(Лунінецкі сшытак. Спецвыпуск 4 (2010 год))

Сцяпан Нефідовіч

Ад Цны да Случы

Гідронімы

Гідронімы — гэта назвы розных водных аб'ектаў: азёр, рэк, балот, каналаў і г. д.; тэрмін паходзіць ад грэчаскіх асноў "гідра" — "вада" і "анома" — "назва". Большасць з іх з'явілася ў старажытнасці ў працэсе засялення плямён на дадзенай тэрыторыі. З даследаванняў вучоных вынікае, што засяленне ішло па далінах рэк. І гэта зразумела, бо рэкі былі і шляхамі зносін, і гандлёвымі шляхамі; рэкі з'яўляліся жытніцамі: тут вадзіліся рыба і звяры, ваду выкарыстоўвалі для піцця і для мыцця.

Зазначым, што першае, што з'яўлялася на месцы пасялення людзей, — гэта найменне ракі, потым — назва сялення, а пазней ужо — назвы балот, лясоў і г. д. На працягу некалькіх соцень, а то і тысяч гадоў многія гідронімы прайшлі праз працэс скажэнняў, змен ці перайменаванняў. Большасць назваў славянскія, а таму зразумелыя, але маюцца і загадкавыя найменні, а гэта значыць, што яны або скажоныя, або прыйшлі да нас з далёкай даўнасці, калі тут жылі плямёны неславянскага паходжання.

У гэтай працы ўзяты для вывучэння гідронімаў рэкі ўсходняй часткі Лунінеччыны: ад Цны да Случы. Асноўныя звесткі запісаны ў пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя ад людзей тады ўжо вельмі сталага ўзросту, дадатковыя пошукі праведзены ў апошнія два гады. Некаторыя звесткі ўзяты з даследаванняў вучоных, гідролагаў, гісторыкаў і краязнаўцаў нашага краю ў розныя гады. Дапаможным матэрыялам да артыкулаў "Тапаніміка Усходняй Лунінеччыны" з'яўляюцца карты, змешчаныя ў кнізе "Памяць. Лунінецкі раён" на старонках 30, 36, 42, 44, 55.

Чытаючы даследаванні, прыходжу да высновы, што ўсе рэкі нашых мясцін бяруць пачатак ад ледавіка.

Ледавік

У далёкай мінуўшчыне, шмат тысяч гадоў назад, быў такі час, калі ва ўсёй паўночнай Еўропе стала вельмі холадна. Адначасова тысячы гадоў ішлі даж-джы і снягі. І ў паўночных раёнах (сучасныя Фінляндыя, Швецыя, Нарвегія, Кольскі паўвостраў) нарасталі масы лёду, утварыліся кіламетровыя лядовыя горы і пад напорам дажджоў націскалі на ранейшыя, утварыўся велічайшы опаўзень. Ён крануўся ўніз па зямлі, адрываючы ад скалаў вялікае і малое каменне, якое, мяшаючыся з лёдам, пераціралася на пясок. Змешанае каменне, пясок, гліну называюць марэнаю.

Шмат вякоў поўз ледавік уніз на поўдзень, дапоўз да Беларусі і ўсю яе накрыў. Пад яго трапілі тэрыторыі сучасных Германіі, Польшчы, Украіны і інш. Доўга была наша зямля пад ледавіком.

Калі вясной растае снег, то бываюць паводкі нават з невялікага пласту. А трэба ўявіць, колькі было вады з кіламетровай тоўшчы лёду. Зразумела, што выйшла бязмерна шмат вады, і вада тая рынулася ў моры і акіяны. Па ўсёй Беларусі пацяклі магутныя ледавіковыя рэкі, якія папрарывалі сабе шырачэзныя, глыбокія даліны, добра бачныя і да нашага часу.

На поўдзень ад Беларусі, ва Украіне, размешчаны Валынскае ўзвышша і горы Карпаты. Яны не пусцілі сток вады на поўдзень, і яна стала перад імі, творачы велізарнае возера ці нават мора, якое гісторыкі называюць Герадотавым. Яно заняло амаль усю паўднёвую Беларусь (па Аркадзю Смолічу).

Мора Герадота

Тысячы гадоў пасля ледавіка тэрыторыя сучаснага Палесся была суцэльным водным царствам. Яго стрыжнем стала рака Прыпяць, якая бурным патокам улівала свае воды ў Днепр — яшчэ больш магутную раку, утвораную тым жа ледавіком. У выніку такога працэсу воды мялелі, з'явіліся выспы, астравы, узгоркі, якія паступова пашыраліся, пакрываліся травамі, кустамі, дрэвамі, дзе з'явілася шмат птушак і звяроў і куды пазней пасяліліся людзі. Паміж узвышшамі ў далінах утварылася мноства азёр і балот, і з кожнага з іх выцякалі рэкі і рэчачкі.

І кожнай вясной Прыпяць, напоеная мноствам тых рэк, рачулак і балотных ручаёў, разлівалася на шмат кіламетраў і здавалася велізарным возерам.

Амаль 2500 гадоў назад у нашых мясцінах пабываў грэчаскі вучоны Герадот. Невядома, ці то ён убачыў тут веснавы разліў, ці сапраўды яшчэ ў даліне Прыпяці было так шмат вады, што гэты прастор падаўся морам, якое з тых часоў вучоныя называюць Герадотавым.

З найдаўнейшых часоў упамінаецца і балота Грычын, якое назвалі залівам мора Герадота. Усе, хто калісьці пабываў тут, адзначалі, што Грычын — балота бязлюднае, бясконцае і непраходнае, і што ў ім шмат таямніц, загадак і неспадзяванак. Аўтар кнігі "Живописная Россия" Адам Кіркор, які пабываў тут у канцы XIX стагоддзя, дзіваваўся багнамі: "Иногда в жаркое время, хотя и с большим трудом, можно пробираться по ним, можно вскарабкаться на холм и продержаться на нём несколько минут, но тонкое сплетение корешков растений, образовавшее холмик, не выдерживает тяжести, оно прорвётся, и тогда разверзнётся адская пучина, готовая поглотить неопытного".

