Лунінецкі раённы краязнаўчы музей

Лунінецкі сшытак № 3-4

Матэрыялы трэціх і чацвёртых Лунінецкіх краязнаўчых чытанняў 13 снежня 2003 г. і 26 снежня 2004 г.

І смех і пацеха ў жартоўных народных песнях Лунінеччыны

Сцяпан Нефідовіч, в. Любань

Заглядаючы ў недалёкае мінулае Лунінеччыны, можна ўпэўніцца, што нашы землякі, як і ўсе палешукі - народ песенны. Яшчэ шмат хто з людзей старэйшага пакалення і зараз можа ўспомніць не то што адзінкі, а нават дзесяткі песень. І ў гэтай музычнай эпапеі сярод шматлікіх абрадавых і бытавых песень значнае месца займаюць жартоўныя, напоўненыя гумарам і смехам.

Пачуццё гумару — адна з відавочных прыкмет характару нашага народа. Нават у цяжкія часіны людзі ўмелі смяяцца, хоць іншы раз і «праз слёзы». А ў мірныя гады, у часы нацыянальнага росквіту, было шмат прыволля для весялосці. І весялосць гэта прыродная, непадробная.

У адрозненне ад лірычных песень пра каханне ці быт, якія могуць выконвацца і ў гурце і на самоце, жартоўныя патрабуюць аўдыторыі, бо разлічаны на ўдзел, на супольніцтва, на тое, каб востры жарт ці дасціпны выраз быў пачуты і развесяліў слухачоў.

Асноўнай тэмай жартоўных песень Лунінеччыны з`яўляецца праца. Праца ўслаўлена ва ўсіх жанрах вуснай народнай творчасці: казках, жартах, анекдотах, прыказках, прымаўках; там жа асуджаецца гультайства, нядбайнасць, лянота. У песнях пра мужчын-гультаёў іронія прасочваецца з боку жанчын: ці то жонка, ці дзяўчына, ці суседка — даюць крытычныя характарыстыкі.

Гэта той Ямельенька, (2)
Што жне жыта памаленьку. (2)
Цэлу жменю да смярку, (2)
Жне Ямелька ў халадку. (2)
Нажаў за дзень паўснапа, (2)
А хваліцца, што капа. (2)
А за два дні — два снапы, (2)
А хваліцца — дзве капы. (2)
Ён за мною улягае (2)
І сватацца абяцае. (2)
— Ідзі з хаты, ідзі проч, (2)
Галаву мне не мароч! (2)
Ладырына, нібы пень: (2)
Жменю жнеш за цэлы дзень. (2)
(Тут і далей песні з мясцовадыялектнай мовы пераведзены на беларускую літаратурную — С. Н.).

А ў песнях пра жонку-нядбаліцу гераіні самі малююць сябе непрывабнымі фарбамі, што падкрэслівае несумяшчальнасць гультайства са звыклымі жыццёвымі нормамі: «Ці я сабе не хазяйка, ці не гаспадыня: тры дні хату не мяла — смецця па калена». Так, у песні «Я ў мацеры адна была» спяваецца:

