Альманах "Лунінецкая муза", № 4

Аляксандр Хаўдзееў

Родныя сцежкі

Природа — колыбель и стихия

Александр Петрович Хавдеев родился 5 июня 1960 года в г. п. Буда-Кошелёво на Гомельщине. Вскоре семья переехала в Дрогичинский район, где в деревне Закозель прошли детские и юношеские годы автора. Там же начал писать первые стихи. После окончания Брестского пединститута с 1982 года работает учителем в Лунинецком районе, преподаёт географию и биологию.

Природа родного края, воспитание трепетного к ней отношения у нашего подрастающего поколения — основные вопросы, волнующие автора. Это не только доминирующая тема его творчества, но и главная суть его человеческой натуры, его жизненное и педагогическое кредо.

А. П. Хавдеев — один из активных участников творческого клуба “Лунинецкая Муза”, часто публикуется в местной прессе, участвует в многочисленных встречах с читателями.

Он убеждённый оптимист и фанат своего дела, организатор частых туристических походов по родному краю со своими воспитанниками, в этих походах на словах и на деле они занимаются экологическими проблемами.

В сборник вошли стихи на белорусском языке о родной природе, хотя тематика произведений А. П. Хавдеева разнообразна, пишет он также на русском и на украинском языках.

Читая произведения сборника, читатель почувствует, что написаны они под впечатлением от прямого общения с природой Полесья, ещё раз проникнется её уникальной прелестью и красотой, замечательным поэтическим мастерством автора, вдохновлённого миром флоры и фауны родного края.

***

Люблю цябе, мой край Палескі,
Я сэрцам да цябе прырос...
Найпрыгажэйшыя пралескі
І найсмачнейшы сок бяроз.
Тут наймілейшыя світанні
Ля любай Прыпяці — ракі,
Калі ў хмарах спазаранку
Ляцяць у вырай жаўрукі...
Люблю цябе, мой край Палескі,
Бацькоўскай хаты цеплыня...
Садзіцца сонца на ўзлеску,
Маўклівы вечар, цішыня...
Я закаханы ў шчодрасць нівы
І ў асаковыя лугі.
Тваімі песнямі шчаслівы,
Айчына, край мой дарагі!..

***

Чорнае неба і чорная зямля...
Несканчальнае рэха Чарнобыля.
Гэта смутак і боль
    самай страшнай бяды,
Папялішча душы, адзіноты сляды...
Год за годам ідзе чарадой,
Як жа справіцца з гэтай бядой?
Дзе прытулак знайсці для дзяцей?
Запытацца хачу я ў людзей.
Адыйду на ўзлесак, у раку пагляджу.
Дзе знайсці астравок чысціні ці мяжу,
За якой можна дыхаць глыбей?...
Не, няма, не знайду, хоць забей!
Ой, браткі-беларусы мае,
Хай вам Бог больш бяды не дае.
Засталася надзея адна на Яго...
Крыўда, смутак і боль...
І нічога, нічога свайго...

***

Празрыстасць блакітнага неба
Халодзіць апошнія хмаркі.
Яны ад зімы, як і трэба,
Бягуць на ўсход вельмі шпарка.

Вясёлай усмешкаю сонца
Вітае вясковае ранне
І дорыць, як ласку бясконцую,
Жыццё ў зялёным убранні.

Лугі, і лясы, і балоты,
І воды малой ручаіны
Адчулі цяпла першы дотык,
Прыемны, чаканы, гасцінны...

***

Сакавіцкага сонейка ласкай вясноваю
Крануты пупышкі, вярбы катахі.
Запахла смалою — жывіцай яловаю,
Капель зазвінела з прагрэтай страхі...

Дзівосным вяселлем натоўпу галоднага
Таўкуцца на шляху браткі-вераб’і.
Буслы завіталі да берага роднага,
Шпакі аглядаюць прасторы-палі...