Вядома, у Грычыне было шмат узвышаных месцаў, дзе летам людзі рыхтавалі сена, а зімой — дровы.

Згубны лёс рэчак

Многія сотні гадоў Грычын з'яўляўся вытокам шматлікіх рэчак, якія цяклі ў паўднёвым накірунку і ўпадалі ў Прыпяць. Некаторыя з'яўляліся воднымі шляхамі: адны служылі палешукам як шляхі зносін з блізкімі і далёкімі пасяленнямі ці водныя гандлёвыя шляхі, другія выкарыстоўваліся для сплаву лесу ў гаспадарчых і гандлёвых мэтах. Але з другога пункту гледжання, усе яны былі значнымі перашкодамі пры конным і пешаходным руху з захаду на ўсход ці наадварот.

Кожная рэчка мела свой "нораў"; хаця большасць з іх былі з ціхай плынню, затое з прыходам вясны амаль усе станавіліся паўнаводнымі, бурнымі, выходзілі з берагоў, паілі лугі і палі балотнай вадой, адкладваючы на абшарах пладаносны глей.

Большасць рэчак мела грузкае дно, а то і грузкія балоцістыя берагі, з'яўляліся маладаступнымі для жывёлы і для людзей. Рэкі стваралі шмат клопатаў і непрыемнасцяў, а ўзаемна народ даў ім непрыемныя назвы. Варта ўслухацца: Марочна, Смердзь, Гнеўка, Гложва, Чадка, Люта, Пагнойка. І толькі чатыры з больш чым трыццаці, што працякалі ў абшары між Цной і Случчу, мелі мілагучныя найменні: Пясчаніца, Каніца, Вербка і Журавінная.

У выніку тэхнічнага прагрэсу большасць дробных рэчак напаткаў згубны лёс. Першая прычына — гэта пракладка ў пачатку 1880-х гадоў чыгункі Гомель-Лунінец. Як ужо гаварылася, амаль усе рэчкі ўсходняй часткі Лунінеччыны цяклі з поўначы на поўдзень, чыгунка ж пралягала з усходу на захад, і высокі насып палатна перагарадзіў водны паток. Другая прычына — меліярацыя. Калі кампанія І. І. Жылінскага (1873-98 гады) і Р. Чэрабасава (1905-12 гады) пры асушэнні балот прытрымлівалася сістэмы пракладкі канаў па поймах рэчак, то меліяратары ў савецкі час (1958-68 гады) зруйнавалі ўзвышаныя мясціны, ссунуўшы ўсю зямлю ў нізіны, пракапалі каналы і канавы-стрэлы, тым самым знішчыўшы ўсе малыя рэчкі. Цяпер ужо мала хто з людзей старэйшага пакалення можа прыпомніць, што вось тут, у гэтым месцы, цякла тая ці іншая рэчка. Затое на картах з'явіліся прамыя лініі каналаў і канаў з новымі назвамі: Галоўны, Сітніцкі, Петрашэўская, Маентковая, Чэрабасаўка…

Зніклыя рэчкі

Малыя рэчкі. Найбольш неглыбокія. Яшчэ 70-80 гадоў назад яны вілялі між гаёў, лазнякоў і траў, паілі іх жыватворнай вадой. Круглы год ў іх вадзілася шмат рыбы. Кожнай вясной яны радавалі сваімі разлівамі, а пазней на берагах сялілася безліч птушак, чый неўгамонны гам зліваўся з бязладным хорам лягушак.

Цяпер на іх месцы — маўклівыя канавы, прычым, безыменныя, у той час, калі кожная рачулка калісьці мела сваю назву. Так зніклі Пясчаніца (за Кажан-Гарадком), Свінарыйка (каля хутара Бабы), Бродніца (каля Бродніцы), Альса (каля Лахвы), Вербка (каля Любані), Каніца, Пагнойка, Трынска, Равуха (каля Лахаўкі), Луцкова, Печыца і Хартовіца (за Сітніцкім Дваром).

Дзве малыя рэчкі, якія ўжо зніклі, далі найменне населеным пунктам, што ўзніклі над імі. Гэта Бродніца і Сітніца; першая стала канавай, другая ж, увабраўшы ў сябе рачулку Луцкова, імянуецца Сітніцкім каналам.

Назву любанскаму пасёлку Гневанне дала невялікая рэчка Гнеўка. Вытокам яе з'яўлялася крыніца, што біла з-пад гары ва ўрочышчы Журавіннэ (каля сучаснай в.Перунова). Яе рэчышча пралягала праз вялікае топкае балота і праз возера (на месцы яго цяпер Гневанскі Мох, пласт торфу тут дасягае двухметровай глыбіні). Але самы аб'ёмны паток вады ўліваўся ў Гнеўку з ракі Марочны праз глыбокую прорву Правалле. Далей, па абрысах высокіх берагоў між урочышчамі Гневанне і Ражон відаць, рэчка была хуткаплыннай, несла воды ў возера Кукуцёлка. У польскія часы зніклі з карты назвы невялікай рачулкі Качайка і больш вядомай — Журавіннай. Качайка брала пачатак за хутарам Жучкова і, прамандраваўшы кіламетраў 6-7, улівалася ў Журавінную, якая цякла аж да Любані. Пры стварэнні рыбгаса "Лахва" ў 1920-х гадах па яе басейне была пракапана канава Маентковая, падведзеная ва ўрочышча Кукуцелка, на тэрыторыі якога былі створаны сажалкі рыбгаса. Упраўленне рыбгаса знаходзілася ў былым панскім маёнтку, таму галоўную ўвадную канаву і назвалі Маентковай.

У даўнія часы рэчка Валчанка, што брала пачатак у лясах і балотах за вёскай Вялікія Чучавічы, імкнулася на поўдзень. Убіраючы ў сябе воды ўсёй заходняй часткі Грычына, улівалася ў Вулькаўскае возера, а з возера брала выток рачулка Вулька, якая пры злучэнні з маленькай Бродніцай утварала больш значную раку — Выдранка. У 1960-70-х гадах меліяратары ператварылі гэтыя рэчышчы ў адзіную водную магістраль, якая, спраўна пампуючы грычынскія воды, стала прытокам ракі Смердзь.

