Лунінецкі раённы краязнаўчы музей

Лунінецкі сшытак № 2

Матэрыялы другіх Лунінецкіх краязнаўчых чытанняў 7 снежня 2002 г.

Краязнаўчы рух на тэрыторыі Лунінецкага павета (1921–1939 гг.)

Ігар Цітовіч, аспірант РІВШ, г. Мінск

Па ўмовах Рыжскага дагавора 1921 г. ІІ Рэч Паспалітая ператварылася ў поліэтнічную дзяржаву, дзе нацыянальныя меншасці складалі каля паловы насельніцтва. Сярод найбольш важных праблем, якія павінна была вырашаць фактычна зноў створаная дзяржава, першае месца займалі пытанні рэпаланізацыі грамадзян розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў. Нягледзячы на VII артыкул Рыжскага дагавора і артыкулы 108 і 109 Канстытуцыі 1921 г., па якім асобам беларускай і іншых нацыянальнасцяў у межах Польшчы забяспечваліся ўсе правы ў развіцці культуры, мовы, адукацыі і выкананне рэлігійных абрадаў, меншасці былі фактычна пазбаўленыя гэтых палітычных і культурных правоў (8, 1-4). Неабходнасць грамадзянскага выхавання ў польскім нацыянальным духу дзяржаўныя ўлады бачылі як адказ на нацыянальны нігілізм далучанага насельніцтва.

Менавіта краязнаўства разглядалася цэнтральным кіраўніцтвам як рэальны сродак, які павінен быў адыграць значную ролю ў выхаванні нацыянальнай самасвядомасці грамадзян адноўленай дзяржавы. У сувязі з гэтым, літаральна ў першыя месяцы існавання ІІ Рэчы Паспалітай, былі зроблены крокі па развіццю ўсіх арганізацый, як грамадскіх, так і дзяржаўных, перад якімі стаяла задача пашырэння асноўных звестак па гісторыі і культуры польскіх зямель, а таксама прапаганда і тлумачэнне грамадзянскіх правоў і абавязкаў. Асобная роля надавалася ўстановам, якія працавалі на далучаных тэрыторыях і ўласна на тэрыторыі Палесся. Яны павінны былі праз нагадванне і падкрэсліванне асаблівых гістарычных рэгіянальных момантаў звязваць мацней будучыню палешукоў з будучым цэнтральнай Польшчы.

Найбольшую цікавасць у дзяржаўных улад выклікаў малавядомы Лунінецкі павет, які з’яўляўся памежжам з СССР. Яшчэ ў пачатку 1926 г. павет прадстаўляў вобраз поўнага безуладдзя і хаоса, таму першапачатковыя намаганні мясцовай адміністрацыі былі скіраваны больш на аднаўленне інфраструктуры, чым на даследаванне тэрыторыі.

Лунінецкі павет уключыўся ў агульнапольскі краязнаўчы рух з невялікім спазненнем толькі ў 1923 г., дзякуючы апантанай дзейнасці асобных прадстаўнікоў мясцовай інтэлігенцыі і сябраў Палескага аддзела Польскага краязнаўчага таварыства. На працягу 1923-1926 гг. Палескім краязнаўчым таварыствам было праведзена некалькі археалагічных экспедыцый на чале з Р. Гарашкевічам у Пінскім, Лунінецкім і Столінскім паветах (1, 166). У Лунінцы экспедыцыі даследавалі дзве вялікія пясчаныя дзюны, дзе былі знойдзены крэмянёвыя нажы, наканечнікі стрэл, скрабкі, косткі жывёл, рэшткі ачага, чарапкі посуду і пацеркі. Усе гэтыя знаходкі па патрабаванню Галоўнага праўлення ПКТ былі перададзены ў Львоўскі гістарычны музей (2, 3).