На Прыпяці крыгі карчы разлупасілі,
Ільдзінак-цаглінак затор у берагах.
А побач бярозкі слязінкамі ласуюць,
Стаяць на танюткіх, бялюткіх нагах...

Ля іх я ўдалеч гляджу заварожана,
Вясна на Палессі..., — як новыя сны,
На сэрцы святочна, на сэрцы трывожна
Ад гэтай прыгожай і ранняй вясны...

***

Святочнай зелянінаю вясну
Сустрэла зноў малінавае ранне.
Зямля прачнулася ад мрояў-сну
І абудзіла красавіцкае каханне...

Узняла прагрэтыя вярхі
Вярбіца ліпкалістая.
Казыча ветрык катахі,
Чутно аера пах гарчысты...

Пралескі радуюць шмялёў,
Туман у нізках клубіцца.
І цягнуць стомлена галлё
Гракі — пачнуць гняздзіцца...

Май непаўторны

У неба высокае — чысты блакіт —
Песня птушыная рвецца.
У рэчышчы чыстым вясновай ракі
Моцы трава набярэцца.

Сонца іскрыцца ў разлівах лугоў,
Тоўпяцца чайкі над водным прасторам.
Лотаць адзначыла след берагоў
Жоўтым, духмяным узорам.

Май сустракае букетам садоў,
Пахам чаромхі і бэзу.
Лес апрануцца ў зелень гатоў,
Ветрык ласкае бярозку-гарэзу.

Турботы шпачыныя на першай раллі,
Свежасць дыханне бадзёрыць.
Колькі дзівосаў радзімай Зямлі
Май непаўторны падорыць...

***

Ідзе вясна. Грукочуць крыгі...
Пачатак месяца сакавіка.
Ад моцнай, доўгае адлігі
Узнялася, рушыла рака...
Прагаліны ў палях чарнотай
Да сонца звернутых бакоў
Чакаюць з пэўнаю ахвотай
Прылёту дружнага шпакоў.
Ідзе вясна... Цяплеюць ночкі...
Скінулі вербы катахі,
Да сонца выцяглі лісточкі,
І ластаўка шчабеча з-пад страхі.
Пра што яна ўнадрыў спявае?
Пра гэты ветрык веснавы,
Пра сонейка, што прыпякае,
Пра зеляніну новае травы...
Пра безліч розных спраў вясновых
І пра вяртанне жаўрука.
Пра аксаміт галін яловых,
... Пра прыгажосць красавіка...

Ідзе вясна... Ужо май квітнее,
Рамонак моцны церпкі пах,
Усё навокал зелянее,
Гняздом прыкмеціў буська дах...
Стаў бэз адным жывым букетам,
Цудоўны дожджык на двары,
Прыходзіць непрыкметна лета,
Пачатак чэрвеня — назола машкары.
Яшчэ няўпэўнена парою
Прарэжа хмаркі першы гром,
А ноччу месяц над ракою
Павісне срэбраным сярпом.
Вясёлка выгнецца дугою,
На травы росы ападуць.
Туман абступіць раніцою
... І хлопцы з косамі ідуць...

***

Чаромхі рэзкі бессаромны пах...
У зеляніне ўсё квітнее,
Пасля зімы ялінак дах
Пад сонцам шчыра маладзее...
Над Прыпяццю вясенні спеў,
Вясёлка свеціцца стракатаю дугою.
Пралесак дыванок ужо паспеў
Прагрэцца пад разлапістай сасною.
Вандроўнік-буська кружаляе,
Клякоча з хваляваннем у вышыні.
Гняздо ізноў сваё шукае —
Былога лета карані.
Вясенні вечар раптам ціха
Блісне маланкай за ракой.
І стане так прыемна дыхаць,
Усюды свежасць і спакой...

Чэрвень

Прыемны сум бароў
І халадок крыніц-жывіц
Сустрэне ранкам-сіваком
Духмянай прыгаршняй суніц...

Сярод бярозак маладых,
У вокнах сонечных праменняў,
Расінак дробныя сляды
Зазіхацелі зорнай жменяй.