Яны былі першымі

Цяпер назвы дзвюх рачулак згубіліся ў часе і забыліся.

Першая — Чадка, у народзе больш ласкава празваная Чадачка, відаць, таму, што была надта вузкай. Затое, казалі старажылы, рачулка мела імклівую плынь, не перасыхала нават у летнюю гарачыню. А кожнай вясной станавілася бурнай, няўрымслівай.

Другая — Бабіна, спакайнейшая і менш прыкметная, чым Чадка.

І адна, і другая размяшчаліся ў басейне Лані, бралі пачатак з вярхоўя ракі Люты і, віляючы ў балотных і лясных масівах, цяклі аж да Прыпяці. Таму на гэтыя дзве рачулкі была звернута асаблівая ўвага членаў экспедыцыі І. І. Жылінскага.

У канцы 1870-х гадоў да меліярацыйных работ былі прыцягнуты сотні сялян з бліжэйшых вёсак. Па даліне Бабінай рэчкі, прытрымліваючыся рэчышча, пракапалі канаву, якую у народзе празвалі Копань, а рэчышча Чадкі было значна выпрамлена, набыло выгляд выпрамленай рэчкі, якую іменавалі Копанка.

Пры пракладцы чыгункі ў 1883-84 гадах па-над гэтымі рачулкамі былі наладжаны масты. Копань на доўгі час заглохла, і толькі ў 1960-х гадах па ёй быў пракапаны Манасееўскі канал. У памяць аб Бабінай рэчцы засталіся чыгуначны мост і мосцік на дарозе Мокрава-Любань, суадносна — Бабін мост і Бабін брод.

Лёс жа Копанкі (Чадкі) склаўся па-іншаму: у 1905-06 гадах пад кіраўніцтвам гідратэхніка Чэрабасава была ўручную пракапана прамая канава з Грычына да вадаёма Бабур — завадзі Лахаўскага возера, у 1958 годзе — пашырана і вусце каля Намакрава ўвялі ў Прыпяць, а ў 1985 годзе, пашырыўшы і крыху змяніўшы кірунак вусця, меліяратары ўвялі ў дзеянне як асноўную водную артэрыю усёй Чэрабасаўскай сістэмы (у тым ліку і польдэра). Даўжыня Чэрабасаўкі 32 кіламетры.

Рачыя шляхі зносін

З даследаванняў вучоных вядома, што паселішчы на Палессі з'явіліся з вельмі даўніх часоў. З гадамі іх колькасць павялічвалася. На першы погляд, палешукі былі адарваныя ад усяго свету, жылі сваімі клопатамі: гадавалі скаціну, лавілі рыбу, палявалі, мелі борці, займаліся прымітыўным земляробствам. Але яны ўмела майстравалі лодкі, што былі іх асноўным і надзейным транспартам. Лодкамі мелі зносіны з суседнімі пасяленнямі. Будавалі і вялікія судны і сплаўлялі сваё тутэйшае дабро ў абмен на тое, чаго нельга было здабыць у сваіх мясцінах. Можа, і далёкія падарожнікі па нашых тагачасных паўнаводных рэках заплывалі сюды або пракладвалі гандлёвыя шляхі на поўнач. Сведчанне таму — пры меліярацыйных работах, што вяліся ў 1960-х гадах, на некалькіх аб'ектах у далінах рэк былі выкапаны астанкі баржаў. Іх знаходзілі ў рэчышчах былых рэк — дзвюх Марочных і Сіценкі.

Сіценка калісьці была шырокай і глыбокай ракой, што выцякала недзе аж з-пад Гоцка (цяпер Салігорскага раёна). Зараз — лясная даліна ў масіве Сінкевіцкага лясніцтва, паросшая чарналессем. Кожнай вясной заліваецца вадой. У даўнія часы была судаходнай.

У сярэдзіне мінулага стагоддзя ў ходзе гаспадарчых работ была выяўлена ў зямлі драўляная баржа, часткі якой віднеліся на паверхні, увітыя карэннямі дрэў. Леснікі старэйшага пакалення і зараз могуць паказаць месца знаходкі.

Значыць, смела можна сцвярджаць, што баржамі вывозілася драўніна з тутэйшых лясоў.

З гісторыі рэк

У кожнай ракі, як і ў краін, гарадоў, вёсак, ёсць свая біяграфія. Вядома, маецца адрозненне: краіны і населеныя пункты могуць мець дату закладкі (пачатку будаўніцтва) ці абвяшчэння. Даты ж узнікнення рэк невядомыя. Але геаграфічныя дадзеныя і гістарычныя падзеі, што зафіксаваны ў друкаваных крыніцах або бытуюць у людской памяці, маюцца. Асабліва, калі гэта рэкі вялікія. Самымі значнымі на Лунінеччыне з'яўляюцца Случ, Лань, Цна — прытокі Прыпяці, самай воднай артэрыі Палесся.

Случ

Даўжыня 197 км. Пачынаецца ў 40 км паўночней Слуцка ў межах Капыльскай грады. Нехуткаплынная. Вясной у нізкіх месцах поймы выходзіць з берагоў, а ў самым рэчышчы становіцца бурнай, падмывае берагі, вывальваючы дубы ў рачную плынь.

Рака набыла вядомасць 18 сакавіка 1921 года. Пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора яна на 18 гадоў падзяліла Беларусь на дзве часткі: Заходнюю і Усходнюю. Зараз аддзяляе вобласці Брэсцкую і Гомельскую. У 1990 годзе быў створаны біялагічны заказнік "Нізоўе Случы".

Лань

Даўжыня 147 км. Пачатак бярэ ў Нясвіжскім раёне ў межах Капыльскай грады. Даліна ракі ў большасці плоская, даўней у часы паводак мела шырокі разліў. У 1970-х гадах раку каналізавалі, выпрамілі, у зонах населеных пунктаў абвалавалі.

У даўнія часы па Лані ляжаў водны шлях Радзівілаў у Нясвіж.

На мяжы XV-XVI стагоддзяў крымскія татары рабілі частыя набегі на землі ВКЛ, рабавалі і бралі палон. 5 жніўня 1506 года князь Міхаіл Глінскі з 6 тысячамі войска паспалітага з Беларусі пад Клецкам на Лані перамог удвая большае татарскае войска і вызваліў 40 тысяч мясцовых жыхароў, якіх татары вялі ў няволю.