Пашырэнне краязнаўчай працы ў Лунінецкім павеце было выклікана працэсам рэарганізацыі Польскага краязнаўчага таварыства ў 1936 г., калі для паляпшэння краязнаўчай працы былі створаны ваяводскія акругі. Палеская акруга ўзнікла на падставе распараджэння Галоўнага праўлення ПКТ ад 20 красавіка 1936 г. з цэнтрам у Пінску (4, 278). За ўвесь час існавання акругі функцыі праўлення выконвалі сябры Пінскага аддзела ПКТ на чале з П. Алевінскім, бо цэнтральнае кіраўніцтва таварыства палічыла, што Пінскі аддзел працуе найбольш актыўна. Менавіта гэта праўленне з 9 студзеня 1937 г. распачала арганізацыйную працу па стварэнню асобнага Лунінецкага аддзела ПКТ, які павінен быў кіраваць навукова-краязнаўчай і турыстычнай дзейнасцю на тэрыторыі ўсяго Лунінецкага павета. Згодна са Статутам ПКТ, аддзел мог з’явіцца толькі пасля пэўнага часу існавання на гэтай тэрыторыі дэлегатуры (прадстаўніцтва) акруговага аддзела [5, 124]. Дэлегатуру ў Лунінцы ўзначаліў Э. Скарупа, якому ў 1939 г. ужо былі дасланы інструкцыі і ўзор пратакола арганізацыйнага сходу аддзела. Але ў выніку падзей верасня 1939 г. Лунінеччына не атрымала навуковай дзяржаўнай установы, якая павінна была стаць аб’яднаўчым фактарам у інтэлектуальным жыцці мясцовага насельніцтва.

Ад часу атрымання Польшчай незалежнасці і амаль да 1926 г. не адбывалася сістэматычнага гаспадарча-краязнаўчага даследавання далучаных тэрыторый Заходняй Беларусі. У 1926 г. з ініцыятывы З. Чэўрыёўскага, С. Даўнаровіча, В. Гарачкоўскага і В. Рамана пры Музеі прамысловасці і земляробства ў Варшаве быў створаны Інстытут гаспадарчага даследавання Усходніх зямель [6, 236]. За тры гады існавання Інстытут здолеў злучыць вакол сябе некалькі дзесяткаў вучоных, выдаць 30 розных навуковых выданняў, аднак з-за недахопу фінансавання Інстытут спыніў свае існаванне ў 1929 г. Перапынак у сістэматычным гаспадарча-краязнаўчым даследаванні ўсходніх тэрыторый скончыўся восенню 1936 г., калі па ініцыятыве Б. Хелчынскага, П. Яроцкага, Е. Кажухоўскага, К. Скурэвіча і А. Сцябельскага было закладзена Таварыства развіцця Усходніх зямель (далей ТРУЗ), якое праз даследаванне гаспадарчых патрэб Заходняй Беларусі і пашырэнне турызма, павінна было імкнуцца да ўніфікацыі края з астатняй Польшчай (6, 237). Для вырашэння тэарэтычных праблем дзейнасці таварыства пры ім была створана Камісія навуковага даследавання Усходніх зямель.

Першы этап дзейнасці ТРУЗ на далучаных тэрыторыях быў практычны — неабходна было стварыць пашыраную сетку павятовых гурткоў для больш дакладнага даследавання мясцовасці праз:
— збор і захоўванне навуковых матэрыялаў, якія адносяцца да Усходніх зямель;
— ініцыіраванне навуковых і краязнаўчых даследаванняў;
— выданне матэрыялаў даследавання;
— стварэнне музейных збораў, бібліятэк, скліканне навуковых з’ездаў;
— вывучэнне народнага промыслу.

Наступным крокам было пашырэнне краязнаўчага турызма на тэрыторыі Заходняй Беларусі праз акцыю “Лета на Усходніх землях”, якая мела мэту прыцягнуць увагу грамадства да хараства Беларусі, а таксама праз рознага кшталту імпрэзы: кірмаш у Будславе на Віленшчыне і “Дні Палесся” у Пінску (6, 223).