Я ў мацеры адна была, (2)
і дзве градкі абрабіла.
Гуляю я, гэй, гуляю я!
Я дзве градкі абрабіла, (2)
А нічога не ўрадзіла.
Гуляю я, гэй, гуляю я!
Ў агародзе свінні рыюць, (2)
Качкі й гусі лыжкі мыюць.
Гуляю я, гэй, гуляю я!
Куры хату замятаюць, (2)
Хлопцы ў вокны заглядаюць...
Хоць дзяўчына — недарэка, але прыгожая, а таму шмат кавалераў мае. Яна хваліцца:
Не біцеся, няма за што, (2)
Я ж прыгожа, а лядашча.
Больш, чым самакрытычна, характарызуе сябе гераіня другой песні — яна яшчэ і абвінавачвае мужа:
А ты ж знаў, нашто браў
Мяшчаначку з места?
Я не ўмею пячы хлеба
І мясіці цеста.
Ой ты знаў. Нашто браў?
Я не ўмею жаці.
Зрабі мне ты халадочак,
Я буду ляжаці.
Ой ты знаў. Нашто браў?
Не ўмею варыці.
Зато ўмею танцаваць,
Пець і гаварыці.
Яшчэ больш, чым гультайства, злом у нашым грамадстве з`яўляецца п`янства. У хаце п`яніцы без вайны вайна; у хаце п`яніцы большая беднасць, чым у гультая. П`яніца ў хаце — пакута сям`і і блізкім. Таму ў песнях такая бяда ад імя жонкі выліваецца ў маналог «праз слёзы»:
Ты п`еш, а я плачу.
- - - - - - - - - - -
Што й за п`яніцу пайшла
Неўмыванага ліца.
Пакуль лічка вымыла,
То й брус мыла змыліла,
Пака кудры расчасала,
То й грабёнку паламала.
Яшчэ большае гора, калі п`е жанчына (жонка, маці). Асуджэнне гэтай заганы ідзе і з боку мужа, і пабочных людзей, але парадокс, найбольш ад саміх жанок:
Да дайце ж мне
Сем чарак гарэлкі.
Адну чарку
Ды мне для смялосці,
А другую —
Для весялосці,
А трэцюю —
Каб я была п`яна,
Чацьвёртую —
Каб я заспявала,
А пятую —
Каб я была дужа,
А шостую —
Каб пабіла мужа,
А сёмую —
Каб спаць палажыла.
Палажу я мужа спаць,
А сама пайду гуляць.
У жартоўных песнях пастаянна робіцца выснова: мужык — грубы, неахайны, бедны. Чаму бедны? Бо п`е. Чаму п`е? Бо бедны.

Ва ўсіх фальклорных жанрах адлюстроўваецца спрадвечная сацыяльная няроўнасць у грамадстве; нярэдка гучыць супроцьпастаўленне шчодрых і сквапных, сціплых і хвалькоў, прыгожых і няўдалых, бедных і багатых, прычым, значная перавага надаецца першым.

У жартоўных песнях ярка выражана сімпатыя да беднякоў і нелюбоў, непавага да багацеяў. Ад дабрадушнага гумару да з`едлівага сарказму — такі шырокі настроевы дыяпазон народных твораў.

Грамадскага смеху баяцца ўсе, і нават тыя, хто, здавалася б, нічога не баяцца. Віноўнікі адчуваюць сябе няёмка, няўтульна.

Там, каля рэчкі, там, каля броду.
Крынічэнька б`е.
Там сабралася бедна галота
І гарэлку п`е.
Пілі гарэлку, пілі вішнёўку,
А цяпер — віно.
— А хто з нас, хлопцы, будзе смяяцца,
Будзем біць таго.
Ой, прыйшоў дзядзька, дзядзька багаты,
Насміхаецца:
— А за што ж гэта бедна галота
Напіваецца?
— Не смейся, дзядзька, дзядзька багаты,
Не гняві ты нас,
Сядай ты, дзядзька, дзядзька багаты,
Выпі каля нас.
— Дзякую, хлопцы, дзякуй, малойцы,
Я не буду піць,
Я маю свае сто рублёў грошай —
Шкода размяніць...
Ой крыкнуў-гукнуў старшы брат Вася
На сваіх рабят:
— Вывесці дзядзьку, дзядзьку багатага
На шырокі шлях!..
Адзін — за рукі, другі — за ногі,
Трэці ў карак б`е:
— Не хадзі, дзядзька, дзядзька багаты,
Дзе галота п`е!
Іроніяй напоўнены песні пра багатых старых халасцякоў ці дзядоў, што, карыстаючыся сваім становішчам, сватаюцца да бедных дзяўчат.
Ой пад вішняю,
Пад чарэшняю
Стаяў стары з маладою —
Чырвонаю ягадаю.

І прасілася,
І малілася:
— Пусці мяне, стары дзед,
Бо хачу я пагуляць.

