцца ў цішы.
Мы без цябе, як стол без хлеба,
Як чалавек без рук і ног.
Для нас і сонца ты, і неба,
Што б для цябе зрабіць я мог?
Можа, дабегчы да Урала?
Або ўсе грошы параздаць?
І тут ты раптам адказала:
— Прашу мяне не забываць!
Прашу ўжываць мяне заўсёды,
Бо проста так мяне згубіць!
І толькі з вашай, людзі, згоды
Змагу ў далейшым з вамі жыць.
Вы сцежку мне ў сэрца дайце,
І адвядзіце ў ім мне кут.
Стамілася я. Вы прыгадайце,
Сцярпела колькі я пакут!
Але знаходзіліся людзі,
Дапамагалі што не раз.
І ставілі за мяне грудзі,
І бераглі мяне для вас…
Я не знайшоў слоў для адказу
(Ды што б я там прагаварыў?..)
Але я зразумеў адразу,
Што ёй заўжды я родны быў!
  Зіма 2003 года

Цяжкае жыццё

У гімназіі цяжка жывецца,
(Нідзе, можа, так не жывуць)
Нам лёгка зусім не здаецца —
Дахаты нам шмат задаюць!
Лажыцца нам спаць неахвота,
Куды там! Урокаў гарой!
Кіпіць да трох ночы работа,
І той, хто ўсё зробіць — герой!
Урокаў зашмат, безумоўна,
Дахаты прыходзіш, і зноў
Працуеш, працуеш усё роўна,
Хоць ты да таго не гатоў.
Адвыкшыя ўсе ад ляноты,
Мы звыкліся з цяжкім жыццём.
І хай наступаюць турботы,
Жывём ведаў усіх набыццём!
Сказаць часам хочацца: «Годзе!
І так у галаве «агарод!»
Але мы ў гімназію ходзім!
Так будзем старацца, народ!»
  2003 год

Запрашаю, вясна!

Вясна, халодная, сырая,
Вясна, якая ўсё ж ні ёсць,
Цябе я ў госці запрашаю,
Доўгачаканы, позні госць!
Патрохі птушкі прылятаюць:
Гракі і хлопцы-жураўлі.
Вясну таксама сустракаюць
На роднай матухне-зямлі.
Жывёла ўся, і птушкі, й людзі
Чакаюць моманту таго,
Калі навокал зелень будзе
І сонца гляне ў акно.
Чакаюць усе і спадзяюцца,
Што засталося ўжо няшмат.
Пакуль ад ветру дрэвы гнуцца,
“Чакаць!” — такі зімы загад.
  Сакавік 2003 года

Ліст да сябра №2

Пішу табе, мой мілы дружа,
Пішу табе аб тым, што ёсць.
Чакаю я сустрэчы дужа
З табою, мілы сэрцу госць.
Я колькі год з табой сябрую,
А бачыў я цябе няшмат.
Сустрэчы моманту пільную
З табою, мілы дружа-брат!
Пішу, бо хочацца паведаць,
А можа быць і запытаць.
Я вельмі-вельмі хачу ведаць,
Як будучыню нам складаць?
Даўно я гэтак разважаю
Як лепш зрабіць жыццё людзей?
Народ свой вельмі паважаю:
Дарослых і ўсіх дзяцей.
Пытанне ўсё мяне хвалюе:
Як лепш у будучыні жыць?
Таму што ў наш час хто й балюе,
А хтосьці хворым усё ляжыць.
Таму што ў наш час хто й багаты:
Машыны, грошаў не злічыць,
Па тры-чатыры мае хаты,
Ну а каму і дрэнна жыць.
І так мне хочацца, каб людзі
Не дрэнна ў будучым жылі.
Я веру: у кожнага ўсё будзе,
Абы здаровыя б былі!
Лічу: каб усім лягчэй жылося,
Павінен мір у народзе быць,
Нікому каб не давялося
Пабіць каго альбо забіць.
Лічу галоўнай самай у свеце
Пашанай я між усіх людзей.
Дарослых хай шануюць дзеці,
Ну а дарослыя — дзяцей.
Апошняе, што дапаможа
Палепшыць будучыню нам,
Любоў людская гэта, можа?
Глядзі, мой мілы дружа, сам.
Калі сабраць усе ўмовы разам,
Будзе лягчэй жыць родны край.
Але не ўсё гэта адразу!
Я скончыў ліст. Бывай, бывай!
  2003 год

Гэтыя людзі

Гэтыя людзі не ведаюць страху,
Пільна заўжды за парадкам глядзяць,
Каб у гэтым свеце, без гора і жахаў,
Кожны ў кватэры спакойна мог спаць.
Кожную раніцу, удзень і ўвечары
Людзі ў пагонах службу нясуць.
Гэтыя людзі — ахоўнікі лепшыя,
Хай жа ў шчасці яны ўсе жывуць!
Хай жа заўсёды спрыяе ім лепшае,
Хай жа ўсё добра будзе ў іх,
Але ж, па самае-самае першае,
Злодзеяў хай пераловяць усіх!
  2003 год