П’янкі, густы маліны водар
У жарты з ветрыкам ірвецца.
Прыемнай стомай-асалодай
На вуснах поўдзень адзавецца.

Птушыны спеў ласкавы
Пераклікаецца, гудзе
І хмаркі белыя-забавы
Плывуць па небу ў чарадзе...

***

Халаднаваты ранак на пакосах
Устае духмяны, увесь у росах.
А над вадою табунамі
Сівымі коціць туманамі.
Скубе гарлачык і лазняк
Качыны вёрткі маладняк.
Ускідаюць хвалі шчупакі
Над плынню соннае ракі.
Дубоў зялёныя чупрыны
Маланак захавалі кпіны,
І дорыць бераг старыка
Прыемны подых свежака.
Журчыць змялеўшая пратока,
Стажкі адметныя навокал...
У ласкавых промнях ліпеньскае ранне,
З чароўнай Прыпяццю спатканне...

Раніца на Прыпяці

Чырвань сонца абудзіла ранак,
Палахліва пазіраюць жаўрукі.
Паляванне першае-сняданак
Іх прывабіў да карміліцы-ракі.

Зіхацяць расіначак каралі,
Дзе туман галінкі асядлаў.
Рэха зычна напаўняе далі
Клёкатам бусліным ад сяла...

А рака, яна і ў ноч не спала,
Гнала хвалі-плынь нястомных вод.
То пясок ласціла, то карчы лізала
І цякла, і бегла на ўсход.

То бяжыць рупліва, важна, прама,
То вычварны зробіць паварот.
Прыме халадок-глыток таксама
Ад вады затоеных балот...

А магчыма, ужо яна не тая,
Збегла, адарвалася з вачэй,
Сонца ўзнялося, прыпякае,
А яна бянтэжыцца — цячэ...

Ветрыкам узніме дружна хвалі
І бягуць яны на высахлы чарот
То вясёлкаю стракатаю заззялі,
То ў вірку пайшлі ў карагод.

Прыпяць — прыгажуня, не нап’юся
Я твае гаючае вады.
І заўжды, калі душой стамлюся,
То ізноў, ізноў прыйду сюды...

Тут такі спакой і асалода,
Без чаго не змог бы, пэўна, жыць.
Толькі наша матухна прырода
У сэрцы зможа раны загаіць.

Дзякую табе за гэты ранак,
Дзякуй за магчымасць не старэць.
Ведай, не адзін яшчэ світанак
Мару я на Прыпяці сустрэць!..

Ранак

Якое неба раніцою!..
Усход ажыў у малінавым агні,
А захад там, за Прыпяццю-ракою,
Хавае ноч у карчы балотняй цішыні.

Клубамі сцелюць туманы,
Сівы дымок над вільгаццю-блакітам,
Адных дубоў вяршкі відны,
Запахла раптам цёплым жытам.

Блішчаць люстэркам раніцою
Азёры ціха, дзе чарот,
Спусціўшы лісце над вадою,
З гарлачыком заводзіць карагод.

Стаю, затойваю дыханне,
Ад прыгажосці анямеў.
Жыццёвае жывое шчабятанне —
Ласкавы ранішны птушыны спеў...

На пакосе

Узыдзе месячык маўкліва,
Жыццёвых ніў асвеціць шыр,
А ў ноч на Прыпяці руплівай
Сярпом нырне ў халодны вір...

Прачнецца ранак, увесь у росах,
Траў лугавых гаркотны пах.
Асядзе ў радках-пракосах
І стомнай смагай на губах.

Гамоніць лёгкі ветрык шпарка
З сіроткаю-абпаленым дубком,
А захад зноў збірае хмаркі
За перасохшым старыком.

