Лунінецкі раённы краязнаўчы музей

Лунінецкі сшытак № 2

Матэрыялы другіх Лунінецкіх краязнаўчых чытанняў 7 снежня 2002 г.

Раман Афтаназы

Гісторыя рэзідэнцый на былых ускраінах Рэчы Паспалітай

Выданне другое, перагледжанае і дапоўненае. том 2. Ваяводствы Брэсцка-Літоўскае, Навагрудскае. Выдаўніцтва Ossolineum. Варшава – Кракаў, 1992.

Пераклад з польскай мовы
Васіля Туміловіча, г. Лунінец, 2002 год

Кажан-Гарадок

Мястэчка Кажан-Гарадок1 ляжыць у сэрцы Палесся, над рэчкаю Цною, даплывам Прыпяці. Было яно некалі ўласнасцю Падбярэзскіх, потым Устрыцкіх. У пачатку XVIII ст. ад Антона Устрыцкага, кашталяна саноцкага, маёмасць перайшла да Кшыштофа Бенедыкта Шчытта, кашталяна смаленскага, памершага ў 1729 г.2 Ён стаў пачынальнікам родавай лініі, названай з тых часоў Кажан-Гарадоцкаю, або кашталянскаю. Наступным уласнікам Кажан-Гарадка быў другі сын Кшыштофа Бенедыкта, Ян Шчытт, кашталян мінскі, жанаты на Людвіцы Пацавай; потым, аж да 1939 г. у яго прамой лініі патомкі — мужчыны. Шчытты гербу Jastrzebiec (Ястрабец) ужывалі прозвішча Неміровічы, у свой час шырока на Літве і ў Кароне мелі шмат родзічаў, мелі агулам 136 маёнткаў, сябравалі з найпершымі фаміліямі ў краі. Адным з найвялікшых быў уласна ключ Кажан-Гарадоцкі, налічваў у свой час 22 816 дзесяцін зямель і лясоў. Падбярэзскія пакінулі памятку ў Кажан-Гарадку фундацыяй кальвінісцкага збору ў першай палове XVII ст., Шчытты на тым месцы будуюць там на сто гадоў пазней Каталіцкі касцёл.

Мястэчка было некалі абарончым. На месцы пазнейшага памешчыцкага двара быў, несумненна, замачак, які невядома калі быў знішчаны. Можа, сталася тое ў 1655 г., калі мясцовасць тая ў час вайны з Масквою была занята войскамі цара Аляксея, а можа — як схільна лічыць сямейнае паданне — у часы набегаў татарскіх. З таго замачка не захавалася да 1939 г. анічога, але ў гаворцы мясцовага люду двор памешчыцкі называлі «замкам», а ўладальніка — «замкавым панам»3. Першыя паны ў Кажан-Гарадку з роду Шчыттоў-Неміровічаў выбудавалі каля палавіны XVIII ст. узорны, поўнасцю або часткова паверх дваровай забудовы, ці драўляны палац, аб якім, на жаль, нічога не вядома, акрамя як тое, што згарэў ён каля паловы XIX ст. у часы Кшыштофа Шчытта, сына Юзэфа, маршала давыд-гарадоцкага і Тэклі з князёў Друцкіх-Любецкіх, сястры міністра4. Агонь быццам бы падклаў лакей.

Аж да выбуху другой сусветнай выйны захавалася, аднак, у Кажан-Гарадку вытрыманая ў барокавым стылі, брама ўяздная першазбудаванага двара, што была нязвыкла цікавым прыкладам драўлянай архітэктуры, што паўстала пад уплывам мураваных узораў. Надбудова сярэдняй часткі брамы абапіралася на двух магутных апорах, зложаных з чатырох вертыкальна ўстаноўленых бэлек, абшаляваных вакол гарызантальна дошкамі з накладзенымі на іх парамі пілястраў. Надбудова ўяўляла тып шырокага фрызу з трыгліфамі і класічным аздабленнем. Цэласць замыкала паўкруглая дуга, увянчаная вазонам. З нізу дугі змешчаны авальны шчыт з гербам фундатараў. Па баках уяздной брамы стаялі меньшыя слупы, квадратныя у сячэнні, на якіх навешаны веснічкі для пешых. Крайнія слупы, як і сярэднія, звязаны ў адно цэлае, і увянчаны высокімі абеліскамі.