У час Вялікай Айчыннай вайны ў Грычыне паблізу Лані былі размешчаны партызанскія атрады. 30 кастрычніка 1942 года партызаны зрабілі дзёрзкі налёт на Сінкевічы і ўзарвалі чыгуначны мост праз раку Лань.

У 1985 годзе быў створаны дзяржаўны біялагічны заказнік "Вусце Лані", вядомы масавым пражываннем там чапляў.

Рака фігуруе ў літаратурных творах, найшырэй у аповесці А. Шашкова "Лань — рака лясная".

Цна

Даўжыня 126 км. Вярхоўе і вусце ракі забалочаныя. Цяпер рака Цна ціхая, з няхуткай плынню. А ў мінулым, відаць, была, бурнай, неўтаймавальнай. Гэта пацвярджаюць лукі-старыцы каля вёсак Цна і Дрэбск, а таксама той факт, што раней на рачным дне знаходзілі шмат старэчых дубоў, падмытых вадой (М. Калінковіч. "Лунінец". Мн., 1990. С. 4).

Рака Цна і мястэчка Кажан-Гарадок на працягу ўсёй гісторыі існавання — адно цэлае. А з Кажан-Гарадком звязана багата гістарычных падзей, адлюстраваных у шматлікіх дакументах. Рака несла на сваіх хвалях не толькі лодкі гандляроў і сялян-працаўнікоў, але ў яе воды глядзеліся і ворагі: мангола-татары і крымчакі, казакі і маскоўцы, палякі і немцы. Шведскія магілы і Гайдамашка — таксама таму нямыя сведкі.

Ні ў літаратурных творах, ні ў паданнях рака Цна не значыцца, хіба толькі апетая вядомымі самадзейнымі кампазітарамі Міколам Вайцяхоўскім і Андрэем Гурбановічам, ураджэнцамі гэтых месцаў.

Маці рэк палескіх

Рака Прыпяць пачынаецца каля горада Ковеля Валынскай вобласці Украіны. Даўжыня 761 км, у Лунінецкім раёне каля 70 км, з іх 2/3 часткі праходзіць па граніцы Лунінецкага і Столінскага раёнаў.

Большую частку года рака паўнаводная, бурная, моцна звілістая і на паваротах паступова мяняе сваё рэчышча, а таму мае шмат старыц. Даліна Прыпяці плоская, нізінная, бываюць частыя разлівы пойменных вод, а нярэдка і летні межань парушаецца дажджавымі паводкамі. У пойме толькі на тэрыторыі Лунінецкага раёна можна налічыць сотні завадзяў і азёр, розных па глыбіні і плошчы.

На працягу многіх кіламетраў Прыпяць абвалавана. Між абвалаваннямі ў пойме ракі на тэрыторыі нашага і суседніх раёнаў размешчаны гідраэкалагічны заказнік "Сярэдняя Прыпяць".

Рака суднаходная. Спрадвеку па ёй плылі гандляры і падарожнікі, дабіраліся і ваяры з мэтай разбою. У гістарычных крыніцах Прыпяць фігуруе як сведка шматлікіх ваенных перапраў войскаў часоў усіх войнаў ад існавання Тураўскага княства да 1940-х гадоў.

У песнях і паданнях рака не ўслаўлена, затое ў творах многіх сучасных паэтаў і празаікаў Прыпяць займае дастойнае месца. Кожны помніць словы Якуба Коласа: "Спакойна і павольна, як у зачараваным сне, нясе Прыпяць сухадоламу Дняпру сваю багатую даніну…" І яна нясе гэтую даніну тысячы гадоў, недзе з часоў далёкага ледавіка, убіраючы ў сябе воды некалькіх дзесяткаў рэк. Нездарма яе велічаюць "маці палескіх рэк".

Самыя старажытныя

Самымі старажытнымі рэчкамі на Лунінеччыне з'яўляліся Марочны.

Малая Марочна брала пачатак на ўсход ад в. Купаўцы, рэчышча яе ляжала між сучаснымі Дварцом і Бродніцай, Лахвай і Кажан-Гарадком.

Большая (Малая і Большая — назвы ўмоўныя. — С. Н.) Марочна мела выток недзе далёка на поўнач ад Краснай Волі. Рэчышча пралягала між сучаснымі вёскамі Перунова і Обруб, урывалася ў сяленне Лахва і працягвалася на ўсход ад яго. Пазней па гэтай пойме ад урочышча Маяковы Горы працякала рака Смерць — Смердзь.

І адна, і другая Марочны былі паўнаводнымі і суднаходнымі. Можа, не гандлёвымі шляхамі, але транспартнымі дык дакладна. У даўніх друкаваных крыніцах неаднаразова згадвалася, што на поўнач ад Лахвы знаходзіліся дрымучыя лясы Лахаўскай пушчы.Трэба меркаваць, што адтуль вывозіўся лес — баржамі. Сведкі таму — выкапаныя у час меліярацыйных работ 1960-х гадоў згніўшыя баржы.

Зараз вялікая Марочна ператворана ў канаву, якая носіць аднайменную назву з былой ракой. А пойма яе ператворана ў палі і сенажаці.

Пра меншую Марочну краязнавец Васіль Туміловіч з Кажан-Гарадка запісаў цікавую легенду. Урывак з яе: "…Сталосо так, шчо ўтопіласа ў той Морочной-рэцэ одзіная ў мацеры дочка. Горко заплакала нешчасная маці і прокляла тую рэку. Рэчышчэ Морочное пэрэсохло, заросло сітніком і плешнею, покрылосо куп'ем. Не сталі біць з-под земле крыніцы і засыціло рэку болотным мулом. Брыдкіе жабы населілі тэе болото, і шчэзла Морочна-рэка" (Васіль Туміловіч. "З фальклорных крыніц Кажан-Гарадка". 2003). Сапраўды, у пойме былой ракі цяпер лугі, а найбольш балотцы, і толькі адна крыніца непадалёк ад Лахвенскай нафтабазы не згінула, пульсуе.