Жнівень

Жнівень... Лета заканчэнне...
Стала Прыпяці цячэнне
І павольным, і лагодным,
Цішыня на люстры водным.
Пах гаркотны асаковы
Па-над выспай сцеле новай,
Рэчка моцна абмялела
І пад рэдкай хмаркай белай
Мо хвіліну цень блукае,
У поўдзень сонца прыпякае...
Бераг жоўтага пяску
Цісне болей на раку.
Захад ледзьве багрыць неба,
Адпачынак сонцу трэба...
Цэлу ночку перад Спасам
Знічкі бегаюць нязгасна...
Жнівень... Летнія турботы...
Нахіліліся над плотам
Спелых яблыкаў чароды,
Водар іх, п’янкі заўсёды,
Дыхаць узнімае грудзі,
Душу асалодай будзіць.
І вітаюць цуда-мроі,
Сэрца каб занепакоіць...

***

У лесе дожджык шамаціць
І дрыжыкі ў лісцінках,
Дзе срэбрам раптам заблішчыць
У тонкіх павуцінках,

Дзе мох ажывіць малады,
Дубочкаў змые цельцы,
Пакіне дробныя сляды
На вузкай сцежцы-змейцы.

Узбудзіць лесу свежы пах
І зачаруе асалодай рання...
Усё навокал у грыбах,
Прыйшла пара збірання.

... У лесе дожджык шамаціць,
Так ціха, так лагодна,
Што нават цяжка ўявіць
Час восені халоднай...

Развітанне з летам

... Лета ўраз адусюль адыйшло,
Сумны кліч жаўруковы пад хмарамі.
Пагляджу ў далячынь, за сяло...
Верх прыкмеціў асіннік пажарамі.
Ніткі сівых лятунь-павуцін
За ігліцу ялінак учапіліся.
Пах самотны дубовых ялін
А пад імі грыбкі нарадзіліся.
Адшумелі дажджы цеплынёй,
Кожны дзень халаднейшыя росы.
Стужкі жоўтыя ветрык удзень
Уплятае бярозкам у косы.
Прыпяць плыні не круціць глыбей,
А прасуе шырэйшыя плёсы.
І карчы ў самоце, журбе,
Дзе стажкі абступілі пакосы...

***

Сонца ўвысь раніцою спяшаецца,
Цісне холад да долу траву.
Дзе асіннік агнём абсыпаецца,
І бярозкам жаўцень у галаву.
Ветрык у поўдзень ускрайкамі гойсае,
Узніме лісце, зварушыць пясок.
Вербы ветліва хвалямі-косамі
Падаюць жаўрукам галасок.

***

Ноч учапілася за лозы
Шэрых хмар касматай грывай,
Мыюць дожджыкавы слёзы
Беразняк стары ляніва.

Трусіць ветрык працавіты
Кроплі холаду з ракіты,
Ніц палеглі на пракосы
У вераснёўскіх травах росы...

Хутка ранак, бо на золку
Дружна пеўні заспявалі.
Пасярод асокаў змоўклых
Роўна ў бераг шэпчуць хвалі.

Над прыбраным сумным полем
Узняліся ў неба з болем
Жаўрукі трывожным клінам
Развітанне даць мясцінам,

Дзе ўлетку на балотах
Сталі дружна на крыло...
І цяпер у час адлёту,
Плывуць у хмарах над сялом...

Восень

Павісае над лесам маркота,
Дух грыбны ля замшэлага пня.
На лісцінках бяроз пазалота,
Ніжэй хмаркі густыя штодня.

Хвойнік вецце трымае бадзёра,
А асіннік палае агнём.
Верасочкі квітнелі ўчора,
Сёння дожджык пасыпаўся днём.

Асыпаецца лісце да долу,
Агаліўся ў бярэзніка дах,
І шукае дарогу да дому
Адзінокі устрывожаны птах.

Зноў губляецца верасень у хмарах...
Абкурылі лазу туманы...
Закружыўся стракаты, у чарах,
Баль лістовае гаманы.

***

Прыбраўся клён...
Святочны, маляўнічны і чароўны,
І казачны, і прыгажосці поўны.
Жартуе лісцем з ветрыкам бадзёра.