Калі той барочны двор згарэў, Кшыштоф Шчытт выбудаваў новы, таксама драўляны, прыблізна па восі старога, але з другога боку ўяздной брамы, гэта значыць пасярод даўняга дзядзінца. Новая аднапавярховая сядзіба стаяла на высокай падмуроўцы, мела паверхі ў сярэдняй частцы і порцік на чатырох мураваных калонах, крытая гонтавым дахам; мела характар тыповага польскага двара XIX ст. Дом той, можа, з`явіўся ўзорам для рэзідэнцыі Друцкіх-Любецкіх у Луніне, з якімі фундатар яго быў у блізкім крэўным радстве.

Унутры мелася каля 20 пакояў, абітых пераважна (папяровымі) шпалерамі, з дубовымі паркетнымі падлогамі, кафлянымі печамі і адзіным комінам, што знаходзіўся ў сталовым пакоі. Новы двор меў стылістычнае аснашчэнне, што дэманстравала каштоўныя творы мастацтва, напэўна, часткова ўратаваных з пажару старога дома. Нямала, аднак, з тых прадметаў было сабрана, напэўна, Кшыштофам Шчыттам, чалавекам адукаваным, дзіўнай фантазіі, але і культурным. Як вынікае з вельмі скупых данясенняў, у абедзеннай зале стаяў вялічэзны разны буфет і крэслы абітыя скураю з высокімі спінкамі; як асаблівасць адзначаны агромністы глобус з карэльскай бярозы, які раскрываўся, у якім захоўвалася сталовае серабро. Сцены упрыгожвалі сямейныя партрэты, многія з іх з XVIII ст. з намаляванымі асобамі ў напудраных парыках. У салоне устаноўлена мэбля з чырвонага дрэва, а таксама сакрэтары з медальёнамі ды інтарсія. У сервантах трымалі фарфор сеўрскі, саксонскі і карэйскі, калекцыя якога была добра вядома і цанілася ў акрузе. На каміне і сакрэтарах звярталі ўвагу на сябе старынныя гадзіннікі. У некаторых пакоях вісела старая зброя англійская, французская. Да сямейных памятак належалі: пояс слуцкі, тканы двухбакова, старая карабеля (зброя, што нагадвае шаблю — В.Т.) з багатаю рукаяткаю, кінжал усходні з сярэбранаю рукаяткаю, усеянаю туркусамі (бірузою — В.Т.), а ў канцы — табакеркі па шамбэляне Кшыштофу і маршалку Юзэфу Шчыттах, з якіх адна выразаная са слановай касці з чорнай і залатой эмаллю. У стылёвым афармленні былі і другія пакоі, як кабінет гаспадара дома і спальні.

Аб існаванні бібліятэкі ў Кажан-Гарадку нічога не вядома. Знаходзіўся там, аднак, у часы Кшыштофа Шчытта сямейны архіў з наданнямі каралеўскімі і сямейная карэспандэнцыя мінулых вякоў. Былі таксама і другія цікавыя паперы, як афішы тэатральных памятных прадстаўленняў, пастаўленыя дваровымі шчыттоўскімі акторамі, напрыклад, твор «Дворык пры гасцінцу», сыграныя ў дзень імянін Юзэфы з гербу Butlerow шамбалянавай Кшыштофавай Шчыттовай у яе маёнтку пасагавым Вяльбутуў. Калекцыя твораў мастацтва мусіла быць значнай у жыцці Кшыштофа Шчытта. Пасля яго смерці пароўну ўсё дабро і мноства сямейных памятак падзелена паміж трох сыноў памершага, г.зн. Юзэфам (пам. каля 1921), жанатым на Марыі Юзэфе Кеневічаўне; Казімежам, нежанатым (пам. у 1924); а таксама Ісціславам (пам. каля 1926), жанатым на Аляксандры Могільніцкай.