На другім этапе ТРУЗ пачало праводзіць пашыраныя канферэнцыі з дакладамі аб даследаванні Усходніх зямель. Адным з першых такога кшталту мерапрыемстваў стаў І турыстычны з’езд у Пінску, які адбыўся 5-6 чэрвеня 1936 г. З дакладам “Паляванне на Палессі”, у якім закраналіся пытанні пашырэння турыстычна-краязнаўчага руху на Лунінецкі павет, выступіў сенатар Францішак Друцкі-Любецкі з Лунінца (7, 45).

Са стварэннем у 1937 г. павятовага гуртка ТРУЗ у Лунінцы на чале з Ст. Сабяшчакам гаспадарча-краязнаўчая дзейнасць у межах павета набыла навукова-практычны накірунак і знаходзілася пад фінансавым патранатам цэнтральнага кіраўніцтва. Лунінецкі гурток спыніў сваю дзейнасць у 1939 г., у выніку змены палітычных варункаў [6, 230].

З павелічэннем колькасці вывазу нацыянальных каштоўнасцяў і помнікаў мінуўшчыны Польшчы ў першыя гады існавання ІІ Рэчы Паспалітай, кіраўніцтвам дзяржавы было прынята рашэнне аб стварэнні спецыяльнай установы, якая павінна была кіраваць інвентарызацыяй, даследаваннем і рэстаўрацыяй нацыянальнай гістарычнай спадчыны.

Згодна з распараджэннем Прэзідэнта 1 снежня 1928 г. у Дэпартамент мастацтваў Міністэрства веравызнанняў і народнай асветы была ўведзена пасада Генеральнага кансерватара, які павінен быў прадстаўляць інтарэсы дзяржаўнай апекі над помнікамі мінуўшчыны [11, 12]. У дапамогу яму, 13 чэрвеня 1929 г. было склікана цэнтральнае Бюро для інвентарызацыі помнікаў культуры і мастацтва [11, 53]. Па ўсёй тэрыторыі ІІ Рэчы Паспалітай Бюро стварала кансерватарскія акругі (у межах ваяводства) на чале з ваяводскім рэферэнтам культуры і мастацтва, мэтай якіх было дакладнае апісанне помнікаў на тэрыторыі ваяводства. Кожнае акруговае бюро збірала кансерватарскія камісіі, якія складаліся з мясцовай інтэлігенцыі і павінны былі ўключаць архітэктара, спецыяліста па гісторыі мастацтваў, фатографа. Для забяспячэння кансерватарскіх устаноў Палесся мясцовай падтрымкай, згодна з распараджэннем Палескага ваяводы, у бюджэты павятовых соймікаў пад № 7 “Сродкі для развіцця культурнага руху” павінны ўключацца выдаткі на [11, 65]:
— ахову помнікаў культуры мінулага, што вырашалася ў шчыльным ўзаемадзеянні з Рэферэнтам па справах культуры і мастацтва пры Палескім ваяводскім праўленні;
— збор і падрыхтоўку матэрыялаў для складання манаграфіі павета;
— апрацоўку інфармацыі і звестак, неабходных для развіцця турыстычнага руху на Палессі.