Зялёным быў яшчэ ўчора...
А заўтра ён...
Пачне паціху распранацца,
Малюнкамі стракатымі кідацца.
І раніца ў халодную расу
Збярэ апошнюю кляновую красу...

***

Шэпча клёнік агнём залацістым,
Ва ўбранні стаіць урачыстым.
Балем цішы і смутку ён,
Карагодам з лісточкаў стракатых
Сустракае на сонца багатых
Вераніцу кастрычніцкіх дзён...

Ад малочнай сырой прыгажосці
Раніцой ёсць нязвыклае штосьці.
Верасковы дыван на паляне,
Луг сівы і галец-беразняк...
Усё паснула ў блакітным тумане,
Не дыхне нават ветрык ніяк.

***

Чароўнае лясоў убранне...
Халоднае лісцінак хваляванне...
Расінак-кропінак на сонцы ззянне —
Прыроды з восенню спатканне...
Клубіцы шэрых туманоў,
Дарога доўгая ізноў
У вырай падгадованых буслоў,
Іх развітальнае ўранку клякатанне.

Раніца ў кастрычніку

Сустракая кастрычнік сівы
Падмарозкам і сонечным раннем,
І лясоў урачыстым убраннем,
І гаркотай пасохлай травы.

Чырвань украпіла шапкі асін,
Шэрым лісцем хвалююць дубкі.
Адсыпае свае медзякі
Беразняк з амярцвелых галін.

Гусі дружна гукаюць у адлёт
Над лугамі і скошанай нівай,
Павісаюць калматаю грывай
Павуціны, скруціўшы галлё...

Восеньскі ранак

Срэбраныя ніці павуцін
Адсвяціў кастрычнікавы ранак.
Кліча ў дарогу жаўруковы клін,
Чырвань абсыпаецца з галін —
Цішыня рабінавых маланак.

У маркоце хваль адлюстравання
Хмаркі па рацэ плывуць.
Восень — гэта час зачаравання,
Прыгажосць апошняга чакання,
Каб яшчэ жыцця крыху глытнуць.

Час прыйшоў тае пары тужлівай,
Святам убіраюцца лясы.
Наваколлі ўрачыстасцю маўклівай,
Нейкаю хвілінай палахлівай
Прыглушылі птушак галасы.

Дзесьці марасейка-дожджык
Тчэ калючы, чысты халадок.
Пад лісточкі захаваўся вожык,
І ўжо ўхапіў сляды дарожак
Дзе-нідзе танюсенькі лядок.

***

Ціш... Зіма... Палескі ранак...
Снег ад зорак зіхаціць.
Пачынаецца світанак,
Каб вяскоўцаў абудзіць.
Раніцою яшчэ мароз
Злёгку твар кранае.
Безліч удзень ягоных слёз
Са страхі сцякае.
Лёд люстэркам падхапіў
Сонечны праменьчык
І заззяў, як запаліў
Ад яго агеньчык.
Вечарэе... Ходзіць змрок,
Сонца спаць кладзецца.
У шыбах вокнаў лёд-лядок
Ва узор бярэцца.
Паміж сосенак, бяроз
Цемра завіхаецца,
Тут, напэўна, сам Мароз
Ад вясны хаваецца...
Прыцярусіць свежачок
Ночкаю сцяжынкі,
І адсвеціць месячок
Срэбныя іскрынкі.
Па лясам і балатам
Сакавік спяшаецца,
Дзень які ці два, а там
І зіма канчаецца...

Студзеньскі надвячорак

Зіма... У шэрані махрыстым
Усё наваколле, як у сне,
Дубкі-браткі ў полі чыстым
Прыціхлі з думкай аб вясне.

Снег зіхаціць і срэбрам рэжа,
Бярэзнік стогне гаваркі,
І перамёты, як належыць,
Віхураць белыя віркі.

Вычварны студзеньскі малюнак
Рыхтуе ветрык-халадок,
На шкле балючы пацалунак,
Маўклівы крышталя лядок.