Маўклівы дзядзька Вася

Жыццёвая замалёўка
— Дзядзька Вася, добры вечар!
Выбачайце, калі ласка!
Дзядзька той сядзеў на печы,
Чымсьці вельмі моцна ляскаў.
— Дзякуй вам за дапамогу,
Сам бы справы не зрабіў!
Ён не чуў мяне наогул
(Можа быць, ён хворым быў?)
— Добра, я пайду дахаты, —
Я нахмурыў трохі бровы, —
Запрашаю піць гарбату!
Ён жа буркнуў: ”Будзь здаровы!”
  Сакавік 2003 года

Ліст да сябра №3

Мой мілы сябар, зноў з табою
Пашчасціла цяпер сустрэцца!
І так мне хочацца зімою
Ў размове ветлівай сагрэцца!
Ну як жывеш? Як твае справы?
Здароўе як? Ці не хварэеш?
Я ведаю, ты хлопец жвавы,
Але куды сябе там дзенеш
Ад усіх хвароб, што ходзяць у свеце,
Хварэюць шмат, шмат паміраюць...
Гарчэй, калі хварэюць дзеці
(І іх хваробы не мінаюць).
Але ж не будзем аб хваробах.
Пішу табе я з іншай мэтай.
Пішу табе з надзённай тэмай,
Што існуе зімой і летам.
З табой мы хлопцы маладыя,
І не адныя мы ў свеце.
Дзяўчаты, хлопцы ёсць такія ж,
Яны падлеткі або дзеці.
Усе яны — моладзь Беларусі,
Ім кіраваць краінай гэтай!
Я імі вельмі ганаруся,
Была б та моладзь толькі светлай!
І з’ява ёсць у гэтым свеце,
Што ўжо нікога не здзіўляе.
Яна пануе на планеце,
Яна ў сваю гульню гуляе.
Яна нікога не шкадуе,
У ёй гінуць кожны дзень і час.
Яна нікому не даруе,
Заўсёды здзекуецца з нас...
Яна — балючая галеча,
І ведаеш ты, дружа, сам,
Што нас яна зусім не лечыць,
А толькі слёзы дорыць нам.
Ты ведаеш: жыццё не казка,
Калі яно “на адзін дзень”.
І ёсць такія абавязкі:
Прагнаць галечы гэтай цень.
Яны для ўсіх, яны заўсёды,
Яны для моладзі ўсёй!
Дык не вадзіце карагоды —
На барацьбу ўсе грамадой!
На барацьбу з Галечай-бабай,
На барацьбу з такой бядой!
Дапамагаць бядноце слабай!
На барацьбу ўсёй грамадой!
Давайце ж працаваць аддана,
А склаўшы рукі не сядзець!
Уставаць на зорцы рана-рана,
З усмешкай у новы дзень глядзець!
Давайце ж, моладзь Беларусі,
На дапамогу прыйдзем тым,
Хто галадаць і плакаць мусіць,
Бо вельмі цяжка ім ўсім.
Я ўсім, мой дружа, прапаную
Людзей такіх не абдзяляць.
Бо сам, калі прашэнні чую,
Імкнусь рубель які падаць.
Давайце ж, моладзь Беларусі,
Дапамагаць усе хутчэй,
Бо калі бачыш тыя твары,
Не зводзяць што з цябе вачэй,
Дык сэрца шчыміць, дух займае,
І нейкі сорам паўстае...
У жалейку шчырасці ж зайграем,
І нам павага запяе!
Дапамагайце ж, маладыя,
Падтрымкай шчырай, цеплынёй.
І подзвігі ўсе такія
Не згінуць упоцемках з вадой!
І ад галечы, ад заразы,
Ачысціцца наш родны край,
Калі мы, моладзь, будзем разам.
Я скончыў ліст. Бывай, бывай.
  2004 год