Гэтым тлумачыцца даволі стабільная і актыўная праца мясцовага насельніцтва па выяўленню і кансервацыі помнікаў мінулага. Лунінецкі павет, як і ўсё Палессе, багаты на культурныя помнікі, прымаў актыўны ўдзел у гэтай працы. Таму і не дзіўна, што 29 снежня 1931 г. у акруговую кансерватарскую камісію, якая ахоплівала сваёй дзейнасцю і Лунінеччыну, быў абраны выкладчык нямецкай мовы Лунінецкай гімназіі Альфонс Высоцкі, які цікавіўся кансерватарскай працай і фотамастацтвам [12, 20]. Асноўнай мэтай А. Высоцкага як прадстаўніка кансерватарскай установы было інфармаванне камісіі аб культурных і гістарычных помніках на гэтай тэрыторыі, а таксама першапачатковае апісанне помнікаў з пункту гледжання гістарычнай, культурнай і мастацкай каштоўнасці, крытэрыі якой былі акрэслены распараджэннем Прэзідэнта Рэчы Паспалітай ад 6 сакавіка 1928 г. [3]. Зразумела, што і гэта краязнаўчая дзейнасць, скіраваная на даследаванне гістарычнай спадчыны ў межах Заходняй Беларусі, была спынена ў 1939 г., бо па сваім кантэксце яна ўжо не адпавядала культурным патрэбам новай дзяржавы.

Нельга гаварыць аб шырокім краязнаўчым руху на тэрыторыі Лунінецкага павета ў 1921–1939 гг. і аб удзеле ў ім усяго насельніцтва павета. Трэба нагадаць, што абмежаванасць краязнаўчага руху была выклікана як суб’ектыўнымі прычынамі (мясцовае насельніцтва не бачыла ў краязнаўстве рэальнай карысці, краязнаўчы рух быў польскім па сваім ідэалагічным накірунку), так і аб’ектыўнымі (дрэнныя шляхі зносін, адсутнасць навуковага асяродка ў павеце, невялікая колькасць мясцовай інтэлігенцыі). Нягледзячы на такія неспрыяльныя ўмовы развіцця, краязнаўчы рух на тэрыторыі Лунінеччыны існаваў і падтрымліваўся сваімі апантанымі прыхільнікамі, краязнаўчыя замалёўкі і фотаздымкі якіх змяшчаліся ў мясцовых газетах “Glos Luniniecki” і “Kronika Luniniecka” [9; 10].

Літаратура:
1. Georgiewski D. Muzeum Poleskie PTK w Pinsku // Ziemia. Warszawa, 1939. № 5-6. С. 166-167.
2. Horoszkewicz R. Notatki Arheologicne z Pinszczyzny // Ziemia Pinska. Tygodnik polityczno-spoleczny. Pinsk, 1926. № 4. С. 3.
3. Rozporzadzenie Prezydenta Rzeczypospolitej z dnia 6 marca 1928 r. o opiece nad zabytkami // Dzennik ustaw Rzeczypospolitej/ Warszawa, 1928. №29.
4. Sprawozdanie z dzialnosci Polskiego Towarzystwa Krajoznawczego w 1935 r. // Ziemia. Warszawa, 1936. №10-11. C. 277-280.
5. Sprawozdanie z dzialnosci Polskiego Towarzystwa Krajoznawczego w 1936 r. // Ziemia. Warszawa. 1937. №4-5-6. С. 122-124.
6. Towarzystwo Rozwoju Ziem Wchodnich // Rocznik Ziem Wchodnich. Warszawa, 1938.
7. Turystyka na Polesiu. Protokul I zjazdu turystycznego odbytego w Pinsku 5 i 6 czerwca 1936 r. Warszawa, 1938. S. 138.
8. Аддзел рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, ф. 4 “Станкевіч Адам”, воп. 1, ад.з. 67 “Мемарыял Беларускага пасольскага клюбу ў Лігу Народаў у справе палажэння беларускага народа”.
9. гл. // Glos Luniniecki. Luniniec, 1923.
10. гл. // Kronika Luniniecka. Luniniec, 1933. №19.
11. Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці, ф. 1, воп. 1, спр. 489 “Цыркуляры Міністэрства веравызнанняў і народнай асветы”.
12. Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці, ф. 1, воп. 1, спр. 891 “Справаздача аддзелаў мастацтваў”.

На верх старонкі


Вакзал у Мікашэвічах
Чыгуначны вакзал у пасёлку Мікашэвічы

Знак
Знак на месцы гарадзішча ля вёскі Кажан-Гарадок