— Я і сам не пайду,
І цябе не пушчу,
Бо ты мяне старэнькага
Да й пакінеш на бяду.

Куплю табе хатку,
Куплю сенажатку,
І карову, і млынок,
І вішнёвенькі садок.

— Ой, не хачу хаткі
І той сенажаткі,
Ні каровы, ні млынка,
Ні вішнёвага садка!

Ой ты, стары дзедуга,
Ізагнуўся, як дуга,
А я маладзенька,
Гуляці радзенька!

У шматлікіх песнях спяваецца, як маладая дзяўчына дае рашучы адказ. Хоць бы і так:
Да мяне ты не хадзі,
Не мясі балота,
За цябе я не пайду,
Хоць бы ты й са злота.
- - - - - - - - - - - - - -
Да мяне ты не хадзі,
Куцы, карценькі,
Ёсць у мяне хвайны хлопец,
Бедны ды міленькі.
Часта адна і тая ж песня мае некалькі варыянтаў або ў розных вёсках спяваецца па-іншаму. Так, у Лахаўцы карагодная «Ой чаму ж ты, дзеду да не жэнішся?» на гэтае пытанне стары дае адказ:
— Ой, як жа мне ды жаніціся,
Дану, дану, дану,
Ды жаніціся?
(Далей запіс скарочаны — С. Н.)
Стара не захоча,
малада не пойдзе.
- - - - - - - - - - -
Ну, а як і пойдзе,
то не ляжа спаці.
- - - - - - - - - - -
А хаця і ляжа,
то не прыгарнецца.
- - - - - - - - - - -
А як прыгарнецца,
то не пацалуе.
- - - - - - - - - - -
А хоць і пацалуе,
адвернецца — сплюне.
У Любачыне гэта песня — вяснянка, з прыпевам: «Ой сеў, думаў, думаў, думаў...» — мае працяг, з якога вынікае дыялог:
— А ў цябе, дзеду,
казловая барада,
... авечая паходка,
... савіныя вочы,
нядобрыя для ночы.
Але, калі дзед угаварыў дзяўчыну выйсці за яго замуж і стала яго жонкай, купіў нагайку ды як сцебануў, адразу стала «мілай»:
— Ой, у цябе, дзеду,
шоўкавая барада,
... панская паходка,
... сакаліныя вочы,
добрыя для ночы.
Высмейваюцца і багачкі, што «маюць валы ды каровы», але астаюцца не запатрабаванымі ў хлопцаў, а замуж ідуць тыя, у каго «чорныя бровы» ды «лічанька — краса — рання раса».

У песнях пра сямейныя адносіны паказаны і цяжкая доля нявестак ды прымакоў, і смешныя гісторыі ва ўзаемаадносінах між цешчай і зяцем.

Бадай сена прахам пойдзе,
Каса зламалася,
Бо за мною свякроў злая
Ўсю ноч ганялася.
А я, малада, уцякала
Цераз агароды,
Заблыталася ў гарбузенні —
Нарабіла шкоды...
Шырокі каларыт набылі жартоўныя песні са сцэнамі бытавых адносінаў у штодзённым жыцці мужа і жонкі ці дзеда і бабы. Творы прасякнуты лёгкім гумарам, дасціпным жартам. Большасць з іх выконваліся ў форме дыялогу, набылі сцэнічнае жыццё. Песні «Ой ды прадай, бабушка, бычка», «Прадай, мілы, сівы бычкі», «Ой пайду я па-над лугам», « Да паедзем, мілая...» папулярнымі былі нават у рэпертуары самадзейных артыстаў у 1960-80-х г.г.

Некаторыя песні носяць яўна павучальны характар. Так, у песні «Жыла-была жонка малада» распавядаецца пра мужа «півака», які піў, жонку біў. Пайшла жонка ўпрочкі, кінуўшы дзяцей, гаспадарку.