Зіма... Бясконцая і злая,
Мароз лютуе на двары.
Завея дзікая, сівая
Халодзіць выем вечары.

Сакавіцкі снег

Прыляцелі гусі
У сакавіцкі снег,
З-пад старое вольхі
Ручаёк пабег...
Катахі паселі
Па вярбы галлю,
Будзе чым у весну
Напаіць раллю.
Гаспадар руплівы
Сочыць пільным вокам —
Залатыя нівы
Будуць тут навокал.
Рыхтавацца трэба
Хутка да сяўбы,
Але сыпле з неба
Новыя гурбы.
Зноў зіма лютуе,
Ёй няма пакут,
Пакрывае снегам
Хвойнік і раку.
Хопіць, ўгаманіся,
Ужо пара заснуць.
Сонейка, прачніся
І пачні вясну!..

***

На Палессі зіма... Адзінота...
Патанаюць стажкі ў вадзе,
І снягоў пад карчамі бялота,
І не ўбачыш нікога нідзе...
Туманы вербалоз абступілі,
Прыпяць тоіць чароўныя сны,
Крыгаходу бадзёрыя сілы
Беражэ да пачатку вясны...
Заміргалі вячэрнія зоры,
Шэрань кутае блёскам карчы,
І марозіць у вокнах узоры
Месячок, заступіўшы ўначы...
Дні начам сакавіцкія роўня,
Мокнуць кулікі ў страсе.
Ветрык хмаркі цяплейшыя з поўдня
Заўтра, мабыць, ужо прынясе...

***

Незлічоныя дні зімовыя,
Снег трымаецца ўвесь сакавік,
А палескі наш край не прывык
На жартоўныя здрады вясновыя.

І таму каля змерзлай ракі
Гусі, качкі, буслы, жаўрукі
Паглядаюць за хмаркі на сонейка,
Каб хутчэй растапіла снягі

І адзначыла ў след берагі
Свежай сцежкаю воднаю тоненькай.
Устрывожыла велькаю сілаю
Прыпяць шчырую, добрую, мілую...

Прыйдзе дзень — непаўторны, вясновы,
Ажыве водар родных мясцін.
Схоча лотаць жаўткі ў лугі ўплясці,
Ганарлівы бярэзнік апрануцца ў абновы.
Заспявалі шпакі зноў бадзёрыя песні —
Значыць, хутка пачнецца вясна на Палессі...

***

Зіма вярнулася ў сакавіку,
Уранку снег іскрыцца...
Гляджу на змерзлую раку,
Пара, напэўна, шчупаку
Ужо аднерасціцца.

Спяваюць першыя шпакі,
Бярозка сакавіцца,
І неба коляр не такі,
Пупышкі вольхі ля ракі
Спяшаюцца раскрыцца.

Гняце бадзёры халадок
Зялёныя ахвяры.
Цяпла ўчарашняга слядок —
На сцежцы ранішні лядок
Блішчыць пад рэдкай хмарай.

Губляе ночкі сакавік,
Чакае Прыпяць крыгаходу,
А акруглелы маладзік
Халодным позіркам глядзіць
У падмарожаную воду...

Цна

Цякла сярод балот палескіх,
Сярод лугоў і пералескаў
Прыгожая рачулка Цна.
Гублялася між вёскамі яна.

Вясною моцна не злавалася,
Калі раптоўна разлівалася.
І стругі шчодра напаўняла,
Да Спасу ў іх вады хапала.

Жаўцела чараўніца-лотаць,
Ажно ля бабінага плота
Круціла воды рэчка Цна,
І не дастаць было да дна...

Жывілісь шчырыя палеткі
Вадою цнянскаю ўлетку,
А бераг жоўтага пяску
Святочна упрыгожваў раку.

Да сена ў Люк людзей вазіла,
Карчамі берагі лазіла.
Ці ў вірку, ці на кручку
Хавала нам па шчупачку.