Рака-загадка, рака-вампір

У параўнанні з суседкамі Ланню і Цной Смердзь значна карацейшая. У энцыклапедыі "Блакітная кніга Беларусі" ёй таксама адводзіцца нязначнае месца. Указана: даўжыня — 37 км, пачынаецца ад зліцця двух каналаў за 1,5 км на паўднёвы захад ад в. Міжлессе. Зазначым, што раку каналізавалі ў ходзе павальнай меліярацыі ў пачатку 1960-х гадоў. На самай жа справе некалі яна была значна даўжэйшай: выток пачынаўся на поўнач ад Вялікіх Чучавіч з крыніцы ва ўрочышчы Барсукі. Зараз на месцы вярхоўя - нізінка, зарослая чаротам.

Даліна сучаснай Смердзі невыразная, зліваецца з прылеглай мясцовасцю, а таму часта ў час веснавых паводак ці ў перыяд зацяжных дажджоў нізоўе затапляецца вадой. Не раз ад паводак цярпелі многія жыхары в. Лахва.

Рака некалькі разоў мела розныя назвы. Першапачаткова іменавалася Лахвай. Адкуль узнікла такая назва, невядома. Відаць, па старажытным племені. Хто былі тыя людзі, як даўно пасяліліся тут, таксама невядома. Трэба меркаваць, што недзе ў часы пасляледавіковага пацяплення. Вучоныя даказваюць, што засяленне Цэнтральнага Палесся адбылося за 5-7 тысяч гадоў да нашай эры.

Аб тым, што ў нашых мясцінах жылі людзі ў часы каменнага веку, сведчаць знойдзеныя першабытныя стаянкі чалавека. Да нашага часу зберагліся курганы ва ўрочышчах Рыбуня і Сава (на поўдзень ад Лахвы), Бабы (у бок Кажан-Гарадка) і ў самой Лахве; старажытныя селішчы выяўлены ва ўрочышчах Селца (Лахаўка) і Рыбуня (Лахва). Яўныя сведкі — і фрагменты старажытнага посуду, і каменныя прылады (рубілы, малаткі і інш.), знойдзеныя ва ўрочышчах Сава, Месіна, Паповыя Горы. Хто былі тыя пасяленцы, якога роду, племені?

Як ужо гаварылася, 2500 гадоў назад нашы мясціны наведаў грэчаскі гісторык Герадот, які сцвярджаў, што тут жывуць неўры і будзіны. Пра нейкую там "лахву" пакуль не ўпамінаецца. А вось на даўняй карце вялікага перасялення славян пад ціскам германцаў з цяперашняй нямецкай тэрыторыі, што змешчана ў кнізе чэшскага даследчыка Здэнэка Вані "Гісторыя старажытных славян", сярод плямён балтаў, што жылі да пасялення дрыгавічоў, ля контура Прыпяці значыцца і племя Lahija (Лахія). І, мабыць, будзе памылкова сцвярджаць, што назва "Лахва" паходзіць ад слова "ляхі", а рэчка — "Ляхава" (такая версія маецца ў некаторых даследчыкаў мінулага). Сэнс слова трэба шукаць у каранях старажытнай балцкай мовы.

Пазнейшая назва ракі — Смерць.

З практыкі вядома, што пры заслугах нейкіх дзеячаў або па палітычных матывах перайменоўваюць назвы вуліц, вёсак і гарадоў, але каб змяніць найменне гідроніма (ракі, возера), трэба асабліва аб'ектыўная прычына. А то з прадвечнай назвы "Лахва" раптам узнікла — "Смерць".

У кнізе "Воспоминаніе о древнем православіи в западной Руси" (Масква, 1867) гаворыцца: "Татары, покончив с Туровом, двинулись к Давид-Городку, засевши, стали делать набеги по ближним рекам… Река Смерть так называется потому, что татары предавали смерти всякого, кто на ней смел появляться…» І народнае паданне гаворыць падобнае: што "татары захапілі Давыд-Гарадок, тут стаў станам хан Гаюк. Збіраючы дань, татары часта наведваліся ў Лахву. Хто не мог здаць даніну, забівалі і кідалі ў раку. Тады рацэ была нададзена назва Смерць".

Але вышэй указаныя факты не верныя, а сведчанне таму — радзівілаўскія карты, дзе рака імянуецца Лахвай (фрагменты карт за 1613 і 1772 гады маюцца ў кнізе "Памяць. Лунінецкі раён", с. 30 і с. 44). А вось на карце, складзенай на пачатку XIX ст., аформленай расійскімі тапографамі, імянуецца рака Смерць ("Памяць", с. 55). Значыць, гэта назва з'явілася на мяжы XVIII-XIX стагоддзяў.

Вядома, можна ўявіць, што тыя людзі, якія давалі такое прыкрае імя гэтай рацэ, былі ў нейкім шакіруючым настроі, і, каб дамовіцца даць новую, ды яшчэ такую (!) назву, трэба было калектыўнае рашэнне. А разгадка таіцца ў паданні.

У даўнія часы рака Лахва штогод забірала ахвяру. Казалі, іншы раз рака плакала ці стагнала. Калі ў ціхія вечары над вадой нейкая нябачная сіла плача дзіцячым галаском, то пільнуюць людзі дзяцей ці не, а абавязкова ўтопіцца малалетка, ці зімой на лёдзе, ці летам купаючыся, а то і так штосьці пацягне дзіця ў ваду. Калі галосіць жаночы голас — будзе ахвяра жанчына, а калі нешта стогне — мужчына ўтопіцца. Бывала 2-3 ахвяры за год. Людзі забілі трывогу. Сабраліся святары і правялі анафему — праклялі раку і надалі ёй назву Смерць. І ахвяраванне спынілася, не лічачы выпадковых тапельцаў.