У родную вёску

Цягнік прыпыніўся. Я выйшаў з вагона.
Марозная раніца “джаліла” твар.
Яскрава свяцілася сонца “карона”,
І неба было без аблокаў і хмар.
Я глянуў наперад — цягнік адыходзіў
У далеч халодных жалезных дарог,
І ў далечы той пасажыраў знаходзіў,
Бо іх не знайсці ён ніколі не мог...
Да вёскі я крочыў, як крочаць салдаты:
Ступаў “дысцыплінай у кожнай назе”
І марыў аб кубку гарачай гарбаты,
І думаў яшчэ: “Можа, хто падвязе?”
Праз дзесяць хвілін мост убачыў праз рэчку,
Даваў ён пачатак усёй вёсцы маёй,
Дым з коміна — гэта рвспальвалі у печы,
Зварыць каб абед і паесці з сям’ёй.
Пабачыў пакрытую снегам дарогу,
Якая да роднага ганку вяла.
Вось едзе сусед. “Падвязе, дзякуй Богу!” —
Такой мая першая думка была.
З кабіны глядзеў на вялікае поле,
Якое пакрыў ужо снегу дыван,
І думаў: “Як добра у вёсцы на волі,
Дзе сам сабе служка і сам сабе пан!”
Глядзеў я на часам “пабітыя” хаты,
На дрэвы, што іней, як сябра, абняў...
Насустрач машыне прабеглі дзяўчаты,
Я ў твары ўглядаўся, але не пазнаў.
І вось скрыжаванне. Машына тармозіць.
Я вылез з кабіны, агледзеўся...
Сусед, дзед Васіль, бачу, дровы ўсё возіць,
А вунь, там, за плотам, бабуля мая.
Я зноў хуткім крокам ісці пачынаю,
І толькі суседскія вішні ў вачах.
Яшчэ пару метраў я хутка мінаю
І бачу ўжо хаты вясковае дах.
Заходжу у сені, а тут і бабуля
Ужо сустракае з усмешкай мяне.
У зале “глядзіць” тэлевізар дзядуля —
Знаходзіць сабе асалоду ў сне.
Прыгожа ў хаце: усё чыста навокал,
Заўсёды парадак ва ўсім і цяпло.
І абсталяванне ўсё радуе вока,
Як хочацца, каб так заўсёды было!
Дзянёк адпачыў ад ”шумлівай прасторы”
У вёсцы, дзе толькі вецер шуміць.
Адразу забыў я ўсе спрэчкі, усё гора
І тут я яшчэ захацеў адпачыць!
  2005 год

Наркаманія

Зямля ў пажары наркатычным,
Зямля ў палоне дрэнных спраў.
Зямля ў стане ўжо крытычным,
Хай бы хто выйсце адшукаў!
Тым часам у сваіх кватэрах
Сівое зелле кураць людзі...
Купляюць у малых памерах,
Няўжо яны яго так любяць?
Няўжо яно ім даспадобы?
Няўжо зямля хутчэй загіне,
Чым наркатычны жах хваробы
Ўсю зямлю сабой ахіне?
Давайце ж будзем мы мацней,
Жаху хваробы не баяцца.
Тады зямля будзе цяплей
І хворых не будуць цурацца.
  2003 год

Лічба 13

Лічба трынаццаць — лічба вядомая,
З гэтаю лічбай даўно ўжо знаёмы я.
Крочыць за мною, не пакідаючы,
Хоць недалёка іду ці ў далечы.
Лічба трынаццаць — лічба цікавая:
Хай не гняце — не адорвае славаю,
Хай і не шкодзіць, ды што з яе ўзяць?
Можа, хіба што камусьці аддаць?
Дык і ў іншага ёсць лічба гэта,
І ў лічбы гэтай ёсць свая мэта.
Не, не пашкодзіць жыццё “ўладара”,
Хто яна, Ліка, якая, Мара?
Мэта яе — проста быць побач з намі,
У косах залегчы ці пад нагамі.
Мэта яе — “ні туды, ні сюды” —
З горам, і ў той жа час без бяды.
Вось і жывём мы з лічбаю гэтай —
То проста так, то з нейкай мэтай.
Усе прапануюць дрэннай лічыць —
Хай прапануюць, а я буду жыць!
  2004 год

Што за атрута?

Што за атрута ў небе?
З чорных труб чорны дым.
Што за атрута ў небе
З жудасным пахам сваім?
Яна забівае жывое,
Жывёлін, раслін і людзей.
Вялікае гора такое
Напала на сёняшні дзень.
Вада на ваду не падобна,
Яна, як той дым з труб!
У свеце такая хвароба —
Памрэ нават волат-дуб!
Як жудасна жыць у свеце,
Дзе рознай атруты шмат.
Ад яе хварэюць дзеці,
Памірае сын і брат…
  2003 год

Цудоўны пакой

Заўсёды адчынены дзверы
Ў гэты цудоўны пакой.
Тут водар духмянай паперы
Паўсюды разліўся ракой!
Заходзяць дарослыя, дзеці,
Спяшаюцца веды набыць,
Другі забяжыць, потым трэці,
Пакой ажно ўвесь затрашчыць!
Сюды не ідуць, як на працу,
Прыходзяць сюды адпачыць.
Прыгожа заўжды, як у палацы,
Прыемна тут проста пабыць!
Сустрэне жанчына ласкава,
Спытае, як справы твае,
Табе ўсміхнецца яскрава,
Гаворыць яна, бы пяе!
Калі што табе невядома,
Ці чымсьці цікавішся ты,
Прыходзь жа і будзь тут, як дома,
Табе дапамогуць заўжды.
Сустрэнуць прыемныя людзі,
Заўжды пагавораць з табой.
І веды тут кожны набудзе.
Зайдзі толькі ў гэты пакой!


На верх старонкі


Мацкевіч

Спатканне