Быў з юхай лепшы адпачынак
Мясцовых хлопцаў і дзяўчынак.
Гучалі песні на Купалле,
Вянкі па рэчцы праплывалі.

Увосень сілу набірала,
Пяскамі выспы насычала.
Капала, мыла берагі,
Шукала, пэўна, шлях другі...

А потым ціха замірала
І толькі ў вірках бруяла.
Узімку моцны, тоўсты лёд
Збірала ў новы крыгаход...

...Ды што тут людзі нарабілі! —
Ад бурчака раку спрамілі,
Атрутнай стала, не пітной,
Што цяжка ўжо назваць вадой.

І бачу я такую з’яву:
Зрабілі сцечную канаву
З палескай нашай прыгажуні,
З ласкавай, звонкае пявунні.

Хто загубіў ваду такую,
Рачулку блізкую, святую?
Не змые чысты бег вады
Вар’яцкія нялюдскія сляды.

І назаўсёды застанецца
Тваё параненае сэрца
У нашых цёплых успамінах
І ў гэтых здзеках, гэтых кпінах...

Родныя сцежкі

Родныя сцежкі да дому
Босыя ногі тапталі.
Жыта ў снапы запляталі
Матчыны рукі, змяталі
Стылыя росы да долу.

Вішня вітала ля плота
Белага квету спатканнем,
Будзілі шпакі шчабятаннем.
Пара буслоў са звяртаннем
Кружыла над родным балотам...

Зранку туманы ўставалі
Мутнай сцяной каля вёскі.
Шчыра губляліся слёзкі
Белай салодкай бярозкі,
Пэўна, мяне частавалі...

Часта ў думках вяртаю
Мілыя сэрцу мясціны,
Поўныя шчасця часіны.
Зноў аднаўляюцца сілы,
Дзяцінства калі ўспамінаю...

Усё, як і раней...

Сонейка высвечвае зранку
Чысціню-блакіт нябёс.
У роздуме стаю на ганку...
Лес хваёвы нібыта падрос.
Пасталелі, узняліся клёны,
Іншую дарогу прыняла рака,
Адбівае жыта мне паклоны
Пад напорам ветра-свежака.
Пазнаю: усё той спявае птах
І гукае-балаболіць рэха,
Кветак не змяніўся пах,
Як раней дымок узыйшоў над стрэхай.
Пад вясёлкай сохне шлях гасцінны
І абапал зелянее чарада дубкоў.
Гэта сэрцу родныя мясціны,
Незабыўны край палешукоў.

***

Апоўдні касматыя пасмы дажджу
Вясёлкаю стужак ў касу падвяжу.
Пралесак блакітных бярэмак збяру
І разам з вясною табе падару.

Адпіўшы глыток беразовага соку,
Адчую я моц зеляніны навокал.
І ласку ў промнях вясновага сонца,
Іх шчырасць і шчодрасць бясконцую.

Тут вецер вітае бярозку-гарэзу,
Пупышкі набраклі ў церпкага бэзу.
Балота жаўцее абапал сяла —
То лотаць у цёплай вадзе зацвіла...

Шпакі цягнуць зранку вясёлыя песні...
Чароўны пачатак вясны на Палессі!
І радуе сэрца малюнак дзівосны,
Дзе ветрык смалою пахне ў соснах...

Жанчыне ў сакавіку

Дазволь са святам веснавым
Павіншаваць цябе сягоння.
Няхай завеяў сівы дым
Развеецца на гонях.

Няхай духмяны першы квет
Дадасць ў твой воблік фарбы новай,
Цудоўных мараў запавет,
І лапкай казытне яловай.

Няхай раптоўна ветрык зноў
Асвежыць вусны асалодай,
А песня жаўранкавых слоў
Ласкавай чуецца нагодай.

Ледзь цёплы сонечны прамень
Растопіць ўсе на сэрцы змрокі.
Твой твар — вясновы ясны дзень,
А чырвань шчасця хай агнём апаліць шчокі!

На верх старонкі

А. Хаўдзееў