Аўтар шматлікіх навукова-кразнаўчых прац Яўген Сасуноў у артыкуле "Реки смерти. Вампиризм в Беларуси", змешчаным у газеце "Секретные исследования" (№ 16, 2001), прыйшоў да высновы, што ў некаторых водных месцах ёсць моцная энергетыка вампірызму, якая нішчыць людзей. Ён упамінае рэкі Смерць і Морач і іх міжрэчча (г. зн. Грычын — С. Н.). "Смысловое сходство, — дадае ён, — абсолютно очевидно, с учётом того, что корень -mor- в приложении к значению "смерть" является общераспространённым во всех индоевропейских языках: французском, испанском, английском… Следовательно, в этом регионе скорей всего произошло нечто настолько экстраординарное, что заставило людей, проживавших в окрестностях, использовать столь "трагичные" имена нарицательные в отношении географических названий".

У нейкай ступені з аўтарам можна пагадзіцца, калі ўлічыць, што ў міжрэччы рэк Смерць і Морач бралі выток Гнеўка, Гложва, Чадка, Люта, ды і сама Смердзь ляжала між дзвюма Марочнымі, у назвах якіх таксама корань -мор-.

Гэта цяпер у фільмах жахаў ды прыгодніцкай літаратуры ўвасабляюцца вампіры, што пракусваюць жыўцом прыгожыя шыйкі і наталяюцца адтуль гарачай крывёю. У даўніх жа народных аповядах нідзе не гаворыцца ні пра сітуацыйных, ні пра хранічных вампіраў, а вось аб тым, што ў некаторых водных аб'ектах вадзілася невядомая энергетычная сіла, што ўцягвала людзей ў ваду і тапіла, і зараз можна зрэдку пачуць.

Як доўга існавала назва ракі Смерць, невядома, але паступова трансфармавалася і стала называцца Смерддзю.

* * *

Яшчэ адна адметнасць ёсць у гэтай рэчкі: за апошнія 300 гадоў яна двойчы мяняла сваё рэчышча. У даўнія часы рака Лахва працякала каля самых агародаў сяльчан вуліцы Любачынскай, а побач цякла Марочна. Пазней Лахва (Смердзь) пайшла па рэчышчы Марочнай, робячы вялікі выгіб на Любань, Лахаўку і далей на паўднёвы захад.

У 1820-30-х гадах, калі м. Лахва належала князю Вітгенштэйну, маёнтак арэндавала памешчыца Хілпановіч. Дзелавая жанчына, яна арганізавала вырубку лесу ў пушчы, што размяшчалася на поўнач ад Лахвы. Сплаўляць лес па рачной дузе аж праз Лахаўку было нязручна, таму раку пусцілі па старым рэчышчы, а далей увялі ў Радзівілаўскі канал і прама да Прыпяці.

Пазней, калі была пабудавана чыгунка, неабходнасць сплаву лесу знікла. Па рацэ стала мала руху. Выкарыстаўшы важнае распалажэнне трох мастоў (на рэчышчах Марочнай, Смердзі і даўняй Лахвы) па дарозе ад царквы да цэнтра мястэчка, сям'я яўрэяў Мураўчыкаў пабудавала вадзяны млын са шлюзамі — рэгулятарамі вады. (Млын існаваў да канца 1950-х гадоў). Пазней два масты былі зруйнаваны, рэчышчы засыпаны; паміж завадзямі засталіся астравы,дзе месціцца некалькі дамоў.

Праязджаючаму ў 1969 годзе па гэтай дарозе вядомаму беларускаму пісьменніку Уладзіміру Караткевічу падалося, што вёска Лахва размешчана на астравах. І гэты факт ён красамоўна апісаў у нарысе "Зямля пад белымі крыламі". Не заўважыў пісьменнік, што толькі ў гэтым месцы, на стыку трох гістарычных рэчышчаў, рака Смердзь мае разгалінаванне, а ўвесь астатні свой шлях ад вытоку да вусця цячэ ў адзіным патоку.

Што ў імені тваім, рака?

Ад нашых продкаў нам засталася велізарная колькасць назваў розных геаграфічных аб'ектаў: населеных пунктаў, рэк і азёраў, палёў і лясоў, урочышчаў і інш. І не знойдзеш ніводнай народнай назвы, якая б узнікла неаб-грунтавана. Разглядаючы назвы рэчак, прыйшоў да высновы, што большасць з іх найменавана па характары воднага аб'екта або па нейкіх асаблівасцях прыроднага асяроддзя.

Многія даследчыкі, вывучаючы гідронімы на тэрыторыі Палесся, сцвярджаюць, што ў іх назвах крыюцца балцкія карані. Хочацца зазначыць, што на тэрыторыі Усходняй Лунінеччыны толькі 5-6 гідронімаў з неразгаданымі найменнямі, у якіх крыюцца карані мовы даўніх насельнікаў тутэйшых месц, а ў большасці сваёй усе яны маюць славянскую трактоўку.

Не разгадана тайна назвы ракі Прыпяць. Большасць тлумачэнняў лінгвістаў зводзіцца да версіі, што ў аснове назвы ляжыць старажытны корань -пет- (pet), які ў індаеўрапейскай гаворцы азначаў "цеч", "паток". Шмат рачных назваў з такімі каранямі маецца ў басейнах рэк Днепр і Ака (Расія). Але ў назве "Прыпяць" (палескае Прыпэць) ідзе чляненне на Пры і пяць, што заводзіць тлумачэнне ў тупік.

Загадкава і назва ракі Цна. У гэтым слове адчуваецца прысутнасць стараславянскага кораня -тъсън-, што азначае "вузкая", сцесненая высокімі берагамі, "цесная". Маецца і другая версія: "цна" паходзіць ад слова "цнота", што значыць "чысціня" або "нявіннасць".

Случ. У назве ракі выразна чуецца стараславянскае "случа" — "злучына", што азначае "выгіб", "изгиб". Варта пабыць на самой рацэ, праплысці хаця б ад Моршчынавіч да вусця, убачыш шмат тых самых выгібаў.

Лань — так афіцыйна ўсюды называюць гэту раку, а на Лунінеччыне спрадвек яе называюць Лана. Якая назва больш дакладная? Калі дапусціць, што дамінантай гідроніма з'яўляецца звер лань, то ў нашых мясцінах лані не водзяцца і наўрад ці вадзіліся. Больш праўдападобна, што назва ракі паходзіць ад слова "лана". У славянскіх мовах яно і зараз ва ўжытку: у адных — поле, ніва, у другіх — прастор, у трэціх — раўніна. Дык мо варта лічыць, што Лана — рака, якая цячэ па роўным месцы.