... Пайшоў муж за мілаю к Дунаю:
— Ой вярніся, мілая, дадому,
Я не буду біці, я буду любіці,
Бо мне важка жыці самому.
У абрадавых песнях многія вяснянкі таксама напоўнены гумарам, іроніяй. З прыходам вясны ўзнімаецца настрой людзей. Люд вясковы, ад малога да старога, ладзіў карагоды. акрамя таго, што героямі веснавых гульняў былі «вясна-красна на ўвесь свет» і «карагод — чырвоненькі, як ягод», гераіняй ці героем маглі стаць і людзі, прычым, і з адмоўнымі рысамі характару.
1) Гэй, вясна, гэй, красна!
Чужы жанкі ткуць кросна,
А я ж, маладая, не ткала,
Піліпаву ночку праспала...
2) Расці, расці, мураўка,
блізка дарогі.
Вясна, вясна, карагод!
А ў нашага хлопчыка
ды крывыя ногі.
Вясна, вясна карагод!..
Ёсць таксама месца жартам, смеху і ў вясельных песнях. Асабліва ў той момант, калі вясельны «поезд» прывозіць маладую да маладога, тады ідзе жартоўная «перасварка» між спявачкамі двух родаў, хто каго больш «уколе, упікне».
Ба, прывезлі маладую,
Не рыжую, а рудую.
Дзе вы, сваты, яе ўзялі,
Мо ў цыбульніку дзяржалі?
А рудая — неўмываная,
Грабянцом расчасаная.
Вось вазьміце, бы калоду,
Завязіце мыць у воду:
Бух! — у рэчку, плюх! — на кладку,
Ды пранікам — па азадку!
Другі варыянт канцоўкі:
Палажыць яе на кладцы
Ды пранікам — лясь! Па ср...!
Цікавыя па зместу радзінная паэзія. У песнях гэтай тэматыкі найчасцей у поле зроку трапляюць кум з кумою, найбольш жартаў сыплецца ў іх адрас, хаця дастаецца іншы раз і бацьку нованароджанага, бывае, і суседу.
Кум па горачцы пахаджвае,Сваю кумачку паваджвае...
Абманным шляхам кум хацеў завалодаць кумой: не купіў ні абяцанага саяна, ні віна. Тады кума абхітрыла кума:
Кума кума падвяла, падвяла,
Куму штаноў не дала, на дала:
— Цяпер такі пастаноў, пастаноў,
Што кум ходзіць без штаноў, без штаноў.
Добразычлівым гумарам прасякнуты песні: «Як кума да кумы...», «Такі, кума, дайся», «Паздароў, божа, каваля».

У многіх народных песнях дзеючымі асобамі з`яўляюцца персаніфікаваныя птушкі, жывёлы, насякомыя. Яны паводзяць сябе, як і людзі: маюць такія ж зносіны і адносіны, трапляюць у падобныя да чалавечых ( а ў жартоўных песнях у смешныя) сітуацыі.

1) Ой што ж то за шум учыніўся?
То камар ды на мусе ажаніўся...
2) Задумаў рачок ажаніцца,
Ды й пайшоў ён да жабы радзіцца...
* * *
У савецкія часы праз школьныя праграмы і праз мастацкія калектывы ў наш рэпертуар увайшлі многія жартоўныя песні: такія, як «Чаму ж мне не пець?», «Як пагнала бабуленька», «Як служыў я ў пана...» і іншыя, што выконваліся ў іншых кутках Беларусі.

Усе народныя жартоўныя песні застаюцца дзейснай выхоўваючай сілай, высмейваючы ўсё, з чым не мірыцца народнае ўяўленне пра людскія паводзіны, і тым самым сцвярджаючы здаровыя маральна-этычныя і эстэтычныя погляды.

У праведзеным аглядзе жартоўных песень выкарыстаны толькі тыя, што запісаны ў вёсках Любань, Лахаўка, Лахва, Любачын, Сінкевічы і Намакрава. Песенны ж багаж усёй Лунінеччыны значна багацейшы. Шкада, што знікае фальклор — вялікі скарб, набыты нашымі продкамі за мінулыя стагоддзі. Мы значна збяднеем, вынішчыўшы такое багацце.

На верх старонкі