Кажан-Гарадок з фальваркамі Цна і Дрэбск атрымаў пры падзеле меньшы сын Кшыштафа, Ісціслаў; сярэдняму, Казімежу — суседні маёнтак Дварэц з фальваркамі Вулька і Тэрэсін; старэйшаму, Юзэфу — Новы Двор і фальваркі Язвінкі разам з Любажэрдзем — усе размешчаныя над ракою Цна. Па смерці Ісціслава Шчытта Кажан-Гарадок атрымаў яго малодшы сын Казімеж з адукацыяй лекара псіхіятра, які пастаянна жыў у Варшаве. Маёнткам адміністраваў надалей яго старэйшы брат Кшыштоф, прыродазнаўца, пасол Сейма Рэчы Паспалітай, які завалодаў дабром свайго бяздзетнага дзядзькі (па бацькоўскай лініі) Казімежа, Дварэц. Казімеж Шчытт, спартсмен, аставіўшы траіх дзяцей: Анну, Яна і Кшыштофа, апошніх уладальнікаў, у час мінулай вайны загінуў у Катыні, а Кшыштоф, які не быў жанаты, памёр у глыбіні Расіі. У час Першай сусветнай вайны ў 1917 г. Новы Двор быў спалены. У міжваенным прамежку Кшыштоф Шчытт адбудаваў у трэці раз двор, які загінуў у полымі ў 1940 г. Тую сапраўды некалі вялікапанскую рэзідэнцыю, якою быў двор у Кажан-Гарадку, акружаў вялікі парк тыпу англійскага са змешаным дрэвастоем, з каналамі і лугамі. Ад Першай сусветнай вайны той сад не стаўся, аднак, уцалелым5.

Такім жа ўяўлялася становішча і ў суседнім з Кажан-Гарадком Дварцы Казімежа Шчытта. Існаваў там bezpretensjonalny (на які ніхто не прэтэндаваў — В.Т.) сяміпакаёвы жылы дом з размешчанымі перад ім вялізнымі калонамі і агародам, што цягнуўся з процілеглага боку. Унутры, да 1914 г. было там некалькі памятак і твораў мастацтва, што паходзілі з Кажан-Гарадка, у тым ліку стары невялічкі музычны інструмент з драўлянаю клавіятураю і арфаю пасярэдзіне. У стаячай збоку двара невялікай капліцы вісеў абраз Маткі Боскай з цёмным тварам з Дзіцяткам Езусам на руцэ і анёламі з даўняга паўстанцкага сцяга. Абраз той, што быў ва ўласнасці сям`і Шчыттоў некалькі соцень гадоў, раней знаходзіўся ў Кажан-Гарадку. Казімеж Шчытт заклаў таксама ў Дварцы за паркам новыя сямейныя могілкі, таму што магілы пакалення яго сям`і былі ў Кажан-Гарадку.

Значна лепей сціплага Дварца развіваўся некалькі далей размешчаны Новы Двор Юзэфа Шчытта. Стаяў ён на месцы ранейшай вёскі Філіпоны, насельнікаў якой маршалак Юзэф Шчытт забраў адтуль і разсяліў у іншых вёсках. У Новым Двары, заўсёды здаваным у арэнду, жылы дом акружаны сярэбранымі таполямі па баках, а ад тылу паркам і фруктовым садам, меў характар тыповай невялікай памешчыцкай сядзібы. Гэты быў аднапавярховы драўляны будынак з сярэдняю часткаю паверха, узведзенаю на падмурку і аздоблены ганкам з чатырма мураванымі калонамі, на якіх трымаўся балкон. Унізе меў восем пакояў і гаспадарчыя памяшканні, на гарышчы — тры пакоі для гасцей. І тут было трохі прадметаў даўніны паходжаннем з Кажан-Гарадка. Новы Двор засяляўся ўласнікамі выключна на некалькі летніх месяцаў.

У прынцыпе пышнасць сядзібы Неміровічаў-Шчытоў у Кажан-Гарадку закончылася ўжо з хвіліны пажару іх першага барочнага двара, аб якім так мала вядома. Другі перыяд цесна звязаны з жыццём апошняга ўладальніка, не падзеленага яшчэ буйнога ўладання, г. зн. Кшыштофам Шчыттом, постаці маляўнічай, хаця таксама і загадкавай (nie znanej), які маёнтак свой уважаў за незалежнае ні ад каго «Паньства». Раздзел маёмасцей Кажан-Гарадка на тры меншыя ўладанні, Першая сусветная вайна і пажар другога двара, а таксама продаж шэрагу фальваркаў, як напрыклад Дубой і Дубянец, распачатых яшчэ маршалкам Юзэфам Шчыттом, закончылі канчаткова перыяд гісторыі Кажан-Гарадка ва ўласнасці роду Шчыттоў, як вялікага ўладання і рэзідэнцыі.