Рака Лахва-Смерць-Смердзь. Даследчыкі сцвярджаюць, што сучасная назва ракі паходзіць ад слоў "смярдзючая" або "рака смердаў". Але заўважым, што толькі вярхоўе яе напаўняецца балотнай грычынскай вадой, а большасць рэчышча праходзіць па роўнай ці нават узвышанай мясціне, ды і цячэнне не павольнае, так што вада смярдзець тут не можа. Спецыфічны пах бывае толькі ў застойнай вадзе.

Ды і ракой смердаў нельга было яе назваць, бо, па-першае, рэчышча праходзіла па месцы, дзе не было ніякіх пасяленняў смердаў (смерды — гэта залежныя ад феадала людзі); па-другое, у даўнія часы рака была транспартнай магістраллю, як цяпер чыгунка, і па Смердзі плавалі і гандляры-яўрэі, і рабочыя-плытагоны, і панства-шляхта, і, вядома, сяляне. Дык, верагодна, назва Смердзь трансфармавалася са слова "смерць".

Дарэчы, у гэтых двух словах маецца агульны вельмі старажытны корань -смр, смер, смор, смур-, які з'яўляўся асновай цэлага комплексу паняццяў, што бытуюць ва ўсіх усходнеславянскіх мовах і цяпер, і абазначаюць штосьці непрыемнае, а то і паскуднае. Іх асновы набылі вытворнасць, некаторыя сталі аддаленымі па паняццях, але сутнасць збераглася: хмуры — смурны, сумеркі — змрок — мрачны — мрак, смурод — смярдзець — смерд, смерч, і урэшце: смерць — слова, роднаснае лацінскаму і старажытнарускаму "мор", што азначае масавую гібель жывых істот або паступовае ўгасанне сіл ці жыцця: марыць — марнець — змарыцца. Можна было б даказваць, што ў даўнія часы пры прымітыўных жыллі і вопратцы і мароз быў бедствам, і вялізныя абшары вады — мора — былі бядой. Прыведзеныя вышэй словы з коранямі -смр- і -мор- нярэдка сустракаюцца ў назвах рэчак і балот на Палессі. Дарэчы, у мовах балтаў балота звалася "марока". Мо адтуль і назвы Марочна і Морач?

Учадзець — так у народзе называюць стан перагрэву чалавека ва ўмовах гарачыні або атручэнне ўгарным газам. Даследчыкі, што вывучаюць балоты, іх стан і хімічны склад торфу, прыйшлі да высновы, што ў выніку біяхімічных працэсаў торф выдзяляе гумінавыя кіслоты, ён жа ўтрымлівае максімальную колькасць вуглевадароду, і, знаходзячыся ў сезон гарачага надвор'я на балоце, чалавек можа апынуцца ў стане абмарочвання. Можа, таму ў балтаў балоты называліся марокамі? Таму, можа, і рэчку, па пойме якой цяпер цячэ Чэрабасаўка, народ назваў Чадкай.

Знаёмячыся з назвамі водных аб'ектаў, можна заўважыць, што некаторыя з іх маюць найменні згодна свайго характару. Такімі з'яўляліся рэчкі Люта і Гнеўка. Асноўнай воднай артэрыяй ва ўсходняй частцы Грычына была рака Люта (прыток Лані). Цяпер яна меліяраваная і спакойная, а, відаць, у даўнасці паказвала свой нораў, была бунтарнай. Нешта падобнае крыецца і ў назве былой рэчкі Гнеўка. Варта прыгледзецца да яе поймы, і ўбачыш даволі глыбокую ўпадзіну між узвышаных пясчаных берагоў ва ўрочышчах Гневанне і Ражон. Такое глыбокае рэчышча магло быць толькі ў бурнай, гнеўнай ракі.

Ад праславянскага кораня -гн-, ад якога ўтвораны словы гнеў, гнуць, гнаць, гнёт, гнус і т.п., і асабліва ад слоў гніць — гніль, узніклі назвы шмат якіх рэк, азёр, балот і на Беларусі, і на Палессі. У іншых мясцінах была і знікла ўжо рачулка Пагнойка (за Лахаўкай).

Пачуўшы назву Рэвуха, узнікае асацыяцыя з бурным, равучым патокам вады. Рэчышча Рэвухі, што рабіла віражы, мела віры, цяпер знікла ў часе і згладжана меліярацыяй, і толькі назва Бродкі ў Лахаўцы засталася напамінам аб колішняй рэчцы (месца брадоў у былым рэчышчы).

У праславянскіх мовах корань -трн- існаваў у словах са значэннем "калючы". Да нашага часу збярогся яшчэ ў балгарскай мове: трън — шып, ва украінскай: терень — цёрн, терня — калючкі. Ёсць у нашым лексіконе і выраз "трын-трава". Зніклая рэчка Трынска, што працякала каля Лахаўкі, таксама ў назве сваёй мела славянскі корань -трын-, але што ў ёй калючага прыкмеціў народ, даючы імя, невядома.

І яшчэ ў дзвюх назвах зніклых ужо рачулак захаваліся ярка выражаныя славянскія асновы: Качайка і Бабіна.

Качайка — гэта не адзіная назва на Палессі. У Ганцавіцкім раёне каля вёскі Хатынічы раней размяшчалася вялікае балота, якое насіла назву Качай-балота, або Качайка з аднайменнай рачулкай на ім. Назва таго балота трактуецца як "роўнае, гладкае", у народзе гаворыцца: "Хоць бокам каціся". Качайка, што цякла каля Барсукова, пралягала па роўнаму балоту, таму і назва такая.

А вось рэчка Бабіна празвана была, верагодна, за рэчышча, старое, заглохлае ў куп'і і травах. Калі лічыць, што гідронім Бабіна азначае "старая", то ад чаго тады ўтвораны назвы балота Баба каля Лахаўкі і дрэбскага хутара Бабы, які размешчаны на ўзвышаным месцы? Як бачым, матэрыял вымушае даследчыкаў мясцовай тапанімікі губляцца ў здагадках аб паходжанні гэтых тапонімаў.