1) Назва мястэчка паходзіла як быццам ад «кожы» або скуры, выраб якіх меўся быць галоўным заняткам першых насельнікаў паселішча.
2) Т. Жыхлінскі, «Залатая кніга:...», Т.4, Познань 1882, с. 364 (на польскай мове — В.Т) сведчыць, што маёмасці Кажан-Гарадка сталі «набыты» К.Б. Шчыттом ад А. Устрыцкага, у тыя часы, калі ў сямейнай традыцыі існавала меркаванне, што тыя маёмасці ўнесла ў пасаг Кшыштофу Бенедыкту Шчытту яго трэцяя жонка, Анна Завішанка, 1-voto (па 1-м шлюбу — В.Т.) Тарноўская. Першы раз ён быў жанаты на Катажыне Бэнэтуўнай, другі раз — на Людвіцы Літавор-Хрэптовічаўнай. «Слоўнік Геаграфічны...», Т.4, Варшава 1883, с. 575 (на польскай мове — В.Т.) тае справы не выясняе.
3) У адносінах да гісторый Кажан-Гарадка маем толькі жменьку скупых, вышэй памянёных згадкаў. З-за недахопу іншых матэрыялаў, ніжэйшае апісанне абапіраецца на паведамленнях некалькіх асоб, якія паходзяць з сям`і апошніх гаспадароў маёнтка, аднак доўгі час там не жылі, галоўным чынам на інфармацыях Ванды са Шчыттоў Зуяртоўскай-Маркіяновічавай, дачкі Юзэфа Шчытта з Новага Двара. Малюнак другога двара меў у сваіх зборах Мечыслаў Яловецкі ў Лондане. Аўтар намагаўся атрымаць фотаграфічныя адбіткі , але яму адмовілі. Падобным чынам паступіла адшуканая пасля смерці бацькі ў Іспаніі яго дачка.
4) У сям`і Кажан-Гарадоцкіх Шчыттоў не было недахопу ў арыгіналах, сярод якіх выдзяляўся Кшыштоф. Пасля смерці бацькоў, маючы 18 гадоў, паехаў у Рым. Калі згодна з традыцыяй у Вербную Нядзелю Папа паказаўся народу Вечнага Горада на фоне пышнага шэсця, Кшыштоф Шчытт, выехаўшы пасярод італьянскіх «лазарнаў», выехаў яму насустрач. Па спатканню двух шэсцяў выбухнуў скандал, пасля чаго Шчытта пасадзілі ў замак Св. Анёла, дзе згодна з адной версіяй праседзеў ён 20 гадоў і да сямейнага гнязда вярнуўся 38-гадовым сталым чалавекам, згодна з другой версіяй — толькі некалькі гадоў прасядзеў у турме. З турмы вызваліў яго адміністратар, прадаўшы для гэтага адзін з фальваркаў. Для вызвалення аказаў дапамогу таксама Зыгмунд Красіньскі, з якім сябраваў Шчытт. Вярнуўшыся на Палессе, Кшыштоф Шчытт ажаніўся з Эваю Караффа-Корбут. На граніцах сваіх разлеглых абшараў зямлі з землямі ўрадавымі паставіў слупы з надпісам з аднаго боку «Паньство Шчыттоўскае» (паньство = Дзяржава — В.Т.), з другога — «Паньство Расійскае». Добра аплочаная царская адміністрацыя глядзела праз пальцы на фантазіі багатага польскага пана. На тэмы персанальных фантазій Шчытта хадзіла ў «околіцах» шмат анекдотаў. Успамінае аб ім Zofia Stulginska (Gruszki na wierbie, Warszawa, 1972, s. 72).
5) Бліжэйшыя і далёкія патомкі Кшыштофа Шчытта і Эвы Корбут не мелі вялікай ахвоты да гаспадарання на вёсцы і жылі па гарадам.

На верх старонкі


Брама
Брама ўяздная