Маюцца гідронімы, утвораныя на аснове рэльефных асаблівасцей або характару грунту рачных берагоў ці дна. Так, на тэрыторыі кажан-гарадоцкіх сенажацяў знаходзіцца ўрочышча Пясчанікі, цяпер даліна — былое рэчышча Пясчаніцы, знікшай ужо назаўсёды.

Знікла і невялічкая рачулка Бродніца, якая была, відаць, неглыбокай: і людзі, і жывёла пераходзілі ўброд — адтуль і назва.

Калі назвам тапонімаў даюць "уладальніцкія" імёны, напрыклад: Сімонава Гара, Хільковэ Болотцэ, Базылёва Ямка — то ў наданні іх рэчкам такой тэндэнціі няма. І ўсё ж ёсць адна рачулка — Юдаліха ў Кажан-Гарадку, названая ў знак таго, што ў ёй утапілася яўрэйская дзяўчына, дачка Юды. Пры гэты выпадак маецца легенда (В. Туміловіч. "З фальклорных крыніц Кажан-Гарадка". С. 30).

Невялікія рэчкі ці рачулкі найбольш яскрава раскрываюць рэльефны стан, раслінны і жывёльны свет мясцовасці, праз якую пралягаў калісьці водны шлях аб'екта. Так, у асяродку вербаў і вольхаў цяклі Вэрбка (Любань) і Ольса (Лахва). Гаворыць сама за сябе Журавінная, што працякала каля вёсак Барсукова, Перунова.

Гідронім Валхваольхва), здавалася б, тоіць у імені сваім нешта незвычайнае: валхвы — так у старажытнасці называліся людзі-прадказальнікі, вестуны ці нават чарадзеі. Калі ўдумацца, дык якой магла быць чарадзейкай балотна-лясная рэчка ці вада ў ёй чарадзейная, каб людзі далі ёй такое найменне? Назва, відаць, пайшла ад слова "вольхі". Рака цякла некалі сярод вольхаў, ды і зараз у яе басейне расце шмат альховых дрэў.

Калісьці ў басейне рэчкі Сітніца (цяпер Сітніцкі канал) і яе "сястры" Сіценкі, што бралі вытокі, як казалі старажылы, "з ланьскіх вод", да меліяравання былі моцна забалочаныя мясціны, дзе раслі сітнякі.

У аснову гідронімаў народ укладаў і назвы звяроў, птушак, вядома, не без прычыны, а яны мелі прамое дачыненне да гэтага аб'екта.

Дзве рэчкі, якія ў часы меліярацыі былі злучаны ў адно рэчышча, Валчанка (Воўчанка) і Выдранка (Вудранка), у даўнія гады працякалі па балотнай і лясной глухамані, дзе, сярод мноства звяр'я, вадзіліся і ваўкі, і выдры.

І адна-адзіная толькі па ўсёй Лунінеччыне рачулка, зніклая ўжо, імя якой паходзіла ад назвы птушкі — Каніца. З наймення вынікае, што рака старажытная, бо кнігавак называлі канямі у даўняй глыбіні вякоў. Помніцца, у сярэдзіне мінулага стагоддзя на берагах Каніцы (на ўсход ад Лахаўкі) было багата грудкоў, дзе вадзілася мноства балотных птушак, а найбольш — кнігавак (каняў).

Цякла раней, а цяпер згубілася ў меліярацыйнай канаве на дрэбскіх угоддзях каля хутара Бабы рэчачка з іранічнай назвай Свінарыйка. Магчыма, там знаходзіліся папасы, куды мясцовыя жыхары ганілі пасвіць свіней.

Мала хто ведае, што ў ракі Лань ёсць малодшая "сястра" — Глухая Лана (Лань). Калісьці гэта быў рукаў Лані, працякаў па лясной глушы (адтуль і назва), вусце злівалася з ракой Сітніца. На водным шляху Глухой Ланы знаходзілася невялікае возера Ваган, ператворанае зараз у рыбгасную сажалку, а былое рэчышча рукава — у канал.

Невядомы намінанты назваў трох маленькіх былых рэчак, што цяклі за Сітніцкім Дваром: Луцкова, Печыцка і Хартовіца. Адчуваецца, што асновы славянскія, а сэнсу назваў раскрыць не ўдалося. Рачулкі, уведзеныя ў водныя магістралі большых каналаў, зніклі і забыліся назаўжды.

Пасляслоўе

Задума напісаць гісторыю рэчак Усходняй Лунінеччыны ўзнікла ў мяне яшчэ ў юнацтве, у канцы 1950-х гадоў. То быў перыяд некранутых рэк і балот, перыяд, калі рэчкі і рачулкі і іх басейны затапляліся веснімі водамі, а потым, калі спадала вада, з'яўлялася вялікая колькасць траў, безліч рознага птаства і мноства ўсякай рыбы ў рэчышчах, вірах і завадзях. Шматлікасць старыц і азёраў абумоўлівала існаванне складанага комплексу прыбярэжнаводнай расліннасці. А на водных гладзях ціхіх рэчак красаваліся жоўтыя гарлачыкі і белыя лілеі, на ўзбярэжжах — асака, мёла, мурагі, а ў глухіх месцах — чараты, сітнякі ды рагоз. І ўся прастора: Грычын, Прыпяць і шматлікія рэчкі між імі — уносілі вялікі ўклад у агульнапалескі ландшафт, які іграў значную ролю ва ўсім прыродным кліматычным працэсе.

Зараз я зноў вярнуўся да тэмы "Гісторыя рэчак Усходняй Лунінеччыны". Прайшло паўвека. Божа! Што зрабілі людзі з прыродай! Знішчаны рачулкі, замест іх канавы з беднай расліннасцю або зусім з іржавай вадой. Рыба ў іх — рэдкасць, птушкі над імі — таксама. Скрозь — клеткі меліярацыйных сістэм і польдэраў, якія акультураны, але затраўленыя.

І хоць дзяржавай створаны ландшафтныя заказнікі, але яны толькі ў вузкай палосцы поймы Прыпяці і вялікай ролі ў зберажэнні прыроды Палесся не іграюць.

На верх старонкі